Пяць трупаў у басэйне

Калегам з «Бум-Бам-Лiту»

Цудоўна аднае ранiцы прачнуцца знакамiтым, прыемна расплюшчыць вочы ў ложку з прытомленай любоўнымi ўцехамi сьветласкураю куртызанкай, але, дайце веры, зусiм няблага i проста адарваць на досьвiтку голаў ад падушкi ў стандартным нумары з кандыцыянэрам, каб праз хвiлiну нырцануць у аточаны фiнiкавымi пальмамi басэйн, дзе пакуль што няма тапельцаў у строгiх эўрапейскiх гарнiтурах з моднымi гальштукамi, а таму можна цiхамiрна плаваць, глядзець на пудовыя гронi сьпелых фiнiкаў, слухаць, як у гулкiм паветры муэдыны спаборнiчаюць зь пеўнямi, i думаць, што ўсё гэта — няхай i не экватарыяльная зь яе гiпапатамамi ды iмпэратарамi-канiбаламi, але — Афрыка.

Учора твой ручнiк таксама ляжаў на шэзьлёнгу пад мандарынавым дрэвам, але твая iстота заставалася ў абладзе выжлуктанага на берасьцейскай мытнi пiва, выпiтых у варшаўскiм аэрапорце трох фiлiжанак кавы з каньяком i рассмакаванага над Сыцылiяй чырвонага вiна, што ўтварылi кактэйль, якi нiяк не хацеў здаваць сваiх пазыцыяў чыстай, як сьлёзы тутэйшага прэзыдэнта Бэн Алi, iнжыравай гарэлцы, i тут нiчым не маглi дапамагчы нi купаньне ў хвалях Левантыйскага Понту, нi прыморская ювэлiрная крама, у якой за пяць хвiлiнаў кошт падазронага залатога ланцужка з 360 дынараў упаў да 60, нi грунтоўна загаджаны свойскiмi гусямi дворык мiжнароднага тэлефоннага пункту, дзе за дзесяць даляраў удалося сэкундаў трыццаць пагаварыць зь Менскам. Учора ты яшчэ знаходзiўся ў Эўропе, паўнамоцным прадстаўнiком якой да самае поўначы была пляшка «Беларускага бальзаму», а сёньня нарэшце прачнуўся ў Афрыцы i замест аскомiстага матыўчыку, што прычапiўся да цябе ў самалёце, у галаве круцiцца сьвежая, як ранiшняе паветра, мэлёдыя, узьніклая ў выніку знаёмства з тутэйшаю тапанiмiяй:

Сус, Сахэль, Эль-Кантаё,


Картаген, Габэс, Эль-Джэм...

Сус — горад, дзе ты пялёскаесься ў басэйне. Эль-Кантаё — iмя гарадзкога порту. А Картаген — мэта тваёй першай афрыканскае вандроўкi.

За вакном аўтобуса плывуць пакрытыя алiўкавымi гаямi спадзiстыя адгор’i Атлясу, дзе палююць на неабачлiвых турыстаў бязьлiтасныя атляскiя львы. Каля антычнае калёны на пустэльным скрыжаваньнi «галасуе» пад алiваю арабка ў белым строi.

Гэта — Тунiс.

Гены ягоных жыхароў памятаюць фiнiкiйцаў i рымлянаў, бiзантыйцаў i сыцылiйскiх нарманаў, гiшпанцаў i туркаў... Пакуль дадаеш да пералiку вандалаў Гэйзэрыха, якiя сьцьвярджалi сваю ўладу, адбiваючы ў антычных статуяў насы i генiталii; генуэзцаў, што пабудавалi над морам змрочныя, падобныя да гiганцкiх чарапахаў фартэцыi; французаў, якiя пайшлi адсюль толькi сорак гадоў таму, наўзбоч аўтастрады вырастае жывая iлюстрацыя да тваiх этнагiстарычных развагаў. Сьпярша гэтае фантасмагарычнае вiдовiшча прымаеш за фата-маргану: перад табой перанесеная з палатна Пiтэра Брэгеля Бабiлёнская вежа, вяршыня якой хаваецца ў туманным воблаку. Здаецца, праз iмгненьне вока пачне адрозьнiваць на схiле гары прылады працы i мурашыныя постацi будаўнiкоў, што кiнулi выклiк Богу...

