Краiна бяз будучынi
Чатыры днi ў Эстонii транзытам праз Расею
1.
Перасячэньне межаў, асаблiва ў нашых шыротах, заўсёды абяцае яўную перавагу адмоўных эмоцыяў. Прыемнае выключэньне — мяжа з Расеяй.
Па-першае, нягледзячы на ўсю прапагандысцкую туфту з выкопваньнем памежных слупоў, гэтая мяжа — са слупамi, шлягбаўмамi, чэргамi, мытнiкамi, праверкамi грузаў ды iншымi малапрыемнымi ў iншай сытуацыi працэдурамi — ёсьць.
Па-другое, заўважаюцца прыкметы разбудоўваньня iнфраструктуры.
Вядома, воку бракуе кантрольнай паласы й дроту з дастатковай колькасьцю вольтаў. Мiлiцыянтаў трэба было б замянiць на памежнiкаў. Сьцяг таксама не такі. Але затое адбываецца пашпартны кантроль. Беларускi мытнiк прапануе нам адчынiць багажнiк, наладаваны творамi мастацтва, i цiкавiцца дазволам на вываз.
Мы з мытнiкам — грамадзяне адной краiны, i памiж намi нельга ўявiць размовы, пачутай на першай расейскай аўтазапраўцы: пра тое, што з Чачэнii прывезьлi Сярогу, што цынкавая труна была гэткая ж, як некалi з Аўгану — намёртва залiтаваная, i маманя так i не даведалася, Сярога там цi шматкі якога-небудзь «духа». I гэта да кiраўнiцтва Сярогавай, а не маёй дзяржавы зьвяртаўся на схiле дзён чачэнец Махмуд Эсамбаеў з просьбаю зноў дэпартаваць ягоны народ, каб уратаваць яго ад генацыду.
2.
Вёска Даласцы, дзе сёньня стаiць расейская мяжа, некалi ўваходзiла ў Полацкае намесьнiцтва. У 1780 годзе, выправiўшыся аглядаць нядаўна далучаныя «искони русские земли», iмпэратрыца Кацярына II на тутэйшай паштовай станцыi «изволила откушать» i села пiсаць лiст сыну Паўлу: «Сего утра выехала я из Опочки и на 18-й версте въехала в Белоруссию; с самого Острова тянутся все холмы да холмики, между которыми множество озер, что очень красиво; здесь население самое разнообразное, сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы, словом, не увидишь двух крестьян одинаково одетых и говорящих правильно на одном наречии; смешение племен и наречий напоминает Вавилонское столпотворение».
Праз два стагодзьдзi расейскай улады гэтая дзiвосная размаiтасьць моваў, нацыяў, канфэсiяў i строяў трансфармавалася ў правiльны расейскi мат, брудныя боты i ватнiкi п’яных мужыкоў ды ў жывёльны страх. (Калi нам спатрэбiлася ўдакладнiць маршрут, дзьверы ў прыдарожнай вёсцы не адчынiў нiхто, хоць была толькi чацьвертая гадзiна дня.)
3.
Зрэшты, зьнiшчыць або прывесьцi да адной роўнiцы ўдалося ня ўсё. Пакуль што ацалелi азёры і тапанiмiя. Амаль да самай Апочкi, дзе на аўтастанцыi некалі вiсеў загаджаны галубамi ды варонамi адметны лёзунг «Слава советскому народу — творцу строительства коммунизма!», назвы вёсак лашчаць душу сваёй наскасьцю: Гута, Лiцьвiнаўка, Рудня... За Апочкаю пачынаюць усё часьцей трапляцца тапонiмы, народжаныя мэнтальнасьцю братняга народу: «р. Зарезница», «Колотиловка», «Крадино»... I зьнячэўку, ужо пад самым Псковам, як глыток азону — Дупаўка.
Едзеш сабе i ўяўляеш мясцовага настаўнiка-краязнаўцу, якi выводзiць назоў роднай дзеравенькi ад дуплаў, якiх, маўляў, шмат у навакольных лясах. I няўцям яму, небараку, што ягоная малая радзiма атрымала найменьне не ад расейскiх дуплаў, а ад нашых лiцьвiнскiх дупаў, якiя спраўна рабiлi тут сваю справу ў гады Iнфлянцкае вайны, калi вялiкi князь Сьцяпан Батура трымаў у аблозе Пскоў.
