Нумар зь вiдам на Градчаны
Праскія зацемкі
Аднойчы Мiкалай Бярдзяеў дапiў сваю эмiгранцкую каву з каньяком, падышоў да канторкi і запiсаў прыкладна наступнае: уся трагедыя Расеi ў тым, што адной нагой яна стаiць на Захадзе, а другой — на Ўсходзе. «Враскоряку. Трагедия, но и своеобразие», — напружыўшы зьвіліны, удакладнiў мысьляра ў «Литгазете» адзiн мой маскоўскi знаёмы зь вiдавочнымi прэтэнзiямi на пасьмяротную лiтаратурную кананiзацыю.
Я гляджу ў тэлеэкран на завалены мёртвымi целамi пляц перад прэзыдэнцкiм палацам у Грозным i ўдакладняю калегу: каб вашая Расея мела тры нагi, яна стаяла б у Азii дзьвюма, а каб была сараканожкаю, — усiмi 39-цю. Такое вось «своеобразие». Пры гэтым я згадваю, як у Празе мне паказвалi вынiкi сацыялягiчнага апытаньня на тэму: «Суседзяў якой на-цыянальнасьцi вы не хацелi б мець у вашым доме?» Усьлед за цыганамi перадавыя пазыцыi ў рэйтынгу займалi расейцы. Гэта было яшчэ да Чачэнii. Цяпер першае месца цыганам ужо не сьвяцiла б.
Можа, якраз краявiд з грозьненскiмi трупамi, сярод якiх адзiн вiдочна дзiцячы, а другi падобны да мяне, i змушае нарэшце разабраць свой праскi архiў, што складаецца са сьпярэшчаных запiсамi запрашэньняў, праграмак, рэклямак, вiзытовак i рэстаранных сурвэтак. Пасьля нялёгкiх перамоваў лайдакаватая памяць усё ж дае згоду заняцца расшыфроўкаю гэтай ужо амаль што абракадабры. Сабе ў пратаколе я агаворваю адзiную ўмову — пазначаць назву дакумэнту, якi быў выкарыстаны ў якасьцi носьбiта iнфармацыi. Калi вы ня згодныя, што гэтая ўмова робiць гонар дыплямаванаму гiсторыку, можаце лiчыць яе праяваю снабiзму, хоць я трымаюся думкi, што клясычны снабiзм — гэта калi сын швайцара саромеецца падаць палiто свайму сябру.
Зацемкі з рэклямнага праспэкту гатэлю «Атрыюм»
Каб узмацнiць верагоднае падазрэньне ў снабiзьме, адразу паведамлю, што ў гэтым гатэлi нядаўна спыняўся Бiл Клiнтан, аб чым сьведчыць ня толькi праспэкт, але і фотавыстава каля фантана з вадаспадамi ў гатэльным пасажы, дзе няблага ўладкавалiся дзевяць бараў i рэстарацыяў, па якiх найлепей сьлiзгануць абыякавым позiркам задаволенага ўсiм на сьвеце плэйбоя. (Тое самае датычыць i мiнi-бару ў нумары.) Комплекс фiнансавай непаўнавартасьцi можна пасьпяхова пераадолець, дзякуючы татальнай кандыцыянэрызацыi, музычным лiфтам зь бiтламi, Моцартам i фiтанцыдамi, а таксама дзякуючы прыгожанькiм пакаёўкам, якiя ня толькi штодня мяняюць табе ўсю бялiзну, але i (дорачы шматзначны позiрк) заходзяць засьцялiць ложак нанач.
Аднак найбольш надзейна здратаваць свой комплекс ты маеш магчымасьць падчас гатэльнага сьняданку, калi быццам кот пасьля дзясятае ўкормленай мышыны захмялела блукаеш сярод усiх гэтых ёгуртаў, яечняў з бэконам, сасiсак з хрэнам, каўбасак па-праску і па-бэрлiнску, сярод салатаў з усёй вядомай i невядомай табе садавiнай i гароднiнай, сярод пiрамiдаў размаiтых кнышоў i цестачак i запацелых збаноў з экзатычнымi сокамi, сярод цемнаскурых афiцыянтаў з каўнiкамi, калi ленавата ўзгадваеш героя показкi, якi абяцаў калi ня зьесьцi ўсё, дык хоць пакусаць, калi ўжо не паварочваеш свой чуйны нос гурмана на тонкi водар якога-небудзь паштэту з гусiнае пячонкi.
Сярод гэтага раблезiянскага багацьця ў нетрах твайго наладаванага на цэлы дзень страўнiка нараджаецца самазадаволеная думка, што ў параўнаньнi з Клiнтанам у цябе велiзарная перавага. Ты маеш усяго толькi цёплы двухмясцовы нумар на аднаго, а ён займаў цэлы паверх. А хiба лёгка прывесьцi каго-небудзь да сябе ўвечары, калi ў цябе цэлы паверх, ды яшчэ калi яго палову займае паводле пратаколу твая жонка? Няшчасны Клiнтан!
Зацемкі з запрашальніка на прыём у Гішпанскай залі Праскага замку
Першы праскi вечар адметны, прынамсi, трыма падзеямi.
