Горы ды каменьне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша поле,
Поле нашай вёскі.
Курныя ваконцы —
Каб сьвятла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.
Лапці ды сярмягі —
Як абраз ня боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.
Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі:
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.
Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасьцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьцяў!
Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны.
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.
Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
Зь сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.
Мучысься, вёска, няпраўдай старой…
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.
Вецер і моц, знаць, табе прынясе
Зь песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою зь нядоляй.
Там, за лесам-борам,
На апецы боскай,
Як нядолі сьведка,
Села наша вёска.
Ёй няма спачынку,
Ёй няма пацехі,
Крышыць, ломіць вецер
I платы, і стрэхі.
А хоць і няўдала
Выглядаюць хаты,
Ходзяць к ёй у госьці
Бедны і багаты.
I ўсё б чыста зь вёскі,
Што маглі, забралі,
А што ж далі вёсцы?
Гэй! скажы, што далі?
Далі тую долю,
Што ўсе праклінаюць,
Далі тую волю,
Што ў няволі маюць…
Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсьць гэты сьвет вялік,
Зь мяне сьмяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я не умею,
Ня ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
I сьвята рэдка калі знаю, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
I, як сабака, сьвет пакінуць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
I кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!
Дайце скрыпку мне маю.
Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло —
Ветрам хоць разьвей,
Завяло ж там, завяло
Бяздольле людзей!
Бачыш, быццам чалавек,
Векам малады:
Сьлёзы лезуць з-пад павек,
Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палях,
Сышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзях,
У каленях дрож.
Колькі слава і рука
За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
Сном вячыстым сьпіць,
За ўсю працу, за ўвесь труд,
Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
Мачыху-зямлю, —
Увосень схопіць недарод
За работу ўсю.
Зімой — холадам зь сям'ёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
I не паглядзіш —
Ачапіў Мікіту звод,
Лёг пад белы крыж.
Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў — лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду — як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век безь перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
I вось — дайцеся ўсе дзіву —
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем, —
Цяпер стар, і ўсё ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце —
Я таксама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-насам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс.
Замест ружаў, геаргіняў —
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі ў дамавіне
Ляжу я — нядолі сын.
Спачываю, пазабыты
I чужымі, і сваймі…
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў зь зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восеньню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішча, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком,
Можа, сэрца чыё дрогне
I ўздыхне над мужыком.
Сагнуўшы плечы ў крук,
Араў зямлю Паўлюк,
Як чорны вол варочаў,
А з дня ў дзень, з году ў год
За плот шоў ўвесь прыплод,
Сам днём блудзіў, як ночай.
Так выйшла ўся моц з жыл, —
Араць ня стала сіл,
Настаў канец дакукі…
З касою сьмерць прыйшла,
З сабой весьць прынясла:
Пара складаці рукі!
Ўзяў шлюб зь зямлёй Паўлюк,
Ня гне ўжо плечы ў крук,
Быдлём ня чэзьне болей.
Памёр і не спазнаў,
Што на чужых араў
Ўвесь век чужое поле.
За сахой, бараной,
За сярпом і касой
З дня на дзень, з году ў год
Сьлёзы, пот лье народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Хлеб наш людзі ядуць,
Мы ж мякіну жуём!..
З тапаром і пілой
Маразянай зімой
З дня на дзень, з году ў год
Шуркі ставіць народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Аграваем другіх,
Самі холад клянём!..
На палац, на пакой
На сьпіне на худой
З дня на дзень, з году ў год
Бэлькі носіць народ,
А за гэта за ўсё
Што здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяем,
Дамы ставім людзям,
Самі мром пад вуглом!..
Як выйду за хату
На траву-лагі,
А што ж касіць буду,
Божа дарагі?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што ж буду касіць?..
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Сівец, аер, куп'ё —
Вось і ўсё, вось і ўсё!
Як выйду за хату,
Дзе дабро — шнурок,
А што буду жаць я,
Зьбіраць, везьці ў ток?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што ж буду зьбіраць?
