Экспэдыцыя №4

У цэнтры Бэрлiна грубка гудзе ўзiмку гэтаксама ўтульна, як i ў полацкiм доме майго дзяцiнства, дзе я яшчэ ня пiў «белавескай», ня быў знаёмы з прафэсарам Норбэртам Рандавым i ня ведаў, што такое «интимная подруга».

Калi вам дагэтуль не даводзiлася гартаць сваё дасье, працягвайце клапацiцца пра яго папаўненьне ды зайздросьце майму гаспадару, якi прапануе тост за пасьпяховае завяршэньне знаёмства з уласным жыцьцяпiсам паводле вэрсii штазi.

1200 старонак зь дзевяцi пульхных буйнафарматных тамоў, створаных вялiкiм калектывам аўтараў адразу на некалькiх эўрапейскiх мовах, ксэракапiяваныя Норбэртам для фамiльнага архiву. Перабiраючы iх у пошуках кiрылiцы, я змагаюся з затоеным страхам высмыкнуць раптам старонку з чыім-небудзь знаёмым почыркам.

Значную частку кiрылiчных тэкстаў складае расейскамоўнае лiставаньне начальнiкаў аддзелаў мiжнародных сувязяў мiнiстэрстваў дзяржбясьпекi ГДР i НРБ таварышаў Дзiмiтра Мiцева i Вiлi Дама. Вось першы таварыш (зь нязьменным «социалистическим приветом») паведамляе другому, што, прыбыўшы ў НРБ (вольнасьцяў накшталт проста Баўгарыi не дапускаецца), Н. Рандаў першым чынам «отклонил наше предложение остановиться в студенческом общежитии под предлогом, что условия являются недостаточно подходящими для его интимной подруги Теды, гражданки Западного Берлина, заявляя, что она — его супруга», а потым неадкладна заняўся варожай дзейнасьцю, у прыватнасьцi, «поделился мыслями, что в ГДР было поставлено кофе плохого качества и немецкий народ впервые за 20 лет был готов подняться на бунт». Пасьля гэтай шкоднiцкай вылазкi «объект» так разышоўся, што паведамiў «источнику», нiбыта «настоящая литература не должна рассчитывать на публику и успех, а должна твориться тихо, ради самой себя и во имя будущего». (Тут можна выказаць асьцярожнае меркаваньне, што таварыш «источник» наўрад цi быў дворнiкам або сантэхнiкам.)

Таварыш Вiлi Дам расейскай валодаў горш i, магчыма, таму любiў карыстацца тэлеграфам. Урэшце, i клопатаў ён меў непараўнальна болей: трэба было вывучаць рэляцыi стукачоў з турмы, дзе малады Рандаў сядзеў тры гады за прапаганду «Доктара Жывага» ды iншыя злачынствы; учытвацца ў справаздачу зь дзён нараджэньня «объекта» з дакладным указаньнем гадзiнаў і хвiлiнаў прыходу i адыходу кожнага госьця; аналiзаваць паведамленьнi таварышаў зь Беларусi, дзе Рандаў замест таго, каб жлукцiць на навукова-лiтаратурных банкетах гарэлку, знаўся з падазронымi тыпамi, якiя салiдарызавалiся зь iм у тым, што «интеллектуалов преследовали не только сегодня, но и всегда — такова их судьба».

Сярод карэспандэнтаў тав. Дама сустракаецца нейкi тав. Штэфан, а таксама баец нябачнага фронту, якi падпiсваўся: Паэт. Самае пiкантнае, што гэта сапраўды быў паэт цi, прынамсi, чалавек, што пiсаў i друкаваў вершы. (NB для айчынных перакладчыкаў: Паэта звалi Паўль Вiнц.)

Мой унутраны ляндшафт пачынаюць аздабляць мілыя вобразы роднага краю: праспэкт Ф. Скарыны, жоўты дом з калёнамi, бэльвэдэрам i некалькiмi (як апавядаюць абазнаныя людзi) падземнымi паверхамi, шматкiлямэтровыя стэляжы з дыхтоўна пераплеценымi тамамi, якiя раз-пораз здымае ў мяккiм люмiнiсцэнтным сьвятле мужчынская цi жаночая рука з доўгiмi вiльготнымi пальцамi.

