V. Сваім і чужым

Ужо днее…

З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,

Суседзі, суседкі, вітаю я вас!

Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,

Аж сьцежку-дарожку знайшла во хоць раз.

Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,

Якім правам тут перад вамі стаю,

Дзе дом мой, народ мой, — зь якога я краю, —

Паслухайце смутную повесьць маю.

З канца у канец, дзе загнанае слова

Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё;

Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай

Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.

З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных

Ганялі, чаго не згубіла, шукаць.

Глядзіце: во рукі і ногі у ранах,

А раны на сэрцы — каму ж іх паняць?!

Па грудах, каменьнях хадзіла я босай,

Крывёю чырвонай дабрыла зямлю;

На шаты мае паглядалі з'укоса

I песьню з насьмешкай віталі маю!

З балотам мяшалі, пагардай плявалі

Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной!

З маім людам згінуць навек мне казалі,

I страшна было мне так жыць сіратой!

За сошкай, за коскай, зь сярпом і зь сякерай

Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;

Заплатай было, што ён часам мне верыў

I думкі снаваў аба мне з году ў год.

Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, —

Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;

Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі

Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.

Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою;

Між віхраў, і бураў, і холаду зім

Зь людской неразлучны ўзяла шлюб бядою,

I тузаюць мной, як народам маім.

Здушылі мне голас на родных на нівах;

Крыж цяжкі упадку з народам нясла,

I думаў чужынец, што ўжо я няжыва.

Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!

Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!

Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!

Я ўсё перанесла і выйшла я з хвалай,

Я сільна, я вечна ў сваёй старане!

Прайшло засьляпеньне, мінае трывога;

На небе ўжо новая відна зара.

Шырок прада мною гасьцінец-дарога.

Ўжо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!

Роднае слова

Пад навалай крыўдаў многія сталецьці

Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця.

Мы нясьлі — ўсё ныла, гінула памалу,

Аж ня нашай наша Бацькаўшчына стала.

Не для нас сасонкі нашы зашумелі,

Не для нас пасевы нашы зарунелі;

Адно ты нам, слова, засталося верным,

Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.

*

Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня

Не заклеймавалі помстай, зьніштажэньнем, —

Мы калі ўміралі, то ішлі на муку

Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.

Сеючы ж і дома, і за домам косьці, —

Дзе нас гналі нашы леташнія госьці, —

Як у пушчы цёмнай, зьбіліся з дарогі

I здарма чакалі ад людзей падмогі…

*

Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее,

Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею,

Ды таго ня вырвуць, што напела маці

Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.

Ой, ня вырваць з сэрца цябе, наша слова,

Ой, ня ўзяць ніякім сховам ды аковам,

Як бяруць матулю у малой дзяціны,

Як бяруць у бацькі апошняга сына!

*

Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,

Як бы корань з дрэвам, як бы зь небам сонца;

Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе

У благой і добрай мачысе-прыгодзе.

I мы самі нават мо' не спазнавалі,

Як у думках нашых цябе гадавалі,

Як цябе хавалі ў шчасьці і няшчасьці

Ад напраснай злосьці, ад людской напасьці.

*

Ты ў жыцьці вяло нас з хвалай і няхвалай;

Быў час — свае правы чужым дыктавала;

І цяпер хто зводна над табой сьмяецца, —

Гэта або вецер, што ў платах трасецца,

Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі

Чалавечых думак, чалавечай долі, —

Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна

Замест сэрца — камень, мест душы — дым чорны.

*

Як жыло ты з намі — будзеш вечна жыці,

Грамадой мільёнаў зь сьветам гаманіці…

З попелу мінуўшых дзён сьляпых, крывавых

Весела узойдзе рунь сьвятлянай славы,

I радзімым словам рукой мазалістай

Беларус упіша на старонцы чыстай

Кнігі ўсіх народаў важна, ў непрымусе

Сумную аповесьць роднай Беларусі.

«Нашай Ніве»

Не загаснуць зоркі ў небе,

Покі неба будзе, —

Не загіне край забраны,

Покі будуць людзі.

Ночка цёмная на сьвеце

Вечна не начуе;

Зерне, кінутае ў ніву,

Ўсходзіць ды красуе.

Наша зерне — нашы думкі —

Не загінуць сьвету, —

Бліснуць краскай непаблеклай

Вечных агняцьветаў.

З добрых думак, што мы кінем

На сваім дзірване,

Будзе ўнукам нашым жніва —

Доля, панаваньне.

Беларускаю рукою

Сьветлай праўды сіла

Славу лепшую напіша

Бацькаўшчыне мілай.

Зацьвіце яна, як сонца

Пасьля непагоды,

Ў роўнай волі, ў роўным стане

Між усіх народаў.

Не загіне край забраны,

Покі жывы людзі, —

Не загаснуць зоркі ў небе,

Покі неба будзе!

