ЛАПІК

Падбіраючы італьянскія імёны сваім падапечным Сыньёра ня так клапаціліся аб дакладным перакладзе, як імкнулася захаваць ініцыялы. У клясе была жанчына па імі Герта. Строга кажучы, яе належала назваць Маргарэт, а дакладней Маргарэтта. Але ў такім выглядзе Герта сваё імя ніколі бы не прызнала, таму давялося пераназваць яе ў Глорыю. Новае імя да таго прыйшлося ёй па гусьце, што яна падумвала захаваць яго надалей.

Буйны мужчына са шчырым, прыязным тварам назваўся Лапік. Сыньёра марудзіла. Бессэнсоўна шукаць адпаведнасьць. Трэба прапанаваць імя, якое яму спадабаецца вымаўляць. — Лярэнца, — выгукнула яна.

Лапік натхніўся. — Так сябе завуць у Італіі ўсе, каго клічуць Лапік?

— Так, Лярэнца, — Сыньёра яшчэ раз пакатала для яго на языку тыя гукі.

— Хіба не выдатна? Лярэнца! — Лапік быў у захапленьні ад свайго імя. — Mi chiamo Lorenzo, — казаў ён зноўку і зноўку.


У 1930-м годзе, пры хрышчэньні, Лапіку далі імя Джон Мэцью Ёсіф Бірн, але ніхто ніколі не зьвяртаўся да яго інакш як Лапік, маўляў, справа залапленая. Адзіны хлопчык пасьля пяці дзяўчынак. Яго зьяўленьне азначала, што маленькай фэрме наканавана ацалець. Каб весьці гаспадарку, патрэбны мужчынскія рукі.

Але чалавек страляе, ды чорт кулю носіць.

Лапік вяртаўся са школы. Яму засталося яшчэ паўтары мілі лужын і капяжу з дрэў, калі ён убачыў ідучых насустрач сясьцёр і зразумеў, здарылася нешта жудаснае. Спачатку ён вырашыў, што бяда з Трыперам, кольлі, яго сабакам, якога ён так любіў. Можа, парэзаў лапу, альбо пацукі пакусалі.

Ён паспрабаваў уцячы ад рыдаючых дзяўчынак, але яны дагналі яго і распавялі, што маці з татам адправіліся на нябёсы, і зараз яны будуць клапаціцца аб ім адтуль.

— Яны не маглі сысьці адначасова.

Лапіку споўнілася восем, ён ведаў што да чаму. Людзі сыходзяць на неба паасобку, тады ўсе апранаюць чорнае і галосяць.

Але так здарылася. Яны загінулі на пераезду. Пхалі фурманку, што захраснула на рэйках і апынуліся пад цягніком, нават не пасьпеўшы зразумець, што адбылося. Лапік ведаў, Бог заклікаў іх да сабе, надышоў іх час, але нават праз гады ня мог зразумець, чаму Бог вылучыў менавіта такі шлях.

Здарэньне прынесла ўсім вялізнае засмучэньне і тугу. Гаротнік машыніст так і не акрыяў, яго зьмясьцілі ў вар'ятню. Людзі, якія знайшлі маці і тату, ніколі і ні з кім тое не абмяркоўвалі. Аднойчы Лапік запытаў сьвятара, чаму Божанька, раз ужо Ён жадаў іх сьмерці, не замарозіў яго маці з татам падчас моцных зімовых халадоў. Сьвятар пачухаў патыліцу і адказаў, што таямніца тая вышэй за яго разуменьне, але калі б мы разумелі ўсё, што адбываецца на зямлі, мы былі бы мудрыя, як Сам Гасподзь Бог, а гэта, вядома, немагчыма.

Старэйшая сястра Лапіка, Роўз, працавала мэдсястрой у мясцовай лякарні. Яна кінула працу і вярнулася дахаты даглядаць малых. Юнак, які заляцаўся за ёй, хутка забыў аб сваіх пяшчотных пачуцьцях, калі гэта вылілася ў шпацыр даўжынёй паўтары мілі і сустрэчы ў тлумным асяродзьдзі дзятвы ў хаце, што лягла на яе плечы.

Роўз вяла хату цьвёрдай рукой. Кожны вечар яна ўсаджвала іх на кухні і сачыла, каб усе хатнія заданьні былі зробленыя. Яна прала і цыравала іх вопратку, гатавала і прыбірала, вырошчвала гародніну і разгадоўвала курэй. Яна гадзіла на фэрму парабка, Шэя Нэйла.

Шэй пас іх невялікі статак і падтрымліваў гаспадарку на плыву. Ён езьдзіў на рынкі і кірмашы, складаў дамовы. Жыў гэты маўклівы чалавек самотна, у прыбудове ля фэрмэрскай хаты. Суседзі знаходзілі гэта слушным. Нікому не спадабалася бы, калі б найміт жыў пад адным дахам зь дзяўчынкамі і малым.

Але дзяўчынкі Бірн адна за адной пакідалі маленькую фэрму. Роўз дапамагала ім здаваць іспыты і благаслаўляла на разьвітаньне. Адна зрабілася мэдсястрой, іншая рыхтавалася стаць настаўніцай, трэцяя ўладкавалася ў Дубліне, працавала ў краме, малодшая спыніла свой выбар на Дзяржаўнай Грамадзянскай Службе.

Роўз з дапамогай манашак паставіла на ногі дзяўчынак Бірн. Усе так казалі. Але галоўнае, яна выгадавала Лапіка. Лапік, зараз ужо вялікі хлопец, шаснаццаці гадоў, амаль забыўся на сваіх бацькоў. Яму ўспаміналася толькі жыцьцё з Роўз. Клапатлівая, вясёлая сястра ніколі не лічыла яго таўкачом.

Яна гадзінамі сядзела зь ім над падручнікамі, дапамагаючы яму зацьвердзіць урок. І ніколі не злавалася, калі наступнай раніцай ён ня мог яго ўзгадаць. Калі паслухаць у школе іншых хлопцаў, Роўз лепей за любую маці.

У той год, калі Лапіку споўнілася шаснаццаць, адбылося два шлюбы. Усё гатаваньне і ўсе клопаты па зборы госьцяў для сваіх малодшых сясьцёр Роўз ўзяла на сябе. Усё прайшло цудоўна. У памяць аб тых важных падзеях на сьцяну павесілі фатаграфіі, зробленыя перад хатай, якую Шэй дбайна пафарбаваў дзеля ўрачыстасьцяў. На вясельлях Шэй, вядома, прысутнічаў, але трымаўся ў цені, як і належыць наёмнаму працаўніку.

А потым сястра Лапіка, якая працавала ў Англіі, паведаміла, што рыхтуецца да вельмі сьціплага шлюбу. Тое вызначала яе цяжарнасьць і жаданьне абмежавацца запісам у бюро рэгістрацый. Яны з Лапікам будуць шчасьлівыя прыехаць, калі гэта дапаможа ёй, напісала Роўз. У зваротным лісьце пасьля шматлікіх падзяк меліся падкрэсьленыя два разы словы, якія вызначалі, што дапамога не запатрабуецца.

А сястрычка-мэдсястра выправілася ў Афрыку. Вось Бірны і ўладкаваліся, сказалі людзі. Роўз будзе гаспадарыць на фэрме, пакуль небарака Лапік не падрасьце і ня возьме справу ў свае рукі. Блаславі яго Бог, калі гэта некалі здарыцца. Усе разумелі, галава ў Лапіка цяміць кепска. Усе, акрамя Роўз і самога Лапіка.

Зараз, калі Лапіку споўнілася шаснаццаць, яму належала патурбавацца аб падрыхтоўцы да атрыманьня атэстата аб заканчэньні сярэдняй школы, але ніхто аб тым прамовы не заводзіў.

— Далібог, Браты залёгка ставяцца да гэтых рэчаў, — аднойчы сказала яму Роўз. — Табе бы ўжо трэба ўсё расплянаваць, паўтарыць, падвучыць матэрыял, а яны ні гу-гу.

— Ня думаю, што мне трэба здаваць іспыты сёлета.

— Ну вядома сёлета. Чацьвёрты кляс. Калі ж яшчэ?

— Брат Джэралд ні словы аб тым не казаў, — захваляваўся Лапік.

— Я усё ўладкую. — Яна заўжды ўсё ўладкоўвала.

Зараз гэтай прыгожай цёмнавалосай жанчыне, вясёлай і дабразычлівай, было амаль трыццаць. Усе тыя гады яна не магла паскардзіцца на адсутнасьць цікавасьці да яе з боку мужчын. Але Роўз нікому не адказвала ўзаемнасьцю. Ёй трэба паставіць сям'ю на ногі. Калі ўсё ўладкуецца, надыдзе час падумаць і аб рамантыцы … сьмяялася яна ў адказ, не засмучаючыся з-за адносін, што спыняліся, не пасьпеўшы пачацца.


Роўз пайшла да Брата Джэралду, маленькага добрага чалавечка, які заўсёды добра казаў аб Лапіку.

— Ах, Роўз, дзетка, расплюшчы вочкі, — уздыхнуў ён. — Лапік найлепшы хлопчык з усіх, хто калісьці падымаўся на ганак гэтай школы, але глузду ў небаракі, на жаль, з жабіны прыгаршчы.

Роўз ахапіла прыкрасьць. — Бадай, вы, Брат, не разумееце, — пачала яна. — Ён такі непасрэдны і так прагне вучыцца. Мабыць кляс, у якім ён займаецца, занадта вялікі.

— Ды ён чытае, водзячы пальцам па радках, і то зь вялікай напругай.

— Тага звычка. Мы маглі бы дапамагчы яму пазбавіцца ад яе.

— Я дзесяць гадоў спрабую пазбавіць яго ад той звычкі, і ўсё дарма.

— Ну, гэта яшчэ не канец сьвету. Ён жа не праваліў ні воднага іспыту. Не было ні адной кантрольнай, якую ён напісаў бы зусім дрэнна. Ці ён атрымае атэстат? — Брат Джэралд разявіў было рот, але раздумаўся і змаўчаў. — Не, Брат, працягвайце, калі ласка. Нам няма аб чым спрачацца. Абодва мы жадаем Лапіку найлепшага. Скажыце мне ўсё. Я павінна ведаць.

— Ён ніколі не правальваў кантрольныя, бо ніколі не пісаў іх. Я не хацеў падвяргаць яго такому зьневажаньню. Хіба можна дазволіць, каб хлопчык заўжды быў горш за ўсіх?

— І чым Лапік займаўся, пакуль астатнія пісалі кантрольныя?

— Я даваў яму розныя даручэньні. Ён выдатны, надзейны юнак.

— Якія менавіта, Брат?

— Ну, прынесьці скрыні з кнігамі, падпаліць камін у настаўніцкай, аднесьці нешта на пошту.

— Так я аплачвала рахункі гэтай школы дзеля таго, каб мой брат быў тут хлопчыкам на пабягушках, я вас дакладна зразумела?

— Роўз Бірн, — вочы брата Джэралда напоўніліся сьлязамі, — табе варта зірнуць праўдзе ў твар. Аб якіх рахунках ты кажаш? Некалькі фунтаў на год. Ты выдатна ведаеш, Лапік тут шчасьлівы. Хіба гэта ня лепшае, што мы здольныя для яго зрабіць? Зразумей, няма ніякага сэнсу прымушаць яго здаваць выпускныя іспыты. Хлопчык кепска цяміць, вось усё, што я маю сказаць. Жадаў бы я, каб гэта было самае дрэннае, што я мог сказаць аб усіх хлопчыках, якіх бачыла гэтая школа.

— Што ж мне зь ім рабіць, Брат? Я спадзявалася, ён пойдзе ў сельскагаспадарчы каледж, вывучыцца фэрмэрскай справе.

— Яму тое не па зубах, Роўз, ды ён туды і ня трапіць.

— Але як жа ён будзе гаспадарыць на фэрме?

— Ня будзе ён гаспадарыць на фэрме. Ты будзеш весьці справы. Ты заўсёды тое ведала.

Яна ня ведала. Да гэтай самой хвілі.


Дахаты яна вярнулася зь цяжкім сэрцам.

Шэй Нэйл віламі шуфляваў гной да кучы. Ён павітаўся зь ёй звычайным рэзкім ківам галавы. Трыпер, стары сабака Лапіка, ветліва забрахаў. Сам Лапік чакаў ля дзьвярэй.

— Брат Джэралд сказаў аба мне нешта дрэннае? — спалохана спытаў ён.

— Ён сказаў, што ты самы надзейны хлопец з усіх, хто калісьці хадзіў у гэтую школу. — Супраць волі яна пачала размаўляць зь ім амаль як зь немаўлём і спалохалася, зразумеўшы гэта.

Але Лапік нічога не зазначыў. Яго буйны твар празьзяў. — Сапраўды?

— Так, ён сказаў, ты выдатна распальваеш камін, пераносіш кнігі і выконваеш даручэньні. — Яна імкнулася мовіць нязмушана, без гаркаты.

— Ну, большасьці зь іх ён не давярае, а мне давярае. — Лапік ганарыўся сабою.

— У мяне трошкі баліць галава, Лапік. Ты ня мог бы прынесьці мне кубак гарбаты і лусту хлеба і Шэю таксама прыгатаваць гарбату?

— Зрабіць яму лусьцік зь вяндлінай і памідорам?

— Так, было б выдатна.

Яна паднялася наверх і лягла ў ложак. Як яна раней не прымячала, які ён? Ці адчувалі бацькі, што зь ім нешта кепска?

Гэтага ёй ніколі не пазнаць. Што ж зараз, яна ніколі ня выйдзе замуж? Ёй маецца жыць тут з сваім разумова адсталым братам і наймітам, зь якога слова ня выцягнеш? І ніякага прасьвету наперадзе.

Кожны тыдзень яна пісала ліст адной зь сясьцёр, дык раз на месяц кожная атрымлівала ад яе вестку. Зараз лісты даваліся ёй з напругай. Ці разумеюць яны, што ў іх брата кепска з галавой? Яны заўжды дзякавалі і хвалілі яе. Няўжо за тое, што яна прысьвяціла ўсё сваё жыцьцё дагляду за ім? Яна паняцьця ня мела, што гэта так. Ёй падавалася, з-за няшчаснага выпадку прыйдзецца ахвяраваць колькі год сваёй маладосьці, сваёй прафэсійнай кар'еры. Яе захлынула туга. Навошта бацькі пхалі гэтую чортаву фурманку, чаму ня кінулі яе і ня выратаваліся самі?

У пляменьніцы дзень народзінаў. Яна паклала ў канвэрт паштоўку і дзесяць шылінгаў, і раптам зразумела, што з пункту гледжаньня астатніх яна атрымала за сваю фатыгу нядрэннаю ўзнагароду. Як жа, яна мае фэрму. Калі б яны толькі ведалі, да чаго гняце яе тая фэрма. Яна аддала бы яе першаму стрэчнаму, калі б ведала, што Лапік будзе мець тут шчасьлівую хату да сканчэньня свайго жыцьця.


Кожнае лета ў горадзе праходзіў кірмаш з зáбаўкамі. Роўз з Лапікам выправіліся туды ў нядзелю. Яны пракаціліся на каруселі, паскокалі на батутах. У цягніку з прывідамі Лапік хапаў яе за руку і крычаў ад жаху, але потым папрасіў шылінг праехаць іншы разок. Яна сустрэла шмат знаёмых, усе зь цеплынёй віталі яе. У горадзе Роўз Бірн захапляліся. Зараз яна разумела, чаму. Іх уражвала, што яна паставіла крыж на сваім жыцьці.

Яе брат быў на вяршыні асалоды.

— Мы можам выдаткаваць грошы за яйкі? — спытаў ён.

— Ня ўсе.

— Хіба можна выдаткаваць іх лепш, як на кірмашы? — зьдзівіўся ён і яна прапанавала яму пайсьці да намёту Тры Кольцы і выйграць для яе статую Сьвятога Сэрца. Ён прынёс ёй сваю выйгранку, разьдзімаючыся ад гонару.

Голас у яе за сьпіной вымавіў: — Я адвязу статую на фэрму, каб вам не цягацца зь ёй цэльны дзень. — Гэта быў Шэй Нэйл. — Пакладу яе на багажнік ровара, — прапанаваў ён.

Вельмі любасна зь яго боку. Грувасткая статуя, нядбайна загорнутая ў газэту, важка адцягвала рукі.

Роўз з падзякай усьміхнулася. — Вы цудоўны хлопец, Шэй. Заўжды аказваецеся менавіта там, дзе вы патрэбный.

— Дзякуй, Роўз.

Нешта было ня так зь ягоным голасам. Падаецца, ён выпіў. Яна ўважліва зірнула на яго. Адылі, чаму бы і не? Сёньня ў яго выходны. Калі ён жадае выпіць, гэта ягоная справа. Жыцьцё ў яго не занадта вясёлае. Жыве адзін у прыбудове, раскідвае гной, доіць кароў. Сяброў нямае, блізкіх сваякоў, колькі яна ведае, таксама. Можа, трохі віскі ў вольны дзень яго адзіная ўцеха.

Яна прайшла наперад і паказала Лапіку прадказальніцу будучыні: — Паспрабуем шчасьця?

Яго палохала, што яна захоча сысьці дахаты. На кірмашы так файна. — Хачу, хачу. Хай прадкажа мне будучыню, — прысьпешыўся ён. Цыганка Эла марудліва разглядала яго далонь. Яна ўбачыла выдатныя посьпехі ў гульнях і ў спорце, доўгае жыцьцё, працу зь людзьмі. І падарожжа. Падарожжа праз мора. Роўз ўздыхнула. Усё ішло так цудоўна. Навошта ёй спатрэбілася згадваць падарожжа? Патрапіць замежжа Лапік зможа хіба што зь ёй. А гэта выглядае занадта малаверагодным.

— Зараз ты, Роўз, — папрасіў ён.

Цыганка Эла, задаволеная, падняла на яе вочы.

— Але мы ведаем мой лёс, Лапік.

— Ведаем?

— Мне маецца рупіцца аб фэрме разам з табой.

— Але я буду сустракацца зь людзьмі і адпраўлюся вандраваць праз мора.

— Так, сапраўды, — пагадзілася Роўз.

— Дай сваю руку, Роўз, калі ласка. — Ён нават падскокваў ад нецярпеньня.

Цыганка Эла прыкмеціла на далоні Роўз замужжа на працяг года, адно дзіця і вялізнае шчасьце.

— А я паеду праз мора? — спытала яна больш зь ветласьці.

— Не, — цыганка Эла ня бачыла падарожжа для Роўз. Яна бачыла некаторыя заганы са здароўем, але не даўгія. Дзьве з паловай кроны былі аддадзены і перш як сысьці дахаты, яны яшчэ зьелі па марозіву. Дарога зварот падалася доўгай. Яе пацешыла, што не прыйшлося цягнуць з сабою статую.

Перад сном Лапік усё балбатаў аб выдатным дні і аб тым, як ён не спалохаўся цягніка з прывідамі. Роўз глядзела на агонь і думала аб цыганцы Элы. Што за дзіўнае жыцьцё, увесь час рушыць з горада ў горад з аднымі і тымі людзьмі. Магчыма, яна замужам за гаспадаром каруселі.

Лапік выправіўся ў ложак з коміксамі, што яна набыла яму, а Роўз паспрабавала ўявіць, што робіцца на кірмашы зараз. Хутка зачыняць. Разнаколерныя агні згаснуць, людзі разыдуцца па сваіх вагончыках. Трыпер мякка пахрапваў, ляжачы ля каміну. Лапік засыпаў наверсе. На вуліцы сьцямнела. Роўз падумала аб замужжы, аб адзіным дзіцяці, аб слабым здароўі напрыканцы жыцьця. Яны павінны пакласьці канец паданьням такога кшталту. Некаторыя людзі досыць дурныя, каб даць ім веры.

Уначы яна прачнулася ад недахопу паветра. Зьверху яе прыціснула нешта цяжкае. У жаху паспрабавала яна вызваліцца. Звалілася шафа? Абрынулася страха? Калі яна пачала крычаць, яе вусны закрыла нечыя рука. Пах віскі. У гэты момант яна з балючай выразнасьцю зразумела, што Шэй Нэйл у яе ложку наваліўся на яе ўсёй сваёй вагай.

Зь вялізнай напругай вызваліла Роўз галаву ад яго рукі. — Калі ласка, Шэй, — шапнула яна. — Калі ласка, ня трэба.

— Ты тага прагнеш, — ён, сапучы, імкнуўся рассунуць ёй ногі.

— Шэй, не. Я не жадаю, каб ты гэта рабіў. Шэй, сыдзі зараз і забудзем аб гэтым выпадку.

— Чаму тады шэпчаш? — Ён таксама перайшоў на шэпт.

— Бо баюся абудзіць Лапіка, напалохаць яго.

— Не, таму што мы можам гэта рабіць, вось чаму, таму ты не жадаеш яго будзіць.

— Я дам табе ўсё што захочаш.

— Не, зараз прамова аб тым, што я зьбіраюся даць табе. — Ён быў хмулаты, ён быў цяжкі, ён быў занадта моцны для яе. Ёй мелася вылучыць адно з двух. Альбо паклікаць Лапік і апынуцца перад ім у такім выглядзе, начная сарочка разьдзёртая, цела распрастаная. Ці дазволіць Шэю давяршыць пачатае. Роўз ўпадабала другое.


Наступнай раніцай яна папрала ўсе пасьцельныя рэчы, спаліла сарочку і адчыніла вокны ў спальні.

— Шэй прыходзіў уначы наверх, — сказаў Лапік за сьняданкам.

— Чаму ты так вырашыў?

— Статуя, што я выйграў для цябе, стаіць на лесьвічнай пляцоўцы.

— Дакладна, — пагадзілася Роўз.

Яна пачувалася скатаванай і спустошанай. Яна загадае Шэю сысьці. Лапік пачне задаваць бясконцыя пытаньні. Ёй прыйдзецца выдумляць нейкія казкі, каб схаваць усё ад яго, і ад суседзяў таксама. Потым яе ахапіла злосьць. Чаму яна, Роўз, цалкам бязьвінная ва ўсім гэтым, павінна прыдумляць апраўданьні, тлумачэньні? Больш няшчырай гісторыі яна ў жыцьці ня чула.

Раніца мінула як звычайна. Яна прыгатавала Лапіку лусьцікі і ён адправіўся ў школу, як зараз ёй было вядома, выконваць даручэньні настаўнікаў. Яна сабрала яйкі, пакарміла курэй. Увесь гэты час вецер паласкаў на матузу прасьціны і навалачкі. Коўдра ляжала на загарадзі.

Так павялося, на сьняданак Шэй піў гарбату з хлебам з маслам у сваім закутку. Толькі пачуўшы гарадзкія званы ён мыў рукі і твар ля помпы на двары і ішоў у хату паесьці. Калісьці на абед было мяса, калісьці поліўка. Але заўжды рондаль буйнай рассыпістай бульбы, гарлач з вадой на стале і кубак гарбаты. Пасьля ежы Шэй мыў за сабою посуд.

Цалкам бязрадаснае мерапрыемства. Часам Роўз чытала за абедам, бо суразмоўца з Шэя быў ні да чаго ня варты. Сёньня яна нічога не варыла. Калі ён прыйдзе, яна загадае яму сысьці з фэрмы. Але званы празванілі, а ён не прыйшоў. Яна ведала, што ён працуе. Чуваць было, як дашлі на дойку каровы, як уключалася маслабойка.

Зараз яе ахапіў жах. А калі ён зноў накінецца на яе? Раптам ён успрыняў тое, што раніцай яму не паказалі на дзьверы, як заахвочваньне? Ён і яе пасіўнасьць уначы мог расцаніць як заахвочваньне, тады як адзінай яе мэтай было абгарадзіць Лапіка ад незразумелых яму рэчаў. Нармалёвы шаснаццацігадовы хлопец разабраўся бы ў здарэньні, але Лапік ня быў нармалёвым.

Да двух гадзін яна ўжо месцы сабе не знаходзіла. Каб Шэй не прыйшоў паабедаць, такога ніколі не здаралася. Няўжо ён чакае яе дзесьці, каб накінуцца і зноў згвалтаваць? Хай толькі паспрабуе. Бог сьведка, гэтым разам яна пастаіць за сябе. Адразу за прызбай ляжаў кій з цьвікамі, якім здымалі са страхі сукі і галінкі. Менавіта тое, што трэба. Яна занесла яго ўнутр і села за кухенны стол, спрабуючы сплянаваць свае дзеяньні.

Дзьверы ціха адчыніліся і ён зьявіўся на кухні перш, як яна пасьпела апамятацца. Яна ірванулася да сваёй зброі, але ён адштурхнуў кій прэч. Твар у яго быў зьбялелы, адамаў яблык ходырам хадзіў па шыі. — Тое, што адбылося ўчора, не павінна было здарыцца, — сказаў ён. Яе ўсю трэсла. — Я быў вельмі п'яны. Мне нельга шмат піць. Гэта ўсё віскі.

Яна шукала словы, што прымусілі бы яго сысьці зь іх жыцьця. Прыдатную фразу аб звальненьні, пасьля якой ён не накінецца на яе нанава. Але язык не жадаў ёй падпарадкоўвацца. Яны абвыклі да маўчаньня. Гадзіны, дні, тыдні яе жыцьця прайшлі на гэтай кухні побач з Шэям Нэйлам, і ні словы не было сказана. Але сёньня ўсё зьмянілася. Спуд і памяць аб жаху мінулай ночы стаялі паміж імі. — Мне б карцела, каб мінулай ночы не было, — вымавіў ён урэшце.

— Мне таксама, Бог сьведка, мне таксама. Але зробленага ня вернеш … — Вось зараз яна ўсё скажа, прагоніць яго зь іх фэрмы.

— Але зробленага ня вернеш, — падхапіў ён, — мне ня варта зараз абедаць з табой у тваёй хаце. Цяпер я буду варыць сабе сам, у прыбудове. Так будзе лепш.

Ён насамрэч зьбіраўся застацца пасьля таго, што адбылося паміж імі. Самы інтымны і жахлівы зьдзек, што толькі можна зьдзейсьніць над іншым чалавекам, гэты вар'ят спадзяваўся загладзіць сьмяхотнымі зьменамі ў раскладзе сілкаваньня.

Яна загаварыла мякка і вельмі асьцярожна. Нельга, каб яе голас гучаў спалохана. — Не, Шэй, тага нядосыць. Мусібыць, табе лепей сысьці. Нам нялёгка будзе забыць тое здарэньне. Знайдзі сабе іншае месца.

Ён зірнуў на яе зь недаверам. — Я не магу сысьці.

— Ты знойдзеш нешта іншае.

— Я не магу сысьці, я кахаю цябе.

— Не чаўпі. — Зараз яна раззлавала і шчэ больш спужалася. — Ты не кахаеш мяне. Тое, што ты зрабіў, ня мае нічога агульнага з каханьнем.

— Я ж кажу, гэта ўсё віскі. Але я кахаю цябе.

— Сыходзь, Шэй.

— Я не магу кінуць цябе. Што будзе з табой і з Лапікам, калі я сыду?

Ён павярнуўся і выйшаў з кухні.


— Чаму Шэй не прыйшоў абедаць? — спытаў Лапік у суботу.

— Ён сказаў, што хоча абедаць у сябе. Ты ж ведаеш, Шэй мармоль, — адказала Роўз.

З таго самога дня яна не размаўляла з Шэем. Праца ішла сваёй чаргой. Загарадзь вакол фруктовага саду была папраўленая. На кухенныя дзьверы ён прымайстраваў новую засаўку. Зараз можна было замыкацца на ноч знутры.


Трыпер, стары сабака, паміраў.

Лапік не знаходзіў сабе месцы ад гора. Ён трымаў галаву сабакі на каленах і імкнуўся даць яму з лыжачкі хоць глыток воды. Часам, абхапіўшы шыю сабакі рукамі, ён пачынаў плакаць. — Ачуньвай, Трыпер. Не магу чуць, як ты дыхаеш.

— Роўз? — у першы раз за ўсе гэтыя тыдні Шэй зьвярнуўся да яе.

Яна скаланулася. — Што?