Мы з Норбэртам не выключаем, што ў гэты самы момант таварышы Дам i Мiцеў сядзяць каля камiну недзе ў Маскве цi ў Карлавых Варах (а можа, у Менску?) i смакуюць што-небудзь больш вытанчанае за нашую «белавескую».

* * *

Мая заходнебэрлiнская знаёмая, якая нарадзiлася ў сям’i нямецкага калянiста ў Паўднёвай Афрыцы i лiчыць найвялiкшай у сьвеце каштоўнасьцю падарожжы, зьбянтэжана прызнаецца: нi ў Беларусь, нi, тым больш, у Расею яна пакуль не паедзе. Я непатрыятычна ўдакладняю, што назвы краiнаў варта было б памяняць месцамi.

* * *

На ранiшняй прагулянцы спатыкаю бабулечку-«дзьмухавец», якая аказваецца ўдавою правадыра нямецкага народу Вальтэра Ульбрыхта. Нiчога трансцэндэнтнага тут няма, бо нас з паэткаю Нiнай Мацяш пасялiлi на былой вiле яшчэ аднаго героя камунiстычных энцыкляпэдыяў тав. Ота Гротэволя. Некалi ў гэтыя зацiшныя кварталы ўсходнебэрлiнскага раёну Панкаў траплялi толькi празь некалькi шлягбаўмаў.

Цяпер схаваныя за шлягбаўмамi таямнiцы пакрысе выбiраюцца на белы сьвет. Напрыклад, муж гэтай дзевяностагадовай бабуленцыi, якая жыве побач з намi на Маякоўскiрынг, пачынаў партыйную кар’еру з таго, што займаўся сутэнэрствам.

Пачатак кар’еры Норбэрта Рандава таксама, хоць i па-iншаму, уражвае: у 1958-м ён быў перакладчыкам у часе вiзыту Тодара Жыўкава ў сацыялiстычную Нямеччыну. Вiзыт адбываўся за пару тыдняў да прэзыдэнцкiх выбараў у Францыi. Ульбрыхт палiчыў патрэбным падзялiцца палiтычным прагнозам адносна абраньня генэрала дэ Голя: «Францускi народ нiколi не пагодзiцца, каб iм кiраваў гэты авантурыст». Жыўкаў дыпляматычна перавёў гаворку на авечкагадоўлю.

«Ульбрихт был просто дурак», — па-расейску рэзюмуе сваю згадку былы партыйна-ўрадавы перакладчык, якi ў тыя часы, нагледзеўшыся на правадыроў, ужо пачытваў замiж клясыкаў марксiзму розныя сумнеўныя кнiжэнцыi.

* * *

На нашых лiтаратурных чытаньнях бэрлiнскiя iнтэлектуалы адказваюць на паведамленьне пра беларускi пераклад «Парфумы» Патрыка Зюскiнда iранiчнымi ўсьмешкамi. Каму яны адрасаваныя — аўтару бэстсэлеру цi беларускiм перакладчыкам — застаецца загадкаю.

* * *

Сёньня я ўрачыста даю сабе слова, што, трапiўшы ў Iрляндыю, абавязкова знайду Нуалу Нi Гональ, паэтку, якая дала «The New York Times Book Review» iнтэрвiю, толькi што прачытанае ў «НН».

«Калi пра што і варта пiсаць, дык адно пра нешта вялiзнае: нараджэньне, сьмерць ды пра найважнейшае, што стаiць памiж iмi — сэкс».

«Нас прымушаюць прыйсьцi да iранiчнай высновы, што калi мы памрэм, спакойна ўздыхнуць тыя, хто адчувае сябе няёмка ў сваёй iрляндзкасьцi, пакуль iснуе жывая моўная традыцыя, да якой яны не належаць».

Я самаўпэўнена думаю, што ўжо двух гэтых пасажаў з iнтэрвiю хопiць на тое, каб нам разам з Нуалай не было сумна.