Ворагам беларушчыны

Чаго вам хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб той мове,

Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова?

Паверце, вашай ён ня ўкраў,

Сваё ён толькі ўспомніў слова,

Зь якім радзіўся, падрастаў.

Цяпер і вы загаварылі,

З апекай выйшлі, як зь зямлі;

А што ж дагэтуль вы рабілі?

А дзе ж дагэтуль вы былі?

Ваш брат і цёмны, і галодны;

Хацінка свой зжывае век;

I век ня знаў ён дум свабодных,

I крыўдзіў свой брат — чалавек.

Вам страшна нашай сьлёзнай песьні

I жальбы страшна вам глухой?

Вам жудка сонца напрадвесьні?

Мілей вам холад зь цемнатой?

А што ж вам беларус такога

Пасьмеў зрабіць, пасьмеў сказаць?

Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,

Як свайго брата шанаваць!

Эх, кіньце крыўдамі карміцца, —

Кожны народ сам сабе пан;

I беларус можа зьмясьціцца

Ў сям’і нялічанай славян!

Напасьцю, лаянкай напраснай

Грудзей ня варта мазаліць!

Не пагасіць вам праўды яснай:

Жыў беларус і будзе жыць!

Ня столькі «хамскія» натуры

На карках вынесьлі сваіх!

I сьвіст даносчыкаў пануры,

Паверце, не запудзіць іх!

К свабодзе, роўнасьці і знаньню

Мы працярэбім сабе сьлед!

I будзе ўнукаў панаваньне

Там, дзе сягоньня плача дзед!

Гэй, капайце, далакопы…

Гэй, капайце, далакопы,

Яміну-магілу, —

А шырока, а глыбока,

Колькі хваціць сілы.

Так капайце днём і ночай,

Помач усклікайце, —

Бо ў тым доле хаваць будзем,

Беларусь хаваці.

*

Гэй, ударце, загудзіце,

Званы з усіх вежаў,

Каб ніхто ўжо пары гэтай

Дома не залежаў.

Так званіце, не кідайце,

Дружыну склікайце…

Хаўтуры ўжо свае будзе

Беларусь спраўляці.

*

Гэй, зайграйце ў мільён струнаў,

Слаўныя музыкі,

Каб аж водгалас каціўся,

Як ёсьць сьвет вялікі.

Так іграйце, каб было ўжо

І глухім чуваці, —

Каб маркотна не было спаць

Беларусі-маці.

*

Гэй, зьбірайцесь на памінкі,

І сыны, і дочкі,

Справім гучную бяседу

Пад аслонай ночкі.

Сабірайцесь, ды ня сьнеце

Галасіці звонка, —

Памінаць бо толькі будзем

Родную старонку.

На рынку

— Хадзеце, хадзеце, вясёлыя людзі!

А жыва да нас на таргоўлю:

Пакупка — гасьцінчык вам кожнаму будзе

Чырвоненькі, хатняй гадоўлі!

Паціху… ня бойцеся — пойдзе ўсё гладка, —

Крый Божа, якога прымусу.

Маленькая рэч, — як матыль ці стрынатка…

Ўсёй куплі — душа беларуса…

Меў хату, меў поле; — прыйшлі і забралі…

Сам вінен: ня ўмеў пільнаваці.

Ну, ўсякаму ж трэба як-небудзь жыць далей, —

Душу вось і можа прадаці…

Падходзь жа, паночку!.. зьнімі акуляры —

Лепш будзе агледзіць пакупку,

Ты, барынька, так жа падбліжся!.. мы нары

Дамо нават зь ёю, галубкай…

Штось срэбнікаў з трыццаць — як піша ў законе —

Узяў за Хрыста калісь Юда…

Аб гэткай цане ані сьнім мы сягоньня:

Станела ўсё — душы і цуды.

Дасьцё крыві з каплю, з гарошынку чэсьці,

І — ваша душа ва ўсёй хвале…

Бо так — не купіўшы — ня сьлед на крыж весьці,

Гатовы сказаць, што вы ўкралі…

Чужым

Мы вас прынялі хлебам і соляй,

Людзі чужыя;

Ўстрэлі вас ласкай нашага поля

Кветкі жывыя.

Нашы сасонкі шумнага бору

Далі вам хаты,

Далі загонаў нашых разоры

Гонар багаты.

Пух і аўчынкі нашага хову

Грэлі зімою.

Птушкі вам гралі з нашай дубровы

Гімны вясною.

Ценем тулілі вас у сьпякоту

Нашы чарэсьні,

Нашыя жнейкі ў жніўну работу

Пелі вам песьні.

Вашым патомкам нашыя маткі

Казкі складалі:

Ў сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі

Сеў засявалі.

Верны славянскім спадкам, браточна

Ў госьцях вас мелі,

I шанавалі людска, сьвяточна

Ў будні, ў нядзелі.

∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙

Сотні лет песьцім днямі і ночай

Госьця на шыі —

Зьмея, што з пуняў скарбы валоча,

Скарбы чужыя.

Вы ўжо забылі, людзі здарэньня,

Дзе ваш прыпынак, —

Вывелі ў гандаль славу сумленьне —

Праўду на рынак.

Сьлепа зракліся сораму, ўвагі,

Ў хорамы селі, —

Брацьцям жа ўзьдзелі лапці, сярмягі,

Торбы надзелі…

Людзі чужыя! Хтось калісь зьліча

Вашу нам шкоду:

Зьліча праступкі… к суду пакліча

Крыўда народу.

Прарок

Сярод маны, сярод насьмешкаў,

Знак нейкі тулячы к грудзям,

Ішоў прарок пясчанай сьцежкай

З навукай новаю к людзям.

Праціўны вецер лез у вочы

I плачам пеў, як дзіцянё,

Зьвяр'ё зубамі йграла ўночы,

Днём выла ў небе груганьнё.

А ён, ня знаючы граніцаў,

Ішоў, хістаючысь наўслонь;

Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,

Вялікіх праўд сьвяты агонь.

Душа палала дзіўным жарам,

Бы з зораў выснутая ніць,

Што сьвет магла б сваім пажарам

Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.

Ужо з сваім аклічным словам

Прарок далёка быў вядом,

Народу шмат збудзіў к дням новым,

Даў славу братнюю братом.

Аж так дасяг — аквечан хвалай —

Зямлі забранай сумных хат,

Дзе царства цемры панавала,

Дзе сілу ўзяў над катам кат.

Народ змарнеўшы таго краю

Свайго на'т імені ня знаў,

Як непатрэбшчына якая,

Гібеў на сьвеце і канаў.

Галовы людзі пахіліўшы,

Зямлю капалі, як краты,

Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы

Усе жаданьні яснаты.

Прарок — пасол сьвятла — ў загону

Людзей убачыўшы такім,

Маячыць стаў ім, як шалёны,

Прарочым голасам сваім:

«Паўстаньце, рабскія натуры,

Пакіньце свой адвечны сон,

Загаманіце віхрам, бурай,

Каб ажна дрогнуў ваш палон!

Глядзіце: прадзедавы косьці

Ў зямлю калісь за вас ляглі,

А вы, як збэшчаныя госьці,

Пракляцьцем сталі той зямлі.

Дзе вашы песьні жыватворны?

Дзе ў вас прарокі й дудары,

Што над пагібельнасьцяй чорнай

Віталі б полымем зары?

Забылі ўсё, згубілі долю,

Зьмяшалі славы цьвет з гразёй

I запрадаліся ў няволю,

З душой і скурай счэзьлі ў ёй.

Пара у рукі браць паходні,

Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!

Бо што ня возьмеце сягоньня,

Таго і заўтра вам ня ўзяць.

Назло крывавым перашкодам

Скідайце ёрмы, клічце сход,

I дайце знаць другім народам,

Які вы сільны йшчэ народ!

За мной, за мной, забраны людзе!

Я добрай доляй послан к вам

I знаю, што было, што будзе,

I вас у крыўды не аддам».

Так гаварыў і з рабства клікаў

Людзей на волю той прарок,

Ждучы з трывогаю вялікай

Ад іх адказу неўнарок.

А людзі, глянуўшы на сонца,

Адказ казалі грамадой:

— Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,

Калі мы пойдзем за табой?

Дудар

На кургане на адвечным,

Пад асінай векавой,

Сеў дудар, сагнуўшы плечы,

З пасівелай галавой.

На дудзе, на самагудзе

(А дуда — як веча звон)

Духам кліч пускае ў людзі —

Песьня ў песьню, тон у тон.

Як жывая, рвецца песьня,

Лесам-пушчаю шуміць,

З забыцьця зьмятае плесьню,

Мох зь мінуўшчыны ляціць.

Сьлед за сьледам ройным роем

Цені даўнага кладуць…

Князь за князем, бой за боем,

Як сягоньня, ў ход ідуць.

Роднай Бацькаўшчыны долю,

Як у люстры, бачыш так.

Долю-волю у бязвольлі,

Што сышла, ідзе няўзнак.

Гоман-славу, чорнай хваляй

Што зьбіралі курганы,

Белы косьці, што гублялі

Беларускія сыны,

Што сабе кавалі путы,

Ў бітвах мручы за другіх…

Як бы модлы і пакуты

Ўсіх — і наскіх, і чужых.

І сягоньняшняй праявай

Звоніць шчасьце небарак,

Што са славаю за славу

I памерці няма як.

I у будучыну гляне

Думкай песьня дудара,

Зь непрывычным запытаньнем:

Ці прачнуцца не пара?!

Так даўно у нас ня й гралі,

Дзіў адно плыве і чар,

Штораз вышай, штораз далей, —

Знаць, бывалы ён дудар.

