Два дні ў Парыжы
Позна ўвечары выходзіш з аўтобуса ў густа населеную цыкадамі, цёплую, сухую і нейкую сьветла-празрыстую цемру, глядзіш у далеч, на вясёлыя агні Ніццы, што сваімі выцягнутымі ўсьцяж вуліцаў ланцужкамі нагадваюць гірлянды лямпачак на велізарнай сьвяточнай яліне, і зь нечаканым лёгкім хваляваньнем успамінаеш, што зусім блізка адсюль жыў Іван Бунін, які ў такую самую месяцавую правансальскую ноч мог вось пад гэтымі кіпарысамі, быццам выразанымі з самой цямрэчы майстрам выцінанкі, абдымаць Галіну Кузьняцову, шукаючы старэчымі, але яшчэ жывымі і прагнымі пальцамі яе гарачае лона.
Адкінуўшы аўтобуснае крэсла і накрыўшыся пледам, утульна думаеш, што заўтра прачнесься ў Парыжы і, ужо закалыханы горнай дарогаю, заўважаеш паваротку на Грас і спрабуеш уявіць белы дом на гары, Галіну, што прыйшла ў жыцьцё Буніна зь яшчэ ненапісаных «Цёмных прысадаў», іхнія заняткі літаратурай і ўсім астатнім…
* * *
Паводле капрызу падсьвядомасьці, у гэтую ноч сьніцца ня штосьці францускае, бунінскае, эратычнае, а сон, усімі каранямі ўрослы ў далёкае, беларускае, менскае. Цяжка даць веры, але табе сьняцца Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Праўдзівей, не жывыя гістарычныя пэрсанажы, а іх адлюстраваньні ў сучаснасьці — скульптурная кампазыцыя ў сквэры Белдзяржунівэрсытэту. Адзінае лягічнае тлумачэньне сну ў тым, што згаданая паркавая скульптура табе вельмі даспадобы сваёй чалавечай набліжанасьцю да мінакоў. Ты маеш да аўтара адзіную, хоць і істотную прэтэнзію, і з табой пагодзіцца кожны, хто на хвіліну спыняўся каля Сымона й Васіля, што выгодна ўладкаваліся пад сьценамі alma mater на нечым накшталт куфра: помніку востра бракуе масянжовай пляшкі й кубкаў.
* * *
Прачнуўшыся, ты як на злосьць ня памятаеш, ці была гэтая пляшка там, у сьне. Наўзамен прыгадваецца, што Будны з абурэньнем пісаў пра тое, як адны жыхары гораду, прадмесьці якога ўжо мільгаюць за вакном, неяк у ноч на сьвятога Барталямэя натхнёна перарэзалі тры тысячы іншых жыхароў — сваіх суседзяў-гугенотаў. Утруціўся ў мокрую справу і кандыдат на трон вялікага князя й караля тваіх продкаў Гэнрык Валезы, які мусіў даваць потым пісьмовыя гарантыі, што нічым падобным у вас займацца ня будзе, і ўрэшце быў каранаваны. Але не прайшло й чатырох месяцаў, як манарх, не разьвітаўшыся з прыдворнымі, выйшаў у глухую начную пару з палацу і, з смакам вылаяўшыся на абедзьвюх дзяржаўных мовах, растлумачыў фурману на жудаснай ліцьвінска-францускай і лацінска-польскай трасянцы, што ніякі ён, кароль, ня Гэнрык Валезы, а народжаны Анры Валюа, а таму гані, пся крэў і сабачая костка, у Парыж, дзе адкрылася каралеўская вакансія.
Гэтым самым шляхам двойчы кіраваўся, толькі ўжо не на радзіму, а на чужыну, іншы гаспадар тваёй Айчыны, хаўрусьнік швэдаў Станіслаў Ляшчынскі. Першы раз — пасьля Палтаўскай бітвы, другі — праз чвэрць стагодзьдзя, калі зноў быў законна абраны каралём і вялікім князем, але пецярбурскія «таварышы» не ўхвалілі гэткага выбару і далі загад генэрал-фэльдмаршалу Мініху працягнуць заходнім суседзям руку інтэрнацыянальнай дапамогі, у выніку чаго на трон узышоў саксонскі курфюрст Аўгуст ІІІ, той самы, які за грошы тваіх продкаў сабраў славутую калекцыю Дрэздэнскай галерэі.
