Усяго па крысе, знойдзеце вы гэтта, —
Пры сасе пры касе собрана за лета.
Шчырым сэрцэм, душой складана ня-хітра,
Знамо свой, не зь якой там «зьвёздкай», ці мітрай.
Што-нібудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня;
Трудна ў рыхт — часу брак, мазаліста жменя.
Мо’ і радасьць тут — госьць, больш нуды праклятай;
Ось бярыце, што ёсьць, чым хата багата.
Што у думках я меў, кепска даць ня браўся,
Хоць, як скованы леў, туды-сюды рваўся…
Людзі мруць, а ўсё ждуць багатшай уроды,
Мо’ і к нам прыбягуць шчасьнейшыя годы.
О тады сноп у сноп жніво нашэ будзе…
Сотня коп, мільён коп… Дзівуйцеся людзі!
А цяпер, што цяпер? — бывайце здаровы!
Чэсьці дайце прымер для радзімых словаў.
Песьня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучага вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежныя буры тулілі зімой.
Песьня мая не ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, —
Знацца ёй досьць зь беларускаю красай —
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзіць забранага краю,
Служыць і верыць у лепшы усход…
Бо, калі гасьне паходня старая, —
Новую заўтра распаліць народ.
Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лакейскай ня знае яна:
Воля жывая ёй вечнай зарукай,
Волі нязьмеранай — служба адна.
Песьня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, —
Вецер свабодны з далёкага сьвету
Стрэне, праводзіць адпевам сваім.
Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.
Песьня мая не зачэпе сягоньня
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…
Час, як крыніца, ідзе, не марудзе…
Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць,
Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі
Будуць пачатую думку снаваць.
Песьня мая не шукае чырвонцаў —
Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, —
Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле…
Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Ці то позна, ці то рана
Чую нейкую напасьць;
Дзе ні стану, дзе ні гляну —
Думка ўсюды голас дасьць.
Неба, сонца, месяц, зоры,
Людзі, пушча, ўся зямля,
Ўсё да сэрца штось гавора,
Ўсюды бачу моц жыцьця;
I пагодай, непагодай
Не магу драмаць, чакаць:
Так і хочацца заўсёды
Песьню вечную снаваць;
Добрай доляй, дзіўнай казкай
Сон палошыць з хат нямых,
Пацяшаці сонца ласкай
I старых, і маладых;
Зваці, клікаць на пакосы,
На нязьмераны прастор,
Хай зазвоняць сьмела косы,
Грукне ў лесе хай тапор;
Хай цярэбяць, косяць, звоняць,
Клік пускаюць на ўвесь сьвет,
Аж няўлады ўсе разгоняць,
Ляжа чысты роўны сьлед.
Гэтак, покі сэрца чуе,
Што ня час у шапку спаць,
Грайце, песьні, хай красуе
Наш загон і сенажаць!
Шлю вам песьняй, братнім словам
Здароўканьне, людзі:
Не гасіце веры, што вам
Жыцца лепей будзе.
Вы ня зломкі, вы ня зноскі,
Вы народ магучы:
Ваша панства — вашы вёскі,
Пан ваш — труд жывучы;
Ваша слава не ў палацы,
Не ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
Карыснай, няхітрай.
Вашы скарбы не ў ядвабнай
Магнацкай саеце,
А Ў сярмязе непавабнай,
Старшай на ўсім сьвеце.
Вашы рукі хоць а біты —
Пясок на іх значан,
Але хлеб, імі здабыты,
Для ўсіх бел і смачан.
Слава вашай гэткай сілы
Вочы ўрагам коле,
Сьведкай — сьвежыя магілы,
Што сыпе няволя.
Сьведкай — прадзедаў шкілеты,
Курганы з кустамі,
Сьведкай — песьні воклік гэты,
Сьведкай — вы зь сьлязамі.
Дык хай жа вас не асіле
Зьверства непагоды,
Распусьціце сваё крыльле,
Як і ўсе народы.
Рухне крыўда, праўда ўстане,
Ворагаў адстраша,
Будзе долі панаваньне
На зямлі на нашай.
Паляці, мая мысьль,
Лётам сокала
I прагледзь гэты сьвет
Кругом-вокала.
Лётам сьветлай зары
Па-над стрэхамі —
Сып надзеяй жывой
I пацехамі.
Пей аб волі людзям
Думкі цудныя,
Уміляй іх жыцьця
Сьцежкі трудныя.
Залатыя сны ім
Няхай рояцца;
Няхай жаль на душы
Супакоіцца.
Гоняць хай ад сябе
Цьмы нядольныя,
І рука у руку
Пойдуць вольныя.
Так, ляці, эй, ляці,
Мысьль свабодная!
А ты міла спаткай,
Зямля родная.
Покі старасьць неўдалая
Костак з ног ня вале,
Рвіся, думка маладая,
Туды, вышай, далей!
К таей праўдзе ненапраснай,
К шчасьцю і свабодзе;
Рвіся, покі будзе ясна,
Покі будзе годзе!
Гарапашна, непрасьветна
I ў душы, і ў хаце,
Стане горай непрыветна,
Калі будзем спаці.
Дык жывуча, скокам-бокам,
Покі сэрца точыш,
Рвіся, думка, ненарокам, —
Знойдзеш, чаго хочаш!
Рвіся! рвіся! дый старайся
Нуду адалеці,
Заглушыцца не давайся
Ні за што на сьвеце.
За свабоду сваю
Ўсёй душой пастаю;
У агонь, у ваду
Я за ёю пайду.
Лепей сам сябе дам
Пахаваці людзям,
Як свабоду хаваць,
Злыбядзе аддаваць.
Ў сэрцы, ў думках сваіх
З самых лет маладых
Я яе ўзгадаваў
І сваёю назваў…
Гэй, ты, гэй, вецер, пей
А свабодзе маей!
Гэй, ты, гэй, бор, шумі,
А свабодзе грымі!
Гэй, ты, сонца, гары
Ад зары да зары,
Ланцугі распалі.
Па ўсёй чыста зямлі!..
З шумам бораў, ясакораў,
Ой, гаю, ой, гаю,
На жалейцы-дабрадзейцы
Думку дум зайграю.
Ой, зайграю, запытаю,
За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
Сэрца маладое?
Ці у маці я дзіцяцей
Ня быў, не хаваўся?
Ці замала уздыхала,
Як зь ёю прашчаўся?
Ці ніколі ня меў долі
У чужой хаціне,
Ці я ў полі ня меў волі
Пры чужой скаціне?
Ці мо’ сілы, Божа мілы,
Калі не хапала,
Як з сахою ці з касою
Ваюю, бывала?..
Ці ж то гэта, там, празь леты,
Як умру з надзеяй,
Мае косьці ў дзікай злосьці
Вецер не разьвее?
Не разьвее, не расьсее,
Каб і сьлед ня ўзьняўся,
То гаротны і маркотны
Па сьвеце бадзяўся?
Эх, жалейка-дабрадзейка,
За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
Сэрца маладое?
Я ня пушчаю сьпяваю
Песьні-казкі аб Дунаю,
Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, —
А пад грушаю пахілай,
Што над бацькаўскай магілай,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня звон, што час нам ліча
I на веча праўду кліча,
Хоць-та сэрца звонам б’ецца, —
А па шчасьці пахаваным,
Над ракою, пад туманам
Граю толькі на жалейцы.
Я ня вецер вольны, спраўны,
Што пяе свабодай слаўнай,
Хоць-та сэрца к славе рвецца, —
А ў цянётах павучыных,
На расстайных пуцявінах
Граю толькі на жалейцы.