Па-першае, я ўпершыню сёлета надзяваю гальштук. Не завязваю, а менавiта надзяваю, бо — прызнаюся — завязваць гальштукi (пачынаючы зь пiянэрскага) так i не навучыўся, а таму прывез зь Менску ўжо завязаны.
Па-другое, кiраўнiк кiтайскае дэлегацыi навiдавоку ў астатняй публiкi дастае сьпiс i робiць пераклiчку падначаленых, абуджаючы ў памяцi аповеды, нiбыта ў свой час у Кiтаi, гэтаксама як у Манголii i ў вотчыне таварыша Кiм Iр Сэна, пiсьменьнiкі ўраньнi зьбiралiся разам у сваiх саюзах, па званку сядалi за скарбовыя сталы i на працягу васьмiгадзiнавага працоўнага дня з законным перапынкам на абед пiсалi лiтаратурна-мастацкiя творы. (У нашай дэлегацыi пануе поўная анархiя, а каб спатрэбiлася выбраць кiраўнiка, я, не вагаючыся, вылучыў бы Сьвятлану Алексiевiч — пагатоў, ладзячы пераклiчкi, яна не ператомiцца, бо ў сьпiсе буду адно я.)
Трэцяя падзея — сустрэча ў кулюарах з братняй расейскай дэлегацыяй. Млявая рука А. А. Вазьнясенскага. Гаркавая мудрасьць габрэйскiх вачэй Грыгорыя Бакланава. Ветлiвая стома Андрэя Бiтава. «Старшие сестренки» паводзяцца больш непасрэдна. «Вы представляете, — трагiчна ўсклiквае паэтка Юнна Морыц, — даже каких-то белорусов поселили в «Атриуме», а мы вынуждены ютиться в русском посольстве, где из удобств только задрипанный чайник с пачкой сосисок в холодильнике!» (Жахлiвая дыскрымiнацыя, дарэчы, узьнiкла зусiм не таму, што чэхi вырашылi парахавацца за старыя крыўды — месцы ў гатэлi рэзэрвавалiся двум афiцыйным дэлегатам ад кожнае краiны, з Расеi ж прыбыла каманда роўна ў дзесяць разоў большая.)
З пачуцьцём глыбокага задавальненьня «какие-то белорусы» заўважаюць на даляглядзе знаёмую постаць прэзыдэнта Ўкраiнскага ПЭНу пана Яўгена Свэрсьцюка (у недалёкiм мiнулым — сем гадоў лягеру i пяць — ссылкi). За iм вырастае магутны Кнут Скуенiекс, прэзыдэнт Латвiйскага ПЭН-цэнтру, таксама колiшнi дысыдэнт i вязень брэжнеўскiх палiтзонаў. Упершыню з Кнутам мы сустрэлiся ў сакавiку 1989-га на шаўчэнкаўскiх урачыстасьцях у Кiеве, дзе тады яшчэ верхаводзiў таварыш Шчарбiцкi i куды мы з Рыгорам Барадулiным зьявiлiся зь вялiкiмi бел-чырвона-белымi значкамi, за што нас разам зь яшчэ больш небясьпечнымi прыбалтамi i гадаванцам Кiеўскага ўнiвэрсытэту малдаванiнам Барысам Марыянам (на вакзале яго ад iмя юбiлейнага шаўчэнкаўскага камiтэту сустракаў былы аднакурсьнiк, якi некалi напiсаў на Барыса данос у органы) пасадзiлi ў апошнi рад велiчэзнага прэзыдыюму ў залi опэрнага тэатру. Там, у глыбiнi сцэны, быў выдатны назiральны пункт — асаблiва тады, калi ў час прамовы Шчарбiцкага ў рампе выбухнула лямпачка й высьветлiлася, што за кулiсамi хавалася цэлая рота шыракаплечых «рабочых сцэны» ў гарнiтурах ад аднаго краўца.
У Шаўчэнкавым вiшнёвым садку Кнут апавядаў нам, што гэтак дасканала авалодаў расейскай i ўкраiнскай у лягерах: першай — дзякуючы Сiняўскаму i Данiэлю, а другой — цi не самому Васiлю Стусу. Чаму ў тых мясьцiнах у яго не было настаўнiкаў беларускай — пытаньне асобнае.
Зацемкі з праграмы 61-га кангрэсу Міжнароднага ПЭН-клюбу
Для мяне кангрэс пачынаецца з таго, што нечыя сталёвыя рукi ашчадна падхоплiваюць мяне ззаду пад пахi i, як шахматную фiгуру, перастаўляюць на паўмэтра ўбок. Па зладжаным такой мэтодаю праходзе спружынiста ўзьбягае на сцэну і кажа прывiтальную прамову Вацлаў Гавэл. Памiж iншага дэлегатам прапануецца гiсторыя пра прэзыдэнтавага сябра, якi адмовiўся заняць высокую дзяржаўную пасаду, спаслаўшыся на тое, што хоча захаваць свабоду творчасьцi. «Хто ж будзе гарантаваць гэтую свабоду, калi ўсе мы возьмем зь яго прыклад?» — пытаецца прэзыдэнт i глядзiць у залю, дзе ягоная апэляцыя не выклiкае прыкметнага энтузiязму. Магчыма, прычына ў тым, што цi не палова крэслаў апанаваная дэлегатамi з жоўтай скураю. (Дадайце сюды колькi радоў з афрыканскiмi калегамi, сярод якiх прымайстраваўся яшчэ не знаёмы мне, падобны да апранутага ў бялюткі гольф баксэра-прафэсiянала пасланец Бэнiну, ад якога мне, пакутуючы ад вусьцiшных падазрэньняў, давядзецца напрыканцы кангрэсу зацкавана хавацца ў нумары.)
