IV

На вузкім аперацыйным стале раскінуўся Шарык, і галава яго бездапаможна матлялася на белай цыратавай падушцы. Жывот у яго быў астрыжаны, доктар Барменталь цяжка дыхаў і машынкай уядаўся ў шэрсць, стрыг Шарыку голаў. Піліп Піліпавіч абапёрся на край стала і бліскучымі, як абадкі ягоных акуляраў, вачыма пазіраў на гэтую працэдуру і гаварыў усхвалявана:

— Іван Арнольдавіч, самы адказны момант — калі я ўвайду ў турэцкае сядло. Імгненна, малю вас, падайце адростак і адразу ж шыць. Калі там ў мяне пачне крывавіць, страцім час і сабаку страцім. Дарэчы, у яго ўсё роўна шансу няма. — Ён прамаўчаў, прыплюшчыў вочы, быццам зазірнуў у прыплюшчанае сабачае вока, і дадаў: — А ведаеце, шкада яго. Уявіце, я прывык да яго.

Рукі ён падымаў і ў гэты час быццам бласлаўляў на цяжкі подзвіг пакутнага Шарыка. Ён стараўся, каб ніводная пылінка не села на чорную гуму.

З-пад астрыжанай шэрсці заблішчала белаватая сабачая скура. Барменталь адкінуў машынку і ўзброіўся брытвай. Ён намыліў бездапаможную маленькую голаў і пачаў галіць. Моцна трашчала пад лязом, сям-там выступіла кроў. Пасля галення ўкушаны мокрым бензінавым камячком абцёр голаў, потым расцягнуў аголены сабачы жывот, аддыхаўся і прамовіў: «Гатова».

Зіна адчыніла над ракавінай кран, і Барменталь кінуўся мыць рукі. Зіна са шклянкі наліла на іх спірту.

— Можна мне пайсці, Піліп Піліпавіч? — спыталася яна і скоса паглядзела на паголеную сабачую голаў.

— Можна.

Зіна знікла. Барменталь пачаў мітусіцца далей. Тоненькімі марлевымі сурвэтачкамі ён абклаў Шарыкаву галаву, і тады на падушцы апынуліся нябачны нікім сабачы чэрап і дзіўная барадатая морда.

Тут паварушыўся жрэц. Ён выпрастаўся і паглядзеў на сабачую галаву і сказаў:

— Ну, гасподзь, блаславі. Нож.

Барменталь з бліскучай груды на століку дастаў маленькі выгнуты ножык і падаў яго жрацу. Потым і ён надзеў гэтакія ж чорныя пальчаткі, як і жрэц.

— Спіць? — спытаў Піліп Піліпавіч.

— Спіць.

Зубы ў Піліпа Піліпавіча сцяліся, вочы засвяціліся кароценькім вострым бляскам. Ён узмахнуў ножыкам і доўга і трапна працягнуў па Шарыкавым жываце. Скура адразу ж распаўзлася, з яе пырснула кроў у розныя бакі. Барменталь накінуўся драпежна, пачаў камякамі марлі заціскаць рану, потым маленькімі, падобнымі на цукровыя, шчыпчыкамі пазаціскаў краі, і рана высахла. На лбе ў Барменталя выступілі кропелькі поту. Піліп Піліпавіч паласнуў другі раз, і пачалі разрываць Шарыкава цела кручкамі, нажніцамі, нейкімі скобкамі. Выскачылі ружовыя і жоўтыя ў крывавай расе тканкі. Піліп Піліпавіч круціў нажом у целе, потым крыкнуў: «Нажніцы!»

Інструмент мільгнуў у руках пакусанага, як у фокусніка. Піліп Піліпавіч улез углыбіню і за некалькі паваротаў вырваў з Шарыкавага цела семянныя залозы з нейкімі абрыўкамі. Барменталь, зусім узмакрэлы ад старання і хвалявання, кінуўся да шклянога слоіка, дастаў адтуль іншыя, мокрыя, абвялыя семянныя залозы. У руках у прафесара і асістэнта заскакалі, пачалі віцца кароценькія вільготныя струны. Дробна запстрыкалі кароткія іголкі ў зажымах, семянныя залозы ўшылі на месца Шарыкавых. Жрэц адхіснуўся ад раны, ткнуў у яе камяк марлі і загадаў:

— Зашывайце, доктар, хутчэй скуру, — потым азірнуўся на круглы белы насценны гадзіннік.

— 14 хвілін рабілі, — скрозь зубы працадзіў Барменталь і крывой іголкай упіўся ў скуру. Потым абодва захваляваліся, быццам забойцы, якія спяшаюць.

— Нож! — крыкнуў Піліп Піліпавіч.

Нож быццам сам сабой ускочыў яму ў рукі, пасля гэтага твар у Піліпа Піліпавіча зрабіўся страшны. Ён выскаліў фарфоравыя і залатыя каронкі, адным прыёмам навёў на лбе ў Шарыка чырвоны вянок. Скуру з паголенымі валасамі адкінулі, быццам скальп. Агалілі чэрап. Піліп Піліпавіч крыкнуў:

— Трапан!

