Пад вакном бегае новае пакаленне. Я запальваю канфорку і перацягваю на яе імбрык. Адчыняю шафу. Спачатку гляджу на каву, потым на гарбату. Думаю, з чаго пачаць. Узгадваю, што сёння выходны, і спыняюся на каве.
У дзяцінстве гарбата была нейкай сумнай, салодкай і горкай адначасова. Пасля яе заставаўся непрыемны смак у роце, таму я яе доўга не любіла і піла збольшага адну каву. Цяпер я кавы амаль не п’ю.
Першай уласна сабранай гарбатай была чабаровая. У дзяцінстве я збірала чабор разам з мамай і татам у лесе праз дарогу. Мы прыносілі дробныя суквецці дадому, выкладалі на бляху ў духоўку, а потым, калі яны падсыхалі, перасыпалі ў паўлітровы слоік. Цяпер замест кавалка лесу тут новыя дамы, а чабаровую гарбату я набываю ў краме.
Ліпавую гарбату я збіраю амаль кожнае лета з ліпы, што расце ў бабуліным палісадніку. Збіраю, старанна рыхтую, высушваю, прыводжу дадому, складаю ў скрыначку і не п’ю.
Эпапея з зялёнай гарбатай пачалася, калі хлопец з далёкай кітайскай вёскі прынёс мне маладое лісце чаю і сказаў, што гэта вясна і што гэта трэба абавязкова піць са шкляных кубкаў, каб можна было ўбачыць тонкі няўпэўнены колер запаранага лісця. У мяне, вядома ж, не знайшлося простых шкляных кубкаў і тады ён прынёс і іх. Колер сапраўды быў фантастычны, але, як кожная вясна, гэты чай скончыўся і засталіся адны шклянкі.
Каб хоць трошку адчуць сябе пандай, я п’ю бамбукавы чай, з лісця бамбука, ён пахне свежым сенам, але не настолькі, каб я адчула сябе поні, а не пандай.
Марцыпанавы чай я п’ю, калі на пытанне «ну які чай табе рабіць» я ўжо не ведаю, што адказваць, бо за дзень выпіла, здаецца, ужо ўсе магчымыя гатункі і тады ўзгадваю пра яго і кажу: «мне чай са смеццем», таму што ён вельмі дробны і не асядае на донца(ы) кубку.
Скрутачак чаю пу-эр, быццам ізаляваны хворы, абгорнуты папяровымі бінтамі, ляжыць у шкляным слоіку з-пад сочыва. Выглядае гэта дзіўна, таму што слоік вялікі, а пу-эр маленькі.
Зрэдчас я ўзгадваю чакалядны чай і разам з ім чалавека, што падарыў яго.
Чай з малаком першы раз давялося пакаштаваць у Ірландыі. Асабліва непрыемных уражанняў ён не пакінуў, можа нават наадварот, гэтая гастранамічная падзея хутчэй была са знакам плюс, чым са знакам мінус.
А бывае, што гарбаты не хочацца і кавы не хочацца, і тады надыходзіць зорны час какавы…