Старасьвецкі ён музыка,

Важна толк вядзе ў дудзе,

Важна доляю вялікай

I свабодаю гудзе.

На курганавым каберцы

Нечувалае чуваць,

Што ўсё можа толькі сэрца

Беларусава паняць.

З мінуўшых дзён

Перайшло, мінула,

Што калісь жыло,

Ў курганох заснула,

Зельлем зарасло.

Пад магіл навалай

Дрэме Русь, Літва, —

За той тая з хвалай

Легла галава.

Не гудзе ў павазе

Голас вечавы,

Не шукаюць князі

Славы і бітвы.

Войска Усяслава

Не ідзе ў паход

На той бой крывавы

За свой край, народ.

Сьцены і запоры

Палачан, Мянчан

Леглі у разоры

Зможаных палян.

Ні сьвятых дуброваў,

Зьніч пайшоў з вадой;

Загасьціў лад новы,

Ды ня той, ня свой.

Слых адно праходзе

Калі-нікалі

У жывым народзе,

На жывой зямлі.

Баіць, гнучы шыі,

Паднявольны люд:

Мы ў сваім чужыя, —

Край забраны тут!

Так прайшло, мінула,

Што калісь жыло,

Ў курганох заснула,

Зельлем зарасло.

Памяці Вінцука Марцінкевіча

Шмат лет не ручыла нам доля.

Крывымі вяла пуцінамі,

Ня маючы ласкі і жалю

Над нашай старонкай, над намі.

Хто мы, адбірала нам памяць,

Чужыншчынай ціснула грудзі,

Ня раз падцікалася з думкай,

Што мы ўжо — ня мы і ня людзі.

З нас самых і з гутаркі нашай

I свой, і чужынец стаў кпіці.

Ўсё роднае стала няродным,

Прост хоць і на сьвеце ня жыці.

Так ночка хацела быць паняй,

Так сівер нас зводзіў і страшыў,

Ды вось, як на тое, судзіў Бог

I нам на сваім быць кірмашы.

Нябожчык Вінцук Марцінкевіч

Ня сьцерпіў такой нашай мукі, —

Паслухаўшы сэрца, бярэ ён

Дуду беларускую ў рукі.

I песьню за песьняй парадкам

Пусьціў, як жывую крыніцу:

Пасыпалісь, проста як зь неба,

«Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы».

Як стораж, стаў сьмела на варце

Радзімых запушчаных гоняў,

Стаў сеяць па-свойску ўсё тое,

Што мы далей сеем сягоньня.

А кемкую меў ён натуру, —

Спанатрыў, дзе праўду шукаці,

У тахт беларусавай думцы

Патрапіў запеці, зайграці.

Калі засьмяецца, бывала,

То хоць за бакі ты бярыся;

Калі ж і разжаліцца сумам,

Дык хоць ты зь сьлязою жаніся.

Умеў ён прынадна настроіць

Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,

Што нам і цяпер яна грае,

I вечна канца ёй ня будзе.

Чвэрць веку, як бае ўжо недзе

Сьвятым беларускія песьні,

А быццам ён з намі талкуе

Аб нашай зіме і прадвесьні.

Жыве паміж намі дудар наш…

Жыць кожны так будзе, мой братку,

Хто родну старонку палюбіць,

Маўляў добры сын сваю матку.

Памяці Мар'і Конопніцкай

I сышла ты, пясьнярка народаў,

Божы сьветач жывых пакаленьняў,

Ў новы край невядомага быту

Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў.

I пакінула загадку сьвету —

Ўсім няшчасным і зблізка, і здалі:

Ці то сонца зайшло назаўсёды,

Ці ім долю мо' іх пахавалі?..

Бо як песьня твая ўсемагутна

Безгранічна зьвінела, будзіла, —

Так няма ні граніцы, ні меры

Ўсёй жальбе над тваёю магілай.

I хаця сэрца сьціхла, заныла,

Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьвецяць, —

Голас думак тваіх яшчэ будзе

Не з адным гаманіці сталецьцем.

Дух твой зь сьветласьцяй неба сальецца

I з праменьнямі сонца сьвятога

Сьлёзы-росы высушываць будзе

І паказываць к праўдзе дарогу.

Памяць насып-магілку ўхарошыць

З жывых кветак рукою сірочай,

Як квяцісты былі твае песьні

Сярод земскай і сьцюжы, і ночы.

А зь мільёнаў грудзей набалелых

Плысьці ўздох зь веку ў век не пакіне

Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых,

Па вялікай пясьнярцы-княгіні.

Iгнату Буйніцкому

Важна рэй Ігнат Буйніцкі

Ў танцах нашых водзіць,

Аж здаецца — усё чыста

Хадыром зь ім ходзіць.

