КЭЦІ

Кэці Кларк лічылася адной з самых старанных вучаніц у Выгляд-На-Гару. Яна засяроджана хмурылася ў клясе, ва ўсім імкнулася разабрацца, сумнявалася і задавала пытаньні. У настаўніцкай часьцяком лагодна пасьмейваліся над ёй. «Касіць пад Кэці Кларк» значыла ўзорыцца на дошку, намагаючыся зразумець, што ж там напісана.

Высокая вуглаватая дзяўчынка. Форменная школьная спадніца зьлёгку задоўгая. Ні праколатых вушэй, ні танных аздоб, як у аднаклясьніц. Не занадта цямлівая, але старанная. Нават залішне старанная.

Кожны год у школе праходзілі сустрэчы настаўнікаў з бацькамі. Ніхто ніколі толкам ня памятаў, хто прыходзіў пагаварыць аб Кэці.

— Яе бацька водаправодчык, — аднойчы распавёў Эйдан Данн. — Ён прыйшоў і ўпарадкаваў школьную сантэхніку, усё зрабіў выдатна, але, вядома, узяў гатоўкай. Нават абмяркоўваць гэта не жадаў … ледзь не сышоў, калі чэкавую кніжку пабачыў.

— Памятаю, яе маці за ўсю гутарку цыгарэту з роту ня выняла, — дадала Хэлін, настаўніца ірляндзкай. — Толькі і казала, што лепш за ўсё для дачкі зарабляць на жыцьцё навучыцца.

— Яны ўсе так кажуць, — Тоні А’Брайн, ізноў абраны Дырэктар, зьмірыўся з тым. — Ня варта чакаць ад гэных людзей разваг аб максымальным разьвіцьці інтэлектуальных здольнасьцяў іх дзіцяці ў працэсе навучаньня.

— Яшчэ яе старэйшая сястра прыходзіць, — узгадаў хтосьці. — Працуе мэнэджэрам у супэрмаркеце. Бадай, яна адзіная, каго цікавіць небарака Кэці.

— Госпаду, што ж будзе за жыцьцё, калі мы пачнем турбавацца толькі аб тым, каб яны працавалі да страты сіл і мацней хмурыліся, спрабуючы засяродзіцца, — уздыхнуў Тоні А’Брайн, на чый стол зараз, на новай пасадзе, штодня ўзгрувашчваліся цяжкія праблемы. І ня толькі на стол.

У яго жыцьці, у якім жанчыны безупыннымі ланцугамі зьмянялі адна адну, не знайшлося той, зь якой ён пажадаў бы зьвязаць лёс. І вось зараз, калі тое нарэшце здарылася і ён сустрэў сваю адзіную, усё па-чартоўскі заблыталася. Яна апынулася дачкой бедачыны Эйдана Данна, які разьлічваў стаць Дырэктарам. Поўнай адсутнасьцю паразуменьня і заблытанасьцю сытуацыя нагадвала Віктарыянскую мэлядраму.

Зараз юная Гранія Данн не жадае бачыць яго, лічыць, што ён зьняважыў яе бацьку. Нічога такога і блізка не было, але дзяўчынка ў тым ўпэўненая. Ён падаў вырашаць ёй, сказаўшы, што ўпершыню ў жыцьці ня будзе ні з кім сустракацца, пакуль яна ня вернецца да яго. Ён дасылаў ёй жартаўлівыя паштоўкі, імкнучыся паведаміць, што па-ранейшаму чакае яе, але яны заставаліся без адказу. Магчыма, дагэтуль спадзявацца — поўнае глупства. Ён ведаў, як шмат у моры іншай рыбы, і ніколі ў жыцьці недахопу ў тых рыбках не выпрабоўваў.

Але чамусьці ніхто ня мог зацямніць гэтую яскраваю нецярплівую дзяўчынку з жвавымі вачыма і хуткімі, энэргічнымі рухамі, побач зь якой ён зноў пачуваўся маладым. Ён не лічыў, што занадта стары для яе, ва ўсялякім разе, уначы, калі яна засталася. Той ноччу, пасьля якой ён даведаўся, хто яна, даведаўся, што яе бацька разьлічвае на працу, шанец атрымаць якую быў ў яго нулявы.

Тоні А’Брайн і ў галаве ня меў, што, стаўшы Дырэктарам Выгляд-На-Гару, будзе весьці пустэльніцкую, амаль манаскую выяву жыцьця. Ён рана клаўся, менш хадзіў па клюбах, менш піў. Ён нават імкнуўся кінуць паліць на выпадак яе вяртаньня. Прынамсі, па раніцах ён зараз не паліў. Тоні больш ня мацаў пачак яшчэ лежачы ў ложку, не расплюшчыўшы вочы. Першую зацяжку зараз атрымлівалася адкласьці да перапынку і зрабіць у сябе ў кабінэце, за кубачкам кавы. Немалое дасягненьне. Добра было б паслаць ёй паштоўку з малюнкам цыгарэты і надпісам «Ужо не палю», але яна можа падумаць, што ён наогул кінуў паліць, а да тага пакуль далёка. Якая бздура, да чаго моцна пануе яна ў яго думках.

Ён ніколі не ўяўляў сабе, наколькі вымотвае кіраўніцтва школай накшталт Выгляд-На-Гару. Нават такіх двух рэчаў з усяго, скуліўшага на яго плечы, як сустрэчы настаўнікаў з бацькамі і Адчыненыя Вечары было досыць, каб прымусіць яго скубці пер’е.

Некаторы час ён разважаў аб тым, што чакае ў гэтым сьвеце Кэці Кларк. Яна скончыць школу, знойдзе нейкую працу; магчыма, сястра здолее дапамагчы ёй уладкавацца ў супэрмаркет. Ёй ніколі не атрымаць вышэйшай адукацыі. Бракуе падрыхтоўкі, бракуе мазгоў. Але дзяўчынка гэнта вытрывае.


Ніхто зь іх ня ведаў, як жыве сям'я Кэці Кларк. Задумаўшыся над тым, яны бы маглі ўявіць сабе адну з тых хат у вялізным, няўтульным раёне, у якіх зашмат тэлевізара і фастфуду і замала цішыні і супакою, зашмат дзяцей і бракуе грошай. Нягеглая, але звычайная карціна. Адкуль ім было ведаць, што ў пакоі Кэці ёсьць убудаваны сакрэтнік і невялікая бібліятэка. Што яе старэйшая сястра Фрэн сядзіць там кожны вечар, пакуль ня зроблены ўрокі. Што ўзімку ў дзеўчынам пакоі ўключаны газавы абагравальнік са зьменнымі газавымі балёнамі, набыты Фрэн на распродажы ў супэрмаркеце.

Бацькоў Кэці дзівіла такая экстравагантнасьць. Усе астатнія дзеці рабілі свае ўрокі за кухенным сталом. Чым кепска? Але на думку Фрэн гэта было нікуды ня варта. Сама яна пакінула школу ў пятнаццаць гадоў без усялякай спэцыяльнасьці, ёй запатрабаваліся гады, каб дамагчыся свайго цяперашняга становішча. Вялізныя прабелы ў яе адукацыі адбіваліся дагэтуль. Браты ледзь наскрэбвалі сабе на жыцьцё. Двое працавалі ў Англіі, а адзін калясіў з попгуртом. Фрэн, здаецца, лічыла сваім абавязкам дапамагчы Кэці дамагчыся большага, як усе яны.

Часам Кэці адчувала, што расчароўвае сястру. — Ты ж бачыш, Фрэн, я насамрэч ня вельмі здольная. Мне ўсё ня так лёгка даецца, як іншым у нас у клясе. Ты вось не дасі веры, як хутка цяміць Хэррыет.

— Ну, у яе ж бацька настаўнік, што ж ёй ня быць здольнай, — пырхала Фрэн.

— Так, Фрэн, вось я і кажу. Ты такая добрая да мяне. Замест таго каб пайсьці патанчыць, марнуеш час на мае ўрокі. Я так баюся праваліць іспыты, бо табе ж крыўдна будзе пасьля ўсіх тваіх намаганьняў.

— Не жадаю я ісьці на танцы, — звыкла ўздыхала Фрэн.

— Але ты ж яшчэ досыць маладая, каб пайсьці на дыскатэку? — Кэці было шаснаццаць, паскрэбак ў сям'і, Фрэн трыццаць два, найстарэйшая. Ёй бы ўжо належала быць замужам, мець сваю хату, як ва ўсіх яе сяброў, і ўсё ж Кэці ніколі не хацелася, каб Фрэн ад іх зьехала. Безь яе хату немагчыма сабе ўявіць. Іх маці плойму часу бавіць ў горадзе, у яе так званыя справы. Насамрэч тырчыць ля гульнявых аўтаматаў.

Калі б ня Фрэн, у хаце аб камфорту бадай і прамовы бы не ішло. Узяць хоць бы памяранцавы сок на сьняданак, гарачую ежу на вячэру. Менавіта Фрэн купляе Кэці школьную форму, вучыць ваксаваць чаравікі і праць штовечар кашулю і бялізну. У сваёй маці яна бы анічому такому ня здолела навучыцца.

Фрэн заўжды тлумачыла ёй, што да чаму. Фрэн набыла ёй першы пакунак Тампаксу. Фрэн раіла ёй дачакацца, пакуль яна не сустрэне кагосьці, хто ёй сапраўды спадабаецца, каб заняцца зь ім сэксам, а ня класьціся ў ложак з кім патрапіла проста ад нецярпеньня.

— А ты чакала кагосьці, хто табе сапраўды спадабаецца, каб заняцца зь ім гэтым? — зь цікавасьцю спытала чатырнаццацігадовая Кэці.

Але Фрэн мела адказ і на гэтае пытаньне. — Я лічу, аб такіх рэчах лепш не распавядаць. Разумееш, калі пачынаеш аб тым гаварыць, зьнікае ўсё чараўніцтва.

Фрэн хадзіла зь ёй у тэатар, на паказы ў Абацтве, Браме і Праекце. Яна шпацыравала зь ёй уздоўж вуліцы Грэфтан і вадзіла ў фэшэнэбэльныя крамачкі. — Мы павінны навучыцца рабіць усё гэта натуральна, — упэўнівала Фрэн. — Увесь фокус у тым, што мы не павінны выглядаць запалоханымі і прабачлівымі, быццам ня маем правы тут быць.

Ніколі сястра ня чула ад Фрэн ні словы пагарды адносна іх бацькоў. Часам Кэці абуралася: — Маці не шануе твае падарункі, Фрэн. Ты набыла ёй такую цудоўную новенечку печку, а яна ў ёй дагэтуль нічога не прыгатавала.

— Ды што ты, яна шануе, — адказвала Фрэн.

— Тата ніколі не падзякуе цябе, калі ты прыносіш яму з супэрмаркета піва. Сам ён ніколі для цябе нічога не прыносіць.

— Гэта не таму, што ён дрэнны. Ня вельмі весела жыць, штодзённа соўгаючы, скрукаваўшыся, галаву пад трубы.

— Ты выйдзеш замуж, як ты думаеш? — аднойчы з трывогай запытала Кэці.

— Пачакаю, пакуль ты вырасьцеш, пасьля аб тым падумаю, — разрагаталася Фрэн.

— А ты ня будзеш тады занадта старой?

— Ані. Калі табе споўніцца дваццаць, мне будзе толькі трыццаць шэсьць, самы росквіт, — упэўніла яе сястра.

— Мне падавалася, ты выйдзеш за Кена.

— Ну а я ня выйшла. А ён зьехаў у Амэрыку, дык зараз ён па-за гульнёй.

Кен, вельмі энэргічны малады чалавек, таксама працаваў у супэрмаркеце. На меркаваньне маці і таты яны з Фрэн ідэальна падыходзілі адно аднаму. Кэці ж адчула відавочнае палягчэньне, калі Кен выйшаў з гульні.


Бацька Кэці ня мог пайсьці на летнюю настаўніцка-бацькоўскую сустрэчу. Ён сказаў, што павінен у гэты вечар працаваць да ночы.

— Калі ласка, тат. Ну калі ласка! Настаўнікі чакаюць, што прыйдзе хтосьці з бацькоў. Маці ня пойдзе, яна ніколі ня ходзіць, а табе ня прыйдзецца там нічога рабіць, толькі слухай і гавары ім, што ўсё выдатна.

— Божачка, Кэці, ненавіджу я хадзіць у школу, мяне гэтае месца выводзіць зь сябе.

— Але тат, я ж нічога благога не рабіла, ніхто ня будзе на мяне лаяцца, я проста жадаю, каб яны думалі, што вы мной цікавіцеся.

— Мы цікавімся, цікавімся, дзетка … але твая маці гэтыя дні не ў сваёй талерцы, ад яе там ніякай карысьці ня будзе, і ты ж ведаеш, як яны ставяцца да таго, каб там палілі, яе яшчэ і гэта спыняе … можа, Фрэн зноўку сходзіць. Усё роўна яна лепш ва ўсім разьбярэцца.

Такім чынам, менавіта Фрэн пайшла і паразмаўляла аб сваёй малодшай сястрычцы са стомленымі настаўнікамі, якія праводзілі даверныя сустрэчы з суцэльным легіёнам бацькоў, даючы ім рашучыя рады і перасьцерагаючы.

— Яна занадта сур'ёзная, — казалі яны Фрэн. — Занадта імкнецца. Мабыць, будзь яна менш напружаная, ёй бы лягчэй давалася вучоба.

— Яна вельмі зацікаўлена ставіцца да вучобы, сапраўды зацікаўлена, — пярэчыла Фрэн. — Я сяджу зь ёй, калі яна робіць урокі, яна ніколі ня б'е лынды.

— Яна, мабыць, ніколі не гуляе ні ў якія гульні? — новы Дырэктар трымаўся вельмі ласкава. Падавалася, ён мае аб дзецях смутнае паданьне і гаворыць аб іх вельмі нявызначана. Фрэн так і не зразумела, памятае ён іх, ці робіць меркаваньні наўгад.

— Не, разумееце, яна не жадае адцягваць час ад вучобы.

— А магчыма, варта было б. — Ён вымавіў гэта рэзка, але лагодна.

— Лепей бы ёй кінуць латынь, — выказаў свой погляд прыемны спадар Данн.

У Фрэн звалілася сэрца. — Але, спадар Данн, яна так імкнецца. Я сама ніколі латынь не вывучала, і спрабую разам зь ёй разьбірацца па падручніку. Яна па некалькі гадзін займаецца.

— Але вы ж бачыце, у яе нічога не атрымліваецца. — Бедны спадар Данн штосілы імкнуўся не пакрыўдзіць яе.

— Мабыць, ўзяць для яе пару дадатковых урокаў? Для яе было б файна мець латынь у Атэстаце. Гэты прадмет патрэбен усюды, куды яна магла бы пайсьці.

— У яе няма ніякіх шанцаў на Ўнівэрсытэт, — ён спрабаваў трохі спусьціць яе на зямлю.

— Але яна паступіць. Ніхто з нас нічога не дамогся, яна павінна атрымаць шанец у жыцьці.

— У вас у самой вельмі добрая праца, пані Кларк. Я вас бачу, калі захаджу ў супэрмаркет. Ці не маглі б вы ўладкаваць Кэці туды?

— Кэці ніколі ня будзе працаваць у супэрмаркеце, — вочы Фрэн гнеўна бліснулі.

— Выбачайце, — спакойна хітнуў ён.

— Не, гэта вы мне даруйце, вельмі ласкава з вашага боку так клапаціцца аб ёй. Выбачайце мяне, калі ласка, за мой крык. Але парайце мне, што было бы для яе лепей за ўсё.

— Ёй бы варта заняцца чымсьці, што ёй да спадобы. Чымсьці, што яе не занадта напружвала бы, — адказаў спадар Данн. — Як наконт музычных прылад, яна выяўляе нейкую цікавасьць да іх?