4.
Усходнiя славяне мелi тры дзяржаўныя i народаўтваральныя цэнтры: Полацак, Кiеў i Ноўгарад. Драмай для ўсiх трох народаў (бо трэба казаць i пра самастойны ноўгарадзкi этнас) сталася ўзьнiкненьне пад эгiдаю Залатой Арды чацьвертага цэнтру — Масквы, якая атрымала ў спадчыну ад мангола-татараў усю iх дзяржаўную і вайсковую пабудову. Зрабiўшыся, па сутнасьцi, адлюстраваньнем Арды, Масковiя зь неверагоднай жорсткасьцю зьнiшчыла Ноўгарадзкую рэспублiку. У гады апрычнiны слугi Iвана IV, выбiваючы зь месьцiчаў вальналюбны дух, цэлы месяц, як сьвiней, рэзалi ў Ноўгарадзе штодня па колькі сотняў жыхароў. Тады Масковiя канчаткова зрабiла свой выбар, назаўсёды зачынiўшы сабе шлях у Эўропу.
Гэткiя перадкалядныя думкi мiжволi апаноўваюць на вулiцах Пскова, якi колькi стагодзьдзяў жыў у арбiце Ноўгарадзкай рэспублiкi, захаваўшы з таго часу ўласную старажытную архiтэктуру — напамін пра спляжаныя Iванам Жахлiвым магчымасьцi. Дарэчы, i Жахлiвым, i царом-Сабакам назвалi яго не беларускiя нацыяналiсты кшталту Чаропкi, Арлова ды Сагановiча, а — чатырыста пяцьдзясят гадоў таму — недарэзаныя ноўгарадцы ды псковiчы.
Адзiн з нашчадкаў гэтых недарэзаных сьпiць п’яны з мокрымi памiж ног штанамi пад сьцяною бялюткага храму XII стагодзьдзя. Цяжка сказаць, што ён глядзіць у шчасьлiвым сьне, затое, калi расплюшчыць вочы, убачыць на плоце плякат з заклiкам галасаваць за камунiстаў. Цiкава, што перадвыбарчая агiтка прымацаваная на ўзроўнi вачэй заснулага жлукталя. Гэта дазваляе высунуць адразу тры вэрсii: а) што плякат прыладкавалi адмыслова для макраштаннага выбаршчыка; б) што актывiст КПРФ, якi разьвешваў плякаты, ужо не трымаўся на нагах, поўзаючы ад плоту да плоту; в) што гэтым актывiстам быў сам засцанец, якi пасьпеў прыляпiць агітку i ўжо з усьведамленьнем выкананага парцейнага абавязку абрынуўся ў сваю расейскую нiрвану.
5.
Праз гадзiну пачынаецца ня толькi iншая краiна, але iншы культурны кантынэнт. На пляцах перамiргваюцца калядныя ялiнкi, у цёмных вокнах гараць сьвяточныя пiрамiдкi зь сямi лямпачак, у начных крамах прыдарожных вёсак за паўтара даляра можна купiць пляшку баўгарскай «Мядзьведжай крывi», якая ў нас каштуе блiзу пяцi, а за 2$ — неблагога чырвонага, вырабленага на радзiме Борхэса й Картасара, што ў нас зусiм нiчога не каштуе, бо нам шкодна ня толькі яго піць, але і бачыць на паліцы.
Да прызабытай за гады незалежнасьцi й вiзавага рэжыму Эстонii хутка прасякаесься гэткай павагаю, што адчуваеш нiякаватасьць, зрабiўшы ў лесе адмысловы прыпынак, назва якога гучыць падазрона падобна да найменьня вядомай арганізацыі «Greenpeace».
6.
