Вустрыцы а пятай ранiцы
Зацемкi з мангэтанскiх ваколiцаў
З вышынi 35 000 футаў Шатляндыя выглядае вясковаю коўдрай з брунатных, зялёных i жоўтых шматкоў розных адценьняў, на якой, скруцiўшыся ў клубкi, прыгрэлася парачка пухнатых белых котак.
* * *
Калi хтосьцi не захоча даць веры, што ў XVI стагодзьдзя я пазiраваў Люкасу Кранаху Старэйшаму для ягоных «Самсона i Далiлы», няхай знойдзе адпаведную залю ў Мэтраполiтэн-музэi. Я ў кашулi свайго ўлюбёнага малахiтавага колеру заснуў, уладкаваўшы галаву на грудзях у пяшчотнай каханкi, якая ўжо ведае таямнiцу маёй нечалавечае сiлы. Можна ўявiць, зь якой вострай асалодаю левая рука Далiлы лашчыць мае рассыпаныя па вiшнёвым аксамiце сукенкi кудзеры, бо правая рука пасьпела ўзброiцца нажнiцамi, а ў садзе, таймуючы радаснае нецярпеньне, ужо затаiлiся фiлiстымляне.
Хто паслужыў мастаку мадэльлю Далiлы, пакуль невядома.
* * *
У царкве Мацi Божай Жыровiцкай у Нью-Брансўiку, штат Нью-Джэрсi, раптам заўважаеш, што рэчаiснасьць набыла нейкую новую якасьць. Адчыняюцца дзьверы, i ў аблiччы зграбнай сьветла-русай дзяўчыны знаходзiш адказ: у гэтых сьценах, як i наогул паўсюль, дзе зьбiраюцца беларусы, фантастычна высокая для Амэрыкi канцэнтрацыя прыгожых жанчын.
* * *
Расейскамоўная, зь мяккiм габрэйскiм акцэнтам газэтка «Вечерний Нью-Йорк» зьмясьцiла чульлiвае паведамленьне пра 15-фунтавага лёбстэра Карлiта, якi доўгiя гады працаваў рэклямным агентам у супэрмаркеце i быў адпушчаны на волю актывiстамi таварыства абароны жывёлаў. На думку актывiстаў, Карлiт пражыў на сьвеце болей за чвэрць стагодзьдзя. У двух крыху меншых лёбстэраў (а па-наску, марскiх ракаў), якiх сябра прыцягнуў з крамы на рагу 1-й авэню i 6-й стрыт, працоўная бiяграфiя аказалася карацейшаю.
Пасьля трох пiнтаў пiва i лёбстэравай шыi з тузiнам каралеўскiх крэвэтак можна камфортна адкiнуцца ў фатэлi i пад прыемнае гудзеньне кандыцыянэру аддацца плынi ўспамiнаў пра пiянэрскае дзяцiнства, калi разам зь сябрамi ўцякаў зь летнiку пад Полацкам на Ветрынскае возера, варыў там у вядры дробных айчынных ракаў, падглядаў за старшай важатай i маладым маёрам зь мясцовага вайсковага гарадка, а ўвечары ўпотай спрабаваў складаць вершыкi. У тым лiку i пра Амэрыку:
В переулках трущобных
И на мусорных кучах
Вспоминаешь невольно
О Родине...
* * *
Калi а пятай ранiцы паводле менскага часу возьмесься жаваць сьвежую вустрыцу, ня выцiснуўшы на яе струменьчык цытрынавага соку, найдакладнейшым з усiх магчымых атрымаецца параўнаньне ейнага смаку з прозаю народнага пiсьменьнiка Беларусi Iвана Навуменкi.
* * *
Амэрыканец украiнскага паходжаньня пытаецца, цi складаюць беларусы пра свайго прэзыдэнта анэкдоты, што мой суразмоўца схiльны разглядаць як прыкмету духоўнага ачуняньня народу.
Зь некалькiх вядомых мне прыстойных анэкдотаў у дадзенай сытуацыi найбольш таварна выглядае, бадай, гэты. Прэзыдэнт едзе на свае ўлюбёныя дажынкi, а беларусы, стоячы абапал дарогi, скандуюць: «Да жын-кi! Да жын-кi!»
* * *
Пачутая ў Амэрыцы беларуская показка: у вiтрыне польскае кнiгарнi на Мангэтане выстаўленая кнiга Гэмiнгўэя «Stary i morze». «Ого! — заiнтрыгавана спыняецца нейкi тутэйшы беларус. — Стары i — можа!»
* * *
Хоць i надзвычай рэдка, аднак такую мурынку ў Нью-Ёрку — дзе-небудзь у музэi цi на мастацкай выставе — таксама сустрэнеш: на шостым, а мо i на сёмым дзясятку, але з грацыёзна-субтыльнаю дзявочай постацьцю i зь невялiкай галоўкаю, чыю беззаганную дасканаласьць дазваляе ацанiць неверагодна сэксуальная фрызурка, вынаходнiк якое здолеў пакiнуць слой срэбных валаскоў якраз такой празрыстае таўшчынi, каб празь яе сьвiцiлася шакалядавая асноведзь.