Да думак пра мэнтальнасьць тунiсiйцаў ты вернесься праз пару гадзiнаў, калi сярод 184 прывезеных з Картагену калёнаў сталiчнага Вялiкага мячэту адаб’есься ад спадарожнiкаў i разгублена адчуеш, што канчаткова заблытаўся ў раскiнутым за брамаю Баб-эль-Бахал нераце мэдыны — сярэднявечнага арабскага гораду зь нялiчанымi сотнямi крамак, майстэрняў i кавярняў, дзе не ступала нага жанчыны. Але адначасна зь велiзарным зьдзiўленьнем усьвядомiш i iншае: ад гэтых пакручаста-гарбатых прыцемных вулачак ды iхніх смуглых насельнiкаў на цябе вее не трывогаю, а спакоем, i ты пачуваесься ў стакроць большай бясьпецы, чым аднойчы ў гэткай самай сытуацыi ў турэцкiх кварталах Заходняга Бэрлiна. Ты задаволена канстатуеш, што ў крывi ў тунiсiйцаў несумнеўна адклалiся шэсьць стагодзьдзяў уладараньня высакародных рымлянаў. Нiхто не акiдвае цябе лiпучым позiркам, нiхто не хапае за руку i ня просiць дынар, хоць ты ўжо на ўсялякi выпадак падрыхтаваў колькi манэтаў i купюру з антычным профiлем Гамiлькара. Затое кожны сустрэчны гатовы зразумець тваю ангельскую мову i паказаць дарогу да авэню першага прэзыдэнта Хабiба Бургiбы.

На гэтай авэню цябе чакае ўрок найноўшае гiсторыi Тунiсу, i ты пераконваесься, што бiзантыйцы таксама ня бiлi тут бiбiкаў.

Хабiб Бургiба заняў сваё крэсла ў 1956 годзе, пасьля чаго ўдзячны электарат, не пакутуючы на празьмерную павагу да канстытуцыi (яна дазваляла стаяць на чале дзяржавы ня болей за два тэрмiны), чатыры разы перавыбiраў бацьку нацыi на новыя пяць гадоў i нарэшце, зьнясiлены ўласнаю палiтычнай актыўнасьцю, прагаласаваў за пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. А калi ты даведаесься, што цэнтральны сталiчны пляц носiць iмя 7 лiстапада, усьцяж твайго хрыбетнiка сьлiзгане мiстычны халадок. Гэты дзень стаўся ў тунiсiйскiм календары чырвоным пасьля таго, як дзесяць гадоў таму замест абяцанага тэлепраграмаю фільма на экранах узьнiк прэм’ер-мiнiстар (а па сумяшчальнiцтве i мiнiстар унутраных справаў) Зiн эль Абiдын Бэн Алi, якi паведамiў, што нястомныя клопаты пра народ падтачылi прэзыдэнтава здароўе. Тыя, каго агарнуў лёгкi сумнеў, пачулi заверанае сямю дактарамi мэдычнае заключэньне. А неўзабаве, каб пераканацца ў непахiсным здароўi новага бацькi нацыi, ужо ня трэба было пстрыкаць уключальнiкам тэлевiзара, бо краiну — ад мэдрэсэ да прыдарожнага слупа ў Сахары — абклеiлi рознакалiбравымi партрэтамi i партрэцiкамi, зь якiх румяны i гладка прычасаны Бэн Алi сачыў, наколькi старанна выконваюцца ягоныя ўказы аб забароне палiтычных партыяў.