Найцiкавейшая гiстарычная адметнасьць Нарвы — заснаваная яшчэ крыжакамі магутная фартэцыя, ператвораная ў велiчэзны музэй з выставачнымi й лекцыйнымi залямi, з сувэнiрнымi крамамi й пляцоўкамi агляду, зь якiх на тым баку ракi вiдаць ужо расейскi Iван-горад, таксама з аграмаднай фартэцыяй — напалову разбуранай, неасьветленай i ператворанай няцяжка здагадацца ў што.
Аднаго разу ў сярэднявеччы большая частка гарнiзону фартэцыi неабачлiва пакiнула горад, выправiўшыся ўгамоўваць неспакойных эстаў. Расейцы перайшлi па лёдзе раку, узялi замак, згвалцiлi i забiлi маладую жонку камэнданта, а ягонага маленькага сына забралi з сабой. Вярнуўшыся з паходу, камэндант умомант вока пасiвеў, колькi дзён, зачынiўшыся ў вежы, тапiў гора ў вiне, а потым загадаў капаць пад ракою лёху.
Праз гадоў пятнаццаць лёха ў Iван-горад была гатовая. Уварваўшыся ў варожы фарпост, камэндант першым чынам вырашыў адпомсьцiць за жонку, пазбавiўшы захопленых расейцаў мужчынскае годнасьцi ў яе першасным сэнсе. У разгар крывавае экзэкуцыi прыцягнулi яшчэ аднаго палоннага. «Сынок! Аўгуст!» — крыкнуў камэндант, кiнуўшыся да юнака з знаёмай радзiмкаю. «Мяне завуць Ваня, а сынок табе — тамбоўскi воўк», — адказаў маладзён i, выхапiўшы ў бацькi корд, вызвалiў камэндантаву душу ад яе зямное абалонкi.
Прамiнула яшчэ сто гадоў, i Нарву захапiў Пётар I. Ён пачаў з таго, што 1700 з 2000 жыхароў гораду дэпартаваў у Расею.
Цяпер душы камэнданта ды iншых забiтых i дэпартаваных расейцамi нарвiчанаў знаходзяць суцеху ў тым, што сёньняшнiя маладыя нашчадкi пятроўскiх салдатаў старанна вывучаюць эстонскую мову, i, калi ня iх дзецi, дык унукi ўжо будуць эстонцамi.
7.
Ёсьць прозьвiшчы, якiмi, здаецца, сам Бог пазначае неардынарнасьць iхніх уладальнiкаў. Згадайце, напрыклад, сваiх знаёмых Караткевiчаў.
Беларуска-эстонскiм культурным таварыствам «Спадчына» ў Нарве кiруе Тацяна Караткевiч. Тры яе родныя сястры таксама жывуць у Нарве i пасьпяхова займаюцца бiзнэсам, пра што сьведчыць i чатырохпавярховы ўласны дом, у якiм жыве адна сястра, i прыморскi пансіянат «Валянцiна», дзе паводле цалкам эўрапейскiх стандартаў гаспадарыць другая, i дзе пад пошум прыбою я нарэшце дачытваю пачаты яшчэ дваццаць гадоў таму з фрагмэнту ў самвыдаце «Палёвы вызначальнiк эстонскiх русалак» Эна Вэтэмаа. «Русалкi сапраўды апынуліся тады ў незаслужанай нямiласьцi, iм выставілі суровае абвiнавачаньне ў небыцьцi, прычым адначасна было палiчана магчымым iнкрымiнаваць iм паразытычны modus vivendi i ўхiленьне ад карыснае грамадзтву працы. Вартым асуджэньня быў прызнаны i той факт, што ўдзел русалак у гiстарычнай барацьбе працоўных за свабоду быў мiнiмальны (на жаль, гэта так); iндыфэрэнтнасьць выявiлi русалкi i пры стварэньнi калгасаў».
Трэба прызнаць, што, адрозна ад эстонскiх каляжанак, беларускiя русалкi выявiлi ўва ўсiх пералiчаных сфэрах непараўнальна вышэйшую грамадзянскую сьвядомасьць ды актыўнасьць. Апрача iншага, яны ў значна меншай ступенi супрацоўнiчалi зь нямецка-фашыстоўскiмi захопнiкамi i ў значна большай — з КГБ. Але, вiдаць, усё ж ня гэтыя ўсьцешлiвыя акалiчнасьцi робяць нас непапраўнымi прыхiльнiкамi «русалкабагацьцяў» шматпакутнай Бацькаўшчыны.