— Бадай, мне трэба забраць Трыпера да палетка і застрэліць яго. Як ты лічыш? — Яны абодва паглядзелі на сабаку, які задыхаўся.

— Мы ня можам зрабіць так, не сказаўшы Лапіку. — У гэты дзень Лапік сышоў у школу, паабяцаўшы Трыперу набыць біфштэкс. На зваротным шляху ён зазірне ў ятку. Сабака ўжо ня мог нічога есьці, але Лапік не жадаў у гэта верыць. Раптам кавалачак мяса падніме яго ўлюбёнца на ногі.

— Тады я спытаю яго?

— Спытай.

Ён адышоў. Увечар Лапік вырыў магілу для Трыперу і яны прынесьлі яго на далёкі ўскраек палетка. Шэй прысунуў стрэльбу да галавы сабакі. У сэкунду ўсё было скончана. Лапік зрабіў маленькі драўляны крыж і яны ўтрох пастаялі ў маўчаньні вакол невялікага капца. Потым Шэй выправіўся ў свой закутак.

— Ты такая ціхая, Роўз, — сказаў Лапік. — Думаю, ты любіла Трыпера ня менш за мяне.

— Ну вядома, — адказала яна.

Але Роўз была пагружаная ў сябе па іншым чыньніку. Яе бянтэжыла затрымка находу. Раней такога не здаралася.

Паводзіны сястры турбавалі Лапіка ўвесь наступны тыдзень. Нешта зь ёй вельмі блага. Справа тут мусібыць ня толькі ў Трыперы.

У Ірляндыі пяцідзесятых гадоў перад ёй адчыняліся тры шляхі. Яна магла нарадзіць дзіця і працягваць жыць на фэрме. Аганьбаваная жанчына, аб якой гадамі будзе гавэндаць парафія. Магла прадаць фэрму і рушыць кудысьці разам з Лапікам, пачаць новае жыцьцё ў незнаёмым месцы. Магла прыцягнуць Шэя Нэйла да сьвятара і павянчацца зь ім.

Усе тыя магчымасьці мелі свае заганы. Ёй была нясьцерпная думка аб зьмене статусу пасьля ўсіх гэтых гадоў. Стаўшы маці-адзіночкай яна ператворыцца ў аб'ект плётак і жалю. Зь яе бяскрыўднымі нешматлікімі задавальненьнямі, накшталт візытаў у горад, кубачка кавы ў карчме пры гасьцініцы, гутарак з суседзямі пасьля імшы, будзе скончана. Яе пачнуць цурацца, Лапік будзе саромецца. Але ці здолее яна прадаць фэрму і зьехаць пры такіх акалічнасьцях? Фэрма прыналежыць ім усім, яе чатыром сёстрам у тым ліку. Што адчуюць яны, пазнаўшы, што яна забрала выгандлеваныя грошы і перасялілася з Лапікам і байструкам у Дублін?

Яна пабралася шлюбам з Шэям Нэйлам.

Лапік быў шчасьлівы. Больш за ўсё яго радавала пэрспэктыва стаць дзядзькам. — Малы будзе клікаць мяне дзядзька Лапік? — хацеў ён ведаць.

— Як ты пажадаеш, — усьміхалася ў адказ Роўз.

Шэй Нэйл зараз спаў у спальні Роўз, у астатнім у хаце амаль нічога не зьмянілася. Хіба што Роўз радзей звычайнага хадзіла ў горад. Можа стамлялася хутчэй, можа страціла цікавасьць да сустрэч з знаёмымі. Лапік ня ведаў. Яна радзей пісала сёстрам, хоць тыя сталі пісаць ёй часьцей. Іх уразіў гэты шлюб. І адсутнасьць вялікага застольля накшталт тых, што Роўз ўладкоўвала для іх. Яны прыехалі і з пачуцьцём няёмкасьці паціснулі Шэю руку. Ня вынесьлі яны нічога зразумелага і з гутарак са старэйшай сястрой.


А потым нарадзіўся малы, дужае, здаравенькае дзіця. Хросным бацькам стаў Лапік, хроснай маці спадарыня Нолан — гаспадыня гасьцініцы. Пры хрышчэньні хлопчыку далі імя Аўгуст. Хатнія яго звалі Гусам. Калі Роўз ўпершыню ўзяла на рукі свайго сына, усьмешка вярнулася на яе твар. Лапік душы ня чуў у пляменьніку і няньчыўся зь ім бяз стомы. Шэй быў з малым такі ж маўчун і сугней, як і з ўсімі астатнімі. Дзіўнае сямейства паволі прыціралася адно да аднаго.

Лапік пачаў працаваць у гасьцініцы спадарыні Нолан. Лепшага памагатага ў яе ніколі не было, казала спадарыня Нолан. Яму кожная справа па плячу. Бяз Лапіка яны бы пэўна загінулі.

Маленькі Гус навучыўся хадзіць і, гойдаючыся, клыпаў па двары за куранятамі, а Роўз, стоячы ў дзьвярах, захаплялася ім. Шэй заставаўся нязьменна панурым. Часам па начах Роўз цішком назірала за ім. Ён падоўгу ляжаў з адчыненымі вачыма. Аб чым ён меркаваў? Ці быў ён шчасьлівы ў гэтым шлюбе?

Сэксам яны практычна не займаліся. Спачатку замінала яе цяжарнасьць. Але пасьля нараджэньня Гуса яна сказала яму вельмі шчыра: — Мы з табой муж і жонка, трэба забыцца на мінулае і жыць нармалёвым сямейным жыцьцём.

— Гэта слушна, — пагадзіўся ён. Зрэшты, без усякага запалу.

Да свайго зьдзіўленьня Роўз выявіла, што, нягледзячы на ўспаміны аб той жахлівай ночы, не выпрабоўвае да яго ні страху, ні агіды. Фактычна яны былі блізкія лічаныя разы. Ён заўжды баяўся, дзейнічаў жудасна ніякавата, маўчаў. Зрэшты, гутаркі на любы тэмат даваліся яму цяжка.

Яны не трымалі ў хаце сьпіртнога, за выключэньнем пачатай пляшкі віскі на верхняй паліцы кухеннай шафы на выпадак крайняй неабходнасьці. Напрыклад, намачыць вату, калі хтосьці захварэе на зубы. П'яная ўтрапёнасьць той ночы ніколі ня згадвалася паміж імі. Роўз імкнулася выцесьніць з галавы падзеі, што больш нагадвалі жахлівы сон. Яна нават не задумвалася, што менавіта яны прывялі да нараджэньня Гуса, дзіцяці, які прынёс ёй больш шчасьця, як магла яна ўявіць у найсьмелых мроях.

Таму калі Шэй вярнуўся з кірмашу п'яны амаль да страты здольнасьці варушыць языком, яна апынулася да тага цалкам не гатовая. Узвар'яваны яе заўвагай, ён выхапіў са штаноў дзягу і выцяў яе. Гэта ўзрушыла яго і ён кінуўся на яе дакладна як той ноччу, аб якой яна намагалася забыць. Былы жах і агіда ахапілі яе. І хоць зараз яна ведала яго цела, сама жадала яго, гэта было жудасна. Яна ляжала на сваім ложку ўся ў сіняках, вусны пабітыя да крыві.

— Заўтра высакародная пані ня зможа прыйсьці і загадаць мне складаць рэчы і выбірацца. Ня гэтым разам. Зараз я твой муж. — Ён адвярнуўся і захроп.


— Што здарылася, Роўз? — устрывожыўся Лапік.

— Звалілася з ложку сонная, і разьбіла галаву аб столік поруч пасьцелі.

— Я папрашу лекара зазірнуць да цябе, калі буду ў горадзе? — Лапік ніколі ня бачыў такіх сінякоў.

— Не, Лапік, усё добра, — сказала яна і далучылася да жонак, якія трываюць лютасьць, бо гэта прасьцей, чым ёй супрацьстаяць.


Роўз спадзявалася на другое дзіця, сястрычку для маленькага Гуса. Не атрымалася. Як дзіўна, цяжарнасьць можа апынуцца вынікам адзінай ночы гвалту і не настае пасьля шматлікіх месяцаў таго, што завецца нармалёвым сямейным жыцьцём.


Спадарыня Нолан з гасьцініцы зьвярнула ўвагу лекара Кені на падазрона частыя падзеньні і ўдары Роўз.

— Ведаю, я бачыў яе.

— Яна кажа, што стала нязграбнай, але мне ў тое слаба верыцца.

— Я таму веры таксама ня шмат даю, спадарыня Нолан, але што я магу зрабіць? — Ён досыць доўга жыў на сьвеце, каб зазначыць, колькі жанчын кажуць аб нязграбнасьці, што зьявілася зьнянацку, і выпадковых падзеньнях.

Па дзіўнай заканамернасьці адбывалася гэта часьцей за ўсё ў тыя дні, калі ў горадзе меліся кірмашы. Будзь яго воля, лекар Кені забараніў бы продаж трункаў на кірмашах. Але хто паслухае старога вясковага лекара, які павінен здавольвацца драбкамі інфармацыі аб здарэньнях.


Лапіку падабаліся дзяўчыны, але посьпехам у іх ён не карыстаўся. Яму патрэбны вастраносыя чаравікі і гладкая фрызура, сказаў ён Роўз, тады дзяўчыны яго пакахаюць. Яна набыла яму вастраносыя чаравікі і намаглася ўпарадкаваць валасы, але гэта не спрацавала.

— Лічыш, я некалі ажанюся, Роўз? — спытаў ён неяк увечары. Шэй зьехаў у іншы горад купляць быдла. Гус заснуў у прадчуваньні школьнага жыцьця, якое пачнецца заўтра. Роўз і Лапік сядзелі ля каміна, дакладна як у ранейшыя часы.

— Ня ведаю, Лапік. Я, шчыра кажучы, і сама не разьлічвала выйсьці замуж, але памятаеш, тая варожка, да якой мы хадзілі шмат гадоў таму, наваражыла мне замужжа ў найблізкі год. Так і здарылася. Хоць я і не чакала нічога падобнага. Яшчэ яна сказала што ў мяне будзе дзіця, якое зробіць мяне шчасьлівай, але я і ўявіць не магла, што ўсё так і атрымаецца. Табе яна абяцала працу, зьвязаную са шматлікімі сустрэчамі зь людзьмі. Так яно і ёсьць у гасьцініцы. І падарожжа праз мора, і посьпехі ў спорце, дык ўсё гэта цябе чакае. Яна весела ўсьміхнулася брату, нагадваючы аб прыемных яму рэчах, абыходзячы маўчаньнем паабяцаныя цыганкай Элай ёй самой хваробы. Калі гэта яшчэ будзе.


Калі гэта здарылася, дык здарылася цалкам нечакана. Не было ў горадзе кірмашу, не чакалася ніякай п'янкі, ніякіх рэк віскі сярод мужчын, якім выпіўка была адзінай уцехай. Гэтай ноччу яна не сьцераглася яго вяртаньня, вось чаму яе так шакаваў яго п'яны твар, каламутны расплывісты позірк, перакошаны рот.

— Не глядзі на мяне так, — адразу завёўся ён.

— Я наогул на цябе не гляджу.

— Глядзіш, перац цябе ў вочы. Яшчэ як глядзіш!

— Набыў цялятаў?

— Ты зараз атрымаеш цялятаў, — выгукнуў ён, адпярэзваючы пас.

— Не, Шэй, не. Я проста размаўляю з табой. Ні ў чым цябе не папракаю. НЕ! — вырваўся зь яе грудзей крык замест звычайнага ўмольнага шэпту, якім яна размаўляла з гэтым вар'ятам, імкнучыся ўсьцерагчы брата і сына ад такіх сцэн.

Крык яшчэ больш узрушыў яго. — Распусьніца. Брудная паскудніца. Табе вечна бракуе, у гэтым заўсёды былі тваі заганы, нават калі ты не была мужней жонкай, набрыдзь. — Ён таргануў пасам і выцяў яе па плячах, потым па галаве.

Тагачас яго штаны зваліліся на падлогу. Ён ірвануў на ёй сарочку. Яна кінулася да крэсла, спрабуючы абараніцца, але ён апынуўся там раней, грукнуў крэслам аб сьпінку ложка і рушыў да яе з абломкам у руцэ.

— Не, Шэй, дзеля Бога, ня трэба. — Яна забыла, што яе могуць пачуць. У дзьвярах зьявіўся маленькі спалоханы Гус, ад страху запхнуўшы ў рот палец, ззаду яго застыў Лапік. Абодвух, абуджаных лямантам, прыкавала да месца сцэна, што адчынілася іх вачам. — Дапамажы, Лапік, дапамажы мне! — выгукнула Роўз раней, чым усьвядоміла, што робіць. І убачыла, як вялізная рука Лапіка адцягнула Шэя за карак.

Гус заекатаў ад жаху. Роўз прыкрылася разьдзёртай начной сарочкай і, не зьвяртаючы ўвагі на кроў, што лілася зь ілба, кінулася падхапіць сына на рукі.

— Ён сам ня свой, — зьвярнулася яна да Лапіка, — не разумее, што робіць. Замкнем яго недзе.

— Татачка, — плакаў Гус.

Шэй вырваўся і рушыў да маці зь дзіцем. У руцэ ён дагэтуль сьціскаў ножку ад крэсла.

— Лапік, запрамілы Бог, — узмалілася яна.

Шэй зірнуў на Лапіка. Гэты буйны хлопец у нерашучасьці спыніўся сярод пакоя, абціраючы чырвоны, змоклы ад спуду твар.

— Ну дык, пані Роўз, у вас выдатны абаронца. Гарадзкі вар'ят у бялізьне, адна любата. Вясковы ідыёт мае намер уступіцца за сваю сястрычку. Гэй, Лапік, ты ж вялікі хлопчык, джвагні мяне. Гваздані мяне, гаматны кныр. Га!? — Востры бок залому ператвараў ножку крэсла ў яго руцэ у небясьпечную зброю.

— Стукні яго, Лапік, — крыкнула Роўз, і цяжкі кулак Лапіка абрынуўся на сківіцу Шэя. Падчас падзеньня Шэй заваліўся на мармуровы рукамыйнік. Раздалося храбусьценьне і Шэй застаўся ляжаць з шырока расплюшчанымі вачыма. Роўз мякка апусьціла Гуса на падлогу, малы спыніў ёкат. Нейкі час усе маўчалі.

— Думаю, ён памёр, — вымавіў Лапік.

— Ты зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. — Лапік зь недаверам паглядзеў на яе. Яму падавалася, ён зьдзейсьніў нешта жудаснае. Ён занадта моцна стукнуў Шэя, выбіў зь яго дух. Роўз часта папярэджвала яго: — Сувымярай сваю сілу, Лапік, лягчэй з тым ці з гэтым. — Але гэтым разам яна ні словы не сказала яму ў папрок. Тое, што здарылася, не зьмяшчалася ў ягонай галаве. Ён адхіснуўся ад расхінутых вачэй на падлозе.

Роўз памяркоўна загаварыла. — Зараз, Лапік, табе трэба апрануцца і на ровары паехаць у горад, сказаць лекару Кені, што гарапашнік Шэй зваліўся і стукнуў галаву. Ён пакліча айца Махера, потым яны прывязуць цябе зварот.

— А мне сказаць … ?

— Ты скажаш, што чуў крыкі, і што Шэй зваліўся, а я папрасіла цябе паехаць за лекарам.

— Але ён не … Лекар Кені здолее … ?

— Лекар Кені зробіць, што зможа, а потым заплюшчыць беднаму Шэю вочы. А зараз, Лапік, калі ласка, апранайся і едзь.

— З табой усё будзе добра, Роўз?

— Я буду ў парадку, і Гус у парадку.

— Я у парадку, — засьведчыў Гус, па-ранейшаму не вымаючы палец з рота і не адпускаючы руку маці.

Лапік ехаў скрозь цемру, не разьбіраючы шляху. Сьвятло фары ровара мацала па жахлівых начных ценях і абрысах.

Лекар Кені і айцец Махер прымацавалі яго ровар на дах лекарскай машыны. Яны засьпелі Роўз вельмі спакойнай. Яна апранула чорную спадніцу зь белай кашуляй, сьціплую цёмную кофту і зачасала валасы на ілоб, каб прыхаваць рану. У каміне ярка гарэў агонь, ад разламанага крэсла застаўся толькі попел. Зараз ні адна душа ня ўбачыць, што яго можна было выкарыстаць у якасьці зброі. Са зьбялелым тварам падрыхтавала яна імбрык для гарбаты і сьвечкі для Апошняй Прычасьці.

Сьвятар загадаў Лапіку і Гусу памаліцца разам з Роўз. Было выпісана пасьведчаньне аб сьмерці. Відавочны няшчасны выпадак з нагоды алкагольнай інтаксыкацыі. Раніцай прыйдзе жанчына абмыць цела. Былі выказаныя і прынятыя фармальныя спачуваньні. І лекар і сьвятар ведалі, шлюб гэты быў змушаны, без каханьня. Гаспадыня хаты зацяжарала ад найміта. Шэй Нэйл ня ўмеў піць, тое ўсім вядома.

Лекар Кені не зьбіраўся высьвятляць, як зваліўся Шэй. Не зьбіраўся ён абмяркоўваць і сьвежую кроў на твары Роўз. Пакуль сьвятар займаўся сваёй справай, доктар выцягнуў сакваяж і, не чакаючы просьбы, вывучыў і апрацаваў рану. — Усё будзе добра, Роўз, — вымавіў ён. І яна ведала, казаў ён ня толькі аб ране ў яе на ілбу. Ён меў на ўвазе ўсё разам.

Пасьля пахаваньняў Роўз сабрала ўсю сваю сям'ю на фэрме. Сеўшы вакол кухеннага стала яны прыступілі да клапатліва прыгатаванага ёю абеду. На хаўтурах прысутнічала ўсяго некалькі сваякоў Шэя, іх на фэрму не запрасілі.

Роўз мела прапанову. Зараз гэтае месца зьвязана для яе зь ня вельмі прыемным ўспамінам. Ёй, Гусу і Лапіку карцела бы ўсё прадаць і рушыць ў Дублін. Яна абмеркавала пытаньне з агентам па нерухомасьці і атрымала слушнае паданьне аб кошце фэрмы. Мабыць хтосьці супраць продажу? Жадае нехта зь іх жыць тут? Не, ніхто зь іх жыць тут не жадае, так, усе яны цалкам падтрымліваюць жаданьне Роўз прадаць фэрму.

— Добра — Яна была ляканічная.

Магчыма, ім захочацца ўзяць нешта на памяць?

— Зараз? — Іх уразіла такая хуткасьць.

— Так, сёньня.

Яна зьбіралася выставіць хату на продаж на наступны ж дзень.


Гус засвоіўся ў дублінскай школе, а Лапік, узброены бліскучай рэкамэндацыяй спадарыні Нолан, атрымаў працу парцье ў маленькім гатэлі. Неўзабаве яго ўжо ўспрымалі там як чальца сям'і і запрасілі туды жыць. Гэта задаволіла ўсіх. І гады пацяклі адно за адным досыць мірна.

Роўз вярнулася да працы мэдсястры. Гус пасьпяхова скончыў школу і паступіў на курсы гатэльнага мэнэджмэнту. У свае сорак зь лішкам Роўз па-ранейшаму заставалася прывабнай жанчынай і цалкам магла зноў выйсьці замуж. Удаўцы пацыентак, якіх ёй прыходзілася даглядаць на працы, выяўлялі да яе немалую цікавасьць, але Роўз заставалася непахіснай. Ёй хапіла аднаго шлюбу без каханьня. Яна ні з кім ня злучыць сваё жыцьцё, ва ўсялякім разе, пакуль ня стрэне чалавека, якога сапраўды пакахае. Яна не лічыла сябе абдзеленай цеплынёй і пяшчотай. Далёка ня ўсе людзі здольны пахваліцца такім багацьцем, як Гус і Лапік.

Гус любіў сваю справу. Каб лепш асвоіць гатэльны бізнэс, ён з задавальненьнем хапаўся за самую цяжкую працу, згаджаўся на звышвызначаныя. Лапік заўжды браў хлопчыка на футбол і на бокс. Ён памятаў прадказаньне варожкі. — Мо яна мела на ўвазе, што я захаплюся спортам, — распавядаў ён Гусу. — Ня сам стану спартоўцам, а буду цікавіцца ім.

— Хутчэй за ўсё. — Гус усім сэрцам быў прывязаны да тага добрага, буйнага, клапатлівага чалавека.

Ніхто зь іх ніколі не загаворваў аб тое жахлівай начы. Часам Роўз пытала сябе, якія ўспаміны захаваліся ў Гуса. Яму было шэсьць, дастаткова, каб усё памятаць. Але ў дзяцінстве ў яго не зьявілася начных кашмараў ды і потым ён слухаў гутаркі аб сваім бацьку без прыкмет няёмкасьці. Адылі, ён не задаваў лішніх пытаньняў аб бацьку, і гэта яе насьцярожвала. Большасьць хлопчыкаў і дзяўчынак жадаюць ведаць пабольш. Магчыма, Гус ведаў досыць.


Гатэль, у якім працаваў Лапік, прыналежаў немаладой пары. Яны сказалі Лапіку, што неўзабаве плянуюць сысьці на супакой, чым моцна зьбянтэжылі яго. Вось ужо шмат гадоў тут была яго хата. Гэта супала зь іншай важнай падзеяй. Гус сустрэў дзяўчыну сваёй мроі, яскравую, вясёлую. Мэгі вучылася на кухара і адрозьнівалася паўночна-ірляндзкім досьціпам і ўпэўненасьцю. Па меркаваньні Роўз, яна ідэальна яму падыходзіла; зь ёй ён будзе, як за каменным мурам.

— Я заўжды думала, што буду раўнаваць, калі Гус знойдзе сабе дзяўчыну. Але зусім не, я шчасьлівая за яго.

— А я заўсёды думала, што маёй сьвякрухай стане нейкая ад’яда, а атрымала вас, — сьмяялася ў адказ Мэгі.

Усё, чаго яны зараз прагнулі, разам працаваць у гатэлі. Яны нават падумвалі набыць невялічкі кавалак зямлі і будавацца на ім.

— Не маглі б вы набыць мой гатэльчык? — пацікавіўся Лапік. Гэта было б менавіта тое, што трэба, але ім, зразумела, не пацягнуць.

— Калі для мяне знойдзецца там куток, я дам вам грошай, — умяшалася ў гутарку Роўз.

Хіба можна знайсьці лепшае ўжываньне яе зьберажэньням? Калі яшчэ прадаць дублінскую кватэру, грошай цалкам хопіць. Тады ў Лапіка і Гуса будзе хата. Маладая пара здолее пачаць сваю справу. Ёй самой будзе дзе прыхіліць галаву, калі пачнуцца наваражоныя ёй хваробы. Вядома, грэшна і нават недарэчна верыць у прадказаньні, але ўвесь гэты дзень, дзень цыганкі Элы, дагэтуль зь дзіўнай выразнасьцю стаяў у яе прад вачыма. Дзень, калі Шэй згвалтаваў яе.

Нялёгка апынулася пачынаць бізнэс. Безьліч часу сышло ў іх на вывучэньне рахункаў. Выдаткі значна перабольшвалі прыбыткі.

Лапік разумеў, справы ідуць ня лепшай выявай. — Я магу прынесьці пабольш вугалю наверх, — спрабаваў ён дапамагчы хоць неяк.

— Ня варта, Лапік, нам ня дзеля каго разводзіць там агонь. — Мэгі была вельмі добрая да стрыя свайго мужа, заўжды імкнулася даць яму адчуць, якое важнае месца займае ён у хаце.

— Можа нам з табой пайсьці вонкі, Роўз? Я апрану дошку-сандвіч з назвай гатэля, ты будзеш раздаваць мінакам рэклямкі. — Яму так карцела дапамагчы.

— Не, Лапік. Гэта гатэль Гуса і Мэгі. Яны высоўваюць ідэі, яны іх зьдзяйсьняюць. Хутка тут яблыку будзе няма дзе зваліцца.

І сапраўды, неўзабаве ад пастаяльцаў адбою ня стала.

Маладая пара завіхалася дзень і ноч. Паволі зьяўляліся сталыя кліенты. Сваімі аповедамі яны прыцягвалі новых пастаяльцаў, у асноўным з поўначы. Замежным кліентам з кантынэнту Мэгі уручала картку з надпісам: «У нас ёсьць сябры, якія размаўляюць на францускім, нямецкім, італьянскім».

Гэта была чыстая праўда. Яны ведалі немца пераплётчыка, француза, які выкладаў у школе для хлопчыкаў, і італьянца, што гандляваў чыпсамі. Пры неабходнасьці тыя людзі неадкладна адшукваліся па тэлефоне і перакладалі ўсё, што трэба.

Гус з Мэгі абзавяліся двума дзеткамі, падобнымі да анёлаў маленечкімі дзяўчынкамі, і Роўз лічыла сябе адной з найшчасных жанчын у Ірляндыі. Па нядзелях з раніцы яна разам з унучкамі выпраўлялася карміць качак у Сэнт Стэфан Грын.


Адзін з пастаяльцаў пацікавіўся ў Лапіка, ці няма паблізу більярднай залі, і Лапік, заўжды гатовы дапамагчы, адшукаў адну.

— Згуляй са мной разок, — папрасіў гэты чалавек, самотны бізнэсмэн зь Бірмінгема.

— Баюся, сэр, я ня здолею, — засаромеўся Лапік.

— Я табе пакажу.

І ў яго атрымалася. Спраўдзілася прадказаньне. Лапік апынуўся прыроджаным снукерыстам. Чалавек зь Бірмінгема ня даў веры, што ён упершыню трымае кій у руках. Ён вывучыў парадак. Жоўты, зялёны, карычневы, сіні, ружовы, чорны. Ён укладваў шары ў люзы лёгка і стыльна. Сабраўся натоўп гледачоў.

Вось яны, абяцаныя варажбіткай посьпехі ў гульнях і спорце.

Ён ніколі не гуляў на грошы. Іншыя людзі ставілі на яго, але яму заробак даваўся занадта цяжка, і ўсе яны патрабаваліся ў ім, Роўз, Гус, Мэгі, малыя. Але ён выйграваў спаборніцтвы, яго фатаграфіі друкаваліся ў газэтах. Яго запрасілі у снукерны клюб. Ён стаў мясцовай знакамітасьцю.

Роўз з задавальненьнем назірала за тым. Яе брат нарэшце стаў самавітай асобай. І ня трэба прасіць сына даглядзець Лапіка пасьля яе сьмерці. Няма неабходнасьці. Яна ведае, Лапік да апошняга дня будзе жыць з Гусам і Мэгі.

Яна зрабіла альбом выразак яго снукерных трыюмфаў і часам яны разам праглядалі яго. — Шэй ганарыўся бы ўсім гэтым, як ты лічыш? — спытаў Лапік неяк ўвечары. Зараз ён быў сталым мужчынам і ні разу за ўсе гэтыя гады ён не замаўляў аб сьмерці Шэя Нэйла. Чалавека, забітага ім аднойчы уначы зруйнавальным ударам.

Роўз скаланулася ад нечаканасьці. — Думаю, ён мог бы ўзрадавацца, — памяркоўна загаварыла яна. — Але ведаеш, зь ім немагчыма было зразумець, як ён ліча насамрэч. Гаварыў ён мала. Хто ведае, якія думкі блукалі ў яго галаве.

— Чаму ты выйшла за яго, Роўз?

— Каб стварыць дом для ўсіх нас.

Такое тлумачэньне, мабыць, задаволіла Лапіка. Колькі Роўз ведала, сам ён больш не падумваў ні аб жаніцьбе, ні аб жанчынах. У яго, як ва ўсякага мужчыны, напэўна меліся сэксуальныя жаданьні і запатрабаваньні, але яны ніяк не выяўляліся. А зараз, падаецца, снукер выдатна замяніў яму іншыя радасьці жыцьця. У гэтыя дні ў Роўз пачаліся затрымкі, чыньнікам якіх яна палічыла гарманальныя парушэньні. Пасьля высьветлілася, што гарманальныя парушэньні тут не павінны. Проста ёй больш няма чаго турбавацца аб будучыні.