У Картагенскiм археалягiчным парку ты ўвачавiдкi пераканаесься, што вядомая пастанова рымскага сэнату аб разбурэньнi гораду-супернiка пасьпяхова выкананая. Але час адпомсьціў і пераможцам: сёньня сярод абломкаў пунiчнай i рымскай цывiлiзацыяў за сьнежна-белым мурам хаваецца прысадзiстая рэзыдэнцыя Бэн Алі, што ў перакладзе значыць проста сын Алі, а па-нашаму Саша.

Разьвеяцца ад аналёгіяў ты здолееш адвячоркам у гарадку мастакоў i рамесьнiкаў Сыдзi Бу Саiдзе, чый рэльеф адразу ўваскрашае ў памяцi «наш» Гурзуф. Тут, як амаль ва ўсiм Тунiсе, непадзельна пануюць два колеры: белы i блакiтны. Белы — сьцены, блакiтны — дзьверы, вокны, каваныя агароджы гаўбцоў i тэрасаў. Белы ў гэтых шыротах не патрабуе тлумачэньняў. Але выяўляецца, што i блакiтны — не данiна эстэтыцы, а жыцьцёвая неабходнасьць, бо празь сiнi колер, як сьцьвярджае твой праваднiк Самiр, не праляцiць нiводзiн камар. Гэты сакрэт быў вядомы яшчэ картагенцам, якiя мелi, трэба прызнаць, досыць спэцыфiчную культуру: пакінулi выдатныя агранамiчныя і астранамічныя трактаты, але нейкiм чынам «забылiся» пра мастацкую лiтаратуру, што, на твой погляд, прычынiлася i да паразы ў Пунiчных войнах, i да зьнiкненьня ў IV ст. нашае эры самой картагенскай, дакладней, пунiйскае мовы.

Белае i блакiтнае. Выключэньне — мусульманскiя гарады мёртвых. Тых, каго загортваюць у тканiну i кладуць у зямлю на правы бок тварам да Мэккi, камары даймаюць значна меней.

Пасьля вячэры ў бэрбэрыйскай вёсцы, дзе пажылы стомлены вярблюд цягае ў скураным мяху ваду з студнi, дзе жанчыны апранаюцца ў чырвонае i замест танца жывата выконваюць нацыянальны танец клубоў, а мужчыны здатныя танчыць з драбiнамi ў зубах альбо зь пiрамiдаю пiўных бутэлек на галаве (адзін зь іх у перапынку паміж танцамі прапаноўвае табе жанчыну за 50 даляраў), дзе ў неабмежаванай колькасьцi падаюць нядрэннае ружовае вiно «Бахус» i нясмачны тунiсiйскi «кус-кус» — кашу з чырвоным соўсам, у якую дадаюць рыбу, мяса, гароднiну i, вiдаць, усё, што заманецца, пасьля ўсёй гэтай экзотыкi дома, у Сусе, захочацца трошкi Эўропы, i ты выправiсься ў дыскатэку з падазронаю назваю «Самара» (зрэшты, гэтаксама завецца i твой гатэль) i там пазнаёмiсься з танклявай хімічнай бляндынкай, зь якой паспрабуеш гаварыць па-ангельску, але высьветлiш, што яе завуць не Элiзабэт i ня Мэрылiн, а — Іра, i пад мэлёдыю «Калiфорнii» ты расчаравана пяройдзеш на расейскую, але пад раніцу, тым ня менш, прысьнiш прыгожы сон пра цырк i бялявую канатаходку, што ідзе на страшэннай высачынi, трымаючы ў вуснах дзеля раўнавагi чырвоную ружу.

Параўнаўча з папярэднiм наступны дзень будзе выглядаць пустым, як перакуленая яшчэ да нараджэньня Хрыстовага амфара.

На пляжы ты падставiш зiмоваму тунiсiйскаму сонцу твар i, заплюшчыўшы вочы, лёгка ўявiш сябе на лiпеньскай Нарачы, куды панаехала раптам немцаў i палякаў. А рэшту дня будзеш бадзяцца па крамах i крамках, яшчэ не падазраючы, што твае гаспадары зусiм не выпадкова заплянавалi перад экспэдыцыяй у Сахару адзiн-адзiны пункт праграмы — турэцкую лазьню.

