Паліхромная Брытанія
Празаічныя зацемкі з паэтычным постскрыптумам
Эмануэль Свэдэнборг верыў, што пад Лёнданам знаходзіцца яго падземны адбітак — горад з тымі самымі пляцамі, вуліцамі, прытонамі й піўніцамі, але населены нябожчыкамі, якія пакрысе ператвараюцца ў анёлаў або дэманаў.
Трэба меркаваць, што за два з паловаю стагодзьдзі сам вучоны і містык ужо набыў адпаведнае Божай волі канчатковае аблічча і, ня выключана, таксама рухаецца цяпер у такт маім вечаровым крокам па тагасьветным лёнданскім раёне Фінчлі, кіруючыся ў тамтэйшы паб «The Torrington», куды, хочацца спадзявацца, пускаюць як дэманаў, так і анёлаў — каб апошнія не адрываліся ад народу.
У згаданай установе я зь яшчэ большай надзеяю думаю, што зьмены ў гэтых Лёнданах-блізьнятах адбываюцца ўсё ж не сынхронна, і няхай хоць бы знакаміты швэд засьпее стары ўтульны інтэр’ер з учарнелымі дубовымі панэлямі ды ліпучымі ад «Гінэсу» сталамі, якія — на гэтым сьвеце — чулі некалі галасы Льва Гарошкі, Кастуся Акулы і мой уласны голас, калі ягоны ўладальнік да краёў наліваўся густым і цёмным ірляндзкім пітвом, не падазраючы, што празь дзесяць гадоў убачыць тут нешта накшталт менскай «Крыніцы», якая бруіцца на праспэкце Скарыны трохі наўскос ад КГБ.
Пасьля наведаньня дзясятка пабаў, зь якіх дзевяць ужо зьнявечаныя пад «стандарт», маніцца паслаць на неба блюзьнерскую sms’ку прыкладна такога зьместу: «Госпадзе, якую б іпастась ты ні абраў для мяне, — і анёлам, і дэманам буду антыглябалістам».
* * *
Некалькі прафэсараў-славістаў, якія часам выступаюць як экспэрты ў праблемах Усходняй Эўропы, а значыць, і маёй краіны, уважліва прагледзеўшы відэастужку зь менскімі вулічнымі акцыямі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, з хвіліну занепакоена пераглядваюцца. Нарэшце адзін з вучоных мужоў фармулюе агульнае пытаньне: ці няма ў гэтых дэманстрацыях і мітынгах нечага расісцкага? Адказваю непаразумелым позіркам, і прафэсар тлумачыць: яны ня ўбачылі сярод удзельнікаў ніводнага цёмнага твару.
Адразу ўспамінаецца, што ў клясе, дзе вучыцца сын лёнданскага прыяцеля, усяго трое белых — роўна столькі, колькі было ў вагоне падземкі, калі ехаў на сустрэчу з экспэртамі.
Захад абавязкова дапаможа маёй сінявокай краіне.
У выніку гэтае дапамогі менскія вуліцы імя клясыкаў марксізму, відаць, аблюбуюць жаўтаскурыя браты па розуме. Учора некалькі дэлегацыяў якраз такога колеру доўга заміналі мне зь сябрамі даступіцца да Марксавага надмагільля на Гайгэйцкіх кладах, каб учыніць невялікі пэрформанс з прывезенай здалёк постмарксісцкай газэткай, пляшачкай і, на жаль, без забытага кавалка сала.
Духоўныя спадкаемцы Ўсамы бэн Ладэна, пэўна, атабарацца на Камуністычнай, дзе некалі быў прапісаны Лі Гарві Освальд, якому малады Станіслаў Шушкевіч, калега з радыёзаводу, на заданьне начальства даваў урокі расейскай мовы. Цікава, а што прычынілася б, каб Станіслаў Станіслававіч узяўся вучыць амэрыканскага таварыша па-беларуску? Можа, колішні жыхар дому №4 абраў бы прыцэлам ня Джона Кенэдзі, а каго іншага?
* * *
Кожны раз у лёнданскім супэрмаркеце прыгадваю, як Адам Мальдзіс у сваім «Англійскім дзёньніку» з выдадзенай за савецкім часам кнігі пра літаратуразнаўчыя вандраваньні пісаў пра цяжкую тутэйшую жытку дакладна наступнае: «Мясныя вырабы бяруць маленькімі порцыямі — па 50, а то і 20 грамаў». І штораз пачынаю разважаць, чыя рука вывела гэтыя радкі, прасякнутыя нясьцерпным болем за пазбаўлены паўнавартаснага харчаваньня ангельскі люд: ці то куратара кнігі з камітэту дзяржбясьпекі, ці то самога шаноўнага навукоўца, што, мабыць, мог сабе дазволіць у капіталістычным пекле ўзяць на папаску не празрысты мясны скрылёчак, а адразу паўкілі?
