З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай
маланкі выткаў бы шаты,
З сонца і кветак-пралесак карону —
вяночак зьвіў бы табе я.
З пальмаў, з цыпрысаў сьвятліцу ў цьвітучай,
цяністай строіў бы кнеі;
Воблачак зьняў бы на трон зь небасклону,
з-пад сонца пышны, багаты.
Шоў бы ў палац панаваць з каралеўнай,
царэўнай яснай тады я, —
Славіць, шчасьлівіць сваю маладую,
сьвятую песьняй няпетай.
Сэрцавы струны зьвінелі б нязьвеўна,
павеўна гімны жывыя;
Казку тварыў бы з табой залатую —
такую, як думка гэта.
Сьпі, дзяўчына, покуль сонца
Не зайграла над хацінай;
А як сонца на аконца
Бліскі кіне — ўстань, дзяўчына!
Ўстань, зьніміся, схамяніся,
Ўмыйся сочнаю расою,
Сэрцам к сонцу прытуліся,
Ветру дай гуляць з касою!
Ў сонцы віся далей, вышай, —
Паланей, красуй дзянінай,
Не пужаючыся крыжа,
Сонцу роўная дзяўчына!
Заіскрыся кветкай белай
На зялёнай сенажаці;
Кінь патолю думцы сьмелай,
Пасмы радасьці снаваці…
Негаданай песьняй-казкай
Разыграецца часіна…
З сонцам, з сэрцам, зь вечнай ласкай
Не прасьпі вясны, дзяўчына!..
Як у лесе зацьвіталі
Ліпы ды каліна, —
Залатыя сны снавалі
Мы з табой, дзяўчына.
Калыхаліся, шумелі
Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясьцелі
Трысьнягі ды лозы.
Як у жыце наліліся
Каласкі нагінна, —
Сустрэліся, абняліся
Мы з табой, дзяўчына.
Мігацелі, зіхацелі
У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зельле,
Заміралі росы.
Як дасьпела, счырванела
Ягада-рабіна, —
Ўвокал глянулі нясьмела
Мь з табой, дзяўчына.
Верасы пад лісьцем спалі,
Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі.
Журавы ды гусі…
Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці.
Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
Бачыць ня будуць нас людзі.
Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
Буду — слугой, ты — царыцай.
Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханьнем
На зайздрасьць цэламу сьвету.
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй.
Як Людкі ня бачу, —
Ня міла мне жыць:
I сохну, і плачу,
I сон не бяжыць!
I хатка — ня міла,
Ўрагамі — дружкі,
I сьвет — як магіла,
I ночкай — дзянькі!
Як Людку угледзеў,
Забыўся на ўсё! —
I плач уцёк недзе,
I раем — жыцьцё!
Хоць поўна хмар неба, —
Сьвет-яснасьць адна!
Сам сыты бяз хлеба,
Вясёлай душа!
Забыты ўсе болькі,
Што ходзяць са мной, —
Усё хочацца толькі
Быць зь Людкай-красой…
К ружовенькім шчочкам
Губамі прыльнуць
I песьню аб Людцы
На ўвесь сьвет грымнуць!
Грымнуць — прытуліцца
Да белых грудзей,
Упіцца-забыцца
На сьвет, на людзей!
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне, —
Каласісты вянок жыта —
Коска жычкаю павіта;
Пара пасымкаў мятлічкі —
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
Дзьве пралескі — яе вочкі
Ці два ў збожжы васілёчкі;
Яе шчочкі — роўны ў сонцы
Цьвету-ружы ля аконца;
Яе губкі — не калінкі, —
Проста сьпелыя малінкі!
Кветка-лілія з крыніцы —
Шыйка гэтай чараўніцы;
Два букеты зь незабудкі —
Маладыя яе грудкі;
Як хмялёчак небадыльны —
Стан прытульны, перахільны;
Ручкі — хто зраўняўся зь імі!
Так і шчасьце не абыме;
Сэрца… Ўсюды за ім пойдзеш…
Пекла, неба — ўсё там знойдзеш…
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне.
Як сама царыца
У залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж сьпелых гоняў.
З каласкоў вяночак —
Моладасьці сьведка —
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
На грудзях шчасьлівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.
А яна — царыца —
Весела, шчасьліва
Карануе песьняй
Залатое жніва.
Сьмела йдзе у сонцы
Ўся сама — як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.
Я хацеў бы душу адшукаці такую
I такое хацеў бы я сэрца знайсьці,
Што са мной праз жыцьцёвую сьцежку блудную
Захацела б супольна і згодна ісьці.
Вочак пару хацеў бы я мець прад сабою, —
Як у ясныя зоры, ў якія б глядзеў,
І забыўся б, што ходзіць маркотнасьць за мною,
I забыўся б, што крыўды цярплю ад людзей.
