На кухонным стале павольна паміраў памідор.
Пазаўчора я адрэзала ад яго кавалак. Цэлы мне быў не патрэбны.
Даем заўтра — падумала я. Але прыйшло заўтра, а есці памідор не хацелася. Так ён даляжаў да вечара, а потым і да наступнай раніцы.
І вось сёння, прабягаючы вачыма па стале ў пошуках чагосьці, што выклікала б радасць у мяне і майго страўніка, я заўважыла чырвонае цела, якое павольна марнела. Адрэзанае месца выглядала асабліва безнадзейна. Іншая садавіна радавалася, што гэты піжон-пракажон ляжаў асобна ад іх, не ў прыгожай глыбокай чорнай місцы, а сіратліва дажываў свой век проста на стале.
Выратаваць памідор было мажліва: а) яшчэ ўчора, калі б я не паленавалася загарнуць яго ў плёнку, і б) сёння, зрэзаўшы з яго тое, што есці было ўжо нельга, і ўжыць тое, што можна. Так я стварыла сабе імпліцытную магчымасць, нейкую свабоду выбару і пазбавіла гэтай радасці памідор. Цяпер ён цалкам залежаў ад мяне. А можа, ён залежаў ад мяне ўжо з таго моманту, як я набыла яго? Аб’ектыўная рэальнасць памідора і суб’ектыўная рэальнасць вольгі[*]. Ці быў у памідора выбар? Думаю, быў. Ён мог перастаць спець, мог пачаць загніваць да таго часу, як я вырашыла яго парэзаць, мог дасягнуць такога ўзроўню спеласці, што мне захацелася б з’есці яго адразу. Але ўсе гэтыя якасці наўпрост звязаны з вонкавым у дачыненні да памідора аб’ектам — са мной. І сувязь гэтая падпарадкавальнага характару, прасцей кажучы, залежнасць, якая вымалёўвае вобраз падначаленага памідора (памідора-раба), лёс якога знаходзіцца ў руках ягонай прыгнятальніцы — мяне.
У чацвер памідора не стала.
[*]Да фразы «суб’ектыўная рэальнасць» амаль немагчыма ўжыць любую форму асабовага займенніка першай асобы адзіночнага ліку, якая б пазначала суб’екта маўлення, г.зн. мяне. Мова супраціўляецца, яна хоча бачыць тут толькі імя, сапраўдную назву, а не тое, што яе замяняе. З гэтай прычыны ўжыта ўласнае найменне, што зраўнавала мяне сябе з памідорам.