— Не, — пакруціла галавой Фрэн. — Нічога такога. Нам усім мядзьведзь вуха адтаптаў, нават таму брату, які працуе ў попгурце.

— А маляваньне?

— Мне цяжка судзіць, але бадай і гэнта ёй зь вялікай напругай даецца. — З гэтым добрым чалавекам, спадаром Даннам, вельмі лёгка размаўляць. Яму, хутчэй за ўсё, досыць цяжка паведамляць бацькам і сваякам, што ў дзіцяці бракуе здольнасьцяў для трэцяга узроўня навучаньня. Яго ўласныя дзеці напэўна вучыліся ва ўнівэрсытэце, і ён бы жадаў, каб у іншых таксама меўся такі шанец. І як ласкава зь яго боку турбавацца, каб небарака Кэці была шчасьлівай і больш адпачывала. Ёй так ніякавата, што яна прымае ў багнеты ўсе ягоныя прапановы. Ён прагне лепшага. Трэба жалезнага бобу зьесьці, каб працаваць настаўнікам.

Эйдан зірнуў на тонкі, прыгожы твар маладзіцы, якая выяўляла значна большую зацікаўленасьць да сваёй сястры, чым іншыя бацькі. Яму агідна было ставіць на дзіцяці таўро безнадзейнасьці і ён, шчыра кажучы, пачуваўся вінаватым. Будзь школа паменш, альбо ўмовы лепш, бібліятэка паболей, дадатковыя заняткі дасяжны, магчыма, у іх бы было значна менш няцямлівых вучняў. Ён абмяркоўваў гэта з Сыньёрай, калі яны займаліся падрыхтоўкай курсаў італьянскай мовы. На яе меркаваньне, шмат залежыць ад чаканьняў чалавека. Патрэбна больш за адно адукаванае пакаленьне, каб людзі спынілі лічыць, што ў іх на шляху непераадольныя перашкоды і забароны.

У Італіі яна сутыкалася з тым жа. Яна назірала, як выхоўваюць дзяцей гаспадар гасьцініцы і ягоная жонка. У беднай вёсачцы ніхто і ня марыў, каб дзеці з маленечкай мясцовай школы дасягнулі большага, як іх бацькі. Яе прасілі вучыць іх ангельскаму толькі дзеля таго, каб яны здолелі павітаць турыстаў і пачаць працаваць пакаёўкамі або стольнікамі. Яна ж жадала для іх значна большага. Сыньёра разумела, чаго прагне Эйдан для насельнікаў навакольляў школы Выгляд-На-Гару.

Зь ёй так лёгка размаўляць. Яны выпілі безьліч кавы, плянуючы вечаровыя клясы. Яна не надакучвала, не задавала пытаньняў аб яго хаце і сям'і, распавядала сёе-тое аб уласным жыцьці ў хаце Джэры Селівана. Ён нават распавёў ёй аб кабінэце, што ўладкоўваў для сябе.

— Мяне ня вельмі вабіць усякага кшталту ўласнасьць, — сказала Сыньёра, — але прыгожы ціхі пакой у які праз шыбу льецца мяккае сьвятло, са сталом з добрага дрэва, са ўсімі вашымі ўспамінамі, з кнігамі, з малюнкамі на сьценах … гэта сапраўды павінна быць вельмі прыемна. — Яна мовіла так, быццам была цыганкай альбо качэўніцай, якая і ня марыць аб чымсьці гэтулькі файным, але высока шануе такое суцяшэньне для іншых.

Ён распавядзе ёй аб гэтай Кэці Кларк, дзяўчынцы з турботным тварам, якая так імкнецца, бо сястра лічыць яе разумнай і шмат што ад яе чакае. Мабыць, Сыньёра, як ужо колькі разоў адбывалася, знойдзе якое выйсьце.

Але ён прымусіў сябе перапыніць разважаньні аб прыемных гутарках зь ёй і вярнуцца да рэчаіснасьці. Наперадзе ў яго доўгі вечар. — Упэўнены, вы нешта прыдумаеце, пані Кларк. — Спадар Данн паглядзеў на чаргу бацькоў, зь якімі ён яшчэ павінен быў паразмаўляць.

— Я вам вельмі ўдзячная за ўсё, — падавалася, Фрэн кажа шчыра. — Вы гэтулькі часу і сіл аддаяце дзецям. У тыя гады, калі я вучылася ў школе, так не было, а можа, я проста шукаю сабе апраўданьне. — Які сур'ёзны бледны твар. Юнай Кэці Кларк пашанцавала, у яе такая ўважлівая сястра.

Фрэн рушыла да аўтобуснага прыпынку, засунуўшы рукі ў кішэні і ўнурыўшы галаву. Па дарозе да выхаду ёй мусіла абмінуць прыбудову, і яна зазначыла аб'яву аб курсах італьянскага, што пачнуцца ў верасьні. Курсы абяцалі знаёмства з калярытам, жывапісам, музыкай і мовай Італіі. Гучала павабна. Фрэн задумалася, можа, нешта накшталт тага ім і патрэбна. Але занадта дорага. У яе гэтулькі выдаткаў. Вельмі цяжка заплаціць за цэлы сэмэстар наперад. Да таго ж Кэці, хутчэй за ўсё, паставіцца да курсаў залішне сур'ёзна, як яна ставіцца да ўсяго. Тады гэта не дапаможа, толькі пагоршыць праблему. Не, прыйдзецца прыдумаць штосьці яшчэ. Уздыхнуўшы, Фрэн закрочыла да прыпынку.

Там яна напаткала Пэгі Селіван, адну з касірак супэрмаркета. — Гэтыя зборы проста гады жыцьця адымаюць, ну хіба не? — паскардзілася спадарыня Селіван.

— Так, але гэта ўсё ж лепей за тое, што было ў нашай юнацкасьці, калі ніхто паняцьця ня меў, дзе мы бавім палову часу. Як у вашага меншага справы? — Фрэн, як мэнэджэру, належала ведаць аб супрацоўніках як мага больш. Яна памятала, што ў Пэгі двое дзяцей, і з абодвума амбарасу хапае. Сталая дачка, якая ня ладзіць з бацькам, і хлапчук, якога не прымусіш падручнік ў рукі ўзяць.

— Ведаеце, Джэры тага прызнаваць не жадае, але ён відавочна посьпехі робіць. Яны ўсе так кажуць. Ён зноўку на чалавека падобны робіцца, як адзін там сказаў.

— Добрыя навіны.

— Ну, гэта ўсё дзякуючы той звар'яцелай, якая ў нас жыве. Нікому ні словы, спадарыня Кларк, але мы кватарантку ўзялі, напалову італьянка яна, напалову ірляндка. Гаворыць, што была замужам у Італіі, і што ён памёр, але гэта ўсё хлусьня. Падаецца, яна манашка пераапранутая. Ну ды ўсё роўна, галоўнае, яна Джэры зацікавілася і проста іншым чалавекам яго зрабіла, хто бы нават уявіў. — Пэгі Селіван распавяла, што Джэры не разумеў, што паэзія можа мець нейкі сэнс, пакуль Сыньёра ў іх у хаце не зьявілася і не растлумачыла яму гэта. Тут ўсё і зьмянілася. Настаўнік ангельскага зараз ім не нахваліцца. Яшчэ не разумеў ён, што гісторыя — гэта тое, што насамрэч здарылася, а зараз разумее, па-іншаму зусім ставіцца.

Фрэн сумна ўзгадала, што яе Кэці, якой яна надае гэтулькі ўвагі, не разумее, што латынь — мова, на якой размаўлялі людзі. Магчыма, гэтая Сыньёра здолела бы дастукацца і да яе. — Чым яна зарабляе, ваша кватарантка? — спытала яна.

— Ат, каб тое высьветліць, спатрэбілася б цэльнае войска дэтэктываў. Трохі шые, трохі працуе ў лякарні, я ўпэўненая. Але яна зьбіраецца весьці італьянскі кляс тут, у школе, у наступным сэмэстры. І як яна з гэтым носіцца. Можна ўявіць, Чэмпіянат Сьвету выйграла, а ўсіх спраў — песенькі італьянскія сьпяваць. Цэльнае лета да гэнтых курсаў рыхтавалася. Наймілая жанчына ў сьвеце, але дурнаватая, кажу вам, дурнаватая.

Фрэн адразу ж прыняла рашэньне. Яна павінна запісацца на тыя курсы. Яны з Кэці будуць хадзіць туды кожны аўторак і чацьвер, яны будуць вывучаць гэты італьянскі, трасца яго бяры, вось што яны будуць рабіць, і будуць атрымліваць асалоду ад гэтага з той звар'яцелай, якая сьпявае песенькі і так дбайна рыхтуецца да заняткаў. Можа, нэрвовая, напружаная небарака Кэці трохі паслабіцца, і, як ведаць, раптам гэта дапаможа Фрэн забыць аб Кене, які безь яе зьехаў у Амэрыку.


— Яны назвалі Кэці выдатнай дзяўчынкай, — з гонарам паведаміла Фрэн у кухні, за сталом.

Яе маці, прыгнечаная пасьля адчувальных страт на аўтаматах, намаглася намаляваць запал. — Чаму ж ім так не сказаць? Яна і ёсьць выдатная дзяўчынка.

— Дрэннага нічога пра мяне не гаварылі? — спытала Кэці.

— Не, нічога. Сказалі, што ў цябе выдатныя хатнія працы, і што вучыць цябе адна любата. Вось як!

— Я бы з задавальненьнем пабыў там, дзетка, я проста не разьлічваў, што вызвалюся своечасова. — Кэці і Фрэн даравалі свайму бацьку. Зараз гэта ня мела значэньня.

— У мяне да цябе выдатная прапанова, Кэці. Мы будзем вывучаць італьянскі. Ты і я.

Нават прапануй яна паляцець на месяц, сям'я Кларкаў ці наўрад зьдзівілася больш.

Кэці счырванела ад задавальненьня. — Мы ўдзьвюх?

— Чаму не? Мне заўсёды карцела паехаць у Італію, а калі я буду ведаць мову, мае шанцы падчапіць італьянскага хлопца будуць куды вышэй!

— А я здолею?

— Вядома. Гэта таўкачке накшталт мяне, якая нічога запомніць ня ў стане, прутка прыйдзецца. А ты будзеш лепш за ўсіх у клясе. Але там павінна быць прышпільна. Гэтая жанчына, настаўніца, зьбіраецца прайграваць нам опэры, паказваць карціны, частаваць італьянскай ежай. Будзе файна.

— А гэта ня вельмі дорага, а, Фрэн?

— Не, ня вельмі. Паглядзі, колькі нам там усяго дадуць, — засьведчыла яе Фрэн, разважаючы, ці не губляе яна сама глузд, кідаючыся такімі заявамі.


За лета Кен абгрунтаваўся ў маленькім гарадку ў штаце Нью-Ёрк. Ён зноўку напісаў Фрэн. — Я кахаю цябе, я заўсёды буду цябе кахаць. Я разумею наконт Кэці, але ці ня можаш ты ўсё ж прыехаць сюды? Мы бы здолелі браць яе на вакацыі, тады ты бы займалася зь ёй. Калі ласка, згаджайся, перш як я атрымаю маленькую службовую кватэрку для сябе аднаго. Пагадзіся, і нам дадуць невялічкую хатку. Ёй шаснаццаць, Фрэн, я не магу чакаць цябе яшчэ чатыры гады.

Яна нагаласілася, чытаючы ліст, але не магла зараз пакінуць Кэці. Фрэн марыла ўбачыць, як аднаго з Кларкаў прымуць ва ўнівэрсытэт. Праўда, Кен прапаноўваў пачакаць, пакуль народзяцца іх дзеці і тады ўжо зьдзяйсьняць гэты плян, даць ім іх шанец у жыцьці, але Кен не разумеў. Яна гэтулькі ўклала ў Кэці. Дзяўчынка зорак зь неба не хапае, але яна не дурная. Раз яна нарадзілася ў здаровых бацькоў, у яе ёсьць усё, што ёй трэба. Яна зойме сваё месца ва ўнівэрсытэце проста таму, што ў яе досыць часу, у хаце ёсьць кнігі, родныя даюць ёй веры. Фрэн прымушала саму Кэці паверыць у сябе. Яна не магла зараз зьехаць і пакінуць яе з маці, якая ня бачыць нічога, акрамя гульнявых аўтаматаў, і бацькам, які ва ўсім нядрэнна кеміць, але ня здольны зазірнуць далей найблізкага заробку гатоўкай і тых малалікіх немудрагелістых задавальненьняў, што патрэбныя яму ад жыцьця.

Кэці безь яе прападзе.


Лета выдалася цёплым і ў Ірляндыю зьехалася значна болей турыстаў, як звычайна. Супэрмаркет прапаноўваў адмысловыя абеды для пікнікоў, якія людзі маглі браць з сабою ў парк. Ідэя прыналежала Фрэн, наборы карысталіся вялікім попытам.

Спадар Бурк з каўбаснага аддзелу хістаўся. — Я, вядома, ня ўпэўнены, спадарыня Кларк, але сумняваюся, што гэта добрая ідэя: пячы скрылікі бэкону і халоднымі класьці іх у канапкі. Чаму бы не рабіць іх з выдатнай нішчымнай ялавічынай, як мы паступалі заўжды?

— Такія густы зараз, спадар Бурк. Людзям падабаецца хрумсткі бэкон. Вось пабачыце, калі мы будзем трымаць гэтыя цудоўныя кавалачкі напагатове цёплымі і запаўняць канапкі па меры неабходнасьці, абяцаю вам, яны будуць прагнуць яшчэ і яшчэ.

— Але няхай я нарэжу бэкон, яго падсмажаць, а лусьцікі ніхто ня купіць, што тады, пані Кларк? — Гэты цудоўны чалавек заўсёды імкнуўся зрабіць усё як мага лепш, але вельмі палохаўся навізны.

— Зладзім трохтыднёвае выпрабаваньне, спадар Бурк, і паглядзім.

Яна мела рацыю. Пакупнікі зьляталіся на незвычайныя канапкі. Яны, вядома, гублялі на іх грошы, але гэта ня мела значэньня; раз ужо людзі прыйшлі ў супэрмаркет, па дарозе да касы яны абавязкова зробяць і іншыя пакупкі.

Яна звадзіла Кэці у Музэй Сучаснага Мастацтва, а ў яе выходны яны зьезьдзілі на трохгадзінную аўтобусную экскурсію па Дубліне. Проста дзеля таго, каб ведаць, дзе мы жывем, сказала Фрэн. Ім спадабаліся два Пратэстанцкіх Кафэдральных Сабора, у якіх яны ніколі не былі. Яны аб'ехалі Парк Фэнікс, з гонарам разглядаючы Грыгарыянскія дзьверы і мазаічныя вокны, што ім паказвалі.

— Уяві толькі, мы адзіныя ірляндцы ў аўтобусе, — шапнула Кэці. — Больш нашых няма, усе астатнія прыежджыя.

Спакваля Фрэн зрабіла так, каб яе шаснаццацігадовая сястрычка атрымала любасную жоўтую сукенку і пастрыглася. К канцу лета яна загарэла і папрыгажэла, у вачах зьнік загнаны выраз.

У Кэці хапала сябровак, але сярод іх не было сябровак блізкіх, адданых, як у самой Фрэн у маладосьці. Цэльную вечнасьць таму. Некаторыя з тых сябровак па суботах хадзілі на тлумную дыскатэку, аб якой часта распавядала моладзь у яе на працы.

Яна ведала досыць, каб разумець: ня ўсё у тым месцы добра, вольна цыркулююць наркотыкі. А першай гадзіне яна заўсёды была там, каб забраць сястру. У некаторыя з гэтых субот яна прасіла Бары, аднаго з маладых супэрмаркетаўскіх кіроўцаў, захапіць яе, а потым адвезьці ад дыскатэкі да хаты. Ён лічыў гэтае месца ня самым прыдатным для маладой дзяўчынкі.