Доктару не даводзілася бачыць, каб людзі прымалі дыягназ і безнадзейны прысуд з такім спакоем.

— Мы зробім усё магчымае, каб вы выпрабоўвалі як мага менш болю, — сказаў ён.

— Так, я ведаю. Калі магчыма, мне б карцела легчы ў хосьпіс.

— У вас такая добрая сям'я. Яны захочуць даглядаць вас.

— Гэта праўда, але ім трэба займацца гатэлем. Мне лепей ня быць там менавіта таму, што яны будуць надаваць мне зашмат часу. Калі ласка, доктар, у хосьпісе я ня дам амбарасу. Я буду дапамагаць усім, чым здолею.

— Не сумняваюся, — уздыхнуў ён.

У Роўз, як і ва ўсіх, хапала момантаў раздражненьня і адчаю. Але аб іх ня ведала ні яе сям'я, ні яе сябры па няшчасьці. Жальбы на няшчырасьць лёсу займалі ў яе значна менш часу, як складаньне плянаў на месяцы, што ёй засталіся.

Калі родныя наведвалі яе, яны пазнавалі не аб болі і млоснасьці, а аб тым, у якім файным месцы яна ляжыць, якая праца тут ладзіцца. Як вітаюць ў хосьпісе ўсё новае, любыя ідэі і распачынаньні. У гэтае рэчышча жадала яна накіраваць іх энэргію. Не прыносіць ёй цукеркі і піжамы, а рабіць нешта практычнае, карыснае. Вось чаго хацела Роўз ад сваёй сям'і.

І яны імкнуліся.

Лапік адшукаў для хосьпіса ўжываны більярдны стол і даваў урокі. Гус з Мэгі уладкоўвалі кулінарныя шоў. Месяцы міналі лёгка і шчасьліва. Хоць Роўз і схуднела, і рухалася ўсё марудней, яна ўпэўнівала, што не выпрабоўвае болю і патрабуецца не ў патолі, а ў добрай кампаніі і ў запале. Прынамсі яе мазгі пакуль працуюць, казала яна.

Яе мазгі працавалі занадта добра для Гуса і Мэгі, якія ня здолелі прыхаваць ад яе неспадзяваную катастрофу. Страхавая інвэстыцыйная кампанія, у якую яны ўклалі ўсе грошы, збанкрутавала. Бывай гатэль, бывай надзеі, мары, будучыня. У іх заставалася адзіная надзея, схаваць гэта ўсё ад Роўз. Хай яна памрэ, не пазнаўшы аб здарэньні. У рэшцы рэшту, зараз яна такая слабая, што яны ўсё роўна ня маюць магчымасьці браць яе дахаты, як на пачатку хваробы, на нядзельныя абеды зь яе ўнучкамі. Адзіная рэч падтрымлівала іх ў гэтым адчаю, Роўз не пазнае, што яе інвэстыцыі у іх будучыню згубленыя.

Але яны ня здолелі тое ўтаіць.

— Вы павінны распавесьці мне, у чым справа, — абвясьціла яна Гусу і Мэгі. — Вы ня сыдзеце з палаты, пакуль ня скажаце мне, што адбылося. Мне засталося колькі тыдняў. Не прымусіце ж вы мяне правесьці іх у пакутлівых здагадках. Я навыдумляю сабе такіх жахаў, зь якімі нішто не параўнуецца.

— Што на ваш погляд было бы горш за ўсё? — спытала Мэгі.

— Дрэнна зь дзяўчынкамі? — Яны пакруцілі галовамі. — З кімсьці з вас? З Лапікам? Хтосьці хварэе? — Яны зноў сказалі не. — Што ж, з ўсім астатнім мы зладзімся, — усьміхнулася яна. Вочы на худзенькім твары яскрава зьзялі.

Яны распавялі ёй усё. Як у газэтах зьявіліся паведамленьні аб зьніклых фондах. Як кампанія адмовілася плаціць па сваіх абавязальніцтвах. Як праўдападобна выступіў па тэлевізары Гары Кейн і паабяцаў, што ўкладчыкі ня страцяць свае інвэстыцыі, банк выплаціць кампэнсаваньня, але людзі пакуль баяцца, ніякай зразумеласьці.

Па пашчэнкам Роўз пацяклі сьлёзы. Цыганка Эла нічога не казала ёй аб тым. Яна кляла сябе за давер да варажбіткі. Яна ганьбіла Гары Кейна і яго блізкіх за прагнасьць і злачынства. Ніколі яны ня бачылі яе такой разьюшанай.

— Я ведаў, ня варта табе казаць, — маркотна прамармытаў Гус.

— Не, вядома вы павінны былі мне сказаць. Пакляніцеся, што з гэтага часу будзеце распавядаць мне аба ўсім. Калі вы скажаце мне, што ўсё добра, і падманяце, я пазнаю і я ніколі вам не дарую.

— Я буду паказваць табе кожную старонку газэт, маці.

— А калі ён не пакажа, я пакажу, — паабяцала Мэгі.

— І яшчэ, маці. Нават калі гэта здарыцца. Ты ж ведаеш, мы абавязкова знойдзем іншую працу, і ты ведаеш, Лапік заўсёды будзе з намі.

— Зразумела, яна ведае гэта, — з абурэньнем выгукнула Мэгі.

А праз некалькі дзён яны прынесьлі ёй ліст з банка. З рэзэрвовых фондаў выплачваецца кампэнсаваньне. Іх укладаньня ня зьніклі. Яна найуважлівай выявай учыталася нават у дробны шрыфт, каб нічога не абмінуць.

— Лапік разумее, якія блізкія мы былі да таго, каб усё страціць? — спытала яна.

— Разумее на сваім узроўні, — адказала Мэгі, і з глыбокім палягчэньнем Роўз упэўнілася, што пакідае брата ў надзейных руках.

Яна памерла супакоенай.


Ёй не давялося пазнаць, што жанчына, якая назвалася Сабінай Кэсі, патэлефанавала ў гатэль і папрасіла аб істотных рэінвэстыцыях чынам пакрыцьця атрыманага гатэлем кампэнсаваньня. Спадарычня Кэсі нагадала, што ў акалічнасьцях тага кшталту суполкі з абмежаванай адказнасьцю не выплачваюць укладчыкам кампэнсаваньне. Атрыманыя Нэйламі грошы за іх гатэль паступілі з асабістых сродкаў спадара Кейна, які ў сваім новым распачынаньні патрабуецца ў падтрымцы тых, чый інтэрас ён дапамог захаваць у складаны час.

Дамова суправаджалася элемэнтам таемнасьці, што атрымаў назоў прыватнасьці. Паперы выглядалі надзвычай паважна, але іх не загадалі праводзіць праз справаздачнасьць звычайнай выявай. Ня варта ўблытваць бухгалтэрыю ў джэнтэльмэнскую дамову.

Спачатку азначаная сума была досыць сьціплая, але паступова рабілася ўсё болей. Гэта турбавала Гуса і Мэгі. Але ж іх выцягнулі з агню, калі спусташэньне падавалася непазьбежным. Магчыма, ваганьні і хадня вакол ды каля зьяўляюцца агульнапрынятай практыкай у сучасным бізнэсе. Спадарычня Кэсі распавядала аб сваіх паплечніках у такім стрыманым, паважлівым тоне, быццам гаворка ішла аб людзях, нададзеных неабсяжнай уладай, ісьці насуперак якім можа толькі шаленец.

Гус разумеў, яго маці, будзь яна жывая, не ўхваліла бы ўсё гэта. Таму ўласная наіўнасьць і гатовасьць ісьці на павадку ў спадарычні Кэсі турбавала яго яшчэ больш. Яны нічога не казалі Лапіку. Проста імкнуліся эканоміць. Мусілі абыйсьціся бяз новага бойлеру, у куплі якога даўно насьпела неабходнасьць. У вітальні пакінулі старое дывановае пакрыцьцё, прыхаваўшы абшарпаны кавалак ля ўваходу танным кілімком. Але Лапік адчуваў, нешта кепска, і гэта турбавала яго. Чыньнік крыўся не ў недахопе пастаяльцаў, іх як раз было да халеры. Але Багатыя Ірляндзкія Сьняданкі былі зусім не такія багатыя, як ім належала, і Мэгі сказала, што Лапіку больш ня трэба хадзіць на рынак за сьвежымі кветкамі, яны занадта дарагія. А калі адна са стольніц звольнілася, новую на яе месца ня ўзялі.

Зараз у іх часта бывалі італьянцы і Паола, які гандляваў чыпсамі, зацюкалі перакладамі. — Адзін з вас павінен вывучаць мову, — сказаў ён Гусу. — Усе эўрапейскія мовы падобныя, гэта няцяжка, а ніхто з вас нават не спрабуе.

— Я спадзяваўся, дзяўчынкі выявяць цікавасьць да моў, — апраўдваўся Гус, — але не адбылося.

У гатэлі спыніўся італьянскі бізнэсмэн, яго жонка і два сына. Мужчына ўсе дні скрозь прападаў у кабінэтах міністэрства гандлю. Ягоная жонка ў крамах мацала мяккі ірляндзкі цьвід і вывучала ювэлірныя вырабы. Два сына падлетка нудзіліся і бурчэлі. Лапік прапанаваў узяць іх пагуляць у снукер. Ня ў залі, дзе паляць, п'юць і гуляюць на грошы, а ў каталіцкім клюбе для хлопчыкаў, дзе ім нічога не пагражае. І ён цалкам зьмяніў іх вакацыі.

Паола зрабіў яму сьпіс … tavola da biliardo, sala da biliardo, stecca da biliardo. Хлопчыкі вывучылі адпаведныя ангельскія словы: снукерны стол, кій.

Гэта была заможная сям'я. Жылі яны ў Рыме. Вось усё, што пазнаў аб іх Лапік. Зьяжджаючы, яны сфатаграфаваліся зь ім ля ўваходу ў гатэль. Потым селі ў таксоўку і рушылі да аэрапорту. На ходніку, калі таксоўка ад'ехала, Лапік зазначыў пачак банкнотаў. Ірляндзкіх банкнотаў, шчыгульна перахопленых элястычнай стужкай. Таксоўкі ўжо і сьлед зьнік. Яны ніколі не пазнаюць, дзе ўпусьцілі грошы. І хутчэй за ўсё нават ня хопяцца, пакуль ня вернуцца дахаты. Не занадта вялікая страта для такіх заможных людзей. Гэтая жанчына марнавала цэльнае багацьце штораз, як трапляла на вуліцу Грэфтан.

Не патрэбныя ім тыя грошы.

Іншая справа Мэгі з Гусам, якім трэба гэтулькі ўсяго набыць. Гожыя трымалкі для сьпіса страў, напрыклад. Іх старыя зусім парэпаліся і пашарпаліся. Альбо, дарэчы, новую шыльду на дзьверы. Ён разважаў такім чынам хвіль пяць, потым уздыхнуў, сеў у аўтобус і паехаў у аэрапорт, вяртаць страчаныя грошы.

Ён адшукаў італьянцаў падчас рэгістрацыі ўсяго іх ладнага багажу з дарагой мяккай скуры. На дзель сэкунды сумненьня зноў ахапілі яго, але ён пасьпяшаўся працягнуць сваю буйную руку, імкнучыся ня даць сабе одуму.

Уся італьянская сям'я абдымала яго. Яны крычалі ўсім вакол аб велікадушнасьці і выкшталцоўнасьці ірляндцаў. За ўсё жыцьцё ім не давялося спаткаць такіх файных людзей. Пачак разьнялі і некалькі банкнотаў саўганулі Лапіку ў кішэню. Але тое ня мела значэньня.

— Puo venire alla casa. La casa a Roma. — умольвалі яны яго.

— Яны запрашаюць вас прыехаць у Рым пагасьцяваць у іх, — перавёў чалавек з чаргі, крануты такой увагай да свайго суайчыньніка.

— Ведаю, — у Лапіка зьзялі вочы. — Больш таго, я туды паеду. Мне варажбітка шмат гадоў таму прадказала паездку замежжа, праз мора. — Усьмешка не схадзіла зь яго твару. Італьянцы зноў расцалавалі яго і ён пасьпяшаўся да аўтобуса. Яму карцела падзяліцца сваімі навінамі.

Гус і Мэгі прагаварылі аб тым усю ноч.

— Можа, ён забудзе аб колькі дзён? — выказаў Гус слабую надзею.

— Няўжо яны не маглі проста даць яму гасьцінца? — абуралася Мэгі. Бо Лапік насамрэч мяркуе, быццам тыя людзі запрасілі яго пагасьцяваць да сябе ў Рым, ён будзе рыхтавацца, а потым яго сэрца будзе спляжана.


— Ведаеце, мне трэба атрымаць пашпарт, — сказаў Лапік наступным ранкам.

— Хіба табе ня варта спачатку вывучыць італьянскі? — натхніла Мэгі геніяльная думка.

Калі ім атрымаецца адцягнуць экспэдыцыю на нейкі час, Лапік можа ўсьвядоміць, што падарожжа ў Рым — толькі мара.

Лапік папытаў аб уроках італьянскага ў сваім снукерным клюбе. Знаёмы кіроўца, Джымі Селіван, распавёў аб выдатнай жанчыне, Сыньёры, якая жыве зь імі і зьбіраецца весьці курсы італьянскай мовы ў школе Выгляд-На-Гару.

У той самы вечар Лапік зьезьдзіў у школу і запісаўся. — Я чалавек ня вельмі адукаваны. Лічыце, я здужаю гэтыя заняткі? — спытаў ён у жанчыны па імі Сыньёра, калі плаціў грошы.

— Вох, з тым праблем не паўстане. Было б жаданьне, і вы хуценька загаворыце, — супакоіла яго тая.

— Гэта будзе адымаць у мяне ўсяго па дзьве гадзіны ўвечар у аўторак і ў чацьвер, — выбачаючымся тонам паведаміў ён Гусу і Мэгі.

— Дзеля Бога, Лапік, выкарыстоўвай свой час, як зьлічыш патрэбным. Ты і так працуеш па ста гадзін на тыдзень.

— Ты мела рацыю, няма чаго ехаць туды, ня ведаючы ні словы. Сыньёра абяцала ў момант навучыць мяне гаварыць.

Мэгі прыплюшчыла вочы. Хто толькі яе за язык цягнуў? Сьмешна спадзявацца, што вячэрнія заняткі апынуцца небараку па сілах.


Ён жудасна нэрваваўся ў першы вечар, таму Мэгі паехала зь ім. Усьлед за даволі вялізным натоўпам яны рушылі ў будынак праз маркотны школьны двор. Кляс упрыгожвалі фатаздымкі і плякаты. Там нават стаялі талеркі з сырам і мясам, што ім пазьней мелася пакаштаваць. Настаўніца па меры знаёмства раздавала ўсім вялікія цэтлікі зь іх імёнамі, перакладзенымі на італьянскі.

— Лапік, — сказала яна. — Трэба падумаць. У вас ёсьць нейкае іншае імя?

— Ня думаю, — вінаватым, спалоханым голасам прамармытаў Лапік.

— Усё добра. Давайце падбярэм гожае італьянскае імя з падобным гучаньнем. Як наконт Лярэнца? — Лапік выглядаў няўпэўнена, але Сыньёры імя спадабалася. — Лярэнца, — паўтарала яна зноў і зноў, абкочваючы слова. — На мой погляд, прыдатнае імя. Іншых Лярэнца ў нашым клясе няма.

— Так у Італіі завуць сябе ўсе, каго клічуць Лапік?

Мэгі чакала, прыкусіўшы губу.

— Так, Лярэнца, — адказала жанчына зь незвычайнымі валасамі і выдатнай усьмешкай.

Мэгі вярнулася ў гатэль. — Выкладчыца ў іх цудоўная, — сказала яна Гусу. — Бедны Лапік ня будзе пачувацца там няўтульна. Але больш за тры урока яму ня здужыць.

Гус уздыхнуў. Чаго-чаго, а падстаў для ўздыхаў у іх у гэтыя дні і без таго мелася досыць.


Іх асьцярогі апынуліся цалкам безгрунтоўнымі. Лапіку падабаліся заняткі. Штораз ён вучыў зададзеныя выразы так, нібы ад тага залежала ўсё яго жыцьцё. Італьянцаў, якія прыбывалі у гатэль, ён цяпло вітаў на іх роднай мове, з гонарам дадаючы mi chiamo Lorenzo, быццам цалкам натуральна сустрэць парцье з такім імем у маленькім ірляндзкім гатэлі. Тыдні ішлі, і часьцяком па вечарах, асабліва дажджлівых, яны прымячалі, што Лапіка падвозіць да хаты зіготкая БМВ.

— Ты бы запрасіў сваю сяброўку зайсьці. — Мэгі некалькі раз бачыла профіль прыгажуні-кіроўцы.

— Не, Канстанца сьпяшаецца. Ёй далёка ехаць дахаты.

Канстанца! Як гэта фацэтная настаўніца загіпнатызавала ўвесь кляс сваімі гульнямі. Увогуле нейкі пацукалоў з дудкай. Лапік адмовіўся ад удзелу ў абяцаўшых яму дакладную перамогу спаборніцтвах па снукеру, бо ніяк ня мог прагуляць урок італьянскага. На гэтым тыдні яны ўзялі часткі цела і ім з Франчэскай трэба будзе паказваць клясу ўсякую ўсячыну накшталт гарляку, локцяў і каленаў. Ён усё вывучыў: la gola дакранаўся ён рукой да шыі, i gomiti далоні датыкаліся локцяў, яму прыходзілася нахіліцца, каб дацягнуцца да la caviglia на адной назе, потым на іншай. Франчэска яму ніколі не даруе, калі ён яе падвядзе. Ну не патрапіць ён на гэтыя спаборніцтвы, дык будуць іншыя. А для частак цела іншага дня ня будзе. Асабіста ён жудасна бы раззлаваў, калі б Франчэска не прыйшла з-за нейкіх там спаборніцтваў.

Гус і Мэгі са зьдзіўленьнем пазіралі адно на аднаго. Яны вырашылі, што тое яму на карысьць. Асабліва ім жадалася верыць у гэта зараз, калі ў астатнім справы іх ішлі з рук прэч дрэнна. Гатэль патрабаваў тэрміновых укладаньняў, а яны ніяк не маглі іх здужаць. Ім прыйшлося сказаць Лапіку, што сытуацыя невясёлая, але ён ня выявіў адмысловай турботы. Яны спрабавалі жыць сёньняшнім днём, не зазіраючы ў будучыню. Прынамсі Лапік зараз шчасьлівы. Прынамсі Роўз памерла супакоеная.


Часам новыя словы даваліся Лапіку з напругай. Ён не абвык да тага ў школе, Браты не чакалі ад яго адмысловых посьпехаў у вучобе. Але ў гэтым клясе да яго ставіліся зусім інакш.

У той вечар ён сядзеў, заткнуўшы вушы, на сьцяне школьнага двара і вучыў словы. Імкнуўся ўзгадаць выразы. Dov’e il dolore, гэта трэба мовіць з пытальнай інтанацыяй. З тымі словамі зьвярнуцца да вас, калі вы патрапіце ў лякарню. Калі не жадаеце бездапаможна лыпаць вачыма, замест таго, каб растлумачыць, дзе баліць, запомніце гэтае пытаньне. Dov’e il dolore паўтараў ён раз-пораз.

Спадар А’Брайн, дырэктар усёй школы, падышоў і сеў побач. — Як справы? — спытаў ён.

— Bene, benissimo. — Сыньёра казала ім адказваць на ўсе пытаньні па-італьянскі.

— Выдатна … А заняткі вам падабаюцца? Выбачайце, ня памятаю, як вас клічуць.

— Mi chiamo Lorenzo.

— Аге ж, вядома. Ну як, Лярэнца, варта гэта выдаткаваных грошай?

— Я, сыньёр, ня вельмі ведаю, колькі гэта каштавала. За мяне жонка пляменьніка плаціла.

Гледзячы на тага буйнага, прастадушнага мужчыну, Тоні А’Брайн адчуў камяк у горле. Меў рацыю Эйдан Данн, змагаючыся за вечаровыя клясы. Самыя розныя людзі дашлі сюды за мрояй. Сярод іх і жонка Гары Кейна, і падобны да гангстэра хмурны хлапчук.

Ён гэтулькі распавядаў Граніі, але яна па-ранейшаму лічыць, што ён ва ўгоду ёй паблажліва дазваляе яе бацьку змагацца зь вятракамі. Трэба пазнаць нешта такое, што ўпэўніць Гранію ў яго шчырай зацікаўленасьці.

— Што ў вас сёньня, Лярэнца?

— Ну, увесь гэты тыдзень часткі цела вучым. Калі раптам у Італіі сэрца прыхопіць ці няшчасны выпадак які. Перш за ўсё доктар спытае Dov’e il dolore. Вы разумееце, што гэта?

— Не. Бо я ня ў вашым клясе. Доктар спытае Dov’e il dolore?

— Так, гэта значыць: дзе баліць? І вы яму распаведзяце.

— Dov’e гэта дзе, так?

— Так, мусіць, бо Dov’e il banco; Dov’e l’albergo. Дык вы маеце рацыю, Dov’e мусіць азначаць дзе. — Лапік выглядаў задаволеным сваім адкрыцьцём.

— Вы жанаты, Лярэнца?

— Не, сыньёр. Сястра параіла мне засяродзіцца на снукеру.

— Але можна спалучаць адно зь іншым.

— Яно, вядома, слушна для чалавека разумнага, накшталт вас, які можа кіраваць школай. Але я не магу рабіць зашмат спраў адначасова.

— Я таксама, Лярэнца. — Спадар А’Брайн выглядаў сумным.

— Дык вы не жанаты? Мне падавалася, у вас ужо сталыя дзеці.

— Не, я не жанаты.

— Мусібыць, настаўнікі рэдка жэняцца, — выказаў здагадку Лапік. — Спадар Данн, ён таксама не жанаты.

— Вы ўпэўнены? — Тоні А’Брайна зьбянтэжыла нечаканая навіна.

— Не, але на мой погляд ў яго раман з Сыньёрай! — Лапік азірнуўся вакол, каб упэўніцца, што яго не падслухоўваюць. Якая неразважлівасьць зь яго боку, голасна казаць аб такіх рэчах.

— Нешта мне ня верыцца. — Зьдзіўленьню Тоні А’Брайна не было мяжы.

— Мы ўсе так думаем. Франчэска, Гугліема, Барталамеа і я размаўлялі аб тым. Яны шмат сьмяюцца разам і пасьля клясаў разам сыходзяць дахаты.

— Зразумела.

— Гэта ж было б выдатна для іх, праўда?

— Так, гэта было бы вельмі цікава, — пагадзіўся Тоні А’Брайн. Што бы яму ні карцела пазнаць для Граніі, такога ён ніяк не чакаў. Ён задумаўся над атрыманай інфармацыяй. Усё можа існаваць толькі ва ўяўленьні тага гарапашніка, а можа апынуцца і праўдай. Калі так і ёсьць, ня ўсё страчана. Эйдан Данн ня будзе занадта строгі, калі сам не бязгрэшны. Эйдан ня здолее павучаць і ганіць яго з вышыні сваёй маральнай перавагі. Урэшце, ён, Тоні, усяго толькі самотны мужчына, які залятаецца да адзінай жанчыны. Яго праблемы не ідуць ні ў якое параўнаньне з адносінамі Эйдана і Сыньёры.

Але аб тым ён пакуль Граніі казаць ня стане. Напярэдадні яна была ў яго ў гасьцях, але гутарка атрымалася нацягнутая, абодва імкнуліся трымацца ветліва і ня ўзгадваць аб цяжкім моманце, што сапсаваў іх жыцьцё.

— Застанесься на ноч? — спытаў ён.

— Так, але я не жадаю займацца каханьнем. — Яе словы прагучалі без усялякай манернасьці і штучнасьці.

— Будзем спаць у адным ложку ці мне легчы на канапе?

Яна выглядала жудасна маладой і зьбянтэжанай. Яму карцела ўзяць яе на рукі, закалыхаць, сказаць, што некалі усё ўтрасецца, уладкуецца. Але ён не асьмеліўся.

— Я павінна спаць на канапе, гэта твая хата.

— Ня ведаю, што табе і сказаць, Гранія. Калі я пачну ўмольваць цябе легчы са мной у мой ложак, дык буду выглядаць гадам печаным, які цікавіцца выключна тваім целам. Калі не, атрымаецца, быццам ты мяне не цікавіш. Бачыш, перад якой дылемай ты мяне паставіла?

— Дазволь мне гэтым разам паспаць на канапе, калі ласка, — папрасіла яна.

Ён атуліў яе і пацалаваў у ілоб. Раніцай ён зварыў ёй Коста-Рыканскай кавы. Яна выглядала стомленай, вакол вачэй зьявіліся цёмныя колы.

— Не магла заснуць, — сказала яна. — Пачытала сёе-тое з тваіх кніг. У цябе ёсьць файныя рэчы, ніколі аб такіх не чула.

Ён бачыў Пункт-22 і На шляху ля яе пасьцелі. Гранія ніколі не чытала ні Хэлера, ні Керуака. Магчыма, бездань паміж імі занадта вялікая. Яе зьбянтэжыла яго калекцыя традыцыйнага джаза. Яна зусім шчэ дзіця.

— Я бы жадала зноў павячэраць у цябе, — сказала яна сыходзячы.

— Скажы мне калі, і я прыгатую для цябе нешта смачненькае.

— Як наконт сёньня? Не занадта хутка?

— Не, сёньня выдатна, — пасьпяшаўся ён засьведчыць. — Толькі давай трошкі пазьней, я зьбіраўся зазірнуць у італьянскі кляс. І не сьпяшайся ганьбіць мяне, я іду туды, бо хачу, безадносна да цябе і твайго бацькі.

— Згода, — усьміхнулася яна. Але ў яе вачах мільганула турбота.

Хутка Тоні А’Брайн ужо будзе дома, ўсё падрыхтавана. Курыныя сьцегнячкі замарынаваныя ў джыне зь мёдам. Стол накрыты. На ложку чыстыя прасьціны, на канапе на ўсялякі выпадак плед.

Зь сёньняшняга наведваньня кляса Тоні спадзяваўся выняць штосьці больш прыдатнае за плёткі аб рамане паміж бацькам Граніі і надзвычай дзіўнай на выгляд выкладчыцы італьянскага. Лепей хутчэй пайсьці у гэты чортаў кляс і адшукаць там нейкую лухту, якую можна было б абмеркаваць зь ёй.

— Dove’e il dolore? — спытаў ён на разьвітаньне Лярэнца.

— Il gomito, — выгукнуў Лапік, схапіўшыся за локаць.

— Рыхтык, — хітнуў яму Тоні А’Брайн.

Усё перавярнулася з ног на галаву за нейкую хвілю.


Урок, прысьвечаны часткам цела, апынуўся вельмі фацэтным. Тоні А’Брайн мусіў прыціснуць да твару далонь, каб не разрагатацца, гледзячы як яны тыцкаюць адно у аднаго і крычаць eccola. Але, да яго зьдзіўленьня, у іх выявіўся ладны слоўнікавы запас і цалкам нязмушанае валоданьне ім.

Гэтая жанчына апынулася добрым настаўнікам; яна нечакана вярталася да дзён тыдня ці да замовы ў бары. — Бо мы ня станем бавіць увесь час у лякарні, калі адправімся ў viaggio па Рыме.

Тыя людзі сур'ёзна зьбіраліся выправіцца на экскурсію па Рыме.

Тоні А’Брайн, які выдатна змагаўся зь міністэрствам адукацыі, разнастайнымі настаўніцкімі саюзамі, лютасьцю сьвятароў і манашак, патрабаваньнямі бацькоў, з наркадылерамі і вандаламі, з самымі цяжкімі і некіравальнымі вучнямі, пазбавіўся дарунка прамовы. Ад адной думцы аб гэтай вандроўцы ён адчуў лёгкую млосьць.

Ён як раз зьбіраўся паведаміць Эйдану Данну, што сыходзіць, калі ўбачыў як Эйдан і Сыньёра сьмяюцца ля скрынак, раптам пераўтвораных з бальнічных ложкаў у вагонныя лавы. Яны стаялі так, як могуць стаяць толькі блізкія людзі. Божа літасьцівы, падаецца, гэта праўда!