Трэба сказаць, што ў выгнаньні яго каралеўская мосьць Станіслаў уладкаваўся вельмі нават няблага: атрымаў у пажыцьцёвае кіраваньне герцагства Лятарынгію, а яшчэ раней выдаў замуж за францускага калегу Люі ХV дачку Марыю Караліну Соф’ю Фэліцыю, жанчынку спрытную й бяз комплексаў. «Завіце мяне проста Фэля», — сказала яна сужэнцу і пачала вырабляць у спальні такое, што неўзабаве ейны зьнясілены «козьлік» мусіў шукаць спачыну ў халаднавата-разважлівых абдымках вэрсальскіх красуняў, спыніўшыся нарэшце на мадам Пампадур (зь якой ягоная юравабная Фэля здолела хутка й немаведама на якой глебе пасябраваць). Бацька каралевы тым часам досыць цывілізавана эксплюатаваў лятарынскія народныя масы, прыцягнуў у герцагства інвэстыцыі, заняўся філязофіяй, але аднойчы, настальгічна прыгадаўшы Бацькаўшчыну, хапянуў лішняга й соладка заснуў пры каміне. Відаць, экс-манарх сьніў штосьці надзвычай прыемнае, бо не захацеў прачынацца, нават калі ўспыхнула адзеньне.
Застаецца суцяшацца тым, што ў сваім апошнім сьне ваш чалавек у Лятарынгіі прынамсі ня мёрз.
* * *
Даеш самому сабе зарок: у гэтыя два парыскія дні нікога больш з суайчыньнікаў, якіх у розныя стагодзьдзі перабывала тут гіблота, не ўспамінаць — каб не прагледзець нечага адмыслова тутэйшага. Але хутка мусіш прызнаць, што абяцаньні гэткага кшталту не для цябе. Як ні круці, усё роўна займае, дзе мог зьняць на вечар прыгажуню малады Напалеон Орда, дзе перапісваў Міцкевічу завершанага ў Парыжы «Пана Тадэвуша» Ігнат Дамейка і якім віном запіваў паштэт з гусінай пячонкі перад выправаю ў сьмяротна небясьпечную экспэдыцыю на радзіму апошні няскораны паўстанец 1831 году Міхал Валовіч.
Адказаў у гідэсы, дачкі расейскіх эмігрантаў, няма. Ня ведае яна й таго, што магло здарыцца ў Парыжы зь беларускім пісьменьнікам Усеваладам Краўчанкам (зрэшты, ня ведае і дачка пісьменьніка, а твая знаёмая Волечка, якая тады была зусім малая). Саракапяцігадовы літаратар, галоўны рэдактар часопісу «Бярозка», прыехаў у 1961 годзе ў Францыю і, пагуляўшы па парыскіх бульварах, завяршыў турыстычную вандроўку, а разам зь ёю і жыцьцёвы шлях на бруку пад вакном канскага гатэлю...
Ну добра, а якім чынам згадка пра тваю сталіцу ўзьнікае ў «Тропіку Раку» Гэнры Мілера, рамане, народжаным у навакольлі Элізэйскіх палёў? Памятаеце: «Гушкаючыся ў парыскай зыбцы, кожны можа аддавацца лятункам пра Бэрлін, Нью-Ёрк, Чыкага, Вену, Менск»? Гідэса паціскае плячыма. Яна не чытала, але чула, што кніга «достаточно отвратительна» і нездарма была забароненая. Ты паведамляеш суразмоўніцы, што «Тропік Раку» — адзін з найлепшых твораў пра каханьне, напісаных у прамінулым стагодзьдзі.