* * *
Знаёмы мясцовы бізнэсовец Васіль (зь ягонага офісу адкрываецца шыкоўны выгляд на сабор Сьвятога Паўла) жанаты з латышкаю Антрай. Зь дзецьмі яны вырашылі размаўляць кожны на сваёй мове. У выніку, упершыню сутыкнуўшыся зь вялікім сьветам за сьценамі роднага дому, старэйшы з нашчадкаў зрабіў адкрыцьцё, якое ўразіла ягоную душу мацней за найшчадрэйшы калядны падарунак. Выявілася, што чалавецтва зусім не падзеленае на дзьве прыблізна роўныя палавіны, адна зь якіх, жаночая, гаворыць па-латыску, а другая, мужчынская, — па-беларуску.
* * *
Кембрыдж застанецца ў памяці залевай, што ўскаламуціла па-ўнівэрсытэцку засяроджаны Кем зь яго рамантычнымі мастамі. Магілы Фрэнсіса Бэкана ды Ісака Ньютана, папраўдзе, кранулі душу нязьмерна менш, чым жывы, румяны і ўжо слынны ў сваіх колах біёляг Вадзім, што залучыў на сустрэчу зь беларускімі візытантамі ня толькі братоў-славянаў, але і выкладчыка-вэнэсуэльца, які так праняўся нашай праблематыкаю, што выпіў большую частку Вадзімавых запасаў тэкілы й віскі, пасьля чаго, запіўшы іх чырвоненькім, паклікаў мяне на кухню й даў параду на наступных прэзыдэнцкіх выбарах галасаваць за іншага кандыдата.
Аднак мушу нясьціпла ды эгацэнтрычна прызнацца: усе падзеі дня і не зусім цьвярозай ночы сьцьмелі ў параўнаньні з тым фактам, што першаю кнігай, якую прачытаў па-беларуску малады сьветач айчыннай біялёгіі, былі «Таямніцы полацкай гісторыі».
* * *
Чаго ў ранейшыя прыезды сюды не заўважаў, дык гэта лёнданскіх пальмаў. А ў прыморскім Маргэйце наагул можна ўявіць, што ты ня ў Англіі, а дзе-небудзь на Кіпры.
Тут, у Маргэйце, жывуць ангелец Джым і беларуска зь Менску Эла, якая зьяўляецца яшчэ адным пацьверджаньнем адвечнай, з часоў Рагнеды, пасіянарнасьці нашых жанчын, што ў дадзеным выпадку выяўляецца, у прыватнасьці, у беларускай мове народжаных у Англіі Эліных дачок Алены й Аляксандры.
У садзе пры доме вядзецца саракагадовая жаўла. Кажуць, асобіны гэтага віду затрымліваюцца на сьвеце гадоў па дзьвесьце, таму нельга адназначна сьцьвярджаць, што людзі трымаюць жаўлу. Магчыма, сама жаўла — і небеспадстаўна — думае, што гэта яна трымае (ці трывае) чатырох уладальнікаў асабняку — толькі часовых спадарожнікаў ейнага пакуль бесклапотнага юнацтва.
Жаўле няма куды сьпяшацца, і яна адмаўляецца ад вандроўкі ў Дувар ды лёгкай пачосткі пад акампанэмэнт прыбою. Экраны мабільных тэлефонаў паведамляюць, што мы знаходзімся ўжо ў Францыі. Між тым, дзесьці за марскім даляглядам яшчэ ляжаць ангельскія выспы, якія ў Другую сусьветную вайну былі занятыя немцамі. Жыхары выспаў арганізавана здалі акупантам сваіх габрэяў, пашыліся ў калябаранты ды спакойна чакалі вызваленьня.
* * *
Ангельцы чамусьці ня любяць згадваць пра няхай не маштабны, але яўны суўдзел астраўных суайчыньнікаў у Галакосьце. Не выклікаюць прыліву энтузіязму і пытаньні, чаму ў траўні 1945-га старая добрая Брытанія, парушыўшы ўсе канвэнцыі й гарантыі, выдала Савецкаму Саюзу на верную сьмерць казацкі стан атамана Даманава — 20 тысяч чалавек з улікам жонак, дзяцей і старых. Казакі згаджаліся здацца адно брытанцам, і тыя прысягнулі, што бальшавікам іх не аддадуць.