Не на гусьлях звонкіх баю
Аб забраным недзе краю,
Хоць-та сэрца к гусльям рвецца, —
А на спасьвеным узгорку,
Углядаючыся ў зорку,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня гром, што сьветы крыша
I людзям законы піша,
Хоць-та сэрца громам б’ецца, —
А паціху, чуць чуваці,
У чужой забыты хаце,
Граю толькі на жалейцы.
Граю, граю і чакаю
Ўсходу сонца з-за Дунаю,
Калі мора ўскалыхнецца,
Калі песьню, гімн вясёлы
Нашым нівам, нашым сёлам
Я зайграю на жалейцы.
Каб я князем быў ўладарным
Гэтых ніў і хат, —
Быў бы князем гаспадарным,
Вёў бы добры лад;
На пасадным мейсцы б селі
Права і закон,
Праўду вечную ўсе б мелі —
Вечавы свой звон.
Не цягнуў бы я з падданых
Крыўдай соль і хлеб, —
Кожны сам сабе ад рана
Малаціў бы цэп.
Каб я сонцам залацістым
Плаваў над зямлёй,
Быў бы сонейкам вячыстым
Летам і зімой.
Не лажыўся б на разлогі
Непраглядны цень,
Асьвятляў бы ўсе дарогі
Ўночы і удзень.
Гадаваў бы ў вечным цьвеце
Поле і лугі,
Распаліў бы ўсе на сьвеце
Путы-ланцугі.
Каб я рэчкай быў міжгорнай
На зямлі маёй,
Быў бы рэчкай жыватворнай
Для старонкі ўсёй.
Ажыўляючай крыніцай
Быў бы наяву,
Чыстай, шклістаю вадзіцай
Змыў бы сон-траву.
На засушаныя кветкі
Клаўся бы расой
I каціўся б праз палеткі
Сьветлай паласой.
Каб я птушкай быў крылатай,
Пець і лётаць мог,
Быў бы птушкай незаклятай,
Па расе ня сох.
Груганом бы я ня крумкаў,
Не наводзіў сьлёз,
А на крыльлях нашу думку
Да Бога б панёс.
Крыўду-ведзьму нашых межаў
Беднату і цьму, —
Ўсё б папраўдзе, як належа,
Вылічыў яму…
Вольным гоманам хвоек высокіх,
Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе як адзін!
Распусьці залацістыя косы,
Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
Ўсходы новыя сей на зямлі.
Зь непатульнай, пакорнай зямліцай
Заручыся, шлюб вечны вазьмі,
Разьлівайся люстранай крыніцай
Між даламі, гарамі, людзьмі…
Рассыпайся па сёлах, па нівах
Брыльяньцістай ажыўчай расой;
У вясёлках купайся цьвятлівых,
Ласкай сэрца, душу супакой…
Як у сьвята купальскае, сонца,
Свой жывы абнаўляеш паглёд,
Аднаві славу нашай старонцы,
Аднаві яе сумны народ!
Хай нам явары вечныя думы,
Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць,
І нясуцца хай гэтыя шумы,
Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!..
Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх
Да крывіцкіх туманных нізін…
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе як адзін!
З-за далёку, із усходу
Віхар мчыцца ў непагоду,
Байкі сее маладые;
Думка чуе, думка ные…
…Ціха — Бачце: штось віднее,
Льецца нейкая надзея,
Штосьці едзе з новым сватам,
З новым шлюбам с хаты ў хату…
Скінь лахманец непазорны.
Пыл згані з ваконцаў чорны,
Пыл змяці хутчэй з ваконца,—
Шэпні-клікні: сонцэ! сонцэ!..
Бытцам с песьняй, бытцам з ласкай,
С чараўніцкай нейкай казкай
З-за далёку, із усходу
Віхар мчыцца ў непагоду…
Ціха… Бачце: штось варушыцца,
Штось паўстаці хоча;
Перажытасьць гнецца, крушыцца,
Новы сьвет шапоча.
Сонца зь цемрамі змагаецца;
Мох зьлятае з хат і пунь;
Даль за даляй ажыўляецца;
Ўсходзе ядраная рунь.
Дрыгацяць напасьці-пошасьці,
Аціхаюць совы,
Разьнімаюцца з паношасьцей
Крыльлі гругановы.
На курганішчы спускаюцца
Туманы жывой расой
I па пустках расплываюцца
Бесканечнай паласой.
Доляй-мачыхай прыдаўленых
Зоры аклікаюць,
Ля магілішч акрываўленых
Валахі чакаюць.
Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны ўзьняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
І ў час буры, нягод і вялікіх надзей,
Зацьвіла, расьцьвіла даўгажданая
І крыніцай жывой над айчызнай сваей
Паплыла, пацякла неспыняная.
Паплыла, пацякла зь сьветлай казкай жыцьця
Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак — карона твая,
Ўся сама — ясната лебядзіная.
Зіхаціш і гусьлярскаю песьняй зьвініш,
Узьнімаеш мінуўшчыну даўнюю;
Час сягоньняшні уперад ісьці не пыніш
І глядзіш сьмела ў будучнасьць тайную.
Сьмела ў сонца ідзеш, як жывы агняцьвет,
Сееш ласкавы сны залацістыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўленьня павевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца.
Ўжо ня так тапары у зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо ня так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпанаю.
Значан гарт у руках, чутна песьня бязь сьлёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішацца.
Расьцьвітай жа, узьнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі прасьцяг
Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.
Высылай, рассылай на край сьвет пасланцоў,
Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Косьці вецер тачыў непакрытыя.
Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь, маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..
Ўстань ты, старонка, родная маці!
Годзе зімовага рабскага сну,
Годзе табе ўжо сьлёзна ўздыхаці, —
Выйдзі на поле, на сенажаці,
Выйдзі спаткаці вясну!
Скінь лахманы, што доўгія векі
Ты валачыла з кастры, з палыну;
Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла зьдзекі, —
Выйдзі спаткаці вясну!
Вырылі сьцюжы віхрамі, сьнегам
Яму глыбоку табе не адну;
Сьнежныя наспы мела начлегам…
Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам…
Выйдзі спаткаці вясну!
З поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану зь лісткоў галіну;
З захаду зьверы йшлі чарадою
Рваць твае грудзі… Выйшла жывою, —
Выйдзі ж спаткаці вясну!
Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі,
Мучылі, гналі бяз часу ў труну,
Казак вучылі, што ты ў магіле,
Толькі ж бліск сонца здраду асіліў —
Выйдзі спаткаці вясну!
Ясна, сьвяточна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну
З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
Песьняй расьпейся, славай акрыйся,
Выйдзі спаткаці вясну!
Сплецену зь церняў маеш карону,
Хорам твой — неба і нівы краса,
Царства ў чатыры дрэмле староны,
Слугі — мазольных рук міліёны…
Выйдзі… Чакае вясна!..
Ты, зялёная дубрава,
Сон скідай, расьцьвітай,
I шумеці добрай славай
Не кідай на ўвесь край.
Гамані, расходзься шумам
Ад мяжы да мяжы,
Ўлі надзею вольным думам,
Аб усім раскажы.
Казку быўшых песьнясьпеваў
Распалі, разагрэй;
Разьмяці управа, ўлева
Сухацьвет, сухавей.
Маладыя загаворы
Ў ход пусьці, сатвары;
Яснаглядам долы, горы
Асьвянці, прыбяры.
Кінь разгонна весьці сьвету
Аб сабе, аб сяўбе
I да неба вестку гэту
Данясі у кляцьбе.
Абніміся зь нівай роднай
I душой, і грудзьмі;
Край прыбіты, непагодны
Ўскалыхні, падымі…
На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Толькі птушка-арол дзе садзіцца,
Там збудую, ўзьвяду, нізі ўсёй на віду,
Мураваную вежу-званіцу
I завешу я звон, з усіх чутны старон —
Раўня голас і віхру, і грому.