Выступы, што прагучаць у канфэрэнц-залi «Атрыюму», а таксама на сэмiнарах, «круглых сталах» i вэрнiсажах «Small Languages, Great Literature», «Alternatives to State Support for Books and Literature», «Faces from the History of the PEN Club» etc. (Do you understand? Калi не, дык вучыце ангельскую) будуць зьмяшчаць процьму разумных (i ня вельмi) думак i заклiкаў да талерантнасьцi й яднаньня iнтэлектуалаў усiх краiн i народаў. У атмасфэры паседжаньняў будзе прысутнiчаць адчувальная нялюбасьць да сэрбаў. Фiны прапануюць рэзалюцыю ў падтрымку правоў трансыльванскiх вугорцаў. «Нашы» сярэднеазiяты пашыраць праекты рэзалюцыяў пунктамi аб стварэньнi сваiх нацыянальных ПЭН-цэнтраў, але дадаткі будуць чамусьцi толькi на расейскай мове, якую большая частка дэлегатаў не разумее без усялякiх намаганьняў, а меншая не разумее, прыкладаючы пэўныя высiлкi. Хтосьцi запатрабуе катэгарычна забаранiць любыя публiкацыi з фашыстоўскай начынкаю. Хтосьцi абвергне гэтую прапанову, i я ўзгадаю, што дагэтуль ня змог з прафэсiйнае цiкавасьцi прачытаць «Mein Kampf», што, мабыць, ня робiць беларускаму лiтаратару вялiкага гонару.
Салман Рушдзi, якому ў «Атрыюме» дзеля кансьпiрацыi забранявалi, кажуць, адразу тузiн нумароў, вырашыў канчаткова зьбiць сваiх верагодных забойцаў з панталыку i зусiм не прыехаў. Праўда, высланыя ў Прагу iсламскiмi фундамэнталiстамi кiлеры атрымалi годную замену аб’екту паляваньня ў асобе пiсьменьнiцы з Бангладэш Тасьлiмы, якую на радзiме асудзiлi на сьмерць за творы супраць Кур’ану. Тасьлiма ўражвае публiку сваiмi ўсходнiмi строямi й жывым кольцам з чатырох-пяцi целаахоўнiкаў. Яна заяўляе, што жанчын прыгнятаюць у любой рэлiгii, але ў iсламе — асаблiва. Калега зь Фiнляндыi, экспансiўная былая грамадзянка СССР зь пятым пунктам перакладае мне вершы адважнай бангладэшкi на расейскую: «Сестра моя, женщина! Вот идет мужчина. Не смотри на него. Он — твой враг. Он может заразить тебя сифилисом...»
У крэсьле побач са мною маладая чарнявая харватка, што, як выявiлася ў час сьняданьня, ведае колькi дзясяткаў расейскiх слоў. Пераклад верша пра небясьпечнага iсламскага мужчыну дае неблагi шанец працягнуць знаёмства ў пэрспэктыўным рэчышчы размовы аб жанчынах дэмакратычнай краiны Харватыi, аднак мая суседка нечакана кажа, што «сербы убивал ее брат», i ў агатавых вачах западае смутак, якi робiць усе магчымыя варыянты абсалютна безнадзейнымi.
Зацемкі з канцэртнае праграмкі вечару ў джаз-клюбе «Radost»
Музыкаў у джаз-клюбе я так i не паслухаў, бо, пакiнуўшы «Атрыюм», праз колькi сотняў крокаў трапiў у абладу iншае музыкi — каменнай, якая прадстаўленая тут цi ня ўсiмi эўрапейскiмi жанрамi ды стылямi. Спадзяюся, што чытач таксама будзе некалi iсьцi над Вэлтаваю, а таму ня стану ладзiць экскурсiяў. Скажу толькi пра асабiстае: на Старамескiм пляцы, пасьля спатканьня з масянжовым Янам Гусам у шляхетнай апратцы з пацiны, прагуляўшыся ўсьцяж дзейнага фiлiялу цэху сярэднявечных кавалёў у амэрыканскiх джынсах i турэцкiх швэдрах i зьеўшы на стаянцы раскошных фаэтонаў першы ў жыцьцi кулёчак гарачых каштанаў, я ледзьве ня нос у нос сутыкнуўся з сваiм, мабыць, адзiным на сьвеце цёзкам.
Пра этымалёгiю беларускага найменьня Арлой айчынная прэса ўжо ў свой час паведамляла: яго хросная матка — паштарка з нашага аддзяленьня сувязi, якая — цi кол ёй на галаве чашы, цi стукнi па цемечку магнiтафонам «Panasonic» — «ў» чытае як «й».