Адных губак хацеў бы, што мне б саладзілі
Пацалункамі горкую долю маю,
Што з-пад сэрца, з душы галасок бы здабылі
I ўсяму падціналі, што ў жальбах пяю.
Я хацеў бы знайсьці ручак беленькіх двое,
Што к сабе прыгарнулі б, пясьцілі мяне,
Памаглі б мне змагаціся з чорнай нудою,
А па сьмерці павекі закрылі бы мне.
Я хацеў бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,
Маю долю-нядолю дзяліці са мной,
З сэрцам чыстым, якую б усякай часінкай
Я любіў бы, туліў і служыў бы якой.
Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,
I адной, што мяне б зразумела, душы…
Хачу мала, так мала, а доля ня чуе:
Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.
Не хачу я жонкі
Не з сваёй старонкі,
Як я — багацейшай,
І як я — мудрэйшай.
Я вазьму такую,
К якой любасьць чую,
Што мяне палюбіць,
Як сябе самую.
Будзем зь ёю жыці
I долю хваліці,
Весьці лад у хаце,
Дзетак гадаваці.
I так жыць па праве
Ў добрай будзем славе,
Покуль хаўтуроў нам
Злая сьмерць ня справе.
Не цурайся, дзяўчынка-галубка, мяне!
Пажалей, прыгалуб бедака-сірату:
Збудзі сэрца, збудзі, — хай навек не засьне,
Дабудзь песьню з душы, разгані цемнату.
Не было мне пацех ад людзей, ад жыцьця,
Не заглянула сонца у хату маю, —
Віхры гналі-гулі без канца, без пуцьця,
Ажно долю паганую кляў я сваю…
Ой, так шоў — так сыходзіць мне год за гадком, —
А ёсьць шчасьце, ах, ёсьць на бяспутнай зямлі!
Гэта шчасьце ў каханьні, ў змаганьні са злом —
Дык хадзі ж, не ўцякай — душу, сэрца вазьмі!
Ты і я удваіх станем сьмелай ступой
Змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд,
Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой
За нявольны свой край, за свой змучаны люд!
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым,
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па сьвеце цярністым.
Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым
Заіскрымся ў нябесным прасторы,
Зь ветрам-сокалам душы заручым,
Ў пушчу-лес упляцём загаворы.
Ўночы сумнаю зоркаю глянем
На сады, на амшэлыя хаты;
Чары-сон навядзём заклінаньнем,
Вышлем росы брыльянтныя ў сваты.
Узалоцімся ў сьветлыя сьлёзы,
Ў сьлёзы-іскры забраных загонаў;
Сьнегам-пухам зардзімся ў марозы,
Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.
Адну песьню дзень, ночка хай грае
Нам, сіротам, па сьвеце цярністым…
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым.
Зьмеркла. Цёмнасьць агні пале
У зорак грамадзе:
Тайнасьць жуткая — гэт, здаля
У сьвет ідзе, ідзе.
Дагарэла ўжо лучынка,
Спачываці час!
«Добрай ночы» сьпей, дзяўчынка,
Сьпей хоць раз, хоць раз!
Запей нотай сэрцу блізкай
А долі маей,
Быццам маці над калыскай,
Ты запей, запей!
Пей пацехай, пей разгульна,
Душы не скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
Ты прысьпі, прысьпі!
Сьпеўшы песьню, ў ціхамоўку
Без трывогані
На плячо мне звесь галоўку
I засьні, засьні!
Цемнатой нас ночка скрые
Ад злосьці людзкой;
Будзем сьніці залатые
Сны с табой, с табой!..
Мой міленькі прыйшоў ка мне
Па захадзе ўжо сонца
І ціха ў цёмнай цішыне
Пастукаўся ў аконца.
Заныла сэрцайка маё,
Як гэтае пачула,
Сваё зьняла я акрыцьцё
І на зямлю ступнула.
Ў кашулі выйшла я на двор
Да любага зь сьвятліцы,
А неба рдзела ўжо ад зор,
Шумеў лес над крыніцай.
Шлі ветры: пелі пра красу,
Хісталі стан, любыя,
I распляталі мне касу,
I ласкаталі шыю.
На прызьбе селі мы ўдваіх —
I моўчкі паглядалі,
Як цені з хат і пунь сівых
То ніклі, то ўставалі.
Мяне к сабе ён прыціскаў,
К грудзі туліўся белай,
Глядзеў у вочы, уздыхаў
I штось шаптаў нясьмела.
Сьляза жывая за сьлязой
З маіх зраніц сплывала,
Ў адно мяшалася з расой,
Што на пяску ляжала.