Тоні захапіў палітон і рушыў да хаты, далей абмяркоўваючы свае пляны на абед, віно і, карцела б спадзявацца, ложак для дачкі Эйдана Данна.


Справы ў гатэлі ішлі так дрэнна, што ў Гуса і Мэгі бракавала сіл на праблемы Лапіка з вучобай. Ягоную галаву апаноўвалі словы, казаў ён ім, і некаторыя зь іх блыталіся.

— Не зьвяртай увагі, Лапік. Вучы, што можаш, — супакойваў яго Гус. Дакладна, як шмат гадоў таму Браты супакойвалі Лапіка, угаворвалі яго не турбаваць сябе.

Але Лапік ня мог пагадзіцца. — Ты не разумееш. Сыньёра казала, на гэтым этапе мы павінны размаўляць упэўнена, ня мямліць і не запінацца. У нас будзе яшчэ адзін урок па частках цела, а я іх зноўку запамятаваў. Калі ласка, паслухай мяне, калі ласачка.

Двое пастаяльцаў адмовіліся сёньня ад сваіх нумароў з-за кепскай якасьці пакояў, адна кабета нават паабяцала паскардзіцца ў кіраваньне па турызьме. Незразумела, ці здолеюць яны наскрэбці грошай на выплату заробка за гэты тыдзень, а тут Лапік просіць паслухаць яго хатняе заданьне.

— З Канстанцыяй я бы адказаў нармалёва, яна мне дапамагае, калі трэба. Але ў нас штораз розныя партнёры. Я магу адказваць з Франчэскай альбо з Глорыяй. А хутчэй за ўсё з Элізабэт, таму давай паўторым, калі ласка.

Мэгі падняла лісток. — Адкуль пачнем? — спытала яна. Тут іх перапынілі. Мясьнік жадаў ведаць, ці аплацяць калісьці яго рахунак. — Лепей я паразмаўляю, Гус, — прапанавала Мэгі.

Гус узяў ліст у рукі. — Гайда, Лапік. Кім я буду, лекарам ці пацыентам?

— Пабудзь і тым і іншым, Гус, а я пакуль папаўтараю за табой. Ці мог бы ты тлумачыць мне словы, якія называеш?

— Вядома. Са мной нешта блага, я прыйшоў у кабінэт, а ты лекар. Што ты ў мяне спытаеш?

— Я спытаю: «Дзе баліць?». Элізабэт будзе пацыенткай, я буду лекарам.

Гусу вечна бракавала цярпеньня. — Dov’e il dolore? — вымаўляў ён, сьцяўшы зубы. — Dov’e le fa male? — І Лапік паўтараў за ім бясконца. — Разумееш, Элізабэт спачатку лындала і не вучылася як сьлед, але Гугліема прымусіў яе ставіцца да справы сур'ёзна і зараз яна таксама робіць хатнія заданьні. — Гусу і Мэгі вучні вечаровага кляса чымсьці нагадвалі ўдзельнікаў пантамімы. Сталыя людзі завуць адно аднаго недарэчнымі імёнамі, паказваюць на свае локці і робяць выгляд, што трымаюць у руках стэтаскопы.


Собіла ж яго запрасіць Канстанцу менавіта ў гэты вечар. Найбольш элегантную жанчыну з усіх, што ім даводзілася бачыць, і з такім зьбянтэжаным тварам. З усіх чортавых вечароў, за ўвесь год, ён вылучыў менавіта гэты. Пасьля таго, як яны правялі тры гадзіны ў заднім пакоі, зноўку і зноўку праглядаючы шэрагі лічбаў, спрабуючы ўпэўніць сябе, што ім ня прыйдзецца прадаваць гатэль. І вось зараз яны вымушаныя падтрымліваць сьвецкую гутарку зь нейкай дзівачкай.

Але гутарка апынулася зусім ня сьвецкай. Гэтулькі разьюшанай асобы яны ў жыцьці ня бачылі. Яна прадставілася жонкай Гары Кейна, чыё імя фігуравала ў іх паперах, кантрактах, дакумэнтах. Яна паведаміла ім, што Сабіна Кэсі яго палюбоўніца.

— Не ўяўляю, як гэта магчыма, — нечакана сказала Мэгі. — Вы значна прыгажэй.

Канстанца сьціпла падзякавала яе і выняла сваю чэкавую кніжку. Яна прадыктавала каардынаты сваіх сяброў, чые паслугі ёй карцела прапанаваць ім для прывядзеньня гатэля ў парадак. Ні на адну хвілю не ўсумніліся яны ў яе шчырасьці. Яна сказала, што бязь іх у яе ніколі не хапіла бы інфармацыі і мужнасьці зрабіць тое, што яна мае намер зрабіць. З гэтага часу жыцьцё пойдзе па-іншаму. Яны павінны быць упэўненыя, што грошы па праве прыналежаць ім і будуць пакрытыя ёй, калі колы пачнуць круціцца.


— Я слушна зрабіў, што распавёў Канстанцы? — Лапік месцы сабе не знаходзіў. Раней ён ніколі нікому не распавядаў аб іх справах. Яны выглядалі не занадта ветліва, калі ён зьявіўся ў дзьвярах са сваёй госьцейкай, і гэта напалохала яго. Але зараз, колькі ён у стане быў зразумець, усё ўладкавалася найлепшай выявай. Куды лепш, як ён мог спадзявацца.

— Так, Лапік, слушна, — супакоіў яго Гус. Сказана гэта было надзвычай спакойна, але Лапік зразумеў, пляменьнік вельмі задаволены ім.

Бадай, ва ўсіх стала лягчэй на сэрцы. Усяго некалькі гадзін таму, калі Гус і Мэгі дапамагалі яму вучыць італьянскія словы, нэрвы ў іх былі нацягнутыя да апошняга. Зараз, у чым бы ні складаўся чыньнік, напруга, падаецца, сышла.

Трэба распавесьці ім, як добра ён адказаў на ўроку. — Усё сёньня прайшло файна. Вы ж ведаеце, я баяўся ня ўспомніць словы, але я ўспомніў, усе да адзінага, — ён прамянеў ад радасьці.

Мэгі кіўнула, не адважваючыся загаварыць. Яе вочы падазрона бліскацелі.

Канстанца вырашыла прыйсьці на дапамогу. — Вы ведаеце, што мы зь Лярэнца сёньня адказвалі разам? Мы выдатна зладзіліся.

— Локці, лыткі ды гарлякі? — усьміхнуўся Гус.

— Вох, ня толькі, яшчэ калены і бароды, — адказала Канстанца.

— Il ginocchio e la barba, — падхапіў Лапік.

— Вам вядома, што Лапік спадзяецца пабачыць гэтую сям'ю ў Рыме? — пачала Мэгі.

— Так, мы ўсе аб тым ведаем. І ўлетку, калі мы ўсе паедзем у Рым, мы іх абавязкова ўбачым. У Сыньёры ўсё пад кантролем.

Канстанца сышла.

Яны селі побач, тры чалавека, якія заўсёды будуць жыць разам. У чым Роўз ніколі не сумнявалася.


ФІЁНА


Фіёна працавала ў кавярні буйнай гарадзкой лякарні.

Яна часта казала, што гэта не лягчэй, як быць мэдсястрой, толькі адсутнічаюць нават такія дадатныя моманты, як магчымасьць дапамагаць людзям. Яна бачыла бледныя, зьбянтэжаныя твары людзей, якія чакаюць прыёму лекара, тых, хто прыйшоў даведацца кагосьці хворага, каму чэзьне, шумных, непаслухмяных дзетак, якія адчуваюць, што нешта ня так, але не разумеюць, у чым справа.

Час ад часу здаралася нешта цудоўнае, напрыклад, аднойчы ўбег мужчына з крыкам: — У мяне няма рака, у мяне няма рака! — І ён цалаваў Фіёну і паціскаў рукі ўсім прысутным. Для яго гэта, вядома, выдатна, і ўсе ўсьміхаліся яму. Адылі ў кагосьці з тых, хто яму ўсьміхаўся, магчыма, рак ёсьць. Але яму тое не ў галаве.

За гарбату, каву, печыва трэба браць плату, але з засмучанага чалавека грошы не заўсёды возьмеш. Чалавека, які выпрабоўвае шок, часам ледзь ня сілам маецца прымушаць выпіць гарачай салодкай гарбаты. Фіёне карцела, каб посуд у іх быў не папяровы. Але немагчыма перамыць такую плойму кубкаў і сподкаў. Гэтулькі людзей кожны дзень праходзіць. Шмат хто ведае яе па імі і заводзіць зь ёй гутарку проста каб адцягнуцца ад уласных думак.

Фіёна заўжды старалася выглядаць радасна і ярка, бо ім гэта патрэбна. Гэтая дзяўчынка-крошка завязвала на гладка зачэсаных валасах вялікі бант і насіла моцныя акуляры, што рабілі яе немалыя вочы яшчэ больш. У прасторным пакоі чаканьня было цёпла і Фіёна на працы хадзіла ў суколцы і кароткай чорнай спаднічцы. Яна набыла суколкі з назвамі дзён тыдня і выявіла, што людзям гэта падабаецца. — Я і ня ведаў, які сёньня дзень тыдня, пакуль не пабачыў Фіёну, — казалі адны. — Добра, што тут не напісана проста студзень, люты, сакавік, — жартавалі іншыя. Фіёна і яе дні тыдня служылі нязьменнай тэмай для гутаркі.

Часам Фіёна марыла, як адзін з гожых лекараў спыніцца, паглядзіць у яе вялізныя вочы і скажа, што яна тая, каго ён шукаў усё сваё жыцьцё.

Але нічога падобнага не здаралася. І Фіёна зразумела, гэта, хутчэй за ўсё, ніколі не адбудзецца. Лекары сустракаліся зь дзеўчынамі свайго кола, іншымі лекарамі, дачкамі лекараў. Яны ня стануць глядзець у вочы дзяўчынкі, што падае ім папяровыя кубачкі з кавай. Годзе марыць, сказала яна сабе.


Да дваццаці год у Фіёны засталося не зашмат ілюзій датычна сустрэч з мужчынамі. Не прыдатна яна для тага. Вось узяць яе сябровак, Гранію і Брыджэт Данн. Варта ім толькі зрабіць крок за дзьверы і яны сустракаюць хлопцаў. Хлопцаў, зь якімі часам застаюцца на ноч. Фіёна ў курсе, бо яе часта просяць забясьпечыць алібі. — Я застаюся ў Фіёны, — лепшае адмаўленьне.

Маці Фіёны нічога аб тым ня ведае. Яна бы не ўхваліла. Маці Фіёны непахісна верыць, што Добрыя Дзяўчынкі Чакаюць Да Вясельля. У Фіёны няма цьвёрдых перакананьняў па гэтым пытаньні. Тэарэтычна, калі кахаеш хлопца, а ён кахае цябе, варта ўступіць зь ім у адпаведныя зносіны. Але выпрабаваць сваю тэорыю на практыцы ёй ні разу не давялося.

Часам яна разглядала сябе ў люстэрка. Яна не пачвара. Магчыма, залішне мініятурная, і, мабыць, акуляры трохі яе псуюць, але людзі кажуць, што ім падабаюцца яе акуляры, яна выглядае ў іх любасна. Адылі як ведаць, раптам яны яе супакойваюць, а выглядае яна пачварна?

Гранія Данн загадала ёй не дурыць, яна выглядае выдатна. Але ў Граніі сёньня ня больш як палова галавы працуе. Яна зусім звар'яцела на гэтым чалавеку, а ён ці ледзь не старэй за яе бацьку. Фіёна ня здольная гэта зразумець. Паклоньнікаў у Граніі хоць шуфлюй, навошта ёй той стары спатрэбіўся?

І Брыджэт кажа, Фіёна выглядае файна, постаць ў яе шыкоўная ў адрозьненьне ад самой Брыджэт, якой варта зьесьці лядачы лусьцік і яна адразу вагу набірае. Чаму ж тады Брыджэт з сваімі пухленькімі сьцёгнамі вечна па спатканьнях гойсае? І зусім ня з тымі хлопцамі, якіх у сваім турыстычным агенцтве сустракае. Брыджэт гаворыць, на працы ні разу не спаткала нікога прыдатнага. Туды ўсякія дзяўчынкі натоўпамі ходзяць, жадаюць вакацыі на сонейку правесьці, пажылыя жанчыны туры замаўляюць, маладыя просяць адшукаць утульны куток. Гранія з Брыджэт зусім не сьпяшаюцца пераспаць з кожным, з кім сустракаюцца. Дык нельга тым растлумачыць іх папулярнасьць сярод мужчын. Для Фіёны ўсё гэта невырашальная таямніца.

Раніца выдалася клапотная і яна літаральна падала з ног. Набралася гэтулькі гарбатных пакуначкаў і пакаваньняў з-пад бісквітаў, што прыйшлося выносіць сьмецьце. Яна пацягнула здаровы плястыкавы мех да дзьвярэй. Вось дабярэцца да бакаў і добра. Нейкі малады чалавек узьняўся і прыняў пакет у яе з рук.

— Дазвольце мне, — сказаў ён. Цёмненькі, даволі прывабны, толькі валасы тырчаць. У адной руцэ матацыклетны шлем. Можна ўявіць, баіцца згубіць яго з вачэй.

Яна прытрымала дзьверы да пляцоўкі са сьмецьцевымі бакамі. — Кідайце ў любы, — параіла яна і ветліва дачакалася яго вяртаньня. — Вельмі любасна з вашага боку.

— Гэта дапамагло мне адцягнуцца ад маіх думак.

Яна паспадзявалася, што зь ім усё добра, ён выглядаў такім маладым і дужым. Любасны добры юнак вярнуўся разам зь ёй у пакой чаканьня.

— Лякарня тут выдатная, — вымавіла Фіёна. Яна паняцьця ня мела, ці так гэта насамрэч, але заўжды казала так, каб пацешыць людзей і ўсяліць у іх надзею.

— Сур'ёзна? — жыва перапытаў ён. — Я дык проста павёз яе ў найбліжэйшую.

— Так, у яе выдатная рэпутацыя. — Фіёне не жадалася спыняць гутарку.

— Giovedi, — паказаў ён на яе суколку.

— Выбачайце?

— Чацьвер па-італьянскі, — растлумачыў ён.

— На самай справе? Вы размаўляеце па-італьянскі?

— Не, але двойчы на тыдзень я хаджу на вячэрнія курсы італьянскай мовы. — У яго голасе прагучалі гонар і запал. Ён ёй пэўна падабаўся.

— Так каго, вы сказалі, вы сюды прывезьлі? — пацікавілася яна. Лепш усё высьветліць зараз. Калі гэта жонка ці сяброўка, няма сэнсу працягваць.

— Мая маці, — яго твар спахмурнеў. — Яна ў рэанімацыі. А я вось тут, чакаю, што скажуць лекары.

— Няшчасны выпадак?

— Накшталт таго. — Яму відавочна не жадалася размаўляць аб тым.

Фіёна вярнулася да ўрокаў італьянскага. — Цяжкія заняткі? Дзе яны праходзяць?

— У вялікай школе непадалёк, Выгляд-На-Гару.

Фіёна ўразілася. — Бач, якое супадзеньне! Бацька маёй лепшай сяброўкі выкладае там. — Ёй здалося, у іх зьявілася нешта агульнае.

— Сьвет такі цесны.

Яна адчула, што надакучыла яму, ды і людзі ля прылаўка чакалі гарбаты і кавы. — Дзякуй за дапамогу, было вельмі любасна з вашага боку.

— Што вы, калі ласка.

— Упэўненая, вашай маці хутка палепшае. Яны тут у рэанімацыі сапраўдныя чараўнікі.

— Безумоўна, — хітнуў ён.

Фіёна абслугоўвала людзей і ўсьміхалася ім усім. Можа, яна вельмі нудны чалавек? Цяжка разабрацца ў такіх рэчах, калі справа кранае цябе самога.

— Я нудная? — запытала яна Брыджэт ўвечар.

— Ты нудная? Ды зь цябе абрагочасься. Табе варта уласным тэлешоў абзавесьціся. — Брыджэт з маркотай разглядала маланку на спадніцы. — Разумееш, яны іх робяць пачварна, не магла я так патаўсьцець, каб яна лопнула. Гэта неймаверна.

— Вядома, гэта немагчыма, — схлусіла Фіёна. І тут зразумела, што Брыджэт, верагодна, таксама маніла ёй. — Я ткі нудота, — вытхнулася небарака, нечакана ўсьвядоміўшы праўду.

— Фіёна, ты худзенькая, чаго яшчэ можна жадаць у гэтым чортавым сьвеце? І заткніся з сваім сумам, пакуль ты не пачынаеш абрыдваць з гэтай сваёй нудотай, ты цалкам нармалёвая. — Сапхнуўшыся зь відавочным сьведчаньнем чарговага набору вагі, Брыджэт з напругай захоўвала цярпеньне пры гэтым тлумачэньні.

— Я сустрэла хлопца, і праз дзьве хвіліны ён пачаў пазяхаць і ўцёк. — Фіёна выглядала цалкам няшчаснай.

Брыджэт зьмякчэла. — Дзе ты яго сустрэла?

— На працы, яго маці ў рэанімацыі.

— Божа літасьцівы, яго маці разьбілася, альбо яшчэ што. Чаго ты чакала, што ён для цябе вечарыну з гутаркамі зладзіць? Ачуйся, Фіёна, сапраўды.

Фіёну яе словы ўпэўнілі толькі часткова. — Ён вывучае італьянскі ў школе твайго бацькі.

— Добра. Дзякаваць Богу, хоць хтосьці яго вывучае. Яны баяліся наогул не набраць вучняў для тага клясу. Бацька ўсё лета на вушах стаяў.

— Вядома, ва ўсім вінаватыя мае бацькі. Яны ніколі ні аб чым не размаўляюць. Якой яшчэ я магу быць? Толькі слотнай. Што цікавага я магу сказаць, пражыўшы ўсе гэтыя гады ў хаце, дзе нічога не абмяркоўваюць?

— Ой, змоўкні, Фіёна, ты ня слотная. І у чыіх бацькоў ёсьць што сказаць? Мае не размаўляюць гадамі. Тата пасьля вячэры ідзе да сабе ў пакой і застаецца там увесь вечар. Дзіўна, што ён яшчэ ня сьпіць там. Сядзіць за сваім маленькім сталом, перабірае кнігі, італьянскія талеркі, фоткі, малюнкі. Калі вечар сонечны, садзіцца на сафу поруч акна і проста глядзіць перад сабою. Як табе тая бздура?

— Што мне яму сказаць, калі я яго зноў пабачу? — спытала Фіёна.

— Майго бацьку?

— Не, тага ўскудлачанага хлопца.

— Божухна, спытаеш, як яго маці. Можа, мне з табой пайсьці і тузаць цябе, як марыянэтку, зараз кажы, зараз ківай?

— А што, неблагая думка … У твайго бацькі італьянскі слоўнік ёсьць?

— Тузіна два знойдзецца. А табе навошта?

— Хачу дні тыдня знайсьці, — Фіёна не магла ўцяміць, навошта тлумачыць відавочныя рэчы.


— Сёньня ўвечары пайду да Даннаў, — папярэдзіла Фіёна дома.

— Выдатна, — адрэагавала яе маці.

— Ты бы ўжо наогул да іх у хату перасялілася, так часта зь імі бачысься, — прабурчэў бацька.

Фіёна не зразумела, куды ён хіліць. Апошні раз яна была там некалькі тыдняў таму. Калі бы толькі яе бацькі ведалі, як часта дзяўчынкі Данны аб'яўляюць, што застаюцца на ноч у іх хаце. Вось тут бы пачалося!

— Як вы лічыце, Брыджэт Данн добра выглядае? — спытала яна.

— Ня ведаю, цяжка сказаць, — засумнявалася маці.

Бацька працягваў чытаць сваю газэту.

— Хіба гэта так складана? Ўяві яе сабе і скажы, ці гожая яна.

— Я аб тым памяркую, — паабяцала Фіёне маці.

Уначы ў ложку Фіёна доўга разважала над гэтым.

Як Граніі і Брыджэт удаецца трымацца так упэўнена, ва ўсім разьбірацца? Яны вырасьлі ў такой самай хаце, хадзілі ў тую школу, што і яна. Гранія наогул адважная, як леў. Круціць раман з жудасна старым мужчынам. Яна зьбіраецца распавесьці аб тым бацьку з маці, скажа, што сустракаецца зь ім і нават зьбіраецца пабрацца зь ім шлюбам.

Самае жахлівае, што ён начальнік спадара Данна. І спадару Данну ён не падабаецца. Гранія ня ведае, ці прыкінуцца ёй, што толькі зараз захапілася ім, каб даць бацьку час прызвычаіцца з гэтым, альбо сказаць шчыра. Гэты тып кажа, што заўжды лепей казаць шчыра, што людзі часта значна мужней, як вы думаеце.

Але Гранія і Брыджэт сумняваюцца.

Брыджэт, ва ўсялякім разе, сумнеўна. Ён такі стары. — Застанесься ўдавой раней часу, — сказала яна сястры.

— Так, заможнай удавой, дзеля таго і ажэнімся. Атрымаю яго пэнсію, — разрагаталася ў адказ Гранія.

— Ты захочаш іншых хлопцаў, пачнеш яму зьмяняць, ён цябе высачыць, знойдзе ў чужым ложку і зьнішчыць вас абодвух. — Брыджэт выкладала тую гожую пэрспэктыўку амаль з запалам.

— Не, да яго я па-сапраўднаму нікога ніколі не жадала. Калі з табой такое здарыцца, ты зразумееш.

Фіёна і Брыджэт толькі ўзнялі вочы да неба. Стомна назіраць сапраўднае каханьне з боку. Хоць Брыджэт не заўжды ўбаку. У яе годзе прапаноў.

Фіёна ляжала ў цемры і думала аб прыемным хлопчыку з ускудлачанымі валасамі, які так цяпло ўсьміхаўся ёй. Як выдатна мелася б быць дзяўчынкай, у якую можа закахацца такі хлопец.

Яна ўбачыла яго зноўку праз тыдзень.

— Як ваша маці? — запытала яго Фіёна.

— Адкуль вы аб ёй ведаеце? — Яе пытаньне раззлавала і занепакоіла яго. Тлусты дзякуй Брыджэт за каштоўную раду.

— Калі вы былі тут на мінулым тыдні, вы дапамаглі мне вынесьці мех са сьмецьцем і распавялі, што ваша маці ў рэанімацыі.

Яго твар праясьнеў. — Так, вядома. Даруйце. Справы ў яе не занадта добрыя. Яна зноў гэта зрабіла.

— Зноў разьбілася?

— Не, прыняла завялікую дозу.

— Ой, мне вельмі, вельмі шкада. — Гэта прагучала надзвычай шчыра.

— Я ведаю.

Яны памаўчалі. Потым яна паказала на сваю суколку і ганарліва сказала: — Venerdi. Вы ж так казалі?

— Так, сапраўды. — Ён вымавіў слова больш на італьянскі манер і яна паўтарыла за ім.

— Мусібыць, вы таксама вывучаеце італьянскі? — спытаў ён зь цікавасьцю.

Фіёна загаварыла не разважаючы: — Не, адмыслова вывучыла дні тыдня на выпадак, калі спаткаю вас зноў. — Яе твар заліўся фарбай і ёй захацелася неадкладна памерці, вось тут, за машынамі для кавы і гарбаты.

— Мяне клічуць Бары, — сказаў ён. — Як наконт схадзіць у кіно сёньня ўвечары?

Бары і Фіёна сустрэліся на вуліцы А’Конал і падзівіліся на чэргі ў кіназалы.

— На што вы жадаеце пайсьці?

— Не, на што вы жадаеце?

— Паняцьця ня маю, шчыра кажучы.

— Я таксама. — Сапраўды па ягонаму твару сьлізгануў цень раздражненьня?

— Можа пойдзем туды, дзе чарга карацей? — прапанавала яна.

— Але там Ваярскія Майстэрствы — запярэчыў ён.

— Ну і выдатна, — здуравала яна.

— Вам падабаюцца Ваярскія Майстэрствы? — ня мог ён даць веры.

— А вам яны падабаюцца? — адказала яна пытаньнем на пытаньне.

Спатканьне прайшло ня лепшай выявай. Яны схадзілі на фільм, што не спадабаўся абодвум. Потым паўстала праблема, што рабіць далей.

— Жадаеце піцу? — прапанаваў ён.

Фіёна пасьпешліва хітнула. — Выдатна.

— Ці лепей пайсьці ў паб?

— Таксама няблага.

— Пойдзем на піцу, — заявіў ён тонам мужчыны, які ўсьведамляе, што рашэньне, якое б ні было, яму прыйдзецца прымаць самому.

Яны сядзелі і глядзелі адно на аднаго. Выбар піцы апынуўся жахам. Фіёна згадзілася і на pizza margherita і на pizza napoletana, таму ўрэшце Бары замовіў quattro stagioni кожнаму. У гэтай піцы чатыры розных накрыпкі, сказаў ён, свая у кожным куту. Так мо паспрабаваць усё і ня трэба вылучаць.

Ён распавёў ёй, што ў італьянскім клясе Сыньёра, настаўніца, прынесла некалькі піцц на адзін з заняткаў. На яго меркаваньне, яна, напэўна, марнуе ўсё, што зарабляе, на такія падарункі для іх. І яны сядзелі на ўроку, елі, услых выкрыквалі назвы розных піцц, гэта было цудоўна. Распавядаючы, ён выглядаў жудасна юным і захопленым. Фіёне захацелася, каб у яе ў вачах і ў сэрцы пасялілася такое ж жывое пачуцьцё. Па дачыненьні абы да чаго.

Ва ўсім, вядома, вінаватыя яе бацькі. Яны цудоўныя, добрыя людзі, але ім няма чаго сказаць. Бацька яе кагадзе заявіў, што пры нараджэньні ўсім на руку неўзабаве будуць ставіць парадкавы нумар, тады людзі спыняць балбатаць усялякую лухту. Вось ён сам рот разявіць і баіцца. А у маці свае заганы. Яна лічыць, што нікуды ня трэба хадзіць. Яна заўсёды казала Фіёне не займацца ірляндзкімі танцамі, ня езьдзіць у адпачынак у Іспанію, нікуды не хадзіць і нічым не захапляцца. Вось чаму ў яе няма ні свайго меркаваньня, ні сваіх поглядаў.

У выніку зь яе атрымаўся чалавек, ня здольны вырашыць, які фільм паглядзець, якую піцу зьесьці, што сказаць далей. Паспрабаваць распытаць яго аб маці? А можа ён вырашыў пайсьці на спатканьне, каб ад тага адцягнуцца? Фіёна нахмурылася сваім думкам.

— Выбачайце, я вам, мусіць, надакучыў сваім італьянскім.

— Вох, Божа барані, не, вядома! — выгукнула яна. — Я нават заслухалася на ваш аповяд. Разумееце, мне б карцела захапіцца чымсьці, як вы. Я зайздрошчу вам і людзям, якія ходзяць у гэты кляс разам з вамі і пачуваюся дурніцай. — Вельмі часта, калі яна менш за усё тага чакала, аказвалася, што яна сказала чалавеку нешта прыемнае.

Бары расплыўся ва ўсьмешцы ад вуха да вуха і папляскаў яе па руцэ. — Не, вы зусім не дурніца, вы вельмі любасная. І вам самой нішто не перашкаджае ў нейкі вечаровы кляс запісацца, так?

— Пэўна, не. А ваш кляс поўны? — Навошта яна тое сказала? Атрымліваецца, яна сама нават вечаровы кляс знайсьці ня здольная. Яна прыкусіла губу, тым часам як ён пакруціў галавой.

— Зараз да нас далучацца ня варта. Занадта позна, мы далёка наперад сышлі, — ганарліва растлумачыў ён. — І потым, разумееце, усе туды прыйшлі па нейкім чыньніку. Ім усім трэба вывучыць італьянскі. Ва ўсякім разе так гэта выглядае.

— А дзеля чаго вам вывучаць італьянскі?