У яе ты і павiнен прыйсьцi якраз такi — пазбаўлены сьвежых уражаньняў i стамлёны цяглiва доўгiм днём. I тады там, у клубах густой i духмянай iмбiрна-гвазьдзiковае пары, уладкаваўшыся каля ружовага мармуровага фантанчыка на бледна-блакiтным лежаку, якi раз-пораз палiваюць гарачай вадою зь меднае балеi, ты пачуеш у сваёй крывi ўнiклiвы голас салодкае атруты Ўсходу. Атруты, якая калiсьцi спакваля трапiла ў жылы расейскiх маракоў iмпэратарскага флёту, што ў 1920-м засталiся на гэтым узьбярэжжы i пабудавалi ў Тунiсе i Бiзэрце праваслаўныя храмы. Каля аднаго зь iх ты сустрэў учора красуню ў шчыгульных белых джынсах, у аблiччы якой суладна зьлiлiся славянскiя i ўсходнiя рысы; яна вяла да царквы ярка-рудога хлопчыка ў матросцы i за штосьцi ўшчувала яго па-арабску.

Атрыманыя ад Самiра на самым пачатку сафары iнструкцыi табе будзе цяжкавата назваць натхняльнымi. У цябе наперадзе ноч у пастаўленым проста на пяску двухмясцовым намёце. На ўваходзе ў яго нiхто не зьбiраецца разглядваць твой пашпарт i змагацца за высокую маральнасьць, але — няма ў прыродзе дасканаласьцi — усе выгоды такога начлегу перакрэсьлiваюцца настойлiвай парадаю: пасьля заходу сонца трымацца як мага блiжэй не да каго-небудзь яшчэ, а да вярблюдаў, бо пах iхняе мачы дзейнiчае на сахарскiх зьмеяў i скарпiёнаў прыкладна так, як вянок часныку на тваiх родных эўрапейскiх вампiраў. Ты пякуча зайздросьцiш Самiру: ён у кашабii — белай сьвiтцы зь вярблюджае воўны, што напэўна як сьлед вымачылi ў згаданым вышэй сродку, а на табе ўсяго толькi небясьпечныя белыя штаны з бавоўны.

Яшчэ адна рэкамэндацыя: здымаць (у сэнсе фатаграфаваць) спатканых у Сахары жанчын можна адно зь iх згоды; у адваротным выпадку ты створыш сабе магчымасьць пазнаёмiцца з арыгiнальнымi звычаямi некаторых плямёнаў.

Першы прыпынак надарыцца ў гарадку Эль-Джэм, дзе нават вярблюды ганарацца цыкляпiчным амфiтэатрам II ст. н. э. (150х125х36), якi i сёньня мог бы пасадзiць на каменныя лавы 30 тысяч аматараў крывавых вiдовiшчаў. У эль-джэмскiм калiзэi руiны Картагену будуць успрымацца як нешта занядбана-правiнцыйнае; такое ўражаньне пакiнулi б, вiдаць, зьедзеныя карыесам часу зубы Крэўскага замку, калi паставiць iх побач з готыкай Мiру. Аднак ты не пасьпееш пранiкнуцца антычнаю велiччу, бо з шчылiны памiж каменнымi блёкамi на цябе ўважлiва паглядзiць першы прадстаўнік незьлiчоных сахарскiх скарпiёнаў, i ты пачнеш з асаблiва цёплым пачуцьцём думаць пра вярблюдаў i асаблiва пра цудадзейную мачу.