Што праўда, выдалі ня ўсіх — шмат хто пасьпеў скончыць самагубствам або загінуў пры супраціве. З тысячаў выратаваліся адзінкі. 80-гадовага героя Першай сусьветнай генэрала Краснова, што, як і большасьць палонных казакоў, ніколі ня быў савецкім грамадзянінам, павесілі ў Маскве «за здраду». Самога Даманава энцыкляпэдыя «Брытаніка» проста (дакладней, якраз ня проста) ня згадвае, а здрадніцкія паводзіны Лёндану тлумачыць ялцінскімі пагадненьнямі.
Менавіта пра гэтыя пагадненьні піша сьвежы «Лондонский курьер». Аўтар б’ецца над загадкаю: чаму Масква пайшла на вяртаньне Захаду «сваёй» часткі Аўстрыі? Разумела ж, што адкрыюцца вусьцішныя факты. Напрыклад, тое, што ў год перамогі ў Вене не засталося ніводнай не згвалтаванай вызваліцелямі жанчыны.
Ялту журналіст трактуе як першую здраду брытанцаў і амэрыканцаў. Чэрчыль ведаў, што чакае ўсходнеэўрапейскія краіны пад ярмом Масквы, але пагадзіўся аддаць іх Сталіну. Казакі — другая здрада.
Карацей, рэпутацыя брытанскіх джэнтэльмэнаў як самых справядлівых і бесстароньніх на сьвеце ня раз трапляла ў ХХ стагодзьдзі пад сумнеў. І таму, аддаючыся ў рукі ангельскага правасудзьдзя, Ахмед Закаеў, безумоўна, рызыкаваў. Аднак гэтым разам Масква прайграла. Суд прызнаў хлусьлівымі паказаньні абсалютна ўсіх сьведкаў абвінавачаньня, улучна з расейскім міністрам, а сытуацыю ў Чачэніі назваў не барацьбой з тэрарызмам, а вайной за незалежнасьць або — грамадзянскай (фармулёўка прысуду дазваляе абедзьве інтэрпрэтацыі).
Застаецца дадаць, што ўжо тут, у Лёндане, Закаеў мог чытаць маё эсэ пра незалежнасьць, перакладзенае летась на чачэнскую мову Зэлімханам Яндарбіевым, што калісьці разам зь Леанідам Галубовічам вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.
* * *
Адна рэч, калі госьці з, так бы мовіць, мэтраполіі сустракаюцца з эмігрантамі, якія й наладзілі візыт, і зусім іншы каленкор, калі ў цэнтры Лёндану арандуецца заля, а абвесткі пра літаратурную вечарыну з платным уваходам разьмяшчаюцца ў мясцовай расейскай, польскай ды ўкраінскай прэсе (беларускай проста няма).
Сэрца кранае мэнтолавы халадок: як паводзіцца, калі ня прыйдзе ніхто? Што ім, у сталіцы Злучанага Каралеўства, няма куды пайсьці і няма чаго ўзяць на вечар? З другога боку, а раптам зьявяцца пэрсоны зусім невядомыя ці, наадварот, вядомыя з партрэтаў на газэтных старонках?
Не, дзівосаў (калі не лічыць, што заля запоўненая) не здараецца. Закаеў зь Беразоўскім занятыя іншымі справамі, хоць, трэба сказаць, кожны мае да маёй разнажанравай пісаніны нейкае дачыненьне. Расейскі алігарх, да прыкладу, некалі кіраваў выканкамам СНД, прычым быў прызначаны на пасаду ў той момант, калі ў 1997-м Беларускі гуманітарны ліцэй адбіваў першы націск уладаў. На менскі стол Барыса Абрамавіча лёг напісаны мною ад імя бацькоў зварот, на які алігарх наклаў рэзалюцыю: разабрацца. Казалі, гэты ход адыграў сваю ролю.
Тамары Віньнікавай у залі таксама няма (ну, хіба што прыйшла з накладной барадой).
Затое прысутнічае літоўскі кінадзеяч Саўлюс, сэрца якога дагэтуль вярэдзяць праблемы гістарычнай ды этнаграфічнай прыналежнасьці Вільні й Віленскага краю. Наўрад ён разьлічвае знайсьці ў беларускага пісьменьніка гарачую падтрымку, аднак не пасьпяваю раскрыць рот, каб прамовіць нешта талерантнае, як сярод публікі падымаецца тутэйшы прадпрымальнік Тадэвуш, што некалі трымаў там, у Вільні, кавярню. Ягоны сьпіч прымушае Саўлюса ўсклікнуць: «Каким ужасным белорусским шовинизмом повеяло на меня от ваших слов!»