Знаёмства я мог бы пачаць з таго, што ў яе прыгожае iмя, якое — зусiм па-беларуску — вiльготна пахне затокаю, аерам i русалкамi, а калi б мы пасябравалi, я аднойчы насьмелiўся б назваць яе Нуалкай i прапанаваў бы паслухаць, як гучыць па-наску яе гэльскi верш з знарочыста казённаю назваю «Моўнае пытаньне», чые шапатлiва-зялёныя вобразы закалыхваюць мяне ў гэты вечар на былой вiле тав. Гротэволя:

Я пускаю сваю надзею на ваду


ў маленькiм чоўне мовы


нiбы кладу дзiця


у калыску...

* * *

На пытаньне некаторых беларускіх знаёмых, цi быў ён у Хатынi, Норбэрт Рандаў адказвае, што паедзе туды, калi мы пабудуем мэмарыял у Курапатах.

* * *

Перад лiтаратурнаю вечарынай у паўночнанямецкiм гарадку Нойштрэлiцы цяжка ўявiць хоць аднаго немца, якi адкладзе свае справы дзеля сустрэчы з двума лiтаратарамi з краiны, дзе расстрэльваюць паветраныя шары з амэрыканскімі спартоўцамі, а прэзыдэнт прызнаецца ў сымпатыях да партайгеносэ Адольфа Гiтлера.

Аднак, магчыма, якраз апошнiя акалiчнасьцi i зьбiраюць у залю большую частку публiкi.

А, магчыма, i не. Бо гарадок некалi быў сталiцаю вялiкага герцагства, а каля герцагаў музы водзяцца, як вядома, крыху часьцей, чым, прыкладам, каля графаў.

Гарадзкому тэатру з балетнай i драматычнай трупамi 250 гадоў. Яшчэ нядаўна ў партэры часта бачылi савецкiх афiцэраў: на 25 тысячаў жыхароў прыпадала роўна столькi ж таварышаў па зброi з усходу. Здаецца, гэтае суiснаваньне мела досыць мiрны характар. Калi дэлегацыя гораду наведала новае месца дысьлякацыi выведзенай у Расею дывiзii, яе камандзiр падшафэ прызнаўся, што хоча, каб на яго надмагiльным помнiку апрача датаў нараджэньня й сьмерцi было таксама напiсана: «жыў» i стаялi даты службы ў Нойштрэлiцы.

Гiсторыя выглядае вельмi мiлаю, калi забыць, колькi калегаў сэнтымэнтальнага расейскага камдыва дагэтуль мрояць пажыць у такiх утульных гарадках — калi не ў нямецкiх або чэскiх, дык, на горшы выпадак, хоць у беларускiх цi ўкраiнскiх.

* * *

На вокладку апошняга нумару гановэрскага часопiсу «Textura» вынесеныя iмёны дзесяцi беларускiх лiтаратараў. Нiна Мацяш сьпявае на прэзэнтацыi сваю «Калыханку для мамы». Сiвенькая фраў у першым радзе выцiрае вышыванай хусьцiнкаю сьлёзы. Ружавашчокi мужчына ў аблiччы тыповага задаволенага жыцьцём i пiвам бюргера рэагуе больш непасрэдна. Ён падыходзiць да стала і пачынае дэклямаваць:

На нiцях белай павуцiны

Прывозяць восень павучкi...

Потым пяе «Лявонiху» i завяршае iмправiзаваную лiтаратурна-музычную кампазыцыю вершам Янкi Купалы пра вялiкага Сталiна. Спадар Iтман нарадзiўся ў 30-я гады пад Празарокамi i скончыў чатыры клясы беларускае школы.

...Калi мы спаткаемся ў Дублiне з Нуалай Нi Гональ, я раскажу ёй, што ў Гановэры ёсьць цалкам прыстойны iрляндзкi паб зь пiвам Guinness i наiўны прафэсар Хюпэр, якi спадзяваўся дзякуючы мне ўдасканалiць сваю ангельскую мову.