Некалі ў калядным інтэрвію ты абвясьціў, што адшукаў у менскай Малінаўцы былую каханку знакамітага пісьменьніка, старую беларускую эсэрку, што захавала рэшткі ня толькі тагачасных поглядаў, але і прыгажосьці, у росквіце якой часта бавіла час у ложку зь Мілерам, а ў хвіліны адпачынку расказвала «чалавеку з сталёвым фаласам» пра хлопчыка зь лебедзем у менскім Губэрнатарскім садзе. Праз колькі дзён твой тэлефон азваўся ўсхваляваным голасам кандыдата філялёгіі й дасьледніка замежнай літаратуры. Ты паведаміў, што дакляраваў мадам з Малінаўкі захаваць ейнае incognito. Адзінае, чаго колішняя парыжанка не хавала, — таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах галасавала за Пазьняка, які, ува ўсякім разе звонку, нагадвае ёй незабыўнага Гэнры.
* * *
Гідэсе ўсё ж хочацца зрабіць табе прыемнае, і каля «Grande Opera» яна кажа, што пляфон славутага тэатру размаляваў беларус Марк Шагал, хоць на гэтую замову вельмі разьлічваў Сальвадор Далі.
Навіна прыводзіць на памяць вядомую з вуснай народнай творчасьці гутарку габрэя з кітайцам:
«Кітаец (паблажліва):
— Ну колькі вас, жыдкоў, усяго на сьвеце?
— Дзесяць мільёнаў.
Кітаец (трыюмфальна):
— А нас — мільярд і дзьвесьце мільёнаў!
Габрэй (зьдзіўлена):
— Ды штосьці вас не відаць…»
Ключавыя словы — дзесяць мільёнаў.
* * *
Адно з наймацнейшых уражаньняў ад Парыжу: горад катастрафічна цямнее. Прычым белыя парыжане, як і ты, жыхар гіпэрбарэйскай краіны, ходзяць па халаднаватых дажджлівых вуліцах у швэдрах і плашчах, а нашчадкі афрыканскіх рабоў — па-гаспадарску шуруюць у шортах і тэнісках, быццам іх грэюць тут родныя сьцены. Ну а нашчадкі гэтых нашчадкаў наагул бегаюць вакол гатэлю ў брудных майтках і саколках ды цэляцца ў цябе з плястыкавых (пакуль што) пісталетаў і аўтаматаў.
Нядаўна прэса прадказала, што белыя ў францускай сталіцы могуць апынуцца ў меншасьці ўжо ў наступным стагодзьдзі. Футуролягі, відавочна, суцяшалі сябе. На берагах Сэны прагноз спраўдзіцца, як сёньня выглядае, праз пару дзесяцігодзьдзяў.
* * *
На плён хваравітай фантазіі інжынэра Эйфэля ты ўпершыню ўважліва глядзіш ад заваленага кветкамі мэмарыяльнага знаку ля тунэлю, дзе скончылася апошняя паездка прынцэсы Дыяны. (У такім месцы з сумам прыгадваюцца беларускія манархісты, што азваліся былі на пачатку 1990-х ды недзе запаветрылі — а няхай бы знайшлі якога спадкаемца трону ды аздаблялі палітычную палітру, падтрымліваючы гаспадара вялікага дому на вуліцы Карла Маркса або далучаючыся ў выглядзе плюсу да апазыцыйных блёкаў і кааліцыяў.)
Сказаць пра Эйфэлеву вежу што-небудзь новае ты ня здатны, бо проста лянуесься напружваць уяўленьне. Нічым асаблівым цыкляпічная жалязяка цябе не кранае.
З усіх ранейшых параўнаньняў табе даспадобы тры. Аляксандар Дзюма-сын неяк назваў гэтую спаруду відэльцам для вустрыцаў. Мапасан выказаўся больш ляпідарна: «Брыдота», — і сем разоў мяняў парыскія кватэры, бо зьненавіджаная вежа паўсюль лезла ў вокны. Аднойчы сябры сустрэлі пісьменьніка з бутэлькаю ў руцэ на самой «брыдоце». Гэта адзінае месца, адкуль яе не відаць, патлумачыў аўтар «Пышкі», і зь ім можна пагадзіцца.
