БІЛ

Жыцьцё было бы куды прасьцей, разважаў Біл Бурк, калі б ён мог пакахаць Гранію Данн.

Ёй амаль споўнілася дваццаць два. Яна з нармалёвай сям'і, яе бацька выкладае ў школе Выгляд-На-Гару, маці працуе касірам у рэстарацыі Квеньцін. Яна сымпатычная, зь ёй прыемна весьці гутарку.

Часам яны разам наракалі на банк і зьдзіўляліся, як атрымліваецца, што хціўцы ды сабетнікі заўсёды так добра ўладкоўваюцца. Гранія распытвала яго аб сястры і перадавала для яе кніжкі. Як ведаць, магчыма Гранія таксама здолела бы пакахаць яго, складзіся акалічнасьці трохі інакш.

Лёгка размаўляць аб сваім каханьні з добрым, спагадлівым сябрам. Біл з разуменьнем выслухваў аповяды Граніі аб сталым мужчыне, якога яна ніяк не магла выкінуць з галавы, як ні імкнулася. Ён аднагодак яе бацькі, і паліць, і цяжка дыхае, і можа памерці праз пару гадоў, калі будзе працягваць тым жа чынам, але яна ніколі не сустракала нікога, хто бы так моцна яе прыцягваў.

Яна не магла заставацца зь ім, бо ён схлусіў ёй, не сказаў, што стане Дырэктарам школы, хоць сам усё ведаў. І для бацькі Граніі было б страшэнным ударам, пазнай ён, што дачка сустракалася з Тоні А’Брайнам і нават спала зь ім. Аднойчы.

Спробы знаёміцца зь іншымі мужчынамі ні да чаго не прыводзілі. Яна працягвала думаць аб ім, аб маршчынках, што зьяўляліся ў кутках яго вачэй, калі ён усьміхаўся. Жудасна няшчыра. Якая нішчымная частка чалавечага мозгу альбо цела прымушае цябе лічыць, што ты кахаеш кагосьці, так д’ябальскі неадпаведнага?

Біл згаджаўся, сэрца непрадказальна. Ён таксама абярнуўся ахвярай ягонай прыхамаці. І собіла ж Біла пакахаць Лізі Даффі, самую неверагодную дзеўчыну ў сьвеце. Прыгажуню, хворую на кішаньковыя сухоты, якая грэбуе любымі правіламі, але ж атрымлівае больш крэдытаў, як любы іншы пакупнік. Лізі таксама кахала Біла. Ці казала, што кахае. Ці лічыла, што кахае. Яна сьцьвярджала, што ў жыцьці не спаткала такога сур'ёзнага, сумленнага, шчырага чалавека, да яшчэ і падобнага да савы. І сапраўды, у параўнаньні з астатнімі сябрамі Лізі, ён быў звышстаноўчы. Яе прыяцелі безупынна рагаталі без усялякага чыньніку, выяўлялі поўную абыякавасьць да атрыманьня альбо захоўваньня працы, затое вельмі жвава цікавіліся падарожжамі і прыемным гультайствам. Вось такія хлопцы падабаліся Лізі.

Але Біл і Гранія цалкам сур'ёзна прызнаваліся адно аднаму за кубкам кавы, што калі б у жыцьці даводзілася кахаць толькі годных людзей, было бы і вельмі лёгка і вельмі сумна.

Лізі ніколі не пытала аб старэйшай сястры Біла, Алівіі. Яна, вядома, бачыла яе. Аднойчы. Калі прыходзіла да іх у госьці. Алівія была недарэкай, вось і ўсё, проста недарэкай. У яе не было аніякай хваробы, якая мела б назоў. Ёй споўнілася дваццаць пяць, а вяла яна сябе, быццам ёй было восем. Вельмі любасная васьмігадовая непаседа.

У нейкі момант вам рабілася ясна, што для Алівіі гэта не было праблемай. Яна зь дзіцячым захапленьнем пераказвала прачытаныя кніжкі, захаплялася ўбачаным па тэлевізары. Часам шумела, сваволіла і, паколькі была даволі буйнай дзяўчынай, перагортвала пры гэтым рэчы. Але Алівія ніколі не ўладкоўвала сцэн і не капрызіла, яна цікавілася ўсім і ўся і была ўпэўненая, што лепш за яе сям'ю нікога ў сьвеце няма. — Мая маці пячэ самае смачнае печыва ў сьвеце, — паўтарала яна ўсім, і маці Біла, якая ў лепшым выпадку магла ўпрыгожыць гатовым крэмам набыты ў краме кекс, ганарліва ўсьміхалася. — Мой бацька кіруе вялізным супэрмаркетам, — гаварыла Алівія, і яе бацька, які працаваў у каўбасным аддзеле, вінавата пасьмейваўся.

— Мой брат Біл кіруе банкам, — абвясьціла яна кагадзе. Гэта выклікала крывую ўсьмешку ў Біла, ды і ў Граніі, калі Біл распавёў ёй.

— Такі дзень надыдзе, — хмурна пракамэнтаваў ён.

— Калі ты не жадаеш гэтага, не саступай, не ідзі на кампраміс, — намагалася падбадзёрыць яго Гранія.

Лізі падзяляла меркаваньне Алівіі. — Ты павінен заняць кіруючы пост, — часьцяком паўтарала яна Білу. — Я магу пабрацца шлюбам выняткова з чалавекам, які мае посьпех. Калі нам будзе дваццаць пяць і мы пажэнімся, ты ўжо павінен займаць годную пасаду.

І хоць тыя словы суправаджаліся цудоўным іскрыстым сьмехам Лізі, што дэманстраваў усе яе белыя зубкі, і ўстрэсваньнем казачных беленькіх кудзерак, Біл разумеў, Лізі не жартуе. Яна ніколі ня выйдзе за няўдачніка, настойвала яна. Бо гэта было б нават сіберна, паколькі яна давяла б да галечы іх абодвух. Але яна насамрэч зьбіралася замуж за Біла праз два гады, калі ім абодвум стукне па чвэрці стагодзьдзя. Да таго часу яна рыхтавалася разьвітацца зь незьлічонымі раманамі і аступеніцца.

Лізі адмаўлялі ў новай пазыцы, бо яна так і ня выплаціла папярэднюю, яе картку Віза павінны былі ануляваць, і Біл імкнуўся утлумачыць ёй: — Калі ты заўтра да пятай гадзіны не занясеш грошы, у банка ня будзе ніякай магчымасьці … — Але нейкай выявай банк заўсёды знаходзіў магчымасьць. У некаторых выпадках Лізі пачынала рыдаць, у іншых — даваць клятвенныя абяцаньні, распавядаць аб новай працы. Ёй ніколі не маглі адмовіць. А яна ніколі не выпрабоўвала згрызотаў сумленьня.

— Ой, Біл, дзеля Бога, у банкаў няма сэрца альбо душы. Яны толькі жадаюць рабіць грошы і не жадаюць іх губляць. Яны нашы ворагі.

— Мне яны ня ворагі, — адказваў Біл. — Мне яны даюць працу.

— Лізі, не рабі тага, — у роспачы ўмольваў ён, калі яна заказвала другую пляшку віна. Ёй заплаціць няма чым, яму таксама, навошта дадатковыя нягоды? Яму карцела аддаваць бацькам болей грошай, ягоны заробак настолькі больш за бацькоўскі, а старыя гэтулькі ахвяравалі, дапамагаючы яму стаць на ногі. Але паспрабуй зь Лізі нешта адкласьці. Біл меў вочы на новы пільчак, але аб тым ня мелася і прамовы. Хоць бы Лізі спыніла гутарку аб адпачынку, на гэта грошай увогуле няма. Як тут назапасіць да дваццаці пяці год дастатковую суму, каб яны зь Лізі маглі ажаніцца?

Заставалася спадзявацца на цёплае лета. Хай бы зьзяла сонейка, тады Лізі можа пагадзіцца застацца ў Ірляндыі. Але калі будзе хмурна і ўсе яе сябры пачнуць тлумачыць то аб адной, то аб іншай грэцкай высьпе, і аб тым, як танна можна пражыць месяц у Турцыі? Паспрабуй тады яе суціш. Біл ня мог пазычыць грошы ў банку, у якім працаваў. Жалезныя ўмовы забаранялі дзеяньні тага кшталту. Хоць, вядома, заўсёды заставалася іншая магчымасьць... Вельмі непажаданая магчымасьць.

Яму трэба было ведаць, ці не пасрэднасьць ён. Ён лічыў, што не, але хто дакладна ўсьведамляе, што ўяўляе зь сябе насамрэч?

— Упэўнены, мы — толькі тое, што думаюць аб нас іншыя людзі, — сказаў ён Граніі за кавай.

— Я так не лічу, бо тады намі бы стала маніпулявалі, — запярэчыла яна.

— Я нагадваю саву? — спытаў ён.

— Вядома, не, — уздыхнула Гранія. Ёй не ўпершыню даводзілася адказваць на гэтае пытаньне.

— Гэта нават не таму, што я нашу акуляры, — растлумачыў Біл. — Проста ў мяне круглы твар, прамыя валасы.

— У савы наогул няма валосься, у яе пёры.

Тыя словы яшчэ больш зьбянтэжылі Біла. — Чаму ж тады яны думаюць, што я нагадваю? — нахмурыўся ён.

Сёньня ўвечар моладзь банку як раз запрасілі на лекцыю. Гранія і Біл сядзелі побач. Яны ўнікалі ў матэрыял, у схемы, ва ўсё, што банк жадаў давесьці да ведама свайго пэрсаналу з мэтай спэцыялізацыі супрацоўнікаў у розных галінах. Ім распавядалі, што сьвет адчынены для здольных маладых людзей, якія валодаюць іншымі мовамі, маюць добрую кваліфікацыю і досьвед працы. Заробак тых, хто працуе за мяжой, зразумела, значна вышэй, бо ўключае камандзіровачныя. Спрыяльны выпадак надыдзе праз год, зацікаўленым асобам раяць заняцца самаадукацыяй, што дазволіць ім пасьпяхова прайсьці адбор.

— Ты зьбіраесься запісацца на нейкія курсы? — спытаў Біл.

Гранія выглядала засмучанай. — Мне б карцела, тады я магла бы зьехаць адсюль, уцячы ад шанцу сустрэцца з Тоні А’Брайнам. Але, зь іншага боку, я не жадаю думаць толькі аб ім і на іншым баку сьвету. Які ў гэтым сэнс? Няшчаснай я магу быць і тут, тут ён, прынамсі, будзе бліжэй да мяне, як там.

— А ён жадае, каб ты вярнулася? — Біл ня раз чуў тую гісторыю.

— Так, ён кожны тыдзень дасылае мне паштоўку ў банк. Паглядзі, вось сёньняшняя. — Гранія працягнула яму малюначак з кававай плянтацыяй. На абарачэньні толькі тры словы: “Дагэтуль чакаю, Тоні”.

— Ён не вельмі красамоўны, — зазначыў Біл.

— Не, але гэта свайго роду працяг, — растлумачыла Гранія. — На адной было: “Дагэтуль веру”, на іншай: “Дагэтуль спадзяюся”. Маўляў, ён чакае майго рашэньня.

— А да чаго тут кававая плянтацыя? — зьдзівіўся Біл.

— Я пагражала не вяртацца, пакуль ён ня купіць нармалёвую кававарку.

— І ён купіў?

— Так, Біл, вядома. Але ж справа ня ў тым.

— Жанчыны ўсё ўскладняюць, — сьцепануў плячыма Біл.

— Зусім не. Жанчыны цалкам нармалёвыя і адкрытыя. Гэта, вядома, не распаўсюджваецца на маленькую Пані Мантача зь якой ты зьвязаўся, але большасьць з нас такія.

Гранія знаходзіла Лізі безнадзейнай. Біл меркаваў, што Гранія вернецца да тага старыкана зь яго кавай, ложкам і ўсім астатнім, аб чым ён пісаў у сваіх паштоўках. Ён мог галаву даць на адсячэньне, ня будзе яна шчасьлівая безь яго.

Лекцыя падштурхнула Біла да разважаньняў. Дапусьцім, ён атрымае месца замежжам. Нават няхай яму сапраўды пашанцуе, і ён апынецца сярод тых, каго адправяць у эўрапейскія сталіцы ў рамках працэсу пашырэньня сувязяў. Толькі падумаць, гэта ж ўсё зьменіць. Упершыню ў жыцьці ён пачне зарабляць сур'ёзныя грошы. Ён будзе вольны. Яму ня прыйдзецца бавіць вечары ў хаце, гуляючы з Алівіяй і пераказваючы бацькам тыя здарэньня дню, што здольны паднесьці яго ў годным сьвятле.

