Пяльмені, альбо Пра сталасць формы і зместу

Пасля доўгіх разважанняў нарэшце адкрылася прычына, па якой я кінула чарговага кавалера, з якім прасустракалася чатыры гады. Уся адказнасць звалілася на ліпкія плечы пяльменя, гэтага бруднавата-шэрага з характэрным пахам мяса і цыбулі таўстуна.

Я з дзяцінства не любіла пяльмені, дакладней іхняе начынне. Можна было ўпрасіць мяне з’есці аладку ад пяльменя (пры ўмове, што яна была добра падсмажана да хрумсткай скарыначкі), але гэта максімум, на што маглі разлічваць дарослыя. Ніякага начыння.

Таму зразумела маё абурэнне, калі аднойчы, седзячы ў гасцях кавалера, я пачула патрабаванне, прычым ультыматыўнае, з’есці разам з ім вараных пяльменяў. На гэтага харчовага варвара нічога не дзейнічала — ні адмовы, ні ўпрошванні, ні тлумачэнні, ні слёзы. Пяльмень ужо ляжаў у маім роце і павольна раскладаўся пад уздзеяннем сліны, але ніяк не глынаўся. Давялося сабраць усю волю, якая яшчэ ў мяне засталася, і, пераадольваючы ванітныя рэфлексы, прапхаць яго праз горла і зглынуць.

— Ну вось, бачыш. Смачна ж. Давай яшчэ.

Ціхая нянавісць пачала запаўняць мяне ўсю, але замест таго, каб закрычаць і торкнуць яго відэльцам у пуза ці яшчэ куды, выплюхнуць агрэсію на гэтага гора-едака, які ўжо сам ператварыўся ў пяльмень, я моўчкі сышла ва ўнутраную эміграцыю, каб не бачыць, як чалавек-пяльмень начапіў на свой відэлец чарговага таўстуна і паднёс яго да майго рота...

Праз некалькі год чалавек-пяльмень ажаніўся, стаў хадзіць па рэстарацыях, замаўляць заместа пяльменяў карпача і хваліцца сваімі гастранамічнымі дасягненнямі. Але тонкія лусткі ружова-барвовага мясца так і не здолелі змяніць сутнасць. Чалавек-пяльмень застаўся пяльменем.

Загрузка...