Самы лірычны быў Гіём Апалінэр, якому вежа нагадала жаночую панчоху. Здаецца, паэт крыху схібіў: больш дакладным атрымалася б параўнаньне з абцягнутай гэтай панчохаю жаночай ножкай.
* * *
Каб падняцца на Эйфэлеву вежу пешкі, мусіш пераадолець 1789 прыступак. Лічба нагадвае пра дату пачатку Францускае рэвалюцыі, а таксама пра тваю нядоўгую пэдагагічную кар’еру й колішняга вучня Лёшу Марозава, што на ўроку гісторыі ўсяго адзін раз падняў руку — ня дзеля таго, каб папрасіцца ў прыбіральню (дзе ён зь пятае клясы курыў і жлукціў піва), а каб выйсьці да дошкі й захоплена расказаць, як Шарлёта Кардэ, якую Лёша называў проста «гэтай чувіхай», зарэзала ў ваньне Марата (яго твой вучань у сваім эмацыйным адказе пагардліва менаваў «дахляком»).
Ты таксама цікавісься падзеямі Францускай рэвалюцыі, але не настолькі, каб самастойна пералічваць усе прыступкі.
Ліфт выпускае цябе на верхняй пляцоўцы, і твая загартаваная душа зьнячэўку заходзіцца ад захапленьня. Адсюль у раньнім вечаровым сутоньні Парыж выглядае бясконцым белым горадам. Амаль да самага далягляду цягнуцца сотні й сотні белых кварталаў. Колер насамрэч ня чыста белы, а як бы стамлёны, прыцярушаны пылам часу. Здаецца, што ў гэтую хвіліну ў шэрым небе над змораным за дзень горадам цалкам натуральна выглядала б чародка анёлаў з такімі самымі шаравата-белымі стамлёнымі крыламі.
* * *
Колькі лухты панапісвалі пра Парыж! Уладзімер Маякоўскі, напрыклад (нібыта з іроніяй, але разам з тым і з уласьцівым расейцам — ужо на генным узроўні — запабяганьнем перад замежжам), прыйшоў да высновы, што «даже тиф здесь и то шикарней: парижане его приобретают от устриц». Прыгадваецца, што нехта з расейскіх літаратараў-эмігрантаў лічыў больш «шикарными» й ганаровымі нават пранцы, набытыя не ад айчынных, а ад парыскіх «блядей».
* * *
У той самай залі Люўру, дзе густы натоўп таўчэцца каля «Джаконды», вісяць карціны Сальваторэ Розы. Заля з арыгінальнымі палотнамі гэтага майстра магла б быць і ў карціннай галерэі твайго Полацку. Некалі Розавы «Сьвятая Тройца», «Сабор сьвятых пакутніц» і «Ўкаменаваньне сьвятога Стэфана» аздаблялі полацкі храм у гонар гэтага першапакутніка.
«Укаменаваньне», цэнтральны алтарны вобраз, было вынесенае зь перададзенага праваслаўным сабору і пачало блуканьні па пакутах за часамі япіскапа Савы Ціхамірава, кінутага на Полацкую япархію «в подкрепление». Уладыка ісьцінна праваслаўнага расейскага разьліву выславіўся паленьнем вуніяцкай скульптуры ды загадам расьпілоўваць на грэка-каталіцкіх укрыжаваньнях Збавіцелевы ногі, «богомерзко» прыбітыя не двума, а адным цьвіком.
О, нязгаснае сьвятло найправаслаўнейшай веры!
* * *
Некалі ты чуў гісторыю, як два савецкія дыпляматы, выгодна ўладкаваўшыся, ехалі ў парыскім мэтро і, убачыўшы пасажырку нестандартных памераў, вырашылі прадэманстраваць выхаванасьць. «Давай уступим корове место», — прапанаваў адзін другому. «Корова благодарит», — на чысьцюткай расейскай мове адказала негабарытная пасажырка.