Лізі магла бы прыехаць і жыць зь ім у Парыжы, ці ў Рыме, альбо ў Мадрыдзе, яны бы зьнялі маленькую кватэрку і кожную ноч выпраўляліся кудысьці разам, яму бы ня трэба было спачатку ісьці да яе, а потым, пасьля ўсяго, вяртацца дахаты … звычка, якую Лізі знаходзіла фацэтнай і край як зручнай, бо яна ніколі не прачыналася да поўдню і вельмі радавалася таму, што ніхто ня будзіць яе, сыходзячы ў такое самавітае месца, як банк.

Ён пачаў праглядаць аб'явы ў пошуках інтэнсіўных моўных курсаў. Яны апынуліся жудасна дарагімі. Аб курсах пры моўнай лябараторыі і марыць не прыходзілася. Для іх у яго не ставала ні моцы, ні часу. Дзень у банку вымотваў яго, да вечара ён стамляўся і ня мог сканцэнтравацца. Ня кажучы ўжо пра тое, што яму патрэбны грошы для Лізі. Ён баяўся страціць яе, калі будзе бавіць менш часу зь ёй і натоўпам яе сяброў.

Не ў першыню ён шкадаваў аб тым, што не пакахаў дзяўчыну іншага пляну. Але ж гэта як ліхаманка. Аднойчы разумееш, што падхапіў хваробу пад назвай каханьне. І застаецца шукаць лекі альбо чакаць, калі яна міне сама. Як звычайна, ён параіўся з Граніей і спытаў, ці ня можа яна прапанаваць яму штосьці, бо падаецца, каханьне да Лізі давядзе яго да клямкі.

— Мой бацька адчыняе вечаровы кляс італьянскага ў сваёй школе, — сказала яна. — Заняткі пачынаюцца ў верасьні, яны скрозь шукаюць вучняў.

— Штосьці вартае?

— Ня ведаю. Увогуле ў мяне такое пачуцьцё, нібы я заманьваю цябе туды. — Гранію заўсёды вылучала шчырасьць. Адсутнасьць штучнасьці — вось адна са шматлікіх якасьцяў, што ў ёй вабілі. — Прынамсі, гэта будзе танна, — працягвала яна. — Яны ўкладаюць у гэта ўсе грошы, што магчыма, і плянуюць набраць ня менш за трыццаць чалавек, каб ня стукнуць у бруд тварам. Я ня вытрымаю бацькавай паразы.

— Ты запісалася туды?

— Не, ён сказаў, гэта яго зьняважыць. Ён будзе выглядаць вартым жалю, калі ўся яго сям'я прыме удзел у заняцьцях.

— Пэўна, так і ёсьць. Але ці будзе ад тага якая карысьць у банкаўскай справе? Як ты лічыш, яны будуць вывучыць фінансавыя тэрміны, адмысловыя выразы?

— Няпэўна, але яны будуць вучыць дабрыдзень, і да спатканьня, і як пажывае ваш бацька. На маю думку, калі ты рушыш ў Італію, ты павінен быць здольны сказаць усё гэта людзям, як мы гэта робім тут.

— Так... — Біла апаноўвалі сумненьні.

— Божухна, Біл, якія фінансавыя тэрміны ты альбо я выкарыстоўваем штодзень тут, калі не лічыць дэбэт ды крэдыт? Я параю, каб яна навучыла вас ім.

— Хто?

— Жанчына, якую ён запрасіў. Сапраўдная італьянка, бацька заве яе Сыньёрай. Ён кажа, яна цудоўная.

— І калі пачнуцца заняткі?

— Пятага верасьня, калі набяруць кляс.

— Плаціць трэба адразу за ўвесь год?

— Толькі за сэмэстар. Я дам табе адрэсу. Калі ты зьбіраесься вывучаць мову, цалкам можна рабіць гэта там, Біл. Адным махам дапаможаш захаваць глузд майго беднага старога бацькі.

— А я ўбачу Тоні, які піша табе тыя доўгія гарачыя лісты? — хітра пацікавіўся Біл.

— Напрамілуй Бог, ні ў якім выпадку ня згадвай Тоні! Ты павінен трымаць гэта ў сакрэце, — занепакоілася Гранія.

Ён папляскаў яе па руцэ. — Я пажартаваў, безумоўна, я ведаю, што гэта сакрэт. Адылі, калі пашанцуе разгледзець яго, паведамлю табе сваё меркаваньне.

— Спадзяюся, ён табе спадабаецца. — Гранія раптам здалася вельмі юнай і ўразьлівай.

— Упэўнены, ён такі файны, што я сам дашлю табе паштоўку аб ім, — ласкава ўсьміхнуўся Біл. Гранія супакоілася. Ніхто ў сьвеце не пазнае аб Тоні А’Брайне.


Увечары Біл сказаў бацькам, што зьбіраецца вывучаць італьянскі.

Алівія жудасна ўсхвалявалася. — Біл зьбіраецца ў Італію. Біл будзе кіраваць банкам у Італіі, — паўтарала яна суседзям.

Суседзі абвыклі да яе балбатні. — Выдатна, — паблажліва адказвалі яны. — Будзеш нудзіцца безь яго?

— Калі ён выправіцца туды, ён усіх нас возьме ў Італію, мы будзем жыць зь ім разам, — даверліва паведаміла Алівія. Біл пачуў гэта з сваёй спальні і ў яго звалілася сэрца.

Яго маці лічыла вывучэньне італьянскага ўражваючай ідэяй. Італьянская мова вельмі прыгожая. Ёй падабалася слухаць, як Сьвятар гаворыць на ёй, яна любіла песьню O Solo Mio. Бацька сказаў, што няма нічога лепш, чым бачыць, як хлопчык стала працуе над сабою. Ён заўсёды ведаў, вялізныя высілкі, выдаткаваныя на Пасьведчаньне Аб Заканчэньні, дадуць вынік.

Маці між іншым пацікавілася, ці зьбіраецца Лізі хадзіць разам зь ім на курсы італьянскага. Біл ніколі не лічыў Лізі досыць дысцыплінаванай і арганізаванай, каб здужаць два ўроку на тыдзень па дзьве гадзіны кожны для вывучэньня чагосьці. Вядома, ёй больш да спадобы сьмяяцца і піць дарагія рознакаляровыя кактэйлі з сваімі сябрамі. — Яна яшчэ ня вызначылася, — цьвёрда адказаў ён. Вядома, як няўхвальна ставяцца яны да Лізі. Яе адзіны візыт прайшоў ня вельмі ўдала. Спадніца занадта кароткая, выраз занадта глыбокі, сьмех залішне часты і беспадстаўны, цікавасьць да іх сям'і ўвогуле непрыкметная.

Але ён быў непахісны. Ён кахаў Лізі, праз два гады, калі яму споўніцца дваццаць пяць, зьбіраўся пабрацца зь ёй шлюбам. І не жадаў чуць грэблівых слоў у яе адрэсу ў сваёй хаце. Яны паважалі яго пачуцьці. Часам Біл уяўляў, як пройдзе яго вясельле. Бацькі, вядома, усхвалююцца. Маці будзе цэльную вечнасьць тлумачыць аб капялюшыку, што зьбіраецца набыць, і, не выключана, купіць некалькі, перш як вылучыць патрэбны. Усе пачнуць безупынна абмяркоўваць убор Алівіі, штосьці сьціплае, але элегантнае. Бацька стане турбавацца аб часе шлюбу, спадзеючыся, што ў гэты час ён ня будзе заняты ў супэрмаркеце. Ён працаваў у гэтай краме зь юнацтва, заўсёды прымячаў найменшыя дробязі, ніколі не шукаў уласнай выгады і безупынна хваляваўся, як бы зьмена кіраўніцтва не прывяла да яго звальненьня. Часам Білу карцела ўзварухнуць яго, растлумачыць, што ён варты больш, як усе ягоныя калегі разам узятыя, і што ўсе выдатна разумеюць гэта. Але бацька, у свае пяцьдзесят, без адмысловай адукацыі, бяз спрыту, уласьціваму моладзі, ніколі ня даў бы яму веры. Бацька заўжды будзе трымцець за сваю працу ў супэрмаркеце і застанецца ўдзячны гаспадарам да канца сваіх дзён.

Сям'я Лізі на другім баку царквы заўжды паўставала ў марах Біла аб дні вясельля даволі смутна. Яна распавядала аб сваёй маці, якая жыла ў Вэст Корке, бо там ёй больш падабалася, і аб сваім бацьку, які атабарыўся ў Галуэйе, паколькі там жыло шмат яго прыяцеляў. У яе была сястра ў Штатах і брат, які працаваў на лыжным курорце і не зьяўляўся гадамі. У Біла ў галаве не зьмяшчалася, як усе яны сабяруцца разам.

Ён распавёў Лізі аб курсах. — Ты бы жадала займацца са мной? — з надзеяй спытаў ён.

— Гэта яшчэ навошта? — заразьлівы сьмех Лізі прымусіў яго разрагатацца разам зь ёй, хоць ён і не разумеў, над чым.

— Але ж сама разумееш, табе прыйдзецца мець зносіны з італьянцамі, калі мы паедзем туды.

— А яны што, не гавораць па-ангельскі?

— Некаторыя гавораць, але хіба не выдатна было бы размаўляць зь імі на іх уласнай мове?

— І што, мы будзем вучыцца гаварыць па-італьянскі ў такіх старых трушчобах, як Выгляд-На-Гару?

— Кажуць, цалкам прыстойная школа. — Ён адчуў жудасную крыўду за Гранію і яе бацьку.

— Усё магчыма, хоць па выглядзе і ня скажаш, але табе патрэбен куленепрабівальны пінжак, каб соўгацца па тым раёне.

— Гэта, вядома, ня самы лепшы раён, але яны проста бедныя, вось і ўсё.

— Бедныя, — выгукнула Лізі. — Мы ўсе бедныя, Божа ж ты мой, але ж мы не паводзім сябе, як яны.

Біла часьцяком бянтэжылі погляды Лізі. Як яна можа параўноўваць сябе зь сем'ямі, якія жывуць на дапаможнік і сацыяльныя сродкі? Большасьць дамачадцаў якіх ніколі не працавала? Справа ў яе наіўнасьці. І усё ж ня варта імкнуцца зьмяняць людзей, якіх вы кахаеце. Ён даўно гэта зразумеў.

— Добра, я ў любым выпадку зьбіраюся туды хадзіць, — сказаў ён. — Аўтобус спыняецца акурат побач школы, заняткі па аўторках і чацьвяргах.

Лізі круціла ў пальцах кветку. — Я бы пайшла з табой, Біл, але, шчыра кажучы, у мяне проста няма грошай. — Яна падняла на яго свае вялізныя вочы. Як было бы цудоўна паўтараць словы, вывучаць мову, седзячы побач зь ёй.

— Я заплачу за твае курсы, — паабяцаў Біл Бурк. Зараз яму сапраўды прыйдзецца ісьці ў іншы банк і браць пазыку.


У іншым банку да яго паставіліся вельмі дабразычліва. Яны і самі трапляюць ў такія сытуацыі, усім час ад часу прыходзіцца зычыць грошы. Усё можна ўлагодзіць без усялякай складанасьці.

— Маглі бы ўзяць і больш, — сказаў малады прыемны службоўца пасьля таго, як Біл выказаў сутнасьць справы.

— Ведаю, але ж потым трэба вяртаць … кожны месяц гэтулькі выдаткаў.

— Каму ты распавядаеш, — горача падхапіў хлопец. — А жахлівыя кошты на вопратку? Калі жадаеш купіць нешта прыстойнае, прыходзіцца выкладваць цэльнае багацьце.

Біл згадаў аб пільчаку, згадаў аб сваіх бацьках і аб Алівіі. Яму так карцела, каб улетку яны кудысьці зьезьдзілі. Ён узяў пазыку роўна ўдвая больш за тую суму, якую зьбіраўся заняць, выпраўляючыся ў банк.


Яе бацька быў абсалютна шчасьлівы, пазнаўшы, што яна знайшла яму двух новых жадаючых, распавяла Білу Гранія. Ужо набралася дваццаць два чалавекі. Справы ідуць някепска, і яшчэ застаецца тыдзень. Яны вырашылі пачаць заняткі першага сэмэстра, нават калі не зьбяруць трыццаць чалавек, каб не расчароўваць тых, хто запісаўся, і пазьбегнуць поўнага фіяска.

— Хтосьці яшчэ можа адмовіцца, — зазначыў Біл.

— Кажуць, звычайна больш за ўсё людзей адсеецца пасьля трэцяга ўроку, — растлумачыла Гранія. — Але давай спадзявацца на лепшае. Сёньня ўвечар паспрабую апрацаваць маю сяброўку Фіёну.

— Фіёну, якая працуе ў лякарні? — Біл адчуваў, што Гранія спрабуе ўсватаць яго. Яна заўсёды згадвала аб Фіёне ў самых цёплых выразах, прычым рыхтык у тых выпадках, калі Лізі рабіла нешта асабліва дурное альбо нязноснае.