Бары некалькі ашаламіла такое пытаньне. — Ну, гэта таму, што я езьдзіў у Італію на Чэмпіянат Сьвету, — распавёў ён. — Мы паехалі цэльным натоўпам, але там я сустрэў безьліч файных італьянцаў і пачуваўся ёлупнем з-за таго, што ня мог размаўляць на іх мове.

— Але ж Чэмпіянат Сьвету там зноў праходзіць ня будзе?

— Не, але ж італьянцы засталіся на месцы. Мне б карцела паехаць туды і пагаварыць зь імі.

Фіёна прыкінула, ці варта спытаць яго аб маці, але вырашыла не рабіць тага. Сам распавядзе, калі захоча. Мабыць, гэта занадта асабістае. Яна знаходзіла яго вельмі, вельмі любасным і жадала бы сустрэцца зь ім ізноў. Як уладкоўваюць гэта дзяўчыны, якія ўмеюць абыходзіцца з хлопцамі? Кажуць штосьці дасьціпнае? Або нічога ня кажуць? Вось бы ведаць. Фіёне карцела вымавіць нешта такое, каб гэты цудоўны юнак зразумеў, ён ёй падабаецца і яна жадала бы сябраваць зь ім. І нават больш зь цягам часу. Чаму няма як даслаць такі сыгнал?

— Бадай, пара па хатах, — сказаў Бары.

— Так. Вядома. — Ясная справа, ён стаміўся ад яе.

— Праводзіць вас на аўтобус?

— Гэта было бы цудоўна, дзякуй.

— Ці падвезьці вас дахаты на маім матацыкле?

— Вох, было б файна. — Яна зразумела, што дала згоду на абодва варыянта. Ён такі прыме яе за дурніцу. Фіёна вырашыла растлумачыцца. — Я жадаю сказаць, калі вы прапанавалі праводзіць мяне на аўтобус, я ня ведала, што ёсьць магчымасьць пад'ехаць на матацыкле. Насамрэч мне больш падабаецца матацыкл. — Уласная мужнасьць літаральна шакавала яе.

Ён выглядаў задаволеным. — Выдатна. Тады вам прыйдзецца трымацца за мяне як сьлед. Абяцаеце?

— Абяцаю, — усьміхнулася яму Фіёна з-пад сваіх вялікіх акуляраў. Яна папрасіла давезьці яе толькі да пачатку вуліцы, бо ў гэтым ціхім месцы ня часта езьдзяць на матацыклах. Ці захоча ён зноў пабачыць яе?

— Спадзяюся, убачымся? — сказаў Бары.

— Так, было б выдатна. — Хоць бы яе твар не выглядаў занадта зацікаўленым, занадта ўмольным.

— Ну, вы маглі бы знайсьці мяне ў супэрмаркеце.

— Што? Так. Зразумела.

— Або я магу наведацца да вас у лякарню, — прапанаваў ён іншы варыянт.

— Ну так. Так, вядома, калі будзеце там, — сумна кіўнула яна.

— Я туды буду наведвацца кожны дзень. Мая маці ляжыць там. Дзякуй, што не пыталі аб ёй … мне не жадалася гаварыць аб гэтым.

— Не, вядома ж не. — Фіёна ўздыхнула з палягчэньнем. Яе так і падмывала ва ўсіх падрабязнасьцях распавесьці яму аб сваіх сумненьнях у піцэрыі.

— Дабранач, Фіёна.

— Дабранач, Бары.

Яна доўга ляжала ў ложку бяз сну. Яна яму спадабалася. І яго захапіла, што яна ня стала соўгаць нос у яго жыцьцё. Усё добра, яна зрабіла некалькі недарэчных памылак, але ён сказаў, што жадаў бы зноў убачыць яе.


Брыджэт зазірнула ў лякарню перакінуцца зь Фіёнай слоўцам. — Не магла б ты зрабіць нам ласку, заскочыць на пару гадзін сёньня ўвечары?

— Вядома, а навошта?

— Сёньня адбудзецца. Гранія зьбіраецца распавесьці ім аб сваім састарэлым пэнсіянэру. Пух і пёры паляцяць.

— А ад мяне што за карысьць? — усхвалявалася Фіёна.

Яны будуць паводзіць сябе трохі цішэй пры староньнім чалавеку. Магчыма. — Брыджэт відавочна сумнявалася.

— А ён там будзе, гэты стары?

— Ён прыпаркуе машыну паблізу, на выпадак, калі раптам спатрэбіцца.

— Спатрэбіцца? — у голасе Фіёны прагучаў спалох.

— Ну, разумееш, спатрэбіцца прывітаць яго як зяця, або бегчы ратаваць Гранію, калі тата надумае зьбіць яе да страты прытомнасьці.

— Але ж ён тага ня зробіць? — у Фіёны рот акругліўся ад жаху.

— Не, Фіёна, ён на такое ня здольны. Ты да ўсяго ставісься так літаральна. У цябе ўяўленьне ёсьць?

— Ня думаю, — сумна адказала Фіёна.


Днём Фіёна навяла даведкі аб спадарыні Хэлі, маці Бары. Яе прасьвятліла Кіці, адна з мэдсясьцёр гэтай палаты, яе знаёмая. Другі раз прыйшлося павазіцца з прамываньнем страўніка. Яна мусібыць наладжаная давесьці справу да заканчэньня. У Кіці няма на іх часу, хай канчаюць з сабою, калі ім карціць. Навошта марнаваць час і грошы, распавядаючы ім як усе іх любяць і як яны ўсім патрэбныя. Пэўна яны і не патрэбныя. Калі б яны ведалі аб сапраўды хворых людзях, няшчасных людзях, якія не ідуць на такі грэх, яны бы задумаліся.

Кіці не выпрабоўвае сымпатый да няўдалых самагубцаў. Але просіць Фіёну нікому аб тым не распавядаць. Яна не жадае набыць рэпутацыю каменнага сэрца. Яна ж дае гэтай гарапашніцы яе лекі і выяўляе да яе ня менш увагі, як да іншых пацыентаў.

— Як яе клічуць?

— Падаецца, Нэса.

— Якая яна?

— Вой, ня ведаю. Вельмі кволая, трохі ў шоку. Увесь час глядзіць на дзьверы палаты, чакае што муж прыйдзе.

— А ён прыходзіць?

— Пакуль не прыходзіў. Сын заходзіць, але гэта ня тое, што ёй трэба, жадае твар мужа ўбачыць. З-за яго яна гэта зрабіла.

— Адкуль ты ведаеш?

— Ва ўсіх іх адзіны чыньнік, — глыбакадумна зазначыла Кіці.


Яны сядзелі ў Даннаў за кухенным сталом. Да макароны з сырам практычна ніхто не даткнуўся. Спадарыня Данн, як звычайна, уткнулася ў кнігу. Яна выклікала ўражаньне чалавека, які сядзіць у зале чаканьня аэрапорту, а не пасярод уласнай хаты. Брыджэт, як звычай, фармальна нічога ня ела, але скубла кавалачкі з крайку і брала хлеб з маслам заесьці сок. У рэшцы зьядала куды больш, як атрымалася бы ў слушнай порцыі. Гранія выглядала бледнай. Спадар Данн памкнуўся выдаліцца ў свой улюбёны пакой.

— Тат, пачакай хвілінку, — голас Граніі прагучаў ненатуральна глуха. — Мне трэ сёе-тое сказаць. Вам усім.

Маці Граніі зьдзіўлена вызірнула з-за кнігі. Брыджэт ўзняла вочы ад талеркі. Фіёна адчула, што чырванее і выглядае вінаватай. Толькі бацька Граніі падаваўся спакойным.

— Так, вядома. — Ён сеў, амаль радуючыся агульнай гутарцы.

— Я разумею, вам усім цяжка будзе прыняць маю навіну, таму пастараюся растлумачыць усё як мага прасьцей. Я кахаю аднаго чалавека і жадаю выйсьці за яго замуж.

— Ну, гэта выдатна, — сказаў бацька.

— Замуж? — перапытала маці, быццам самай нечаканай рэччу ў сьвеце было тое, што хтосьці кагосьці кахае.

Брыджэт зь Фіёнай нічога не сказалі, толькі выдалі лёгкія гукі зьдзіўленьня і радасьці, каб прадэманстраваць рэакцыю на такую сур'ёзную навіну.

Перш як бацька пасьпеў спытаць, каго яна кахае, Гранія сказала сама. — Спачатку, ты, вядома, будзеш незадаволены, скажаш, што ён занадта стары для мяне, і шмат усяго іншага, але гэта Тоні А’Брайн.

Паўстала маўчаньне, што было горш за усё, чаго чакала Гранія.

— Гэта жарт? — нарэшце пацікавіўся бацька.

— Не, тата.

— Тоні А’Брайн! Жонка Дырэктара, на меншае яна ня згодна, — чмыхнула ад сьмеху маці.

Фіёна ня зьнесла напружаньні. — Я чула, ён вельмі прыемны чалавек.

— І ад каго ж ты гэта чула, Фіёна? — спадар Данн загаварыў, як тыповы настаўнік.

— Ну, так, вакол, — прамармытала Фіёна.

— Ён не такі дрэнны, тата. І яна ж замуж зьбіраецца, — дадала Брыджэт у надзеі неяк дапамагчы.

— Ну, калі ты думаеш, што Тоні А’Брайн ажэніцца на табе, табе прыйдзецца зьмяніць сваё меркаваньне. — Твар Эйдана Данна выцягнуўся ў цьвёрдую, гаркотную рысу.

— Спачатку мы жадалі распавесьці табе, а потым, у наступным месяцы, думалі пабрацца шлюбам. — Гранія імкнулася ня даць голасу затрымцець.

— Гранія, гэты чалавек абяцае ажаніцца ня менш як тром жанчынам на год. Потым прыводзіць іх у свой бардэль і робіць зь імі, што яму заманецца. Але ты, верагодна, і сама ведаеш. Думаю, ты бывала там досыць часта, калі казала нам, што застаесься ў Фіёны.

Фіёна скурчылася пры гэтым выкрыцьці.

— Усё зусім ня так. Гэта ўсё справа мінулая. Я ня бачылася зь ім з таго часу, як ён стаў Дырэктарам, бо лічыла, што ён накшталт як надзьмуў нас абодвух, цябе і мяне. Але ён сказаў, што не рабіў тага, і што ўсё зараз ідзе выдатна.

— Так і сказаў?

— Так. Ён клапоціцца аб табе і захапляецца табой і тваімі вечаровымі клясамі.

— Я знаёмая з хлопцам, які ходзіць туды, ён кажа, там выдатна, — піснула Фіёна. Яна затрымцела пад поглядамі, якія распавялі ёй, што яе ўмяшаньне не прынесла асаблівай карысьці.

— Яму спатрэбілася шмат часу, каб упэўніць мяне, тата. Я была на тваім баку і не жадала мець зь ім ніякіх спраў. А ён растлумачыў мне, што іншай магчымасьці не было … былі аб'ектыўныя чыньнікі…

— Упэўнены, ён мусіў доўга цябе пераконваць. Звычайна яму хапае трох дзён, ён сам выхваляўся. Ён, ці ведаеш, выхваляецца тым, як лёгка зацягвае дзяўчынак да сабе ў ложак. Такі вось чалавек кіруе нашай школай Выгляд-На-Гару.

— Зараз не, тата. Ня зараз. Іду ў заклад, ён тага ня робіць. Скажы шчыра.

— Толькі таму, што зараз ён не бывае ў настаўніцкай, а насяляецца ў сваім маленькім тронным пакойчыку бога ўсемагутнага, у так званым Кабінэце Дырэктара.

— Але тата, хіба гэта не заўсёды быў Кабінэт Дырэктара, нават пры спадару Уолшу?

— Цалкам розныя рэчы. То быў чалавек, годны такой пасады.

— А Тоні нягодны? Хіба ён ня выфарбаваў школу, не ўпарадакаваў яе? Задумаў гэтулькі навін, даў табе грошай на твае джунглі, распачаў італьянскі кляс, прыцягнуў бацькоў да кампаніі па паляпшэньні транспартнага абслугоўваньня школьнікаў…

— Ён цябе нядрэнна апрацаваў.

— Што ты думаеш, маці? — зьвярнулася Гранія да маці.

— Што я думаю? Якое мае значэньне, што я думаю? Ты ўсё роўна зробіш па-свайму.

— Я спадзявалася, вы зразумееце, што яму таксама нялёгка. Ён прагнуў сказаць табе даўно. Яму не падабалася трымаць усё ў таямніцы, але я не была гатовая.

— Вось як, — журботна хітнуў яе бацька.

— Сапраўды, тат. Яму нялёгка было бачыцца з табой, ведаючы, што рана ці позна табе стане вядома, што ён нешта ўтойваў ад цябе.

— Ах, гаротнік, бедная зьбянтэжаная душа. — Ніколі яшчэ іх бацька не размаўляў з такой гаркатой і сарказмам. Пагардлівая ўсьмешка літаральна скрывіла яго твар.

Гранія выпрасталася. — Як сказала маці, я ўжо паўналетняя і магу рабіць, як лічу патрэбным, але я жадала зрабіць гэта з вашага … вашай згоды.

— А дзе ж сам ён, доблесны сэр Галахад, які нават не адважыўся прыйсьці пагаварыць з намі асабіста?

— На вуліцы, тат, у сваёй машыне. Я сказала, што паклічу яго, калі гэта будзе слушна. — Гранія прыкусіла губу. Клікаць яго відавочна ня прыйдзецца.

— Гэта ня слушна. І ведай, Гранія, я ня дам табе блаславеньня альбо згоды, якіх ты просіш. Як сказала твая маці, ты ідзеш сваім уласным шляхам, што мы здольны зрабіць? — Злосны і няшчасны, ён устаў з-за стала і выйшаў. Яны пачулі, як зачыніліся за ім дзьверы ў ягоны пакой.

Гранія паглядзела на маці. Нэл Данн сьцепанула плячыма. — Чаго ты чакала? — спытала яна.

— Тоні кахае мяне.

— Або так ці не. Але ты падумала, што будзе з тваім бацькам? Зь мільярдаў людзей ва ўсім сьвеце ты вылучыла адзінага чалавека, зь якім ён ніколі не зьмірыцца. Ніколі.

— Але ты, ты разумееш? — Гранія сьмяротна патрабавалася ў падтрымцы.

— Я разумею, што ў дадзены момант ён то, чаго ты прагнеш. Вядома. Што тут яшчэ разумець?

Твар Граніі скамянеў. — Дзякуй за дапамогу, — сказала яна. Потым паглядзела на сястру і сяброўку. — І вам, даражэнькія, шчыры тлусты дзякуй за выдатную падтрымку.

— Божухна, што мы маглі зрабіць, зваліцца на калены і заявіць аб нашай дасьведчанасьці ў тваіх сардэчных справах? — абразіла Брыджэт няшчырасьць абвінавачваньняў.

— Я спрабавала сказаць, як добра дя яго ставяцца, — прамармытала няшчасная Фіёна.

— Ты спрабавала, — змрочна пацьвердзіла Гранія. Яна паднялася з-за стала, ні на каго ня гледзячы.

— Куды ты? Не хадзі да таты, ён ня зьменіць рашэньні, — перапалохалася Брыджэт.

— Не, я зьбіраюся сабраць рэчы і рушыць да Тоні.

— Калі ён сапраўды бяз одуму ад цябе, дык і да заўтра нікуды ня зьнікне, — паспрабавала ўмяшацца маці.

— Не жадаю больш тут заставацца, — стомлена вымавіла Гранія. — Яшчэ пяць хвіль назад я тага не разумела, але я ніколі не была тут па-сапраўднаму шчасьлівая.

— Што ёсьць шчасьце? — У словах Нэл Данн гучала гаркота.

Яны моўчкі прыслухваліся да крокаў Граніі на лесьвіцы і ў яе пакою.


Чалавек у машыне намагаўся разглядзець, што адбываецца ў хаце і зразумець, добрым ці благім знакам апынецца рух узад і наперад у бакавой спальні.

Потым ён убачыў Гранію з валізай.

— Я адвязу цябе дахаты, сонейка, — сказаў ён ёй. І яна расплакалася на яго плячы, як плакала, прыціснуўшыся да свайго бацькі, ня так ужо даўно, калі была дзіцем.


Фіёну дапазна не пакідалі думкі аб тым здарэньні. Гранія ўсяго на год старэй за яе. Як яна вырашылася на такую гутарку з бацькамі? Фіёніны праблемы не ідуць ні ў якое параўнаньне з драмай Граніі. Што яна павінна зараз рабіць, так гэта нейкім чынам зблізіцца з Бары, увайсьці ў яго жыцьцё.

Заўтра раніцай, на працы, яна прыдумае як тое зьдзейсьніць.


Калі ты працуеш у лякарні, табе часта ўдаецца набыць пры канцы дня ў квяцярні танны пук, кветкі, што самую дробязь страцілі сьвежасьць. Яна вылучыла невялічкі пучок фрэзіяў і ўклала занатоўку «Хутчэйшага ачуньваньня, Нэса Хэлі». Калі ніхто ня бачыў, пакінула іх на пасту мэдсястры і пасьпяшалася зварот, за прылавак.

Яна ня бачыла Бары два дні, але ён выглядаў весялей, калі прыйшоў. — Ёй значна лепей, да канца тыдня яна будзе дома, — вось першае, што ён сказаў.

— Вой, я радая … праблемы ззаду?

— Разумееш, гэта ўсё мой бацька. Яна думае … ну, думала … увогуле, ён не прыходзіў яе адведаць. Сказаў, што не дазволіць шантажаваць сябе тымі спробамі самагубства. І яе гэта вельмі прыгнятала.

— А зараз?

— Зараз ён, падаецца, саступіў. Даслаў ёй кветкі. Пучок фрэзіяў. Яна зразумела, што ён хвалюецца за яе і зазьбіралася дахаты.

Фіёна адчула халадок у грудзях. — А сам ён не прыходзіў … толькі кветкі перадаў?

— Не, пакінуў іх на пасту і зьнік. Чарговы фокус.

— А што твой тата аб тым кажа? — Голас адмаўляўся падпарадкоўвацца Фіёне.

— А, працягвае настойваць на сваёй недатычнасьці да тых кветак, але гэта цалкам упісваецца ў іх звычайныя адносіны, — растлумачыў ён зь лёгкай турботай.

— Ва ўсіх бацькі з заганамі, мне сяброўка як раз днямі казала. Іх зразумець немагчыма. — Яна і не спрабавала схаваць сваю гарачую спагаду.

— Можа, кудысьці зноў выправімся, калі маці вернецца дахаты?

— З задавальненьнем, — згадзілася Фіёна. Калі ласка, калі ласка Пане, хай ніхто ніколі не пазнае аб тых кветках, хай яны спыняць высьвятляць, ці пасылаў ён іх.


Бары павёў яе на футбольны матч. Па дарозе растлумачыў ёй, якая каманда добрая, якая дрэнная. Растлумачыў правілы і распавёў аб раптоўнай сьлепаце судзьдзі ў некалькіх папярэдніх матчах і аб надзеі на вяртаньне да яго зроку ў цяперашняй гульне.

На стадыёне Бары сустрэў цёмнавалосага каржакаватага хлопца. — Выдатна, Луіджы, я і ня ведаў, што ты заўзятар гэтай каманды.

Луіджы бязьмерна ўзрадаваўся сустрэчы. — Барталамеа, дружа, ды я зь імі са стварэньня сьвету.

Пасьля абодва перайшлі на італьянскі. — Mi piace giocare a calcio. — Гэта зрынула іх у нястрымны рогат, Фіёна сьмяялася разам зь імі.

— Гэта азначае я люблю футбол, — растлумачыў Луіджы.

Фіёна так і меркавала, але намалявала зьдзіўленьне. — У вас, пэўна, выдатны італьянскі?

— Ой, прабач, Луіджы, гэта Фіёна, мая сяброўка, — прадставіў яе Бары.

— Ну ты шчасьліўчык, твая сяброўка пайшла на матч. Сьюзі упадабала застацца дома.

Фіёна засумнявалася, ці трэба ёй тлумачыць гэтаму дзіўнаму чалавеку з дублінскай вымовай і італьянскім імем, што яна Бары не сапраўдная сяброўка, але вырашыла не паглыбляцца ў падрабязнасьці. Цікава, чаму ён заве Бары гэтым дзіўным імем?

— Калі ты сустракаесься са Сьюзі пасьля гульні, можа вып'ем разам недзе? — прапанаваў Бары. Луіджы ўхваліў гэтую лепшую з усіх чутых ім дагэтуль ідэй і яны вылучылі паб.

Падчас матчу Фіёна жудасна імкнулася разабрацца ў гульне, радавацца і хвалявацца ў слушныя моманты. Яе сэрца трымцела пры думцы аб такім посьпеху. Так робяць іншыя дзяўчынкі, ходзяць на матчы з хлопцамі, сустракаюць там іншых хлопцаў і пазьней далучаюцца да іх і іх сябровак. Выдатна.

Зараз яна павінна запомніць, якія камбінацыі прыводзяць да гала або да кутняга, а якія да ўкіданьня. Але значна важней не пытаць Бары аб яго маці, бацьку і загадкавым пуку фрэзіяў.

Сьюзі апынулася файнай. У яе былі рудыя валасы, працавала яна стольніцай у адным з тых шыкоўных мястэчкаў у Тэмпл Бары.

Фіёна распавяла, як падае каву ў лякарні. — Гэта зусім іншая ліга, — няёмка вымавіла яна.

— Гэта значна важней, — цьвёрда адказала Сьюзі. — Ты падаеш каву людзям, якія ў тым патрабуюцца, я проста стаўлю каву перад тымі, хто прагне сябе паказаць, іншых паглядзець.

Мужчын пацешыў такі паварот падзей. Дзяўчынкі захоплена гутарылі і яны, прадстаўленыя самі сабе, маглі абсмактаць матч да апошняй косткі. Потым яны загаварылі аб знакамітай вандроўцы ў Італію.

— Барталамеа таксама дзень і ноч кажа аб viaggio? — жадала ведаць Сьюзі.

— Чаму ты яго так завеш? — шапнула Фіёна.

— Бо так яго клічуць, хіба не? — уразілася Сьюзі.

— Насамрэч яго клічуць Бары.

— Вой. Ну, гэта Сыньёра. Яна незвычайная. Яна жыве ў хаце маёй маці, як кватарантка. Яна ўсім гэтым запраўляе і яна Лу назвала Луіджы. Гэта заразна, я часам сама яго так заву. Але ты зьбіраесься?

— Зьбіраюся куды?

— У Рым, — вымавіла Сьюзі, скругляючы вочы і літару Р.

— Ня ўпэўненая. Я пакуль не занадта добра знаёмая з Бары. Але калі ў нас усё пойдзе добра, можа я і паеду. Цяжка сказаць.

— Пачні адкладаць грошы, там будзе файна. Луіджы прагне ажаніцца там. Альбо, прынамсі, паехаць туды, як у вясельнае падарожжа. — Сьюзі пахістала пальчыкам з цудоўным смарагдавым кляйнодзікам.

— Як гожа.

— Ага, але гэта не сапраўдны камень, адзін прыяцель Лу зьвязаны з гэтым.

— Толькі ўявіць, мядовы месяц у Рыме, — летуценна працягнула Фіёна.

— Адзіны задрот, мядовы месяц мне прыйдзецца правесьці ў кампаніі пяцідзесяці ці шасьцідзесяці чалавек.

— Тады, раз ужо дзень будзе заняты, табе прыйдзецца забаўляць яго толькі ўначы.

— Забаўляць яго? А як наконт мяне? Думаю, ён мяне павінен забаўляць.

Фіёна, як зь ёй часта здаралася, пашкадавала аб сказаным. Вядома, такая дзяўчына, як Сьюзі, павінна разважаць падобнай выявай. Яна не сумняваецца, Луіджы будзе скокаць вакол яе. Ёй і ў галаву ня прыйдзе, як Фіёне, імкнуцца даставіць яму задавальненьне і разьдзірацца боязьзю выклікаць ягонае раздражненьне. Выдатна быць такой ўпэўненай. Калі выглядаеш як Сьюзі, з такой вось капой рудых валасоў, і калі працуеш у такім прэстыжным месцы і, трэба меркаваць, маеш за плячыма немалы сьпіс хлопцаў накшталт Луіджы, якія дораць табе ашаламляльныя кольцы … Фіёна глыбока ўздыхнула.

Сьюзі зірнула на яе з сымпатыяй. — На матчы было вельмі сумна? — пацікавілася яна.

— Не, зусім няблага. Я раней ніколі не хаджала. Неяк я ня вельмі сьцяміла наконт афсайду. Ты ў гэтым разумееш?

— Яшчэ навошта. Не разумею і разумець не жадаю. Варта ў гэта ўглыбіцца і вось ужо тырчыш на марозе сярод тых, хто квапіцца на твае барабанныя перапонкі. Сустракайся зь імі пасьля таго як, вось маё крэда. — У Сьюзі на ўсё мелася ўласнае меркаваньне.

Фіёна разглядала новую знаёмую зь непрыхаваным захапленьнем і зайздрасьцю. — Як табе ўдаецца … ну, паводзіць сябе так, аб усім ведаць? Гэта з-за таго, як добра ты выглядаеш?

Сьюзі кінула на яе вывучаючы погляд. Не, гэтая дзяўчынка з жывым тварам і вялізнымі акулярамі не пад'южвае яе. Яна кажа шчыра. — Паняцьця не маю, як я выглядаю, — шчыра адказала Сьюзі. — Бацька сьцьвярджае, я выглядаю, як самадайка і прасталытка. Маці ліча, я выглядаю трошкі легкадумна. Там, дзе я спрабавала ўладкавацца на працу, сказалі, што я залішне моцна фарбуюся. Хлопцы, якім карцела са мной любіцца, гаварылі, я выглядаю файна. Паспрабуй зразумей, як ты выглядаеш насамрэч.

— Ой, ведаю, ведаю, — пагадзілася Фіёна. Яе маці сьцьвярджала, што яна выглядае дурніцай ў сваіх суколках, людзям у лякарні яны падабаліся. Некаторыя казалі, што акуляры ёй да твару — павялічваюць вочы; іншыя пыталі, чаму яна не карыстаецца кантактнымі лінзамі. Часам яна любавалася сваімі доўгімі валасамі, часам меркавала, што выглядае з-за іх, нібы школьніца-пераростак.

— Урэшце я зразумела, што вырасла і не павінна ні пад каго падладжвацца, — растлумачыла Сьюзі. — І вырашыла рабіць тое, што падабаецца мне самой. У мяне нармалёвыя ногі, таму я апранаю кароткія спадніцы, але я не дурніца і фарбуюся зараз ня так моцна. Больш мяне не хвалюе, як да мяне паставяцца і што аба мне падумаюць.

— Лічыш, мне варта пастрыгчыся? — даверліва прашаптала Фіёна.

— Не, ня думаю. І ня думаю, што табе трэба пакінуць доўгія валасы. Гэта твае валасы і твой твар, і ты павінна рабіць так, як ты лічыш патрэбным, а не пытаць маёй рады, рады Барталамеа ці рады тваёй маці. Інакш ты назаўжды застанесься дзіцем. Такое, ва ўсялякім разе, маё меркаваньне.

Прыгажуні Сьюзі лёгка так разважаць. Фіёна пачувалася мышанём ў акулярах. Даўгахвостым мышанём. Але калі яна пазбавіцца акуляраў і доўгіх валасоў, яна будзе ўсяго толькі сьляпым мышаняткам з фрызурай. Як ёй пасталець, навучыцца прымаць рашэньні? Можа, штосьці адбудзецца, тое, што зробіць яе мацней?

Бары вечар даставіў плойму задавальненьня. Ён павёз Фіёну дахаты на матацыкле і, учапіўшыся за ягоны швэдар, яна разважала, што ёй адказаць, калі ён зноў запросіць яе на гульню. Набрацца мужнасьці і, роўна як Сьюзі, прапанаваць сустрэцца пасьля гульні? Або высьветліць у кагосьці правілы афсайду і пайсьці зь ім? Як лепш? Зразумець бы, чаго яна сама прагне. Але ў адрозьненьне ад Сьюзі яна яшчэ не пасталела, няма ў яе ўласнага меркаваньня.