У гэтым, апетым Картасарам мэтро, ты стаў сьведкам іншае сцэнкі. Манумэнтальная парыжанка пудоў на сем-восем сутыкнулася ў дзьвярах вагону з далікатным субтыльным мурынчыкам у гарнітуры-тройцы, што ня проста ня здолеў выйсьці, а, пераляцеўшы праход, пляснуўся разам з сваім гэткім самым субтыльным партфэльчыкам назад на крэсла. Да наступнае станцыі небарака ўвесь час ветліва абураўся, паказваючы на пабітае калена. Парыжанка, замілавана нахіліўшы галаву, паблажліва слухала, а калі мурынчык асьцярожліва рушыў да выхаду, праводзіла яго задушэўнымі словамі: «Ничего, на вас всё как на котах заживает».
* * *
Апроч усіх іншых прычынаў для нацыянальнага гонару французы могуць назваць і такую спэцыфічную, як эўрапейскае лідэрства ў колькасьці ВІЧ-інфікаваных на тысячу жыхароў. З гэтае нагоды ў міжнародны дзень змаганьня з СНІДам энтузіясты нацягнулі гіганцкі кандом на славуты Люксорскі абэліск, які за трыццаць тры стагодзьдзі сваёй гісторыі, магчыма, упершыню адчуў сябе фаласам.
Добра вырабляць падобныя штукі, маючы сярэднямесячны заробак пад 2000 эўра, скажа твой суайчыньнік. Пакуль у яго столькі выходзіць у лепшым разе за год, усе менскія абэліскі будуць стаяць без апраткі — хапіла б на тое, што нацягваеш сабе самому.
* * *
Гай Пліні Сэкунд слушна зазначыў, што няма ў сьвеце месца, дзе б не пілі. Але ў Парыжы ты прасякаесься асаблівай адказнасьцю за тое, што й дзеля чаго п’еш.
Белае віно — дзеля наталеньня смагі, чырвонае — дзеля асалоды, ружовае — дзеля каханьня.
Увечары заходзіш у краму каля гатэлю й бярэш адразу белае, чырвонае й ружовае.
Ты разумееш, што твой гатэль ня ў самай фэшэнэбэльнай акрузе, але ўсё ж ня ў Афрыцы, а, тым ня менш, у вялікай краме, калі не лічыць цябе, няма ніводнага белага чалавека. Таму дзеля супакою й душэўнай раўнавагі апрача круглых пушачак з рознымі гатункамі камамбэру бярэш у запас другую бутэльку бардо, яшчэ не здагадваючыся, што на яе ўзьнікнуць нечаканыя прэтэндэнты.
* * *
Прыяжджаючы з Правансу, Іван Бунін жыў вось у гэтым нічым асабліва не адметным доме, куды хутка знайшоў дарогу, заявіўшыся пасьля Другой сусьветнай вайны ў Парыж, савецкі пісьменьнік Сіманаў, што меў на мэце ўгаварыць нобэлеўскага ляўрэата вярнуцца ў родныя палестыны. Той, кажуць, неўзабаве згадзіўся, і з фантастычнай хуткасьцю былі аформленыя дакумэнты на выезд.
Сіманаў задаволена паціраў рукі, аднак Бунін, ужо седзячы на валізах, усё сапсаваў. Аднойчы савецкі візытант, што паводзіўся ў кватэры Буніных амаль па-гаспадарску, глынуў каньячку і ціхамірна хрумстаў смажанай жабінай лапкай. І тут гаспадар раптам ні з чога ні зь якога пытаецца: «Скажыце мне, паважаны, ці праўда, што ў вас у Савецкім Саюзе слова «Бог» пішацца з малой літары?» А Сіманаў, заместа таго, каб суцешыць мэтра, зусім страціў пад чаркаю бальшавіцкую пільнасьць: «Хіба ж гэта, дарагі Іван Аляксеевіч, самае прынцыповае? Мы вось фашыстаў разграмілі…» Тады Бунін яму: «Ну, калі ня самае прынцыповае, то ішлі б вы, дарагі Канстанцін Міхайлавіч…» І сказаў — куды.