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Мятлу, гірсу, званец, —
Вось і ўсё, і канец!
Як выйду за хату, —
Бор шуміць, пяе…
А што ж буду сеч я,
Дзе хвойкі мае?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Дзе дровы, бярно?
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Лаза, корчык, гнільлё, —
Вось і ўсё, вось і ўсё!
Як выйду за хату, —
Дарога ідзе,
А куды ж, кудою
Мяне павядзе?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Куды ж завядзе?
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
У астрог, у карчму, —
Вось і ўсё усяму!..
Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскія палацы?
Ці там сват, ці камрад,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабіць там
Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
Трудах, потам зьлітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?
А мо' дзе на куце
Разам там саджаюць
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом —
Панскія парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
З шапкаю ў парозе —
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.
А вунь, дзе панна йдзе, —
Якія, ах, шаты!
Што глядзіш? — у яе
Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё ж госьць, —
Думай і аб хаце…
Вось, сабак дворных дзе
Не спаткай, мой браце.
Ну, пайшоў ты дамоў
Нязваны, нясланы,
Са сьлязой пад брывой,
Нясыты, няп'яны.
Знаць, ня так, небарак,
Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
Піці, весяліцца.
Што ж рабіць? трэба жыць…
Слухай долі-маткі
I панам ня хлюсьці,
Пільнуй сваёй хаткі,
Цемнаце, беднаце
Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
Каб на рэчы знаўся.
Вер, ня вер, як ня мер,
Мой гаротны браце, —
Дзе радзіўся, дзе ўзрос, —
Трэба і ўміраці.
Сажань шырынёю
Надзельны шнурок…
Пустыня, бяз гною,
Каменьне, пясок…
Пад сьнегам адпрэла
Жытцо за зіму;
Прыхваціпа, зьела
Сьпека ярыну.
Бульба — як арэхі,
Як цьвек — бурачок…
— Вось скарбы, пацехі
Твае, мужычок!
Багаты будзь зь нівы,
Ўвесь чынш заплаці;
Будзь весел, шчасьлівы,
Ня пі, не крадзі!
Жый згодна з усімі
І Бога хвалі,
Не крычы з другімі:
«Свабоды! Зямлі!»
Нашто хлеб, нашто багацьце,
Калі нам мякіны хваце?
Нашто боты, чаравікі,
Калі ёсьць лаза і лыкі?
Нашто век зямлі хацеці?
Памром — сажань будзем меці!
Нашто новыя нам хаты?
Казна, двор і так багаты.
Нашто сьвет навукі шчаснай,
Калі сьлёзы сьвецяць ясна?
Нашто лек на гора болькі,
Калі маем манаполькі?
Нашто знаці ўсяго многа?
I так трапім да астрога!..
…I сівер ледзь хаткі ня зьверне,
I сьнегу ані не ўбывае,
А тут у сьвіронку — ні зерня,
Апошняя бульба ўцякае!
I сена няма ад Грамніцаў,
Саломкі той зараз ня хваце;
Кабылка падбегчы баіцца,
Кароўка ня хоча ўставаці.
Даведаўся ў двор і да сына —
Ня служцы куток свой карміці!
I больш не даюць з магазына,
Няма дзе рубля зарабіці…
Нялёгка на сэрцы, нялёгка!
Дум чорных ня збыцца дзень цэлы…
А так яшчэ траўка далёка,
Калі ж і той колас насьпелы?!
Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаце,
Вясна заглядае ў вакно;
Ўжо птушка сьвяргоча, ўжо лісьцік шапоча,
Цябе шнур чакае даўно.
Хай сошка крывая, кабылка худая
I ты сам, крывы і худы,
Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,
На тыя прадзедаў сьляды.
Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
Ты ў крыўду ня даўся б другім:
Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,
Дый сам ты галодзен зусім…
Дык выпрамся ж трошку, дый жыва за сошку,
Ды ў поле — к вялікай арбе!
Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі
Ты выараш, братка, сабе…
Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —
Любі сваю ніву, свой край
I, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засявай!..
Цягнецца араты
За сахой крывой.
Конік сьлепаваты
Трасе галавой.
Бразджыць, скача сошка
То на пень, то з пня…
Цяжанькая ношка,
Араты, твая!
Стаў з трудоў гарбаты,
Хоць яшчэ ня стар,
Падбел пабіў пяты,
Загарэў ўвесь твар.
I ногі, і рукі
Крывыя дрыжаць;
Зь якой, ах, прынукі
Мусіш гараваць?
Што цябе ганяе
Так трудзіцца век:
Ці доля такая,
Ці зьвер-чалавек?
Ну, ідзі, араты,
Гэй, далей ідзі!
Шнурок вузкаваты
Ары, не глядзі.
Ў сыру зямлю прутка
Сошку закладай,
Каня пугай хутка
Гані, паганяй.
Скібіну ў скібіну,
Загон у загон,
Вылі дзесяціну,
Не лічы варон!
За кожным зваротам
Баразну ральлі
Палівай ты потам,
Сьлязіной палі.
Змогся. Час прысесьці,
Аддыхнуць, дружок…
Нясе жонка есьці
Цэлы спарышок.
Ну, што, баба, гэта
Хлеба не нясеш?..
Ці ж на то ўсё лета,
Араты, арэш?
Ці ж на тое трэба
Ліці табе пот,
Каб есьці бяз хлеба
Лебяду, асот?
Ці ж на тое ў полі,
Хоць душой замры,
Б'есься без патолі
З зары да зары?
Доля твая, доля!
Дзе ж яна расла?
На чыстае поле
Хіба уцякла!
Ой ты, мой араты,
Хмары ты хмурней:
Зь цябе сьвет багаты,
Ты ж усіх бядней…
Дзе вы, брацьці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?
Гэй, дакуль на вас трэба чакаць?
Час вам косы кляпаць, час вам на сенажаць,
Час вам сілу сваю паказаць!
Пакуль згіне раса, хай засьвішча каса,
Няхай вале ў пракосы траву;
Няхай прыйдзе канец на сівец, на званец, —
Хай пазнаюць усе грамаду!
Сонца паліць агнём, пот ліецца цурком…
Гэй, прывыклі да гэтага вы!
Як вы толькі ўзрасьлі, к працы цяжкай ішлі,
І ніхто не жалеў вас ані!
Пот ліецца цурком, — абмахні рукавом
Дый касой замахай весялей,
I з упаўшай грудзі песьню сьлёз завядзі
Песьню родную долі сваей!
Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні,
Пакуль хмараў на небе няма;
Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,
Гэта наша пацеха адна!..
Чуць на небе зара
Занімаецца,
Ў курнай хаце мужык
Падымаецца,
Цягне сьвітку з пала
Прапацелую,
Цягне лапці з калка
Скарчанелыя.
I касу ён бярэ
Адкляпаную,
I жарсьцьвянку нясе
Дзераўляную.
Так на луг ён ідзе
Свой някошаны,
Зь песьняй топіць касу
Ў траве зрошанай.
Яго сілу ў касьбе
Відаць моцную,
Дый у песьні сьлязу
Чуць гаротнага…
Кожны раз, як жывой муравой-дываном
Лета высьцеле луг, сенажаць, —
Косы сьвішчуць, зьвіняць над ракой за сялом,
За касой касцоў песьні чуваць.
Ясна косы блішчаць у цьвітучай расе,
Высьцілаюць пракос у пракос;
Песьні зь ветрам шумяць, пушча водклік нясе, —
Пушча слухае песень і кос.
Шле яна свой адказ ад капцоў да капцоў,
Заміраючы ў вечнай жальбе;
Ці даждуся калі кос і песень касцоў
На другой, на вялікай касьбе?..
Натачы, кавалёк,
Вострым-востра сярпок,
Адпусьці, назубі, загартуй;
I ляшчынкі кусок
Адпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.