— Што ж мне рабіць, — сьцепала плячыма Фрэн. — Забароніш ёй хадзіць, яна будзе крыўдзіцца. Маё шанцаваньне, што ты адшукваеш магчымасьць падвезьці нас дахаты. — Бары быў выдатным малым, памяшаным на звышвызначаных, бо марыў абзавесьціся матацыклам. Ён паведаміў, што назапасіў ужо траціну кошту. Калі ў яго будзе палова, ён пойдзе яго выбіраць, а калі зьбярэ дзьве траціны, купіць, астатняе выплаціць у растэрміноўку.

— Для чаго ён табе патрэбен, Бары? — спытала Фрэн.

— Пачуцьцё волі, спадарыня Кларк. Разумееце, воля, напор паветра, усё такое.

Фрэн адчула сябе жудасна старой.

— Мы зь сястрой зьбіраемся вывучаць італьянскі, — сказала яна яму неяк уначы, калі яны, чакаючы Кэці ля дыскатэкі, усебакова абмеркавалі набліжэньне яго матацыклетнай будучыні.

— Вох ты, файна, спадарыня Кларк. Я бы таксама жадаў. Я езьдзіў у Рым на Чэмпіянат Сьвету, з такімі хлопцамі там пасябраваў, выдатныя хлопцы. Было б тады нармалёвае надвор'е, спадарыня Кларк, мы бы ўжо пагулялі.

— Тады, магчыма, табе таксама варта вывучаць італьянскі, — безуважліва адзначыла яна. Яе ўвагу прыцягнулі асобы вельмі сумнеўнага выгляду, якія пакідалі дыскатэку. Чаму Кэці і яе сяброўкі сюды ходзяць? Цяжка ўявіць, каб ёй у шаснаццаць гадоў дазволілі пайсьці ў такое месца.

— Не пашкодзіла б. Бо калі я набуду матацыкл, першае месца, куды я зьбіраюся дзерануць, гэта Італія, — сказаў Бары.

— Што ж, курсы ў школе Выгляд-На-Гару, заняткі пачнуцца ў верасьні, — ёй ужо было не да тага, нарэшце вышлі Кэці, Хэррыет і іх сяброўкі. Яна дацягнулася да руля і пасыгналіла. Яны тут жа азірнуліся. Штосуботнія паездкі дахаты ўжо ўвайшлі ў іх у звычку. Што сабе думаюць бацькі ўсіх гэтых дзяўчынак, разважала яна. Іх нічога не турбуе? Можа, яна звычайная панікёрка? Божухна, хутчэй бы ўжо пачаўся навучальны год, тады ўсім гэнтым вылазкам прыйдзе канец і можна будзе ўздыхнуць вальней.


Курсы італьянскай мовы пачаліся ў аўторак, а сёмай гадзіне. Раніцай прыйшоў ліст ад Кена. Ён атабарыўся ў сваім невялічкім жыльлі; кватэрай яго нельга назваць, ужо занадта яно маленькае. Запасы тут папаўняюць зусім інакш. З пастаўшчыкамі гандлявацца не заведзена, плаціш, колькі кажуць. Людзі тут вельмі прыязныя, усе запрашаюць яго да сабе ў госьці. Хутка будзе пікнік па выпадку Дня Працы, якім адзначаюць канчатак лета. Ён безь яе змаркоціўся. Ці нудзіцца яна па ім?

У клясе сабралася трыццаць чалавек. Кожны атрымаў вялізны аркуш кардона, каб запісаць на ім сваё імя, але гэтая дзівосная жанчына сказала, што яны будуць клікаць адно аднаго на італьянскі капыл. Таму Фрэн ператварылася ў Francesca, а Кэці у Caterina. Яны гулялі ў цудоўную гульню, паціскаючы адно аднаму рукі і пытаючы, як каго клічуць. Кэці падавалася цалкам шчасьлівай. Яно таго варта, падумала Фрэн, імкнучыся выкінуць з галавы, што Кен зьбіраецца на пікнік, сьвяткаваць Дзень Працы.

— Гэй, Фрэн, ты бачыла хлопца, які сказаў Mi chiamo Bartolomeo? Гэнта ня Бары з твайго супэрмаркета? — Гэта і на самай справе апынуўся ён. — Фрэн была задаволеная, відаць, звышвызначаныя ўжо далі яму магчымасьць ушчыльную наблізіцца да выбару матацыкла. Яны памахалі адно аднаму праз пакой.

Што за незвычайны народ падабраўся. Тут і элегантная кабета, мусібыць з тых, хто ўладкоўвае ў сваёй хаце вялізныя прыёмы. Што магло прывесьці яе ў падобнае месца? І прыгажуня з залатымі кудзеркамі Mi chiamo Elizabetta з сваім сымпатычным прыемным прыяцелем у добрым гарнітуры. І цёмны, падобны да цыгана Luigi, і пажылы чалавек па імі Lorenzo. Ну і пярэстая жа кампанія.

Сыньёра ёй вельмі спадабалася. — Я ведаю вашу гаспадыню, — зьвярнулася да яе Фрэн, калі яны прыняліся за скрылікі салямі і сыра.

— Так, увогуле, спадарыня Селіван сваячка … я сваячка, — знэрвавалася Сыньёра.

— Вядома. Як ніякавата, так, я ў курсе, яна сваячка, — засьведчыла яе Фрэн. Гэтак жа заўсёды рабіў яе бацька, яна выдатна тое ведала. — Яна сказала, вы вельмі дапамаглі яе сыну.

Твар Сыньёры асьвятліла шырокая ўсьмешка. Дзіўна прыгожая жанчына, калі ўсьміхаецца. І зусім не падобная да манашкі. Пэгі Селіван мусібыць памылілася.


Ім палюбіліся тыя ўрокі, і Фрэн і Кэці. Па дарозе да аўтобуса яны рагаталі як дзеці над сваім кепскім вымаўленьнем і над гісторыямі, што распавядала ім Сыньёра. Кэці казала аб курсах дзяўчынкам у школе, і тыя нават паверыць не маглі.

Паміж людзьмі ў клясе ўсталявалася нейкая незвычайная еднасьць. Быццам яны апынуліся на незаселенай высьпе і іх адзіным шанцам на ратаваньне было вывучыць мову і добра памятаць усё, што яны вучылі. Магчыма, таму, што Сыньёра верыла ў іх здольнасьць да грандыёзных зьдзяйсьненьняў, яны і самі пачыналі у гэтае верыць. Яна прасіла іх стала выкарыстоўваць італьянскія словы, нават калі не атрымоўваецца пабудаваць на італьянскім увесь сказ цалкам. Нечакана для саміх сябе яны выяўлялі, што кажуць я вяртаюся да casa альбо camera вельмі цёплая, ці што яны stanca замест стаміліся.

І ўвесь час Сыньёра слухала і назірала, радуючыся, але не зьдзіўляючыся. Яна ніколі і не думала, што, пазнаёміўшыся зь італьянскай мовай, хтосьці зможа выпрабоўваць нейкія пачуцьці акрамя захапленьня і запалу. Ёй дапамагаў спадар Данн, які і стварыў увесь гэты праект. Яны, падавалася, выдатна ладзілі паміж сабою.

— Можа, яны даўнія сябры, — выказала здагадку Фрэн.

— Не, у яго жонка і сталыя дзеці, — растлумачыла Кэці.

— Ён можа мець жонку і быць яе сябрам, — запярэчыла Фрэн.

— Так, але думаю, паміж імі нешта ёсьць. Яны заўжды абменьваюцца такімі ўсьмешачкамі. Хэррыет кажа, гэта жалезная прыкмета. — Хэррыет, школьная сяброўка Кэці, вельмі цікавілася сэксам.


Эйдан Данн назіраў за росквітам італьянскага кляса з задавальненьнем, якога і ўявіць сабе ня мог. Тыдзень за тыднем прыяжджалі яны ў школу на роварах, матацыклах, грузавіках, на аўтобусе, сярод іх была нават дзіўная жанчына на БМВ. Яму падабалася рыхтаваць для іх разнастайныя неспадзеўкі. Яны рабілі папяровыя сьцяжкі, Сыньёра раздавала ўсім чыстыя нарыхтоўкі і казала, ў якія колеры іх расфарбаваць. Потым кожны ўзьнімаў свой сьцяжок а ўсе астатнія называлі колеры. Сваім нецярплівым запалам яны нагадвалі дзяцей. А напрыканцы кожнага ўроку нават гэты хуліганскага выгляду хлопец па імі Лу ці Луіджы, альбо нешта ў тым родзе, дапамагаў наводзіць парадак; нікому бы і ў галаву ня ўскочыла, што такі тып будзе важдацца з прыборкамі, класьці на месца скрынкі і складаць крэслы.

Але так ужо дзейнічала на людзей Сыньёра. Яна проста чакала ад іх самага лепшага і атрымоўвала тое. Яна спытала ў Эйдана, ці можна ёй зрабіць навалачку на канапавую падушку для яго пакоя.

— А вы прыйдзіце і паглядзіце пакой, — нечакана прапанаваў ён.

— Цудоўная думка. Калі мне зайсьці?

— У суботу раніцай мне ня трэба ў школу. Вы будзеце вольная?

— Я магу быць вольная ў любы час.

Увесь вечар у пятніцу Эйдан шараваў і чысьціў свой пакой. Ён выцягнуў на сьвет божы паднос з двума чырвонымі келіхамі, прывезенымі ім з Марана, што пад Вэнэцыяй, набыў пляшэчку Маршалы. Яны падымуць тост за посьпех пакоя і курсаў.

Яна прыйшла апоўдні і прынесла колькі кавалачкаў тканіны. — Думаю, гэты жоўты найлепей падыдзе да таго, аб чым вы мне распавядалі, — сказала яна, паказваючы тканіну яркага, насычанага колеру. — Яна трохі даражэй за астатнія, але ж гэта пакой для жыцьця, ці ня так?

— Пакой для жыцьця, — паўтарыў Эйдан.

— Вы не жадаеце паказаць узоры вашай жонцы, перш як я пачну?

— Не, не. Нэл спадабаецца. Я маю на ўвазе, насамрэч гэта мой пакой.

— Так, зразумела. — Яна ніколі не задавала пытаньняў.

У гэтую раніцу Нэл не апынулася дома, не было і яго дачок. Эйдан не сказаў ім аб візыце і быў рады, што іх няма. Яны з Сыньёрай узьнялі тост за посьпех Курсаў Італьянскага і Пакоя для Жыцьця.

— Я бы жадаў, каб вы маглі выкладаць у школе, вы здолелі бы абудзіць у іх запал, — з захапленьнем вымавіў ён.

— Гэта толькі таму, што яны жадаюць вучыцца.

— Але гэтая дзяўчынка, Кэці Кларк, усе кажуць, яна зьзяе, як начышчаны гузік, і ўсё дзякуючы курсам італьянскага.

— Caterina … цудоўнае дзіцё.

— Ну, я чуў, яна захапіла ўвесь кляс аповедамі аб вашых занятках, яны ўсе прагнуць далучыцца.

— Хіба не выдатна? — усьміхнулася Сыньёра.

Аб чым Эйдан не згадаў, бо і сам ня ведаў, так гэта аб тым, што Кэці Кларк, апісваючы курсы італьянскай мовы, ня мінула паведаміць, што спадар Данн хвосьцікам цягаецца за настаўніцай італьянскага, ня зводзячы зь яе абагаўляючага шчанячага погляду. Сяброўка Кэці, Хэррыет, заявіла, што заўсёды гэта падазравала. За ціхонямі вока ды вока патрэбна. Нездарма кажуць: ціхая сьвіньня глыбока рые.


Спадарыня Хэйс, настаўніца гісторыі, імкнулася злучыць тыя рэчы, аб якіх ёй прыходзілася весьці гутарку на ўроках, з сёньняшнім днём. Распавядаючы ім аб тым, што сямейства Медычы пратэжыравала мастакам, яна назвала іх спонсарамі. Каб было зразумела.

— Здольны хтосьці растлумачыць, каго клічуць спонсарамі? — спытала яна.

Яны са зьдзіўленьнем пераглядаліся.

— Спонсары? — перапытала Хэррыет. — Гэта накшталт фірм па вытворчасьці напояў альбо страхавых кампаній?

— Так. Вы пэўна ведаеце імёны нейкіх знакамітых італьянскіх мастакоў, ці ня так? — Маладзенькая настаўніца гісторыі яшчэ не засвоіла, што калі нават дзецям нешта і вядома, яны валодаюць дзіўнай уласьцівасьцю неадкладна гэта забываць.

Кэці Кларк нязмушана падняла руку. — Адным з найболей вядомых мастакоў, якіх апекавалі Медычы, быў Мікелянджэлё. Калі Папам Рымскім быў Сікст Пяты, ён прапанаваў Мікелянджэлё расьпісаць сабор Сыкстынскай Капэлы, і ён жадаў, каб усе сюжэты былі розныя. — Ціхім, упэўненым голасам распавяла яна клясу аб лясах, што былі пабудаваныя, аб росьпісах, што былі створаны, злузаны і створаны зноўку. Дзіўна, але фарбы па сучасны дзень захавалі свае колеры.

І ніякага выстаўленьня, толькі запал. Паколькі яна мусібыць зьбіралася працягваць, спадарыня Хэйс змушаная была яе перапыніць, урок падыходзіў да канца.

— Дзякуй, Кэтрын Кларк, а зараз хто можа назваць якогась іншага мастака таго пэрыяду?

Кэці зноўку ўзьняла руку. Настаўніца агледзелася вакол у пошуках іншых жадаючых, але такіх не знайшлося. Хлопчыкі і дзяўчынкі са зьдзіўленьнем пазіралі на Кэці, якая распавядала аб сшытках Леанарда ды Вінчы. Пяць тысяч аркушаў, і ўсе напісаныя люстрана, можа, таму што ён быў леўшуном, а можа таму, што жадаў захаваць запісы ў таямніцы. І як ён прапанаваў свае паслугі Герцагу Міланскаму, сказаўшы, што можа ствараць абароненыя ад гарматных стрэлаў караблі ў ваенны час і статуі ў мірны.

— Пане Ісусе, гэтыя італьянскія курсы павінны быць чымсьці асаблівым, — абвясьціла Джозі Хэйс у настаўніцкай.

— Што вы маеце на ўвазе? — спыталі ў яе.

— На ўроку Кэці Кларк падахвоцілася адказваць па новай тэме і зрабіла такое паведамленьне па эпосе Рэнэсансу, якога я ў жыцьці ня чула.

Эйдан Данн, які сядзеў тутака ж, чыёй марай і былі гэтыя курсы, памешваў каву і ўсьміхаўся самому сабе. Шырокай шчасьлівай усьмешкай.


Гадзіны, праведзеныя на курсах італьянскага яшчэ больш зблізілі Кэці і Фрэн. Увосень Мэт Кларк прыехаў дахаты з Англіі паведаміць, што жэніцца на Трэйсі зь Лівэрпулю, але што родным гэта ня зробіць асаблівага фатыгу, бо замест вясельля яны зьбіраюцца выправіцца на Канары. Усе ўздыхнулі з палёгкай, пазнаўшы, што ня прыйдзецца ехаць у Англію на вясельле. Яны трохі пахіхікалі, пачуўшы, што мядовы месяц адбудзецца да, а не пасьля жаніцьбы.

Мэт лічыў тое цалкам разумным. — Яна жадае выглядаць загарэлай на вясельных фотках, да таго ж, калі мы зьненавідзім адно аднаго за гэты час, дык і трасца усё бяры, — бадзёра растлумачыў ён.

Мэт даў маці грошаў на гульнявыя аўтаматы і запрасіў бацьку на пару куфляў піва. — Што гэта за справы з курсамі італьянскага? — пацікавіўся ён.