Так Сіманаў з Божай дапамогаю заваліў адказнае заданьне партыі і ўраду.
* * *
Хто самы славуты з французаў? Жанна д’Арк? Вальтэр? Генэрал дэ Голь? Віктор Гюго, які спадзяваўся, што пасьля яго сьмерці Парыж назавуць ягоным імем? Напалеон, што знайшоў апошні прыстанак у саборы Інвалідаў, дзе саркафаг з чырвонага парфіру змушае кожнага наведніка пакланіцца, бо стаіць ніжэй за ровень падлогі?
А можа, на лаўры найславуцейшага з французаў, няхай сабе й крыху апасродкавана, мае падставы прэтэндаваць Жазэф Ігнас Гільятэн? Здольны мэдык, якога рэвалюцыйныя віхуры ўцягнулі ў палітыку, вырашыў ашчасьлівіць Айчыну, а за адным разам і ўсё чалавецтва дзівоснай машынаю, якая зрабіла б роўнымі жабрака й караля.
Палячы да сьвітаньня сьвечкі ў кабінэце, засынаючы над відарысамі і разьлікамі, дэпутат Устаноўчага сходу мэсье Гільятэн няўхільна рухаўся да мэты. Важная роля ў зьдзяйсьненьні грандыёзнай гуманнай задумы належала прыяцелю дабрачынца Шарлю Сансону, спадчыннаму кáту францускай сталіцы. Пасьля доўгіх плённых размоваў яны зазвычай музыцыявалі дуэтам: доктар нядрэнна граў на клявэсіне, а ягоны ў нейкім сэнсе калега — на скрыпцы.
Нарэшце надышоў зорны час Жазэфа Гільятэна: ён выступіў перад дэпутатамі з натхнёнай прамоваю пра дэмакратызацыю сьмяротнага пакараньня. Хіба гэта не абуральна, што злачынцаў з народу вешаюць, паляць або чвартуюць і толькі дваранам высакародна адцінаюць галаву мячом? Устаноўчы сход пачуў, што ўжо гатовы праект дэмакратызатара — «незвычайнага мэханізму, які дазволіць імгненна і абсалютна бяз болю аддзяляць галаву ад тулава».
Самае цікавае было наперадзе. Над манархіяй навісла сьмяротная пагроза, але фармальна законапраекты яшчэ вымагалі каралеўскай ухвалы. Падчас сустрэчы Гільятэна зь Люі XVI той у амаль ужо пустым Вэрсалі мэлянхалічна заўважыў, што вынаходка яму падабаецца, аднак, паколькі шыі ў людзей розныя, паўкруглае лязо машыны лепей замяніць на косае. Прапанову прынялі, і праз колькі месяцаў яго вялікасьць займеў выдатную магчымасьць спраўдзіць карыснасьць свайго ўдасканаленьня на ўласнай нестандартнай шыі.
Газэты назвалі відовішча «зьліцьцём мадам Гільятыны з каралём Францыі». Новае слова ўжо заваявала трывалае месца ў нацыянальным лексыконе, імкліва ўваходзячы ў слоўнікі іншых моваў, а сама «дзівосная машына» зрабілася галоўнай дзейнай асобаю рэвалюцыйнай драмы.
Стаіш пасярод пляцу Згоды, на які некалі скаціліся паўтары тысячы галоваў, пазіраеш на эрэкцыю ўжо вызваленага ад кандому Люксорскага абэліску (кароль Люі Філіп паставіў яго тут якраз каб сьцерці памяць пра згаданыя вышэй 1,5 тысячы галоваў), углядаесься ў твары парыжанак і думаеш, што яшчэ іхнія прабабкі маглі насіць зграбныя гільятынкі ў сваіх далікатных вушках. Як сьведчаць дакумэнты, мода была ледзь не пагалоўнай. Завушніцы мелі форму самога рэвалюцыйнага прыстасаваньня, а падвескі ўяўлялі сабой адсечаную галаву ў кошыку. Кулінары выпякалі да сьвятаў тарты-гільятыны. Незвычайную папулярнасьць атрымалі духі «Парфум дэ Гільятэн».