— Прыемна было пазнаёміцца з тваімі сябрамі, — сказала яна, саскочыўшы з матацыкла ў пачатку сваёй вуліцы.

— У наступны раз зоймемся чымсьці, што ты вылучыш, — прапанаваў ён. — Заўтра зазірну да цябе. Як раз буду маці дахаты забіраць.

— А я думала, яна ўжо дома. — Бары абяцаў запрасіць яе на спатканьне, калі маці вернецца дахаты, вось яна і лічыла, што спадарыня Хэлі выпісалася. Фіёна баялася зьявіцца поруч палаты, раптам у ёй пазнаюць жанчыну, якая пакінула фрэзіі.

— Не. Мы думалі, ёй лепш, але ня тое.

— Вой, шкада.

— Яна ўбіла сабе ў галаву, што тата даслаў ёй кветкі. А ён, вядома, не пасылаў. І калі яна зразумела гэта, пачаўся рэцыдыў.

Фіёну адначасова кінула ў жар і ў холад. — Які жах, — вытхнулася яна. І ледзь чутна спытала: — Чаму яна думала, што ён прыносіў?

Бары змаркатнеў. Ён сьцепануў плячыма. — Хто ведае. Быў пук кветак і картка зь яе імем. Але лекары лічаць, яна сама іх сабе набыла.

— Чаму яны так мяркуюць?

— Таму што ніхто больш ня ведаў, дзе яна, — уздыхнуў Бары.


Яшчэ адну ноч Фіёна правяла не злажыўшы вачэй. Зашмат што адбылося. Матч, правілы, сустрэча з Луіджы і Сьюзі, магчымая вандроўка ў Італію, людзі, якія прынялі яе за сяброўку Бары. Ідэя аб тым, што калі ты сталееш, ты ведаеш, як табе паступаць, думаеш і вырашаеш сам за сябе. А потым жудаснае, жахлівае ўсьведамленьне таго, што падораныя ёю кветкі прычыніліся пагаршэньня стану маці Бары. Ёй карцела даставіць маркотнай жанчыне задавальненьне, падхрабрыць яе. Замест таго яна толькі напсавала. У тысячу разоў горш зрабіла.

На працу Фіёна прыйшла бледная і змучаная. Са скрыні з суколкамі яна ўзяла няслушны дзень тыдня. Здарыўся вялізны канфуз. Адны пыталі, куды дзявалася пятніца, іншыя высьвятлялі, навошта яна апраналася ў цемры. Адна жанчына, убачыўшы на грудзі ў Фіёны панядзелак, не пайшла на прыём да лекара, упэўненая, што памылілася днём. Фіёна замкнулася ў прыбіральні і пераапранула суколку задам наперад. Зараз заставалася толькі ні да каму не паварочвацца сьпіной.

Бары зьявіўся падчас абеду. — Спадарыня Кларк, мэнэджэр, адпусьціла мяне на пару гадзінак, яна файная. Таксама ў італьянскі кляс ходзіць, там я яе заву Франчэскай, а на працы спадарыня Кларк. Фацэтна, так?

Фіёна пачынала думаць, што палова Дубліна хаваецца ў гэтым клясе пад выдуманымі імёнамі. Але яе бянтэжылі больш важныя думкі, як зайздрасьць да людзей, гуляючых у дзіцячыя гульні ў школе Выгляд-На-Гару. Трэба даведацца аб яго маці, не задаючы прамых пытаньняў.

— Усё добра?

— Як табе сказаць. Маці не жадае ехаць дахаты, а стан здароўя не дазваляе далей трымаць яе тут, ім прыйдзецца перавесьці яе ў вар'ятню. — На ім твары не было.

— Як дрэнна, Бары.

— Ды няхай, нешта прыдумаю. Я проста жадаў сказаць, ты ж ведаеш, я абяцаў, што ў наступны раз мы пойдзем, куды ты вылучыш …

Фіёна запалохалася. Толькі выбару ёй зараз бракуе. Тага яна ўжо ня вытрывае.

— Я пакуль ня вырашыла …

— Не, я жадаў сказаць, нам прыйдзецца адкласьці спатканьне, але гэта ня значыць, што я сустракаюся зь іншай або не жадаю цябе бачыць … — палка перапыніў яе Бары.

Фіёна зразумела, яна сапраўды падабаецца яму. Камень ў яе на сэрцы стаў на тры чвэрці лягчэй. — Ой, спыніся, напрамілы Бог, я разумею. Убачымся, калі ўсё ўладкуецца. — Яе твар празьзяў, людзі, якія чакалі гарбату і каву, былі забытыя.

Бары таксама шырока усьміхнуўся і памчаўся.


Фіёна вывучыла правілы, датычныя афсайду, але не магла зразумець, як пераканацца ў наяўнасьці менавіта двух чалавек паміж футбалістам і брамай. Ніхто ня здолеў даць ёй зразумелага адказу.

Яна патэлефанавала сваёй сяброўцы, Брыджэт Данн.

Слухаўку зьняў бацька Брыджэт. — Рады магчымасьці паразмаўляць з табой, Фіёна. Баюся, калі ты ў апошні раз была ў нас, я сябе вёў не занадта пачціва па дачыненьні да цябе. Выбачай калі ласка.

— Усё добра, спадар Данн. Вы былі засмучаны.

— Так, я быў вельмі засмучаны, і засмучаны дагэтуль. Але гэта не апраўдвае недапушчальныя паводзіны па дачыненьні да госьця. Прымі, калі ласка, мае выбачэньні.

— Няма за што. Магчыма, мне проста ня варта было прыходзіць.

— Я паклічу Брыджэт.

Брыджэт мелася ў выдатнай форме. Яна схуднела на кіляграм, абзавялася фантастычным жакетам, у якім выглядала дадатна кашчавай, і памкнулася бясплатна паехаць у Прагу. Ад жудасных, зьедлівых заяў, расплюшчываючых людзям вочы на тое, што яны зь сябе ўяўляюць, і сьледу не засталося.

— Як Гранія пажывае?

— Паняцьця ня маю.

— Жадаеш сказаць, што ня бачылася зь ёй? — шакаваў Фіёну адказ сяброўкі.

— Гэй, выдатная ідэя. Давай наведаем адвячоркам салодкі кубялок, пабачым яе. За адным махам, можа, старэчу сустрэнем.

— Тш-ш, не заві яго так. Твой бацька пачуе.

— Ён сам яго так заве, гэта ягоны выраз, — безапэляцыйна абвесьціла Брыджэт.

Яны ўмовіліся аб месцы сустрэчы. Брыджэт меркавала, візыт апынецца фацэтным. Фіёна жадала ведаць, ці ачуняла Гранія пасьля здарэньня.

Дзьверы адчыніла Гранія, апранутая ў чорныя джынсы і доўгі чорны швэдар, і ўразілася, убачыўшы іх. — Вачам сваім ня веру, — радасна выгукнула яна. — Праходзьце. Тоні, ля нашых дзьвярэй першыя ластаўкі прымірэньня.

Ён выйшаў, усьмешлівы, сымпатычны, але вельмі стары. У Фіёны ў галаве не зьмяшчалася, як магла Гранія зьвязаць свой лёс з гэтым чалавекам.

— Мая сястра Брыджэт і наша сяброўка Фіёна.

— Гасьцінна запрашаемо, вы надзвычай своечасова. Я зьбіраўся раскаркаваць бутэлечку віна, а Гранія сказала, мы зашмат п'ем, то бок я зашмат п'ю… ну а зараз мы яе пачнем. Ён правёў іх у пакой, абстаўлены кнігамі, касэтамі, кружэлкамі. Гучала нейкая грэцкая мэлодыя.

— Гэта танец з Антыгоны? — запытала Фіёна.

— Не, але кампазытар той самы. Вам падабаецца Тэадаракіс? — Яго вочы зазьзялі. Падаецца, знайшоўся чалавек, які любіць музыку яго пакаленьня.

— Хто? — перапытала Фіёна, і ўсьмешка яе суразмоўцы стала сумнай.

— Тутака прышпільна, — Брыджэт аглядалася з зайздросьлівым захапленьнем.

— Сапраўды ж? Тоні заказваў гэтыя паліцы ў таго самага чалавека, які рабіў паліцы для таты. Як ён? — Гранія сапраўды жадала ведаць.

— Ведаеш, гэтак жа, — ня здолела суцешыць яе Брыджэт.

— Па-ранейшаму сыпе громы і маланкі?

— Не, больш енчыць і ўздыхае.

— А маці?

— Ты ж маці ведаеш, па ёй і не прыкметна, што ты сышла.

— Дзякуй, суцешыла.

— Я толькі шчыра табе адказала.

Фіёна падтрымлівала гутарку з пажылым гаспадаром, імкнучыся перашкодзіць яму ўслухоўвацца ў інтымныя падрабязнасьці, датычныя сям'і Даннаў. Але ён, мабыць, усё ўжо ведаў.

Тоні напоўніў віном іх келіхі. — Надзвычай прыемна было ўбачыць вас, дзяўчынкі, але сякія-такія школьныя справы патрабуюць маёй увагі, а вам карціць пабалбатаць, таму дазвольце вас пакінуць.

— Ты не павінен сыходзіць, каханы. — Гранія назвала яго каханым цалкам неўсьвядомлена.

— Ведаю, што не павінен, але сыду. — Ён зьвярнуўся да Брыджэт. — Калі будзеце размаўляць з вашым бацькам, скажыце яму … увогуле … скажыце яму … — Брыджэт чакальна глядзела на яго. Але словы даваліся Тоні А’Брайну з напругай. — Скажыце яму … у яе ўсё добра, — хрыпла вымавіў ён і сышоў.

— Ну, — заявіла Брыджэт, — што ты аб тым скажаш?

— Ён у роспачы, — адказала Гранія. — Тата зь ім не размаўляе ў школе, сыходзіць, калі ён набліжаецца. І яму ад тага вельмі цяжка. І мне цяжка ня мець магчымасьці зайсьці дахаты.

— Ты ня можаш зайсьці дахаты? — перапытала Фіёна.

— Насамрэч не. Зноў будзе сцэна, ён зноў скажа, што я яму не дачка.

— Ня думаю, ён супакоіўся трохі, — выказала сваё меркаваньне Брыджэт. — Першыя некалькі візытаў ён будзе вохкаць і ахкаць, аб потым усё пойдзе нармалёва.

— Ненавіджу, калі ён кепска кажа пра Тоні, — працягвала вагацца Гранія.

— Жадаеш сказаць, выцягвае на сьвет божы яго змрочнае мінулае? — удакладніла Брыджэт.

— Ага. Калі на тое пайшло, у мяне таксама ёсьць сякое-такое мінулае. Будзь мне гэтулькі гадоў, колькі яму, я бы, спадзяюся, абзавялася вельмі самавітым паслужным сьпісам.

— Шчасьліўка ты, у цябе ёсьць мінулае, — пазайздросьціла Фіёна.

— Ой, Фіёна, маўчала бы. Ты худзенькая, нібы дубчык. З твайго мінулага пэўна можна цэльнае войска сабраць, — чмыхнула Брыджэт.

— Я ніколі ні з кім не любілася, не займалася каханьнем, не рабіла нічога такога, — выпаліла Фіёна.

Сёстры Данн паглядзелі на яе са зьдзіўленьнем.

— Ты павінна была, — сказала Брыджэт.

— Што значыць павінна? Можаш даць веры, я б тое памятала. Але я тага не рабіла.

— Чаму? — спытала Гранія.

— Ня ведаю. Ці трапляўся нехта п'яны ці жудасны, ці месца непрыдатнае было альбо занадта позна, час дахаты ісьці. Вы ж мяне ведаеце. — Яе перапаўнялі каяньне і жаль да сабе. Гранія з Брыджэт нават пазбавіліся дарунка прамовы. — Але зараз мне б карцела, — горача скончыла Фіёна.

— Шкада, мы дазволілі сёе-каму сысьці. Ён бы табе зрабіў такую ласку, — Брыджэт хітнула на дзьверы, за якімі схаваўся Тоні А’Брайн.

— Павінна табе паведаміць, я не знаходжу гэта ні на дробку сьмешным, — успыхнула Гранія.

— Я таксама, — неўхваляльна пацьвердзіла Фіёна. — У мяне і ў думках не было займацца тым зь першым стрэчным. Гэта павінен быць чалавек, якога я кахаю.

— Ой, якія мы далікатныя, — сьцепанула плячыма Брыджэт.

Гранія ізноў напоўніла келіхі. — Лепей ня будзем сварыцца, — сказала яна.

— А хто сварыцца? — нявінна залупала вочкамі Брыджэт, пацягваючы віно.

— Памятаеце, нам у школе падабалася вылучаць, шчырасьць ці адвага?

— Ты заўжды выбірала адвагу, — нагадала Фіёна.

— А сёньня прапаную вылучыць шчырасьць. Скажыце мне абедзьве, што я павінна рабіць.

— Ты павінна схадзіць дахаты, пабачыць тату. Ён безь цябе нудзіцца, — пачала Брыджэт.

— Пакуль ён не абвыкне, табе ня варта згадваць пры ім аб … э … Тоні. Ты павінна размаўляць зь ім на іншыя тэмы, аб банку, аб палітыцы, аб вечаровым клясе, якім ён кіруе, — прапанавала Фіёна.

— А маці? Ёй сапраўды ўсё роўна?

— Не, я сказала так, каб цябе раззлаваць. Але ты ж ведаеш, яна на чымсьці зацыклілася, ці то на працы, ці то на мэнапаўзе. Для яе на табе сьвет клінам не сышоўся, як для таты.

— Даволі справядліва, — пагадзілася Гранія. — Зараз чарга Брыджэт.

— Бадай, Брыджэт варта трымаць рот на замку наконт сваёй вагі, — не прымусіла ўпрошваць сябе Фіёна.

— Бо яна зусім ня ўкормленая, яна сэксуальная. Вялікія грудкі і круглыя палавінкі, хіба ня гэта мужчынам падабаецца? — падхапіла Гранія.

— І да таго асіная талія, — дадала Фіёна.

— Але слата-чалавек, калі справа кранае чортавых калорый і зламаных маланак, — разрагаталася Гранія.

— Лёгка казаць, калі сама роўна як кій.

— Нудная і сэксуальная, нечаканае спалучэньне, — абагульніла Гранія.

А Брыджэт зьлёгку ўсьміхнулася, прызнаючы іх шчырасьць. — Годна. Зараз Фіёна.

Сёстры памаўчалі. Джаліць чальцоў сваёй сям'і неяк лягчэй.

— Дайце-ка мне яшчэ трошкі выпіць, трэба памкнуцца з духам, — нечакана папрасіла Фіёна.

— Занадта сарамлівая.

— Залішне ветлівая.

— Няма свайго пункта погляду.

— Ня ў стане прымаць рашэньні.

— Ніяк ня здолее пасталець і зразумець, што жыць трэба сваім розумам.

— Верагодна, зьбіраецца ўсё жыцьцё заставацца дзіцем.

— Ну-ка паўтарыце, — перапыніла іх Фіёна.

Гранія і Брыджэт зьбянтэжыліся. Падаецца, яны зьлёгку ўцягнуліся.

— Проста ты занадта любасная да людзей і ніхто насамрэч ня ведае тваё меркаваньне, — растлумачыла Гранія.

— Або ці ёсьць у цябе сваё меркаваньне, — суха дадала Брыджэт.

— А што значыць заставацца дзіцем?

— Ну, мне падаецца, мы ўсе павінны прымаць рашэньні, бо так? Інакш іншыя людзі прымаюць іх за нас, а гэта і значыць заставацца дзіцем. Вось гэта я мела на ўвазе, — распавяла Гранія. Ёй не жадалася пакрыўдзіць Фіёну.

— Дзіўна. Мне гэта ўжо гаварылі. Тая дзяўчына, Сьюзі, казала тое самае, калі я спытала яе, ці трэба мне пастрыгчыся. Як дзіўна.

— Дык што ты маеш намер рабіць? — спытала Брыджэт.

— З чым?

— Як наконт абзавесьціся ўласным поглядам на рэчы, пераспаць з сваім хлопцам, зрабіць фрызуру, мець сваё меркаваньне?

— А ты спыніш ныцьцё аб калорыях? — з натхненьнем выгукнула Фіёна.

— Ну так, калі гэта так слотна.

— Тады добра.

Гранія прапанавала зьбегаць да кітайцаў, калі Фіёна паабяцае не пакутаваць над выбарам, а Брыджэт не прамовіць ні словы аб перасмажаных стравах. Яны пагадзіліся на яе варункі, калі назаўтра яна пойдзе пабачыцца з бацькам.

Яны адкаркавалі іншую пляшку віна і рагаталі датуль, пакуль не вярнуўся гаспадар хаты і не сказаў, што ў ягоным ўзросьце варта рана класьціся спаць, таму ён змушаны разьвітацца зь імі.

Але судзячы па тым, як ён глядзеў на Гранію, у яго пляны не ўваходзіла тэрміновае спачываньне.


— Ну, гэта была выдатная думка, схадзіць пабачыць іх. — Брыджэт цалкам пераканалася ў сваім аўтарстве гэтай ідэі да таго моманту, калі яны апынуліся ў аўтобусе.

— Яна выглядае вельмі шчасьлівай, — зазначыла Фіёна.

— Хоць ён такі стары, бо так?

— Затое ён той, хто ёй патрэбен, — цьвёрда адказала Фіёна.

Да яе зьдзіўленьню, Брыджэт горача падтрымала яе. — У гэтым сутнасьць. Будзь ён хоць з Марса, з вушамі-антэнамі, гэта не мае значэньня, калі ён той, хто ёй патрэбен. Калі бы ў большасьці людзей хапала мужнасьці паступаць паводле сваіх жаданьняў, сьвет быў бы нядрэнным мястэчкам. — Яна гаварыла вельмі гучна, магчыма, пад уплывам выпітага віна.

Шмат людзей ў аўтобусе пачулі яе і засьмяяліся, некаторыя нават запляскалі ў ладкі. Брыджэт люта бліснула вачыма ў іх бок.

— Гэй, сэксуальная лялечка, падаруй нам усьмешачку, — крыкнуў адзін з хлопцаў.

— Яны назвалі мяне сэксуальнай лялечкай, — з захапленьнем шапнула Брыджэт Фіёне.

— А мы табе што казалі?

Фіёна цьвёрда вырашыла быць іншым чалавекам, калі Бары Хэлі зноў запросіць яе. Бо ён несумнеўна яе запросіць.


Час цягнуўся жудасна марудна, хоць прайшоў ўсяго тыдзень, перш як Бары зьявіўся зноў.

— Дома ўсё добра? — спытала яна.

— Авохці. Мая маці ні да чаго не выяўляе цікавасьці, яна нават варыць есьці спыніла. Раней шточас кухарыла ці адно, ці іншае, і ўсіх ледзь не сілом карміла. Зараз, калі я не куплю гатовую ежу ў супэрмаркеце, яна проста нічога не ясі.

Фіёну захлынала спагада. — Што ты думаеш рабіць? — запытала яна.

— Шчыра кажучы, паняцьця ня маю. Хутка я канчаткова звар'яцею. Паслухай, ты вырашыла, куды мы пойдзем?

І тут Фіёна раптам адважылася. — Мне б карцела пайсьці да цябе дахаты на філіжанку гарбаты.

— Мабыць, не занадта добрая ідэя, — уразіўся ён.

— Ты мяне спытаў, чаго я хачу, я табе адказала. Калі ты скажаш, што прывядзеш на вячэру дзяўчыну, гэта разварушыць тваю маці, ёй прыйдзецца нешта накухарыць да майго прыходу. А я здолею быць любаснай, вясёлай і падтрымаць гутарку.

— Не, Фіёна. Пакуль ня варта.

— Але хіба зараз ня самы прыдатны момант, калі гэта магло бы дапамагчы? Як яна вырашыць, што жыцьцё вярнулася ў нармалёвую каляіну, калі ты нічога дзеля тага ня робіш?

— Спадзяюся, ты ведаеш, аб чым кажаш, — засумняваўся ён. — Тады які сьпіс страў на вечар? — З самымі змрочнымі прадчуваньнямі прызначыў Бары дзень візыту.

Насуперак яго чаканьням Фіёна не зьбянтэжылася і не пачала ўпэўніваць, што ёй усё спадабаецца, і сьпіс страў ня мае значэньня. Як ні дзіўна, яна растлумачыла, наколькі стамляецца пасьля доўгага працоўнага дня, і папрасіла зрабіць штосьці істотнае, накшталт пасты ці, напрыклад, бульбянога смажню зь мясам. Бары уразіўся, але просьбу перадаў.

— Не змагу я зрабіць нічога такога, — адмахнулася маці Бары.

— Вядома зможаш, маці, бо ты выдатна гатуеш.

— Твой бацька так ня думае, — нахмурылася яна і ў Бары зноў пацяжэла на сэрцы. Трэба нешта значна больш сур'ёзнае за прыход Фіёны да вячэры, каб разварушыць яго маці. І чаму ён адзінае дзіця? Добра было бы падзяліць гэта, скажам, з шасьцю братамі і сёстрамі. Вось бы бацька сказаў нарэшце тыя клятыя рэчы, што прагне пачуць ад яго маці. Што ён кахае яе і сэрца яго абягала крывёй ад яе спробы пазбавіць сябе жыцьця. І пакляўся бы ніколі не пакідаць яе дзеля іншай жанчыны. Ды ў рэшцы рэшту бацька яго жудасна стары, яму амаль пяцьдзесят. Вядома, Госпаду, ня кіне ён маці дзеля кагосьці. Каму ён патрэбен для пачатку? І чаму ён так уперся, сьцьвярджаючы, што спробы самазабойства заўжды шантаж і ён на шантаж не паддасца? Па іншых пытаньнях у бацькі цьвёрдага меркаваньня ніколі не стае. Падчас выбараў альбо рэфэрэндуму бацька, замест таго каб выказаць сваё меркаваньне, толькі ўздыхне і ў сваю штодзённую газэту ўзорыцца. Адкуль ў гэты раз такія моцныя эмоцыі? Чаму ён ня можа зрабіць ёй задавальненьне, вымавіць тыя словы, што ёй патрэбныя?

Зразумела. Бліскучая ідэя Фіёны не спрацуе.

— Добра, маці. Паспрабую сам нешта згламэздаць. Я, вядома, ня ўмею, але паспрабую. І выдам гэта за тваю ежу. Урэшце, не жадаю прымушаць яе думаць, што ты ёй ня радая.

— Ды прыгатую я, — ня вытрымала маці. — Ты нават Казарына накарміць ня ў стане. — Іх вялікі, аднавокі кот атрымаў сваё імя ў гонар Тоні Казарына, які гуляў ў футбол за Рэспубліку Ірляндыю. Кот, адылі, асаблівай хуткасьцю не адрозьніваўся.

Фіёна прынесла для маці Бары скрыначку шакалядных цукерак.

— Вох, ня трэба было, я ад іх толькі патаўсьцею, — уздыхнула бледная жанчына са стомленымі вачыма і цьмянымі валасамі, апранутая ў сумную карычневую сукенку.

Але Фіёна паглядзела на яе з захапленьнем. — Не, спадарыня Хэлі, вы не патаўсьцееце. У вас цудоўныя скулы. Па скулах заўсёды можна вызначыць, ці пахілены чалавек да ўкормленасьці.

Бары зазначыў, як яго маці зь недаверам дакранулася да свайго твару. — Сапраўды? — запытала яна.

— Само сабою, вазьміце кіназорак з добрымі скуламі … — Разам, захлёбваючыся, прыняліся яны пералічваць. Одры Хэпберн ніколі не набрала ні фунту, Ава Гарднэр, Мэрыл Стрып. Потым яны абмеркавалі так званых прыгажунь, чые скулы немагчыма разгледзець няўзброеным вокам.

Шмат тыдняў ня бачыў Бары сваю маці такой ажыўленай. Потым ён пачуў, як Фіёна кажа аб Мэрылін Манро, якая, дажыві яна да старасьці, магла ня вытрымаць правяраньне часам. Навошта яна дазваляе гутарцы круціцца вакол людзей, якія скончылі жыцьцё самагубствам?

Яго маці цалкам натуральна ўспрыняла такую тэму. — Пакончыла яна з сабою, зразумела, не з-за скул.

Фарба кінулася Фіёне ў твар, але яна зладзілася. — Не, мяркую, яна зрабіла гэта, вырашыўшы, што яе нядосыць кахаюць. Пане, калі бы мы ўсе так рабілі, сьвет спусьцеў бы раней часу. — Бары затаіў дыханьне. Яна разважала на выбухаванебясьпечны тэмат так лёгка і нязмушана.

Але яго маці нечакана адказала цалкам нармалёвым голасам. — Можа, яна спадзявалася, што яе знойдуць і той, каго яна кахае, пашкадуе?

— На мой погляд, ён пасьля такога толькі больш за ранейшае яе бы брудам паліваў, — радасна абвясьціла Фіёна.

Бары глядзеў на Фіёну з захапленьнем. Сёньня яна перасягнула саму сябе. Цяжка сказаць чаму, але яна больш не вырабляла ўражаньня чалавека, які чакае, пакуль за яго ўсё вырашаць. Як яна мела рацыю, настаяўшы на гэтай вячэры. Уявіць толькі, з усіх людзей менавіта Фіёна сказала яго маці аб яе выдатных скулах. Усё атрымалася зусім ня так жудасна, як ён чакаў. Ён дазволіў сабе трохі паслабіцца і ўявіць, аб чым яны стануць размаўляць далей, абмінуўшы міннае поле самазабойства Мэрылін Манро.

Спроба скласьці сьпіс тэмаў для гутаркі не ўвянчалася посьпехам. Сказаць аб месцы працы Фіёны немагчыма, не нагадаўшы ўсім аб прамываньні страўніку і знаходжаньні ў лякарні. Ні з таго ні з гэтага распачаць гутарку аб італьянскім клясе, аб супэрмаркеце ці яго матацыкле таксама нельга, занадта відавочна будзе яго імкненьне перавесьці гутарку ў іншае рэчышча. Ён памкнуўся была распавесьці маці аб суколках Фіёны, але маці тое можа не спадабаецца, тады ён падвядзе Фіёну, якая апранулася дзеля гэтай сустрэчы ў гожы пільчак і сымпатычную ружовую кашулю.

У гэты момант зьявіўся кот і ўтаропіўся на Фіёну сваім адзіным вокам.

— Дазволь прадставіць табе Казарына. — Ніколі ў жыцьці Бары не выпрабоўваў да тага вялікага, злоснага ката такіх пяшчотных пачуцьцяў. Хай толькі Казарына ня драпае Фіёніну новую спадніцу і не вылізвае сваю паляндвічную частку ва ўсіх на вачах. Але кот паклаў галаву Фіёне на калены і пачаў курняўкаць, быццам шурбалёт, набіраючы абарачэньні.

— Ці ёсьць у цябе ў хаце котка? — спытала маці Бары.

— Не, мне б карцела, але бацька кажа, ад іх акрамя шкоды ніякай карысьці.

— Які жаль. Я знаходжу іх калясальным суцяшэньнем. Бачыць Казарына, магчыма, не зашмат, але для мужчыны ён вельмі разумеючы.

— Ведаю, — пагадзілася зь ёй Фіёна. — Проста дзіўна, да чаго з мужчынамі цяжка. Мне падаецца, насамрэч яны не жадаюць нічога дрэннага, проста яны так ўладкаваны.

— Яны ўладкаваны бессардэчна, — у спадарыні Хэлі падазрона зазьзялі вочы. — Нешта ў іх грудзі б'ецца і перапампоўвае кроў, але тое ня сэрца. Вазьмі бацьку Бары, нават у гэты вечар яго няма, хоць ён і ведае, што Бары запрасіў сяброўку да вячэры. Ён ведае, а яго дагэтуль няма.

Горшага Бары сабе і ўявіць ня мог. Яго маці паглыбілася ў нетры ў першыя ж паўгадзіны.

Але да яго поўнага зьдзіўленьня, Фіёна, падаецца, лёгка зладзілася з наступнай пошасьцю.