Як пушчу яго ў ход, склічу ў міг карагод,
Ні адзін не заседзіцца дома!
Разгудзіцца мой звон ад акон да акон,
Душы збудзіць, па сэрцах удара,
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
Заварушацца яры, папары.
На ной кліч вечавы хто жывы, чуць жывы,
Пад гарою касой загамоне.
Гулам звона скажу, сьцежку-шлях пакажу
На прывольле, на ўродныя гоні!
За гарой за другой дам жывы вадапой,
Жыватворнае кожнаму зельле;
На нязьлічаны час па нягодах папас
Усім тым, што цярпяць і цярпелі.
Гэткі будзе мой клік — і магуч, і вялік,
А ня трапіць ён к душам прыспаным, —
Вызву гром, перуны — хай памогуць яны
Развагніць, затрасьці ўсе паляны.
Стогне бура грымот. Я свой звон ход у ход
Размахну, як ніхто і ніколі;
Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур,
Толькі розгалас пойдзе па полі.
Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам,
Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.
А навокал гары задымяць сьцежары,
Груганамі ўскалышуцца вербы…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
I вясна, і зіма. Быў званар — і няма.
Ціха, ціха на белым прасторы.
Толькі жыў нежывы звону гул вечавы,
Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры.
Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,
Помніць звон, а сястрыца — званіцу.
Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Казкі-байкі ліюцца крыніцай.
Як у прошчу па лек стане йсьці чалавек
К мохам высланай крушні каменьня, —
Ад звана чарапок, цэглы — муру кусок —
Будуць несьці падмогу ў цярпеньні.
Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном
Сьпіць мая галава маладая.
Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет
Адно толькі на зломе ўзрастае!
Не ўздыхай, не бядуй, брат замучаны мой!
I жыцьця не кляні, не кляні!
Думу-песьню запей, стань адважнай ступой,
Яшчэ раз не засьні, не засьні!
Хоць за хмараю хмара плыве чарадой,
Сільней хмар — гэта сонца вагні.
I ты, брат, не бядуй, рвіся к сонцу душой,
Яшчэ раз не засьні, не засьні!
Болей крыжам адным — гэта цень прад зарой,
А там лепшыя новыя дні!
Дык ня плач жа, брат мой, запей песьню са мной!
Яшчэ раз не засьні!
Не пужайся, што здрадные хмары
Неба ўслалі с канца да канца,
Што свае цемната ўнесла чары,
Закружыўся груган над папарам:
Ешчэ прыдзе весна!
Не пужайся, што лісць пажаўцелы
Лес скідае с канца да канца,
Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы,
Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:
Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што бедная ніва
Апусьцела с канца да канца,
Што мужыцкай рукой нешчасьлівай
Неужоннае скончэна жніва:
Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што вольные сілы
Ў путах дрэмлюць с канца да канца,
Што насільства ўсю праўду здушыла,
Што сьмерць густа капае магілы:
Ешчэ прыдзе весна,
Ешчэ прыдзе!..
Гэй, наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй, да сонца! гэй, да зор!
Хай бацькі стагналі ўчора,
Йшлі на той сьвет без пары;
Сёньня ў нашай моцы гора,
Мы — жыцьця гаспадары!
Думка ў думку, дружна, сьмела
Усе наперад грамадой!
Кожны ведай сваё дзела,
Знай, за праўду крэпка стой!
К новай долі шлях нам ляжа,
Як на небе Млечны Шлях,
Слова, дум ніхто ня зьвяжа,
Жыць, цярпець ня будзе страх!
І ня стане больш пакуса
Першых-лепшых збоку браць,
Славяніна-беларуса
Вечна ў лапці абуваць.
Дык наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы!
Гэй, да сонца! гэй, да зор!
За праўду, за шчасце, за лепшую долю
Вазьміся, мой дружа, пастой!
У крыўду ня дайся, свайго дабівайся.
Адвага хай будзе з табой!
Хай горкія сьлёзы, што ў сьпёкі, ў марозы
Ліюцца на беднай зямлі,
Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці
І ў сэрцы распаляць агні.
Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць,
Хоць страшна замучаны ты,
За добрую справу, за шчасьце і славу
Душу вырывай зь цемнаты.
Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі —
Мы злучаны думкай аднэй;
Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,
Палічаць і нас за людзей.
Дык жыва ж к пачатку — ня час спаць у шапку,
Валяцца, як чэрві ў траве;
Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе
Збудзіўся і к праўдзе заве!..
Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая;
Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора,
Ў вялікае мора людскога жыцьця.
I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне
Як лісьцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць, аж выклікне песьню…
Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.
Запеўшы пахвалай нязьведанай далі,
К вядомай павернецца долі людской;
Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі,
Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой!
На небе свабода, сьвятло і прывольле, —
А думцы замала: няма там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей…
I так безупынку, то к небу — дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая;
То скоціцца ў мора, ў вялікае мора
Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.
Мой дом — прывольле зьвёзднай далі,
Арламі мераны абшар,
Дзе бітвы точаць ветраў хвалі
Зь сям’ёй глухіх калматых хмар.
Мой дом — амшалай пушчы сховы,
Сяліба ясеняў, сасон,
Дзе сьмех русалчын, лесуновы
Палошыць вечна-цяглы сон.
Мой дом — пясчаныя разлогі,
Пакута сьцюжы і сьпякот,
Дзе ў скібах лад вядуць нарогі,
Аздобай цьвет — чырвоны пот.
Мой дом — узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
Дзе плача ночка ды туман.
Як я полем іду, гнецца колас ка мне,
Зь ім маркотнай душой ціха шэпты вяду;
Колас чуе усё ў зачарованым сьне, —
Колас гнецца ка мне, як я полем іду.
Як я лугам іду, траўка сьцелецца ў ног,
Абсыпае зь сябе жыўчых росак ваду;
Кветкі жаляцца мне — поўны дзіўных зьнямог, —
Траўка сьцелецца ў ног, як я лугам іду.
Як я лесам іду, зважна думкі сную,
Аглядаю сьвятую дубоў грамаду;
Там, як дома, сабе з пушчай песьні пяю,
Зважна думкі сную, як я лесам іду.
Як я ў хатку ўвайду, мяне штосьці гняце;
Бледны сум падыходзіць — прыносіць нуду;
Ў заплясьнелым кутку цень касьцісты цьвіце, —
Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду.
Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, —
На чужое неба ўжо гляджу сягоньня,
Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каваных дзьвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!
Я ад вас далёка… скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуў у чужыя грудзі
І паняў хто шчыра той агонь і мора,
Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?
Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня;
Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі.
Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я —
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман.
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны, —
Што мне замянілі б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вёскі?..
Я ад вас далека… Дзеліць нас паўсьвета, —
А жыву ж я з вамі і зіму, і лета;
Чую з вамі ўвосень непагоды песьню,
Цешуся з праталін вольнага прадвесьня,
І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, —
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
З выраю як толькі сустракаю гусі,
Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі.
Я ад вас далёка… Жыву між чужымі,
Чую ж вашы песьні, — водклік шлю сваімі;
Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны
І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны,
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
Я ад вас далёка… Божа ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы, —
Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку:
Як там жывіцё вы, як жыве старонка?
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца, —
Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца
І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Сплылі ў душу з высі высокай
I зацьвілі ў ёй яснавока,
Як сьветласьць бледная аблокаў
На дальнім летнім небасхіле.
Цьвілі, гулялі пераліўна
Сьвітаньнем новым долі дзіўнай;
У казку волі неспажыўнай
Цяклі нявыплаканай сілай.
Вялі па сьцежках нехаджалых,
Арлом узносілі на скалах,
Карону клалі ў міртных хвалах
На ўсёй будзённасьці завілай.
Так асянялі, панавалі,
Як сонца бліск на вод крышталі,
Аж пацягнулі вышай, далей,
Туды, адкуль сышлі так міла.