* * *

Размаўляць з нашай перакладчыцаю паэткаю Эльке Эрб па-расейску — суцэльная асалода. «Эльке, как называется эта река?» — «Не знаю. Я с ней не разговариваю».

Беларускiя тэксты Эльке перакладае з падрадкоўнiкаў, але часам яе вабяць арыгiналы, i тады нашы дыялёгi робяцца яшчэ больш забаўныя. «Прайшла гáдзiна, — чытае яна i адрывае ад старонкi зьдзiўленыя вочы. — Володя, как может пройти гадина, если она не имеет ноги?»

Прыкладна так узнаўляе беларускi тэкст i мая суседка зь Серабранкi, толькi яна нiчому не зьдзiўляецца, а грэблiва падцiскае вусны: «Как всё грубо... Цырульня, гарбата... Это от слова «горб»?» — «А ваша парикмахерская — это от слова «хер»?» — далiкатна высьвятляю я.

* * *

У бэрлiнскiм Далемскiм музэi найцiкавейшымi для мяне нязьменна застаюцца ацтэкi ды iнкi. Няхай iхнія цывiлiзацыi ня ведалi каня, кола i альфабэту — усе недахопы кампэнсуе змрачнавата-вытанчаная эратычная керамiка i скульптура.

Не давайце веры казкам, нiбыта заходняя публiка мае вышэйшыя эстэтычныя памкненьнi. Самы вялiкi натоўп, як зазвычай, сабрала палатно Люкаса Кранаха «Крынiца маладосьцi».

Сюжэт карцiны прэтэндуе на глыбокi падтэкст. Яе дамiнанта — купальня, да якой пеша, конна, возна й карэтна кiруюцца старыя кабеты. Адну мадам муж альбо каханак цягне на ўласным карку, другую амарант транспартуе на тачцы накшталт тых, зь якiмi будавалi Днепрагэс i Магнiтку. У чароўную крынiцу цяжка залазяць карготы i сухарэбрыцы, а выбягаюць адтуль гладкiя грудастыя маладзёнкi зь зiхоткiмi вачыма.

Шматмоўная дыскусiя, што адбываецца каля палатна, круцiцца вакол таго, чаму ў купальню ня лезуць мужчыны. Дзякуючы прысутным аматаркам выяўленчага мастацтва, кантрапунктам узьнiкае тэма блытанiны: аматаркi хвалююцца, цi не пераблытаюць мужы i каханкi сваiх дзiвосна паюнелых спадарожнiцаў, бо тыя мяняюцца да непазнавальнасьцi, захоўваючы хiба нейкую адмысловую радзiмку альбо шнарык ад апэндыцыту. Мужчыны дыпляматычна маўчаць: выглядае, што, трапiўшы на карцiну, яны шукалi б асобыя прыкметы ня надта заўзята.

У суседнiх залях прыемная цiшыня.

Мастацтва паўсюль належыць народу.

* * *

Аднаго разу ў Сафiйскi ўнiвэрсытэт прыйшоў лiст, адрасаваны Клiмэнту Ахрыдзкаму, чыё iмя носiць галоўная баўгарская alma mater. Дырэктар Iнстытуту гiсторыi Акадэмii Навук ГДР прапаноўваў адрасату наладзiць навуковыя сувязi. Паколькi самому Ахрыдзкаму (Х ст. н.э.) напiсаць адказ было досыць складана, гэта зрабiў за яго на просьбу баўгарскiх калегаў доктар Норбэрт Рандаў.

* * *

Рандаў успомнiў сваю дружную турэмную брыгаду «палiтычных», на чале якой стаяў самы добранадзейны зьняволены, што засек сякераю жонку. Турэмныя правiлы абавязвалi адмiнiстрацыю забiраць з пасылак шакаляд. Вiдаць, з таго часу Норбэрт так любiць шакалядавыя цукеркi.