Праскi Арлой (этымалёгiя засталася для мяне загадкаю) — стварэньне шматкроць больш дасканалае за менскага. Ён ня сварыцца з паштаркаю, ня жлукцiць чырвонага вiна i не псуе паперы. Здаецца, ён абыякавы да жанчынаў (хоць i не належыць да сэксуальнай меншасьцi), а калi ў тэлевiзары зьяўляецца ягоны прэзыдэнт, цёзку не наведвае неадольнае жаданьне намацаць рукою прас.
Праскi Арлой утульна й выгодна ўладкаваўся пяць стагодзьдзяў таму на ратушы, адкуль спраўна паказвае час, робячы гэта з дапамогаю сьвятых апосталаў ды ўсьмешлiвага шкiлету зь пясочным гадзiньнiкам, што ў патрэбны момант торгае за вяроўку i засяроджана лiчыць мэлядычныя ўдары.
Менскi Арлой сьцiшана зайздросьцiць праскаму i зь сьветлай думкаю пра тое, што здарыцца празь пяць стагодзьдзяў зь iм, недасканалым менскiм Арлоем, залагоджвае смакавыя рэцэптары каваю капучына.
Зацемкі з запрашальніка на прыём да прэм’ер-міністра Вацлава Клаўса
У чым я абсалютна ўпэўнены па дарозе ў Лiхтэнштайнскi палац (мая дэмакратызацыя зайшла настолькi далёка, што гальштук застаўся ў гатэлi забаўляць пакаёўку), дык гэта ў тым, што прэм’ер-мiнiстар Рэспублiкi Беларусi (нават калi iм стане хтосьцi з былых сяброў, якiя аддрэйфавалi ў вялiкую палiтыку) мяне на прыём нiколi не запросiць. Ня тая, перапрашаю за выраз, мэнтальнасьць.
Дарэчы, пра мэнтальнасьць. Малады ўкраiнскi паэт Валадымыр Цыбулька (ён прыбыў у Прагу на перакладных, ня маючы грошай на зваротны шлях, аднак пасьпеў ужо раскруціць амэрыканскага фундатара й засьведчыць, што ставiцца да расейскiх дэлегатаў, далiкатна кажучы, без празьмернага пiетэту) падлiвае мне мараўскага чырвонага і ненавязьлiва зьвяртае маю ўвагу на паводзiны маскоўскае каманды, якая нейкім чынам пратачылася на прыём ва ўсім сваім нелегітымным і галодным складзе.
Празаік Віктар Ерафееў (ня блытаць з аўтарам «Масквы—Петушкоў» Венядзіктам) дзейнічае паводле простай, але надзейнай схемы: першым кідаецца да смажанага малочнага парасяці, паведамляючы, што заняў чаргу «на всех». Імгненна падрульваюць астатнія два дзясяткі расейскіх майстроў прыгожага пісьменства, і ў выніку нам з Валодзем, якія дыхалі ў патыліцу аўтару «Русской красавицы», не дастаецца нават хваста. Афіцыянт са шкадаваньнем разводзіць рукі і выбачаецца: «Рускія». Абсалютна тое самае адбываецца пры дзяльбе асятра: пакуль мы лыпаем вачыма ды жывімся трошкі большымі за колішнія мэталёвыя рублі лусьцікамі, Ерафееў, яшчэ не дажаваўшы парасяціны, ужо стаіць напагатове каля велізарнае рыбіны.
«Запомнім, Валодзя, — кажу я пану Цыбульку, — калі мы ў чарзе з расейцам і хочам нешта здабыць, мусім стаяць першымі, бо нават апынуўшыся другімі, атрымаем дулю з макам».
Урэшце, ня варта iдэалiзаваць i пасланцоў вольнага сьвету: вярнуўшыся з кубачкамi кавы да свайго столiка, мы бачым, як двое паўднёвакарэйскiх калегаў аплятаюць упрыкуску з чорным хлебам нашыя цестачкi, бадзёра запiваючы экзатычнае славянскае едзiва вiном з нашых келiхаў.
У мiжнароднага сакратара ПЭН-клюбу спадара Алекса Блока манеры, на шчасьце, iншыя. Мы абменьваемся некалькiмi ветлiвымi фразамi па-расейску, бо ён з расейскiх эмiгрантаў i ягонае сапраўднае iмя — Аляксандар Блок.
Калi верыць карткам гасьцей i дэлегатаў кангрэсу, дык побач з намi робiць птушыны глыток з вузкага келiху нэрвовая румынка Анна Бляндыяна, аўтарка блiскучых навэлаў i цудоўнага эсэ пра вольных дэльфiнаў, напiсанага аднойчы пасьля вяртаньня з салёну мадам Чаўшэску, якая, кажуць, прымала яе як родную дачку.
Чэскi прэм’ер Клаўс вырашае прысьвяцiць свой вечар мяцежнай Тасьлiме, што з зайздросным для асуджанай на сьмерць смакам паядае аздобленую кiвi беларыбiцу...