— Спытай чаго лягчэй, — адмахнуўся бацька. — Я у тым нічога ня кемлю. Фрэн зьнікае ў супэрмаркеце з раніцы да ночы. Хлопец, зь якім яна сустракалася, зьехаў у Штаты. Паняцьця ня маю, навошта яна ўсё гэта на сябе ўсьперла, асабліва пасьля таго, як у школе сказалі, што малая і так залішне імкнецца. Але яны зусім на гэтым звар'яцелі. Зьбіраюцца налета туды выправіцца. Ну дык няхай ужо.

— Кэці ператварылася ў сапраўдную маленькую красуню, скажы?

— Пэўна. Разумееш, калі чалавека кожны дзень бачыш, цяжка зазначыць, — са зьдзіўленьнем сьцепануў плячыма бацька.

Кэці і на самой справе стала куды прыгажэй. У школе Хэррыет пракамэнтавала тое на свой капыл. — У цябе што, хлопец завёўся на курсах італьянскага? Ты нейкая зусім іншая зрабілася.

— Не, хоць там досыць сталых мужчын, нічога такіх, — разрагаталася Кэці. — Але некаторыя вельмі старыя. Мы разьбіваемся на пары, каб накшталт як адно аднаго на спатканьне запрашаць, так гэта проста пацеха. Там ёсьць адзін, яму, пэўна, гадоў сто, клічуць Лярэнца. Ну, бадай, насамрэч Лапік. Дык вось, гэты Лярэнца мне кажа “E libera questa sera?”, а сам робіць круглыя вочы і падкручвае ўяўныя вусы, дык ўсе проста са сьмеху паміраюць.

— Ну-ну. А яна вас вучыць чамусьці сапраўды карыснаму, накшталт Як наконт гэтага? і Што вы сказалі?.

— Увогуле так. — Кэці намаглася ўзгадаць нейкую фразу. — Напрыклад Vive solo ці sola, гэта што ты жывеш адзін. А яшчэ адну я ня вельмі памятаю … Deve rincasare questa notte? Ты сёньня ўвечар дахаты пойдзеш?

— Гэта тая бабулька, якую мы неяк бачылі ў бібліятэцы, з фацэтна пафарбаванымі валасамі?

— Так, Сыньёра.

— Толькі ўявіць сабе, — закаціла вочы Хэррыет. — Дзіўныя справы дзеяцца.


— Вы ўсё яшчэ ходзіце на курсы ў Выгляд-На-Гару, спадарыня Кларк? — Пэгі Селіван сядзела за сваёй касай.

— Яны сапраўды файныя, спадарыня Селіван. Ці ня здолелі б вы перадаць гэта Сыньёры? Усе ад яе бяз одуму. Ведаеце, ніхто ня кінуў заняткі. Гэта, напэўна, нечувана.

— Ну, павінна сказаць, яна з задавальненьнем аб іх распавядае. Адылі ўжо занадта ўтойлівы яна чалавек, спадарыня Кларк. Сьцьвярджае, што была замужам за нейкім італьянцам дваццаць шэсьць гадоў у вёсачцы дзесьці там … але ніколі ніводнага ліста з Італіі … нават фатаздымкаў яго ў яе няма. А тут яшчэ высьветлілася, што ў яе ў Дубліне ўся сям'я жыве, маці ў тых дарагіх кватэрах поруч мора, бацька ў хаце састарэлых, і браты, і сёстры. Усе ў неблагіх раёнах.

— Так, добра … — Фрэн не жадала чуць нічога крытычнага альбо сумнеўнага аб Сыньёры.

— Але гэта дзіўна, хіба ж не? Дзеля чаго ёй жыць у адным пакойчыку ў нашым раёне, калі ўся яе сям'я ўладкавалася ў прыстойным месцы?

— Можа, яна проста зь імі ня ладзіць?

— Яна ходзіць наведваць сваю маці кожны панядзелак і да бацькі ў хату састарэлых два разы на тыдзень. Яна вывозіць яго на калысцы, адна зь сядзелак казала Сьюзі. Чытае яму пад дрэвам, а ён узорыцца перад сабою і сядзіць моўчкі, хоць зь іншымі, якія раз на сто гадоў да яго прыходзяць, імкнецца размаўляць.

— Бедная Сыньёра, — нечакана вырвалася ў Фрэн. — Яна заслугоўвае лепшага.

— Тут вы ў кропку патрапілі, спадарыня Кларк, — падтрымала яе Пэгі Селіван.

У яе меўся важкі чыньнік выпрабоўваць падзяку да гэтай дзіўнай госьці, ці то была яна манашкай, ці не. Яна ашаламляльна ўплывае на іх жыцьцё. Сьюзі зь ёй выдатна ладзіць і стала значна часьцей прыходзіць, Джэры да яе ставіцца як да свайго асабістага рэпэтытару. Яна ім зрабіла фіранкі і такія ж покрыўкі для канапавых падушак. А ў кухні пафарбавала шафку і на падваконцы кветкі пасадзіла. Яе пакой зіхаціць, як новенечка запінка. Пэгі Селіван часам заходзіць праверыць. Любы бы на яе месцы так рабіў. Але ў Сыньёры пажыткаў ад прыезду амаль не пабольшала. Незвычайны яна чалавек. Добра, што ўсе ў клясе яе любяць.


Кэці Кларк была значна маладзей за астатніх вучняў вечаровага кляса. Ёй карцела пазнаць паболей і яна пытала аб граматыцы, аб якой іншыя ня ведалі ды і ведаць не жадалі. Прывабная дзяўчынка, блакітныя вочы і цёмныя валасы, такога ў Італіі не сустрэнеш. Там ва ўсіх цямнюсенькіх прыгажунь вялізныя карыя вочы.

Сыньёру цікавіла, што Кэці будзе рабіць, калі скончыць школу. Часам яна бачыла, як дзяўчынка займаецца ў бібліятэцы. У яе, мабыць, неблагі шанец атрымаць вышэйшую адукацыю.

— Што думае твая маці, чым табе лепш заняцца пасьля сканчэньня школы? — спытала яна ў Кэці неяк увечары, калі яны разам прыбіралі пасьля ўроку крэслы. Ніхто не сьпяшаўся сыходзіць, людзі стаялі і размаўлялі, і гэта было прыемна. Яна дакладна ведала, што некаторыя зь іх зараз выправяцца прапусьціць глыток-іншы ў карчму на ўзгорку, іншыя возьмуць па кубачку кавы.

— Мая маці? — Кэці выглядала зьдзіўленай.

— Так, падаецца, яна так зацікаўлена, з такім запалам да ўсяго ставіцца.

— Не, насамрэч яна ня шмат ведае аб школе альбо аб тым, чым я займаюся. Маці замала дзе бывае і паняцьця ня мае, дзе лепш працаваць альбо вучыцца.

— Але ж яна прыходзіць сюды, на заняткі, разам з табой, так? І яна ходзіць на працу ў супэрмаркет? Спадарыня Селіван, у якой я жыву, казала, яна яе кіраўнік.

— А, гэта Фрэн. Мая сястра, — адказала Кэці. — Нельга, каб яна пачула, што вы сказалі, яна з глузду сыдзе.

Сыньёра выглядала зьбянтэжанай. — Даруй, я ўсё пераблытала.

— Не, тут лёгка памыліцца. — Кэці не жадала, каб пажылая жанчына пачувалася ніякавата. — Фрэн старэйшая ў сям'і, я малодшая. Вядома, вы маглі заблытацца.

Яна нічога не сказала Фрэн аб тым непаразуменьні. Які сэнс прымушаць яе вышукваць перад люстэркам маршчыны. Небарака Сыньёра трохі няўважлівая, часьцяком памыляецца. Але настаўнік яна цудоўны. Усе ў клясе, уключаючы Барталамеа, які надоечы набыў матацыкл, любяць яе.

Кэці падабаўся Барталамеа, ён прыемна ўсьміхаўся і распавядаў ёй аб футболе. Ён запытаў яе, куды ёй падабаецца хадзіць танчыць, і калі яна сказала яму аб дыскатэцы, на якую яны хадзілі ўлетку, паабяцаў, што калі пачнуцца вакацыі ў сярэдзіне сэмэстру і яны зноў здолеюць пайсьці патанчыць, ён параіць ёй добрае месца.

Яна распавяла аб тым Хэррыет. — Я ведала, ты пайшла на гэтыя курсы дзеля сэксу, — заявіла тая. І яны сьмяяліся і сьмяяліся бясконца, хоць любы іншы чалавек ці наўрад палічыў бы гэта хоць трошкі сьмешным.


Неяк у кастрычніку здарылася жудасна залева і ў прыбудове, у якой займаўся вечаровы кляс, пацякла страха. Яны дружна дужаліся з патопам, шмуляючы ваду газэтамі, адсоўваючы сталы, адшукваючы вядро ў адной з прыбіралень, бадзёра пакрыкваючы адно аднаму Che tempaccio і Che brutto tempo. Бары сказаў, што па выпадку дажджу пачакае на прыпынку і пасыгналіць фарамі, калі аўтобус будзе пад'яжджаць, каб усе астатнія ня змоклі ушчэнт.

Коні, жанчына з аздобамі, на якія, як казаў Луіджы, магчыма набыць тузін кватэр, прапанавала захапіць чацьвярых. Яны забраліся ў яе шыкоўны БМВ — Гугліема, прыемны малады чалавек з банка, яго ашаламляльная сяброўка Элізабэт, Франчэска і юная Кацярына. Спачатку яны пад'ехалі да кватэры Элізабэт і там, пакуль маладая пара імчалася пад дажджом па прыступках, усе без упынку крычалі ciao і arrivederci.

Потым рушылі да хаты Кларкаў. Седзячы наперадзе, Фрэн паказвала шлях. Коні не занадта добра ведала гэты раён. Калі яны дабраліся, Фрэн убачыла сваю маці, ідучую выкідаць сьмецьце. У вуснах ў яе, як заўжды, цыгарэта, хоць і мокрая з-за дажджу. Падношаныя шлапакі і завэдзганы шляфрок, у якіх яна ходзіць паштадзень, таксама змоклі. Фарба сораму заліла пашчэнкі Фрэн, калі яна адчула, што саромеецца сваёй маці. Тое, што яна прыехала на элегантным аўто, яшчэ не падстава адмаўляцца ад сваіх каштоўнасьцяў. Яе маці пражыла цяжкае жыцьцё і засталася велікадушным і шчырым чалавекам.

— Маці змокне наскрозь. Няўжо сьмецьце не пачакала б да раніцы? — засмучана вымавіла яна.

— Che tempaccio, che tempaccio, — выгукнула Кэці.

— Сьпяшайся, Кацярына, бабуля трымае для цябе дзьверы адчыненыя, — прыскорыла Коні.

— Гэта мая маці, — адказала ёй Кэці.

Такі моцны быў дождж, і такое моцнае замяшаньне ад ляпаючых дзьвярэй і грукатлівых сьмецьцевых бакаў, што ніхто, падавалася, не зьвярнуў на тое адмысловай увагі.

Ужо ў хаце спадарыня Кларк са зьдзіўленьнем і агідай агледзела сваю мокрую цыгарэту. — Я ледзь не патанула, чакаючы, пакуль вы вылезеце з тага лімузына.

— Божухна, давайце хутчэй вып'ем па філіжанцы гарбаты, — прапанавала Фрэн, напаўняючы імбрык.

Кэці раптам пасела на кухенны стол.

— Due tazze di te, — вымавіла Фрэн на сваім лепшым італьянскім. — Давай, Кэці. Con latte? Con zucchero?

— Ты ж ведаеш, я ня п'ю з малаком ды з цукрам. — Голас Кэці гучаў адхілена. Яна выглядала вельмі зьбялелай.

Спадарыня Кларк абвясьціла, што ня бачыць сэнсу заставацца тут, усё роўна ад іх толку не даможасься, лапочуць на сваёй птушынай мове. Яна ідзе ў ложак і просіць перадаць яе мужу, калі ён зьявіцца з пабу, калі ён, вядома, зьявіцца, каб не пакідаў ёй на раніцу ніякіх падпалёных патэльняў, яна ня маецца іх шураваць. І сышла, бурчачы, кашляючы і рыпаючы прыступкамі.

— У чым справа, Кэці?

Кэці зірнула на яе. — Ты мая маці, Фрэн? — запытала яна.

У кухні запанавала маўчаньне. Было чуваць, як наверсе ў прыбіральні спускаюць ваду і як за акенцам стукае па бэтону дождж.

— Чаму ты спытала аб гэтым зараз?

— Я жадаю ведаць. Так ці не?

— Ты ведаеш, што так, Кэці. — Надышоўшаю працяжную цішыню разьбівалі толькі кроплі дажджу.

— Не, я ня ведала. Да гэтага моманту.

Фрэн падышла да яе і абняла. — Адыдзі ад мяне. Не жадаю, каб ты да мяне дакраналася.

— Кэці, ты ведала, ты адчувала, гэта не абавязкова казаць. Я думала, ты ведаеш.

— Усе астатнія ведаюць?

— Каго ты разумееш пад астатнімі? Тыя, каму трэба, ведаюць. Ты ведаеш, як моцна я люблю цябе, ведаеш, што я гатовая зрабіць для цябе ўсё ў сьвеце і імкнуся даць табе ўсё што магу.

— Акрамя бацькі, і хаты, і імя.

— У цябе ёсьць імя, ёсьць хата. Маці і тата для цябе другія маці і бацька.

— Нічога ў мяне няма. Я твой байструк і ты ніколі не казала мне аб тым.

— Ты выдатна ведаеш, у наш час не існуе такога паняцьця як байструк. Ты была цалкам законнай часткай гэтай хаты з моманту твайго нараджэньня. Гэта твая хата.

— Як ты магла … — пачала Кэці.

— Кэці, што ты вярзеш — можна ўявіць, я аддала цябе на выхаваньне чужым людзям, а сама чакала, пакуль табе споўніцца васямнаццаць, каб пазнаёміцца з табой, і то тады, калі ты мяне адшукаеш.

— І усе гэтыя гады ты дазваляла мне думаць, што маці і ёсьць мая маці. — Кэці патрэсла галавой, быццам імкнучыся ачысьціць яе, вытрасьці зь яе гэтую новую і палохаючую думку.

— Маці была маці табе і мне. Яна радавалася твайму зьяўленьню з таго дня, як пазнала аб табе. Яна сказала, што будзе цудоўна, калі тут зьявіцца яшчэ адно малое. Вось што яна сказала, менавіта так і было. І, Кэці … я лічыла, ты ведаеш.

— Як я магла ведаць? Мы абедзьве звалі маці і тату маці і татам. Людзі казалі, што ты мая сястра, а Мэт, і Джо, і Сін мае браты. Адкуль мне было ведаць?

— Ну, так ужо склалася. Мы жылі ўсе разам у гэтай хаце, ты была ўсяго на сем гадоў маладзей за Джо, было натуральна зрабіць так.

— Усе суседзі ведаюць?

— Можа, некаторыя і ведаюць, але думаю, яны даўно на тое забыліся.

— А хто мой бацька? Хто мой сапраўдны бацька?

— Тата твой сапраўдны бацька, ён выгадаваў цябе, ён клапаціўся аб нас абедзьвюх.

— Ты выдатна разумееш, аб чым я кажу.

— Гэта быў хлопчык, які вучыўся ў шыкоўнай школе, яго бацькі не жадалі, каб ён ажаніўся на мне.

— Чаму быў? Ён памёр?

— Не, ён не памёр, але ён ня мае да нашага жыцьця ні найменшага дачыненьня.

— Гэта да твайго жыцьця ён ня мае ніякага дачыненьня, а да майго вельмі нават можа мець.

— Ня думаю, што гэта добрая думка.

— Ня важна, што ты аб тым думаеш. Дзе бы ён ні быў, ён, тым ня менш, мой бацька. Я маю права пазнаць яго, пазнаёміцца зь ім, сказаць яму, што я Кэці і што я зьявілася на сьвет дзякуючы яму.