* * *
Уявiце вычварныя камбiнацыi жылаў i артэрыяў ускрытага патолягаанатамам трупа, i перад вамi будзе дакладная насьценная схема мангэтанскiх аўтобусных маршрутаў.
* * *
Заплюшчу перад сном вочы i зноў убачу вечар на горным летнiку ў Юлi i Паўла Андрусiшыных: хвоi, дробны, але непалахлiвы амэрыканскi зайчык у траве за дзесяць крокаў ад дому, вялiкая клюмба i падобныя да нашых хрушчоў калiбры над белымi, крэмавымi i ружовымi кветкамi духмянае табакi. Памяць дапоўнiць гэтую вартую пэндзля Анры Русо iдылiю ўсяго адной адсутнай дэталяй — сьвежым нумарам «The New York Times» з рэдакцыйным артыкулам «The Tyrant of Belarus».
* * *
Прыемна бывае сустрэць на ранiшнiм Мангэтане добрую знаёмую. Асаблiва калi гэта родная пляменьнiца Iвана i Антона Луцкевiчаў, былая жонка Аўгена Калубовiча i цяперашняя бабуля сьпевака Данчыка Янiна Каханоўская, якую некалi ў Ракуцёўшчыне насiў на руках Максiм Багдановiч.
Учора мы вярталiся з гор, i яна ўзгадала, як у чэрвенi 1941 году на менскай вулiцы бесклапотна мылiся аголеныя да поясу нямецкiя жаўнеры, а пастаўлены побач з калёнкаю патэфон сьпяваў:
Если завтра война,
Если завтра в поход...
* * *
Ва ўкамплектаванай суцэльнымi рарытэтамi бiблiятэцы спадарынi Янiны знаходжу выдадзеныя ў 1950-м у Парыжы «Воспоминания» Iвана Бунiна, дзе ён па чарзе разьбiраецца зь Ясенiным («талант пошлости и кощунства»), з Бальмонтам («всю жизнь поистине изнемогал от самовлюбленности»), з Брусавым («бессовестно лгал о своем знании языков»)...
А нашае зацятае недрукаваньне густа аброслага мiтамi дзёньнiчка М. Багдановiча (няхай там гаворыцца не зусiм пра лiтаратуру i лiтаратараў) выглядае дэманстрацыяй нацыянальнае няўпэўненасьцi i ня болей.
* * *
Ураньнi Зянон чытае мне свой верш пра траву, што пажоўкла так, як на радзiме, але там, за вакном, не радзiма.
* * *
Тое, што кожны скандал вакол яшчэ аднаго магчымага адультэру прэзыдэнта Клiнтана панiжае ягоны рэйтынг, знаёмы амэрыканскi беларус лiчыць несусьветнай лухтой. Паводле ягоных словаў, усё якраз наадварот: «Малайчына, Бiл!» — кажуць, паглядзеўшы тэлевiзар, мiльёны выбаршчыкаў ад Аляскi да Калiфорнii i гатовыя заўтра ж абiраць лавэласа Бiла на новы тэрмiн.
* * *
Пасьля стрэсу ад пералому клубу Натальля Арсеньнева колькi дзён гаварыла на чысьцюткай расейскай мове.
* * *
На выставе афрыканскага мастацтва ў музэi Гугэнгайма, сярод чорных камэрунскiх скульптураў, вясёленькiх суданскiх масак i ўтульных ахвярных камянёў з Танзанii, над якiмi спрытна завiхалiся продкi сёньняшнiх чарнаскурых наведнiкаў, чыя колькасьць наблiжаецца да крытычнае масы, халоднай зьмейкаю высьлiзгвае аднекуль думка аб тым, што гадоў празь пяцьдзясят тут адчынiцца выстава эўрапейскага мастацтва i на нiзе гэтай генiяльнай бэтонавай сьпiралi гэтаксама, як i цяпер, будуць граць i сьпяваць музыкi, але ўжо ня чорныя, а белыя, i калi яны, валячыся з ног ад стомы, зробяць кароткую пярэрву, натоўп белазубых слухачоў не пачне пляскаць у ладкi, а незадаволена прысунецца блiжэй...
Намагаючыся абагнацца ад гэткага вiдовiшча, вы крыху пасьпешлiва заходзiце ў бакавую залю, дзе дамiнуюць два велiзарныя творы: на адным — няроўна адцяты чалавечы ступак, на другiм — жыўцом вырванае блакiтнае вока. (Якога колеру скура на ступаку — пытаньне для дэбiлаў.) Вы амаль пэўныя, што вам паказваюць зьмешчаныя ў фармалiн часткi чалавечага цела i, толькi наблiзiўшыся, раземееце: гэта ўсяго толькi ўмела падсьветленыя слайды. Думаць пра тэхналёгiю здымкаў чамусьцi ня прагнецца.
* * *
Зьяўленьня ўбачанага на выставе ступака мiжволi чакаеш у вагоне падземкi, дзе зарабляе свае даляры факiр-iндус, аднак, на шчасьце, ён выцягвае з магiчнага капелюша традыцыйную галубку.