Барменталь падаў яму бліскучую корбу. Пакусваючы губы, Піліп Піліпавіч свідраваў у Шарыкавым чэрапе маленькія дзірачкі праз сантыметр адна ад другой, гэтак, што яны ішлі ўкруга па ўсім чэрапе. На кожную трацілася не болей пяці секунд. Потым пілкай дзіўнага фасону, пасля таго як усунуў яе хвост у першую дзірачку, пачаў пілаваць, як выпілоўваюць жаночую скрыначку для рукадзелля. Чэрап ціха павіскваў і вібрыраваў. Хвілін праз тры накрыўку з Шарыкавага чэрапа знялі.

Тады стаў відаць верх Шарыкавых мазгоў — шэры з сіняватымі жылачкамі і чырвонымі плямамі. Піліп Піліпавіч уеўся ў іх нажніцамі і ўскрыў. Адзін раз ударыў тоненькі фантанчык крыві і ледзь не трапіў прафесару ў вока і апырскаў ягоны каўпак. Барменталь з тарзінным пінцэтам кінуўся, як тыгр, заціскаць яго і заціснуў. Пот з Барменталя цёк раўчукамі, твар зрабіўся мясісты і рознакаляровы. Вочы бегалі ад прафесаравых рук да талеркі на інструментальным стале. Піліп Піліпавіч зрабіўся зусім страшны. Ён шыпеў праз зубы, нос, зубы аскаліліся да дзясен. Ён садраў абалонку з мазгоў і палез некуды далей, вымаў з адкрытай чашы мазгавыя паўшар'і. У гэты час Барменталь пабялеў, абхапіў адной рукой Шарыкавы грудзі і хрыпла прамовіў:

— Рэзка падае пульс…

Піліп Піліпавіч люта азірнуўся на яго, нешта прамармытаў і ўрэзаўся яшчэ глыбей. Барменталь хруснуў шкляной ампулкай, набраў з яе ў шпрыц і кальнуў Шарыка недзе пад сэрцам.

— Іду да турэцкага сядла, — захрыпеў Піліп Піліпавіч і акрываўленымі слізкімі пальчаткамі дастаў шэра-жоўтыя Шарыкавы мазгі з галавы. На імгненне ён скоса зірнуў на Шарыкаву морду, і Барменталь адразу ж зламаў другую ампулу з жоўтай вадкасцю і набраў яе ў шпрыц.

— У сэрца? — нясмела спытаўся ён.

— Чаго вы яшчэ пытаеце? — злосна крыкнуў прафесар. — Усё роўна ён ужо пяць разоў у вас памёр. Каліце! Хіба можна думаць? — Твар у яго стаў як у натхнёнага рабаўніка.

Доктар з размаху лёгка ўсадзіў іголку ў сабачае сэрца.

— Жыве, але ледзь-ледзь, — нясмела прашаптаў ён.

— Няма калі гаварыць. Жыве — не жыве! — зашыпеў страшны Піліп Піліпавіч. — Я ў сядле. Усё роўна памрэ… ах ты, чо… «К берегам священным Нила…» Прыдатак давайце.

Барменталь падаў яму шклянку, у якой матляўся ў вадкасці на нітцы белы камячок. Адной рукой — «Роўных яму няма ў Эўропе, дальбог!» — трывожна падумаў Барменталь, — ён выхапіў камячок, а другі гэтакі ж самы нажніцамі выстрыг углыбіні недзе між распятымі паўшар'ямі. Шарыкаў камячок ён выкінуў на талерку, а новы заклаў у мазгі разам з ніткай і сваімі кароткімі пальцамі, якія цудадзейна ператварыліся ў тонкія і гнуткія, умудрыўся бурштынавай ніткай яго там абматаць. Пасля гэтага ён выкінуў з галавы нейкія распоркі, пінцэт, мазгі паклаў назад у касцяную чашу, адкінуўся і ўжо спакойна спытаўся:

— Памёр, вядома?

— Нітачны пульс, — адказаў Барменталь.

— Яшчэ адрэналіну.

Прафесар абалонкамі закрыў мазгі, адпілаваную накрыўку прыклаў, быццам па мерцы, надзеў скальп і раўнуў:

— Шыйце!

Барменталь за пяць хвілін зашыў голаў, пры гэтым зламаў тры іголкі.

І вось на падушцы паказалася на крывавым фоне нежыццёвая патухлая Шарыкава морда з кальцавой ранай на галаве. Тут Піліп Піліпавіч адступіўся зусім, быццам вампір, які насыціўся. Сарваў адну пальчатку, з якое вылецела цэлае воблака пудры, другую разарваў, кінуў на падлогу і націснуў на кнопку на сцяне, пазваніў. Зіна з'явілася на парозе, адвярнулася, каб не бачыць акрываўленага Шарыка. Жрэц зняў мелавымі рукамі акрываўлены куколь і крыкнуў:

— Папяроску мне зараз жа, Зіна. Свежую бялізну і ванну.

Ён падбародкам лёг на край стала, двума пальцамі развёў павекі ў сабакі, зазірнуў у вока, якое памірала, і сказаў:

— Вось, чорт пабяры, не здох. Але ўсё роўна здохне. Эх, доктар Барменталь, шкада сабаку, ласкавы быў, хоць і хітры.

Загрузка...