— Калі ласка, папі гарбатку. Альбо, прынамсі, дай папіць мне.

— Я табе не замінаю. — Яна зьмерыла Фрэн ледзяным поглядам.

Фрэн разумела, зараз ёй трэба выявіць больш такту і дыпляматыі, як калісьці на працы. Нават як калі адзін з сыноў дырэктара, працуючы ў іх падчас вакацыяў, патрапіў на злачынстве. Зараз усё куды важней.

— Я распавяду табе аб усім, што ты пажадаеш, — вымавіла яна гэтулькі нязмушаным голасам, колькі здолела. — А калі тата прыйдзе пасярод гутаркі, прапаную перайсьці ў твой пакой.

У Кэці пакой быў значна больш, як у Фрэн. Там стаяў стол, кніжная шафа і рукамыйніца, шмат гадоў таму зь любатой усталяваная гаспадаром-вадаправоднікам.

— Ты рабіла ўсё гэта з пачуцьця віны, так? Цудоўны пакой, купля школьнай формы, дадатковыя кішэнныя грошы, нават тыя курсы італьянскага. Ты плаціла за ўсё гэта, таму што адчувала віну.

— Ніводнага дня я не пачувалася перад табой вінаватай, — спакойна адказала Фрэн. Гэта прагучала з такой упэўненасьцю, што Кэці мімаволі пакінула ўзяты ёй зьлёгку гістэрычны тон. — Часам мне станавілася смутна таму, што табе так цяжка даецца вучоба, а я спадзявалася, што здолею даць табе ўсё для пасьпяховага старту. Я шмат працавала, таму заўжды магла стварыць для цябе нармалёвыя ўмовы. Кожны тыдзень я ўносіла трохі грошай у будаўнічую кампанію, не зашмат, але досыць, каб забясьпечыць табе незалежнасьць. Я заўсёды любіла цябе, і шчыра кажучы, ня так ужо важна было, сястра ты мне ці дачка. Ты для мяне проста Кэці, і я жадаю для цябе самога, самога лепшага. Я шмат зрабіла, каб тага дамагчыся і няўпынна аб тым думаю. Таму, ўпэўніваю цябе, чаго я не адчувала, так гэта віны.

У Кэці у вачах зьявіліся сьлёзы. Фрэн нерашуча папляскала яе па руцэ, сьціскаючай філіжанку з гарбатай.

— Ведаю, я не павінна была так казаць. Я была ў шоку, ты ж разумееш, — усхліпнула Кэці.

— Не-не, усё добра. Спытай мяне аб чымсьці.

— Як яго клічуць?

— Паўль. Паўль Мэлан.

— Кэці Мэлан? — са зьдзіўленьнем перапытала яна.

— Не, Кэці Кларк.

— А колькі яму тады было?

— Шаснаццаць. А мне пятнаццаць з паловай.

— Як узгадаю аб каштоўных азначэньнях, што ты мне давала з нагоды сэксу, і як я слухала, разьвесіўшы вушы ...

— Узгадай мае словы, і зразумееш, што я ня раіла нічога, чаго ня выпрабавала сама.

— Так ты кахала яго, гэтага Паўля Мэлана? — у голасе Кэці гучалі кпіны.

— Так, вельмі моцна. Сапраўды вельмі моцна. Я была маладая, але думала, што ведаю, што такое каханьне, і ён таксама, таму ня варта адхрышчвацца ад усяго і казаць, што зрабіла дурасьць. Не было тое дурасьцю.

— І дзе ты яго сустрэла?

— На канцэрце. Мы спадабаліся адно аднаму, і я пачала час ад часу прагульваць урокі, каб сустрэць яго з школы. Мы хадзілі ў кіно. Ён рабіў выгляд, быццам нешта кепска разумее, каб яму прызначалі дадатковыя заняткі, і зьлётваў зь іх. І гэта быў цудоўны шчасьлівы час.

— А потым?

— А потым я зразумела, што цяжарная, і Паўль сказаў сваім маці з бацькам, а я сказала матулі і таце, і ўсё пакацілася ў пекла.

— Хтосьці вёў прамову аб жаніцьбе?

— Не, ніхто. Шмат часу я правяла ў пакоі, што зараз твой, разважаючы аб тым. Я марыла, што ў адзіны файны дзень Паўль зьявіцца ў дзьвярах з пукам кветак і скажа, што калі мне споўніцца шаснаццаць, мы пажэнімся.

— Але тага, мусібыць, не адбылося?

— Не.

— А чаму ён не захацеў застацца побач і падтрымаць цябе, нават калі вы не ажаніліся?

— Гэта было часткай умовы.

— Умовы?

— Так. Яго бацькі сказалі, што, паколькі я яму ня пара і ў нашых адносін няма будучыні, для ўсіх будзе лепей зараз расьсячы ўсе вузлы. Так яны сказалі. Расьсячы ўсе вузлы альбо, можа, разрэзаць усе вузлы.

— Яны былі жудасныя?

— Ня ведаю, я зь імі ніколі да таго не сустракалася, як, зрэшты, і Паўль з маці і татам.

— Карацей кажучы, ён, бацька дзіцяці, вылез сухім з вады, і ніколі больш цябе ня бачыў.

— Яны далі чатыры тысячы фунтаў, Кэці, тады гэта былі немалыя грошы.

— Яны адкупіліся ад цябе!

— Не, мы так на гэтае не глядзелі. Дзьве тысячы я ўклала для цябе ў будаўнічую кампанію. З тымі грашыма, што потым я дадала сама, гэтая сума няблага пабольшала. А іншыя дзьве тысячы аддала маці з татам, бо ім мелася паднімаць цябе.

— І Паўль Мэлан лічыў гэта нармалёвым? Даць чатыры тысячы фунтаў, каб адкараскацца ад мяне?

— Ён цябе ня ведаў. Ён паслухаўся бацькоў, якія сказалі, што ў шаснаццаць зарана станавіцца бацькам, што перад ім кар'ера, што гэта было памылкай і што ён павінен неяк пакрыць яе. Так ім тое бачылася.

— І ён зрабіў кар'еру?

— Так, ён бухгальтар.

— Трэба жа, мой бацька бухгальтар, — хмыкнула Кэці.

— Зараз ён жанаты і ў яго ёсьць дзеці, яго ўласная сям'я.

— Ты маеш на ўвазе, у яго ёсьць іншыя дзеці? — у Кэці задрыжэла падбародзьдзе.

— Так, менавіта так. Двое.

— Адкуль ты ведаеш?

— Бачыла надоечы аб ім артыкул у часопісе, ці ведаеш, так званае жыцьцё заможных і знакамітых.

— Але ж ён не знакамітасьць.

— Яго жонка знакамітасьць, ён жанаты на Мар'яне Хайес. — Фрэн прыпынілася, каб паглядзець на выраблены эфэкт.

— Мой бацька жанаты на адной з найбагацейшых жанчын Ірляндыі?

— Так.

— І ён даў вашывых чатыры тысячы фунтаў, каб ад мяне адчапіцца.

— Ты ня маеш рацыі. Тады ён ня быў жанаты на ёй.

— Я маю рацыю. Зараз ён багаты, і мог бы штосьці даць.

— У цябе ўсё ёсьць, Кэці. У нас ёсьць усё, што нам патрэбна.

— Не, вядома, няма ў мяне ўсяго, што мне патрэбна, а тым больш у цябе, — чмыхнула Кэці, і раптам зь яе вачэй лінулі доўгачаканыя сьлёзы, і яна плакала і плакала, а Фрэн, якую яна шаснаццаць гадоў лічыла сваёй сястрой, гладзіла яе галаву і яе мокрыя пашчэнкі, і яе плечы з ўсей любоўю, на якую толькі здольная маці.

Наступнай раніцай, за сьняданкам, Джо Кларк пакутаваў ад пахмельля. — Выцягні мне пляшку зімняй Колы зь лядоўні, Кэці, будзь добрай дзяўчынкай. У мяне сёньня ў Кілінэі працы да чорта, перавозка падыдзе з хвілі на хвілю.

— Ты да лядоўні бліжэй за мяне, — заявіла Кэці.

— Ты што гэта, хаміш? — спытаў ён.

— Не, канстатую факт.

— Што ж, дазволь табе зазначыць, я не патрываю, каб маё дзіця канстатавала факты ў такім тоне, — адказаў ён, счырванеўшы ад гневу.

— Я не тваё дзіця, — холадна зазначыла Кэці.

Яны ніколькі не выглядалі спалоханымі, яе бабуля зь дзядулям. Гэтыя пажылыя людзі, якіх яна лічыла сваімі бацькамі. Жанчына па-ранейшаму гартала часопіс і паліла, мужчына працягваў абурацца. — Я ня горш за любога іншага чортава бацьку, які ў цябе калісьці быў ці будзе. Ну, дзетка, будзь разумніцай, дай мне хуценька Колу, каб мне не падымацца іншы раз.

І Кэці зразумела, у іх і ў думках не было хаваць ад яе нешта альбо прыкідвацца. Як і Фрэн, яны былі ўпэўненыя, ёй вядома сапраўднае становішча. Яна зірнула на напружаную сьпіну Фрэн якая глядзела ў вакно.

— Добра, тат, — яна падала яму пляшку і чыстую шклянку.

— Вось малайчынка, — ён усьміхнуўся ёй, як звычайна. Для яго нічога не зьмянілася.


— Што б ты зрабіла, калі бы выявіла, што твае бацькі табе ня родныя?

— Я бы была ў захапленьні, шчыра табе кажу.

— Чаму?

— Таму што тады, калі я вырасту, у мяне ня будзе жудаснага падбародзьдзя як у маёй маці і ў бабулі. І мне бы не прыйшлося безупынна выслухваць, як тата правіць малебны аб тым, што я павінна атрымаць прыстойныя адзнакі ў атэстаце. — Бацька Хэррыет, настаўнік, ускладаў вялізныя надзеі на тое, што яна будзе доктарам. Хэррыет марыла стаць уладальніцай начнога клюба.

Яны палічылі тэму вычарпанай.

— Што ты ведаеш аб Мар'яне Хайес? — неўзабаве спытала Кэці.

— Яна, накшталт, найбагацейшая жанчына ў Эўропе, ці толькі ў Дубліне? Да таго ж сымпатычная. Упэўненая, яна купіла ўсе гэтыя штукі, накшталт добрых зубоў, загару і ўсіх гэных файных валасоў.

— Ды ўжо, не сумняваюся.

— Чаго гэта ты ёй цікавісься?

— Яна мне ўначы прысьнілася, — шчыра адказала Кэці.

— А мне сьнілася, што я займаюся каханьнем з ачмурэнным хлопцам. Бадай, час паспрабаваць. Памятаеш, нам ўжо шаснаццаць.

— Ты ж сама дзяўбла, што трэба засяродзіцца на вучобе, — адгыркнулася Кэці.

— Так тое да гэтага сну было. Ты выглядаеш жудасна бледнай і стомленай, нават старой. Не глядзі больш сны пра Мар'яну Хайес, яны табе не на карысьць.

— Што так, то так, — пагадзілася Кэці, нечакана задумаўшыся аб белым твары Фрэн, аб маршчынках у яе пад вачыма. Аб тым, што Фрэн ніколі не загарае і ня бавіць выходныя на замежных курортах. Яна думала аб тым, як Фрэн кожны тыдзень адкладала грошы да яе шаснаццаці гадоў. Узгадала сябра Фрэн, Кена, які зьехаў у Амэрыку. Ён таксама знайшоў сабе нейкую заможную жанчыну? Не дачку вадаправодніка, якая самастойна выбілася ў кіраўніцтва, у мэнэджэры супэрмаркета, якой не прыходзілася са скуркі прэч лезьці, каб паставіць на ногі пазашлюбнае дзіця. Кен напэўна ведаў аб ёй. Малаверагодна, каб Фрэн пастаралася захаваць гэта ў таямніцы.

Як яна ўчора казала, у Дубліне хапае сем'яў, дзе малодшае дзіця насамрэч унук. Фрэн сказала, часьцей за ўсё маці не застаецца дома. Старэйшая сястра зьяжджае, каб пачаць новае жыцьцё. Несумленна.

І несумленна, што Паўль Мэлан упадабаў жыць у сваё задавальненьне, без усялякіх абавязкаў. Тройчы за гэты дзень яна атрымала на ўроках заўвагі за тое, што лунае ў хмарах. Але сёньня вучоба не цікавіла Кэці Кларк. Яна будавала пляны наконт спатканьня з Паўлам Мэланам.


— Выкажы мне, — прапанавала Фрэн увечары.

— Навошта? Ты сама казала, тут не было аб чым гаварыць.

— Так нічога не зьмянілася? — спытала Фрэн з турботай у вачах. У яе не было дарагіх крэмаў, каб прыбіраць з твару маршчынкі. Ёй ніхто не дапамагаў гадаваць дзіця. У Мар'яны Хайес, зараз Мар'яны Мэлан, напэўна памагатых безьліч. Мэдсёстры, нянькі, абслуга, шафёры, трэнэры па тэнісе і фітнэсу. Кэці паглядзела на маці спакойным поглядам. Хоць яе сьвет і паляцеў потарч, яна ня стане дадаваць Фрэн складанасьцяў.

— Не, Фрэн, — схлусіла яна. — Нічога не зьмянілася.


Высьветліць, дзе жывуць Паўль і Мар'яна, апынулася зусім няцяжка.

Амаль кожны тыдзень штосьці аб іх зьяўлялася у газэтах. Усе ведалі іх хату. Але ісьці дахаты яна не жадала. Трэба пайсьці ў офіс. Паразмаўляць зь ім па-дзелавому. Няма ніякай неабходнасьці ўблытваць ягоную жонку ў тое, што яна павінна яму сказаць.

Узброіўшыся тэлефоннай карткай, Кэці пачала тэлефанаваць у буйныя аўдытарскія кампаніі. На другім званку атрымалася выявіць назву фірмы, у якой ён працуе. Яна чула аб гэтай кампаніі, што клапацілася аб бухгалтэрскіх справах ўсіх кіназорак і тэатральных знакамітасьцяў. Ўстанова шчыльна зьвязана з шоў-бізнэсам. У яго ня толькі безьліч грошай, ён яшчэ і няблага бавіць час.

Двойчы яна падыходзіла да тага гмаху, і двойчы ёй адмаўляла мужнасьць. Будынак быў такі велічэзны. Яна ведала, яны займаюць толькі пяты і шосты паверхі, але не адчувала ў сабе дастатковай упэўненасьці. Апынуўшыся ўсярэдзіне, яна зможа паразмаўляць зь ім, распавесьці яму, хто яна ёсьць, як усе гэтыя гады яе маці працавала і эканоміла. Яна нічога не зьбіраецца прасіць. Яна растлумачыць, што гэта няшчыра, вось і ўсё. Але само месца рабіла на яе занадта моцнае ўражаньне. Выклікала поўны глыбокай пашаны жах. Швэйцар у фае, маладзіцы за інфармацыйным сталом на першым паверсе, якія тэлефануюць, каб высьветліць, ці можаш ты прайсьці ў прэстыжныя офісы наверсе.

Ёй трэба выглядаць інакш, калі яна жадае прабрацца праз гэнтых адмыслова навучаных драконаў, сказаўшы, што жадае сустрэцца з Паўлам Мэланам. Яны не дазволяць школьніцы ў форменнай спадніцы падняцца, каб убачыцца са спадаром бухгальтарам; ці ледзь ні адзіным, жанатым зь мільянэркаю.

Яна патэлефанавала Хэррыет.

— Ці не магла б ты прыцягнуць заўтра ў школу нейкую шыкоўную шмотку тваёй маці?

— Толькі калі ты распавядзеш мне, навошта.

— Вызначаецца адна авантура.

— Любоўная авантура?

— Магчыма.

— Тады табе патрэбныя кашулькі-штонікі? — Хэррыет была вельмі практычнай дзяўчынай.