* * *
Гэтай навiне пакуль што ня веру: Арсеньнева страцiла зрок.
* * *
Адна з iстотных хiбаў (цi вартасьцяў?) славы ў тым, што яна iмкнецца вызвалiць свайго ўладальнiка ад асабiстага жыцьця. Справядлiвасьць гэтага труiзму яшчэ раз пацьвярджаецца на выставе працаў Тулюз-Лятрэка, дзе прадаецца ягоны багата iлюстраваны жыцьцяпiс. Адзiн з фотамастакоў засьпеў маэстра ў часе будзённай, але важнай справы. Каб у чытача зьнiклi ўсялякiя сумневы, дыптых забясьпечаны гранiчна канкрэтным назовам — «Defecation on a beach». Пясьняр «Мулен Руж» адлюстраваны, так бы мовiць, у апагеi творчага напружаньня i трошкi пазьней, у цiхамiрную хвiлiну падцягваньня штаноў.
* * *
«Брадвэй, якiм я яго бачу цяпер, i якiм бачыў цэлыя дваццаць пяць гадоў, — гэта пандус, народжаны ўяўленьнем Сьвятога Тамаша Аквiнскага, пакуль ён яшчэ знаходзiўся ў матцы. Напачатку меркавалася, што карыстацца гэтым пандусам будуць адно вужакi ды жужалкi, рагатыя жабы й чырвоныя чаплi, але пасьля гiбелi вялiкай гiшпанскай армады чалавецтва выкулiлася з каравэлы на сушу i распаўзлося ў розныя бакi; вось так, поўзаючы й выпручваючыся ў агiдных, непрыстойных паставах i рухах, яно і пракалупала гэтую шчылiну, падобную да дзiркi ад вагiны, якая цягнецца цяпер ад Батэры на поўднi да гольфавых пляцовак на поўначы празь мёртвы цэнтар Мангэтанскае выспы, якi кiшмя кiшыць чарвякамi. Ад Таймз Сквэр да 50-й вулiцы вы знойдзеце ўсё, што забыўся ўключыць у свой твор Тамаш Аквiнскi, гэта значыць, што тут, апрача ўсяго iншага, ёсьць гамбургеры, гузiкi да каўнерыкаў, пудэлi, гульневыя аўтаматы, шэрыя кацялкi, стужкi да друкавальных машынак, памаранчавыя палачкi, дармовыя прыбiральнi, гiгiенiчныя пракладкi, мятныя пiгулкi з водарам ююбы, бiльярдавыя шары, наскрыляная цыбуля, скамечаныя сурвэткi, люкi, жуйкi, матацыклетныя каляскi і бурклiвыя старыя пнi, цэляфанавыя абгорткi, аўтамабiльныя шыны, магнэта, конскiя шмаравiдлы, смактуны ад кашлю, а таксама кашэчая расплывiстасьць таленавiтага да гiстэрыкi еўнуха, што кiруецца зараз да фантанчыку зь пiтной вадою з сваiм «урэзкам» памiж ног».
Я нiколi ня буду перакладчыкам з ангельскае, але застануся ў гiсторыi нашых з амэрыканцамi лiтаратурных сувязяў тым, што ўпершыню пераклаў на беларускую мову ў Нью-Ёрку цэлы абзац з Гэнры Мiлера, а менавiта — зь яго напiсанага ў 1938 годзе ў Парыжы «Тропiку Казярога».
* * *
Эмiграцыйны гiсторык Леў Акiншэвiч лiчыў асноўнай прычынаю палiтычнай паразы Вялiкага Княства Лiтоўскага «дэманстратыўны выбар ягонай элiтай заходняга (а ня ўсходняга) шляху». Заходнія каштоўнасьці, на ягоную думку, прышчапляліся да iншага культурнага пня, i ў вынiку чым мацнейшая была «вэстэрнiзацыя», тым большы супрацiў яна сустракала ў самой краiне i асаблiва звонку — найперш з усходу.
Займаючыся экстрапаляцыяй Акiншэвiчавай высновы, ловiш сябе на тым, што празьмерна ўважлiва разглядваеш зусiм маладыя ногi жанчыны, якая вязе цябе ў аэрапорт Кенэдзi.
* * *
Шматкалёрныя агнi вечаровага Нью-Ёрку за iлюмiнатарам складваюцца ў дакладныя копii арнамэнтаў ацтэкаў i iнкаў з Мэтраполiтэн-музэю.
* * *
У нашым «Боiнгу-767» занятае ў лепшым разе кожнае дзясятае месца. Цяжка пазбыцца думкi, што займацца каханьнем тут было б значна спакайней i ўтульней, чым у тым самалёце, дзе падарожнiчала славутая літаратурная й кінанiмфаманка Эмануэль.
* * *
Над узьбярэжжам Эўропы добра вiдаць, як, сустрэўшыся з морам, вялiкiя рэкi яшчэ даволi доўга працягваюць свой шлях i захоўваюць абрысы дзякуючы адметнаму колеру вады. Ранiшняе назiраньне нараджае асацыяцыі й аналёгiі — зрэшты, дастаткова банальныя, каб пераносiць iх на паперу.
Верасень, 1996