— Такія мужчыны. Калі я запрашу Бары да сабе, пазнаёміцца з маёй сям'ёй, мой бацька мяне таксама падвядзе. Не, ён там абавязкова будзе, ён заўсёды там. Але іду ў заклад, у першыя ж пяць хвіль ён распавядзе Бары, як небясьпечна езьдзіць на матацыкле, як небясьпечна вадзіць супэрмаркетаўскі вэн, якая бздура захапляцца футболам. Калі яму атрымаецца прыдумаць штосьці супраць вывучэньня італьянскага, ён і аб тым скажа. Яму ўсё блага, ён ва ўсім бачыць толькі заганы. Гэта вельмі прыгнятае.

— А што аб тым кажа твая маці? — зацікавілася сытуацыяй маці Бары. Яе ўласная атака на мужа быццам адышла на другі плян.

— Ну, думаю, пасьля такой колькасьці разам пражытых гадоў яна пачала згаджацца зь ім. Разумееце, спадарыня Хэлі, яны старыя, значна старэй за вас і бацьку Бары. Я наймалодшая ў вялікай сям'і. Яны ўпэўненыя ў сваёй правасьці, іх ужо не пераробіш. — Яна выглядала такой непасрэднай у сваіх вялікіх акулярах і з ружовым бантам, завязаным на яе цудоўных, бліскучых валасах. Любая маці жадала бы для свайго сына такую спагадліваю дзяўчынку.

Маці пачынае мякчэць, зазначыў Бары.

— Бары, будзь добрым хлопчыкам, пайдзі на кухню, пастаў пірог у духоўку і зрабі ўсё, што там трэба.

Ён пакінуў іх і загрымеў посудам, потым прабраўся да дзьвярэй паслухаць, што адбываецца ў гасьцёўні. Нічога не разабраць, яны размаўляюць занадта ціха. Пане, хай бы Фіёна ня ляснула ніякай дурасьці. І хай бы яго маці не гавэндала аб сваіх фантазіях наконт таты і яго меркаванай жанчыны. Ён уздыхнуў і вярнуўся на кухню, накрываць стол для іх траіх. Яго ахапіла раздражненьне. Чаму бацькі няма ў хаце? Урэшце, гэта спроба нармалізаваць сытуацыю. Ён мог бы прыкласьці хоць нейкія высілкі. Як тата не разумее, бо гэтым ён толькі дае глебу для матуліных падазронаў.

Чаму ён ня можа проста прыйсьці, пасядзець з ўсімі? Маці, да таго ж, зрабіла пірог з куранём і яблычны торт на салодкае. Немалы прагрэс.

Вячэра прайшла лепш, як ён сьмеў спадзявацца. Фіёна зьела ўсё, што ёй паклалі і ледзь ня вылізала сподак. Ёй бы карцела навучыцца пячы, сказала яна, яна дрэнна гатуе. І раптам яе натхніла. — Вось чым я магу заняцца, — пайсьці на курсы, дзе абучаюць кухарыць, — выгукнула яна. — Бары пытаў, чаму я сапраўды прагну навучыцца, і зараз, пабыўшы на такой вячэры, я ведаю, чаго прагну.

— Добрая думка, — Бары быў на сёмым небе ад хвалы ў мамчыну адрэсу.

— У чалавека, які будзе вучыць цябе пячы, павінна быць лёгкая рука, — зазначыла яго маці.

Бары раззлаваў. Вядома, абавязкова трэба знайсьці ў гэтай ідэі заганы.

Але Фіёна, падаецца, не зьвярнула ўвагі. — Так, я ведаю, і потым зараз сярэдзіна сэмэстра і ўсё такое. Паслухайце … не, мне няёмка прасіць … але мабыць … — Яна з надзеяй паглядзела на маці Бары.

— Працягвай, у чым справа?

— Нават не асьмельваюся вымавіць. Не маглі бы вы паказаць мне, разумееце, даць некалькі рад? Па аўторкам і чацьвяргам, калі Бары на сваіх занятках. — Пажылая жанчына маўчала і Фіёна рашуча працягнула. — Выбачайце, так тыпова для мяне разьзявіць мой вялізны рот раней, як паразважыць, што кажу.

— Я з задавальненьнем павучу цябе кухарыць, Фіёна, — перапыніла струмень выбачэньняў маці Бары. — Пачнем у наступны аўторак з хлеба і куханоў.


Брыджэт Данн выпала ў асадак. — Угаварыць яго маці вучыць цябе гатаваць! Найразумнейшы ход, — захапілася яна.

— Ну, усё неяк само атрымалася, я проста вымавіла гэта. — Фіёна дзівілася ўласнай адвазе.

— А казала, ня ўмееш абыходзіцца з мужчынамі. Калі мы ўбачым твайго Бары?

— Зь цягам часу. Не жадаю надакучваць яму сваімі сяброўкамі, асабліва такімі сэксуальнымі і самаўпэўненымі, як ты.

— Ты зьмянілася, Фіёна, — працягнула Брыджэт.


— Гранія? Гэта Фіёна.

— О, выдатна, мне здалося, гэта з галаўнога банка. Як ты? Ужо зрабіла?

— Што зрабіла?

— Сама ведаеш.

— Пакуль не, але хутка. Да таго ідзе. Я проста тэлефаную падзякаваць цябе.

— Завошта?

— Што аблаяла мяне за дурасьць.

— Я ніколі такога не казала, Фіёна, — зьбянтэжылася Гранія.

— Але ты загадала мне дзейнічаць мэтанакіравана, і гэта спрацавала. Сапраўдная мроя. Ён ад мяне бяз одуму. І яго маці. Лепш не бывае.

— Я вельмі радая.

— Яшчэ я тэлефаную спытаць, ці хадзіла ты да бацькі?

— Не. Спрабавала, але ў апошні момант спужалася.

— Гранія! — У голасе Фіёны гучаў папрок.

— Вось толькі тваёй зьвягі мне бракавала.

— Ведаю, але мы паабяцалі адна адной выканаць тое, аб чым казалі ў той вечар.

— Я памятаю.

— І Брыджэт з таго часу маўчыць аб калёрыях, і я паводзіла сябе як леў. Ты б мяне не пазнала.

— Каб яго немач, Фіёна, пайду сёньня, — паабяцала Гранія.


Гранія зрабіла глыбокі ўздых і пагрукала ў дзьверы. Адчыніў бацька. Па ягонаму твару нічога нельга было зразумець.

— У цябе ёсьць ключ, табе ня трэба чакаць, пакуль адчыняць дзьверы, — сказаў ён.

— Не жадаю захадзіць так, быццам па ранейшым жыву тут.

— Табе тут жыць ніхто не забараняе.

— Ведаю, тата. — Яны дагэтуль стаялі ў вітальні. У хаце панавала нязвыклая цішыня. — А дзе ўсе? Яны дома?

— Ня ведаю, — сьцепануў плячыма бацька.

— Ну, тат. Ты павінен ведаць.

— Паняцьця ня маю. Магчыма, твая маці чытае ў кухні, а Брыджэт наверсе. Я быў у сваім пакоі.

— Як ты там уладкоўваесься? — запытала яна, прыгнечаная яго самотай. Не такая ўжо вялікая ў іх хата. Нядосыць вялікая, каб чалавек ня ведаў, ці дома яго жонка і дачка. І ведаць не жадаў.

— Нармалёва.

— Пакажаш мне? — Няўжо зараз размаўляць з бацькам для яе заўсёды будзе ўсё роўна што зубы без наркозу драць, прагнула ведаць Гранія.

— Вядома.

Ён правёў яе ў сваё сховішча і ў яе ад зьдзіўленьня літаральна дыханьне перахапіла. Вечаровае сонца струменем лілося ў вакно. Залатыя і жоўтыя адценьні рэчаў, што атачалі акенца, успыхвалі ў пяшчотных праменях, пурпурныя з золатам фіранкі глядзеліся, нібы тэатральная заслона. Паліцы запаўнялі кнігі і сувэніры, а невялікі стол зьзяў, адпаліраваны да бляску.

— Тат, як гожа. Ніколі ня ведала, што ты можаш зрабіць штосьці падобнае, — сказала Гранія.

— Мы адно аб адным шмат чаго ніколі ня ведалі.

— Калі ласка, татачка, дазволь мне налюбавацца тваім выдатным, выдатным пакоем і разгледзець фрэскі, яны дзівосныя.

— Напрамілы Бог.

— А усе гэтыя колеры, тата. Роўна як мара.

Яе непадробны запал падпаліў яго холад і непахіснасьць. — Кавалачак мары. Але тады выходзіць, я заўжды быў чымсьці накшталт недарэчнага летуценьніка, Гранія.

— Тады я пераняла гэтае ад цябе.

— Не, ня думаю.

— Не такім мастацкім капылам, я і за мільён гадоў ня здолела бы стварыць такі пакой. Але ў мяне ёсьць мае мары, так.

— Гэта хібныя мары, Гранія. Дай веры.

— Я табе вось што скажу, тата. Я ніколі не любіла нікога, акрамя цябе і маці і, калі шчыра, цябе больш. Пачакай, я павінна дамовіць, бо ты можаш не дазволіць мне сказаць гэта зноў. Зараз я ведаю, што такое любіць. Гэта прагнуць самога лепшага для кагосьці яшчэ. Прагнуць, каб ён быў шчасьлівы больш як ты. Хіба не?

— Так, — вымавіў ён нежывым голасам.

— Аднойчы ты адчуў гэта да маці, бо так? І магчыма, адчуваеш дагэтуль.

— Думаю, гэта зьмяняецца, калі становісься старэй.

— Ну, у мяне ў запасе не зашмат часу для тых зьмен. У вас з маці было на гэта амаль чвэрць стагодзьдзя. Тоні праз дваццаць пяць гадоў будзе мёртвы і пахаваны. Ён паліць і п'е, ён непапраўны. Ты ж ведаеш. Калі мне атрымаецца пражыць зь ім хоць дзесяць гадоў, я буду шчасьлівая.

— Гранія, тваё жыцьцё можа скласьціся значна лепш.

— Што можа быць лепш, як быць каханай чалавекам, якога ты кахаеш, тата? Я гэта ведаю, ты гэта ведаеш.

— На яго нельга пакласьціся.

— Я цалкам у ім упэўненая. Я даручу яму сваё жыцьцё.

— Пачакай, пакуль ён кіне цябе зь дзіцем. Тады ўспомніш мае словы.

— Больш за ўсё ў сьвеце мне б карцела мець ад яго дзіця.

— Што ж, наперад. Цябе нішто ня спыніць.

Гранія нахілілася панюхаць кветкі на маленькім стале. — Ты іх сам сабе купляеш, тата?

— Хто ж яшчэ, на твой погляд, можа іх мне купіць?

У яе на вачах зьявіліся сьлёзы. — Я буду купляць табе кветкі, калі ты мне дазволіш. Я буду прыходзіць сюды і сядзець з табой. І калі ў мяне будзе дзіця, я буду прыводзіць да цябе ўнука або ўнучку.

— Ты цяжарная, ты гэта жадаеш сказаць?

— Не. І не зацяжару, пакуль у мяне ня будзе ўпэўненасьці, што ўсе будуць радыя гэтаму дзіцяці.

— На гэта можа спатрэбіцца шмат часу, — сказаў ён. Але гэтым разам яна зазначыла сьлёзы і на яго вачах таксама.

— Татачка, — прашаптала Гранія. Цяжка сказаць, хто першы зрабіў рух насустрач. Яны абняліся і іх сьлёзы зьмяшаліся.


Брыджэт і Фіёна пайшлі ў кіно.

— Ты зь ім ужо пераспала?

— Не, але гэта ня мае значэньня, усё ідзе па пляне.

— Доўгі ў цябе плян нейкі, — прабурчэла Брыджэт.

— Зусім не. Дай веры, я ведаю, што раблю.

— Гэта суцяшае. Я вось зусім не разумею, што ў нашай хаце робіцца. Гранія сядзіць у таты ў пакоі, размаўляе зь ім, як ні ў чым не бывала.

— Хіба гэта не выдатна?

— Так, выдатна, вядома выдатна, але загадкава, — растлумачыла Брыджэт.

— А што аб тым кажа твая маці?

— Нічога. Яшчэ адна таямніца. Я абвыкла ўспрымаць нас, як самую звычайную, сумную сям'ю. Зараз, на мой погляд, я жыву ў вар’ятні. Я абвыкла думаць аб табе, Фіёна, як аб дзіклівым чалавеку. А зараз ты, улюбёнка ўсей хаты, вучысься кухарыць у маці і плянуеш пераспаць з сынам. Як усё гэта здарылася? — Брыджэт ненавідзела загадкі і нечаканыя павароты падзей. Яе раздражненьне выплюхвалася праз бок.

Заняткі па кулінарыі праходзілі зь вялізным посьпехам. Часам пры гэтым прысутнічаў бацька Бары. Высокі, цёмнавалосы і насьцярожаны, ён выглядаў шмат маладзей за сваю жонку, але ён і не забіваў сабе галаву турботамі і хваляваньнямі. Ён працаваў на фэрме зь вялікімі цяпліцамі, развозіў гародніну і кветкі ў дублінскія рэстарацыі і гатэлі. Па дачыненьні да Фіёны паводзіў сябе надзвычай ласкава, але без найменшай цікавасьці. І наогул вырабляў уражаньне чалавека, што не жыве ў хаце, а выпадкова зазірнуў на агеньчык.

Часам Бары, вяртаючыся з італьянскага, дэгуставаў вынікі іх руплівасьці, але Фіёна ўгаворвала яго не сьпяшацца дахаты адмыслова. Для вячэры ўсё роўна запозна, а яму прыемна пабалбатаць з людзьмі пасьля заняткаў. Дахаты яна дабярэцца сама, на аўтобусе. А сустрэцца яны, урэшце, могуць і ў іншы дзень.

Паволі ёй прыйшлося выслухаць гісторыю Вялікай Здрады. Спачатку яна імкнулася ня слухаць. — Спадарыня Хэлі, калі ласка, не распавядайце мне аб тым. Бо вы пашкадуеце аб сказаным, калі паладзіце са спадаром Хэлі.

— Не пашкадую, ты мой сябар. Рэж мяльчэй, Фіёна. Не пакідай бўйных кавалкаў. Ты павінна выслухаць. Павінна ведаць, што зь сябе ўяўляе бацька Бары.

Яшчэ два гады таму усё ішло выдатна. Ну, ты разумееш, выдатна — вобразны выраз. Звышвызначаных у яго заўсёды было шмат, з гэтым яна мірылася. Ці раніцай а палове на пятую выяжджаў, ці цягам ночы працаваў. Але потым у яго быў вольны час. Часам нават па некалькі гадзін у сярэдзіне дня. Яна выдатна памятае часіны, калі яны хадзілі ў кіно на двухгадзінны сэанс, а пасьля фільма пілі гарбату з блянкамі. І ёй зайздросьцілі ўсе суседкі. Ніхто зь іх ніколі не хадзіў у кіно з шлюбнікамі сярод белага дню. Раней ён катэгарычна пярэчыў супраць яе выхаду на працу. Яму падабалася самому забясьпечваць сям'ю. А яна хай займаецца хатай, кухарыць, чакае яго. Так яны і жылі.

Але два года таму ўсё зьмянілася. Ён кагосьці спаткаў. У яго пачаўся раман.

— Вы ня можаце ведаць напэўна, спадарыня Хэлі, — адзначыла Фіёна, адмяраючы разынкі і курагу для фруктовага пірага. — Гэта можа быць зьвязана з абы-чым, вы ж ведаеце, і з дадатковай нагрузкай на працы, і з заторамі на дарогах. Усе губляюць трохі часу на такія рэчы.

— Трохі часу! Ён вяртаецца дахаты а чацьвёртай раніцы, — яе твар спахмурнеў.

— Так можа тыя самыя звышвызначаныя?

— Я правярала ў яго кампаніі. Ён працуе дваццаць восем гадзін на тыдзень. А адсутнічае амаль удвая больш.

— Шлях туды і зварот? — выкарыстала апошні довад Фіёна.

— Да працы яму дзесяць хвілін.

— А калі яму трэба мець трохі абшару?

— З гэтым у яго поўны парадак, ён сьпіць у асобным пакоі.

— Можа, не жадае будзіць вас?

— Можа, не жадае знаходзіцца побач мяне?

— Калі яна існуе, хто яна, як вы лічыце? — перайшла на шэпт Фіёна.

— Ня ведаю. Але высьветлю.

— Нехта з працы?

— Не, іх я ўсіх ведаю. На іх непадобна. Але хутчэй за ўсё ён сустрэў яе, развозячы замовы. А гэта можа быць палова Дубліна.

Жудасна цяжка было слухаць яе. Усё так смутна. А па словах Бары гэта толькі плён яе ўяўленьня.

— Яна размаўляе з табой на тую тэму? — спытаў Фіёну Бары.

Фіёна адчувала патаемнасьць гутарак над бляхай зь цестачкамі і рондалямі зь кіпенем, і за кубачкам кавы пасьля кухарства, калі Фіёна садзілася на канапу, а вялізны аднавокі Казарына курняўкаў у яе на каленах.

— Так, самую дробязь, — схлусіла яна.

Нэса Хэлі лічыць Фіёну сваім сябрам. Ня годна пераказваць іншым гутаркі зь сябрамі.

Бары і Фіёна бавілі разам шмат часу. Хадзілі на футбол і ў кіно, карыстаючыся добрым надвор'ем выпраўляліся на матацыкле ў Ўіклаў і Кілдэр, любаваліся месцамі, у якіх Фіёне перш ня мелася бываць.

Ён ня клікаў яе ў падарожжа ў Рым, viaggio, як яны яго звалі. Фіёна спадзявалася, што неўзабаве пакліча, і на ўсялякі выпадак зьвярнулася за пашпартам.

Часам яны выбіраліся кудысьці учатырох, са Сьюзі і Луіджы, якія запрасілі іх на сваё вясельле. У Дубліне, ў першай палове чэрвеня. Нажаль, ад вясельля ў Рыме прыйшлося адмовіцца. Бацькі Сьюзі сказалі не, бацькі Луіджы запярэчылі, сябры сталі рубам. Замест тага ў Рыме пройдзе мядовы месяц.

— Сама ты зьбіраесься вывучаць італьянскі? — пацікавілася Фіёна.

— Не. Калі яны прагнуць са мной размаўляць, хай гавораць на маёй мове, — адрэзала Сьюзі, упэўненая прыгожая дзяўчына, якая запатрабавала бы, каб эскімосы вучылі яе мову, калі б памкнулася на Паўночны Полюс.

Вызначалася вялікая дабрачынная вечарына. Італьянскі кляс, усе трыццаць вучняў, прынясуць ежу. Выпіўку забясьпечыць супэрмаркет. Хтосьці ведае гурт, гатовы граць бясплатна, калі іх фатаздымак надрукуе мясцовая газэта. Кожны навучэнец запросіць ня менш за пяць чалавек, якія заплацяць па пяці фунтаў за квіткі. Гэта дасьць 750 фунтаў на viaggio. І яшчэ адбудзецца грандыёзная лятарэя. Прызы вялізныя. Дадасца фунтаў 150 ці нават больш. Турыстычнае агенцтва стала зьніжае кошты. У Рыме ўжо забраніраваны месцы ў pensione. Замоўлена вандроўка ва Флярэнцыю з начлегам ў інтэрнаце і заездам у Сіену.

Бары біў у бубны, склікаючы сваіх пяць удзельнікаў вечарыны.

— Прашу цябе пайсьці, тата, — сказаў ён. — Для мяне гэта шмат значыць. Дарэчы, памятаеш, мы з маці заўжды прымалі ўдзел у паездках на пікнікі з тваёй працы.

— Ня ўпэўнены, ці буду я вольны, сынок. Калі здолею, прыйду. Дакладней пакуль сказаць не магу.

З Бары пойдуць Фіёна, яго маці, прыяцель з працы і сусед. Фіёна прагнула запрасіць сваіх сябровак, Гранію і Брыджэт, але яны ўжо ідуць з сваім бацькам. І Сьюзі ідзе з Луіджы. Будзе файны вечар.

Урокі кулінарыі працягваліся. Фіёна і маці Бары вырашылі зрабіць для вечарыны вельмі экзатычны дэсэрт пад назвай cannoli. Цеста начыняецца садавінай, арэхамі, сырам і моцна абсмажваецца.

— Ці гэта ня нешта накшталт пасты, вы ўпэўненыя? — усхваляваўся Бары.

Не, засьведчылі яго жанчыны, то cannelloni. Ён сумняваўся. Яны прапанавалі яму параіцца з Сыньёрай. Сыньёра назвала cannoli alla siciliana адной з найсмачных страў у сьвеце. Нават сьлінкі цякуць і карціць паспрабаваць хутчэй, сказала яна.

Даверныя гутаркі на кухні паміж Фіёнай і Нэсай Хэлі працягваліся. Фіёна распавяла, што Бары ёй сапраўды вельмі падабаецца. Ён велікадушны, добры чалавек. Але яна не жадае прысьпешваць яго. Ёй падаецца, ён пакуль не гатовы абзавесьціся сям'ёй.

А маці Бары распавяла Фіёне, што ня можа адступіцца ад свайго мужа. Быў момант, калі яна магла асьвядоміць, што ён не кахае яе і адпусьціць яго да той, каго ён кахае. Але ня зараз.

— Чаму так? — жадала ведаць Фіёна.

— Калі я гэтым разам ляжала ў лякарні, ведаеш, калі я трохі здуравала, ён прынёс мне кветкі. Мужчына ня будзе тага рабіць, калі яму абыякава. Ён прынёс пук фрэзіяў і пакінуў іх для мяне. Па яго словам, ён тага не рабіў, але я ведаю, рабіў. Хоць ён і шумеў, патрабаваў ня ўцягваць яго ў калектыўнае вар'яцтва, ён турбаваўся, Фіёна. Вось чаму я буду трымацца.

Фіёна апусьцілася на крэсла, вочы за шкельцамі акуляраў вялізныя, рукі ў муцэ. Апошнімі словамі лаяла яна сябе. Уласнымі рукамі пастку збудавала, дурніца няшчасная. Калі прызнавацца, дык прызнавацца трэба менавіта зараз, сей момант. Яна ліхаманкава меркавала.

Але варта было ёй паглядзець у твар Нэсы Хэлі і ўбачыць на ім зьзяньне жыцьця і надзеі, яна сьцяміла, перад якой нягодай апынулася. Як магчыма прызнацца, што яна, дзяўчынка, што прадае каву ў бальнічным холе, прынесла тыя клятыя фрэзіі? Яна, Фіёна, якая быццам паняцьця ня мае аб спробе самагубства. Што б ні распачала зараз Фіёна, спрабуючы выправіць прычыненае ёй злачынства, важна адно, захаваць гэтую надзею і гэтае жыцьцё. Яна знойдзе выйсьце.

Як жа, знойдзе выйсьце, з роспаччу паўтарыла сабе Фіёна. Дні лятуць, а жанчына, якая ў адзін выдатны дзень можа стаць яе сьвякрухай, паўтарае, што каханьне не памірае, калі хтосьці дасылае пук кветак.

Сьюзі бы ведала, што рабіць, але Фіёна ня стане раіцца зь ёй. Ні за якія пернікі. Сьюзі можа сказаць Луіджы, а Луіджы напэўна распавядзе свайму сябруку Барталамеа, як ён упарта заве Бары. Ды да таго ж Сьюзі пачне пагарджаць ёю, а Фіёна тага не жадае.

Ад Брыджэт і Граніі у падобнай сытуацыі ніякай карысьці. Фіёна ў сваім рэпэртуары, скажуць яны, зноў тузаецца па дробязях. Улюбёнае слоўца іх старой школьнай настаўніцы. Ня тузайцеся, дзяўчынкі, крычала яна і яны пхалі кулакі ў рот, імкнучыся заглушыць сьмех. Потым Брыджэт і Гранія палічылі слоўца тузацца найпрыдатным для Фіёны, штосьці сярэдняе паміж мітусіцца, губляцца і турбавацца. Нельга прызнавацца ім, наколькі затузанай, спалоханай і няшчаснай адчувае яна сябе зараз, бо яны ва ўсім абвінавацяць яе саму. І несумнеўна будуць мець рацыю.


— Ты да мяне добра ставісься, Фіёна? — запытала спадарыня Хэлі пасьля таго як яны сьпяклі цытрынавы торт.

— Вельмі добра.

— І адкажаш мне шчыра?

— Ну, так, — піснула Фіёна. Яна зрыхтавалася да зруйнавальнага ўдару. Нейкай выявай кветкі нават прывялі да яе. Можа, яно і лепш.

— Як ты лічыш, варта мне вызначыць мае колеры?

— Вашы колеры?

— Так. Ідзеш да кансультантаў і яны кажуць, якія адценьні табе да твару, а зь якімі твой твар губляе фарбы. Цалкам навуковы падыход.

Фіёна намагалася загаварыць. — І колькі тое каштуе? — нарэшце спытала яна.

— Вох, грошы ў мяне ёсьць, — махнула рукой спадарыня Хэлі.

— Ну, у такіх рэчах я ня вельмі разумею, але ў мяне ёсьць вельмі стыльная сяброўка, я ў яе запытаю. Яна параіць.

— Дзякуй, Фіёна. — Саракапяцігадовая спадарыня Хэлі выглядала на семдзесят пяць і па віне Фіёны не сумнявалася ў каханьні свайго мужа.


Сьюзі прызнала ідэю бліскучай. — Ты вырашылася? — спытала яна.

У Фіёны не хапіла мужнасьці паведаміць, што гаворка ідзе не аб ёй. І так прыйшлося зьвярнуцца да Сьюзі за парадай, годзе зь яе. Але зараз яна на гвалт імкнулася пасталець і навучыцца прымаць рашэньні. І яна цьвёрда адказала так, яна аб тым падумвае.

Нэсу Хэлі узрадавала такая навіна. — Ведаеш, я яшчэ сёе-тое скеміла. Мы павінны пайсьці да дарагога цырульніка-стылісту і цалкам зьмяніцца.

У Фіёны сьцямнела ў вачах. Усе грошы, з такой напругай сабраныя ёю на viaggio, калі яна сапраўды раптам ў яго выправіцца, сыдуць на грандыёзныя паляпшэньні, да якіх яны гатовыя прыступіць.

Ёй пашанцавала, Сьюзі выратавала яе, паведаміўшы аб школе-цырульні.

Спадарыня Хэлі спыніла насіць карычневае, выцягла сьветлыя сукенкі, да якіх апранала гожыя цёмныя шалікі. Яна пафарбавала валасы і з кароткай фрызурай замест сямідзесяці пяці гадоў выглядала зараз на пяцьдзесят.

Фіёна вельмі коратка абстрыгла свае бліскучыя валасы, зрабіла густы прамы чубок і, па ўсеагульным меркаваньні, выглядала файна. Апранала яркае, чырвонае і жоўтае. Двое хірургаў пачалі рабіць ёй камплімэнты, на якія яна адказвала вясёлым сьмехам, замест таго каб пачаць варажыць, ці не зьбіраюцца яны ажаніцца зь ёй, як зрабіла б раней.

Бацька Бары заставаўся зараз у хаце ледзь даўжэй, але не нашмат, і, падаецца, радаваўся прысутнасьці Фіёны.

Новая фрызура і адценьні, падаецца, не маглі зьвярнуць яго жыцьцё назад. Да таго, якім яно было да Рамана, два гады раней.


— Ты гэтулькі зрабіла для маёй маці, — сказаў Бары, — яна выглядае цудоўна.

— А як наконт мяне, я не выглядаю цудоўна?

— Ты цудоўна выглядала заўсёды. Паслухай, ні ў якім разе не кажы ёй, што ведаеш аб самазабойстве. Яна часта просіць мяне не расчыняць табе гэтую таямніцу. Жудасна баіцца страціць тваю павагу, у гэтым уся справа.

Фіёна моўчкі кіўнула. Бары яна таксама ніколі ня скажа. Бо ёсьць людзі, якія жывуць, стала хаваючы нешта. Такое цалкам магчыма. І не такая ўжо гэта істотная хлусьня, нават выпадковасьць, што спарадзіла неапраўданыя надзеі.