Насьпяліўся шнурок,
Б'е паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шалясьціць.
Пойдзе ходам сярпок,
Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць.
Страшыў ніўку грамок,
Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела кляваць;
Шлі заломы, урок, —
Не збаяўся хлябок! —
Памажы, Божа, толькі зажаць!
Ляжа сноп у снапок,
Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песьня шнурка!
Будзе рад бедачок
Звозіць скарб у тачок, —
Вось яна, з мазалямі рука!
Красаваў, наліваўся
I дасьпеў шнур мужычы;
Час вам, жнейкі, на бітву!
Постаць кліча, ой, кліча.
Сонца ўзыдзе і зайдзе,
Не кідае зямелькі,
Правядзе і спаткае
Ў поле, з поля вас, жнейкі.
Выйшлі з хатак за вёску,
Гнуцца, бедныя, ў полі,
Толькі песьню чуваці
Іхняй долі-нядолі.
Жніце, жніце, галубкі,
Сваю радасьць і сьлёзы!
Трэба многа нажаці —
Прыйдзе зімка, марозы:
К той прытуліцца братка,
К той — маленькі сынулька,
А ўсё хлеба, ой, хлеба
Дай, сястрыца, матулька!
Ходзяць хмары па небе
Зь нейкай дзіўнай трывогай;
Чутна жнейкіна песьня,
Нуды ў песьні той многа.
Хто зьлічыў тыя каплі,
Што нам неба прыносіць?
Хто прыслухаўся, людзі,
Аб чым жнейка галосіць?!.
Годзе, жытцо маё, годзе, насьпелае,
З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;
Годзе шумеці думкі нясьмелые,
Годзе загоны сабой харашыць!
Жнеяў прышла во дружына вялікая,
С песьняй за дзела ўзялася сваё;
Серп, як маланка, ўскок бегае, сыкае,
Глуха снапамі кладзецца жытцо.
Сталі ў калючым аржонні с павагаю
Мэтлікі шнурам адзін за адным;
Сэрцэ забілось надзеі адвагаю:
Ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым.
Эх, заплаці-ж, дабрыцо, ты аратаму
За яго ў полі ўвесь труд над табой:
Дай ты багацьце яму небагатаму—
С клеці ня зводзься ягонай пустой.
Хай яго збудуцца думкі, адналечэ
Гэтулькі вынясе, выцярпе ён,
З году у год аручы, засеваючы,
Потам, крывёю абліты загон!..
Бор наш высокі над усе бары,
Двор наш багаты над усе двары,
Шнур наш вузенькі над усе шнуры, —
Коціцца, ўецца ў гару, то з гары.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
Дворны палетак з канца у канец
Пройдзе, схаваўшысь, высок маладзец;
Шнур наш хаваецца ў гірсу, ў званец,
Зьліча калосьсе найменшы хлапец.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
Шнур і палетак мужыцкай рукой
Выаран гладка, засеян парой,
Скроплен — каб лепей рос — жудкай расой:
Потам мужычым, крывёй і сьлязой.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
Скора мы, жнейкі, шнурок свой дажнём,
Панскі палетак тады жаць пайдзём;
Гойна заплацяць там нам медзяком,
Мы на дажынкі вянок ім спляцем.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
Водкі к дажынкам ня будзе няхват;
Песьню сьпяём мы ўсе пану ўпадрад:
Будзь нам багат, панок, будзь весел, рад,
Зь лета у лета будзь сыт і багат.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
Постаць нязжатая слотамі гноіцца,
Птушкай цярэбіцца, ветрам малоціцца.
Колас сагнуўся, зьмяшаўся з гразёй;
Зжатыя снопікі ў мэтлях валяюцца,
Віхрам зрываюцца, зерне зрастаецца…
Як жа ты, шнур наш, глядзіш сіратой!
Столькі і працы, і поту загнанымі
Ўложана ў ніву скупую сялянамі,
Столькі пайшло уздыханьня, мальбы!