Залiтыя залацiста-зялёным сьвятлом начныя Градчаны плывуць у прасторы зусiм побач зь легкадумнаю поўняй. Ад чароўнага вiдовiшча мяне адрывае калега з Бэнiну, што з грацыёзнасьцю тапiра апускаецца на аўтобуснае крэсла побач са мною, пачынаючы зьвiваць вяровачку сюжэту, якi пагражае скончыцца для мяне дзе-небудзь у экватарыяльных джунглях.
Зацемкі з квітка ў тэатральную кавярню «Viola»
У гэтай кавярнi з амфiтэатрам столiкаў адбываецца вечарына сучаснай расейскай паэзii. Прадстаўнiк гаспадароў зь нечакана ўсходнеславянскiм — хоць прыкурвай — носам папярэджвае паэтаў, што будзе даваць слова паводле чэскага альфабэту i ня болей чым на пяць хвiлiнаў.
Юнна Морыц з артыстычным надрывам чытае пра тое, што
Когда мы были молодыми,
И чушь прекрасную несли,
Фонтаны были голубыми,
И розы красные цвели.
«Даже какие-то белорусы» паважаюць паэтку Ю. Морыц, нават тады, калi яна жыве не ў шыкоўным гатэлi, а — з задрыпаным чайнiкам i нiзкаю сасiсак у расейскiм пасольстве. (Гэта не перашкодзiць нам аднаго разу досыць падрабязна пазнаёмiць яе з мэню нашага сьняданку.)
Яўгенi Рэйн (эвангелiст Лука, якiм ён мне заўсёды ўяўляўся, але ў сучасным эўрапейскiм гарнiтуры) дэклямуе добрыя вершы пра рымскую барахолку.
«Чтобы вы поняли, как я деградировал, — заяўляе А. А. Вазьнясенскi, — вначале я почитаю старые стихи». Старыя тэксты сапраўды ўражваюць больш за новыя, нават i тады, калi далучыць да iх разьвешаныя ў фае парыскiя вiдэомы А. А., сярод якiх добрым веданьнем натуры вылучаецца дупця, прапанаваная воку на асноведзi нейкiх дзьвярэй ад Кардэна.
Зацемкі зь візытоўкі былога футбаліста вышэйшай лігі, а цяпер паэта й рэдактара маскоўскага часопісу
Сустрэча зь фiлёлягамi Карлавага ўнiвэрсытэту. Сюды запрасiлi беларусаў i ўкраiнцаў, а колiшнi футбалiст узьнiк побач нi з пушчы нi з поля — як быццам на нейкім узроўнi было вырашана: «белоруссов и малороссов без присмотра не оставлять».
Папярэдне вызначаная тэма — «ваенная проза», таму галоўнай дзейнай асобаю робiцца Сьвятлана Алексiевiч зь яе жанчынамi зь першай кнiгi i цынкавымi хлопчыкамi з апошняй. (Мы яшчэ ня хочам здагадвацца, што празь месяц грымнуць чачэнскія падзеі й вытворцы цынкавых трунаў зноў запусьцяць свой зьлёгку заржавелы канвэер на поўную магутнасьць.) Гаворка ідзе пра два погляды на Другую сусьветную вайну — з Захаду i з Усходу. Пра тое, што чалавечае жыцьцё ня можа быць роўнае нi трактару, нi танку, нi цэлай дзяржаве. Пра беларускую партызаншчыну (чэхi, якiя да траўня 1945-га ў немцаў практычна не стралялi, далiкатна ня ўпэўненыя, што для нашай нацыi гэта быў найлепшы шлях самазахаваньня).
Маскоўскi калега адчувае сябе пакрыўджаным i рашуча цягне коўдру на сябе. Для пачатку ён паведамляе прысутным, што яны могуць не хвалявацца: усё адно раней цi пазьней Расея, Беларусь i Ўкраiна будуць разам. Прамоўцу вiдавочна смажыць. Асушыўшы бутэльку тонiку, ён працягвае палiтынфармацыю, прычым сярод палiтычных тэрмiнаў усё больш годнае месца займаюць лексэмы «хрен» i «говно», у вынiку чаго студэнтачкi залiваюцца цнатлiвым фiлялягiчным румянкам.
Атрымаўшы слова, я кажу пра Ларысу Генiюш, якая выдала ў Празе сваю першую кнiгу, пра Францiшка Скарыну, пра магiстра Геранiма Праскага i яго казанi ў Вiльнi й Вiцебску, пра пяць тысячаў беларусiнаў, якiя бралi ўдзел у гусiцкiх войнах i пра тое, што якраз дзеля барацьбы з пасьлядоўнiкамi Яна Гуса ў 1436 годзе ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм была ўведзеная iнквiзыцыя, дзейнасьць якой, праўда, трывала ў нас усяго 43 гады. Пытаньнi да мяне не зусiм па тэме. Колькi ў Менску цалкам беларускамоўных школаў? Няўжо гэта ня плёткi, што беларускi прэзыдэнт ня ўмее гаварыць па-беларуску i не выпускае на людзi жонку?