— Ну так, ты ж ведаеш аб Фіёне, я заўжды распавядаю аб ёй. Яна наша з Брыджэт лепшая сяброўка. Мы заўсёды можам сказаць, што начавалі ў яе, калі нас там не было. Ты ж разумееш, што я маю на ўвазе.

— Я, вядома, разумею, што ты маеш на ўвазе, а як твае бацькі? — пацікавіўся Біл.

— Мае бацькі ня думаюць аб тым, вось як. Яны не зьвяртаюць на гэтыя рэчы ўвагі.

— І часта Фіёна мусіць пакрываць вас?

— Мяне — не, пасьля таго, як … ну, пасьля той ночы з Тоні, тысячу гадоў таму. Ці бачыш, літаральна на наступны дзень я выявіла, што ён здрадліва адабраў працу ў майго бацькі. Я распавядала табе?

Яна распавядала, і ня раз, але Біл быў вельмі добры. — Колькі я памятаю, ты казала, гэта быў цяжкі час.

— Горш не бывае, — разнэрвавалася Гранія. — Ведай я раней, я бы ня стала адкладаць размову на дзень, а даведайся пазьней, я, можа, ужо гэтулькі прывязалася да яго, што гэта нічога бы не зьмяніла. — Яна літаральна месца сабе не знаходзіла.

— Думаю, ты бы вярнулася да яго, калі б не баялася прыкончыць тым бацьку.

Гранія кінула на яго пранізьлівы погляд. Біл павінен быць тэлепатам, каб ведаць, як яна кідалася і варочалася ўсю мінулую ноч, абдумваючы магчымасьць вярнуцца да Тоні А’Брайна. Ён так цьвёрда пакінуў рашэньне тага пытаньня на яе меркаваньне, ён дасылае ёй такія падбадзёрваючыя паштоўкі. Немагчыма не рэагаваць на гэта. Але яна не магла прычыніць боль свайму бацьку. Ён так быў упэўнены ў тым, што атрымае пасаду Дырэктара; ён павінен быў адчуваць гэта значна горш, як паказваў. — Ведаеш, я думала аб тым, — павольна сказала Гранія. — І вырашыла трохі пачакаць, разумееш, пакуль у таты справы ня пойдуць лепей. Тады, магчыма, яму будзе лягчэй пагадніцца з гэтым.

— Лічыш, ён абмяркоўвае такія рэчы з тваёй маці?

Гранія пакруціла галавой. — Яны наогул амаль не размаўляюць. Мая маці цікавіцца адно сваёй рэстарацыяй і сустрэчамі зь сёстрамі. Тата амаль увесь час робіць сабе нешта накшталт кабінэта. Ён зараз вельмі самотны, і я не магу ўсьперці на яго новыя нягоды. Але, мабыць, калі з гэтым вечаровым клясам усё пойдзе добра і ўсе будуць яго ухваляць … тады я змагу паднесьці яму іншы амбарас. Калі, вядома, будзе што падносіць.

Біл захоплена паглядзеў на Гранію. Як і ён сам, яна была значна больш ўпэўненая у сабе, як яе бацькі, і гэтак жа як ён, не жадала хваляваць іх. — У нас так шмат агульнага, — нечакана мовіў ён. — Шкада, што мы не пакахалі адно аднаго.

— Я ведаю, Біл. — Уздых Граніі быў поўны цеплыні. — Ты вельмі сымпатычны хлопец, асабліва ў гэтым новым пільчаку. І у цябе цудоўныя бліскучыя каштанавыя валасы і ты малады, ты не памрэш, калі мне стукне сорак. Крыўдна, што мы ня здольны пакахаць адно аднаго, але я не магу, ніяк не магу.

— Ведаю, — хітнуў Біл. — Я таксама. Ну ці ня глупства?


Каб даць сям'і магчымасьць разьвеяцца, ён вырашыў зладзіць падабед на беразе мора. Яны селі ў лятучку пад назвай ДАХТ.

— Мы едзем не ДАХаТы, а да мора, — паўтарала Алівія людзям у лятучцы і яны ўсьміхаліся ёй. Усе скрозь ўсьміхаліся Алівіі, яна была такая непасрэдная. Яны тлумачылі ёй, што ДАХТ азначае Дублінскі Абласны Хуткасны Транзыт, але яна не зьвяртала ўвагі.

Спускацца ў гавань, каб разгледзець байды, ім давялося праз натоўп фатаграфуючых навакольлі турыстаў. Потым яны пад лёгкім паветрам прайшліся па галоўнай вуліцы мястэчка і зазірнулі ў крамы. Маці Біла сказала, што было б цудоўна жыць у месцы накшталт гэтага.

— У маладосьці нам карцела жыць у гэтай старонцы, — падхапіў бацька Біла. — Але ў тыя дні падавалася, што гэта занадта далёка, а лепшая праца была непадалёк ад горада, мы не маглі пераехаць сюды.

— Добра бы Біл калісьці, прасунуўшыся па службе, пасяліўся тут, — прапанавала маці, баючыся нават даць таму веры.

Біл паспрабаваў ўявіць сабе, як жыве у адной з гэтых старых хат альбо ў сучаснай кватэры разам зь Лізі. Ён будзе езьдзіць у Дублін на ДАХТе, а чым будзе займацца цэльнымі днямі яна? Ці знойдзе яна тут сабе сяброў, як знаходзіла заўсёды і скрозь? Ці будуць у іх дзеці? Лізі гаварыла аб адной дзяўчынцы і аб адным хлопчыку, і на гэтым ўсё. Але даўно. Зараз пры кожнай спробе абмеркаваць тую тэму яна адказвала значна больш нявызначана. — А калі б ты зацяжарала, — неяк уначы выказаў здагадку Біл. — Тады бы мы мусілі трохі паскорыць нашыя пляны.

— Лухта, Біл, сэрцайка маё, — адказала яна. — Мы б мусілі перакрэсьліць усе нашыя пляны.

І ўпершыню ён пабачыў нейкую жорсткасьць за яе ўсьмешкай. Але, вядома, не дадаў таму ўвагі. Біл ведаў, Лізі цалкам ня жорсткі чалавек. Яе, як любую жанчыну, палохае магчымасьць непрыемных і выпадковых здарэньняў зь яе целам. Няшчыра прырода ўладкавала. Жанчыны нават ня здольны пераадолець напружаньне, калі займаюцца каханьнем, ведаючы, што ў выніку можа здарыцца нешта нечаканае накшталт цяжарнасьці.

Алівія хутка стамлялася ад хады, маці ўсё роўна жадала наведаць царкву, таму Біл з бацькам адны падняліся да вуліцы Віка, элегантнай зьвілістай вулачцы, абгінаючай бухту, якую часта параўноўвалі з Нэапалітанскай Бухтай. У шматлікіх тутэйшых вуліц былі італьянскія назвы, напрыклад Віка альбо Саррэнта, і хаты тут зваліся Ля Скала, Мілан, Анкона. Людзі прывозілі з падарожжаў успамін аб далёкіх узьбярэжных выглядах. Да таго ж, як кажуць, тутэйшыя ўзгоркі нагадваюць італьянскае ўзьбярэжжа.

Біл і яго бацька разглядалі сады і хаты з захапленьнем, пазбаўленым зайздрасьці. Будзь тут Лізі, яна, магчыма, палічыла б няшчырым, што ў некаторых людзей ёсьць такія хаты, ды яшчэ з двума вялікімі машынамі, прыпаркаванымі поруч. Але Біл, які працаваў банкаўскім клеркам, і яго бацька, які, апрануўшы плястыкавыя пальчаткі, нарэзаў бэкон на тонкія скрылікі і пакаваў, узважваючы, у маленькія празрыстыя пакуначкі, цалкам маглі глядзець на чужую ўласнасьць не выпрабоўваючы жаданьня зрабіць яе сваёй.

Ярка зьзяла сонейка, іх вачам адчыняўся шырокі краявід. Мора мякка мігацела. Колькі яхт сьлізгалі па роўнядзі. Яны сядзелі на муру і бацька Біла пыхкаў трубкай.

— Усё выйшла так, як табе жадалася ў маладосьці? — спытаў Біл.

— Ня ўсё, вядома, але ў асноўным. — Бацька пусьціў колца дыму.

— Што напрыклад?

— Ну, я знайшоў такую добрую працу і ўтрымаўся на ёй нягледзячы ні на што. Хоць, будзь я зацятым спрачальнікам, я на гэта ні пэнса бы не паставіў. А потым я сустрэў тваю маці, і яна стала файнай жонкай, зрабіла нашу хату такой утульнай. А пасьля у нас зьявіліся Алівія і ты, і гэта было для нас вялізнай уцехай.

Біл выпрабаваў дзіўнае, блізкае да шоку, пачуцьцё. Яго бацька жыў у ілюзорным сьвеце. Усё гэта рабіла яго шчасьлівым? Ён захапляўся гэтым? Жонка, якая і яечню толкам падсмажыць ня ў стане — гэта ён заве ўтульнай хатай? Недаразьвітая дачка. Праца, для якой ім ніколі не знайсьці кагосьці больш кампэтэнтнага і добрасумленнага ...

— Тат, чаму я частка добрага ў тваім жыцьці? — спытаў Біл.

— Хадзем-ка, няма чаго напрошвацца на камплемэнты. — Бацька ўсьміхнуўся яму, нібы хлопец кпіў над ім.

— Не, я сур'ёзна, якая табе ад мяне ўцеха?

— Ды хто бы мог пажадаць лепшага сына? Пабач, сёньня ты нам зладзіў цэльнае падарожжа на свае, працай заробленыя грошы, ты зь лішкам даеш грошай на гаспадарку, так добра ставісься да сваёй сястры.

— Усе любяць Алівію.

— Так, але ты асабліва добры да яе. Мы з тваёй маці можам не турбавацца. Вядома, калі прыйдзе наш час выправіцца на Глазьневіньськія могілкі, ты падбаеш аб Алівіі. — Біл пачуў голас, у якім не адразу пазнаў свой уласны. — Ты ж ведаеш, Алівія заўсёды будзе дагледжана. Табе няма аб чым хвалявацца, хіба ж не?

— Безумоўна, ёсьць безьліч адмысловых ўстаноў, але мы не сумняваемся, ты ніколі не выправіш Алівію ў такое месца. — Пакуль яны сядзелі на сонейку над мігатлівым морам, падняўся сьвежы брыз, ён абвяваў іх і пранікаў нацянькі ў сэрца Біла Бурка. Ён усьвядоміў тое, аб чым ні разу не задумаўся за дваццаць тры гады свайго жыцьця. Зараз ён зразумеў, Алівія ягоная праблема, ня толькі іх. Калі яны зь Лізі праз два гады пажэняцца, калі ён паедзе зь Лізі жыць замежжа, калі зьявяцца на сьвет іх двое дзетак, Алівія будзе часткай іх сям'і.

Яго бацька і маці могуць пражыць яшчэ гадоў дваццаць. Алівіі тады будзе толькі сорак пяць, і розум яе па-ранейшаму будзе розумам дзіцяці. Холад працяў яго да касьцей.

— Хадзем, тат, маці тры разы прачытае малітву ў цэрквы, а потым яны будуць чакаць нас у пабе.

Яны сапраўды былі ўжо там. Буйны твар Алівіі празьзяў пры выглядзе брата.

— Гэта Біл, кіраўнік банка, — выгукнула яна і ўсе ў пабе заўсьміхаліся. Чаму бы ім не ўсьміхацца, бо не яны ж да сканчэньня жыцьця прыкаваныя да яе.


Біл зайшоў у Выгляд-На-Гару запісацца на курсы італьянскага. Зь цяжкім сэрцам усьвядоміў ён, як яму пашчасьціла, што бацька назапасіў грошай і адправіў яго ў школу значна менш і лепей. У школе Біла ўсё было на належным узроўні і бацькі ўносілі так званыя Добраахвотныя Ўнёскі, каб падтрымліваць стан, што і ня сьніўся ў Выгляд-На-Гару.

Ён зірнуў на аблупленую фарбу і выродлівую стойку для ровараў. Няшмат хто з хлопчыкаў, якія скончылі гэтую школу, здолеюць з той жа лёгкасьцю, як ён, уладкавацца ў банк. Альбо ён звычайны сноб? Магчыма, справы ідуць зусім інакш і гэта ўсё плён яго ўяўленьня. Трэба абмеркаваць з Граніей. Урэшце, яе бацька выкладае тут.

А вось зь Лізі ён ня змог бы аб тым размаўляць.