8.
Беларусы i дома, i ў дыяспары вяртаюцца да Беларусi рознымi шляхам. Хтосьцi начытаецца кнiжак. Хтосьцi вып’е ў добрай кампанii патрэбную дозу «белавескай». Камусьцi пашанцуе на настаўнiцу, а камусьцi — на каханка. Адзiн палачанiн служыў у войску ў Туркмэнii i чамусьцi нi з пушчы нi з поля пачаў сьнiць беларускамоўныя сны...
Нявызнаныя шляхi твае, беларуская душа!
Вось, напрыклад, падымаецца з чаркай у руцэ адзiн малады эстонскi беларус-прадпрымальнiк родам зь Вiцебску і апавядае, як улетку дактары паставiлi яму безнадзейны дыягназ, i як ён склаў запавет i ляжаў ад ранку да вечара на Божай пасьцелi тварам да сьцяны. Ды раптам у працэсе гэтага ляжаньня пачала чаўпцiся ў яго ў галаве нейкая бязглузьдзiца. А менавiта тое, як на пачатку 1990-х дэкан даручыў яму на нейкай вечарыне ўнесьцi ў iнстытуцкую залю дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг, i як ён гэты сьцяг уносiў i потым зь iм стаяў усю вечарыну на сцэне. I чаўплася гэтая несусьвецiца i дзень, i два, i тры, аж пакуль хлапцу не захацелася селядцоў з бульбай. А потым — мяса з чырвоным вiном. А потым — амаль як у рамане таго ж Эна Вэтэмаа «Яйкi па-кiтайску» — да дзевак.
У верасьнi былы безнадзейны хворы адчынiў новую краму, а ў сьнежнi прыехаў на сваёй «Таёце» на прэзэнтацыю «Дзесяці вякоў беларускай гiсторыi» У. Арлова i Г. Сагановiча. Праўда, кнiгу чамусьцi не купiў. Магчыма, пакiнуў гэты сродак у запасе.
9.
Я не мастацтвазнаўца. Я проста адчуваю й ведаю, што ўсё, што робiць з скурай i з скуры мая спадарожнiца мастачка Марына — велiкоднае яйка або складаныя вытанчаныя кампазыцыi — гэта таленавiта i шматзначна ў сэнсе ня толькi асацыятыўным, але і фiлязофскiм.
Сьцены галерэi, дзе адбываецца вэрнiсаж, памятаюць Карла XII, i мне хочацца, каб яны запомнiлi й нас. Яшчэ мне хочацца падысьцi да кампазыцыi «Фаўна сноў» i ўкрадня пакласьцi на яе руку, бо так называецца i адна з маiх кнiжак. Але юная журналiстка, якая цiкавiцца не беларускiм мастацтвам, а «нашым» прэзыдэнтам, бярэ мяне за гузiк, выводзiць у фае i пстрыкае дыктафонам.
Яна глядзiць зь непрыхаваным недаверам i кажа, што напрыканцы XX стагодзьдзя гэтага ня можа быць. Я аддаю ёй нумар «Народнай волi» з партрэтамi зьнiклых Захаранкi, Ганчара й Красоўскага i запрашаю наведаць Менск 25 сакавiка. Яна пытаецца, цi не баюся я вяртацца. Найлепей было б адказаць, што зь ёю я мог бы зрабіцца невяртанцам, i потым, пасьля кароткай пярэрвы, дадаць — «нават да нядзелi», але штосьцi ў настроi ўжо непапраўна разладзiлася, i я здольны толькi тупавата пахiтаць галавой.
10.
У гарадку Кiвiылi эстонскiя беларусы паставiлi помнiк пісьменьніку Яну Скрыгану, якi працаваў там пасьля вяртаньня зь лягеру i да новага арышту ў 1949-м.