«Беларускі шавінізм» — нешта новае. Можа, гэта ўсьцешлівая прыкмета ачуняньня нацыі?
Але сапраўдным аздабленьнем сустрэчы робіцца выдатна захаваная жыхарка Лёндану — з тых, што ў вайне з Хронасам пераходзяць у пасьпяховыя контратакі і ў семдзесят здаюцца саракагадовымі. Прыгажуня без узросту вельмі празрыста намякае, што пэўны час была музай Андрэя Макаёнка й згадвае, як слаўна яны з Андрэем ды Іванам Пятровічам «куролесили». Для неабазнаных у беларускім літаратурным працэсе дама ўдакладняе, што Іван Пятровіч — наш «классик» Іван Шамякін.
Як потым высьвятляецца, у залі затаіўся і консул беларускае амбасады. «Сьмяяўся там, дзе трэба», — камэнтуе наяўнасьць адказнай асобы перакладчык доктар Дынглі.
* * *
Трафалгарскі пляц выглядае пустэльна й сумна. Мэрыя забараніла турыстам карміць тут галубоў. Птушкам, адпаведна, забаронена на пляцы зьбірацца. Кара (для бяскрылых) — 50 фунтаў. Пастанова грунтуецца на тым, што галубы прыносяць гістарычнай спадчыне шкоду. Чым — нескладана зразумець, калі ўспомніць, як у Менску раз-пораз мыюць з брандспойту засраны помнік таварышу Дзяржынскаму. (Ужо гадоў дзесяць каля яго не даводзілася бачыць аніякіх кветак, адно гаўно.)
Лёнданскіх галубоў разганяюць з дапамогаю мэгафонаў і адмыслова навучаных сокалаў. Прэса піша, быцам з ранейшых пяці тысяч птушак на пляцы застаецца блізу дзьвюх сотняў самых зацятых, што нагадвае колькасныя суадносіны ўдзельнікаў колішніх і цяперашніх акцыяў роднай апазыцыі.
На поўдзень ад калёны адмірала Нэльсана нібыта ёсьць мясьціна, што юрыдычна не належыць да тэрыторыі пляцу, і туды, як сьцьвярджаюць знойдзеныя птушынымі сябрамі дакумэнты, галубам можна зьлятацца законна й беспакарана. Гэткі тамтэйшы птушыны Бангалор.
* * *
Галерэя Тэйт, што на пачатку 1990-х здалася своеасаблівым падручнікам авангардызму, пасьпела кланавацца. Новая галерэя, у якую ператвораныя карпусы былога заводу ці электрастанцыі, найбольш уражвае інсталяцыяй у галоўнай залі: з тэрасы на другім ярусе гляджу на агромністае «сонца», залацістую смугу, дзе губляецца высачэзная столь, і на сахарскі краявід на доле, пасярод якога, падклаўшы пад галаву заплечнік, прывольна разьлеглася аматарка мастацтва з поклічна раскінутымі нагамі. Не хапае толькі мяне.
* * *
На вячэру да найбуйнейшага ў ангельскамоўным сьвеце спэцыяліста ў беларускай літаратуры прафэсара Арнольда Макміліна мы кіруемся ў кампаніі найбуйнейшага (ува ўсім сьвеце наагул) адмыслоўца ў беларускіх вуніяцкіх сьпевах Гая дэ Пікарды. На аўтобусным прыпынку каля гатэлю, дзе некалі спыняўся Ленін (наш вучоны спадарожнік ніколі не праміне назваць Ільліча «сімбірскім сыфілітыкам») спадар Гай зьнячэўку пачынае сьпяваць песьні італійскіх і нямецкіх фашыстаў. Маленькі імправізаваны канцэрт сьведчыць: нялюдзкія ідэалёгіі (хоць Мусаліні супроць Гітлера — гэта як цацачны воўк перад ваўком сапраўдным) нараджаюць вельмі нават мілагучныя творы, якім наканавана жыць шматкроць даўжэй за сваіх «мацярок». Ars longa!
* * *
Мне не выпадала спаткаць прафэсара, якога Бог надзяліў бы гумарам шчадрэй за Макміліна. Адна зь вельмі нешматлікіх рэчаў, цалкам сур’ёзна паведамленых гаспадаром падчас вячэры, — той факт, што ў сваёй гісторыі сучаснай беларускай літаратуры ён толькі што скончыў разьдзел, прысьвечаны паэзіі Анатоля Сыса.