Вітаю іх і не вітаю,
Стаю, як пільгрым на расстаю
Ў чужым далёкім недзе краю,
Як над пустой стаю магілай.
Як летняе сонца свае згасіць косы
I кветкі нябесны зайграюць нясьмела, —
Ноч сее тады серабрыстыя росы,
Над логам зьвісае туманнай пабелай.
Ад бледнага месяца бледныя цені
Зь сялібаў і пушчы кладуцца на гоні;
Як цені мінуўшых даўно пакаленьняў,
Устануць, пастануць слупамі ў прасоньні.
Цікавая думка над сном усплывае,
Вяртаецца зь цішай і просіцца ў сэрца,
Дзе ласкай сьвітае, як байка жывая,
I вогнікам ціхім навокала ўецца.
Малітва вячэрняя ў той час выходзе,
Ахвярна кладзецца на сьпячыя далі,
I пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе
Плыве і мяняецца ў кветным крышталі.
О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша
З планетнай зарніцай і месяцам бледным!
Хай песьня спакою душу укалыша
I вынесе чыстай над шумам пабедным!
Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты,
Зоркі на небе страчаў я чатыры;
Кожны раз зводзіў іх вогнік крылаты,
Хоць к ім з малітвай узносіўся шчырай.
Першая — бацькава зорка ясьнела,
Маткі — другая глядзела ў сьвет горка,
Трэйцяя мне мігацела нясьмела,
Роднай зямелькі — чацьвертая зорка.
Першая згасла навекі ня ў часе,
Звольна губляе бліск свой другая,
Трэйцяя сумнаю мглой спавілася,
Толькі чацьвертая лепей міргае.
Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі,
Гладкай, павабнай ня лёг раўніной, —
Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,
Ўецца зімой і вясной.
Вечар і ночка закрылі мне раніцу,
Ухуталі плесьняй, сівым туманом,
Даль жа нязбытаю казкай туманіцца,
Казкай, нягаданым сном.
Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай
Думы гартуе ісьці, не чакаць,
Хоць бы там злыдні плот ставілі бедамі,
Бедамі клікалі спаць.
Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы,
Пут гэтых толькі ня бачачы сам:
«Дзе ты ідзеш?» — запытаецца, гонячы.
«Далей!» — адказ яму дам.
Далей і далей праз выдмы няплодныя,
Ўсё непакорна, шукаючы ўсё,
Покі ня згаснуць прасьветачы зводныя,
Покі ня згасьне жыцьцё!..
Дзе ты, шчасьце маё, дзе ты, сьветлая доля?
За што сэрца гняце жалю дзікая змора?..
Воыйду цёмнай парой гэт’ за вёску на поле
І падслухаю сьціха, што ночка гавора.
Можа, гоман пачую, што жаль і трывогу
Песьняй радасьці зглуша і ўсьпіць назаўсёды,
Мо’ пакажа няшчаснаму к долі дарогу
І разгоне ў душы цемнаты, непагоды.
Га! нічога ня чуць, толькі неяк, здаецца,
Жудка вые, гудзіць сівер з поўначы зімны,
Толькі шум баравы зь цёмнай далі нясецца
І пяе у душы пахавальныя гімны.
Легла на сэрцы гора нядольнае,
Легла і мучыць, гняце,
Ў думках замёрла жальба нявольная,
Боль неспажыты цьвіце.
Дзе я ні кінуся, зь песьняй ні вылету, —
Выхаду, сьцежкі няма…
Лёдам гасьцінец мой выбіты, выліты, —
Лёд — як магіла сама.
Тут далёка, ў чужой старане,
Ўсякі раз, як збліжаецца ноч,
Сэрца больлю сьціскаецца мне
I спакой недзе коціцца проч.
Думы цяжкія роем снуюць,
Капашацца чмяльмі ў галаве,
Сноў спазнаць залатых не даюць,
Кожна мучыць, к загубе заве.
Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым,
Чорнай п’яўкай сьлізгоча ў душы…
Аб жыцьці беспраглядным сваім
Разважаю я ў гэтай цішы.
Ах, салодкі ўспамін не адзін
Шалясьціць, як вяроўкаю кат…
Столькі іх, гэтых мілых часін!
А забыці іх сілы няхват.
Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час!
Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень!
Што я меў, што я маю ад вас?
Дзе прасьвету хоць цень — бледны цень?
Роднай песьні вясёлы напеў
Не ўзлунаў над калыскай маей;
Супраціўны скрозь мучыць павеў,
Як за хлебам пайшоў да людзей.
Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі,
Як шалёных ганяюць сабак;
На сваёй, ах, на роднай зямлі
Сустракаўся я з сонейкам так.
На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі
І гарачай крывей паліваў,
Ўнук — ужо між чужымі людзьмі —
Тэй зямлі трох аршын не дастаў.
Што ж? — разгулівай, сыты чужак,
Між забраных крыжоў, курганоў,
Брат скаваны ня згіне і так:
Ён другіх пашукае братоў.
Гэй, ты, краю халодны, чужы,
Прытулі бесхацінца к сабе:
Ён цябе, як і роднай мяжы,
Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе.
Ты, дзяўчына чужая, закрый
Па скананьні мне зрэнкі мае,
Ты, чужы друг, мне яміну рый,
Віхр чужы хай памінкі сьпяе.
Крыж пастаўце, як ставіце ўсім,
Мае путы павесьце на ім;
Мае сьлёзы з магілы расой
Выйдуць путы зьяднаці іржой.
Холадна, холадна ў хатцы маей:
Лёгка навек загавеці;
Сыплюцца сьлёзы, як іскры, з вачэй;
Божа! як жудка на сьвеце!
Голасна будзячы сонну глушу,
Віхры зусюль завываюць;
Думка за думкаю лезе ў душу,
Сэрца нудою сьціскаюць.
Нейкім туманам усё заплыло;
Глуха!.. Ні сілы, ні гарту…
Ўсё пражыванае прахам ішло.
Ўсё, што йдзе, думаць ня варта.
Зь нейкім пракляцьцем прыходзім на сьвет,
Зь нейкім на той сьвет сыходзім;
Потам, крывёю век сьцелецца сьлед,
Песьню змучэньня заводзім.
Ступіш… і гадзіны ўюцца ля ног,
Крыкнеш… ня чуюць каменьні;
Рукі працягнеш ты, повен трывог…
Ласкі ня знаюць паленьні.
Што дасі заўтра, доля зьмянлівая,
Спадзяюся пацехі я мала;
Адно знаю, што ўсё нешчасьлівае
Ты мне толькі дагэтуль давала.
Сіратой па чужых кутах кідала
І нудою мне грудзі сушыла;
Ня раз так мне была ты абрыдала,
Што ўсьміхалася шчасьцем магіла.
Ты калі мне ў вачох разьясьнялася,
Сэрца білася верай, надзеяй,
Хоць нязванаю зьнекуль зьяўлялася,
І тады адны сьлёзы я сеяў.
Ты шумела мне песьні магільныя,
Як мяцеліца дзікая ў полі;
Ты нясла мне усё непрыхільнае…
Эх, ня знаць бы цябе мне ніколі!
Мусіць, доля, ты ў цернях радзілася,
А зіма і слата гадавалі,
Ад няволі ты мучыць наўчылася,
А пасьля мне багі цябе далі…
Прыстаў я жыць на белым сьвеце,
Хоць столькі ўвокала жыцьця;
Завялі думкі на расьцьвеце,
Душа жадае небыцьця.
Нуда гняце з днём кожным болей,
Быт спавівае чарнатой, —
Як сухавей у чыстым полі
Гуляе зь зернем-сіратой.
