Новыя крылы Турба-Эліка

…Папсаваныя Жалезным Цмокам машынкі эвакуатар павёз на рамонт у СТА — станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Галоўны аўтамеханік СТА — хлопчык Глеб — наноў склаў Турба-Эліка з канструктара Лега і прыладзіў да корпуса машынкі новыя моцныя крылы (каб Турба-Элік мог імгненна уцякаць ад розных там пачвараў!). А галоўны аўтаслесар СТА — хлопчыкаў тата — паставіў Сонейку новы пярэдні мост з новымі колцамі. Потым машынкі паехалі ў аўтамыйку памыцца.

Калі Турба-Элік і яго сябры сустрэліся, яны ад радасці сталі абдымацца, цалавацца і дзяліцца апошнімі навінамі. Між іншым, Папяровы Дыназабр распавёў, што, пакуль машынкі рамантаваліся, ён аблётаў увесь пакой, агледзіў усе шафы і выпадкова натрапіў на невядомую істоту, якая хавалася за шкатулкай… Ён прапанаваў сябрам высветліць, што гэта за істота, — і сябры рушылі насустрач новым прыгодам!

Загрузка...