Гляньце — усё нішчыцца злой непагодаю,
Неба ня зжаліцца над зямлі ўродаю,
Неба ня чуе ні скарг, ні кляцьбы.
Сэрца забытых крывёй абліваецца
Доля няшчаснага ў полі бадзяецца
Рады зьнікуль не відаць і ня чуць;
Думы ўзьнімаюцца, думы маркотныя:
Што бедакі, хлебаробы гаротныя
Холадам, голадам зімнім пачнуць?
Белай пялёнкаю сьнег разьлягаецца,
З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца,
Ў сьцены бязьлітасна валіць мароз…
Дзе тут схаваціся, дзе прытуліціся?
Дзе на кусок хлеба ў сьцюжу разжыціся?
Божа… а сьлёз тых, о, колькі тых сьлёз!..
I чаго ж, непагода сьлязьлівая,
Непрасьветна вісіш над зямлёй?
Што ўрадзіла нам ніва убогая,
I таго не сабраць за табой!
У пракосе, ў капе, дый няскошана
I стаіць, і гніе сенажаць;
I ў снапах, і нязжатым бадзяецца
Дабро ў полі, аж сьлёз не стрымаць.
I ня хочаш ты гору мужычаму
Спагадаць, непагода, ані;
Не глядзіш, як ён будзе праводзіці
Зь дзецьмі, з жонкай зімовыя дні…
Што пачне ён, бядак, як расьсьцелецца
Белы сьвет на дварэ, на страсе?
Чым сямейку карміць яму прыйдзецца
I трасянкі з чаго натрасе?
Дзіцё плакаці будзе галоднае,
Будзе ў хлеве кароўка рыкаць,
Будзе сам ён стагнаць, а мяцеліца
Будзе выць, будзе ўсім падцінаць.
Прыйшла восень, мужычок,
Ой, прыйшла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.
Працаваў ты, працаваў
Круглы год.
Разьліваў ты, разьліваў
Кроў і пот, —
Надзяліў жа малайца
Труд вялік:
Налажыў куток сянца
Наш мужык.
Злажыў торпамі ў таку
Скарб — снапы:
Акалоту у кутку
З паўкапы;
З копку грэчкі і аўса
Ў другі кут.
Вось і плата табе ўся
За твой труд.
Ідзі ў ток, ідзі да дня
Цэпам бі
I кароўку, і каня
Накармі.
Адбяры, што ўзяў вясной,
У магазын,
Насып мех ты збажыной,
Вязі ў млын…
Прыйшла восень, мужычок,
Ой, прыйшла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.
Каля зоркі зорка
Ўніз глядзіць, мігціць;
Каля горкі горка
Сьнегам зіхаціць.
На гасьцінцы скрогат,
На прысадах інь,
Чутна воўчы рогат…
Глуш, дзе вокам кінь.
Цягнецца каняжка,
Сані — за канём;
Янка пад сярмяжкай
На санях клубком.
Сіверна, марозна,
Забірае дрож,
Пырхае трывожна,
Толькі жыў гнядош.
Неба залаціцца,
Пад санямі шум;
Многа Янцы сьніцца
Ў гэту ночку дум…
Аб спакойнай вёсцы,
Аб кутку сваім,
Аб вясьне, аб сонцы,
Аб жыцьці другім.
Міла ў думках брэдзе,
Цешыцца праз сон,
Але ці даедзе?
Ці даедзе ён?..
На марозе, на мяцеліцы
Прынёс сівер зіму срогую;
Людцы песьняй не вяселяцца,
Ўхаты крыюцца з трывогаю.
Ўсё замёрзла пад пялёнкаю
Сьнегу белага, халоднага;
Страх мець холад над старонкаю
Для убогага, галоднага!
Ня плач, бедны, сьлязой горкаю!
Да вясны трэба памучыцца:
Ўзойдзе доля новай зоркаю,
I няшчасным папець лучыцца.