Першая жонка Макміліна, ангелька, у разводным пратаколе напісала, што сабак муж любіў болей за яе. Шлюб з другой, Сьвятланай зь Пецярбургу, атрымаўся, як выглядае, шчасьлівейшым. Магчыма, і з тае прычыны, што нідзе ў Англіі іхні нацыянальны падмацунак — засмажаная барановая нага — не была згатаваная нам настолькі смачна.
* * *
Пра гэта ня надта хочацца, але трэба напісаць: у лёнданскай Беларускай бібліятэцы імя Скарыны, дзе ўчора я гартаў сьвежы нумар «Нашай Нівы» і старонкі, што могуць памятаць рукі самога Францішка, усё часьцей агортвае трывога. Што будзе зь бібліятэкай і з усёй Беларускай каталіцкай місіяй, зь лёнданскім «Домам марыянаў»?
Айцец Аляксандар Надсан у сваіх публікацыях давёў, што беларуская ахвярнасьць марыянаў — шмат у чым толькі прыгожы міт — пачынаючы ад, далікатна кажучы, непрыстойнай гісторыі з дыямэнтавым калье Магдалены Радзівіл (княгіня-мэцэнатка мусіла нават прыгадаць сёмае Божае прыказаньне) да перадачы Ватыкану набытай на сродкі беларускіх эмігрантаў зямлі й маёмасьці Каталіцкай місіі.
Пры ўсім даволі хваравітым стаўленьні да апошняй хвалі эміграцыі, хочацца кінуць на новых ангельскіх беларусаў позірк, поўны надзеі, верачы, што паміж гэтых людзей ня толькі аматары ўежна ўладкавацца (і той, хто нядаўна выкраў зь бібліятэкі бясцэнныя Скарынаўскія выданьні), але і тыя, дзякуючы каму яшчэ празь дзесяць гадоў на парозе дому №37 на Holden Road у раёне Фінчлі мяне не сустрэне ліпучы позірк тамтэйшага магамэтаніна, зь якім нават ня вып’еш захопленую ў вандроўку пляшку «Беларускага бальзаму».
P. S.
У Англіі
У Англіі ёсьць каралева
і ветлівыя палісмэны.
У Англіі
жывуць шэрыя вавёркі
і гарадзкія лісіцы.
У Англіі
смачныя пірагі з ныркамі.
У Англіі
ёсьць магіла Карла Маркса,
якую можна заслаць
газэтай «Советская Б.»
і выпіць,
каб капіталісты ўсіх краінаў
зьядналіся.
У Англіі
растуць магноліі,
а на сьняданак бываюць
сьвежыя суніцы.
Але ў Англіі
няма цябе,
і твайго
зьлёгку санлівага позірку,
і тэлефонаў з тваім голасам.
У Англіі
няма прэзыдэнта
і Таварыства ангельскай мовы
імя Ўільяма Шэксьпіра.
У Англіі
няма плаўленых сыркоў
і бурштынавага напою «Крыжачок».
Але ў Англіі
няма цябе,
і тваіх нестандартных ножак,
і адважнай фрызуркі,
што марыць
зусім не пра грабеньчыкі.
У Англіі
ёсьць магчымасьць застацца
і піць каву на Пікадылі,
стаць сваім сярод галубоў
Трафалгарскага пляцу
і паіць «Гінэсам»
знаёмую лісіцу
ў раёне Фінчлі.
Але ў Англіі
няма цябе,
і твайго шэпціку,
сатканага з самых пяшчотных
і самых грубых слоў,
што казычуць вуха
пёркамі дзівосных фантазій.
А таму
я купляю для нас зь лісіцай
пляшку ірляндзкага лікёру,
і мы абыходзімся
бяз закусі.
Лісіцы ня плачуць,
толькі даверліва глядзяць у вочы.
Пад белымі скаламі Дуўру
нецярпліва чакае паром,
дзе я вып’ю за тое,
што пада мною свойскі Ля-Манш,
які рыфмуецца з словам «наш»,
а тады накіруюся ў WC, каб,
пабыўшы алегорыяй крыніцы,
учыніць дэфлярацыю
цнатліва белай ангельскай сьцяны.
Аднак гэта ўжо зробяць да мяне.
О, жывы подых радзімага кантынэнту!
На ім няма Англіі,
але ёсьць ты,
і дзесьці за Францыяй і Галяндыяй,
за Бэрлінам і Варшавай,
за Івацэвічамі і Койданавым
ты стаіш ля вакна
з келіхам у тонкай
цёплай руцэ
і чуеш, як родны памежнік
кажа мне:
«Здравствуйте!»
Жнівень, 2004