— Не, жакет. І нават пальчаткі.

— Пане ўсемагутны, — ашаламілася Хэррыет. — Гэта павінна быць нешта жудасна экстравагантнае.

На наступны дзень рэчы прыбылі ў спартовай кайстры. Кэці прымерала іх у дзявочай прыбіральні. Жакет сядзеў выдатна, але са спадніцай нешта ня ладзілася.

— Дзе адбудзецца твая авантура? — Хэррыет ад хваляваньня ледзь дыхала.

— У офісе, у паважным офісе.

— Можна падвязаць спадніцу вышэй. Карацей яна будзе нармалёва выглядаць. Ён цябе распране, альбо ты сама?

— Што? Ну, так, сама.

— Тады добра. — Сумеснымі высілкамі яны надалі Кэці выгляд асобы, якую безь перашкод павінны пускаць скрозь. Яна выцягнула шмінку і цень Фрэн.

— Не рабі гэтага зараз, — шыкнула Хэррыет.

— Чаму?

— Я так лічу, табе яшчэ ў кляс ісьці, а яны стоадсодкава засякуць, калі ты ў такім выглядзе зьявісься.

— Я і не зьбіраюся ў кляс. Скажаш, табе перадалі, што я захварэла.

— Не. Не магу даць веры.

— Дый годзе, Хэррыет, я ж рабіла тое самае для цябе, калі табе карцела зьліняць паглядзець на поп-зорак.

— Але куды ты зьбіраесься а дзевятай раніцы?

— У офіс, на авантуру, — адказала Кэці.

— Ну ты даеш, — у Хэррыет рот разявіўся ад захапленьня.

Гэтым разам яна не захісталася.

— Дабранак. Спадара Паўла Мэлана, калі ласка.

— Вашае імя?

— Маё імя яму нічога не скажа, але, калі ласка, перадайце, што гэта Кэтрын Кларк, па справе Фрэнсіс Кларк, яго давішняй кліенткі. — Кэці адчувала, у гэтым офісе людзі карыстаюцца поўнымі імёнамі, ніякіх табе Кэці і Фрэн.

— Я паведамлю яго сакратару. Спадар Мэлан нікога не прымае без папярэдняй дамоўленасьці.

— Я буду чакаць, пакуль ён ня вызваліцца, так і скажыце. — Кэці размаўляла з упэўненай сілай, што дзейнічала куды мацней за ўсе яе спробы апрануцца самавіта.

Адна з шыкоўных сакратарак са зьдзіўленьнем пераглянулася зь іншай і нягучна загаварыла з кімсьці па тэлефоне.

— Спадарычня Кларк, вы будзеце размаўляць з сакратаром спадара Мэлана? — ўрэшце спытала яна.

— Безумоўна.

Кэці рушыла уперад, спадзеючыся, што яе школьная спадніца ня выпадзе нечакана з-пад жакета маці Хэррыет.

— Пеньні ля тэлефону. Чым магу вам дапамагчы?

— Вам перадалі адпаведныя імёны? — вымавіла Кэці. Як выдатна, што яна прыгадала гэтае слова — адпаведныя. Выдатнае слова, такое ёмістае.

— Ну, так … але гэта ня мае значэньня.

— На маё меркаваньне, мае. Калі ласка, паведаміце гэтыя імёны спадару Мэлану і, будзьце ласкавыя, скажыце яму, што справа ня зойме ў яго шмат часу. Ня больш як дзесяць хвілін. Але я буду чакаць датуль, пакуль ён ня зможа са мной пабачыцца.

— Мы не прызначаем сустрэч падобнай выявай.

— Калі ласка, перадайце яму імёны, — Кэці адчувала, як ад хваляваньня ёй млосьнее.

Пасьля трох хвіль чаканьня бразнуў званок.

— Сакратар спадара Мэлана сустрэне вас на шостым паверсе, — абвясьціла адна з багінь за сталом.

— Шчыры дзякуй за дапамогу, — хітнула Кэці Кларк, падцягнула школьную спадніцу і накіравалася да ліфту, што павінен быў адвезьці яе на спатканьне з бацькам.

— Спадарычня Кларк? — паведамілася Пеньні, якая усім сваім выглядам нагадвала ўдзельніцу конкурсу прыгажосьці. Крэмавы гарнітур і чорныя лакіркі на высачэзных абцасах дапаўнялі масіўныя чорныя каралі.

— Усё дакладна. — Кэці жудасна карцела выглядаць больш зграбнай, сталай і лепш апранутай.

— Сюды, калі ласка. Спадар Мэлан сустрэнецца з вамі ў канфэрэнц-зале. Кавы?

— Было бы цудоўна, дзякую.

Яе правялі ў пакой са сьветлым драўляным сталом, вакол якога стаяла восем крэслаў. На сьценах віселі карціны, не рэпрадукцыі пад шклом, як у іх у школе, сапраўдныя карціны. На падвоканьні стаялі кветкі, сьвежыя кветкі, пастаўленыя гэтай раніцай. Кэці у чаканьні села.

Ён увайшоў, малады, гожы, быццам маладзейшы за Фрэн, хоць і на год старэй.

— Мае вітаньні, — ён шырока ўсьміхнуўся.

— Мае вітаньні, — адказала яна. Пасьля абодва замоўклі

У гэты момант зьявілася Пеньні з кавай. — Паднос пакінуць? — пацікавілася яна, нясьцерпна жадаючы затрымацца.

— Дзякуй, Пен, — кіўнуў ён.

— Вы ведаеце, хто я? — спытала Кэці, калі Пеньні выдалілася.

— Так, — адказаў ён.

— Вы чакалі мяне?

— Калі шчыра, не раней, як праз пару гадоў. — У яго апынулася прыемная ўсьмешка.

— І што вы зьбіраліся рабіць тады?

— Тое, што раблю зараз — слухаць.

Трапны крок. Ён усё падаваў ёй.

— Ну, я проста жадала прыйсьці паглядзець на вас, — сказала яна неяк нявызначана.

— І вось ты прыйшла, — гэта прагучала вельмі ветліва, ветліва і прыязна. — І што ты думаеш?

— Вы выглядаеце файна, — паняволі прызнала яна.

— І ты таксама, вельмі файна.

— Я толькі зараз пазнала аб усім, разумееце.

— Разумею.

— Вось чаму я вырашыла прыйсьці і паразмаўляць з вамі.

— Вядома, вядома. — Ён наліў ім кавы і падаў ёй самой дадаваць цукар і малако, калі яна пажадае.

— Разумееце, да гэтага тыдня я сапраўды думала, што я мамчына і татава дачка. Для мяне гэта апынулася шокам.

— Фрэн не казала табе, што яна твая маці?

— Не.

— Ну, я разумею, пакуль ты была маленькая, але калі ты падрасла … ?

— Не. Ёй падавалася, я здагадваюся, ну а я паняцьця ня мела. Я думала, яна проста цудоўная старэйшая сястра. Разумееце, я не занадта кемлівая.

— Мне ты падаесься файнай і кемлівай. — Ён нібы шчыра ёю захапляўся.

— Не, я не такая, так ужо здарылася. Я шмат займаюся, і ўрэшце ўсё разумею, але ня здольваю схопліваць зь лёту, як мая сяброўка Хэррыет. Я трошкі гальмар.

— У дакладнасьці, як я, так ужо здарылася. Атрымліваецца, ты ў свайго бацьку.

У яе галава пайшла колам. Тут, у гэтым офісе, ён прызнаў, што ён яе бацька. З глузду можна рушыць. Але яна паняцьця ня мае, што ж ёй зараз рабіць. Ён зьнішчыў усе яе аргумэнты. Яна чакала, ён будзе лямантаваць, ад усяго адмыкацца, апраўдвацца. Нічога падобнага.

— Вы бы не атрымалі працу накшталт гэтай, будзь вы сапраўдны гальмар.

— Мая жонка вельмі багатая, да таго ж я абаяльны гальмар, някепска ладжу зь людзьмі. Вось чаму я тут.

— Але вы сталі бухгальтарам самі, да таго як сустрэлі яе, хіба ж не?

— Так, я стаў бухгальтарам, але ня тут. Спадзяюся, калісьці ты сустрэнесься з маёй жонкай, Кэтрын. Ты яе палюбіш, яна цудоўная жанчына.

— Проста Кэці. Я ня здолею яе палюбіць. Упэўненая, яна цудоўная, але яна не захоча сустрэцца са мной.

— Захоча, калі я скажу ёй, што мне тое будзе прыемна. Мы шмат робім, каб даставіць задавальненьне адно аднаму, я таксама сустрэнуся з кімсьці, калі яна папросіць.

— Але яна не падазрае аб маім існаваньні.

— Яна ведае. Я казаў ёй, даўным-даўно. Я ня ведаў твайго імя, але я сказаў ёй, што ў мяне ёсьць дачка, дачка, якую я ніколі ня бачыў, але зь якой, магчыма, сустрэнуся, калі яна вырасьце.

— Вы ня ведалі майго імя?

— Не. Калі ўсё гэта здарылася, Фрэн толькі паабяцала паведаміць мне, будзе гэта хлопчык альбо дзяўчынка, вось і ўсё.

— Такая была дамова?

— Ты гэта вельмі добра сфармулявала. Такая была дамова.

— Яна вельмі добра да вас ставіцца. Яна лічыць, вы ва ўсім гэтым паводзілі сябе проста выдатна.

— І што яна перадае мне? — Ён быў цалкам спакойны, мяккі, ніякай насьцярожанасьці альбо чагосьці такога.

— Яна паняцьця ня мае, што я тут.

— А дзе яна думае ты зараз?

— У школе, у Выгляд-На-Гару.

— Выгляд-На-Гару? Вось куды ты ходзіш?

— Чатыры тысячы фунтаў шаснаццаць гадоў таму нядосыць, каб паслаць мяне ў нейкае шыкоўнае мястэчка, — у сэрцах выказалася Кэці.

— Так ты ведаеш аб дамове?

— Я пазнала аб усім адначасова, у адну ноч. Высьветліла, што яна не мая сястра і што вы прадалі мяне.

— Вось як яна падала гэта?

— Не. Так яно ёсьць насамрэч, яна гэта падала зусім інакш.

— Мне вельмі шкада. Думаю, тужліва пачуць такое.

Кэці зірнула на яго. Менавіта так гэта было. Тужліва. Яе маці была бедная, ёй прыйшлося адплачвацца спаўна. Яе бацька быў сынам прывілеяваных людзей, ён не плаціў за свае забавы. Гэта прымушала яе думаць, што сыстэма накіраваная супраць людзей накшталт яе, і так будзе заўсёды. Дзіўна, што ён так дакладна пазначыў яе пачуцьцё.

— Так, так і было. Так і ёсьць.

— Добра, скажы мне, чаго ты чакаеш ад мяне. Сажы мне і мы зможам гэта абмеркаваць.

Яна зьбіралася запатрабаваць усё мажлівае і немажлівае для Фрэн і для сябе самой. Яна зьбіралася прымусіць яго ўсьвядоміць, што ў дваццатым стагодзьдзі багацьце ўжо не дае чалавеку права выйсьці сухім з вады. Але ня вельмі лёгка апынулася сказаць гэта ўсё чалавеку, які ўсім сваім выглядам даводзіў, што рады бачыць яе, а зусім ня ў жаху ад яе зьяўленьня.

— Я пакуль ня ўпэўненая, што ведаю, чаго жадаю. Неяк усё занадта нечакана.

— Разумею. У цябе пакуль не было часу разабрацца ў сваіх пачуцьцях. — Яна не пачула палягчэньня ў яго голасе, толькі сымпатыю.

— Ці бачыце, мне ўсё яшчэ зацяжка з гэтым асвоіцца.

— Ды і мне таксама зацяжка асвоіцца з гэтым. Сустрэча з табой засьпела мяне зьнянацку, — ён імкнуўся паказаць, што яны ў адной лодцы.

— Хіба вас не раздражняе маё зьяўленьне?

— Не, ты цалкам памыляесься. Я страшна рады, што ты прыйшла ўбачыцца са мной. Мне толькі шкада, што ў цябе нялёгкае жыцьцё, а гэты шок зрабіў яго нават цяжэй. Вось якія пачуцьці я выпрабоўваю.

Яна адчула камяк у горле. Ён ня меў нічога агульнага з тым, якім яна яго сабе ўяўляла. Няўжо магчыма, каб гэты чалавек быў яе бацькам? Што калі бы акалічнасьці склаліся інакш, ён і Фрэн маглі бы ажаніцца і яна была бы іх старэйшай дачкой?

Ён выняў візытоўку і напісаў на ёй тэлефон. — Гэта мая прамая лінія. Тэлефануй па гэтым нумары і табе ня прыйдзецца прабірацца праз цэльную сыстэму. — Неяк гэта выглядала крыўдна, нібы ён імкнуўся пазьбегнуць дадатковага тлумачэньню. Зрабіць так, каб людзі на працы ня ведалі аб яго прыкрай маленькай таямніцы.

— Вы не баіцеся, што я магу патэлефанаваць вам дахаты? — запытала яна, шкадуючы руйнаваць яго мілату, але цьвёрда вырашыўшы не дазваляць сабе ісьці ў яго на повадзе.

Ён усё яшчэ трымаў асадку ў руцэ. — Я як раз зьбіраўся запісаць яшчэ і мой хатні нумар. Ты можаш тэлефанаваць мне ў любы час.

— А як жа ваша жонка?

— Мар'яна, вядома, таксама будзе шчасьлівая паразмаўляць з табой. Я ёй сёньня ж увечары распавяду, што ты прыходзіла са мной пабачыцца.

— Вы вельмі стрыманы, так? — выпаліла Кэці з сумесьсю захапленьня і абурэньня.

— Мяркую, зьнешне я нязмушаны, хоць насамрэч жудасна хвалююся. Ды і хто бы не хваляваўся? Упершыню сустрэцца са сталай прыгажуняй дачкой і ўсьвядоміць, што дзякуючы табе яна прыйшла ў гэты сьвет.

— А вы калісьці думаеце аб маёй маці?

— Я думаў аб ёй пэўны час, як усе мы думаем аб нашым першым каханьні, і нават больш, з-за таго што здарылася, і з-за таго, што ты нарадзілася. Але потым, раз ужо так усё склалася, я стаў думаць аб іншых рэчах і аб іншых людзях.

Шчыры адказ, Кэці не магла тага адмаўляць.

— Як я буду вас зваць? — нечакана спытала яна.

— Ты ж завеш Фрэнсіс Фрэн, не магла бы ты клікаць мяне Паўлам?

— Я нейкім часам зноў зайду ўбачыцца з вамі, Паўль, — яна паднялася, каб сысьці.

— У любы момант, калі я табе спатрэблюся, Кэці, я буду тут, — сказаў яе бацька.

Яны працягнулі адно аднаму рукі, але калі іх пальцы даткнуліся, ён прыцягнуў яе да сабе і абняў. — З гэтага часу ўсё будзе інакш, Кэці, — прашаптаў ён. — Інакш і лепш.

На зваротным шляху да школы, у аўтобусе, Кэці сьцерла цень і шмінку. Яна скруціла пільчак маці Хэррыет, саўганула яго ў спартовую кайстру і выправілася ў кляс.

— Ну? — не цярпелася Хэррыет.

— Нічога.

— Што значыць нічога?

— Нічога не адбылося.

— Маўляў, ты ўсё гэта закруціла, прыйшла да яго ў офіс, а ён да цябе не дакрануўся?

— Ён накшталт як абняў мяне.

— Бадай, ён імпатэнт, — зь веданьнем справы заявіла Хэррыет. — У часопісах запар і побач можна прачытаць, што жанчыны пішуць аб такіх выпадках.

— Не выключана, — пагадзілася Кэці, дастаючы падручнік геаграфіі.