На ўезьдзе ў колiшнi фiнiкiйскi порт Габэс тваю трывожную дрымоту парушыць Самiрава паведамленьне пра пяцiзоркавы гатэль праваруч дарогі. Падняўшы павекi, ты ўбачыш там велiчэзны лягер з вартаўнiчымi вышкамi, кулямётамi i астатнiмi атрыбутамi «зоны» ўлучна з могiлкамi, на якiх працягвае адбываць пакараньне прах зьняволеных. (Ты ўжо будзеш ведаць, чаму Самiр пасьля зьяўленьня ў Тунiсе сьвята 7 лiстапада тэрмiнова ад’ехаў вучыцца ў Кiеў).

Краявiд цудоўна дапоўняць дзясяткi дотаў, дзе паўстагодзьдзя таму пiсалi чульлiвыя лiсты дадому жаўнеры вэрмахту, што, як i ты, баялiся скарпiёнаў i марылi аб белатварых прыгажунях далёкае радзiмы.

Пасьля Габэсу алiвы зьнiкнуць, i ты пачуеш выразнае дыханьне найвялiкшае пустынi сьвету.

Гэта таксама будзе Тунiс, але ўжо зусiм iншая краiна. Тут, адрозна ад шыiцкае поўначы, жывуць сунiты, i жанчыны ходзяць у чорным. Тут усьлед за бэрбэрскаю вёскай мiражом мiльгане абсалютна пазбаўлены зелянiны гарадок, населены аднымi мурынамi вугальна-чорнага суданскага тыпу. Тут перахопленыя позiркi тубыльцаў вельмi часта нават з нацяжкаю не назавеш прыязнымi.

Уяўляючы Сахару суцэльным пяском з выдмамi, ты памылiсься. Тутэйшая яе частка гарыстая i складаецца выключна з каменя. Сталiца гэтых мясьцiнаў Матмата не падобная, бадай, нi на адзiн горад Старога i Новага сьветаў. Некалькi тысяч ейных насельнiкаў спрадвеку атабарыліся ў выдлубаных у скалах пячорах. «Хату» сярэдняга матматаўца можна вылiчыць па тэлеантэне, навязаным вярблюдзе цi аўтамабiлi. Над глiнабiтнаю выгбаю ўваходу цябе абавязкова прывiтае намаляваная сiняю фарбай рука — ад сурокаў. Не абстаўляючы ласку невыканальнымi ўмовамi, пячорныя жыхары дазволяць табе зазiрнуць у свае апартамэнты. Зморшчаны, як перапечаны яблык, твар бабулi Фацiмы расплывецца ў бяззубай усьмешцы. Не, колькi ёй гадоў, яна ня ведае. Можа, сто, жвава круцячы жорны, прызнаецца падобная да Бабы-Ягi гаспадыня, а можа, i трыста. Калi трыста, дык бабулiна ўнучка, што гатуе на газе «кус-кус» у пячоры-кухнi, «пацягне» гадоў на 150—200, але яшчэ вельмi i вельмi, як сказаў бы адзiн жывы беларускi клясык, «варта гжэху».

Зловiш сябе на жаданьнi папрасiць напiцца, ды адразу ўспомнiш, што ты ў Сахары, якая ўжо высмактала ўсю ваду ў прыбiральнi суседняга гатэлю «Траглядыт». (На колькасьць мухаў у рэстаране гэтая акалiчнасьць прыкметна не паўплывае.)

За Матматай горы панiжэюць, i пустэльня пачне нагадваць велiчэзны статак вярблюдаў, якi ўкленчыў абапал дарогi да самага далягляду. Дзякуючы Самiру ты ўжо засвоiш процьму жыцьцёва неабходных у гэтым навакольлi зьвестак. Напрыклад, ты будзеш гатовы беспамылкова адказаць на пытаньне, колькi месяцаў доўжыцца ў вярблюдзiцы цяжарнасьць i зь якой хуткасьцю бяжыць драмадэр. Ты будзеш уражаны тым, што даўжыня ягонага фаласу дасягае 1,3 мэтра, але, нягледзячы на гэта, ён, драмадэр, мае звычку пасьля сьмерцi гаспадара разьбiваць сабе галаву аб камень...