За гады Францускай рэвалюцыі 40-кіляграмовая сякера гільятыны сустрэлася з болей чым 15 тысячамі шыяў. Машына доктара-гуманіста і потым доўга служыла чалавецтву. Цёпла ставіўся да яе, напрыклад, Гітлер, які адправіў на спатканьне з «мадам» блізу 20 тысяч несымпатычных яму сучасьнікаў.
Самому доктару Гільятэну не пашчасьціла: ён памёр ад банальнага карбункулу, але пры канцы жыцьця пасьпеў зьвярнуцца з прашэньнем пра перайменаваньне сваёй вынаходкі. Улады напалеонаўскай Францыі просьбу адхілілі: Радзіма павінна ведаць яе герояў.
* * *
На набярэжнай Сэны дастаеш з кайстры і на тле сабору Парыскай Божай Маці ставіш на парапэт зялёную бутэльку бардо. Адступаеш на колькі крокаў, каб ацаніць кампазыцыю, і тут да твайго віна імкліва набліжаюцца два смуглыя, але, мяркуючы па лёгкім адзеньні, загартаваныя парыжаніны. Ты апынаесься каля бутэлькі першы і чамусьці бярэш яе за рыльца. Прыемны цяжар надае ўпэўненасьці ў найбліжэйшай будучыні.
Тубыльцы зьлёгку нэрвуюцца й чакаюць працягу, хутчэй за ўсё — пачосткі, але якраз да дабрачыннасьці ты ў дадзенай сытуацыі схільны найменш. Маўчаньне здоўжваецца, робячыся напятым. Трэба выйграць час, і інтуіцыя кліча на дапамогу родную паэзію.
Парыж ня бачыў я ніколі
І ад таго чарніла п’ю.
Сумую я аб сваёй долі:
Парыж ня бачыў я ніколі…
Размахваючы ў такт бутэлькай, ты дэклямуеш трыялет раньняга Вінцэся Мудрова, і смуглыя парыжане не безь цікавасьці ўслухоўваюцца ў музыку незнаёмае мовы.
Бутэлька выпіта — даволі,
Сяджу на крэсьле і пяю:
Парыж ня бачыў я ніколі
І ад таго чарніла п’ю.
Прыбярэжныя аматары паэзіі пару разоў ветліва пляскаюць у ладкі, але разыходзіцца не сьпяшаюцца. Ты тлумачыш, што гэта верш твайго сябра і што тады, калі сябар ствараў яго, ты сам мог бы падпісацца пад кожным радком, бо твор быў аўтабіяграфічны для ўсёй вашай кампаніі. А вось цяпер верш ужо не пра цябе.
Адзін з слухачоў лезе ў кішэню. «Хутка ў Парыж прыедзе й сам Мудроў!» — чуе араб твае гучныя й пагрозьлівыя словы. На шчасьце, ён выцягвае ня нож, а пакуль толькі кубачак-складанчык. «Але віна ён вам усё роўна не праставіць!» — пераможна завяршаеш ты паэтычны выступ, з палёгкаю бачачы на даляглядзе двух паліцэйскіх.
* * *
Ты меў намер напісаць штосьці прыязнае пра парыскіх катоў.
Каты — ня жабы, ды ніводнага прадстаўніка твайго ўлюбёнага віду фаўны табе ў Парыжы так і не сустрэлася. Магчыма, увесь гэты час яны займаліся нечым больш прыемным, чым лезьці ў «кадар».
Да сакавіка было далёка, аднак табе хацелася спадзявацца, што тутэйшыя les chats, як і сапраўдныя беларускія каты, коткі й котачкі, марцуюць цэлы год.
Люты, 2005