Спадар А’Брайн, які па-ранейшаму, нават стаўшы Дырэктарам, выкладаў свой прадмет, зірнуў на яе па-над акулярамі. — Твая прастуда раптам прайшла, Кэці? — падазрона пацікавіўся ён.

— Так, дзякаваць Богу, спадар А’Брайн, — у адказе Кэці не было няветлівасьці альбо дзёрзкасьці, але гаварыла яна зь ім як роўная, не як вучаніца. Гэтае дзіця зрабіла нечаканыя посьпехі з пачатку сэмэстра, адзначыў ён сам сабе. Яго цікавіла, ці зьвязана гэта нейкім чынам з курсамі італьянскага, што, насуперак усім яго прагнозам, замест поўнага правалу карысталіся аглушальным посьпехам.


Маці сышла змагацца за прызавую гульню, тата выправіўся ў паб. Фрэн важдалася на кухні.

— Ты трохі затрымалася, Кэці. Усё нармалёва?

— Вядома. Я трохі прайшлася. Вучыла ўсе гэтыя часткі цела для сёньняшняга занятку. Яна ж зьбіраецца разьбіць нас на пары і пытаць Dov’e il gomito, а табе трэба будзе дакрануцца да локця суседа.

Фрэн прыемна было бачыць яе шчасьлівай. — Можа, я зраблю лусьцікі, каб нам падсілкавацца перад усім гэтым?

— Файна. Ведаеш, як сказаць ногі?

— I piedi. Я вучыла сёньня ў перапынак, — усьміхнулася Фрэн. — Гэтак мы з табой хутка станем любімчыкамі настаўніцы.

— Я бачыла яго сёньня.

— Каго?

— Паўла Мэлана.

Фрэн апусьцілася на крэсла. — Ты жартуеш.

— Ён быў вельмі любасны, сапраўды вельмі любасны. Даў мне сваю візытоўку. Глядзі, напісаў мне сваю прамую лінію і хатні нумар.

— Не магу назваць твой учынак разумным, — урэшце выдушыла зь сябе Фрэн.

— Ну, ён выглядаў вельмі задаволеным. Па сутнасьці, ён нават сказаў, што рады, што я гэта зрабіла.

— Рады?

— Так. І ён сказаў, што я магу прыходзіць у любы час, і калі жадаю, прыйсьці да яго дахаты і сустрэцца зь яго жонкай. — Твар Фрэн нечакана здаўся спустошаным. Як калі б жыцьцё суздром пакінула яго. Быццам хтосьці засунуў ёй у галаву руку і нешта выключыў там. Кэці ўразілася. — Ну хіба ты ня радая? Не было ні ляманту, ні сцэны, проста, нармалёва і натуральна, як ты распавядала гэта было. Ён зразумеў, што для мяне ўсё апынулася шокам, і ён сказаў, з гэтага часу ўсё будзе інакш. Інакш і лепш, гэта яго словы.

Фрэн кіўнула, нібы мова не падпарадкоўвалася ёй. Кіўнула зноўку, і толькі потым здолела вымавіць: — Так, гэта добра. Добра.

— Чаму ты ня радая? Я думала, ты будзеш задаволеная.

— Ты маеш поўнае права мець зносіны зь ім і прэтэндаваць на тое, што ён мае. Я ніколі не зьбіралася забараняць табе гэта.

— Пытаньне наогул так не стаіць.

— Пытаньне стаіць менавіта так. Ты маеш права пачувацца абдзеленай, убачыўшы тага чалавека, у якога ёсьць усё, тэнісныя корты, басэйны, шафёры.

— Гэта зусім ня то, чаго я шукала, — пачала Кэці.

— А потым ты вяртаесься ў хату накшталт гэтай, ідзеш у школу накшталт Выгляд-На-Гару, а цябе ж раней нават вабіла магчымасьць пайсьці на нейкія нягеглыя курсы, дзеля якіх я круцілася і эканоміла. Ня дзіўна, што ты спадзяесься, што ўсё будзе … як ты сказала, інакш і лепш?

Кэці з жахам глядзела на яе. Фрэн падумала, што яна жадае Паўла Мэлана замест яе. Што яе асьляпіла мімалётнае спатканьне з чалавекам, аб якім колькі дзён таму яна ўвогуле паняцьця ня мела.

— Лепш толькі таму, што зараз я ўсё ведаю. Больш нічога ня зьменіцца, — паспрабавала яна растлумачыць.

— Вядома. — Зараз Фрэн была заціснутай і непранікальнай. Яна мэханічна, нібы робат, паклала на хлеб сыр, два скрыліка памідора і запхнула ў грыль.

— Фрэн, пачакай. Я нічога тага не жадаю. Паслухай, няўжо ты не разумееш? Я паглядзела на яго. Ты мела рацыю, ён ня монстар, ён любасны.

— Вельмі радая, я табе казала.

— Ты ўсё хібна разумееш. Паслухай, патэлефануй яму сама, спытай яго. Гэта зусім ня значыць, што я жадаю быць зь ім, а не з табой. Проста ўбачыцца зь ім пару раз. Вось і ўсё. Пагавары зь ім па тэлефоне і ты ўсё зразумееш.

— Не.

— Чаму? Чаму не? Зараз я накшталт як праклала дарогу.

— Шаснаццаць гадоў таму я склала дамову. Яна датычыла таго, што я больш ня буду мець зь ім зносіны, і я ніколі ня мела зносін.

— Але я не давала тага абяцаньня.

— Хіба я цябе асуджаю? Я сказала, што ты мела поўнае права. Хіба я ня гэта сказала? — Фрэн паклала на талерку тосты з сырам і наліла па шклянцы малака.

Кэці адчула невымоўны смутак. Гэтая добрая жанчына заляцалася за ёй, заўсёды сачыла, каб у яе было ўсё, у чым яна патрабавалася. Ня будзь Фрэн, не было бы ні цудоўнага зімняга малака напагатове, ні прыгатаванай гарачай вячэры. І зараз яна толькі мімаходзь згадала, што дзеля курсаў італьянскага ёй прыйшлося выкручвацца і эканоміць. Нічога дзіўнага, што яе крыўдзіць і робіць няшчаснай думка, што Кэці, пасьля ўсіх тых ахвяр, здольная забыць аб гадах любові і блізкасьці. Што яе можа асьляпіць зьнянацку атрыманая пэрспэктыва багацьця і камфорту.

— Ужо час пасьпяшацца на аўтобус, — нагадала Кэці.

— Вядома, калі ты тага жадаеш.

— Натуральна, жадаю.

— Тады добра. — Фрэн апранула палітон, бачыўшы лепшыя дні. Яна пераабулася ў свае добрыя туфлі, што зусім не былі такімі ўжо добрымі. Кэці ўзгадала мяккія італьянскія скураныя туфлі яе бацькі. Яна ведала, што яны вельмі, вельмі дарагія.

— Avanti, — сказала яна. І яны пабеглі да аўтобуса.

На ўроку Фрэн апынулася ў пары з Луіджы. Сёньня ўвечары яго чорныя, сурова зьведзеныя бровы падаваліся яшчэ больш грознымі, як звычайна.

— Dov’e il cuore? — спытаў Луіджы. З-за яго дублінскай вымовы зразумець, аб якой частцы цела ён кажа, было вельмі складана. — Il cuore, — паўтарыў Луіджы, раздражняючыся. — Il cuore, дзеля Бога, найважнейшая частка цела.

Фрэн глядзела на яго адсутным поглядам. — Non so, — вымавіла яна.

— Вядома, ты ведаеш, дзе тваё чортава cuore, — у гэты момант Луіджы выглядаў значна больш непрыемным супраць звычайнага.

Ёй на дапамогу прыйшла Сыньёра. — Con calma per favore, — умяшалася яна, жадаючы ўсталяваць згоду. Яна падняла руку Фрэн і паклала на яе сэрца. — Ecco il cuore.

— Доўга ж ты яго шукала, — прабурчэў Луіджы.

Сыньёра паглядзела на Фрэн. Сёньня гэтая любасная жанчына была сама не свая. Звычайна яна прымала ва ўсім найжывы ўдзел і падбадзёрвала дачку.

Сыньёра ўдакладніла ў Пэгі Селіван. — Вы ж казалі мне, што спадарыня Кларк маці шаснаццацігадовай дзяўчынкі?

— Так, яна яе нарадзіла, калі ёй самой стукнула гэтулькі ж. Яе бацькі ўсынавілі дзяўчынку, але ўсім вядома, гэта дзіця спадарыні Кларк.

Сыньёра зразумела, што Кэці тое вядома не было. Але на гэтым тыдні абедзьве яны не ў сваёй талерцы. Магчыма, таемнае стала відавочным. Адчуваючы віну, яна паспадзявалася, што ня мае да тага дачыненьня.


Кэці вычакала тыдзеньчык, перш як патэлефанаваць Паўлю Мэлану па прамой лініі.

— Зараз прыдатны час для гутаркі? — пацікавілася яна.

— У мяне сёй-той у кабінэце, але я бы жадаў пагаварыць з табой, дык, калі ласка, не магла б ты хвіліначку пачакаць? — Яна пачула, як ён пазбавляецца ад кагосьці. Можа, ад кагосьці важнага. Кагосьці, мусібыць, добра знаёмага.

— Кэці? — Голас яго гучаў мякка і ветліва.

— Вы сапраўды мелі на ўвазе, што мы зможам калісьці сустрэцца ў нейкім месцы, не такім сумятлівым, як офіс?

— Вядома, я меў гэта на ўвазе. Падабедаем разам?

— Дзякуй, калі?

— Заўтра. Ведаеш Квеньцін?

— Я ведаю, дзе гэта.

— Выдатна. Як наконт першай гадзіны? Узгадняецца са школай?

— Зраблю так, каб ўзгаднялася. — Яна ўсьміхнулася і адчула, што ён таксама ўсьміхнуўся.

— Слушна, але ня варта цябе мець непрыемнасьці.

— Усё добра, не хвалюйцеся.

— Я рады, што ты патэлефанавала.

Яна вымыла галаву і дбайна апранулася, вылучыла сваю лепшую школьную кашулю, апрацавала блэйзер плямавыводнікам.

— Ты сёньня зь ім сустракаесься, — сказала Фрэн, гледзячы, як Кэці наваксоўвае туфлі.

— Я заўсёды казала, табе трэба працаваць у Інтэрполе, — адгукнулася Кэці.

— Не, ты мне ніколі такога не гаварыла.

— Мы проста падабедаем.

— Я табе ўжо казала, гэта тваё права, калі ты тага жадаеш. Куды вы зьбіраецеся?

— У Квеньцін. — Яна вырашыла сказаць праўду. Фрэн ўсё роўна рана ці позна пазнае. Лепей бы ён вылучыў штосьці не такое шыкоўнае, не такое далёкае ад іх звычайнага сьвету.

Фрэн прымусіла сябе знайсьці словы ўхвалы. — Што ж, гэта будзе цудоўна. Спадзяюся, ты атрымаеш задавальненьне. Ад усяго гэтага.

Кэці раптам зразумела, як мала ў гэтыя дні прымалі ўдзел ў іх жыцьці маці з татам, яны, падавалася, проста прысутнічалі дзесьці тут, на заднім пляне. Няўжо так было заўжды і яна папросту не прымячала?

Яна распавяла дзяжурнаму настаўніку, што сёньня ёй трэба да зубнога.

— Ты павінна паказаць квіток, — нагадаў настаўнік.

— Ведаю, але я так напалохалася, што зусім забыла яго ўзяць. Можна, я заўтра прынясу?

— Вядома, вядома.

Тое, што ўсе гэтыя гады яна лічылася стараннай, руплівай вучаніцай, прыносіла свой плён. Зараз яна магла лёгка зьліняць, карыстаючыся сваёй выдатнай рэпутацыяй.

Натуральна, яна паведаміла Хэррыет аб намеры прагуляць урокі.

— Што ты плянуеш гэтым разам? Прыбрацца дзеля яго мэдсястрой? — жадала ведаць сяброўка.

— Не, проста падабедаць у Квеньціне, — ганарліва адказала яна.

У Хэррыет сківіца адвісла. — Ты жартуеш.

— Ані. Я табе, калі вярнуся, сьпіс страў прынясу.

— У цябе самае захапляльнае асабістае жыцьцё з усіх, каго я ведаю, — з зайздрасьцю вытхнула Хэррыет.


Там было загадкава, файна і вельмі элегантна.

Прыгожая жанчына ў цёмным гарнітуры выйшла ёй насустрач.

— Дабрыдзень, будзьце ласкавы, я Брэнда Брэнан. Вы з кімсьці сустракаецеся?

У Кэці захапіла дух ад жаданьня стаць падобнай да гэтай жанчыны. Вось бы і Фрэн таксама магла быць такой. Упэўненай і дабразычлівай. Мабыць, жонка яе бацькі такая. Такой трэба нарадзіцца, навучыцца гэтаму немагчыма. Але можна навучыцца рабіць выгляд, што ты гэтулькі ў сабе ўпэўненая.

— У мяне сустрэча са спадаром Паўлам Мэланам. Ён сказаў, што замовіў столік а першай гадзіне. Я трохі раней часу.

— Дазвольце мне паказаць вам столік спадара Мэлана. Штосьці вып'еце пакуль?

Кэці замовіла Дыетычную Коку. Яе прынесьлі ў высокай крыштальнай шклянцы зь лёдам і кавалачкамі цытрыну. Яна павінна запомніць для Хэррыет кожнае імгненьне.

Ён ішоў, ківаючы гэнтаму століку і ўсьміхаючыся таму. Нейкі мужчына ўстаў, каб паціснуць яму руку. Да таго моманту, як ён апынуўся поруч яе, ён павітаўся з добрай паловай залі.

— Ты выглядаеш інакш, мне падабаецца, — сказаў ён.

— Ну, проста я не апранула жакет маці маёй сяброўкі і абышлася бяз тоны касмэтыкі, бо сёньня мне ня трэба было прарывацца праз сакратарыят, — засьмяялася яна.

— Мы павінны хутчэй зрабіць замову? Ты сьпяшаесься зварот?

— Не, я ў зубнога, гэта можа заняць цэлую вечнасьць. А вы сьпяшаецеся?

— Не, увогуле не.

Яны прыняліся вывучаць мэню і спадарыня Брэнан падышла распавесьці аб сёньняшніх стравах. — У нас цудоўныя insalata di mare, — пачала яна.

— Camberi, calamari? — вырвалася ў Кэці перш, як яна здолела сябе спыніць. Толькі напярэдадні ўвечар яны разьбіралі ўсе тыя морапрадукты … Camberi, крэвэткі, calamari, кальмары …

І Паўль, і Брэнда Брэнан паглядзелі на яе са зьдзіўленьнем.

— Ой, я, падаецца, выстаўляюся. Проста я хаджу на вечаровыя клясы італьянскага.

— Я бы з задавальненьнем выставілася, калі б здолела ўтрымаць усё гэта ў галаве, — прызналася спадарыня Брэнан. — Мяне вучыла гэтаму мая сяброўка Нора, якая дапамагае нам складаць сьпіс страў, калі ў нас італьянская кухня. — Абодва яны, падаецца, глядзелі на яе з захапленьнем, а можа яна проста навыдумляла сабе немаведама чаго.

Паўлю, як звычайна, прынесьлі келіх віна, зьмяшанага зь мінэральнай вадой.

— Ня варта было прыводзіць мяне ў такое шыкоўнае месца, — сказала яна.

— Я табой ганаруся і жадаю каб усе цябе бачылі.

— Ну, проста Фрэн думае … мне падаецца, яна раўнуе да таго, што я магу пайсьці з вамі ў нейкую установу накшталт гэтай. Я зь ёй ніколі не хадзіла нікуды акрамя Палкоўніка Сандэрса і Макдональду.

— Яна зразумее. Я проста жадаў прывесьці цябе ў нейкае прыемнае месца, каб адсьвяткаваць наша знаёмства.