Пытаньня злога не пазбыцца,
Як мара бледная, стаіць:
Куды ісьці? за што ўчапіцца?
Якім багам паклоны біць?
Мінуў, загінуў час вяселы,
Калі зрываўся з усіх сіл
Ад родных ніў, ад родных сёлаў,
Ад апаганеных магіл.
Туды, туды, ўсё далей, далей,
Да недасягнутых вышынь,
Каб, апынуўшыся ў крышталі
Шчасьлівых сонечных іскрын,
Самое сонца ўзяць у рукі
I як з паходняй, зь ім ісьці,
Сьвятлом ніштожыць нашы мукі,
Увесь плач роднае зямлі.
Ўзьнімаць патоптаныя душы,
Людскім названьнем акрыляць,
К жыцьцю падняць з магільнай сушы
Усіх, што толькі яшчэ сьпяць.
Служыць, служыць жадаў народу,
Сваім закованым братом…
I сіл ня стала зь непагодай
Вясьці вайну, вясьці з жыцьцём.
Чырвонай зданьню ў цёмных сенцах
Наш рок сьляпы снуе, цьвіце;
Зьмяіны рогат адшчапенцаў
Жывыя грудзі рве, гняце.
На ніве роднай зброд прадажны
Скрозь гаспадарку распрасьцёр,
Чужацкай песьняю прыказнай
Калыша здаўлены прастор.
І шумна чаркі напаўняе
Крывёй асьлепленых рабоў…
Гульню так чорную спраўляе
Паміж крыжоў, паміж грабоў.
Ваякі лепшыя за славу,
За славу роднай стараны,
Або ляглі ў бітве крывавай,
Або у путах — і яны
Ярмо валочаць паніжэньня,
Ў кляцьбе бясьсільнай гоняць век…
Глядзіш… пытаеш свайго ценю:
Дзе тут зьвер, дзе чалавек?
У жудкім, чорным беспрасьвіцьці
Бушуе выпасьвены кат…
Любіць… Каго, за што любіці?
I ненавідзець сіл няхват.
О Божа праведны, ты сілу
Сваю вяліку акажы:
Ня згінуць з Бацькаўшчынай мілай
Свайму слузе дапамажы.
Сашлі мне сьветлую падмогу
Астаткі сіл сваім аддаць
I — не зрабіўшы брату злога —
Пад крыжам бацькавым сканаць.
Дзе ты, хатка, дзе сялібка,
Родны мой куточак,
Што мне даў бы скаратаці
Рэшту дзён і ночак?
Дзе загон зямелькі чорнай,
Дарагая ніва,
Што дала б мне нацяшацца
З залатога жніва?
Дзе ты, конік мой, буланчык
Хто цябе дзе спасьціў,
Што павёз бы, што памчаў бы
Ў сьвет, за лес, па шчасьце?
Дзе прыяцелі, дружочкі,
Родныя, чужыя,
Што мне б крыўдай не сушылі
Леты маладыя?
Дзе ты, любая дзяўчынка,
Роўная цьвяточку,
Што мне зачыніла б вочы
У апошню ночку?..
Што было, што не — сплыло ўсё
Як вадзіца ў мора,
Засталіся толькі думкі
На бяду, на гора.
Засталіся толькі песьні,
Ды што зь імі будзе:
Доля смуткам аплятае,
Сьмехам бэсьцяць людзі.
Ты скажы, скажы,
Мая моладасьць,
Што дала ты мне,
Сыну хамскаму?
Ой дала ты мне
Скарб нязьмераны:
Сілу моцную,
Неўгамонную.
За труды мяне
Не адхвалюцца,
З мазалёў, крыві
Не аддзівюцца.
Дзе мой капне пот,—
Дзірван, пасека
Шуміць коласам,
Урадлівасьцяй.
Сенажаць-трава
Ляжэ покатам,
Стогне зелен бор
Пад рукой маей,
Дый услужнасьцей
I пакорнасьцей
Надарыла ты
Мяне, моладасьць.
Адно, доля дзе,
Скажы, моладасьць?
Чаму волю даць
Ты забылася?
Ці ты чуеш, як стогне віхура,
Як старой хаткі сьцены дрыжаць,
Як у коміне вые панура,
Як сукі ў боры цёмным трашчаць?..
Ці ты бачыш, як хмара за хмарай,
Як дым, небам плывуць чарадой,
Як кусты, сенажаці, папары
Заліліся магільнай імглой?..
Ці ты бачыш ноч гэту над намі,
Ноч асеньнюю, дзікую ноч,
Засьцілае што сьвет цемнатамі
Непраглядна, хоць ў процьму ты скоч?..
Ці паняў, што мрок гэты гавора,
Што аддалены шле яго шум,
Як у гэта бязьмежнае мора
Ты глядзіш, гэтых слухаеш дум?..
О, дрыжыш перад шэптамі чараў
Цёмнай ночы, магутны цар дня,
I прыходзіцца ўцяміць няздары,
Што мудрэйша ёсьць моц, як твая.
Дарма розумам цэлыя годы
Ў жыцьця дзівы, як мог, заглядаў:
Чарадзейную кнігу прыроды
Не пытаў, адчытаў, скарыстаў.
Што зямля б на сьвет жыць не пусьціла,
Ты паняў да канца з урада;
Табе пара каня адмяніла,
Цябе слухае вецер, вада.
Ты і неба ўсе скрыткі падгледзеў:
Зьлічыў, колькі зор, што ёсьць на іх;
I нічому, здаецца, ўжо недзе
Ад вачэй скрыцца зоркіх тваіх.
Ты і ў прышласьць рад глянуць зараньня,
Зьмёў бы пыл забыцьця з прошлых дней,
Ўсё ж бязьсілен твой розум і знаньне
Перад голасам духу начэй.
Ты дрыжыш перад нечымсь, як глянеш
Ў гэту цем, падслухаеш яе;
Як дзіцё, як матыль, слабым станеш…
А ноч тайна а дзівах пяе.
Мае сьвет неадкрытыя сілы,
Што людское ўсё знаньне прайшлі
Гэтых сіл не пазнаць да магілы
Табе, думнаму цару зямлі.
Выгналі з хаты, выгналі людзі,
Выгналі косьці жывыя;
Сівер са сьнегам рынуўся ў грудзі,
Рынуўся зьверам на шыю.
Месяц загінуў, выгасьлі зоры,
Даль залягла беспрасьветам;
Хмары глухія, хмары — як горы,
Ходзяць, сапуць непрыветам.
Смольлю, заломам сьцежка-дарога,
Ведзьма-мяцеліца стогне,
Жудкія думы шэпча трывога,
Сэрца то змоўкне, то дрогне.
Горбяцца плечы, кволыя плечы,
Як бы цягнулі каменьне,
Рукі мароз і сячэ, і калеча,
Корчацца ногі ў каленьню.
Годзе змагацца з доляй паганай,
Сонца шукаць сярод ночы,
Блудам блудзіць па мёртвых палянах,
Сьлёзьмі крывавіці вочы.
Сыпся, кружыся, бел-сьнег, навокал,
Мяккай кладзіся пасьцеляй!..
Ляжам, як ляжа ранены сокал,
Знойдзем, нарэшце, прысельле.
Лес мой, жывая пушча-старуха,
Мы не загінем з табою…
Шумам пальеш мне казкі да вуха,
Важна ўкалышаш спакоем.
Дзе-нідзе вогнік глянуў сквапліва,
Братняя блізка хаціна:
Гэта з праглядам выбрыў на ніву
Воўк — як і ты — сіраціна.
Голас пачуўся, быццам хто кліча,
Штось у душы затраслося:
Гэта ў галінах вецер скавыча,
Воклік магільны разносе.