Калі пусьціцца скакаці, —

Ажна сэрца скача;

Лепшых танцаў і ўвесь Піцер

Бадай што ня бачыў.

Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,

«Мельнік», ці «Антошка», —

Ўсё ў яго сыходзіць гладка,

Не змыліць ні трошка.

Пад дуду і пад цымбалы

Топне, прысьпявае…

Сьцеражыцеся, ўсе людзі:

Беларус гуляе!

Не ўнімайся ж і скачы нам,

Покі сілы хваціць,

Мо' пачнуць і думкі нашы

Весялей скакаці!

Памяці Тараса Шаўчэнкі

25 лютага 1909 г.

Сягоньня на Ўкрайне вялікае сьвята:

Ў дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара».

На ўсіх і павага, і стройныя шаты,

I песьні ня моўкнуць свайго песьняра.

Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды

Паклон б'е разбуджана ўся старана,

Талкуюць аб гэтым Дняпровыя воды,

I думае думу стэпоў цішына.

Пясьняр кабзарысты нікім не забыты,

Як жыў дзеля песьні, так зь песьняй ня ўмёр;

Здабыў сабе славу ня з мармурнай пліты,

А з слоў, што ня крыша ні век, ні тапор.

Сын беднай сямейкі, нядужы рукамі,

Штыхам і гарматам ён пострахам быў;

Кавалі яго, як зьвяра, ланцугамі

I кідалі ў лёхі, каб згінуў, ня жыў.

Сьляпні! Ім і думкі адбеглі з трывогі,

Што людзі — як ён — і ў магілах ня мруць,

Што можна зьвязаць толькі рукі і ногі,

А вольныя думы — хто важыўся скуць?!

Бываюць упадкі — люд стогне балесьне;

Пясьняр паявіўся, і ўцехі зьвіняць;

Пясьняр умірае… а песьня?.. а песьня?..

Эх! каменю толькі ня дана паняць!

Жыве гэта песьня, як віхар клакоча,

Над лесам магілішч, над цьмою бяжыць,

Зрывае запоры і брамы ламоча,

I крыўда нямее, і змога дрыжыць.

Калісь воклік песьні і сьвет нам адмене,

Адслоне другія пуціны жыцьця,

Шчасьлівасьці яснай узойдуць праменьні,

Аквеціцца доляю лепшай зямля.

Дык дай жа чэсьць песьні на Ўкрайне! За Ўкрайнай

Той кожны, хто праўды ня здрадзіў жывой;

І ўспомніце «бацьку», што пеў незвычайна,

Што славе ўкраінскай служыў ўсёй душой.

О, слаўны ўкраінча, сын верны народу!

Ты роднага слова ў сабе не глушыў,

Цярпеў і вучыў, як цярпець у нягодах,

Аж люд твой паняў, чаго ты яго ўчыў.

На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,

На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар»,

У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы

Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.

I к нам тваё слоўца ня раз далятала;

Мы слухалі ўцешна, што бае сусед.

Цяпер жа нясём ліст к вянку тваёй хвалы,

Прымі, брат, і наш беларускі прывет!

Лірнік вясковы

Памяці Вл. Сырокомлі

Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,

Не аб славе забытаго краю,

Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,

Гэту песьню сягоньня складаю.

Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры—

Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,

Аб тэй зорцэ, што некалі з добраю верай

Над зямелькай ясьнела і зьбегла.

Аб музыцэ, што лірай сваей чарадзейскай

Мне ў душы сьветач выклікаў новы,

Каб мсыла хоць на час красай кветкаў-пралескаў,

Як жыве вечна Лірнік вясковы.

*

Над Вільёй, дзе сталіца была Гедыміна,

На магілках, што Росса завуцца,

Курганок там убачыш пакрыты дзярнінай,

Над дзярнінай бярозкі трасуцца.

Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам

Аб жыцьці пахаваным пад імі;

Людзі ходзюць маліцца над насыпам гэтым,

Пасьвенцаці сьлезамі жывымі.

Пяцьдзесят раз у зелень весна спавівала

Ніву нашу і насып жвіровы,—

Над курганам тым сэрцаў мільёны шэптала:

Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.

*

На зялёным цьвітучым лагу-сенажаці,

Гэт пад лесам за вёскай бедачай

Песьню-музыку сумную здаля чуваці:

Пастушок там на дудцэ так плачэ.

Звоне коскай касец, толькі водгалас льецца,

Сам, як колас, хістаецца ў полі…

На загоне жнея над снапочкамі гнецца;

Сонцэ іхней дзівуецца долі.

Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына,

Пахіліўшы маркотна галовы,

Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай

Ім аставіў іх Лірнік вясковы.

*

Песьні гэтай знаём і палац мураваны,

Што ў хмяліных бялее повоях,—

На пачэсным кутку заседае жаданай—

Мілай госьцей ў багатых пакоях.

I ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай

Тую-ж долю-нядолю гадуе,

Гэта песьня плыве над ліповой калыскай—

Гэтак маці над дзіцем бядуе.

З маткай рэчка і вецер па свойму запелі,

Зашумеў бор зялёны, сасновы,

Як-бы тые напевы яны зразумелі,

Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.

*

А калі ты, гаротнік, тулач беззямельны,

Будзеш долей закінут у горад,—

Ты пачуеш і там голас той непаддзельны,

Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.

Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,

Ноч праводзюць, усходу чэкаюць,

Ці нешчаснаго ўбачыш, як гнецца галодны—

Ты спытай — яны Лірніка знаюць.

Там і сіняя мгла, як настануць марозы,

На муры сее пух брылянтовы,

Быццам тые праўдзівые сьветлые сьлёзы,

Што калісь выліў Лірнік вясковы.

*

Ўсюды Лірнік сваей чарадзейскаю лірай

Думкі-чары, як кветкі разсеяў,—

I ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра—

Адгадаці малая надзея.

Час патрапе усё пакрышыць, адалеці,

Путы нават змарнеюць у плесьні,—

Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,

Будуць жыці і лірнікаў песьні.

Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за векамі.

Не забудуцца дум тваіх словы,

Як і слоў беларускіх жывучы між намі

Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

Брату ў чужыне

Ці помніш ты, нядбалы дружа,

Ўсё тое, дзе радзіўся, ўзрос?

Дзе напявае зімка стужай,

Ірдзіцца лета бліскам рос?

Аздобнасьць неба — сонца, зоры,

Спавіты месяц туманом;

Русалак ночкай разгаворы,

Шчасьлівых птушак песьні днём?

Ці помніш ты пагляд нясьмелы

Свайго радзімага сяла,

Адкуль паплёўся ў сьвет той белы,

Твая дзе моладасьць сплыла?

Нямое поле сенажаці

Лазой аквечаны дзірван;

Магілкі, сьпяць дзе твае брацьці,

На ўзьмежку прадзедаў курган?

Ці помніш прызбу, плот з прасламі,

Сваю хацінку, свой тачок,

Тваймі стаўляныя бацькамі,

Адвекам крыўлены набок?

Паміж прысад гасьцінец біты —

Пясчаны, ўзьвілісты пакат;

Паводкай мост стары падмыты,

Бяроз плакучых сумны рад?

Ці помніш ты сваю матулю,

Што над калыскаю тваей

Пяяла песьню-байку «люлі»,

Снуючы ў думках рой надзей?

Сьвятую песьню родных межаў,

Няхітры мовы свойскай твор,

Зь якой зьліваецца звон вежаў,

А рэха ловіць цёмны бор?

Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры,

Начлег, агонь сярод кустоў;

Палёты з выраю у вырай

Буслоў, гусей і журавоў?

Убор вясковы, невыдумны,

Абычай сельскай прастаты…

Край беларускі мірны, сумны,

Свой родны край ці помніш ты?..

Песьняру-Беларусу

Пытаеш ты, якім быць трэба

Зямлі забытай песьняру?

Як у шуканьні вечным хлеба

Знайсьці ясьнейшую пару?

О, не хадзі к другім за радай, —

У пушчы сонна не шукай!

Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды,

Сваіх дум, сэрца запытай.

Хай сэрца сэрца не баіцца,

Душа з душою хай пяе;

На думках братніх, як на скрыпцы,

Ты песьні выгалась свае!

За родну песьню будзь ваякай,

Ня жджы заплаты ад людзей.

Пясьняр — слуга слугі усякай,

Пясьняр і цар усіх царэй!

Дзе зор гуляюць хараводы,

Зірні зухвала, без трывог,

Прагледзь нябесныя ўсе ходы,

Каб аж задумаўся сам Бог!

Падслухай шэпты зямлі-маткі,

У скарбы ўсе яе заглянь,

Каб аж пайшла весьць ва ўсе хаткі,

Як зь ніў найбольшую браць дань.

Шчасьлівы ты ці нешчасьлівы,

Будзі сыноў сваёй зямлі,

Над беларускай соннай нівай

Нязгаслы сьветач распалі!

Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца

Мільённы прыспаны народ,

I вокліч славы пранясецца,

Пясьнярскай славы з роду ў род.

Ты у сваім вянку цярністым

Убачыш міртавы вянок,

I важна слаўлен, песьнярыста,

На той сьвет сойдзеш, як лісток.

Памёр пясьняр. — Над белым крыжам

За годам год перабяжыць;

Няпамяць імя пяўца зьліжа,

А песьня будзе жыць і жыць!

Наша песьня

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,

Песьня наша, як воля, магучая!

Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,

Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!

Хоць нуды ў табе шмат вылівана сьлязьмі,

Дума-песьня ня хітра складаная,

Але нашая ты: недруг, спробуй, вазьмі!..

Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю.