Надыходзячыя заняткі выклікалі ў Лізі жваваю цікавасьць. — Я ўсім распавядаю, што мы хутка загаворым па-італьянскі, — шчасьліва рагатала яна. Сваёй непасрэднасьцю яна нагадвала яму Алівію. Тая ж цнатлівая ўпэўненасьць ў тым, што досыць табе згадаць аб чымсьці, і гэта здараецца, і ўсё добра. Але хто бы мог параўнаць выдатную, легкадумную, яскрававокую Лізі зь беднай Алівіяй, яго затарможанай усьмешлівай сястрычкай, якая заўсёды будзе зь ім?

Адылі ў глыбіні душы Біл спадзяваўся, што Лізі раздумаецца наконт заняткаў. Як-ніяк, гэта захавае колькі фунтаў. Яго зрыньвала ў паніку думка аб тым, якая частка заробка сайдзе на пагашэньне пазыкі, і ці здолее ён хоць штосьці прынесьці дахаты напрыканцы месяца. Яго новы пільчак дастаўляў яму задавальненьне, але не да такой ступені. Як бы яму не давялося шкадаваць аб сваёй неразважнай экстравагантнасьці.

— Што за выдатны пільчак. Чыстая поўсьць? — пацікавілася жанчына за сталом. Старая, вядома, за пяцьдзесят. Але з цудоўнай усьмешкай. Яна памацала краёк яго рукава.

— Так, — адказаў Біл. — Лёгкая поўсьць, аднак даводзіцца плаціць за крой. Так мне вытлумачылі.

— Зразумела. Італьянскі, ці ня так? — У яе ірляндзкай вымове адчуваўся лёгкі акцэнт, нібы яна доўга жыла замежжам. Яна падалася яму цікавай. Яго будучая настаўніца? Білу казалі, у іх будзе весьці сапраўдная італьянка. Гэта што, яна?

— Вы настаўніца? — спытаў ён. Ён яшчэ не разьвітаўся з сваімі грашыма. Можа ня варта на гэтым тыдні ўносіць плату за Лізі і за сабе самога? Якое глупства — аддаваць грошы безвач.

— Так і ёсьць. Мяне клічуць Сыньёра. Я дваццаць шэсьць гадоў пражыла ў Італіі, у Сыцыліі і дагэтуль думаю і мару па-італьянскі. Спадзяюся, у мяне атрымаецца натхніць гэтым вас і ўсіх іншых, хто прыйдзе ў кляс.

Зараз біць адбой стала цяжэй. Нельга быць такім Спадарам Цудоўным Хлопцам. Шматлікія людзі з банка лёгка выйшлі бы з падобнага становішча. Біл з Граніей звалі іх акуламі.

Думка аб Граніі нагадала яму аб яе бацьку. — У вас набралася для кляса досыць чалавек? — спытаў ён. Раптам тут для яго знойдзецца шчыліна? Можа, ніякіх заняткаў і ня будзе.

Але твар Сыньёры сьвяціўся запалам. — Si, si, нам так пашанцавала. Людзі з самых розных месцаў пазнаюць аб нашым клясе. Дзе вы пазналі, сыньёр Бурк?

— У банку, — адказаў ён.

— У банку! — Радасьць Сыньёры была такая вялікая і шчырая, ён ня мог азмрочваць яе. — Толькі ўявіць, аб нас ведаюць у банку.

— Як вы лічыце, я здолею авалодаць банкаўскімі тэрмінамі? — яго вочы шукалі пацьверджаньня на яе твары.

— Менавіта якімі?

— Ну, тыя словы, што мы выкарыстоўваем падчас працы… — Біл ня мог выказацца больш пэўна, ён не ўяўляў, якія тэрміны спатрэбяцца яму аднойчы ў італьянскім банку.

— Вы можаце запісаць усе патрэбныя выразы, і я знайду іх для вас, — паабяцала Сыньёра. — Але, шчыра кажучы, курсы не нацэленыя на банкаўскую справу. Мы плянуем у цэлым больш увагі надаць мове і культуры Італіі. Хацелася б абудзіць у вас любоў да гэтай краіны, разуменьне таго, што прыехаўшы туды, вы апыняцеся дома, сярод сяброў.

— Выдатна, — адказаў Біл і працягнуў грошы за сябе і за Лізі.

— Martedi, — хітнула Сыньёра.

— Даруйце?

— Martedi, аўторак. Вось вы і пазналі першае слова.

— Martedi, — паўтарыў Біл і рушыў да аўтобуснага прыпынку. Ён адчуваў, такое ўкладаньне грошай нават лепш за яго файны, ваўняны, выдатнага крою пільчак.


— Што мне апрануць на заняткі? — спытала Лізі ўвечары у панядзелак. Адно Лізі магло такое трапіць ў галаву. Іншага бы чалавека цікавіла, ці трэба ўзяць з сабою сшыткі, слоўнікі, асадкі.

— Штосьці, здольнае нікога не адцягваць ад вучобы, — прапанаваў Біл.

Прывідная надзея і марная прапанова. Гардэроб Лізі не ўключаў рэчаў, што маглі б не адцягваць увагі. Нават зараз, напрыканцы лета, на ёй была кароценькая спаднічка, што дэманстравала доўгія загарэлыя ногі, шчыгульны топік і накінуты на плечы жакет.

— Але менавіта што?

Зразумела, пытаньне тычыцца ня стылю. Справа ў колеру. — Мне падабаецца чырвонае, — пакорліва адказаў ён.

Яе вочы зазьзялі. Нескладана даставіць Лізі задавальненьне. — Зараз паспрабуем, — прамармытала яна, выцягваючы з шафы чырвоную спадніцу і чырвоную зь белым блюзку. Яна выглядала цудоўна, сьвежая, юная, з бліскучымі залацістымі валасамі — нібы з рэклямы шампуню.

— А што, калі завязаць на валасы чырвоную стужку? — падавалася, яна хістаецца.

Біла захліснула хваля вялізнай адказнасьці. Ён сапраўды патрэбен Лізі. Яна безь яго загіне, хоць ён і падобны да савы, і сплачвае пазыкі з маніякальнай зацятасьцю.


— Сёньня ўвечары, — наступным днём паведаміў ён Граніі на працы.

— Толькі ты мне ўсё дакладна распавядзеш, добра? Ва ўсіх дробязях, — вельмі сур'ёзна запатрабавала Гранія. Ёй неабходна ведаць, як гэта абвінецца для яе бацькі, ці будзе ён выглядаць добра альбо ўвогуле жахліва.

Біл упэўніў яе, што раскажа шчыра, але выдатна ўсьведамляў, наколькі гэта малаверагодна. Нават калі ўсё апынецца горш няма куды, ён ня здолее прызнацца.


Калі яны ўвайшлі, Біл не пазнаў запыленую школьную прыбудову. Усё зьмянілася. Сьцены ўпрыгожвалі вялізныя плякаты, малюнкі Фантана Трэві, Калізэю і Мікэлянджэлаўскага Давыда, рэпрадукцыя Моны Лізы. Іх яркім фарбам падтаквалі вінаград і італьянскія талеркі. На пакрытых чырвонай, белай і зялёнай гафрыраванай паперай сталах чакалі зацягнутыя плёнкай папяровыя талеркі.

Падаецца, ежа сапраўдная, скрылікі салямі і сыра. Побач папяровыя кветкі, на кожным вялікі цэтлік з назвай. На гвазьдзіках garofani… Хтосьці прыклаў плойму сіл.

Білу карцела, каб усё гэта спрацавала. Дзеля дзіўнай жанчыны зь незвычайнымі рудавата-сівымі валасамі, якую клікалі проста Сыньёра, дзеля прыемнага мужчыны, якія трымаўся на заднім пляне, хутчэй за ўсёй, бацькі Граніі, дзеля ўсіх тых, хто сабраўся тут у няёмкім і нэрвовым чаканьні пачатку. Кожны з сваімі надзеямі і мроямі. Але, на першы погляд, нікога, хто зьбіраецца рабіць міжнародную банкаўскую кар'еру.

Сыньёра папляскала ў ладкі і назвалася. — Mi chiamo Signora. Come si chiama? — спытала яна чалавека, які, мусібыць, быў бацькам Граніі.

— Mi chiamo Aidan, — адказаў ён. І так, па крузе, увесь кляс.

Лізі спадабалася. — Mi chiamo Lizzie, — выгукнула яна, і ўсе з захапленьнем заўсьміхаліся, быццам яна зьдзейсьніла нешта надзвычайнае.

— Зараз паспрабуем зрабіць нашы імёны больш італьянскімі. Вы можаце казаць: “Mi chiamo Elizabetta.”

Гэта прыйшлося Лізі яшчэ больш па гусьце, яна бясконца паўтарала новы выраз.

Потым яны ўсе пісалі Mi chiamo і свае імёны на вялізных кавалках кардона і прышпільвалі іх. Навучыліся запытвацца адно у аднаго як справы, што за гадзіна, што за дзень, дзе жывуць.

Паказвалі на Біла: — Chi e?

— Guglielmo, — выкрыкваў увесь кляс.

Неўзабаве яны ведалі імёны кожнага на італьянскім. Кляс відавочна адчуў сябе вальней. Сыньёра раздала аркушы паперы. На іх былі ўсе фразы, якімі сёньня карысталіся. На чутку ўжо знаёмыя, але паспрабуй дакладна вымавіць іх, не паглядзеўшы спачатку, як яны пішуцца.

Яны зноў і зноў пыталі і адказвалі што за дзень, што за гадзіна, як вас клічуць. Твары паволі рабіліся амаль самаздаволенымі.

— Bene, — сказала Сыньёра. — У нас засталося дзесяць хвілін. — Гэта апынулася поўнай нечаканасьцю. Ну не маглі яшчэ мінуць дзьве гадзіны. — Вы ўсе добра папрацавалі, зараз невялічкі пачастунак. Але перш як зьесьці салямі, вымавім назву. Усе разам — formaggio.

Цалкам па-дзіцячаму трыццаць сталых людзей накінуліся на каўбасу і сыр, паўтараючы словы.

— Giovedi, — вымавіла Сыньёра пасьля.

— Giovedi, — хорам разьвіталіся ўсе. Біл пачаў складаць крэслы ў шэраг уздоўж сьцяны. Сыньёра зірнула на бацьку Граніі, як бы жадаючы даведацца, ці ўсё слушна. Той лагодна хітнуў. Астатнія прыняліся дапамагаць. Праз хвілю ў клясе панаваў парадак. Вартаўніку і прыбіраць ня прыйдзецца.

Біл зь Лізі накіраваліся да прыпынку аўтобуса.

— Ti amo, — нечакана вымавіла яна.

— Што гэта? — перапытаў ён.

— Ну, ты ж ў нас разумны, — заўсьміхалася Лізі. — Скем. Ti … як перакласьці?

— Бадай, гэта “ты”, — адказаў Біл.

— А “amo”?

— Кахаю?

— Гэта значыць я цябе кахаю!

— Адкуль ты ведаеш? — уразіўся ён.

— Я спытала яе перш як сысьці. Яна сказала, гэта два найпрыгажэйшых слова ў сьвеце.

— Так і ёсьць, так і ёсьць, — пацьвердзіў Біл.


— Гэта сапраўды было файна, — распавядаў Біл Граніі ў захліп наступным днём.

— Бацька, дзякуй Богу, вярнуўся дахаты бы на крылах, — радавалася Гранія.

— Яна сапраўды малайчына. Ведаеш, літаральна за пяць хвілін прымушае цябе адчуць, што ты здольны размаўляць па-італьянскі.

— Так табе ўжо трэба афармляцца ў італьянскае аддзяленьне, — падражніла яго Гранія.

— Нават Лізі спадабалася, яна сапраўды зацікавілася. У аўтобусе працягвала паўтараць сказы. Уяўляеш, да яе там усе далучыліся.

— Не сумняваюся, — адрэзала Гранія.

— Годзе, ня трэба так. Яна сапраўды так захапілася, як я і спадзявацца ня мог. Зараз заве сябе Элізабэт. — Біл ганарыўся.

— Ды ўжо трымаю заклад, яна так і робіць, — змрочна нахмурылася Гранія. — А яшчэ я гатовая біцца, што уроку на трэцім яна пачне хадзіць на вагары.


Так здарылася, што Гранія апынулася права. Але не з-за нястачы ў Лізі цікавасьці. З-за прыезду ў Дублін яе маці.

— Яна не была тут цэльную вечнасьць, я павінна сустрэць яе зь цягніка, — апраўдвалася яна перад Білам.

— Ці нельга сказаць ёй, што ты вернесься а палове на дзесятую? — угаворваў Біл. Варта сэньярыце Элізабэт прашвэндаць хоць адзіны урок, усё будзе скончана. Потым яна абвесьціць, што занадта адстала і ня ў стане нагнаць астатніх.

— Так няшчыра, Біл, яна не занадта часта наведвае Дублін. Я павінна быць там. — Ён прамаўчаў. — Божа літасьцівы, ты ж досыць клапоцісься аб сваёй маці, жывячы разам зь ёй, чаму я не магу сустрэць сваю на Хьюстанаўскай Станцыі? Тут і размаўляць няма аб чым.