Былы форвард зноў дае сабе слова дзеля выступу ў iпастасi рыфмара. У працэсе дэклямацыi ён, згадаўшы спартовае юнацтва, робiць усiм корпусам iмпэтныя рухi, стукае кулаком па стале i ўрэшце перакульвае поўную бутэльку з тонiкам, утвараючы на стальнiцы вялiкую лужыну з абрысамi Чорнага мора, на берагах якога некалi вучыўся стукаць па мячыку і лаяцца матам.
Назаўтра я сустракаю яго ў гатэльным калiдоры зь юным стварэньнем, якое маэстра, прапусьцiўшы доўгiя ножкi наперад, рэкамэндуе мне як «девочку на ночь». Пра тое, што яна дазволiла рабiць з сабою, я стараюся ня слухаць. Мне здаецца, што такiя рэчы павiнны заставацца таямнiцаю для дваiх i ў тым выпадку, калi адна з гэтых дваiх — «девочка на ночь».
Зацемкі з запрашальніка на круглы стол «Franz Kafka — Trial and Metamorphosis»
Замест круглага стала мы зь Сьвятланаю ў суправаджэньнi прафэсара Карлавага ўнiвэрсытэту пана Вацлава Жыдлiцкага (некаторыя кнiгi Ўладзiмера Караткевiча ў ягоным перакладзе ў Празе выйшлi раней, чым у Менску) iдзем на старажытны жыдоўскi могiльнiк, якi чэхi захавалi ў самым сэрцы Старога Места. Няхай ахвочыя вiнавацяць мяне ў чым заўгодна, але гэтыя могiлкi — адно з маiх наймацнейшых праскiх уражаньняў. Хаваць тут пачалi ў XV стагодзьдзi, а апошняе надмагiльле датаванае 1787 годам, i, калi блукаеш па зацярушаных кляновым лiсьцем вузенькiх сьцежках сярод дванаццацi тысячаў сьпярэшчаных габрэйскiмi пiсьмёнамi плiтаў, мiжволi й сам у закутку душы робiсься габрэем.
Менавiта адсюль найлягiчней выправiцца ў блiзкi музэй аўтара «Замку» й «Працэсу», каб, сустрэўшы ў доме, дзе ён жыў, строгiя фатаздымкi з габрэйскiмi аблiччамi, графiчныя й скульптурныя партрэты i храналягiчныя таблiцы, пагадзiцца, што зыбку, дзе Франак Кафка сiкаўся, келiх, зь якога пiў, стол, на якiм пiсаў, гэтаксама, як i наш круглы стол, зусiм няцяжка прыдумаць, як табе падабаецца.
Зацемкі з чыстай старонкі ў кнізе «Czech Writers on Tolerance»
Яны прысьвечаныя вiзыту на iншыя праскiя могiлкi — Альшанскiя, куды нас вядзе пан Мiласлаў Зiма, што гаворыць па-беларуску лепей, прынамсi, за двух нашых народных пiсьменьнiкаў.
Сьцьвярджаюць, што гэтыя клады — адзiн з найбуйнейшых нэкропаляў расейскае эмiграцыi. Цэлы шыхт «белых» генэралаў. Мацi Набокава. Куток казацкiх палкоўнiкаў.
Каля праваслаўнае царквы ў стылi пскоўска-ноўгарадзкiх храмаў знаходзiм беларускiя магiлы: справа — прэзыдэнта БНР Пётры Крэчэўскага, зьлева — жонкi яшчэ аднаго прэзыдэнта, Васiля Захаркi, з такой самай «Пагоняю» на помнiку. Да помнiка прыхiнутая замшэлая плiтка, дзе даты жыцьця самога прэзыдэнта Захаркi расчытаць ужо немагчыма. (Мiжволi ўзгадваюцца бачаныя ўчора дагледжаныя жыдоўскiя магiлкi XVII i XVIII стагодзьдзяў.) Празь якiх пару крокаў — сьвежае надмагільле: Мiхал Забэйда-Сумiцкi.
Як на мой кансэрватыўны беларускi густ, дык для сябе я ўсё ж выбраў бы самую занядбаную магiлку, а ня цацачную вазачку за вакенцам тутэйшай сьцяны-калюмбарыю (яна чамусьцi нагадвае мне батлейку) i, пагатоў, ня чысты зялёны лужок без усялякiх апазнавальных знакаў, над якiм нядаўна разьвеялi прах жонкi нашага праваднiка.
Зацемкі з праграмы паездкі на міжнародны фэстываль «Divadlo-94» у Пльзэні
Тлумачу: divadlo — гэта па-чэску тэатар. Музыка — гудба, а, напрыклад, мэдыятар — калі не памыляюся, грашка. Перад намi спадчына аднаго з прынцыпаў чэскага адраджэньня. Мы заварушылiся пазьней, i вось вынiк: маем мэдыятар. Але тэатральны балкон у чэхаў празь нечы недагляд усё ж — балкон, i якраз на iм дэлегаты кангрэсу дзеляцца ўражаньнямi ад толькi што ўбачанага спэктаклю паводле «нехорошей» п’есы «Салавей на вячэру», доўгi час забароненай i ў нас i ў Чэхіі, на радзiме свайго аўтара Ёзэфа Топаля. Трэба адразу сказаць, што «Салаўя» не пускалі ў народ цалкам заслужана: ну што магла сказаць розуму ды сэрцу савецкага чалавека гнюсная гiсторыя пра гнiлую iнтэлiгенцкую сямейку (цi, дакладней, зграю), якая завабiла да сябе госьця, каб пасьля розных iнтэлектуальных выкрунтасаў са смакам зьесьцi яго на вячэру?