З дальняга неба зоркі міргнулі…
Як бы ня так ужо цёмна…
Зоркі сьвяціці ўсім не мінулі,
Толькі… мінулі бяздольных.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Полаг гатовы белы, пуховы;
Ляж, не глядзі, не ўслухайся!
Сну у магіле яснай, сьняговай,
Вечнага сну не пужайся.
Прыйдзе вясна, распусьцяцца лозы…
Ты ўжо ў пасьцелі зялёнай…
Сьпі, мой гаротнік, годзе ліць сьлёзы,
Біці нягодам паклоны…
Час быў вясеньні. На скібіны дно
Пала, ўзышло, зарунела зярно.
Ў курную хату, на яве ці ў сьне,
Доля-нядоля прынесла мяне.
Лета настала. Ўжо колас глядзеў.
Рос, красаваў, наліваўся, — дасьпеў.
Шчасьця, пацехі ня знаўшы ў жыцьцю,
Вырас і я на нядолю сваю.
Восень на сьвеце. Бор стогне, шуміць;
Колас нязжаты на полі стаіць.
Нудна у сэрцы, дзе вокам ні кінь,
I я, як той колас, бядую адзін…
Зімка прыйшла; белы вываліў сьнег;
Колас у гурбе знайшоў свой начлег.
З доляй змагацца зь сіл выбіўся я,
Эх ты, магілка, эх, дзе ты, мая?..
Чорныя хмары па небе плывуць, —
Чорныя думы заснуць не даюць:
Хмары хацінай, а думкі душой
Рады затрэсьці, заціснуць сабой.
Валіцца з хмараў то сьнег, то вада, —
Чорныя думы прыносіць бяда;
Так і ваюе бядак-чалавек
З хмарамі, з думамі цэлы свой век…
Сьпіце ўсе тыя, што праўды па сьвеце шукалі,
І, не здабыўшы, ў дамоўкі бяз часу сышлі…
Гразьзю ў вас кідалі, вольна дыхнуць не давалі…
Хай жа пацешацца: ўжо вы спачылі ў зямлі…
Гулка нясецца стогн лесу ў начныя пацёмкі,
Плача-галосіць у коміне вецер глухі…
Сьпіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,
Хутка над вамі распалім памінкаў агні!
Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;
Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!
Вы, перамогшы усё, узьняліся арламі,
Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і ня згас!
Грозна нясьліся магутныя вашыя клікі;
Нават каменныя душы скідалі свой сон;
Радасьцю дзіўнай зьвінеў ваш край бедны, вялікі…
Сіл не хапіла… запеў пахаронны вам звон.
Сьвежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,
Жвір толькі сьвеціцца, змыты сьцюдзёным дажджом…
Сьпіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём!
К нам вясна за вясною ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас…
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Хоць бы раз заірдзела раса
Жыватворна убогім палям,
Хоць бы раз зазьвінела каса
I дзень лепшы наклікала нам.
Вянуць кветкі штораз без пары,
Вяне зелень спустошаных ніў.
Шум ня моўкне ў зялёным бары:
Не чакаць, людзі, вам буйных жніў.
Не напоўніць вам клецяў сваіх,
Пот і сьлёзы льіцё вы здарма;
Ў паднявольнічнай службе ў чужых
Не падняць вам галоў з-пад ярма.
Вам — пакорным рабам — не вясны,
Рукі накрыж злажыўшы, чакаць,
А пад песьні паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе ж будаваць.
Будаваць, покі вы чужака
Нівай будзеце роднай карміць,
Будаваць, покі ваша рака
Чужакову каню дае піць.
Для асьлепленых, здаўленых вас
Не было і няма іншых дум…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Так над намі вясной кожны раз
Стогне бору зялёнага шум.
Так вясна за вясной к нам ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас…
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Не спадзейся, сын і матка,
Ад жыцьця патолі…
Ні канца, ані пачатку
Вашай чорнай долі.
Ці сягоньня, ці то заўтра —
Як і ўчора, усё так;
Стогн гнязьдзіціся спанатрыў,
Жаль пляце свой мотак.
Шчасьце ў путах… Звод разьвеяў
Думку маладую,
Засталось крыху надзеі,
Дый паганяць тую.
Вера ў будучыны жніва
Спапялела з гора,
Крыўда-ведзьма незьмянліва
Заліла, як мора.
Гарт апёрся на кургане,
Як ноч, уздыхае,
I ў кургане уздыханьне
Гарту падцінае.
Каня з смагі на пагодзе
«Піць» галосе ў небе,
Ды ў завею воўк заводзе
Па крывавым хлебе.
Не для нас гэта сонейка майскае
Загуляла на небе высокім
Сеяць думкі вясеньнія, райскія,
Гэт’, па сьвеце вялікім, шырокім.
Для нас ніва, намі ўспаханая,
Заірдзелася ўсходам пасеваў,
І ўся ветрам, як дым, калыханая
Б’е паклоны направа, налева.
Не для нас упрыгожылісь кветкамі
Сенажаці-лугі над ракою,
Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкімі
Вабіць вока, шаптацца з душою.
Не для нас, не для нас распускаецца
Гэты сад, гэта вішня, чарэсьня,
Не для нас, не для нас разьліваецца
Салавейкава звонкая песьня…
Сонца паліць нам грудзі збалелыя,
Ніва ласкі над намі ня мае,
Пот ліем па лугах мы дні цэлыя,
Ці ж тут міла і песьня якая?!
З дня на дзень, з году ў год, як пакутнікі,
Б’ёмся, гінем і шчасьця ня бачым;
Працай жывяцца нашай прыблуднікі,
А мы толькі ўздыхаем і плачам…
Чаго хмурыцца
Неба сіняе?
Чаго носяцца
Віхры дзікія?
Чаго шэрыя
Совы ўзгукалісь?
Чаго чорныя
Крукі грагаюць?
Чаго гадзіны
Падкалодныя
Шыпяць, сыкаюць
На сьвятое ўсё?
Ці та сонейка
Загасілася,
Ці та ўскрылася
Апраметная?
Душы сільныя
Абясьсілелі,
Сэрцы добрыя
Азьвярэліся;
Песьні вольныя
Апанурылісь
I магільнымі
Звоняць жальбамі.
А за песьнямі
Звон кайданавы,
Стогн закованых
Разьлягаецца…
Эх, і страшна ж ты,
Зямля родная;
Эх, і страшна ж ты,
Жыцьцё людскае!..
Разьвейся, туман, расплывіцеся, хмары,
Над хатай пахілай маей!
Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары
Ня мучаць душы і грудзей…
Штось клікала рвацца і вышай, і далей,
На лепшае звала жыцьцё.
Вы, злыя туманы, вы, хмары, бяз жалю,
Закрылі, забралі мне ўсё…
Стаю і гляджу я на хату крывую,
На ніву пустую сваю —
I сьлёз не стрымаю, і ціха бядую,
I нудную песьню пяю;
I к небу малюся, ў жыцьцё заглядаю,
Ці моц скуль якая ня йдзе?
I цёмна, і нема ад краю да краю,
Ні сьвету, ні сьледу нідзе…
Ні сьвету, ні сьледу… марнуюцца сілы,
Дух праўды і волі прыгас,
Нядоля і гора, навокал — магілы —
Вось роднага шчасьця абраз…
Прыгледзься днём яснаму сонцу
I месяцу ночнай парой;
Ў шум цёмнай услухайся пушчы
І ў шумы паводкі вясной;
Кінь вокам на мур пабяляны,
На стрэхі з саломы зірні;
Зайдзі на магілкі з крыжамі
I насып забыты крані;
Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках ня кінула жыць;
Сягоньняшні дзень паймі добра,
Што ўсьлед нашай долі бяжыць…
I ўсюды — ад краю да краю,
Дзе зьвернецца думка твая, —
Аб роднай старонцы пытайся
Ты неба, зямлі і жыцьця.