— Яна кажа, што гэта маё права. І яшчэ сказала, каб я атрымоўвала ад усяго гэтага задавальненьне. Гэта тое, што яна сказала сёньня раніцай. Але мне падаецца, у глыбіні душы яна ўсёткі засмучаная.

— Хтосьці у яе яшчэ ёсьць, які прыяцель? — спытаў ён. Кэці са зьдзіўленьнем на яго паглядзела. — Я вось што спрабую сказаць … гэта, вядома, не мая справа, але я спадзяюся, што ёсьць. Я спадзяваўся, што яна выйдзе замуж і народзіць табе сясьцёр і братоў. Але калі ты не жадаеш мне распавядаць, ня трэба, бо я, вядома, ня маю ніякага права задаваць такое пытаньне.

— Быў у яе Кен.

— І гэта было сур'ёзна?

— Тут ніколі ня ведаеш. Альбо проста я ніколі ня ведаю, таму што не прымячаю нічога, нічога не разумею. Але яны часьцяком кудысьці хадзілі разам, і яна звычайна сьмяялася, калі ён пад'яжджаў да хаты на машыне, каб забраць яе.

— А дзе ён зараз?

— Зьехаў у Амэрыку.

— Ты думаеш, яна шкадавала?

— Зноў жа цяжка сказаць. Ён піша час ад часу. Апошнім часам ня так ужо часта, але ўлетку шмат пісаў.

— Яна туды не зьбіраецца?

— Дзіўна, што вы гэта сказалі … яна аднойчы спытала мяне, не жадала бы я паехаць жыць у нейкі маленькі гарадок у амэрыканскай глыбінцы. Зусім не ў Нью-Ёрк. І я сказала Божухна, не, ужо лепей Дублін, гэта, прынамсі, сталічны горад.

— Лічыш, яна не паехала з Кенам з-за цябе?

— Ніколі аб тым не задумвалася. Але ж я ўвесь час лічыла яе маёй сястрой. Можа, з гэтым яшчэ можна штосьці зрабіць. — Зараз яна выглядала турботнай і вінаватай.

— Годзе аб тым шкадаваць, калі тут і ёсьць чыя віна, дык мая, — прачытаў ён яе думкі.

— Я прасіла яе патэлефанаваць вам, але яна адмовілася.

— Чаму? Яна растлумачыла?

— Яна сказала, з-за дамовы … вы выканалі сваю частку дамовы, яна мае намер выконваць сваю.

— Яна заўжды была непахіснай.

— Падаецца, вы двое ніколі не пагаворыце.

— Мы ніколі ня будзем разам і ня пойдзем па жыцьці рука аб руцэ, гэта сапраўды, бо мы зараз цалкам розныя людзі. Я кахаю Мар'яну, а Фрэн, магчыма, кахае Кена, а можа і не, альбо пакахае кагосьці іншага. Але мы пагаворым, аб тым я падбаю. А зараз мы з табой сапраўды пачнем есьці, раз ужо ўсе сусьветныя праблемы вырашаныя.

Ён меў рацыю, тут ужо асоба не аб чым было размаўляць. Яны пагутарылі аб школе і аб шоў бізнэсе, і аб файных італьянскіх клясах, і аб двух яго дзетках, якім споўнілася сем і шэсьць.

Калі яны плацілі па рахунку, жанчына за касай паглядзела на яе зь цікавасьцю. — Прабачайце калі ласка, на вас блэйзер школы Выгляд-На-Гару? — Выгляд у Кэці стаў вінаваты. — Проста мой муж выкладае там, вось чаму я зразумела, — працягнула яна.

— На самай справе? А як яго клічуць?

— Эйдан Данн.

— Спадар Данн вельмі любасны, ён выкладае латынь і ён арганізаваў італьянскія клясы, — растлумачыла яна Паўлю.

— А ваша імя …? — пацікавілася кабета.

— Хай гэта застанецца таямніцай. Дзяўчынкі, якія абедаюць ў пазавызначаны час, ня вельмі жадаюць, каб тое дайшло да вушэй іх настаўнікаў. — Усьмешка Паўла Мэлана была чароўнай, але голас цьвярдзейшы за сталь. Касірка, Нэл Данн, ведала, яе ня ўхваляць за праяву залішняй цікавасьці. Заставалася спадзявацца, што спадарыня Брэнан нічога ня чула.


— Можаш не распавядаць, — пазяхнула Хэррыет. — Ты ела вустрыцы і ікру.

— Не. Я замовіла carciofi і ягня. Жонка спадара Данна сядзела за касай. Яна пазнала блэйзер.

— Зараз табе канцы, — ухмыльнулася Хэррыет.

— Увогуле не, я ёй не сказала, хто я.

— Яна пазнае. Ты патрапіла.

— Годзе, ты ж не жадаеш, каб я патрапіла, ты прагнеш працягу маіх прыгод.

— Кэці Кларк, ведаеш, калі б нават мяне падскварвалі на вогнішчы, я бы сьцьвярджала, што лічыла цябе апошнім чалавекам на зямлі, у якога могуць быць прыгоды.

— Так ужо атрымалася, — радасна адказала Кэці.


— Асабісты выклік для спадарыні Кларк па трэцяй лініі, — пачула Фрэн паведамленьне і зьдзіўлена азірнулася. Яна выправілася ў пакой назіраньняў, месца, дзе яны маглі бачыць пакупнікоў, самі застаючыся незаўважанымі.

— Спадарыня Кларк, старэйшы мэнэджэр, — вымавіла яна, націснуўшы кнопку ўключэньня трэцяй лініі.

— Паўль Мэлан.

— Так?

— Я бы вельмі жадаў пагаварыць. Ня ўпэўнены, што ты захочаш сустрэцца.

— Ты маеш рацыю, Паўль. Я не крыўдую, але ня бачу сэнсу.

— Фрэн, магу я з табой трохі пагутарыць па тэлефоне?

— Зараз шмат спраў.

— У дзелавых людзей спраў заўжды шмат.

— Сам разумееш.

— Але што можа быць важней за Кэці?

— Для мяне нічога.

— І для мяне яна таксама вельмі важная, але …

— Але ты не жадаеш залішне абцяжарваць сябе.

— Зусім не. Я быў бы шчасьлівы зрабіць для яе ўсё, што ў маіх сілах, але ты выгадавала яе, ты зрабіла зь яе тое, што яна ёсьць, ты чалавек, які любіць яе больш за ўсё ў сьвеце. Я не жадаю раптам, сілай уварвацца ў ваша жыцьцё. Я жадаю, каб ты сказала мне, як будзе для яе лепш.

— Ты думаеш, я ведаю? Адкуль мне ведаць? Я жадаю для яе ўсяго ў сьвеце, але я не магу ёй тага даць. Калі ты можаш даць больш, зрабі гэта, дай гэта, дай гэта ёй.

— Яна вельмі шануе цябе, Фрэн.

— З табой яна таксама выдатна зладзіла.

— Яна ведае мяне ўсяго тыдзень ці два, цябе яна ведае ўсё сваё жыцьцё.

— Не катуй ёй сэрца, Паўль. Яна цудоўная дзяўчынка, для яе гэта было такім ударам. Я думала, яна ведае, здагадваецца, прызвычаілася з тым. У нашым асяродзьдзі гэта не такая ўжо рэдкасьць. Але пэўна я памылялася.

— Так. Але яна зладзіцца з гэтым. Яна пераняла твае гены. Ёй па сілах зладзіцца з акалічнасьцямі, добрымі альбо дрэннымі.

— І твае таксама, мужнасьць, напрыклад.

— Дык што мы будзем рабіць, Фрэн?

— Падамо гэта ёй.

— Яна можа мець ад мяне, што ёй заўгодна, але абяцаю, я ня буду імкнуцца забраць яе ў цябе.

— Я ведаю.

— І усё … добра, усё нармалёва?

— Так, усё добра.

— Яна сказала мне, вы абедзьве вывучаеце італьянскі. Сёньня ў рэстарацыі яна размаўляла па-італьянскі.

— Гэта ёй на карысьць, — падавалася, Фрэн задаволеная.

— Мы нядрэнна спрацавалі, Фрэн, хіба не?

— Так, вядома, — і яна павесіла трубку перш, як расплакалася.


— Што адзначае carciofi, Сыньёра? — спытала Кэці на занятках.

— Артышокі, Кацярына. Чаму ты пытаеш?

— Я хадзіла ў рэстарацыю і ў іх гэта было ў сьпісе страў.

— Я складала гэты сьпіс страў для маёй сяброўкі, Брэнды Брэнан, — ганарліва адзначыла Сыньёра. — Гэта было ў Квеньціне?

— Так, толькі не кажыце спадару Данну. Яго жонка працуе там, трохі манерная, мне здалося.

— Цалкам магчыма.

— Ой, паміж іншым, Сыньёра, памятаеце, вы неяк зазначылі, што думалі — Фрэн мая маці, а я сказала не, яна мая сястра?

— Так, так … — Сыньёра рыхтавалася даравацца.

— Вы былі цалкам правы, я не разумела тады, — мовіла Кэці, быццам найбольш натуральнай памылкай у сьвеце, якую хтосьці мог зьдзейсьніць, было прыняць маці за сястру.

— Ну, добра, што ўсё высьветлілася.

— Думаю, гэта сапраўды добра.

— Усё будзе выдатна, — Сыньёра глядзела на дзяўчынку сур'ёзна і ласкава. — Яна такая маладая, і такая цудоўная, і яна будзе побач з табой доўгія, доўгія гады, шмат даўжэй, як калі бы была старэй.

— Так, але я жадала бы, каб яна выйшла замуж, тады я бы не пачувалася такой вінаватай перад ёй.

— Яна яшчэ выйдзе.

— Баюся, яна выпусьціла свой шанец. Ён зьехаў у Амэрыку. Мне падаецца, Фрэн засталася з-за мяне.

— Ты можаш яму напісаць, — параіла Сыньёра.


Сяброўка Сыньёры, Брэнда Брэнан, была шчасьлівая пачуць, як добра ідуць справы з клясам. — На днях у мяне, падаецца, абедала адна з тваіх маленькіх вучаніц, на ёй быў блэйзер Выгляд-На-Гару і яна згадала, што вывучае італьянскі.

— Яна ела артышокі?

— Адкуль ты ведаеш? Ты мабыць экстрасэнс!

— Гэта Кэці Кларк … Адзінае дзіця, усе астатнія сталыя. Яна сказала, у вас працуе жонка Эйдана Данна. Сапраўды?

— А, той самы Эйдан, аб якім ты гэтулькі распавядаеш. Так, Нэл касір. Дзіўная жанчына. Шчыра кажучы, ня вельмі разумею, што яна зь сябе ўяўляе.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Ну, вельмі кваліфікаваная, сумленная, хуткая. Любасная, аўтаматычна ўсьміхаецца наведвальнікам, памятае іх імёны. Але яна ў мілях адгэтуль.

— У мілях адгэтуль дзе?

— Падаецца, у яе раман, — урэшце вырашылася Брэнда.

— Немагчыма. З кім?

— Без паняцьця, яна такая ўтойлівая. Але яна часта пасьля працы з кімсьці сустракаецца.

— Годзе.

Брэнда не зьвярнула на тое ўвагі. — Такім чынам, калі ў цябе ёсьць на яго пляны, наперад, жонка ня здолее закідаць цябе камянямі.

— Ісусе, Брэнда, што за трызьненьне. У маім веку? Лепш скажы мне, з кім гэта Кэці Кларк сьнедала ў тваёй элегантнай рэстарацыі?

— Гэта дзіўна … яна была з Паўлам Мэланам, ведаеш, але ты, можа, і ня ведаеш ... бухгальтар, мае вялізны посьпех, ажаніўся на грашах Хайесаў. Плойма чароўнасьці.

— І Кэці была зь ім?

— Ведаю. Яна яму ў дачцы падыходзіць. Але калі шчыра, як даўжэй я тут працую, дык менш чамусьці зьдзіўляюся.


— Паўль?

— Кэці! Зусім зьнікла.

— Паабедаеце са мной, як дамаўляліся? Ня ў Квеньціне.

— Вядома, дзе ты прапаноўваеш?

— Я тут выйграла ў італьянскім клясе ваўчар у адно мястэчка, абед на дваіх, уключаючы віно.

— Толькі ня варта, каб ты зноў прагульвала.

— Я як раз зьбіралася прапанаваць суботу, калі гэта, вядома, не складана для вас.

— Ніякіх складанасьцяў, я ж табе казаў.


Яна паказала яму прыз, выйграны на курсах італьянскага.

— Мне вельмі прыемна, што ты вылучыла сваім госьцем мяне, — усьміхнуўся Паўль Мэлан.

— Жадаю з вамі параіцца. Мая справа трохі мае дачыненьне да грошаў, але гэта не жабраваньне.

— Уважліва цябе слухаю.

Яна загаварыла аб палёце ў Нью-Ёрк на Каляды. Вялікую частку аплаціць Кен, але на ўсё ў яго проста няма грошай, і ён ня можа там пазычыць; гэта ня тое што тут, дзе людзі, можна сказаць, жывуць у крэдыт.

— Распавядзі-ка мне падрабязьней, — прапанаваў Паўль Мэлан, бухгальтар.

— Ён быў такі рады, калі я напісала яму, што зараз ведаю аб усім, і што мне жудасна шкада, калі я ўстала ў іх на шляху. Ён напісаў мне ў адказ, што бязьмежна кахае Фрэн, і думаў аб тым, каб вярнуцца дзеля яе, але адчуваў, што можа тым толькі ўсё сапсаваць. Слова гонару, Паўль, я не магу даць вам пачытаць ліст, ён вельмі асабісты, але вам бы спадабалася, сапраўды спадабалася, вы былі бы за яе радыя.

— Упэўнены ў гэтым.

— Карацей, я назаву вам суму, што мне патрэбна. Каля трох сотняў фунтаў. Разумею, жахліва. Шмат грошаў. Але я ведаю аб рахунку, на які Фрэн уносіла для мяне грошы ў будаўнічую кампанію, дык гэта толькі ў пазыку. Калі мы іх злучым, я здолею адразу вярнуць вам доўг.

— Як жа нам даць грошы, каб гэта не выглядала так, як яно ёсьць насамрэч?

— Вы іх дасьце.

— Я гатовы даць табе ўсё што заўгодна, Кэці, і тваёй маці таксама. Але мы ня можам адкінуць чалавечы гонар.

— А Кену мы можам іх даслаць?

— Гэта можа закрануць яго гонар.

Яны замоўклі. Стольнік падышоў пацікавіцца, ці падабаецца ім ежа.

— Benissimo, — адказала Кэці.

— Мая … мая юная сяброўка запрасіла мяне сюды па ваўчары, што яна выйграла ў італьянскім клясе, — растлумачыў Паўль Мэлан.

— Вы, мусіць, вельмі разумная. — Стольнік паглядзеў на яе з павагай.

— Не, мне проста шанцуе ў лятарэях, — засьмяялася Кэці.

Паўль ледзь не прыскокнуў. — Вось яно, ты можаш выйграць парачку квіткоў на самалёт.

— Як я гэта зраблю?

— Ну, ты ж выйграла для нас два сьняданка ў гэтай установе.

— Таму што Сыньёра арганізавала, каб хтосьці у клясе атрымаў прыз.

— А хто замінае мне арганізаваць, каб хтосьці выйграў два квітка на самалёт?

— Гэта ж будзе падман.

— Лепш так, як выступаць у ролі апекуна.

— Магу я гэта абмеркаваць?

— Не мяркуй задоўга. Мы здолеем зладзіць гэтую ўяўную лятарэю.

— А Кену паведамім?

— На маю думку ня варта, — адказаў Паўль. — А ты як лічыш?

— Яму неабавязкова ведаць увесь сцэнар, — прыжмурылася Кэці. Гэта была фраза, якой часьцяком карысталася Хэррыет.

Загрузка...