Я апавядаю гiсторыю, як вiцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман у юнацтве наведваў у аргентынскай турме пасаджанага за палiтычную заварушку Шэрмана-старэйшага. Сярод астатняга зьняволеным забаранялi перадаваць кнiгi. Затое ў сьпiсе дазволенага да перадачаў фiгуравала какава. Убачыўшы ў Шэрмана-малодшага кнiгу, жаўнер-ахоўнiк рашуча закруцiў галавой. Тады Карлас паказаў на сьпiс i на назву кнiгi. Жаўнер засумняваўся i паклiкаў сяржанта. У таго мазгi працавалi хутчэй, i Карласаў бацька атрымаў у сваёй камэры раман Жоржы Амаду «Какава».

Яшчэ адну какава-шакалядную гiсторыю я вырашаю за сталом не варушыць. У 30-я гады ў полацкай перасыльнай турме НКВД «ворагаў народу» ставiлi ў яму, якую паступова залiвалi разьведзенымi чалавечымi экскрэмэнтамi, чакаючы, пакуль жыжка дойдзе да нiжняе вусьнiны, каб яшчэ можна было вырваць прызнаньне. Гэта называлася «зрабiць шакалядным».

На такой асноведзi сюжэт з канфiскаванымi ў гэдээраўскай турме цукеркамi выглядае бледнавата, i я прапаную выпiць за гiстарычны поступ.

* * *

Нямецкi кампутар выдаў нам квiткi ня толькi ў розныя купэ, але i ў чужы, маскоўскi вагон, забiты людзьмi й валiзамi, быццам на перагоне памiж якiм-небудзь Серпухавам i Бугульмой. Я, вядома, не такi прастадушны, каб разьлiчваць, што тут хто-небудзь кiнецца дапамагаць мне цягнуць па вузкiм мiжнародным праходзе iнвалiдны вазок зь Нiнаю. Мы былi ўнутрана гатовыя i да таго, што нi ў водным з дваццацi купэ нiхто не пагодзiцца памяняцца з намi месцамi, але, трэба прызнаць, недзе ў пыльным заканурку наiўнай беларускай душы ўсё ж кволiлася надзея.

Я з вазком бездапаможна стаю ў праходзе. Зьмясiць кулакамi ўсе гэтыя родныя славянскiя пысы ў мяне ня хопiць сiлы, i я зьвяртаюся да адзiнай даступнай цяпер зброi. Не, я не тлумачу, што Нiна ня можа хадзiць. Я разумею, што, напэўна, у iншым вагоне цягнiка «Бэрлiн—Масква» магло быць iначай, але ў гэтым атрымалася тое, што атрымалася, i таму я гучна, каб мяне пачулi ад тамбуру да тамбуру, кажу: «Русские — свиньи!»

Яны глытаюць моўчкi, толькi з аднаго купэ вытыркаецца чырванашчокi мардаварот зь ленаватым пытаньнем: «Кто здесь оскорбляет русских, бля?», але, угледзеўшы вазок, хуценька наступае на горла нацыянальнаму гонару i рыўком зачыняе дзьверы.

Нам саступае купэ нямецкая сям’я.

* * *

Па пэроне ў памежным Тэрэспалi мытнiкi цягнуць у завязаных жаночых калготках два дзясяткi рэквiзаваных лiтровых пляшак гарэлкi. Натхнёны выгляд хлапцоў зь белымi арламi на фуражках усяляе ўпэўненасьць, што лёс у гэтай гарэлкi будзе шчасьлiвейшы i даўжэйшы, чым у той польскай «Выбаровай», якую ў ангельскiм порце Рамсгэйт на вачах у мяне i ў мытнiкаў яе вялiкасьцi ўласнаручна вылiваў за борт мой спадарожнiк Кшыштаф.

На столiку ў купэ ляжыць «Общегражданский заграничный паспорт СССР». «Срок настоящего паспорта продлён до 2001 года», — чытаю я ў чаканьнi памежнага кантролю.

Чацьвертая экспэдыцыя ў Нямеччыну заканчваецца.

Там, за Бугам, Берасьце. Заходняя брама краiны, абрысы якой пакуль што ўзнаўляюцца на палiтычных мапах новай Эўропы.

Сьнежань, 1995



Загрузка...