Плынь iнфармацыi перапынiцца на палiцэйскiм посьце. Падхорцiсты аўтаiнспэктар запросiць кiроўцу Алi прайсьцi ў сваю «кропку», адкуль той вернецца, несучы пад пахаю папяровы скрутак. З асьмяглых вуснаў Алi будуць зьлятаць зусiм ня словы малiтвы. Самiр выразна паляпае па кiшэнях i стаiчна патлумачыць, што перад Новым годам палiцыя клапоцiцца, каб кiроўцы не засталiся без насьценных календароў з партрэтамi прэзыдэнта.

Чым глыбей шаша будзе ўгрызацца ў гарачае цела Сахары, тым меней ты ўбачыш у рэдкiх аазісах надпiсаў па-француску, i тым болей тваё вока сустрэне лагодных усьмешак Бэн Алi i чырвоных сьцягоў з зоркай i паўмесяцам. На адзін мячэт на ўсьцеху электарату будуць налепленыя ажно дваццаць два ўсенародна абраныя. Дваццаць трэцi будзе вiсець на прапускным пункце яшчэ аднаго пяцiзоркавага гатэлю за калючым дротам.

На гэтых паралелях горадам у Афрыцы лiчыцца ўжо любое паселiшча з сотняй-другой жыхароў. Дуз — брама ў клясычную Сахару. Адсюль ты паедзеш вершкi.

Касавурачы на цябе вялiкае рахманае вока, вярблюд спачатку падымецца на заднiя ногi, потым выпрастаецца i возьме курс на сонца, якое хутка коцiцца за барханы. Ён будзе разьмерана ставiць ногi ў тонкi, як пытляваная мука, пясок i мэлянхалiчна жаваць схопленую мяккiмi плюшавымi губамi калючку. Асядланая табою жывёлiна будзе надзiва спакойнаю i, вiдаць, з гэтае прычыны не заслужыць уласнага iмя. Пагоншчык Насір скажа, што твайго вярблюда клічуць проста вярблюдам, цi, па-тутэйшаму, кямалем.

Знаёмы з фатаздымкаў i фiльмаў рафiнаваны сахарскi краявiд, што разьлягаецца перад табою, зьнячэўку парушыць падсмажаны сонцам да шакалядавага колеру маладзён, якi выйдзе з памаранчавым плястыкавым вядром з-за блiжэйшае выдмы. У вядры асьвяжаюцца бутэлечкi з колай, якую Самiр забаранiў табе пiць гэтаксама катэгарычна, як i есьцi плады кактусаў. Неўзабаве колькасьць маладзёнаў зь вёдрамi зраўняецца з колькасьцю вярблюдаў.

Так, усё больш нацiраючы тое месца, дзе сьпiна пераходзіць у іншую ня менш каштоўную частку цела, ты і будзеш вандраваць сярод зьвечарэлых барханаў — насустрач невыказна прыемнаму адкрыцьцю, што сёньняшнюю ноч табе наканавана бавiць не ў намёце пад аховаю паху вярблюджае мачы, а ў вельмi прыстойным гатэлi гораду Эль-Флявуар, дзе жывуць пяць сотняў людзей i прыкладна столькi ж вярблюдаў.

У гатэлi будзе мiжнародны тэлефон-аўтамат, i парт’е, якога ты навучыш казаць «калi ласка» i «дабранач», знойдзе табе код невядомае яму датуль Беларусi: 011-375. Калi табе ня будзе шкада дынараў, ты зможаш патэлефанаваць у Менск цi ў Полацак i паведамiць, што п’еш цяпер чырвонае вiно ў Сахары, у гарадку, дзе абрываецца дарога i на тысячу кiлямэтраў на поўдзень цягнецца толькi пясок, прастора зэро, населеная мiражамi i таямнiчымi iстотамi кшталту крылатых драмадэраў i белых шакалаў з чалавечымi вачыма. Чарнаскуры парт’е будзе апавядаць табе пра занесеныя пяском i населеныя прывiдамi аазісы, пра сваю леташнюю паездку ў Парыж i пра жыхароў пустынi, якiя, убачыўшы ў руках у госьця пушку запалак, просяць зрабiць iм такую самую i найвялiкшым дзiвам лiчаць iснаваньне дзьвюх абсалютна аднолькавых газэтаў цi цыгарэтных пачкаў.