У мяне да Яна Скрыгана свой сантымэнт. Калiсьцi на нарадзе маладых лiтаратараў у былым Доме творчасьцi СП «Каралiшчавiчы» Ян Аляксеевiч, рэцэнзуючы мой юначы аповед пад назваю «Добры дзень, мая Шыпшына», публiчна квалiфiкаваў гэты найцнатлiвейшы опус як парнаграфiчны. «Чым займаюцца героi Арлова? — рытарычна запытаўся шаноўны мэтар. — I ўдзень i ўначы, перапрашаю, сьпяць!» Было трохi дзiўнавата пачуць такія словы з вуснаў перакладчыка бунiнскiх «Цёмных прысадаў», але сваю добрую справу яны зрабiлi: папулярнасьць, прынамсi, на той нарадзе мне забясьпечылi.
Жыхар Кiвiылi Ўладзiмер Дзехцярук, якi ставiў помнiк Скрыгану, у тую ранiшнюю хвiлiну, калi я пазванiў у ягоныя дзьверы, займаўся прыкладна тым самым, што й героi майго даўняга аповеду. Я шчыра парадаваўся за калегу, якому дарыла адчуваньне вечнасьцi невядомая ўладальнiца футэрка з прыдзьвернага вешака. Мы мелiся працягнуць свой шлях у Талін, і Ўладзiмер — ня быў бы ён аўтарам кнiгi «Сярод белых эстонскiх начэй» i былым мараком — iмгненна ацанiўшы сытуацыю, папрасiў дзесяць хвiлiнаў i роўна праз столькi выйшаў з сваёй кавалерскай двухпакаёўкi ўжо ня ў плаўках, а цалкам гатовы да падарожжа ў сталiцу.
На зваротным шляху мы зноў завiталi да Ўладзiмера. Футэрка не было. На сьцяне вiсеў ручнiчок з вышытай датаю: 25 сакавiка 1918 году. Мне згадалася, як аднойчы я ехаў з знаёмым амэрыканцам родам з-пад Берасьця недзе ў ваколiцах Балтымору, i ён сказаў, што зараз зьвернем, бо тут за 20 мiляў жыве беларус Лёва. Ролю ручнiка ў Лёвы выконвалi пасеяныя на кветнiку бурачкi — памяць пра матулiны грады.
У нядаўнiм мiнулым быў час, калi мы вось так езьдзiлi i зварочвалi ў нас, у Беларусi. У Зэльве жыла Ларыса Генiюш, у Наваполацку — Сокалаў-Воюш, у Маладэчне — Генадзь Каханоўскi... Тады мой сын пытаўся, чаму па-беларуску гавораць адно нашыя знаёмыя.
Болей такога ня будзе.
11.
Па дарозе ў Талiн на рацэ з амаль наскай назваю Ягала шуміць вадаспад. Такая свойская мiнiятурная Нiягара вышынёю восем мэтраў, зь якой нават узiмку хочацца скочыць у пенную купелю. Улетку такi нескладаны нумар выканае для вас першы-лепшы тутэйшы падшыванец, як некалi кожны з нас, полацкiх хлапчукоў, гатовы быў, разагнаўшыся зь берагу, працягам якога служыла шырокая спружынiстая дошка, нырцануць у Палатý насупраць Спаса-Эўфрасiньнеўскага манастыру. Манашак даўно ўжо вывелі адтуль пад белыя ручкі, пагрузілі на крытую машыну й завезьлі дажываць век у Жыровічы, а ў мурах Крыжаўзьвiжанскага сабору мясцовыя жыхары (дакладней, набрыдзь, што прыехала аднекуль з СССР) гадавалі сьвiней.
Цяпер Божая цьвярдыня адноўленая, i ў ёй па-гаспадарску пахаджаюць праваслаўныя бацюшкi розных рангаў, якiя цьвёрда ўпэўненыя, што Iван IV з Аляксеем Міхайлавічам Цішайшым адбівалі Полацак у літоўцаў і палякаў, але ўрэшце ўсё пайшло намарна, бо нацыяналiсты з дапамогаю Захаду развалiлi вялiкую дзяржаву. Пачутая з вуснаў паломнiка беларуская мова адразу робiць iхнія позiркi напружана-падазронымi; у манастырскiх храмах раз-пораз зьяўляюцца абвесткi, што малiтвы за асобаў з «католическими именами» не адпраўляюцца, а пачуўшы пытаньне, да праваслаўных цi да каталiцкiх належаць iмёны Марыя або, напрыклад, Вольга, як клiкалi першую жонку Вацлава Гаўла, сястра ў Хрысьце адсылае да мацi-iгуменьнi, якая мусiць ведаць, хто такi Гавэл i ў якiх ён дачыненьнях з «истинной» верай.
