Жалезны Цмок

Папяроваму Дыназабру дужа спадабалася ў гасьцях. Сябры парашылі гуляць у хованкі. Гульню распачаў Дыназабр. Ён закрыў вочы і пачаў лічыць: «Адзін, два, тры…» а машынкі ў гэты час хаваліся хто-куды. Гонка-Стрыж на 4-ай хуткасьці ўехаў у татаў тапак, Сонейка схаваўся за пыласосам, а Турба-Элік — пад коўдрай. «…чатырры, пяць — я іду шукаць», — скончыў лічылачку Дыназабр і паляцеў шукаць сяброў.

Потым жмурыў Турба-Элік: «Раз, два, тры…» Папяровы Дыназабр схаваўся ў кнізе. Сонейка скокнуў у скрыню з гуталінам. Стрыж занадта доўга думаў, куды схавацца, і таму Элік першым яго застукаў…

…А тым часам Глебаў тата рамантаваў у калідоры хлопчыкаў ровар. Спецыяльным інструментам — жалезным газавым ключом — тата падняў сядзенне: Глеб ва ўсе вочы глядзеў на гэты устрашальнага выгляду ключ. Потым хлопчык узяў цяжкі інструмент у рукі… Але раптам войкнуў і выпусціў яго — Глебу падалося, што ключ, шчоўкнуўшы чыгуннымі сківіцамі, сам выслізнуў з рук! Чорная прылада з раззяўленай пашчай вельмі напужала хлопчыка, таму ён гэтак і пакінуў яе на падлозе і стаў гуляць з іншымі інструментамі з татавай скрыні.

…А машынкі ўсё гулялі ў хованкі. На гэты раз жмурыў Гонка-Стрыж. Усе пахаваліся хто-куды, адзін Турба-Элік яшчэ вагаўся, куды яму лепш схавацца. Ён заехаў у калідор, дзе тата рамантаваў ровар, убачыў скрыню з прыладамі і толькі хацеў туды скокнуць, як раптам!.. дарогу яму перагарадзіла страшэнная жалезная пачвара з раззяўленай пашчай і злосна ляснула зубамі. Турба-Элік нават развярнуцца не паспеў, каб уцячы, як адчуў — сківіцы Жалезнага Цмока схапілі яго і са ўсяе моцы сціснулі… Імгненне — і Элік рассыпаўся на мноства запчастак: колцы, дверцы, фары паляцелі ў розныя бакі… Тым часам Жалезны Цмок як віхур уляцеў у дзіцячы пакой і стаў усё грызьці, ламаць і знішчаць на сваім шляху… Сябры бачылі, што зрабілася з Турба-Элікам, і не разгубіліся: яны выклікалі атрад салдацікаў, якія расстралялі зламысную пачвару з пушак… Але пластыкавыя ядры толькі паказыталі Цмока… Ні баявая машына пехоты на батарэйках, ні цяжкая артылерыя кубікаў, ні нават фанарык з чырвоным лазерам не здолелі спыніць ліхадзействы Жалезнага Цмока! Страшэннымі сківіцамі ён схапіў Сонейка за колцы і адарваў іх разам з пярэднім мастом… Адно колца пакацілася па падлозе, а Цмок — хап! і праглынуў яго… Хацеў хапнуць і маленькага Стрыжа, але Гонка-Стрыж на тое і гонка! — уцёк і схаваўся пад ложкам. Дыназабр кінуўся да Жалезнага Цмока біцца, але злодзей нават увагі не звярнуў на папяровага ваяку. Цмок паляцеў знішчаць астатнія цацкі…

і ніхто не даў рады адолець Жалезнага Цмока, пакуль не прыйшоў тата. Ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, колькі шкоды нарабіў злодзей — жалезныгазавы ключ! Узяў і скруціў яго сталёвым дротам так, што і варухнуцца больш не мог Жалезны Цмок, і схаваў у скрыню з інструментамі.

Загрузка...