Ляцяць сябры па-над Зямлёй і дзівяцца — якая яна рознакаляровая, прыгожая, любая! Далёка абачылі і Поўдзень, і знаёмае Чорнае мора, выкладзенае з сініх плітачак, і Паўночныя горы, і татаву скрыню з інструментамі, дзе ляжыць адолены Жалезны Цмок, і кветнікі з «сакрэцікамі»… І раптам бачаць: на стале ў дзіцячым пакоі стаіць аграмадны аранжавы шар! Адкуль ён ўзяўся? І што гэта?
Касмічны разведвальнік Цыркуль паляцеў да невядомага аб’екта. Ён абляцеў шар па арбіце, аднак нічога не выявіў. Тады ён даслаў да аб’екта лунаробата Цопа. Цоп падрабязна даследаваў паверхню шара і хутка павяртаўся да сваіх сяброў з дакладам:
— Аграмадны аранжавы шар — гэта планета-гігант Гарбуз зорнай сістэмы Агарод, што ў сузор’і Лецішча. Жыхары планеты — гарбузікі — жывуць у яе асяродку. Планета Гарбуз трапіла у наш пакой дзякуючы тату хлопчыка Глеба. Тата прывёз яе з сузор’я Лецішча на касмалёце і пакінуў на стале. Планета прыдатная для жыцця.
— Бі-бі-бо-о-о! — закрычаў Турба-Элік. — Сябры! Гайда катацца па Гарбузу як па горцы!
Сябры з радасцю пагадзіліся з прапановай Эліка. Яны прыгарбузіліся на аранжавы гігант і пачалі з’язджаць адно за адным з яго стромкіх бакоў, куляцца, смяяцца і зноў катацца. Яны ссоўваліся то па адным, то гуртам і гэтак загуляліся, што не заўважылі, як планета-гігант ад іхных штуршкоў скранулася з месца і павольна пакацілася па сталу. Сябры, адчуўшы небяспеку, паспрабавалі спыніць планету… Аднак яна ўжо набрала хуткасць і кацілася ўсё спрытней і спрытней і мімаходам прыціснула Папяровага Дыназабра… Напужаныя машынкі пасыпаліся са стала як гарох… а за імі наўздагон і аранжавы гігант — БУМ! — зрынуўся на падлогу і разбіўся на кавалкі……………………
І тут сябры ўбачылі жыхароў аранжавай планеты — маленькіх гарбузікаў! А Турба-Элік тым часам агледзіў сваіх сяброў, ці цэлыя яны, затым пералічыў і — недалічыўся Папяровага Дыназабра! Элік паклікаў Цыркуля, і яны разам паляцелі на пошукі Дыназабра. Яны знайшлі яго з паламаным крылам на стале. Сябры падхапілі параненага таварыша пад лапы і і перанеслі на падлогу. Котка Ружа асцярожна апрацавала ранку клеем ПВА і перавязала крылца ружовым матузком. Дыназабр падзякаваў сяброў за клопат, а Ружы удзячна пацалаваў лапку.
Неўзабаве прыйшла мама Глеба, убачыла касмічную аварыю і сказала, што без лятаючай талеркі тут не абыйсціся. Цыркуль выклікаў па рацыі талерку, і мама пазбірала на яе кавалкі зрынутай планеты і панесла на кухню… А потым усю зіму Глеб, мама і тата, Турба-Элік і яго сябры частаваліся смачнымі і карыснымі стравамі, прыгатаванымі з аранжавай планеты Гарбуз: кашай-гарбузянкай і семкамі-гарбузікамі.