Мей надзею ў сэрцы ясную,
Што ня век зіма паношыцца,
I бяз жальб, што шлеш напрасныя,
Сьлёзы высахнуць па крошачцы.
Белы стрэхі, бела поле;
Змоўкла птушак сакатаньне.
Гайда, Янка! Вось раздольле!
Кінь калёсы — выладзь сані!
Заскакаў мароз па сьценах,
Віхры ў коміне галосяць;
Дроў у хаце ні палена,
Дзеці, жонка есьці просяць…
Не пужайся гэткіх хмураў:
Шмат у горад шурак трэба;
Хай жа дрогне лес пануры, —
Папрасі сякерай хлеба!
Гайда, жыва! Што ня ўмеру
Там трасесься, як у трасцы?
Насталі сваю сякеру,
Хай у пушчы стук раздасца!..
Ты худы, кабылка худа —
Хвойку вывезьлі, аж міла!
Даказалі-такі цуду:
Конь, мужык на сьвеце — сіла!
Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
Якой долі?
— Хлеба, солі.
А што болей?
— Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
— Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысьціўся?
— Пры дарожцы.
Чым асьвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Ня быць скотам…
Ад сьвету, ад Бога
Жадаю нямнога:
Зямелькі з валоку,
К ёй шнур неўдалёку,
Зь сьвятлічкай хацінку,
За жонку дзяўчынку,
Кусок салца к хлебу,
Рубля на патрэбу,
Здароўя чым болей,
Крыху долі, волі —
I ўсё! больш нічога…
Ну, ці ж гэта многа?!
Праз што плачаш, мужычок?
— Празь людзей і неба.
Чаго хочаш, мужычок?
— Трохі солі, хлеба.
Калі шчасьліў, мужычок?
— Як водкі нап’юся.
Калі грозен, мужычок?
— Як з жонкаю б’юся.
Праз каго сыт, мужычок?
— Праз свой труд і сілу.
А ня ў крыўдзе калі ты?
— Як лягу ў магілу.
Трэба мне, сіротцы, доля.
Ой, трэба:
Няма хаткі, няма поля
І хлеба.
На тым сьвеце бацька, маці
Ў магіле, —
Сама я запрацаваці
Ня ў сіле.
Хто ж адзецца, пракарміцца
Паможа?
Дзе падзецца, прытуліцца,
Мой Божа?
Пайду к дрэўцу прытулюся,
Заплачу;
К зоркам думкай памалюся
Бядачай.
Пашлю скаргу, хай нясецца
За мора,
Як мне цяжанька жывецца, —
Гавора.
Мо' ня льюць там сьлёз напрасна
Паводкай,
Маюць літасьць над няшчаснай
Сіроткай.
Стогне бор, віхры зрываюць
Плёт з стрэхаў, —
Мае жальбы заміраюць
Бяз рэха…
Былі ў бацькі тры сыны,
Ды ўсе ж яны Васілі.
Адзін служыць у дварэ,
Поле панскае арэ;
Другі стражнікам зь іх стаў,
Куляй, шабляй засьвістаў;
Трэйці згінуў у баю
За свабоду і зямлю.
Бацька ў вёсцы сваёй сьпіць,
I дуда пры ім ляжыць;
Ён часамі дзьме ў яе,
Песьню нудную пяе:
Ой ты, дудка, ой, дуда!
Бяда жыці мне, бяда!
Не вяселіш ты мяне
Ў маёй беднай старане.
Ніваў загоны,
Лес, сенажатка,
Садзік зялёны
І гэта хатка —
Ня нашы, братка…
Сёлета гэта
Выарам гладка,
Далей на лета
Чуць-чуць з апраткай
Цягнемся, братка.
Потам абліта
Ніва і градка,
Наша рунь жыта
Дый сенажатка —
Панскія, братка.
А хоць нам трэба,
Так, неспагадка,
Мець кусок хлеба, —
Вер, будзе сьвятка
І ў нас, мой братка!