А ў Палаце, у якую мы некалi сьмела ляцелi «галоўкай», сёньня ня ўтопiш нават хударлявага (вiдаць, з прычыны каталiцкага iмя) каляманастырскага ката, ня кажучы ўжо пра ягоных эстонскiх рудых супляменьнiкаў, болей падобных не да катоў, а да ўкормленых лiсаў.
12.
На Янаў дзень у Эстонii паляць старыя чаўны, на якiх ужо небясьпечна выходзiць у мора. Для гаспадароў гэта заўсёды трагедыя, якую можна параўнаць з стратаю блiзкага чалавека.
Паром «Эстонiя» выглядаў зусiм бясьпечным... Помнiк ягоным пасажырам — чорная жалезная арка або мост з правалам. Мэтал пакрыты сотнямi iмёнаў i прозьвiшчаў. Сярод iх беларускае вока чамусьцi адразу знаходзiць напамiн пра адзiную беларуску. Зусiм маладой Вользе Мiнчуковай зайздросьцiлi: яна выйшла замуж за швэда i ехала ў швэдзкi рай, замест якога паром прывез яе ў рай без усякiх прыметнiкаў. Цiкава, цi ёсьць у ім Беларусь i Швэцыя, нацыянальныя й моўныя праблемы? Цi гатовы хто-небудзь з багасловаў адказаць на гэтыя пытаньнi? Калi ў раi нiхто ня ведае беларускае мовы, а ў апраметнай на ёй яшчэ гавораць, я моцна задумаюся...
13.
На мой дылетанцкi погляд, сярод усiх жывых i мёртвых удзельнiкаў выставы, прысьвечанай эстонскаму мастацтву XX стагодзьдзя, найбольшага посьпеху ў сучаснага спажыўца мастацкiх каштоўнасьцяў дасягнулi аўтары двух твораў.
Першы выкананы ў генiяльна простай тэхнiцы «вiдэа»: на адным экране юрлiвы маладзён пераключае каналы, у вынiку чаго на другiм, насупраць, зьяўляюцца аголеныя прыгажунi i страхалюдзiны, што, у сваю чаргу, выклiкае адпаведныя эмоцыi на твары ў маладзёна.
Аўтары другога шэдэўру карыстаюцца больш складанай тэхнiкай: «organic materials, canvas, video». Арганiку ў гэтым пералiку рэпрэзэнтуе г... аднаго з аўтараў, iмя якога чамусьцi не пазначанае ў анатацыi, хоць ягоныя заслугi перад мастацтвам выглядаюць значна больш важкiмi за даробак калегi. Ананiмнае сьвiнчо ня толькi гадзiць, але i заўзята наварочвае лычом выяўленчы матар’ял на падрамнiк з палатном, у той час, як двухногi суаўтар усяго толькi здымае творчы працэс на вiдэа, каб данесьцi яго да вачэй i розумаў аматараў мастацтва.
14.
Пачуцьцё небясьпекi ўзьнiкла яшчэ на эстонска-расейскай мяжы, за якой нiбыта памацнеў вецер i адчувальна апусьцiлася тэмпэратура. Яно ўзьнiкла i не пакiдала і ў згалелых вёсках, дзе няма ды, здаецца, нiколi й не было нi садоў, нi пчальнiкоў, нi гародчыкаў, i ў раённых расейскiх гарадках, якiя праглася як найхутчэй прамiнуць, не скiдаючы хуткасьцi, як гэта бывае ў нью-ёрскiм Гарлэме або ў «чорных» раёнах Вашынгтону. Не пакiдала i сярод занядбаных палёў з пакiнутым трактарам i нейкiмi невысокiмi асьнежанымi грудкамi, што пасьля апошнiх тэленавiнаў з Грознага найперш асацыяваліся з прыцярушанымi сьнегам трупамi.