Старанна падбiраючы ангельскiя словы, гэты сын ускраiны цывiлiзацыi будзе казаць штосьцi яшчэ, i ты — мо таму, што за плячыма ў твайго вiзавi няма звыклага партрэту Бэн Алі — прасякнесься да яго глыбокай чалавечай сымпатыяй, але ягоныя словы ўжо ня будуць дасягаць твае сьвядомасьцi. Табе захочацца выйсьцi ў сахарскую ноч, апусьцiцца, забыўшыся на зьмеяў i скарпiёнаў, на цёплы пясок i падумаць пра тое, што кожнае тваё падарожжа неўпрыкмет ператвараецца ў паломнiцтва да той краiны, якая i ёсьць сапраўднай фата-марганай, бо матэрыялiзуецца адно тады, калi ты пакiдаеш яе, i зьнiкае, растае ў паветры, як толькi ты вяртаесься.

Але перад вяртаньнем у цябе яшчэ застанецца даўжэзны заўтрашнi дзень, якi пачнецца ўсходам сонца пасярод сухога салёнага возера Шот-эль-Джэрыд, адкуль вузкая стужка шашы прывядзе ў аазіс Тазэр: бэтонны сфiнкс у паранджы каля дарожнага паказальнiка; зьвярынец з скарпiёнкаю Маргарытай i салямандрамi Рамэо i Джульетай; фатаграфаваньне за 1 дынар зь нiбыта самым высокiм чалавекам плянэты (2 м 34 см), якi мае схiльнасьць да славянак, у сувязi з чым зьезьдзiў у Маскву, дзе адразу сем фотамадэляў далi згоду выйсьцi за яго замуж; парк атракцыёнаў «1000 i 1 ноч», дзе найбольш арыгiнальным табе падасца пакой, у якiм з натужным пуканьнем намагаюцца выбрацца на волю замураваныя ў цесных гляках джыны.

У апошняй кропцы сафары, горадзе трохсот мячэтаў Кайруане, якi называюць Мэккаю Магрыбу, табе засьвярбiць сфатаграфавацца з гаспадаром дывановае крамы, i ён ветлiва падвядзе цябе да атаманкi пад партрэтам Бэн Алi на тле чырвонага сьцягу.

Гаспадару гэтага царства дываноў ня трэба будзе тлумачыць, што такое Беларусь. «Мiнск. Чернобыл. Лукаш’енка!» — узрадавана загалёкае ён i прапануе набыць любы тавар за палову кошту. I калi ты не захочаш разьвiтацца з дынарамi, ён анi не зазлуе, а з такой самай пэрлiнаваю ўсьмешкаю ад вуха да вуха ўсьцешана паўторыць: «Чернобыл. Лукаш’енка» i тыцне табе ў жывот мясісты палец, як быццам «Лукаш’енка» — гэта ты.

У аэрапорце ты зноў адчуеш дотык ягонага пальца з залатым пярсьцёнкам, i тваiм апошнiм афрыканскiм уражаньнем застанецца цёплы позiрк брывастага тунiсiйскага бацькi.

Пяць трупаў у басэйне?

Iх не было. Бо калi бацька абвясьцiў лiдэраў палiтычных партыяў тэрарыстамi i ворагамi народу, тыя, перайшоўшы на нелегальнае становiшча, пасьпелi эмiграваць.

Алаг акбар, i няхай доўжыць ён на зямлi цень таго, хто iдзе шляхам праведнiкаў, — сьпявае пасярод Сахары твой знаёмы эль-флявуарскi муэдын, i ты можаш не ўдакладняць, каго ён мае на ўвазе.

Сьнежань, 1996



Загрузка...