Яе даводка разьбіла Біла. — Так, — пагадзіўся ён. — Няма аб чым.

— Біл, ты не дасі мне грошай на таксоўку? Мая маці гадзіцца езьдзіць аўтобусам.

— Чаму б тады ёй не заплаціць за таксі?

— Ну ня будзь такім прагным. Жмінда ты, скнара, сьнегу ў цябе ўзімку не дапрасіцца.

— Гэта няшчыра, Лізі. Гэта хлусьня і гэта няшчыра.

— Добра, — яна сьцепанула плячыма.

— Што значыць добра?

— Нічога асаблівага. Атрымлівай асалоду ад уроку, Сыньёры ад мяне прывітаньне.

— Вазьмі грошы на таксоўку.

— Не, такія міласьці мне не патрэбныя.

— Мне хочацца, каб ты з маці паехала на таксоўке, сапраўды хочацца. Ты ж будзеш пачувацца шчасьлівай, шчодрай, гасьціннай. Калі ласка, Лізі, вазьмі. Калі ласачка.

— Добра, калі ты настойваеш...

Ён пацалаваў яе ў лоб. — Гэтым разам я пабачуся з тваёй маці?

— Спадзяюся, што так, Біл. Ты ж ведаеш, мы і ў мінулы раз жадалі, але ў яе шмат сяброў. Яны адымаюць увесь яе час. Разумееш, у яе гэтулькі знаёмых.

Сам сабе Біл адзначыў, што ў маці Лізі безьліч знаёмых, але сярод іх нікога, хто здолеў бы сустрэць яе на чыгуначнай станцыі з машынай альбо таксі. Але ўслых нічога не сказаў.

— Dov’e la bella Elizabetta? — запытала Сыньёра.

— La bella Elizabetta e andata alla stazione, — пачуў Біл уласны голас. — La madre di Elizabetta arriva stasera.

Сыньёра была ўзрушаная. — Benissimo, Gugliemo. Bravo, bravo.

— Ну ты і завучка, гадзяня маленькае. Вузьлікі вяжаш, — прабурчэў дужы хлопец са злосным тварам і імем Луіджы на блакітным цэтліку. Насамрэч яго клікалі Лу.

— Мы бралі andato на мінулым тыдні, яно было ў сьпісе, а stasera у першы дзень. Усе тыя словы мы ведаем. Я ніякіх вузьлікаў не вяжу.

— Адчапіся, — Лу яшчэ больш спахмурнеў і далучыўся да кляса, выгукаўшага, што на гэтай piazza мноства гожых хат. — Для пачатку, пакладзем, хлусьня, — прамармытаў ён, разглядаючы праз шыбу школьны будынак, што нагадваў барак.

— Двор стане лепш, школу ўжо пачалі фарбаваць, — зазначыў Біл.

— А ты, мабыць, Чарлі-цудатворац? — чмыхнуў Лу. — Чаго не кранеш, усё ў раскошу ператвараецца.

Біла так і падмывала адказаць, што з цудамі ў яго жыцьці кепска, ён змушаны жыць у хаце, дзе ўсе залежаць ад яго, яго дзяўчына не кахае яго нават настолькі, каб пазнаёміць з сваёй маці, ён не ўяўляе сабе, як сплаціць у наступным месяцы пазыку.

Але, зразумела, нічога гэтага ён не сказаў, а падхапіў разам са ўсімі in questa piazza ci sono molti belli edifici. Яму карцела ведаць, дзе зараз Лізі і яе маці. Ён, без усялякіх на то падстаў, спадзяваўся, што Лізі не павяла маці ў шыкоўную страўню і не адплацілася чэкам. Ужо гэтым разам праблем з банкам не абмінуць.

Усе ўзялі ў рукі маленькія лустачкі хлеба, чымсьці пакрытыя зьверху. Сыньёра назвала іх crostini. — А як наконт віна? — спытаў хтосьці.

— Я думала прынесьці vino, vino rosso, vino bianco. Але ж вы разумееце, гэта школа, яны не дазваляюць аніякіх трункаў. Не жадаюць падаваць дзецям благі прыклад.

— Годзе парахнёй рассыпацца, позна ўжо, — умяшаўся Лу.

Біл зь цікавасьцю паглядзеў на яго. Немагчыма зразумець, навошта такі чалавек вывучае італьянскі. Хоць наогул цяжка ўявіць, чаму тут любы зь іх. Ён не сумняваўся, шмат хто зьдзіўляецца наконт Лізі. Нікому не зразумець, чаму Лу, зараз пераўтвораны ў Луіджы, два вечары ў тыдзень губляе на тое, чым відавочна пагарджае, гледзячы на ўсіх зь непрыкрытым раздражненьнем. Прыйдзецца разглядаць гэта, як частку складанага ўзору быцьця, вырашыў Біл.

Адна з папяровых кветачак зламалася і ляжала на падлозе.

— Магу я ўзяць яе, Сыньёра? — спытаў Біл.

— Certo, Gugliemo, гэта для la bellissima Elizabetta?

— Не, для маёй сястры.

— Mia sorella, mia sorella, мая сястра, — усьміхнулася Сыньёра. — Вы добры, вельмі добры чалавек, Гугліема.

— Магчыма, але якая з таго карысьць? — пытаў сябе Біл па дарозе да аўтобуснага прыпынку.

Алівія чакала яго ля дзьвярэй. — Скажы па-італьянскі, — крыкнула яна.

— Ciao, sorella, — павітаўся ён. — Вось garofano. Адмыслова табе прынёс.

Ад выраза задавальненьня на яе твары ён адчуў сябе яшчэ горш, як раней, хоць і тады было моташна.


На гэтым тыдні Біл браў на працу лусьцікі. Нават буфэт апынуўся яму не па кішэні.

— У цябе ўсё добра? — спагадліва пацікавілася Гранія. — Выглядаеш стомленым.

— Вядома, мы, лінгвісты-міжнароднікі, напружана займаемся, — адказаў ён са слабай усьмешкай.

Гранія зірнула на яго, быццам зьбіралася спытаць пра Лізі, але раздумалася. Лізі. Дзе яна сёньня? Можа, зь сябрамі маці, на кактэйлю ў якой вялізнай рэстарацыі альбо дзесьці у Тэмпл Бары выведваюць новае мястэчка, аб якім яна, зіхаця вачыма, будзе яму распавядаць. Лепей бы яна патэлефанавала, пагаварыла зь ім, распытала аб учорашнім занятку. Ён бы прыгадаў, як безь яе нудзіліся і звалі прыгажуняй. І які сказ ён збудаваў, паведамляючы, што яна выправілася на станцыю сустракаць сваю маці. Яна бы распавяла, чым займалася. Чаму тэлефон маўчыць?

Дзень падаваўся доўгім і сумным. Пасьля працы ён занепакоіўся. Ніколі не здаралася, каб за цэльны дзень яна ні разу не патэлефанавала. Зьезьдзіць да яе? Але калі маці ў яе, Лізі можа не ўхваліць уварваньне. Яна абяцала пазнаёміць іх. Ня варта фарсіраваць падзеі.

Гранія таксама затрымалася на працы. — Чакаеш Лізі? — спытала яна

— Не, яе маці ў горадзе, яна, пэўна, занятая. Разважаю, чым заняцца.

— Я таксама мяркую, чым заняцца. Прышпільна працаваць у банку, так? Напрыканцы дню ты ўжо гатовы зомбі, нават няма сіл сьцяміць, што рабіць. — Гранія засьмяялася над уласнай заўвагай.

— Ты, Гранія, заўсёды сьпяшаесься. То туды, то сюды, — з зайздрасьцю адзначыў ён.

— Ну, ня сёньня. Не жадаю ісьці дахаты. Маці зьбіраецца на працу, у рэстарацыю, бацька зачыніўся ў кабінэце, а Брыджэт зараз нібы драпежны зьвер, яна зноў вагу набрала. Брыкае шалі, дзяўбе, што ўся хата прасмуродзіла смажаным, кожны вечар па пяць гадзін кажа аб ежы. Мо глуздам зрушыцца, яе слухаючы.

— У яе гэта сапраўды так сур'ёзна? — Да чужых нягод Біл заўсёды ставіўся з увагай і цікавасьцю.

— Нават ня ведаю. Для мяне яна заўжды выглядае аднолькава, можа трохі занадта ўкормленая, затое сымпатычная. Калі яна распускае валасы і ўсьміхаецца, яна лепей за ўсіх. Але маркотнае ныцьцё аб фунце тут, кіляграме там, аб зламанай маланцы альбо лопнутых лясінах — гэта сканчэньне сьвету. Пане Ісусе, яна любога з розуму зьвядзе. Кажу табе, я не зьбіраюся зараз дахаты, выслухваць гэта.

Пасьля некаторага маўчаньня Біл памкнуўся ўжо паклікаць яе выпіць, але згадаў аб сваіх фінансах. Важкі чыньнік, каб адправіцца дахаты і не марнаваць аніводнага пэні.

У гэты момант Гранія прапанавала: — Чаму б нам не пайсьці ў кіно ды на чыпсы? Я частую.

— Не магу, Гранія.

— Яшчэ як можаш. Я твая даўжніца. Ты ж пайшоў на курсы, зрабіў гэта для мяне. — Яе словы гучалі слушна.

Яны вылучылі сэанс, праглядзеўшы вячэрнюю газэту і лагодна паспрачаўшыся аб тым, які фільм варта паглядзець, а які поўная лухта. Як было бы лёгка ўвесь час мець зносіны з такім чалавекам, зноў падумаў Біл. Ён не сумняваўся, Гранія думае таксама. Але чаму не бываць, таму не бываць. Яна і далей будзе кахаць тага непрыдатнага ёй немаладога дзядзьку і рыхтавацца да праблем, што абрынуцца на яе галаву, калі аб усім пазнае тата. Ён па-ранейшаму застанецца зь Лізі, якая катуе яму сэрца з раніцы да вечара і зь вечару да раніцы. Зь людзьмі такое здараецца.

Калі ён вярнуўся дахаты, у маці быў занепакоены твар. — Лізі прыходзіла, прасіла цябе прыехаць да яе, калі б ты ні вярнуўся.

— Нешта кепска? — спалохаўся Біл. Цалкам не падобна на Лізі прыйсьці да яго дахаты. Нават на свой адзіны афіцыйны візыт яна вырашылася пасьля доўгіх ваганьняў.

— Па дзеля мяне, усё кепска. Яна дзеўчына з праблемамі.

— Яна захварэла? Штосьці здарылася?

— Кажу табе, праблемы ў ёй самой, — паўтарыла маці.

Ён зразумеў, што не даможацца нічога, акрамя крытыкі ў адрэсу Лізі і пасьпяшаўся на вуліцу, лавіць аўтобус у зваротным кірунку.

Гэтай цёплай верасьнёвай ноччу яна сядзела поруч будынка, у якім зьмяшчалася яе аднапакаёвая кватэрка. Сядзела на вялікіх каменных прыступках, што вялі да ўвахода, абхапіўшы калены і хістаючыся ўзад наперад. Да яго палягчэньню яна ня плакала і не падавалася засмучанай альбо ўзбуранай.

— Дзе ты быў? — патрабавальна спытала яна.

— Дзе ты была? — у адказ запытаў Біл. — Ты ж сказала, каб я не тэлефанаваў і не зьяўляўся бяз попыту.

— Я была тут.

— Так, ну а мяне тут не было.

— Куды ты хадзіў?

— У кіно.

— А я лічыла, у нас няма грошай і мы і падумаць ня можам заняцца чымсьці нармалёвым, напрыклад, у кіно схадзіць.

— Я не плаціў. Гранія Данн запрасіла мяне.

— Ах, няўжо?

— Так. Што блага, Лізі?

— Усё.

— Чаму ты прыходзіла да мяне?

— Жадала ўбачыць цябе, каб ўсё ўладкаваць.

— Ну, табе цалкам атрымалася да сьмерці напалохаць маю маці і мяне. Чаму ты не патэлефанавала мне на працу?

— Я не вырашалася.

— Твая маці прыехала?

— Так, прыехала.

— І ты яе сустрэла?

— Так, — яе голас быў ніякі.

— І ўзяла таксоўку?

— Так.

— Дык што кепска?

— Яна сьмяялася над маёй кватэрай.

— Ну, Лізі, годзе. Ты ж не прыцягнула мяне сюды сярод ночы, каб распавесьці гэта? Ці не?

— Вядома, — засьмяялася яна.

— Гэта яе звычка, гэта твая звычка … людзі накшталт цябе і тваёй маці ўвесь час сьмяюцца, ты сама так робіш.

— Не, іншым сьмехам.

— Ну добра, якім жа?