А ночка пела з бліскам зор
Нам сьмелы гімн каханьня,
Сьмяяўся, плакаў сіні бор
Да самага сьвітаньня.
I мілы выйшаў ад мяне,
Адзін пайшоў к пагонцы,
А ўсьлед за ім у цішыне
Ўзыходзіла ўжо сонца…
Зелянелі лагі,
Зацьвіталі сады, —
З маладою сваёй
Я спаткаўся тады.
Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў…
Абняліся мы зь ёй,
Божым сном паплылі
Ўдаль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі,
Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ўдаль да сонца ўдваіх
Заадно зь яснатой…
Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся зь ёй
Туманом і агнём…
Аж нязьменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сьцяной
Паміж намі лягла:
Маладую маю
Разлучылі са мной…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Так расстаўся навек
Я з сваёю вясной.
Ці ты чуеш, дзяўчынка,
Як трасецца хацінка,
Як вятрыска скуголе,
Шум нясе нейкі з поля?
Ці, пачуўшы, пазнала,
Што ўсё гэта нагнала
Табе ў сэрца са сьвету, —
Ці адчула ўсё гэта?..
Гэта восень заводзе,
Сьлёзы лье ў непагодзе
Над табой, нада мною,
Над няшчаснай зямлёю.
Не пужайся ж ты крыкаў
Непагоды вялікай…
Нас Бог крыўдзіць зь людзямі,
Восень плача над намі.
С табою спаткаліся ў лесе:
Багун і чарнобель к нам слаўся,
Сьмеяўся пушчар, а у сьмесе
За ценем цень новы снаваўся.
За намі, прад намі снавалі
Павучные, бледные цені,—
Мяне у палац зазывалі,
Цябе у сьвятые прадсені.
Сьвятая пасьцель небасхілу
Крывавай імглой заплывала,
Пасад заручальны магілай
Пуціна сьлепая хавала.
Пуціна была, мы і тую
Згубілі, як лепей — не зналі:
Ці маем шукаці старую,
Ці к новай блукаціся далей?
Далёкай, нялёгкай сьцяганы хадзьбой,
Пад хвойкай высокай мы селі з табой,
Як цар і царыца;
Шурпаты няжаты сох верас ля ног,
Спаў белы сплясьнелы пад шышкамі мох
Над цёмнай крыніцай.
На сучча плятуча паўзла дзермяза,
Блішчэла нясьмела раса, як сьляза,
На лісьцях лазовых;
Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў
I шумам-задумам законы пісаў
Ў нягаданых словах.
Нам моўча, як ночай, мігцелі агні,
Падгалей міргалі абгніўшыя пні,
Як варта на стражы;
I ціха суліхай сьцікаўся, плыў цень,
За горы, за моры адходзіў наш дзень,
Мінуты ўжо важыў.
Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы,
I поўнач на помач, палохаці сны,
Нязначна падклікаў…
З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў…
Над намі сукамі шум-бор рагатаў
Бяз памяці, дзіка…
Ты прыйшла ка мне тады,
Як зьвінелі халады,
Як стагнаў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.
I сагрэла ты мяне
Ў палуцьме, у палусьне;
Паня ты была, я — пан…
Посьле зноў зацьвіў курган.
Ад мяне пайшла тады,
Падганялі халады,
Скрыпам выў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.
Ты прыйдзі ка мне вясною,
Кветкаю прыйдзі;
Заквіці красой са мною,
Думку разбудзі…
Ты прыйдзі ка мне улетку,
Коласам прыйдзі;
Песьняй жніўнай на палетку
Думку саладзі…
Ты прыйдзі ка мне зімою,
Сонейкам прыйдзі,
Даўнай казкай залатою
Думку абудзі…
Ты прыйдзі ка мне увосень,
Зоркаю прыйдзі;
Ў сьвет далёкі з шумам сосен
Думку павядзі…
Ты прыйдзі і на магілкі,
Кветкаю прыйдзі;
Белай ручкай клён няхілкі
Шчыра пасадзі…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Ты прыйдзі…
Над ракою ў спакою
Зацьвітала каліна;
У сяле за ракою
Вырастала дзяўчына.
Да зялёнай каліны
Прылятала зазюля;
Да дзяўчыны-маліны
Удаваўся Януля.
Над ракой, дзе каліна,
Сенажаць церабілі;
У сяле, дзе хлапчына,
У паход затрубілі.
Перастала каліна
У цьвяточкі ўбірацца;
Перастала дзяўчына
Зь ненаглядным страчацца.
Бедавала зязюля,
Што каліны ня стала;
Бедавала матуля,
Што дзяўчына ўсыхала.