Пройдзе, як вейка,
Крыўда і звадка,
Будзе зямелька,
Будзе і хатка
- Ў магілцы, братка!..
Як спыніўся я за хатай,
Як пайшоў, —
Ні прыстанішча, ні сьвята
Не знайшоў.
Сьвецяць зоры дабрадзейна,
Зіхацяць, —
Маёй толькі безьзямельнай
Не відаць.
Я з рукамі позна, рана
К сім і тым:
І к сваёму і да пана, —
Служу ўсім;
I ару, і бараную,
Засяю,
На ўрадлівасьць жа гляджу я
Не сваю!
Пастыр стадка ў поле гоніць
I пяе:
Дзе ж кароўкі, валы, коні,
Дзе мае?
Ці на небе хмары тыя,
Ці ў вадзе?
I сюды я, і туды я —
Ой, нідзе!
За кусок той хлеба чорны
Ты аддай
Сілу, думкі, — будзь пакорны
I чакай!..
Нямой рыбай аб лёд біся
Век-вяком
I ў магілку паваліся
Бедаком.
Вецер енчыць, сьвішча ў полі,
Вольна дзьме,
Кляне, моліцца ў нядолі
За мяне.
Ходзяць хмары чарадою
Над зямлёй,
Плачуць, плачуць нада мною
Сіратой…
Што за шчасьце, што за доля,
Мой Божа!
Ані хаткі, ані поля,
Ні збожжа!..
Па чужых кутах бадзяцца
Век трэба,
I гавець, і адгаўляцца
Бяз хлеба,
Гінуць сілы над чужою
Работай.
Заліваесься сьлязою
З ахвотай.
Ці тут п'яўкі, ці тут людзі —
Хто зьведаў? —
Адно ўнуку сохнуць грудзі,
Як дзеду.
Жывеш, мучысься бяз толку,
Бяз волі,
Хоць жывы лезь у дамоўку
Зь нядолі.
Пайду к пушчы загукаю
Да зоркаў,
Як мне ў бедным родным краю
Жыць горка…
Што за шчасьце, што за доля,
Мой Божа!
Ані хаткі, ані поля,
Ні збожжа…
Растапілісь гурбы,
Зачарнелі скібы, —
Гайда, безьзямельнік!
Пашукай сялібы!
Шмат зямлі на сьвеце,
Шмат на сьвеце хатак, —
Толькі безьзямельных
Мінуў гэты датак…
Скідае куточак,
Азярняціць поле, —
Бач, пагналі далей,
Гоняць без патолі!
Пхнецца безьзямельнік,
Стогне, уздыхае, —
Падпякае сонца,
Дожджык палівае.
Вецярок калыша,
Як галінку тую,
Песеньку заводзіць,
Як жыцьцё, старую…
Не ўздыхай, мой родны!
Знойдзеш, — прыйдзе сьвята:
Слаўным, роўным станеш
Зь бедным і багатым!
З чатырох дылёвак
Будзеш мець мясьціну,
На век вечны поля
Роўна тры аршыны.
Ляжаш там, заляжаш,
Бедачок сярмяжны,
У дзянькі і ночкі
Ціха і паважна…
А цяпер, сягоньня,
Па лясах, па скібах,
Гайда, безьзямельнік,
Пашукай сялібы!
Паляці ты лесам, полем,
Голас неразьвейны,
Аб той долі ці нядолі,
Долі безьзямельнай.
Ці ж ня пан я, не вяльможны?
Бойцеся вы Бога!
Нават злодзей, на ўсё сквапны,
Не ўкрадзе нічога.
Маё поле, мае гоні —
Воблакі сівыя,
Маё стадка, мае коні —
Хмары вараныя.
Маё поле арэ вецер
I пасе скаціну,
Што бушуе падчас лішне
Ў летнюю часіну.
Мой палац, хто ведаць хоча, —
Неба прастор гэты,
Што ўдзень сонцам, зормі ночай
Сьвеціцца адзеты.