Адтуль, з глыбiнi выстылага й сьцiхотна-пагрозьлiвага ў сваёй закiнутасьцi «русского поля» i выплыла галоўная выснова гэтае вандроўкi. Выснова, што пачала фармулявацца яшчэ дваццаць гадоў таму ў Ноўгарадзе, калiсьцi Вялiкiм, дзе ў нядзелю гараджане выходзiлi на шпацыр па цэнтральнай вулiцы ў стаптаных пакаёвых тэпцях i спартовых трыко.
Пасьля, у нячастыя вiзыты ў братнюю Расею было намешана ўсяго: некалькi дзён у шыкоўным гатэлi «Масква», дзе забiлi Янку Купалу; прыбiральшчыца на Казанскiм вакзале, што ўначы будзiла пасажыраў, «падмятаючы» мокрым брудным венiкам iхныя твары; сустрэчы з разумнымi й адукаванымi калегамi-лiтаратарамi, якiя ня верылi, што ў Менску няма беларускiх школаў, але, урэшце, ня надта засмучалiся, бо расейскiя школы ў Менску былi; бязьмежная расейская гасьцiннасьць i абванiтаваныя сьцены ўладзiмiрскага Ўсьпенскага сабору, якi размалёўваў генiяльны Андрэй Рублёў... Але толькi цяпер, пасьля невялiкай, утульнай, ужо амаль эўрапейскай Эстонii, у час нялюдзкiх гекатомбаў богу iмпэрыi ў Iчкерыi, у разгар якiх была падпiсаная гэтак званая саюзная дамова Беларусі з Расеяй, толькi цяпер, на самым ускрайку тысячагодзьдзя, гэтая выснова легла ў ляпiдарную формулу: КРАIНА БЯЗ БУДУЧЫНI.
У нас ёсьць i застаецца Вялiкая мара — невялiкая ўтульная эўрапейская Беларусь, iдэальны вобраз якой пачне ўвасабляцца ў XXI стагодзьдзi. У iх мары пра такую краiну няма ўжо хаця б з тае прычыны, што няма адпаведнай тэрыторыi, ня кажучы ўжо пра традыцыю цi мэнтальнасьць. Узарваная, расстраляная, разбамбаваная, раскрадзеная, замочаная ў сарцiрах i мара iншая. Колькi б крамлёўскiя дачасьнiкi з прыдворнымi нi паўтаралi заклёнаў пра Вялiкую Расею (што сёньня мае бюджэт, роўны бэльгiйскаму), кожны зь iх i сам з болем цi безнадзейнай абыякавасьцю разумее: наперадзе толькi дэфолты, палiтычныя забойствы, войны, галеча, бунты, «ликующая бессознательность» (М. Салтыкоў-Шчадрын), сэпаратызм, як па-расейску завецца iмкненьне народаў да незалежнасьцi, i ўрэшце — канчатковы распад iмпэрыi, у крывавых канвульсiях якой, магчыма, i здолее нарадзiцца новая руская iдэя. Iдэя свабоднай нацыi. Бо ня можа быць свабодным народ, што панявольвае iншыя народы.
15.
Фары высьвецiлi iх зь цемры ў лесе перад Апочкай. Пасярод бязьлюднай шашы, шырока растапырыўшы рукi, стаялi двое. Двухмэтровы «качок» з шырокiм тварам-маскаю i ягоны трохi нiжэйшы хаўрусьнiк у гэткiм самым «адзiдасе». Нэрвы ў Сашы, Марынiнага мужа, якi быў за рулём, аказалiся мацнейшыя: у апошнi момант «качок», здаецца, пасьпеў адскочыць у кювэт.
16.
«Как сильно чувствуется разница между Россией и Белоруссией тотчас за межою, которая отделяет Псковскую губернию от Витебской! Другой воздух, другая жизнь в моих жилах!» (Аляксандар Адоеўскi)
Сьнежань, 1999