Па рацэ гналі хвалі
Ўдаль галіны каліны;
Людзі ў рэчцы шукалі
Самагубкі-дзяўчыны…
Над ракою ў спакою
Зацьвіла зноў каліна;
А ў зямельцы пад ёю
Спала наша дзяўчына.
Шлях. Каля шляху лес хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
Ў вёсцы — зь сьвятліцай хаціна,
У хаце — з бабуляй дзяўчына.
Там жа паблізку стаяла
Гэткая ж хатка бязмала, —
Хлопец у хаце жыў зь дзедам,
Быў той дзяўчыны суседам.
Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
Зналіся змалку абое,
Зналі і сёе, і тое.
Кожны год цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
Кужаль Маланка снавала,
Цэўкі сукала і ткала.
Улетку кляпаў хлопец коску, —
Шоў луг касіці за вёску;
Сена дзяўчына сушыла,
Ніўку жаць потым хадзіла.
Жыта ляшыў ён увосень
Або лучыну біў з сосен;
Шла яна бульбу капаці
Ці лён часала у хаце.
Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес зь пілою;
Часам яна ў лес хадзіла
Ці на таку малаціла.
Далей, ня так ужо далей:
Янку кудысьці пазвалі,
Там пасадзілі за штосьці,
Не адпусьцілі і ў госьці.
Болей яго я ня бачыў;
Чуў, што ня вельмі там скача, —
Нешта капае, валоча,
Ждучы ўсё сонейка ўночы.
Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым…
Людзі ж казалі, што Янка
Вельмі любіўся з Маланкай.
Сонца ўтульна пазірала,
Птушкі пелі на ўсе тоны;
Кветкі дзеўчынка зрывала
Ля дубровы ля зялёнай.
Заплятала у вяночак,
Прымярала на галоўцы;
Радасьць біла зь яе вочак:
Ёй спрыялі кветкі, сонца.
Чуць вяночак не гатовы —
Не хапала адной кветкі…
Выйшаў хлопец з той дубровы,
Хлопец пекны, стройны гэткі.
Удваёчку ўжо шукаюць
Кветкі ў буйнай сенажаці,
Толькі дзе знайсьці — ня знаюць…
Сталі ў вочы заглядаці.
Так хадзілі ўсё далінкай;
Сонца зь імі ўсьлед хадзіла,
Аж вяночак свой дзяўчынка
Недзе ў лузе загубіла.
Клопат… Бедная ня знае,
Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца?
Кветкі — ўпрочках, — хлопца мае…
Надало ж так памяняцца!
Ходзе, траўкі не зачэпе…
За вянок — дзяцюк прыгожы;
А што горай? а што лепей?
Бабка надвае варожа.
Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць,
З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць,
I кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,
I выгрызе сэрца, і кроў высьсе зь цела.
Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў, —
Прыйшоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю,
Паганячы славу — дзявочую долю.
Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
Па любай сваёй у вялікай жалобе,
Чакае, аж ястраб і зь ім тое зробе.
Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;
Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца маркотны:
Адзін ты, адзін, небарача гаротны!
Галубкіны косьці разьвеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмура,
Галуб жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
Бядуюць, што ястрабаў так шмат на сьвеце.
Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе без пуцьця
Спала сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім:
— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, —
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
Зь ёй заводзіць гульню —
Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
I мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца ня раз.
А ты — лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, —
Дык прымі ў добры час…
Маладзік зьвесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
— Маладая мая,
Выглядаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут — сам — адзінок,
Як бы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду разьвяла, —
Прытуліся ж ка мне…
Ты — царыца, я — цар…
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам зайздросьціць жа тут
Будуць зь веку у век.
Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так
I ўжо волі ніяк
Не дадзім мы на зьдзек.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Абняліся яны,
Як вясеньнія сны,
I гуляюць адны
Ад вясны да вясны
На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
— Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Дайце галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!
Вы яе гналі, вы яе мучылі,
Дайце ж хоць сьцежку беднай к галіне!
Дайце, як сьледна, зь ветрам нацешыцца
Вольна, прывольна ў тайнай мясьціне;
Стуль, каб ёй болей не надакучылі,
Скочыць з галіны, скрыецца ў ціне.
Ў ціне, як бледны месяц засьвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе зь ёй над крыніцай.
I лесавік к ім выпаўзе братацца
З пушчы махнатай, сам весь кудлаты.
Шлюб неразлучны дасьць ім, малодзенькім,
Зграе вясельле вецер крылаты.
Пойдзе гульня у іх мёдам салодзенькім,
Разьвесяляцца, чары завесяць;
Вецер, лясун, русалка з вадзянікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц.
Казку аставяць дзіўную згнаньнікам.
Страх баязьлівым кожны зь іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песьню аб гэтай зложыць мясьціне.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Дайце ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!..