Як на небе зара ці як думка ў душы,

Не скуесься няволі ты путамі:

Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, —

Запяешся людзьмі і закутымі.

Пей жа, песьня, дзень, ноч, песьня, родная нам,

Апявай жыцьцё наша праклятае,

І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,

Наўчы, як знайсьці шчасьце багатае.

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,

Песьня наша, як воля, магучая!

Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,

Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!..

*** Падсякайце тое дрэва…

Падсякайце тое дрэва,

Што ў корні ўсыхае;

Не ўважайце таго сэрца,

Што жалю ня мае.

Страшце птушку, празь якую

Свойская загіне;

Забывайце песьню, што вам

Вораг ваш накіне.

Ой, гадуйце, падлівайце

Гай жывы, зялёны:

Сэрцу добраму давайце

Добрыя паклоны.

Паважайце тую птушку,

Што крыўды ня робе;

Не цурайцесь роднай песьні

Ў шчасьці і ў жалобе.

Папросту

Простым мы словам зь сьветам гаворым,

Песьні аб цяжкай творым нягодзе,

З думкамі рвёмся к сонцу і зорам,

Рвёмся к свабодзе.

Простая нашых прадзедаў слава,

Хоць апаганена мудрым чужынцам;

Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа —

Простым гасьцінцам.

Сьвет там выдумкі хітрыя знае —

Троны, кароны, вісельні, кулі, —

Выдумаць гэта мы ў сваім краі

Неяк мінулі.

Летась нягодна, сёлета горай

Проста жылося, проста жывецца,

Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы

Кожны к нам прэцца.

Нас гадавалі віхры і ночкі,

Крыўдай паілі нас ад пялёнкі —

Толькі ж папросту мы ня йшлі ўпрочкі

З роднай старонкі.

Хочам папросту, каб лепш ручыла

Нашым хацінам, нашым прыплодам,

Каб стаць раўнёю славай і сілай

Іншым народам.

Проста жывём мы, як доля лучыць,

I крывадушыць не прабавалі…

Просім папросту: кіньце нас мучыць,

Ляхі, маскалі!

Вучыся…

Вучыся, нябожа, вучэньне паможа

Змагацца зь нядоляй, зь няволяй…

Што мучыць сягоньня, што думкі трывожа, —

Зьбяжыць і ня прыйдзе ніколі.

Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,

Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;

Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,

Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.

Такая прынука, як труд і навука,

Ці ж можа нам сіл не дадаці?

З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука

I гора сваё зваяваці.

Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,

Ой, будзе — а толькі вазьміся!..

I знойдзецца ў працы аддыхі часінка,

I ў крыўду ўрагом не дасіся.

Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш

I к долі, і к волі, і к славе…

Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,

Ці дома, ці на школьнай лаве.

Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,

Адзін толькі ты ані дбаеш!

Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй,

I шчасьце ж такое ты маеш…

У вучылішчэ

Клумак з кніжкамі пад пахай,

Думак поўна галава, —

Там у школу даўным шляхам

Сыпе сельская дзятва.

Гурмам сыпе да навукі, —

Знаць ахвоту, ўвагу знаць:

Як жа, трэба знаньня штукі

Сходаць, скеміць, пераняць!

Буквы з памяці той клеце,

Той «таблічку» ў нос бурчыць;

Адным словам, яшчэ дзеці,

Адным словам, трэба ўчыць!

Янінцэ Паўловіч

Для Янінкі, для цёзкі,

Шлю паклон шчыры зь вёскі:

Жычу весела расьці, ўсе навукі перайсьці,

I шчасьліва, і ахвотна,

Ды бяз сумнасьці маркотнай

Песьні пець

І ляцець

Па-над борам

К сонцу, к зорам,

З вольнай думкай па-над гаем,

Па-над нашым бедным краем…

*

Для Янінкі, для цёзкі,

Шлю паклон шчыры зь вёскі:

Жычу, посьле ўсіх навук без прынукі і дакук,

Жыці з мужам, а багатым,

Каб была век доля сьвятам,

Добра жыць

І любіць

Дружку дружка,

Як пяюшка —

Птушка птушку, што век звонка

Славіць нашую старонку

І са мною для цёзкі

Шле паклон шчыры зь вёскі!..

Ён і яна

Гэткай пары на сьвеце

Роўных ім не было:

Ён арлом мог глядзеці,

Ёй да твару ўсё йшло.

Безь яго ёй ня жыці,

А яму безь яе,

Думка ў думку злажыці

Так умелі свае.

Не чапалі іх мукі

I ні крыўда, ні плач,

Да ўсяго мелі рукі —

Толькі знай, толькі бач!

Слава йшла полем-борам,

I то йшла ня бы як —

Ажна цёмненькім зорам

Было зайздрасна так.

Скуль яны узяліся,

Гэта ім толькі знаць;

Да іх кожны маліўся,

Ці за іх — не згадаць!