Гэтую шкоднiцкую дысыдэнцкую штучку мы мелi гонар глядзець у цёмнай пустой залi проста з сцэны, дзе гасьцям паставiлi колькi дзясяткаў крэслаў, паабяцаўшы нiкога ня есьцi.
Цяпер заля запоўненая публiкаю, а на сцэне пачынаецца адкрытая дыскусiя Вацлава Гаўла зь ягонымi даўнiмi сябрамi Артурам Мiлерам i Томам Стопардам — «Not only about the Theatre».
Услухоўваючыся ў чэскую й ангельскую мовы, я ўяўляю на месцы чэскага прэзыдэнта — свайго. Ролi Мiлера й Стопарда, здаецца, з аднолькавым посьпехам маглi б выконваць, ну, скажам, Умбэрто Эко з Куртам Вонэгутам. Зрэшты не, iталiец Эко да вышынi патрэбнае плянкi наўрад цi дацягне, бо ў яго пэўныя праблемы з ангельскаю, а тым больш — з расейскаю (а толькі на іх, як патлумачыў нам нядаўна наш прэзыдэнт, і магчыма размаўляць пра высокія матэрыі). З той самай прычыны кіраўнік маёй роднай дзяржавы, вiдаць, адмовiцца ад публiчнае дыскусii з Габрыелем Гарсiя Маркесам цi, напрыклад, з нобэлеўскiм ляўрэатам Актавiо Пасам, i давядзецца пасылаць запрашэньне Джону Фаўлзу.
Ужо двойчы згаданы калега з Бэнiну, iмя якога на нашай беднай мове немагчыма нi трансьлiтараваць, нi вымавiць, на дыспут зь беларускiм прэзыдэнтам не прэтэндуе. Ён пахне вытанчаным мужчынскiм адэкалёнам i чамусьцi (хоць мы не вучылiся зь iм разам нi ў БДУ iмя Ленiна, нi ў Сарбоньне) спрабуе ўступiць у дыскусiю з мною, прычым — на вялiкi жаль — па-француску.
Спробы доўжацца i на вячэры ў велiзарнай, быццам графская стайня, пльзэньскай рэстарацыi на слыннай тамтэйшай пiваварнi. У начным аўтобусе па дарозе ў Прагу ў мяне зьяўляюцца рэальныя пэрспэктывы паездкi на паляваньне ў Афрыку. Мой новы сябар гарантуе лiцэнзiю на адстрэл як найменш аднаго зьвера, якога завуць элефантам, ня кажучы ўжо пра розную драбязу накшталт шакалаў i антылёпаў. Пасьля вылазкi ў джунглi мы будзем вяртацца ў бунгала, дабаўляць у вялiкую шклянку вiскi сымбалiчную кропельку содавай i размаўляць пра жанчын або плесьцi фабулы новых лiтаратурна-мастацкiх твораў, вартых гэтага вiскi ды гэтай сучаснасьцi. Я, прызнаюся, хачу ўдакладнiць некаторыя нюансы бэнiнскае буколiкi, але як на тое, забываюся, як будзе па-ангельску «канiбал».
У родным «Атрыюме» ў глыбокiм одуме сядзiць на краi фантану паэт Валодзя Цыбулька, падобны да павялiчанага ў паўтара разу i прыкладна ў столькi ж разоў цьверазейшага паэта Анатоля Сыса. Валодзя адмовiўся ад вандроўкi ў Пльзэнь на той законнай падставе, што пльзэньскага не бракуе i ў Празе. У сябе на бацькаўшчыне ён складае файныя вершы й займаецца раскольнiцкай дзейнасьцю ў шэрагах іхняга саюзу. Паэтавы чаравiкi спачываюць побач, наводзячы на думку, што ў дадзены момант калега вырашае кардынальную эстэтычную праблему — мыць цi ня мыць у гэтым пяцiзоркавым фантане натруджаныя за доўгi творчы дзень ногi?
Паўз нас з пляшкаю ў руцэ праносiцца маскоўскi экс-форвард. Японскiя й карэйскiя калегi дзелавiта вядуць у нумары сьветлых эўрапэоiдных iстотаў з цыбатымi нагамi. Я зь сьветлым сумам разумею, што й гэтую ноч у сваiх утульных чатырох сьценах з двума шыкоўнымi ложкамi мне давядзецца бавiць тэт-а-тэт зь незабыўным вобразам адной грамадзянкi Рэспублiкi Беларусi, якая на адвiтаньне прасiла мяне моцна ёй ня здраджваць.