Ніхто не пераарэ мне
Мяжы ў маім полі,
Там падаткаў не плачу я
Нікому, ніколі.
Як узойдзе маё поле,
Высокая ніва,
Туды мчацца мае думкі
Па сваё па жніва.
Мчацца думкі, зьвіняць песьні
Вольна, неразьвейна
Аб той долі ці нядолі,
Долі безьзямельнай.
Ой, скажы ты, безьзямельнік,
Вашэці,
Скуль ты ўзяўся, бедачына,
На сьвеце?
Ці скрасілі цябе лёды,
Марозы?
Ці вылілі цябе воды
Са сьлёзаў?
Дзе ўзрастаў ты, безьзямельны,
Хаваўся?
Пад якой страхой, мазольнік,
Бадзяўся?
Ці пад плотам-частаколам
Багатых,
Ці на прызьбе родных сёлаў,
Пад хатай?
Хто атуліваў малога
Ў пялёнкі?
Хто пеў песьні пры калысцы
Ў пацёмкі?
Ці то вецер, што бяз толку
Галосіць
I зь бядачых хат саломку
Разносіць?
Чым ты хрышчан, які меў ты
Адзетак?
Чым кармілі цябе людзі
Шмат летак?
Ці то плотам, зьнемажэньнем
Нязьменным,
Ці то крыўдай, паніжэньнем
Штодзенным?
Хто вучыў цябе, малога
Як дзіцяцю,
Як шукаць на сьвеце долі,
Багацьця?
Ці паводкі, што сьвет рыюць
Вясною,
Ці мяцеліцы, што выюць
Зімою?
Ой, чаго ты спадзяваўся
Ад сьвету,
Як зьявіўся на зямельку
На гэту?
Ці карчомкі таёй п'янай,
Гуляшчай,
Ці цямнічкі акаванай,
Лядашчай?
А як сьмерць на цябе, мілы,
Надойдзе,
Дзе магілка твая будзе,
Крыж твой дзе?
Ці ў чужым далёкім краі,
Ў няволі,
Ці пад родным лесам, гаем,
У полі?
Ну, дакуль жа ты ўсё будзеш
Марнеці
Без прыпынку, без пацехі
На сьвеце?
З дня на дзень бядак чакае
Ўсё сонца, —
Раса вочы выядае
Бясконца.
Ох, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Ціснуць думы знаныя,
Жалем выліваныя.
У цябе, саколіка,
Ані свайго полейка,
Ані свайго воліка,
Ані свайго століка.
Ходзіш ты вячорамі
Зь ціхаю пакораю,
Бачаць неба з зорамі,
Полейка з разорамі.
I клянеш напэўнае
Гора не разьвейнае,
Долю пустасейную,
Долю безьзямельную.
Толькі думы думныя
Чуюць хмары буйныя,
Хвойкі, елкі шумныя
Дый ня людзі чуйныя.
Вось, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Бачу ўсё мне знанае,
Сьлязьмі паліванае.
Дзе мой дом, дзе ты, хата мая,
Дзе загон хлебадайнай зямлі?
Сам — зь бядой, ні жыцьця, ні пуцьця!
Знай, гаруй ды магілку хвалі.
Дзень і ноч нада мной, сіратой,
Стогне, сьцелецца стада хмурын,
Дзень і ноч то сьлязой, то крывёй
Сьцежку росіш адзін, сам адзін!
З году ў год злыдні з кута ў куток
Пруць у сьвет, сьвету знаць не даюць;
Як вятрышчы сарваны лісток,
Падхапілі, нясуць і нясуць.
Знай, нясуць, вось скруцілі, згнялі,
А ўсё пруць, усё ў сьвет, на той сьвет;
Вось і звон, шмат званоў… Загулі…
Бач, труна, пры труне адзін дзед.
Жыў, ня жыў, шчасьця знаў, не зазнаў,
Палажылі ў дамоўку — ляжы!
Дайце ж камень на грудзь, каб ня ўстаў
Безьзямельнік, гаротнік сьляпы!..