— Яна проста назвала ўсё фацэтным, і спытала, ці можа яна зараз сысьці, раз яна ўсё паглядзела. Абвясьціла, што я не павінна была адпускаць таксоўку і мардаваць яе ў гэтым бярлогу, вось як.

Біл пахмурнеў. Лізі відавочна вельмі засмучаная. Аб чым думала яе маці? Яна ж амаль ня бачыцца з дачкой, няўжо нельга было трымацца ласкава тыя колькі гадзін, што яна правяла ў Дубліне?

— Я разумею, разумею, — паспрабаваў ён суцешыць яе. — Але людзі заўсёды гавораць недапушчальныя рэчы і не заўсёды здольныя гэта ўсьвядомяць. Добра, ня трэба турбавацца з-за дробязяў, хадзем наверх. Гэй, пайшлі.

— Не, мы ня можам.

Ёй мусібыць жадалася, каб яе яшчэ трохі паўпрошвалі.

— Лізі, у банку людзі цэльны дзень, пачынаючы з а дзевятай раніцы, гавораць мне шкодныя рэчы проста таму, што іх хтосьці знэрваваў. Уся штука у тым, каб не дазваляць ім тое рабіць. А потым, калі я прыходжу дахаты, мая маці кажа мне, што скончыўся кансэрваваны соўс для замарожанага кураня, бацька тлумачыць, што ў мяне ёсьць усе шанцы, якіх сам ён быў пазбаўлены у маладосьці, Алівія распавядае кожнаму, хто згаджаецца яе паслухаць, што я ўзначальваю банк. І часам гэта ня вельмі лёгка вытрываць, але прыходзіцца проста мірыцца з гэтым, вось і ўсё.

— Табе, але ня мне. — Яе голас зноў стаў нейкім нежывым.

— Значыць, вы пасварыліся. Так? Гэта ўладкуецца, сямейныя сваркі заўсёды ўладкоўваюцца. Шчыра кажу, Лізі.

— Не, мы ня проста пасварыліся.

— Так?

— Я прыгатавала для яе вячэру. Гэта былі курыныя пячонкі і пляшачка Шэрры, і яшчэ я зрабіла рыс. Я паказала ёй ежу і яна зноў засьмяялася.

— Ну добра, я ж кажу …

— Яна не зьбіралася заставацца, Біл, нават павячэраць. Сказала, што пагадзілася зайсьці на кухню, каб не хваляваць мяне. Што ёй трэба ў нейкую мастацкую галерэю, на нейкае адкрыцьцё, нейкай выставы. Маўляў, яна спазьняецца. І паспрабавала адштурхнуць мяне.

— Мм … так …? — Білу ўсё гэта не падабалася.

— Увогуле, я больш не магла трываць.

— І што ты зрабіла, Лізі? — Яму ня верылася, што ён прымудраецца захоўваць спакой.

— Я замкнула дзьверы і кінула ключ у акенца.

— Што ты?

— Я сказала, што зараз ёй прыйдзецца застацца, пасядзець і паразмаўляць з сваёй дачкой. Сказала, што зараз яна ня зможа выйсьці, уцячы адгэтуль, як яна заўсёды, усё сваё жыцьцё ўцякала ад нас, ад таты і ад усіх нас.

— І што яна зрабіла?

— У, яна жудасна раззлавала, екатала, латашыла ў дзьверы, паўтарала, што я дурніца, уся ў бацьку, ну ведаеш, як звычайна.

— Не, ня ведаю. І што далей?

— А ты як лічыш?

— Дык што здарылася потым?

— Ну, яна распранулася і павячэрала.

— Усё яшчэ зь лямантам?

— Не, толькі турбавалася, што ў хаце будзе пажар і мы згарым дашчэнту. Яна ўвесь час гэта дзяўбла, згарым дашчэнту.

Розум Біла працаваў павольна, але упэўнена. — Ты павінна неадкладна выпусьціць яе.

— Не. Немагчыма.

— Але яна дагэтуль тут?

— Так, яна тут.

— Ты, Лізі, ня здольная быць сур'ёзнай.

Яна колькі разоў кіўнула. — Баюся, ты маеш рацыю.

— Як ты выбралася?

— Праз вакно. Пакуль яна была ў прыбіральні.

— Яна спачывала?

— Спачывала, спачывала. Я спала ў фатэлі. У яе быў цэльны ложак. — Лізі відавочна абаранялася.

— Дай-ка разабрацца. Яна прыехала ўчора, у аўторак, а сёмай гадзіне, а зараз серада, адзінаццаць гадзін увечары, і яна ўсё тут, зачыненая супраць сваёй волі?

— Так.

— Але Божа магутны, чаму?

— Таму што толькі так я магла пагаварыць зь ёй. У яе ніколі не ставала часу для гутарак са мной. Ніколі, ні разу.

— І што, размаўляла яна з табой? Я маю на ўвазе, зараз, пад замком?

— Не, гутаркай гэта не назавеш, яна проста імкнулася сысьці і паўтарала, што я недарэчная, неўраўнаважаная і ўсё такое іншае.

— Не магу ў гэта паверыць, Лізі, не магу. Яна прабыла тут ня толькі ўсю ноч, але і ўвесь дзень, і ўвесь вечар?

— Што яшчэ мне было рабіць? У яе ніколі няма ні хвілі, заўжды пасьпех … кудысьці зьбегчы, з кімсьці сустрэцца.

— Але ж немагчыма так паступаць. Нельга замыкаць чалавека і чакаць, што ён будзе з табой гутарыць.

— Разумею, я не павінна была так рабіць. Паслухай, можа ты пойдзеш і паразмаўляеш зь ёй? Яна падаецца не занадта разважлівай…

— Мне размаўляць зь ёй? Мне?

— Ну, ты ж казаў, што жадаеш сустрэцца зь ёй, Біл. Ты колькі разоў пытаў.

Ён зірнуў у прыгожы заклапочаны твар сваёй каханай. Вядома, ён жадаў сустрэцца з будучай цёшчай. Але ж не тады, калі яна сілом зачыненая ў кватэры. Не тады, калі яна выкрадзеная на трыццаць гадзін і гатовая выклікаць паліцыю. Такая сустрэча патрабавала дыпляматыі, аб якой Біл Бурк ня меў ні найменшага паданьня.

Ён паспрабаваў уявіць, як бы адолелі аналягічную сытуацыю героі яго ўлюбёных кніг, і з пэўнасьцю зразумеў, што ніхто і ніколі не паставіў бы іх у такое становішча.

Яны падняліся па лесьвіцы да кватэры Лізі. Адтуль ня чулася ні гука.

— Яна сысьці не магла? — прашаптаў Біл.

— Не, там нешта накшталт засаўкі пад вакном. Яна бы яго адчыніць ня здолела.

— А можа яна шкло разьбіла?

— Не, ты ня ведаеш маю маці.

З гэтым не паспрачаесься, падумаў Біл. Але зараз яму давядзецца зь ёй пазнаёміцца. Пры вельмі дзіўным зьбегу акалічнасьцяў. — Яна ня будзе буяніць, ня кінецца на мяне?

— Не, вядома не. — Ягоны спуд выклікаў у Лізі пагарду.

— Добра, пагавары зь ёй, усё такое, распавядзі, хто я.

— Не, на мяне яна злуе, а вось да кагосьці іншага паставіцца больш ветліва. — Вочы ў Лізі пашырэлі ад жаху.

Біл выпрастаў плечы. — М-м, спадарыня Даффі, мяне клічуць Біл Бурк, я працую ў банку. — Ніякай рэакцыі. — Спадарыня Даффі, з вамі ўсё добра? Магу я пераканацца, што вы не нэрвуецеся і няблага сябе пачуваеце?

— Як я магу не нэрвавацца альбо добра сябе адчуваць? Мая ўласная бязглуздая дачка замкнула мяне тут, і ёй прыйдзецца шкадаваць аб тым кожны дзень, кожную гадзіну з гэтага самага моманту і да сканчэньня яе жыцьця. — Голас гучаў злосна, але цьвёрда.

— Добра, спадарыня Даффі, калі вы трохі адыдзеце ад дзьвярэй, я ўвайду і ўсё вам растлумачу.

— Вы сябар Элізабэт?

— Так, вельмі добры сябар.

— Тады вы таксама шаленец, — вымавіў голас.

Лізі падняла вочы. — Бачыш, што я мела на ўвазе, — прашаптала яна.

— Спадарыня Даффі, мне падаецца, нам будзе больш зручна абмяркоўваць гэта твар да твару. Я зараз увайду, пасуньцеся, калі ласка, ледзь у бок.

— Вы ня ўвойдзеце. Я прыпхнула фатэля да дзьвярэй, на выпадак, калі ёй стрэльне прывесьці сюды іншых наркаманаў альбо бандытаў накшталт вас. Я застануся тут, пакуль хтосьці ня прыйдзе выратаваць мяне.

— Дык я і прыйшоў выратаваць вас, — з роспаччу ўпэўніў яе Біл.

— Калі жадаеце, можаце пакруціць ключ, вы ўсё роўна ня ўвойдзеце.

Так і апынулася. Яна сапраўды забарыкадавалася.

— У вакно? — запытаў ён у Лізі.

— Туды ня вельмі лёгка забрацца, але я табе пакажу.

Біл выглядаў занепакоеным. — Я думаў, ты палезеш у вакно.

— Я не магу, Біл, ты ж чуў. Яна як разьлютаваны бык. Яна мяне забье.

— Добра, няхай нават я туды забяруся. Што яна зробіць са мной? Яна ж лічыць, я наркаман.

У Лізі задрыжалі вусны. — Ты абяцаў мне дапамагчы, — голас у яе быў, як у маленькай.

— Пакажы вакно. — Зь некаторай напругай ён ускараскаўся на гзымс і адшукаў засаўку, што Лізі ўмацавала ў верх рамы. Біл выцягнуў яе, расхінуў вакно, адшмаргнуў фіранку. Бляндынка гадоў сарака, з выпацканым тушам тварам, убачыла яго ў той самы момант, калі ён саскочыў на падлогу, і рынулася на яго са стабурком у руках.

— Трымайся ад мяне далей! Прыбірайся прэч, пачвара, — крычала яна.

— Матуля, матуля, — екатала Лізі пад дзьвярыма.

— Спадарыня Даффі, калі ласка, калі ласка. — Біл схапіў патэльню, каб абараніцца. — Спадарыня Даффі, я прыйшоў вывесьці вас адгэтуль. Зірніце, вось ключ. Калі ласка, калі ласка, пакіньце стабурок.

Падаецца, ён сапраўды працягвае ёй ключ; яе вочы памякчэлі. Яна адсунула стабурок і насьцярожана зірнула на яго.

— Дазвольце мне адчыніць дзьверы, Лізі увойдзе і мы зможам усё паволі абмеркаваць, — сказаў ён, рухаючыся да ўвахода.

Але маці Лізі зноў схапілася за кухенны стабурок. — А ну прэч ад дзьвярэй. Хто ведае, якая хеўра там стаілася? Я казала Лізі, у мяне няма грошай, няма крэдытных картак … бессэнсоўна выкрадаць мяне. Ніхто ня стане плаціць выкуп. Вы сапраўды вылучылі ня тую жанчыну. — Яе вусны дрыжалі; яна так нагадвала сваю дачку, што Біла захлынула знаёмае жаданьне абараняць.

— Знадворку толькі Лізі, ніякай хеўры. Усё гэта непаразуменьне. — Яго голас гучаў заспакаяльна.

— Так я і дала веры. Гэтая вар'ятка замыкае мяне тут учора ўначы, пасьля ўцякае і пакідае у поўнай адзіноце, меркаваць, што там за дзьвярыма, потым вы залазіце ў вакно і накіроўваецеся да мяне з патэльняй.

— Не-не, я проста схапіў яе, калі вы кінуліся на мяне са стабурком. Глядзіце, зараз я пакіну яе на стале. — Голас Біла зрабіў вялізны ўплыў. Падавалася, кабета гатовая пагаварыць разумна. Яна паставіла чырвоны кухенны стабурок і села на яго, спустошаная, спалоханая, разгубленая.

Біл уздыхнуў вальней. Ён вырашыў не прысьпешваць падзеі і ня ўводзіць пакуль ніякіх новых элемэнтаў накшталт адчыненьня дзьвярэй. Яны асьцярожна разглядалі адно аднаго.

Неўзабаве знадворку раздаўся екат. — Матуля? Біл? Што здарылася? Чаму вы не гаворыце, не крычыце?

— Мы адпачываем, — адгукнуўся Біл. Ён ня быў упэўнены ў слушнасьці свайго тлумачэньня. Але Лізі яно задаволіла. — Добра, — піснула яна па-за дзьверы.

— Яна наркаманка? — спытала яе маці.

— Не. Божухна, не, увогуле не.