Так жылі, многа сьцёрлі

Лет сваіх маладых;

Як жылі, так памёрлі,

Пахавалі так іх.

Так патухла іх імя,

Дый праз завід, ці што,

Не заплакаў над імі

I нідзе, і ніхто.

Толькі чулыя людзі

Ўзьнесьлі насып зь зямлі,

Далі камень на грудзі,

Напіс важны далі:

«Дзьве душы Бога просяць,

Каб хоць так бедным ім

На тым сьвеце жылося,

Як тут зь імі жывым.

Бо жыла так прыгожа

Гэта пара адна:

Ён быў Голад-нябожа,

А Няволя — яна».

Падымайся, ўставай!

Падымайся, ўставай!

Апранай капоту:

Ад двара, ад купца

Клічуць на работу.

Падымайся, ўставай!

Шмат ё латаць дзюрак:

Зарос кустам дзірван,

Трэба сотню шурак.

Падымайся, ўставай!

Умыйся сьлязою:

Кабыліну ваўкі

Кончаць за гарою.

Падымайся, ўставай!

Думкі патрывожы:

Хмара йшла, разьнясла

Твае гоні-збожжа.

Падымайся, ўставай!

Зьвяла немач сына:

Трэба ймшу закупіць,

Трэба дамавіна.

Падымайся, ўставай!

Не бурчы спрасонку:

Дружкі йшлі і зайшлі,

Просяць у карчомку.

Падымайся, ўставай!

Прапіў, выпіў — годзе!

Цэлы сьвет у вачах

Калаўротам ходзе.

Падымайся, ўставай!..

I нашто ж ты здаўся?

Пацягнулі ў астрог;

Ну, вось і даспаўся!

Мой пагляд і мэта

З прыпевак тутэйшага

Я па закону і па веры

Ганю свой быт паміж людзей;

Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,

Крывулі ў ім каб ні аднэй.

Таму я — кум, таму я — сват;

Той мне, таму штось вінен я;

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Да гаспадаркі маю клёку:

Як дзед, як прадзед, так вяду;

Штось мо' й ня так, як глянуць збоку,

Але я дзьму на ўсё ў дуду…

Кусток лазовы, ўзрэхаў рад —

Ня бачу ў гэтым грэху я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Я к працы здатны і ахвочы —

З гультайствам дружбы не вяду;

Натое Бог дзянёк рабочы

Даў чалавеку на раду;

Тры ж дні якія ў тыдзень сьвят

Прасьвяткаваць магу і я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Жыву з суседзьмі па-суседску, —

Пакорны згоды я слуга;

Ня быць нікому ў воку рэдзькай

Я век стараюсь як мага.

Які ж «на козыр» возьме «гад» —

Дзяржу ў руках кол ёмка я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Зладзейства — крый ты мяне Божа,

Каб я зрабіў… ражон мне ў бок!

Каня ж напасьціць чужым збожжам,

У панскім лесе сьсеч дубок,

Сянца напхаці панарад —

Яшчэ згаджуся з гэтым я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Зьдзірач, працэнтнік, ліхаімца —

Ў мяне такі не чалавек;

Я сам з другімі рад дзяліцца,

Але ўсё ў меру, як той лек:

Ніколі больш як «пяцьдзесят

За сто» і ўзяць ня сьмею я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Я п'янства, п'яніц прост ня зношу:

Іх вораг — я, яны — мае;

Калі ж сусед мне скажа: «проша»

I чарку ставіць на стале,

Ўступаю просьбам, рад ня рад.

Што ж? — дзьве-тры чаркі — ня хвор я…

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

На пана, жыда і на чына

Ня маю ласкі ні крыхі;

Хоць перад першым сагнуць сьпіну,

З другім гешэфцік завясьці,

А з трэйцім знаць ў хабарах лад —

Не ад таго падчас і я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Як людзі добрыя, навукі

Я з малку дзён пакаштаваў

I расьпішуся без прынукі,

Сынка ж у школу не даваў.

Дзед без навукі жыў лет шмат,

I сыну ж тое дзяўблю я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Люблю чытаць я і газэты:

Як, дзе, што — ведаці люблю;

Сякі-такі толк знаю ў гэтым —

Купляць жа — дык не прызнаю…

Сусед пазычыць яе рад,

Чытаць за «дзякуй» ласкаў я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Знаём з расейскай, з польскай мовай;

Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,

Хаця ня зрокся і «вясковай» —

«Папросту» з «простым» гавару.

Зь яе ж рабіць які парад,

За гэта дзякую ўжо я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

*

Так па закону і па веры

Ганю свой век паміж людзей;

Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,

Крывулі ў ім каб ні аднэй.

Таму я — кум, таму я — сват,

Той мне, таму штось вінен я.

Такі на ўсё ў мяне пагляд,

Такая мэта ўжо мая.

Загрузка...