А сэрца — калі ня зьвёў сэрца —
Адкажа за ўсіх неўнарай:
У нас ёсьць паны і іх слугі,
А людзі… што ж?.. Сэрца спытай…
Бледныя буднія дні
Сумна па роднай зямлі
Мутнай плывуць паласой;
Часам калі-нікалі
Дзе-нідзе бліснуць агні,
Глянуць крывавай расой.
Песьні раздольля маўчаць,
Песьні, што рабскія сны
З душ паднявольных зьмялі б,
Толькі заводзяць званы,
Толькі асіны скрыпяць
Над уміраньнем сяліб.
Скрогат нясецца з асін…
Рабству паклоны біў дзед,
Гнуўся пад палкамі ў крук;
Бацька — за дзедам; усьлед
З бацькам пляцецца і сын;
Ты ж кудой пойдзеш, унук?..
Я ведаю, знаю старонку такую,
Спавітую ў вечны туман,
Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,
Ляжыць на кургане курган.
Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна, —
Ня поймеш, адкуль узялісь;
Людзей запытаеш, — адкажуць спакойна:
«Забраны край» гэты калісь.
Сыны зямлі роднай чужыя палеткі
Ў чужую карысьць засяюць,
На родных папарах галодныя дзеткі
Чужую жывёлу пасуць…
Кладуцца заломы… Дабро зьмей валоча…
Цянюе ля хат ваўкалак…
Нячысьцікі, ведзьмы рэй водзяць па ночы,
«Забраны край» тузаюць так.
Сьляпы зьнемагаецца бацька ў цямніцы;
На стражы пастаўлен сынок;
У поўных калісьці ад шчасьця сьвятліцах
Чужак зьневажае дачок.
Дзяцей сваіх маткі кідаюць у зьдзеку,
За «мамак» к наездцам ідуць,
А тыя за іх малако, за апеку
«Забраны край» болей гнятуць.
Мальбішчам чужым б’е пакора паклоны;
Упадку вялічыцца сьцяг;
З балотам зьмяшаны старыя законы,
Наладжан нявольнічы шлях.
Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы
Народным дабром, як сваім…
Заплача ў пагоду канюх па расінцы, —
«Забраны край» жаліцца зь ім.
Наведзены струны у скрыпках па-свойску
Чужая зрывае рука;
Жалейка азьвецца зь вясны пад бярозкай, —
Ня ўцешыць яна бедака.
Так камень ня ляжа, як змора паданьня
Лягла ад мяжы да мяжы
З надзеяй, што нават і думку змаганьня
«Забраны край» вырве з душы.
Жыцьцё год бязь ліку на шнурык свой ніжа,
Бязь ліку няволя есьць сіл…
Аж прадзедаў косьці ня ўлежаць пад крыжам, —
Штоночы выходзяць з магіл.
Выходзяць, ідуць ад парогу к парогу,
На стогн жывых грозна глядзяць
I зь ветрамі, з бурамі б’юць на трывогу:
«Забраны край» клічуць устаць.
Скрыпяць трухляцінай асіцы,
Над курганамі зьвяр’ё вые…
Гасьцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
Ідуць, ідуць… Сярод пустыні
Хрусьцяць надломаныя косьці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восьці.
Перад вачамі глуш нямая,
I плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцьце ў жылах кроў сьцінае,
Душу бязьсільле вынімае,
Гняце зьмяінымі кляшчамі.
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі як прынада,
Бялее млечная дарога.
То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасьць трупавея, —
I царства ночнае шалее,
Над курганамі зьвяр’ё вые.
Сеў, як той крыж на разстаі,
Сярод пушч і поля,
Злажыў рукі і чэкае
Усё нейкай долі.
Ўстане-ж, пойдзе полем, логам,
Будзе дыхту, будзе:
Пачэпаў тупым нарогам
Кургановы грудзі.
Лом с крыжоў магільных звале,
Бульбу падпекае…
Пад’еу, сеў, як крыж, і далей
Долі ўсё чэкае.
А ці-ж прыдзе доля гэта,
Трудна адгадаці,
Пакуль толькі з лета ў лета
Пляце яму лапці.
I нашто ж мне воля вольная,
Залатая, расхахольная? —
Цемняком пайду сьляпы я
На дарожкі крыжавыя!
Эх ты, доля мая,
Маю волю ўжо я!
I нашто школа з настаўнікам, —
Добра быць і неахайнікам:
Калі з кніжкі не даўчуся, —
У астрозе далаўчуся.
Эх ты, доля мая,
Маю школу ўжо я!
I нашто ж мне поля гонейкі,
З дабром клеці, коні, волікі?
Я магу жыць і «пашырэ»
У шырокай у Сібіры.
Эх ты, доля мая,
Землю маю ўжо я!
I нашто ж мне хата новая,
Сталы, лавы ўсё дубовыя?
Злыдні змогуць маю сілу, —
Як пан, лягу у магілу.
Эх ты, доля мая,
Хату маю ўжо я!..
Цёпла, спакойна, цёпла і сыта
Ў хорамах ясных вам век векаваць…
Поўны аруды буйнага жыта;
Хто ж не захоча тут жыць, панаваць?..
Грай жа, музыка, сэрцам рві струны…
Не пажалеюць заплаты табе!..
Што? Хочаш ладзіць скрыпку ў тон сумны?
Весела грай, як віхуры ў кляцьбе…
Шумна, разгульна… Чым не бяседа?!
Пеніцца ў чарках крывава віно…
Кроўю гулялі прадзеды, дзеды, —
Сыну і ўнуку падаўна дано…
Грай жа, музыка! Рэж на скрыпулі
Так, як там рэжа асьлепленых кат…
Прэч, прэч, сумленьне! Золатаў гулі!..
Чуеш, як звоніць па скрыпцы дукат?..
Сьветла, прасторна… Зьзяюць брыльянты…
Хто там?.. Цень бледны шмыгнуўся ў вакне?..
Вісельнік?! Тут ён?.. Прэч яго, франта!
Нашы асіны! Хай толькі чапне…
Грай жа, музыка, каб і ў магілах
Голас уцешны пачулі зь зямлі, —
Каб аж з-пад наспаў, плітаў пахілых
Косьці паўсталі і ў танец пайшлі.
Гэй жа ў тахт ногі!.. Пара за парай!..
Стой!!! Бліск чырвоны шыбае з вакон.
Ах! Гэта вёска сьвеціць пажарам…
Ну, галасі там нябожчыцкі звон!..
Грай жа, музыка! Рэж, дармажэрца!..
Змоўк?.. Што?.. Галоўку ты клоніш ка сну?..
Глупства!.. Ў музыкі лопнула сэрца…
Гэй, ты, другі, там! рві сэрцам струну!..
Мой ты ўбогі, мой ты цёмны,
Родны мой,
Ты пытаеш, хто такія
Мы з табой?
Ці мы людзі, ці скаціна, —
Запытай
Гэту коску, гэту сошку,
Гэты гай;
Гэта поле, на якім ты
Млееш, млеў;
Гэту згніўшую хацінку,
Гэты хлеў.
Запытайся сваёй долі,
Сваіх пут,
Ці мы людзі, ці скаціна,
Хто мы тут?
Прыйдуць людзі з Усходу,
Прыйдуць з Захаду людзі
I спытаюцца нас:
«Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
Дзе айчызна у вас?»
Мы ля плота, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
Які даць тут адказ,
I адкажам: «Э, што там…
Мусіць, бабскім звычаем
Зьбегла ўпрочкі на час».
Дзе вы, хлопцы непакорныя,
Дзе вы зь песьняй удалою,
Як на поле на прасторнае
Вы хадзілі грамадою?
Ці пайшлі вы у далёкую
У старонку у чужую;
Ці ляглі вы, адзінокія,
У магілку у сырую?