— Добра, тады што ўсё гэта значыць? Усе гэтыя замыканьні, лямант аб тым, што яна жадае паразмаўляць са мной, а потым ніякіх асэнсаваных гутарак.

— Думаю, яна нудзіцца бяз вас, — ціха вымавіў Біл.

— Зараз ёй прыйдзецца нудзіцца безь мяне значна больш, — заявіла спадарыня Даффі.

Біл разглядаў яе, спрабуючы зразумець. Яна выглядала маладзенькай і хударлявай, падавалася, гэтая жанчына і яго маці прыналежаць да розных пакаленьняў. Яе сукенка спадала мяккімі зморшчынамі, чымсьці нагадвая ўсходні строй, каўнер упрыгожвалі шкляныя пацеркі. Нешта тага кшталту можна пабачыць на фатаздымках пачатку стагодзьдзя, толькі бракуе адчыненых пантофляў і доўгіх струменістых валасоў. Яе кудзеркі, падобныя да Лізіных, месцамі паблісквалі сівізной. Калі не лічыць заплаканага твару, яна цалкам магла выпраўляцца на вечарыну. Куды, вядома, і зьбіралася, калі патрапіла ў палон.

— Падаецца, яе засмучае, што вы трохі аддаляецеся, — мовіў Біл. Фігура ва ўсходнім шляфроку чмыхнула. — Ну, разумееце, вы так далёка жывяце і ўсё такое.

— Ня так ужо і далёка, скажу я вам. Усё, аб чым я прасіла гэтую дзяўчынку, прыехаць і сустрэцца са мной, на хуткую выпіць якісь кактэйльчык. Замест тага яна зьявілася на станцыю на таксоўцы і прыцягнула мяне сюды. Я сказала добра, толькі на хвіліначку, бо мы павінны ісьці да Чэстэра, на адкрыцьцё … Чэстэр паняцьця ня мае дзе я зараз, ён турбавацца будзе.

— Хто такі Чэстэр?

— Сябар, дзеля Бога, сябар. Адзін з тых, хто жыве непадалёк ад таго месца, дзе жыву я. Ён мастак. Мы ўсе прыехалі. Ніхто ня будзе ведаць, што са мной здарылася.

— Можа, яны здагадаюцца шукаць вас тут — у хаце вашай дачкі?

— Не, вядома не, навошта?

— Яны ведаюць, што ў вас у Дубліне дачка?

— Так, можа і ведаюць. Яны ў курсе, што ў мяне трое дзяцей, але я не гуду ім аб тым кожную хвілю, яны цалкам могуць і ня памятаць, дзе Элізабэт жыве і ўсё такое.

— Але іншыя вашы сябры, вашы сапраўдныя сябры?

— Яны і ёсьць мае сапраўдныя сябры, — адгыркнулася яна.

— Вы там у парадку? — паклікала Лізі.

— Пачакай трохі, Лізі, — адгукнуўся Біл.

— Божачка, ты яшчэ за гэта заплаціш, Элізабэт, — схамянулася яе маці.

— Дзе яны спыніліся — вашыя сябры?

— Ня ведаю я, вось у чым уся чортава складанасьць, мы дамовіліся, што ўбачымся, калі прыедзем, на адкрыцьці, і калі Гары будзе там, усе зможам выправіцца да яго. Гары жыве ў здаравеннай адрыне, мы там ужо аднойчы спыняліся. Альбо, калі ня выйдзе, Чэстэр нібы ведае нейкую маленькую цудоўную гасьцінічку са сьняданкамі амаль задарма.

— Лічыце, Чэстэр выкліча паліцыю?

— Дзеля ўсяго сьвятога, зь якой нагоды?

— Даведацца, што з вамі здарылася.

— Паліцыю?

— Ну так, калі ён будзе чакаць вас, а вы ня зьявіцеся.

— Ён вырашыць, я проста зьліняла з кімсьці з выставы. Ён нават можа падумаць, што я наогул не патурбавалася прыехаць. Менавіта гэта мяне і разьюшвае.

У Біла вырваўся ўздых палягчэньня. Маці Лізі зьменлівая і нясталая. Ніхто не пачне біць трывогу і шукаць яе. Ня будуць курсаваць паліцэйскія машыны ў пошуках бляндынкі ва ўсходнім шляфроку. Лізі не правядзе рэшту ночы ў камэры ў паліцыянтскім участку.

— Як лічыце, можа ўпусьцім яе? — Ён намагаўся надаць гэтаму такі выгляд, нібы яны разам прымаюць рашэньне.

— Яна будзе працягваць усё гэтае глупства аб адсутнасьці гутарак, адносін, аб уцяканьні ў прочкі?

— Не, абяцаю, ня будзе. Дайце мне веры.

— Надзвычай добра. Але не чакайце, што я буду ўся зьзяць і прамянець пасьля штукарств, што яна адпаліла.

— Не, вы маеце поўнае права абурацца. — Ён павёў яе зварот, у пярэдні пакой. Там, у цёмным калідоры за дзьвярыма, Лізі курчылася ад жаху. — Ах, Лізі, — вымавіў Біл тонам, якім сустракаюць нечаканых, але жаданых госьцяў. — Уваходзь, што ж ты. Можа, зробіш нам па філіжанцы гарбаты?

Лізі пасьпяшалася за ім на кухню, імкнучыся не глядзець маці у вочы.

— Дачакаесься, твой бацька пазнае аб гэнтых выкрунтасах, — прыстрашыла яе маці.

— Спадарыня Даффі, вам да гарбаты малако, цукар? — перапыніў яе Біл.

— Нічога, дзякуй.

— Для спадарыні Даффі чорны, — Біл быццам аддаваў загад абслуговаму пэрсаналу. Ён прайшоўся па маленечкай кватэрцы, прыбіраючы рэчы, выпростваючы капу на пасьцелі, паднімаючы з полу розную дробязь. Неўзабаве разнашэрсная сямейка амаль мірна папівала гарбату зь вялікіх філіжанак.

— Я набыла бісквітаў, — ганарліва адзначыла Лізі, дастаючы шыкоўную манерку.

— Яны ж каштуюць цэльны скарб, — у Біла вочы палезьлі на лоб.

— Мне карцела чагосьці такога да матулінага візыту.

— Я ніколі не казала, што зьбіраюся да цябе зь візытам, гэта суздром твая прыдумка. І печыва яшчэ выдумала.

— Ну, яно ж ў манерцы, — усьміхнуўся Біл. — Можа доўга захоўвацца.

— У вас што, з галавой кепска? — нечакана накінулася на Біла маці Лізі.

— Ані. Чаму вы пытаецеся?

— Казаць аб бісквітах у такі момант. Я думала, вы цяміце, што робіце.

— А што, лепей было бы рыдаць і казаць аб адносінах, аб тым, хто ў кім патрабуецца і аб іншых рэчах, аб якіх вы не жадаеце размаўляць? — Такія кпіны абразілі Біла.

— Ну ўжо не, нават пытаць мяне аб тым — глупства. Вы такі ж псіх, як яна. Проста вар’ятня нейкая.

Яна стрэльнула вачыма на дзьверы, і ён зазначыў там яе торбу на доўгай ручцы. Яна жадае зьбегчы? Ці ня лепш ёй так і зрабіць? А можа, яны ўжо зашлі так далёка, што лепей давесьці справу да канца? Даць Лізі магчымасьць выказаць маці усе абразы, даць яе маці магчымасьць прыняць усё гэта альбо ўсё адмовіць. Яго бацька заўсёды кажа, што лепш пачакаць і паглядзець. Білу тое заўжды падавалася благой філязофіяй. Чаго чакаць? На што глядзець? Але бацька быццам задаволены канчатковым вынікам, дык, магчыма, у тым ёсьць нейкая рацыя.

Лізі хрумстала печывам. — Дзівосна, — пракурняўкала яна. — А масла як шмат, самі паспрабуйце. — Яна вабіла да сабе, нібы дзіця. Як яе маці можа тага не заўважаць?

Біл перавёў погляд з адной на іншую. Ён спадзяваўся, яму не здалося, твар яе маці быццам трохі зьмякчэў.

— Самотнай жанчыне, Лізі, даволі цяжка жыць, — пачала яна.

— Але ты ж не самотная, матуля, ты можаш быць са ўсімі намі, з татам, і са мной, і з Джонам, і з Кейт.

— Не магу я мадзець у хацінцы накшталт гэтай, соўгацца цэльны дзень у чатырох сьценах, чакаючы, пакуль муж зьявіцца дахаты з заробкам. Да таго ж твой бацька часьцяком нёс заробак не дахаты, а на іпадром. Ён і ў Галуэйе дагэтуль таксама робіць.

— Ня варта табе было зьяжджаць.

— Мне трэ было зьехаць, інакш я б кагосьці забіла, яго, цябе, сябе. Часам бясьпечней зьехаць, глынуць хоць глыточак сьвежага паветру.

— Калі вы зьехалі? — нязмушана пацікавіўся Біл, быццам час у трамваі спытаў.

— А то ты ня ведаеш, ня чуў ва ўсіх падрабязнасьцях пра зласьлівую вядзьмарку, якая зьбегла, кінуўшы ўсіх?

— Не, ня ведаю, на самай справе. Я наогул да гэтага моманту ня ведаў, што вы зьбеглі. Я думаў, вы і спадар Даффі разьвіталіся па-сяброўскі, калі дзеці вырасьлі і разьляцеліся. Так у шматлікіх сем'ях бывае.

— Што ты маеш на ўвазе? Што ў сем'ях бывае? — Маці Лізі глядзела на яго падазрона.

— Ну, разумееце, я жыву разам з маці, бацькам і зь сястрой, якая ня вельмі здаровая. І, шчыра кажучы, ня вельмі ўяўляю, як гэта ня быць зь імі альбо паблізу ад іх. Таму я заўсёды лічыў, што ў Лізі вельмі вольная сям'я … і нават трохі зайздросьціў. — Біл гаварыў цалкам шчыра. Ніхто бы ня змог так прыкідвацца.

— Пагатоў, лахі пад пахі, да і сышоў, хто табе замінае — прапанавала маці Лізі.

— Пэўна, так, але я адчуваю, гэта бы мне цяжка далося.

— Але ў цябе ўсяго адно жыцьцё. — Зараз абодва яны не прымячалі Лізі.

— Так, сапраўды. Мяркую, будзь у мяне больш за адно жыцьцё, я бы не пачуваўся такім вінаватым.

Лізі паспрабавала вярнуцца ў гутарку. — Ты ніколі не пісала, ніколі не спрабавала падтрымліваць зносіны.

— Аб чым было пісаць, Лізі? Ты ня ведаеш маіх сяброў, я ня ведаю тваіх, ня ведаю сяброў Джона і Кейт. Я усё яшчэ люблю вас і жадаю для вас самага найлепшага, хоць мы і ня бачымся. — Яна спынілася, амаль зьдзіўленая сабою. Тым, што так шмат сказала.

Лізі была непахісная. — Ты нас ня любіш. Калі б ты нас любіла, ты бы сустракалася з намі. Ты бы не сьмяялася нада мной і над гэтым месцам, у якім я жыву, і ня кпіла б над думкай застацца са мной. Так бы не было, калі б ты нас сапраўды любіла.

— Думаю, спадарыня Даффі мела на ўвазе … — пачаў Біл.

— Далібог, кліч мяне Берні. — Біл так ашаломеў, што забыў, аб чым жадаў сказаць. — Ты гаварыў, я мела на ўвазе … Што я мела на ўвазе?

— Думаю, вы мелі на ўвазе, што Лізі вельмі шмат значыць для вас, але вы быццам бы трохі падаліліся. Што Вэст Корк ня так далёка адгэтуль … і што мінулая ноч была ня лепшым часам, каб застацца, бо ў вашага сябра Чэстэра мастацкая выстава і вам карцела прыехаць туды своечасова, аказаць яму маральную падтрымку. Так? — Ён паглядаў то на адну, то на іншую, на яго круглым твары пралёг турботны маршчак. Калі ласка, хай бы яна мела на ўвазе менавіта гэта, а ня тое, што яна зьбіралася даслаць за паліцыяй, альбо адмовіцца бачыцца зь Лізі да канца свайго жыцьця.

— Часткова так і ёсьць, — пагадзілася Берні. — Але толькі часткова.

І на тым дзякуй, уздыхнуў Біл. — А Лізі, мне падаецца, калі выкідала ключ, мела на ўвазе свой жах перад хуткацечнасьцю жыцьця, і жаданьне атрымаць шанец лепей пазнаць вас, паразмаўляць па душах, нагнаць выпушчаны час, ці так?

— Так, — Лізі энэргічна заківала.

— Але, Божа літасьцівы, як там цябе клічуць …

— Біл, — дапамог ён ёй.

