Мне 14 гадоў. Я вучуся ў звычайнай школе. Неяк нас з сяброўкай пасылаюць да старой жанчыны. Аказваецца, мы ўзялі над ёй шэфства. Дакладней, не мы, а нашая школа.
Жанчына жыла ў двухпакаёвай кватэры. Здаецца, у яе нават быў муж. Гэта мяне страшэнна абурала, бо я не разумела, чаму ён не прыбірае за сваёй жонкай. Яна была падобная да самкі-павучыхі, а ён да самца, якога яна праз сваю хваробу не паспела з’есці. Ёй было цяжка хадзіць, і таму большую частку свайго нецякуча-застылага часу яна праводзіла ў ложку, які пакідала толькі зрэдку — адчыніць дзверы сваім «прыбіральшчыцам». Яна не выказвала асаблівай удзячнасці і ўспрымала нашую прысутнасць як належнае, чаго нельга было сказаць пра нас. Тое, як яна аддавала загады, выклікала адчуванне, што гэта я была вінаватая ва ўсіх ейных хваробах і ў тым, што была малым дзяўчо, якое спрытна гэтак рухалася па ейнае тэрыторыі. А рухалася я так спрытна, таму што мела толькі адно жаданне — як мага хутчэй выбегчы з гэтага клінічнага свету, дзе ўсё смярдзела лекамі — потам — лекамі — урынай — лекамі — пазалеташняй ежай — лекамі лекамілекамілека мі ле кам і лекамілекамілекамілекаміле каміле камілекаміле камі калекамі, і гэтыя пахі ўжо не былі пахамі, яны мутавалі ў гукі і нахабна гэтак чапляліся за мяне, за валасы, за рукі, за ногі і бараніцца не было чым. Свайго паху я пакуль на займела. Хоць з гэтым можна спрачацца.
Мне 19 год. Ён нахіляецца да маёй галавы й кажа: як цудоўна, але ты пахнеш нічым, нічым штучным. Калі б ты была вышэйшая ростам — я намаляваў бы з цябе Венеру. Сядзець перад камерай чужых вачэй і ўсведамляць, што цябе не бачаць, бо зараз ты мітычная істота з чужым імем і чужой біяграфіяй? Не, усё ж такі добра, што я не такая высокая. Мне ўсё яшчэ 19, і ўжо другі ён абдымае мяне, уцягвае пах маіх валасоў і кажа: ты ніколі не вырасцеш, таму што пахнеш малаком. Я прыкладаюся да ягонага вуха, як да марской ракавіны, і слухаю.
Малака я не п’ю, я яго не люблю.
[*]Друкуецца па тэксце кнігі «Рэканструкцыя неба» са змяненнямі.