Ці ёсць сэнс баяцца, што праз надта вялікія дзіркі ў друшляку выслізнуць улюбёныя макароніны. І так, і не. Проста ў гэтым штосьці ёсць. Але цяпер ужо запозна... Калі стаіш і трымаеш у адной руцэ рондаль з каламутнаватай вадой, а другой папраўляеш друшляк у ракавіне — ужо запозна думаць пра тое, баяцца ці не. Развагі гэтыя зусім не да месца. Трэба ўжо або баяцца, або не думаць: выбраць чыстую эмоцыю без дамешку разважанняў.
Усё пачынаецца значна раней, з таго моманту, калі прымаеш рашэнне варыць сабе на абед макарону і хочаш не хочаш праз сем або дзесяць хвілін, у залежнасці ад гатунку выбранай табой (хоць, можа, зусім і не табой, а тваім сябрам ці знаёмай, ці абсалютна невядомым табе чалавекам) макаронай, давядзецца сутыкнуцца з гэтым страхам.
Хоць, мажліва, твой друшляк без вялікіх дзірак. Або ты зліваеш ваду проста з рондаля, прытрымліваючы накрыўку і ўтварыўшы невялікую адтуліну, праз якую ніводная макароніна-здрадніца не здолее выслізнуць.
Ці давяраеш ты сваім макаронінам настолькі, каб адпусціць іх у друшляк з вялікімі дзіркамі? Любая з іх — патэнцыйная калабарантка каналізацыйнай трубы. Гэта пытанне даверу. І пакуль я яго не вырашу, буду блукаць па закавулках уласнай свядомасці і няўласнага горада і здзіўляцца сваёй сквапнасці. Праз нейкі час макароніны канчаткова састынуць і зліпнуцца. Цяпер яны ўжо нікуды не выслізнуць.