— Так, добра, Біл. Нармалёвыя людзі так ня робяць. Заманіць мяне сюды, замкнуць тут …

— Я не заманьвала цябе. Я пазычыла ў Біла грошай на таксоўку для цябе. Я запрасіла цябе сюды, я набыла бісквіты, і бэкон, і курыную пячонку, і Шэрры. Я падрыхтавала мой ложак, каб ты магла паспаць тут. Занадта вялікае жаданьне?

— Але я не магла. — Зараз голас Берні Даффі гучаў мякчэй.

— Ты магла паабяцаць вярнуцца на наступны дзень. Але ты проста пасьмяялася. Я не магла гэтага вынесьці, а ты злавалася і злавалася, і казала жудасныя рэчы.

— Як гаварыць нармалёвыя рэчы, калі размаўляеш зь ненармалёвым чалавекам? Ты мяне літаральна шакавала, Лізі. Мне падалося, у цябе дах сьцяла. Сапраўды. Ты паводзіла сябе, як вар'ятка. Увесь час дзяўбла, што апошнія шэсьць гадоў была страчанай душой …

— Так яно і было.

— Табе было сямнаццаць, калі я сышла. Твой бацька жадаў забраць цябе ў Галуэй, ты адмовілася … Сьцьвярджала, што досыць сталая, каб жыць у Дубліне. Уладкавалася на працу ў хімчыстку. Я ж памятаю. У цябе былі ўласныя грошы. Тага ты жадала. Так ты казала.

— Я засталася, бо думала, ты вернесься.

— Вярнуся? Куды? Сюды?

— Не, вернесься дахаты. Тата яшчэ год не прадаваў хату, памятаеш?

— Памятаю, а потым усё да апошняга пэні паставіў на канёў, якія дагэтуль на ўсіх скачках у хвасьце прыходзяць.

— Чаму ты не вярнулася, матуля?

— А дзеля чаго мне было вяртацца? Твайго бацьку цікавіла толькі кніга запісаў ставак. Джон зьехаў у Швэйцарыю, Кейт падалася ў Нью-Ёрк, ты была занятая сваёй тусоўкай.

— Я чакала цябе, матуля.

— Не, хлусьня, Лізі. Ня трэба прыдумляць. Чаму ты не напісала і не распавяла мне, калі ўсё было так, як ты кажаш?

Памаўчаўшы, Лізі адказала: — Ты жадала ведаць толькі аб тым, як добра я бавлю час, вось я і распавядала табе толькі аб гэтым. У паштоўках, лістах. Я напісала табе, калі зьезьдзіла ў Грэцыю, і на выспу Крыт. Я не пісала табе аб тым, што жадаю, каб ты вярнулася, ад страху цябе раззлаваць.

— Мне б тое спадабалася значна больш за бандыцкі захоп і арышт…

— У Вэст Корке, дзе вы жывяце, прыгожа? — Біл перахапіў гутарку, дэманструючы вялікую ўвагу. — Гэтае месца заўсёды падавалася мне цудоўным, асабліва краявіды ўзьбярэжжа.

— Гэта асаблівае месца. Там пануе дух волі. Людзі, якія вярнуліся на зямлю. Людзі, якія малююць, робяць кераміку, выяўляюць сябе...

— І вы таксама займаецеся нейкай творчасьцю … э … Берні? — Ён так паходзіў на саву і так шчыра цікавіўся, што яна не змагла ўспрыняць гэта як абразу.

— Не, не я асабіста, але я заўсёды зацікаўлена ставілася і стаўлюся да творчых людзей і маляўнічых мясьцін. Я затыхаюся, калі мяне трымаюць у клетцы. У гэтым ўся справа …

Біл імкнуўся адцягнуць яе ад небясьпечнай тэмы. — У вас уласная хата альбо вы жывяце з Чэстэрам?

— Не, Божа барані, — яе сьмех, як і сьмех яе дачкі, нагадваў радасны перазвон бомкаў. — Не, Чэстэр — гей, ён жыве зь Віньні. Яны мае блізкія сябры. Жывуць у чатырох мілях ад мяне. У мяне ёсьць пакой, нешта накшталт студыі. Такая летняя прыбудова, без адмысловых выгод.

— Гучыць цудоўна. Недалёка ад мора?

— Так, вядома. Там усё побач з морам. Вельмі любасны будыначак. Я ў ім душы ня чую. За тыя шэсьць гадоў, што я там жыву, я зь яго зрабіла сапраўдную маленькую хатку.

— А дзе вы бярэце грошы на жыцьцё, Берні? Вы працуеце?

Маці Лізі зірнула на яго так, быццам ён пукнуў. — Прабач?

— Я маю на ўвазе, калі бацька Лізі не дае вам грошай, вам прыходзіцца зарабляць сабе на жыцьцё. Вось і ўсё, — растлумачыў ён без усялякай няёмкасьці.

— Гэта, матуля, таму, што ён працуе ў банку, — растлумачыла Лізі. — Зарабляць сабе на жыцьцё — ягоная манія.

Гэта ўжо занадта, раптам адчуў Біл. Ён сядзіць у гэтай хаце сярод ночы, імкнучыся пагадніць двух дурнаватых, а яны лічаць, што ён зь дзівацтвамі, бо ён мае сапраўдную працу, аплачвае свае рахункі і жыве па правілах. Дый годзе. Хай самі разьбіраюцца. Ён пойдзе дахаты. Назад, у сваю сумную хату, да сваёй маркотнай сям'і.

Ніколі яму не патрапіць у замежнае аддзяленьне банка, колькі б ён не вывучаў “як пажываеце”, “гожыя будынкі” і “чырвоныя гвазьдзікі”. Ня будзе ён больш спрабаваць дапамагчы людзям убачыць адно ў адным нешта добрае. Ён адчуў увогуле незнаёмае паторгваньне ў носу і ў вачах. Падаецца, ён вось-вось заплача.

Мусібыць, нешта адбілася на яго твары, абедзьве жанчыны адначасова зазначылі гэта.

— У мяне і ў думках не было сьмяяцца над тваім пытаньнем, — сказала маці Лізі. — Вядома, я зарабляю грошы. Трохі дапамагаю ў хаце, пры якой мая студыя. Ведаеш, прыбіраю, раблю лёгкую працу па гаспадарцы, калі ў іх вечарыны, дапамагаю з … ну, усё ўладкаваць. Мне падабаецца прасаваць, заўсёды падабалася, таму я яшчэ бяру ўсё іх прасаваньне, і ў выніку не плачу ім за жыльлё. І, вядома, гатоўкай яны мне таксама даюць трохі грошай.

Лізі недаверліва паглядзела на маці. Вось ён, багемны лад жыцьця, зносіны са знакамітымі і заможнымі людзьмі, з плэйбоямі і бліскучымі кампаніямі ўладальнікаў рэзыдэнцый на паўднёва-заходнім узьбярэжжы Ірляндыі. Яе маці працуе прыслугай.

Біл ужо зноў кантраляваў сябе. — Гэта, бадай, вельмі зручна, — адзначыў ён. - Так можна злучыць усё самае лепшае. Жыцьцё ў гожым месцы, незалежнасьць, ды і аб тым, што на стол паставіць, няма фатыгу.

Яе вочы пільна шукалі на ягоным твары сьляды сарказму, але нічога не зазначылі. — Вядома, — урэшце пацьвердзіла Берні Даффі. — Так і ёсьць.

Біл вырашыў, што яму трэба загаварыць перш як Лізі бразьне нешта, з-за чаго ўсё пачнецца спачатку. — Можа неяк, калі надвор'е добрае будзе, мы зь Лізі маглі бы прыехаць, наведаць вас там. Мы бы паехалі на аўтобусе, у Корке бы пераселі, — нецярпліва, па-блазенскі будаваў ён пляны.

— А вы удвух … я маю на ўвазе, вы хлопец Лізі?

— Так, мы плянуем ажаніцца, калі нам будзе па дваццаць пяць, праз два гады. Мы спадзяемся атрымаць працу ў Італіі, таму абодва вывучаем па вечарах італьянскі.

— Так, яна казала аб тым сярод іншай бяссэнсіцы.

— Што мы зьбіраемся пабрацца шлюбам? — узрадаваўся Біл.

— Не, што вы вывучаеце італьянскі. Я думала, яна трызьніць.

Мабыць, гэта ўжо сапраўды было занадта. Біл падняўся, нібы звычайны госьць, які памкнуўся сыходзіць у звычайны вечар. — Берні, як вы маглі зазначыць, зараз даволі позна. Аўтобусы ўжо ня ходзяць. Хоць вашых сяброў было бы складана адшукаць нават калі б яны хадзілі. Таму я прапаную вам застацца тут на ноч. Па ўласнай волі, вядома. З ключом у дзьвярах. Заўтра раніцай, калі абедзьве вы добранька адпачняце, вы і Лізі любасна і мірна разьвітаецеся, а я, пэўна, не пабачу вас да ад'езду. Але налецьце мы маглі бы прыехаць наведаць вас у Вэст Корке, калі дазволіце.

— Не сыходзь, — узмалілася Берні. — Толькі не сыходзь. Яна любасная і спакойная, пакуль ты тут, але ледзь ты апынесься за дзьвярыма, яна прымецца вярзьці лухту ды енчыць, што яе кінулі.

— Не-не. Нічога такога зараз ня будзе, — засьведчыў ён. — Лізі, не магла бы ты даць маці ключ? Зараз, Берні, ён у вас, і вы ведаеце, што здольны сысьці, калі вам заманецца.

— Як ты дабярэсься дахаты, Біл? — запытала Лізі.

Ён са зьдзіўленьнем паглядзеў на яе. Звычайна, калі ён сыходзіў сярод ночы, яна не задавала такіх пытаньняў. Яе ніколі не турбавала, што яму трэба пракрочыць тры мілі.

— Прайдуся, ноч сёньня цудоўная, зорная, — сказаў ён. Абедзьве жанчыны паглядзелі на яго. Ён адчуў неабходнасьць сказаць нешта яшчэ, унесьці ў заключны момант лагодную нотку. — На ўроку італьянскага ўчора ўвечар Сыньёра распавядала аб надвор'і, зараз я ведаю, як сказаць, што лета файнае. E stata una magnifica estate.

— Як цудоўна, — адгукнулася Лізі. — E stata una magnifica estate, — бездакорна паўтарыла яна.

— Гэй, ты ў момант схапіла, а нам усім прыйшлося паўтараць колькі разоў, — уразіўся Біл.

— Яна заўсёды адрозьнівалася выключнай памяцьцю, нават калі была маленькай дзяўчынкай. Досыць было раз нешта сказаць, і Элізабэт запамінала назаўжды. — Берні зь некаторым гонарам паглядзела на дачку.

Па дарозе дахаты Біл адчуў, як лёгка ў яго на сэрцы. Плойма перашкод, падаваўшыхся амаль неадольнымі, апынуліся куды меней значнымі. Яму больш ня варта баяцца нейкай шыкоўнай маці з Вэст Корку, якая палічыць сьціплага банкаўскага клерка зьневажальнай партыяй для сваёй дачкі. Ніякага амбарасу наконт таго, што ён занадта сумны і някемлівы для Лізі. Ёй патрэбны бясьпека, каханьне, стабільнасьць і ён можа даць ёй усё гэта. Вядома, наперадзе ў іх заставаліся цяжкасьці. Лізі нялёгка дасца жыцьцё ў межах бюджэту. Яна ніколі ня зьменіцца ў сваім імкненьні марнатравіць бязь меры і неадкладна атрымоўваць жаданую рэч. Усё што яму застаецца рабіць — спрабаваць утрымаць яе ў слушных памежжах. І ўпэўніць працаваць. Магчыма, калі яе ашаламляльная маці сапраўды зарабляе сабе на жыцьцё прыборкамі ды прасаваньнем у чужых людзей, дамаганьняў у Лізі паменее.

Адносіны могуць зьмяніцца.

Можна нават калісьці зьезьдзіць у Галуэй, наведаць яе бацьку. Даць ёй магчымасьць адчуць сябе часткай яе сям'і, чаго яна так прагне, і на што ня сьмее прэтэндаваць. І зразумець, што хутка яна стане часткай яго сям'і.

Біл Бурк шыбаваў скрозь ноч, тым часам як іншыя людзі ехалі на машынах альбо клікалі таксоўкі. Ён не зайздросьціў нікому зь іх. Ён шчасьлівы чалавек. Усё надзвычай добра. У яго ёсьць людзі, якім ён патрэбен. І людзі, якія залежаць ад яго. І гэта цудоўна. Такі ўжо ён чалавек. Магчыма, праз гады ягоны сын будзе спачуваць яму, шкадаваць яго, як Біл шкадаваў уласнага бацьку. Але гэта ня будзе мець значэньня, а будзе толькі сьведчыць, што хлопчык сёе-тое пакуль не разумее. Вось і ўсё.

Загрузка...