Дзе вы, песьні, дзе, свабодныя?
Дзе ваш водгалас магучы,
Як вы звалі, сыны родныя,
Да той працы да кіпучай?
Ці замёрлі вы нячутымі
Серад лесу, серад поля;
Ці і вас скавалі путамі,
Ці і вас змагла няволя?
Гэй, нявідна друга сільнага, —
Сьпіць. Хто ж сон яго ўстрывожа?
Гэй, ад енку ад магільнага
Песьня вырвацца ня можа!..
Два сьвяты на сьвеце — ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь сьмела, глянь вольна, шчасьліў, нешчасьлівы.
I далей к жыцьцю з паніжэньня і сна!
Гэй, гэй, на спатканьне вялікіх двух сьвятаў
Сьпяшыце супольна, хто ў путах ня згніў!
Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты
У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!
Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы.
Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,
А ўспомні-прыпомні, шчасьліў, нешчасьлівы,
Аб тых, што ў сьвітаньні навек адышлі, —
Усе костачкі тыя на гонях папарных, —
Жывых, што ў бяспуцьці акуцьце зьвіняць…
Прыпомні, дай слова ня шчэзнуці марна,
Пачатую справу шырыць, расшыраць!
Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы
Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.
Зірні ж, азірніся, шчасьліў, нешчасьлівы.
I заўтра на поле да сох як адзін!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз…
Наперад па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне
Вясна ўжо на сьвеце, — Хрыстос уваскрос!
Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі мучальнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.
Хрыстос васкрос!.. Неугамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! — пяе сялянін
З сваей убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усёй душой.
Хрыстос васкрос! — пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя,
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ўціхамоўку куюць путы
Для нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,
I я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсьне к вольнаму жыцьцю!
Як ідзе Новы Год, на ўсім сьвеце народ
Да жычэньня сабе штосьці мае;
Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,
Беларусаў сямейка худая.
Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,
Аж сабраўся так доўг немаленькі.
Хай жа Новы наш Год, што прыйшоў, завітаў
Зьверне ўсё нам, як ёсьць, да капейкі!
Хай ня будзе круцель, дасьць нам просьценькі цэль
К лепшай долі, і волі, і славе;
Мы ня зналі жыцьця, ні вясёлых нядзель, —
Хай Год Новы ўсё гэта паправе!
Сваркі, звадкі ня раз былі згубай для нас,
Разлучалі са шчасьцем, з свабодай…
Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час,
Брацтва, роўнасьць, супольнасьць і згода!
Во жычэньні усе, Новы Год, да цябе;
Іх ня вельмі і многа, здаецца.
Так і песьня пяе, так, людцы вы мае,
Знаю, ў думках усім вам снуецца!
Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе
І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы
Малюся я гэтаму сонцу на небе
І зоркам, што ночкай мігцяцца.
Малюся свабоднаму ветру — віхуры,
Што лётае птушкай ад краю да краю,
І пасьвіць у высях панурыя буры,
І ў комінах песьні іграе.
Малюся агню я, што сее пажары,
Як стане пара, па нязьмераным сьвеце,
Наводзячы жудасьць вялікаю карай,
Пужаючы старцаў і дзеці.
Малюся жывучай вадзіцы — разводдзю,
Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай уночы,
Што, нівы палошчачы, йдзе, не праходзе,
І хаты, і чоўны друзгоча.
Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу — Усясьвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.
З балеснаю ў сэрцы пакорай
Пад крыжам збуцьвеўшым стаю
I ўвокал — ад гораў да гораў —
Зямлю аглядаю сваю.
Навокала сьцелецца столькі
Багацьця, красы і сьвятла!
Хоць болькі, старыя ўсё болькі,
Адна за адною лягла.
Плакучыя стогнуць бярозы,
Скідагочы лісьць залаты;
Хістаюцца дзікія лозы,
Глухія, сухія кусты.
Звод нейкі гамоніць, шапоча:
— Калодаю, дружа, ты будзь!
Душа толькі верыць ня хоча,
Ня хоча паняць і заснуць.
Упаўшыя грудзі калыша
Жальбой непрыхільнаю сум,
I тысячы ў памяці піша
Гаротных, нявыжытых дум.
Бязьсільна народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?
Ці коні твае патрупелі,
Цягаючы ў поце плугі?
Ці косы твае прытупелі
З крывавай на лузе смугі?..
Пытаю жывых назаліста,
Чакаю, адказ ці бяжыць…
Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста…
Пракляцьце — і тое маўчыць.
На суды павялі яе зьвязанай,
Сэрца вырваўшы зь белых грудзей,
I судзіці давай — як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі судзьдзёй ночку цёмную,
Ночку-мачыху сумнай зямлі,
Сьведкай крыўда была векапомная,
Сон і заламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю,
Не спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песьню пабедную
Над ёй сьпелі праметнай сыны…
З плеч зрывалі уборы злацістыя
Разрывалі карону-вянок,
Разьбівалі пасад ёй нячыстыя
Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ёй сковы сталёвыя,
Надзявалі жабрачы убор,
У намітку ўбіралі цярновую
Яе коску, сатканую з зор.
Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя,
З-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусьцілі яе супакойную,
На бадзяньне пусьцілі, на зьдзек.
Зь лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая,
На сустрэчу крыжам і капцам,
Чуць жывая жыве, пазабытая,
Ў сьне зьяўляючысь родным сынам.
К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца
Па бел-сьвету калі-нікалі;
Толькі дух-яснасьвет пацяшаецца,
Што ўсё ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу…
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.
З цэлым народам гутарку весьці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцьця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсьці,
Гэта адно мне падпорай жыцьця.
Песьню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай зь ёй хаце быць мілым гасьцём —
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуцьцём.
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну, —
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
К яснаму сонцу зь цьмы, зь беспрасьвецьця,
К славе зь бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сьцежкі на сьвеце,
Гэткаму Богу і душу аддам.
За лепшу долю роднага краю,
За сваіх брацьцяў ў сьвятой барацьбе —
Гэтакай толькі сьмерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.
Я табе, зямля мая прадзедаў маіх,
Не патраплю нічога жалець на сьвеце,
На сьвет цэлы гатоў твой прыгон апеці
I ўзьнясьці пасад на магілішчах тваіх.
Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці
I карону сплесьці з сонца, зор залатых, —
На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг
Заясьнела ты ў цяжка дабытым цьвеце.
За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе
З крыўдай той, што цярпіш ад людзей і Бога,
Ад чужынца і ад сына свайго сьляпога…
Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе…
I за гэта толькі прашу, малю цябе:
Не гані ты мяне ад свайго парога.
На вялікім сьвеце б'е жыцьцё крыніцай,
Барацьба за волю і за долю рдзее,
Маюць панаваньне вера і надзея,
Асьвяціць народы лепшы быт маніцца.
На вялікім сьвеце неба сьлёз ня сее,
Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,
Не галубіць думак цемра-асьляпніца
I ня водзіць душаў пагібеньня кнеяй.
На вялікім сьвеце б'юць званы на славу,
Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты,
К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.
На вялікім сьвеце ўсё ідзе па праву,
Па Законе Божым, зь яснатой яскравай…
А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы…
Я люблю ўсходы нашых палеткаў,
І спавітыя ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шаптаньне крынічнае ўлетку…
Я люблю упрыгожану ў мхі
Нашу вёску — сваёй крыўды сьведку,
Свой народ — гэту зьвяўшую кветку,
Цэлы край — родны мне й дарагі.
Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы:
Аб ёй брэджу на яве і ў сьне.
Я люблю і заву, бы ў нялюдзьдзі, —
Чуюць кліч мой сухія лясы,
Кліч: хто ж любіць, хто любіць мяне?