Праз колькi хвiлiнаў высьвятляецца, што я памыліўся. У дзьверы нумару асьцярожлiва стукаюць. У «вочку» я бачу мацiцовую ўсьмешку дагледжаных зубоў бэнiнскага сябра. З калiдору чуецца ласкава-ўнiклiвае «Volod’ja!». Нацягваючы нагавiцы, я намагаюся адэкватна ацанiць сытуацыю. У спавiтых мяккiм пльзэньскiм хмелем зьвiлiнах тоўпяцца самыя розныя непамысныя здагадкi. Трэба зь пякучым сорамам канстатаваць, што над усiмi магчымымi «iзмамi», якiя маглi б натхнiць майго чарнаскурага знаёмага на такi позьнi вiзыт (марксiзм-ленiнiзм, iсламскi фундамэнталiзм, гомасэксуалiзм...) прэвалюе халодная думка пра канiбалiзм.
Змабiлiзаваўшы свае сьцiплыя веды з ангельскай, я ўдавана сонным голасам заяўляю, што ўжо сплю. Гэта не аргумэнт. Стукат (а разам зь iм i рэмiнiсцэнцыi зь Ёзэфа Топаля) робiцца больш настойлiвы.
«Volod’ja!»
Роспач нараджае нестандартную iдэю. «My dear friend! — сьцiскаючы ў зьбялелых пальцах газавы балёнчык, адгукаюся я. — I am not alone. There’s a lady with me». (У скарочаным перакладзе: у мяне ў нумары дама.)
Гэта — выратаваньне.
«Sorry, — чуецца з-за дзьвярэй. — Good night!»
Перавёўшы дух, я вырашаю прыняць нанач нiштаватую порцыю старой добрай «белавескай» — i без усякiх содавых.
Зацемкі на чыгуначным квітку «Менск—Прага», зробленыя падчас разьвітальнае праходкі
Гэтыя зацемкi прэтэндуюць на лягiчную сувязь мiж сабою прыкладна так, як па-лiстападаўску шорсткiя лiсты на набярэжнай Вэлтавы.
Карлаў мост, калi йдзеш па iм на Градчаны, нагадвае дарогу ў чысьцец...
Кажуць, хтосьцi зь дзеячаў тутэйшага нацыянальнага адраджэньня пiсаў, што чэская мова канчаткова пераможа тады, калi на ёй загавораць праскiя прастытуткi. Я маю моцны сумнеў, што гэты опус прачытаюць iхнія беларускiя каляжанкi. Таму, калi ў вас надарыцца магчымасьць, перадайце нашым валхвiцам каханьня, што ў немалой ступенi лёс нацыянальнага рэнэсансу залежыць ад iх...
Апоўднi на Градчанах адбываецца зьмена ганаровае варты. У Гаўлавай рэзыдэнцыi зьнячэўку адчыняюцца вокны, i гарнiсты з бубначамi пры поўным парадзе выконваюць свае партыi, стоячы на падваконьнях. Гэта лiшнi раз нагадвае, што на чале дзяржавы стаiць асоба, зьвязаная ў недалёкім мінулым не з палiтаддзелам, а з тэатрам...
У Чэхii чалавек з адукацыяй гiсторыка павiнен абавязкова ўзгадаць Каралядворскi рукапiс, знойдзены ў 1817 годзе на дзень сьвятой Людмiлы ў касьцельнай вежы, зь якой можна было акiнуць вокам увесь Двур Кралове-на-Лабе. У нас нiшу стваральнiка нацыянальнага эпасу меў шанцы заняць Сяржук Сокалаў-Воюш, якi ўжо напiсаў быў дзьве зь лiшнiм тысячы радкоў. Замест гэтага Сяржук зьехаў у Нью-Ёрк, дзе гадуе двух амэрыканскiх сыноў i, мабыць, ужо ня памятае, што я мог бы знайсьцi Полацкi рукапiс на дзень сьвятой Эўфрасiньнi ў галубнiцы Сафiйскага сабору, дзе ён быў замураваны з часоў Усяслава Чарадзея...
Зацемкі, пачатыя на тэлефоннай картцы з аўтапартрэтам Анры Русо і закончаныя на сурвэтцы з кавярні «Чартоўка»
Гэтыя зацемкi трансфармавалiся ў верш, дзе ёсьць такiя вось радкi:
... бэхераўка афарбуе вечар
зялёнай гамаю,
чамусьцi прынесшы згадкi
пра паручнiка Лукаша,
што лiчыў усiх чэхаў,
якiя гавораць па-чэску,
нечым накшталт карбанарыяў.
Набярэжная Вэлтавы
будзе фiлiялам
гэтага таемнага таварыства,
прапанаваўшы багатыя магчымасьцi
параўнаньня праскiх ножак
з тваiмi,
якiя захочацца разбудзiць
у ранiшнiм нумары
цёплага восеньскага гатэлю,
над кавярняй
з свойскаю назвай «Чартоўка»,
дзе ў сьпiсе заўсёдных клiентаў
значыцца пара лебедзяў,
што будуць цярплiва чакаць,
пакуль мы пакiнем
яхту нашага ложку,
спусьцiўшыся на прыстань,
дзе можна кармiць белых птушак,
замаўляючы бурштынавае вiно,
пакуль Градчаны
не паплывуць па-над местам,
як славянскiя думкi
Вэлтавы.
Лiстапад 1994 — люты 1995