Фіёна апынулася суздром непадрыхтаванай да выкрыцьця, што рушыла, калі яны адлучалі жаўткі і ўзьбівалі бялкі для безэ.

— Я дазналася, дзе яна працуе.

— Хто?

— Тая жанчына. Палюбоўніца Дэна, — з глыбокім задавальненьнем паведаміла спадарыня Хэлі, як аб добра зробленай дэтэктыўнай працы.

— І дзе? — Фіёну ахапіла фатыга. Ці не пачынаецца ў небаракі новы нэрвовы зрыў? Не дайшло бы да яшчэ адной спробы самагубства.

— Уяві сабе, у адной зь лепшых дублінскіх рэстарацыяй. У Квеньціне, ні больш, ні менш. Чула аб такой?

— Так, пра яе часьцяком ў газэтах пішуць.

— У найблізкай будучыні ты зноў здолееш прачытаць аб ёй у газэтах, — загадкава паабяцала немаладая жанчына.

Няўжо яна зьбіраецца выправіцца ў Квеньцін і зрабіць там сцэну?

— Адкуль у вас такая ўпэўненасьць? Я вось аб чым, як вы можаце сапраўды ведаць, дзе яна працуе, спадарыня Хэлі?

— Я яго высачыла, — пераможна заявіла яна.

— Вы высачылі яго?

— Мінулай ноччу ён зьехаў на сваім вэне. Па серадах ён часта зьяжджае. Пабыў у хаце, паглядзеў тэлевізар, а пасьля дванаццаці сказаў, што павінен ісьці, начная праца ёсьць. Схлусіў. Я заўсёды ведала, ён маніць аб начной працы па серадах — занадта дбайна апранаецца, чысьціць зубы, чаравікі ваксуе. Шмат чаго.

— Як жа вы прасачылі за ім, спадарыня Хэлі? Хіба ён не на сваім вэне паехаў?

— На вэне. Але мяне таксоўка чакала, са сгаслымі агнямі. Мы за ім на адлегласьці ехалі.

— Увесь час чакала таксоўка? Пакуль ён памкнецца сысьці? — Больш як сам учынак Фіёну ашаламіла яго найпоўная, звар'яцелая экцэнтрычнасьць.

— Не. Я ведала, ён каля паўночы сыдзе, таму таксоўку замовіла на ўсялякі выпадак на бяз чвэрткі дванаццаць. Потым села і паехала за ім.

— Пане міласэрны, спадарыня Хэлі, што падумаў таксіст?

— Ён думаў аб файным рахунку на яго лічыльніку, вось аб чым ён думаў.

— І што адбылося?

— Вэн збочыў і спыніўся ззаду Квеньціна. — Яна зрабіла паўзу. Вельмі засмучанай яна не выглядала. Фіёна часьцяком бачыла спадарыню Хэлі куды больш напружанай і прыгнечанай. Што ж яна магла ўбачыць падчас сваёй экстраардынарнай місіі?

— А пасьля?

— Пасьля мы чакалі. Я маю на ўвазе, ён чакаў, і мы з таксістам чакалі. Выйшла жанчына. Разгледзець я яе ня здолела, зацёмна было. Яна пайшла нацянькі да вэну, быццам ведала, што ён там чакае, і яны зьехалі. Так хутка, што мы іх страцілі.

Фіёна адчула палягчэньне. Але спадарыня Хэлі вярнула яе на зямлю. — У наступную сераду мы іх ня страцім, — рашуча паабяцала яна.

— Гэта ж вар'яцкі дорага. На заплачаныя таксісту грошы вы маглі набыць новую шыкоўную спадніцу, — распачала Фіёна беспасьпяховую спробу ўтрымаць яе ад іншай спробы.

— Я зэканоміла гаспадарчыя грошы і прагну выдаткаваць іх на тое, што дасі мне задавальненьне.

— Але калі ён убачыць вас, выявіць...

— Я нічога благога не раблю. Нікому не забараняецца пракаціцца на таксоўцы.

— Ну ўбачыце вы яе. Што зьменіцца?

— Пазнаю, што яна зь сябе ўяўляе, жанчына, якую ён думае, ён кахае. — У яе голасе гучала найпоўная ўпэўненасьць у пачуцьцях Дэна Хэлі.


— Твая маці ў Квеньціне працуе? — спытала Фіёна ў Брыджэт.

— Уга, а навошта табе?

— Яна ведае, хто там працуе па начах? З маладзенькіх стольніц напрыклад?

— Бадай так, яна там ужо даўнавата. А навошта табе?

— Калі я скажу табе імя, здолееш распытаць яе, не тлумачачы, чаму пытаеш?

— Магу, а навошта?

— Ты калісьці спыніш пытаць навошта?

— Я ніколі нічога не раблю, не спытаўшы навошта, — ухмыльнулася Брыджэт.

— Добра, тады забудзь.

— Я ж не адмаўляюся.

— Забудзь. Забудзь.

— Добра, высьветлю я ў яе ўсё. Гэта твой Бары? У ім справа? Думаеш, у яго шуры-муры з кімсьці з Квеньціна?

— Не зусім.

— Вядома, я яе распытаю.

— Не, ты зашмат пытаньняў задаеш. Толькі ўсё сапсуеш.

— Годзе табе, Фіёна, мы ж сяброўкі. Ты нас выбаўляеш, мы цябе выбаўляем. Давай імя і я маці ціхенька, няўзнак распытаю.

— Паглядзім.

— Дык як яе клічуць?

— Пакуль ня ведаю, але хутка даведаюся, — адказала Фіёна.


— Як нам высьветліць яе імя? — запытала Фіёна спадарыню Хэлі.

— Ня ведаю. Я думала, мы павінны проста застукаць іх.

— Не, калі мы пазнаем яе імя, у нас будзе перавага. Тады, магчыма, яе і застукваць не спатрэбіцца.

— Не ўяўляю, як ільга пазнаць яе імя, — зьбянтэжылася Нэса Хэлі. Яны моўчкі разважалі, седзячы насупраць адна адной.

— Няхай, — пачала Фіёна. — Няхай вы яму паведаміце, што тэлефанавала жанчына з Квеньціна, прасіла ператэлефанаваць, але не назвалася, сказала, ён ведае, хто тэлефанаваў. Тады мы здолеем падслухаць, каго ён пакліча да тэлефона.

— Фіёна, ты дарма губляеш час у сваёй лякарні, — выгукнула маці Бары. — Ты павінна працаваць прыватным шпіком.

Яны правялі апэрацыю ў той самы вечар. Калі Дэн вярнуўся дахаты, жонка пачаставала яго вячэрай, а потым, быццам толькі ўзгадала, перадала паведамленьне з Квеньціна.


Ён пайшоў у вітальню, тэлефанаваць, а Фіёна ўключыла міксэр на поўны моц, тым часам як маці Бары падслухоўвала ля дзьвярэй.

Яны абедзьве важдаліся ля пліты, калі Дэн Хэлі вярнуўся ў кухню. — Ты нічога не пераблытала, тэлефанавалі з Квеньціна?

— Так сказалі.

— Проста я ператэліў ім зараз, яны кажуць, мяне ніхто не шукаў.

Яго жонка сьцепанула плячыма. — Казалі, тэлефануюць па справе. — Ён выглядаў заклапочаным і неўзабаве сышоў наверх.

— Вы чулі, ён прасіў паклікаць кагосьці? — карцела пазнаць Фіёне.

Спадарыня Хэлі хітнула, яе вочы ліхаманкава бліскацелі. — Так, у нас ёсьць імя. Ён да яе зьвяртаўся.

— І хто яна? Як яе клічуць? — Фіёна ад узрушанасьці і небясьпекі ледзь дыхала.

— Менавіта яна і адказала яму, і ён сказаў: «Пане, Нэл, чаму ты тэлефануеш мне дахаты?» — Так ён сказаў. Яе клічуць Нэл.

— ШТО?

— Нэл. Маленькая сучка, эгаістычная, бязглуздая маленькая жаба. Ён яе ўвогуле не кахае, чула б ты, як зласьліва ён зь ёй размаўляў.

— Так, — вымавіла Фіёна.

— Такім чынам, мы ўзброеныя, зараз мы ведаем яе імя.

Фіёна нічога не адказала.

Нэл. Так клічуць маці Брыджэт і Граніі. Нэл Данн працуе ў касе Квеньціна і адказвае на тэлефанаваньня.

Бацька Бары сустракаецца з маці яе сябровак. Не з дурненькай, маладзенькай аматаркай прыемнага бавленьня часу, а з аднагодкай Нэсы Хэлі. Жанчынай, у якой муж і сталыя дочкі. Канец некалі надыдзе усім гэтым жахам?


— Фіёна? Гэта Брыджэт.

— А, так. Слухай, мне не тэлефануюць на працу.

— Галоўнае слушна падысьці да пытаньня і людзі змогуць тэліць табе.

— Адчапіся. Што стрэслася, Брыджэт? У мяне чарга вялізная. — Ніякай чаргі як раз не было, але ёй цяжка было размаўляць зь сяброўкай, ведаючы такую жудасную таямніцу аб яе сям'і.

— Гэтая птушачка з Квеньціна, якой, ты думаеш, захапіўся Бары … ты зьбіралася назваць мне яе імя, каб я даведалася ў маці.

— Не! — голас Фіёны амаль сарваўся на віск.

— Гэй, ты сама мяне прасіла.

— Я раздумалася.

— Ты павінна ведаць, ці ёсьць у яго хтосьці на боку. Людзі павінны ведаць, гэта іх права.

— Павінны ведаць, Брыджэт? Павінны ведаць?

— Вядома. Калі ён табе кажа аб каханьні і ёй гаворыць аб каханьні, дык напрамілы бог …

— Паслухай, гэта не зусім так.

— Ён не казаў, што кахае цябе?

— Казаў. Ня ў тым справы, трасца табе бяры!

— Фіёна?

— Так?

— У цябе сур'ёзна дах едзе. Думаю, ты павінна аб тым ведаць.

— Зразумела, Брыджэт. — Адно суцяшала Фіёну, яе заўжды лічылі аматаркай панэрвавацца.


— Як вам падаецца, яна маладая ці старая? — спытала Фіёна ў маці Бары.

— Нэл? Маладая, інакш навошта яна яму спатрэбілася.

— Мужчын немагчыма зразумець, усе так кажуць. Яна можа апынуцца старой вяхоткай.

Нэса Хэлі захоўвала поўную ціхамірнасьць. — Калі ў яго ёсьць флірт, дык толькі таму, што нейкая маладзіца навязалася яму. Мужчыны ласыя на лісьлівасьць. Але кахае ён мяне. Тое заўжды было ясна. Я табе казала, калі я ў гэты раз ляжала ў лякарні, ён наведаўся , калі я сышла і пакінуў мне кветкі. Якія яшчэ патрэбныя доказы?

Бары прыйшоў дахаты ўсхваляваны. — Гэтулькі ахвяраваньняў сабрана для нашай вечарыны ў чацьвер, вы не ўяўляеце. Нават фантастыка. Magnifico. Спадар Данн сказаў, пры такім посьпеху яны здолеюць абвясьціць на наступны год пачатак суцэльнай новай адукацыйнай праграмы для сталых.

— Спадар Данн? — глуха перапытала Фіёна.

— Ён распачаў гэтыя клясы. Яны з Сыньёрай добрыя сябры. Ты яшчэ распавядала мне аб яго дачках.

— Так, — голас Фіёны гучаў усё гэтак жа цьмяна.

— Ён у захапленьні ад стану спраў. Яго рэпутацыі гэта таксама на карысьць.

— Ён там будзе?

— Гэй, Фіёна, ты сьпіш ці дзе? Хіба ня ты казала мне, што мы ня можам прадаць квіткі яго дачкам, бо яны ідуць зь ім?

— Я так казала? — Напэўна казала, але гэта было так даўно, да таго, як яна пазнала ўсё, што ведае зараз.

— Думаеш, і яго жонка прыйдзе? — спытала яна.

— Магу даручыцца. Любы з нас, у каго ёсьць жонка ці муж, маці або бацька, ўжо ня кажучы аб каханай дзяўчынцы … ну, мы ўпэўненыя, яны прыйдуць.

— І твой бацька прыйдзе?

— Як раз сёньня паабяцаў, — Барталамеа, аматара італьянскай мовы, апаноўвалі радасьць і шчасьце, ён здолеў сабраць добрую каманду.


Вечара festa у школе Выгляд-На-Гару ўсе чакалі зь нецярпеньнем.

Сыньёра зьбіралася набыць новую сукенку, але ў апошні момант вырашыла выдаткаваць грошы на новае каляровае асьвятленьне для школьнага вэстыбюля.

— Ой, выдатна, Сыньёра, — падтрымала яе Сьюзі Селіван. — Я маю файную сукенку, яна вам мабыць падыдзе. Час ім там, у школе, зразумець, што іх старое асьвятленьне нікуды не падыходзіць.

— Мне б карцела, каб гэты вечар запомніўся назаўжды. Прыемнае разнаколернае асьвятленьне зробіць становішча больш рамантычным … Якая карысьць, калі я выдаткую сарок фунтаў на сукенку? Ніхто і не зазначыць.

— Калі я здолею дапамагчы вам з асьвятленьнем, вы купіце новую сукенку? — спытала Сьюзі.

— Ты ж не зьбіраесься прапанаваць Луіджы … — усхвалявалася Сыньёра.

— Не, клянуся, я не дазволю яму зноў зьвязацца з апраметнай. Занадта цяжка было выцягнуць яго адтуль. Насамрэч я ведаю аднаго электрыка, яго клічуць Жак. Мне патрэбен быў хтосьці для рамонту кватэры і Лу спытаў у італьянскім клясе. Лапік параіў чалавека, які выконваў працы ў іх гатэлі. Выдатны адмысловец. Даслаць яго да вас?

— Ну, Сьюзі …

— Калі ён возьме танна, а ён так і зробіць, вы купіце сукенку? — настойвала яна.

— Вядома, Сьюзі, — паабяцала Сыньёра, ня здольная зразумець, чаму людзі надаюць вопратцы такое значэньне.


Жак прыйшоў паглядзець на школьны вэстыбюль. — Ясная справа, сьвіран сьвіранам, — сказаў ён.

— Ведаю, але мне падавалася, калі прымацаваць тры-чатыры шэрагу разнаколерных агнёў, накшталт калядных гірлянд …

— Будзе выглядаць вельмі кранальна.

— У нас ня хопіць грошай набыць нешта іншае, — знэрвавалася Сыньёра.

— А хто вядзе прамову аб набыцьці? Я зраблю тут для вас нармалёвае асьвятленьне. Прынясу патрэбнае абсталяваньне, атрымаецца нібы на дыскатэцы. Увечар усталюю, раніцай забяру.

— Вы ня можаце так зрабіць. Гэта будзе каштаваць цэльнае багацьце. І хтосьці павінен гэтым кіраваць.

— Я пабуду тут і нагледжу, каб нічога не ўзьляцела ў паветра. Паколькі гаворка ідзе ўсяго аб адным вечары, вам гэта нічога каштаваць ня будзе.

— Зь якой нагоды вы павінны рабіць гэта для нас?

— Глядзіце на гэта як на выдатную рэкляму для маёй фірмы, — рот Жака расьцягнуўся ва ўсьмешцы ад вуха да вуха.

— Магу я прапанаваць вам пару квіткоў, на выпадак, калі вы захочаце прыйсьці з кімсьці? — Сыньёры карцела аддзячыць яго за дабрыню.

— Не, Сыньёра. Сёньня я вандрую самотна, — усьміхнуўся Жак. — Але хто ведае, што мяне чакае на вашай вечарынцы. Асьвятленьне зойме ў мяне ня ўвесь час.


Біл Бурк і Лізі Даффі павінны былі запрасіць дзесяць чалавек. Прадаць квіткі ў банку апынулася цяжка, бо Біла апярэдзіла Гранія Данн.

Так ужо здарылася, менавіта ў гэты вечар у Дублін зьбіралася маці Лізі.

— Лічыш, варта? — спытаў Біл. Занадта непрадказальны чалавек спадарыня Даффі. Як бы небясьпека не пераважыла плюсы.

Лізі паставілася да праблемы сур'ёзна. — Чаго самога дрэннага можна ад яе чакаць?

Біл таксама перайшоў на сур'ёзны тон. — Нап'ецца і пачне сьпяваць з гуртом? — зрабіў ён здагадку.

— Не, яна, калі напіваецца, распавядае ўсім, якое быдла мой бацька.

— Будзе грукатаць музыка, яе ніхто не пачуе. Давай запросім яе.


Канстанца магла павыкупляць усе квіткі, не зазначыўшы адмысловых зьмен на сваім банкаўскім рахунку, але гэта было бы зусім ня тое. Запрасіць госьцяў, вось чым яна зьбіралася заняцца.

Вераніка, вядома, пойдзе і прывядзе сяброўку з працы. Цудоўна, калі ў цябе ёсьць дачка. Запрашаючы сына, Рычарда, яна пачувалася куды менш упэўнена. Ці захоча ён прыйсьці з сваёй дзяўчынай? Ён пагадзіўся нечакана ахвотна. Пасьля суду і прысуду дзеці аказалі ёй вялізную падтрымку. Як яна і прадказвала, Гары атрымаў мінімальны тэрмін. Яе чацьвёра дзяцей тэлефанавалі і наведвалі маленькую кватэрку ля мора кожны тыдзень. Мусібыць, яна зрабіла слушна.

— Ты не дасі веры, — патэлефанаваў ёй праз пару дзён Рычард. — Ведаеш, хто зьбіраецца на вашу італьянскую festa у школе Выгляд-На-Гару? Мой бос, спадар Мэлан. Ён мне сёньня казаў.

— Які усё ж цесны сьвет, — зьдзівілася Коні. — Тады я, мабыць, запрашу яго цесьця. Паўль жонку прывядзе?

— Пэўна, — адказаў Рычард. — Пажылыя людзі заўсёды так робяць. — Хто ж зь іх італьянскага кляса мог запрасіць Паўля Мэлана, зьдзіўлялася Коні.


Гус і Мэгі паабяцалі Лапіку у абавязковым парадку прыйсьці на festa. Нягледзячы ні на што. Яны да таго ж запрасілі свайго сябра, уладальніка крамачкі чыпсаў, у падзяку за яго пераклады. А у якасьці прыза для лятарэі прапанавалі некалькі бясплатных абедаў зь віном у іх гатэлі.


У хаце, дзе жыла Сыньёра, Джэры Селіван жадаў ведаць, якая ніжняя ўзроставая мяжа.

— Шаснаццаць, Джэры, я табе ўжо распавядала, — адказвала Сыньёра. Яна ведала, у школе выяўляюць незвычайную цікавасьць да танцаў у вэстыбюлі з дыскатэчнымі агнямі і трункамі.

Спадар А’Брайн, Дырэктар, катэгарычна пярэчыў нават супраць прысутнасьці старшаклясьнікаў у якасьці запрошаных. — Няўжо вы нядосыць часу бавіце ў тым будынку? — бурчэў ён. — Чаму бы вам не пайсьці, як звычайна, у вашы прапаленыя сутарэньні, слухаць музыку, ад якой вушы згортваюцца?

У гэтыя дні Тоні А’Брайн нагадваў д'ябла. Каб дагадзіць Граніі Данн, каханьню ўсяго яго жыцьця, ён кінуў паліць і не знаходзіў сабе месцы. Але дзеля элемэнтарнай справядлівасьці ён павінен вытрымаць. Гранія зьдзейсьніла для яго цуд, наведала свайго бацьку і схіліла яго на іх бок.

Невядома, як яна дамаглася тага, але наступным днём Эйдан Данн прыйшоў у яго кабінэт і прапанаваў сваю руку.

— Я сябе паводзіў як бацька зь Віктарыянскай мэлядрамы, — сказаў ён. — Мая дачка досыць сталая, каб жыць сваім розумам. Калі ты зробіш яе шчасьлівай, усё добра.

Ад такога шоку Тоні ледзь не зваліўся з фатэлю. — Я жыў недарэчным жыцьцём, Эйдан, ты гэта ведаеш. Але слова гонару, Гранія зьявілася для мяне паваротнай кропкай. З тваёй дачкой я пачуваюся лепш, маладзей. Яна дала мне надзею і шчасьце. Я ніколі ня здраджу яе. Калі ты хоць чамусьці верыш, ты павінен верыць гэтаму.

Яны паціснулі адно аднаму рукі з такой сілай, што адчувалі боль яшчэ некалькі дзён.

І ў школе і хаце жыцьцё стала значна прасьцей. Яна перастала прымаць супрацьзачаткавыя пігулкі. Ён разумеў, шмат у чым гэта зьвязана з учынкам Эйдана. Дзіўны чалавек … Ня ведай яго Тоні А’Брайн так добра, можна было бы паверыць, што паміж спадаром латыністам і Сыньёрай нешта ёсьць.

Але гэта неймаверна.


Сябры Сыньёры, Брэнда і Патрык Брэнаны, абодва атрымалі запрашэньне на вечарыну. Ці варта мець посьпех, сказалі яны, калі нельга перадаручыць камусьці свае абавязкі? Існуе памагаты шэф-кухара, існуе другі распарадчык. Ацалее рэстарацыя адзіны вечар бязь іх. Ці яны першапачаткова хібна вядуць справу. І вядома Нэл Данн, касірка, таксама ідзе. Сапраўды, кіраўніцтва Квеньціна пяройдзе да каманды запасных, перасьмейваліся яны.

— Ня ведаю, навошта мы ўсе туды зьбіраемся, мусібыць глуздам крануліся, — вымавіла Нэл Данн.

— Дзеля салідарнасьці і падтрымкі, зразумела. Навошта ж яшчэ? — адказала спадарыня Брэнан, дзіўна паглядзеўшы на Нэл.

Не ўпершыню Нэл адчула, што спадарыня Брэнан ня вельмі яе палюбляе. Урэшце, яна задала слушнае пытаньне. Такія людзі як Брэнаны, ды, калі ўжо на то, і сама яна, Нэл Данн … у сваёй чорнай сукенцы і жоўтым шаліку яна сядзіць у Квеньціне, быццам каралева, яе ведаюць у Дубліне … усе яны павінны цягнуцца ў баракі Выгляд-На-Гару, дзе гэтулькі гадоў мучыцца дурам Эйдан.

Але аб сказаным яна пашкадавала. У Брэнанаў чамусьці іншае меркаваньне.

Добра, можна і схадзіць. Дэн у гэты вечар заняты, кудысьці павінен пайсьці з сваім сынам, і яе дзеці дастануць, калі яна ня прыме удзел ў тым балагане. Нуда будзе сьмяротная, як заўжды ў гэтай школе. Але прынамсі ня прыйдзецца турбавацца аб строі. Пяць фунтаў за кавалак піцы і гурт, што аглушыць цябе італьянскімі сьпевамі. Гасподзь усемагутны, на якія ахвяры мусіш ісьці дзеля сем'і.


Брыджэт і Гранія апраналіся да festa.

— Спадзяюся, усё пройдзе добра, для таты гэта так важна, — Гранія падфарбавала вейкі.

— Тата зладзіцца з чым заўгодна, калі зьмірыўся з тым, што ты сьпіш зь ягоным босам. Зараз яго нішто зь сядла ня выб'е. — Брыджэт начэсвала валасы перад люстэркам у гасьцёўні.

Гранія выйшла зь сябе. — Можа зьменіш кружэлку? Чалавечыя адносіны ложкам не абмяжоўваюцца.

— Ён, мусіць, даўно сьпёкся, вядома, у ягоныя гады, — хіхікнула Брыджэт.

— Калі я пачну распавядаць, ты зьзелянееш ад зайздрасьці, — ужо спакайней адказала Гранія, накладваючы цені. Увайшла іх маці.

— Гэй, маці, варушыся, праз некалькі хвіль выходзім, — прысьпешыла яе Брыджэт.

— Я гатовая.

Яны паглядзелі на маці. Валасы гладка зачэсаныя, ніякай касмэтыкі, паштадзенная сукенка, на плечы накінуты вольны жакет. Сёстры абмяняліся поглядамі і абышліся без камэнтарыяў.

— Добра, — кіўнула Гранія, — хадзем.


Гэта быў першы выхад Нэсы Хэлі пасьля лякарні.

На меркаваньне Бары маці не выглядала так добра ўжо шмат гадоў. Па-за ўсякім сумненьнем, Фіёна цудоўна на яе ўплывае. Ён ламаў галаву, ці варта яму запрасіць Фіёну паехаць зь ім у viaggio. Гэта шмат што азначала, напрыклад, адзін пакой на дваіх, а гэты бок спраў не занадта прасунуўся з моманту іх знаёмства. Ён, вядома, жадаў, але неяк усё не складалася, ці момант непрыдатны, ці месца.

Яго бацька выглядаў зьбянтэжаным. — Што за людзі там будуць, сынок?

— Усе, хто ходзіць у наш кляс і тыя, каго яны здолеюць зацягнуць, як я зацягнуў цябе. Там выдатна будзе, сапраўды.

— Не сумняваюся.

— Тат, спадарыня Кларк дазволіла мне ўзяць вэн, хоць гэта і не па працы паездка. Таму калі табе або маці надакучыць ці стоміцеся, я здолею адвезьці вас дахаты.

Бары гаварыў так горача, з такой падзякай, што бацьку стала сорамна. — Калі гэта Дэн Хэлі сыходзіў зь вечарыны, пакуль трункі на стале ня скончыліся? — запытаў ён сына.

— Фіёна сустрэне нас там? — Спадарыня Хэлі абвыкла да маральнай падтрымкі з боку любаснай маладзенькай дзяўчынкі, да якой яна ўсё больш прывязвалася. Фіёна ўзяла зь яе абяцаньне ўстрымацца ад спроб сустрэцца з Нэл. Толькі на тыдзень. Адзіны тыдзень. Нэса Хэлі нехаця пагадзілася.

— Так, яна вельмі настойвала. Жадала пайсьці туды сама, — сказаў Бары. — Гатовыя, едзем?

Яны зьехалі.


Сыньёра стаяла ў вэстыбюлі.

Перад выхадам яна зазірнула ў люстэрка ў хаце Селіванаў. Яна з напругай пазнавала ў сабе жанчыну, якая прыехала ў Ірляндыю летась. Удава, як яна сябе бачыла, у тузе па мёртвым Марыё. Доўгія валасы прыбраныя ў хвост, доўгая спадніца вісіць мехам. Нясьмелая да бязладзьдзя. Ні працу знайсьці, ні жыльлё. Уласнай сям'і баялася.

Сёньня яна стаіць высокая і элегантная. Яе сукенка кававага і ліловага адценьняў цудоўна спалучаецца зь незвычайным колерам яе валосься. Па меркаваньні Сьюзі такая сукенка павінна каштаваць ня менш як 300 фунтаў. Толькі ўявіць. Ёй прыйшлося дазволіць Сьюзі нафарбаваць яе.

— Хто там на мяне будзе глядзець, — паспрабавала пярэчыць яна.

— Гэта вашая ноч, Сыньёра, — настойвала Пэгі Селіван.

Так і было. Яна стаяла тут, у вэстыбюлі зь зіготкімі разнаколернымі агнямі, абчэпленым фатаздымкамі і плякатамі, пад гукі італьянскіх сьпеваў і музыкі. Да ўрачыстага адкрыцьця прыедзе гурт, а пакуль уключылі магнітафон. Яны вырашылі, што касэты з Nessun Dorma, Volare і Arrivederci Roma трэба ставіць часьцей. Нічога занадта незнаёмага.

Падышоў Эйдан Данн. — Мне ніколі не падавалася выпадку падзякаваць вам, — сказаў ён.

— Гэта я павінна дзякаваць вам, Эйдан. — Ён адзіны з усіх так і не атрымаў італьянскага варыянту свайго імя. Гэта вылучала яго.

— Нэрвуецеся? — спытаў ён.

— Трошкі. Але ж мы акружаныя сябрамі, чаму я павінна хвалявацца? Усе за нас, супраць нас ніхто тут не наладжаны. — Сыньёра ўсьміхнулася. Яна выкінула з галавы той факт, што ніхто зь яе сям'і, яе ўласнай сям'і, ня прыйдзе сёньня ўвечары падтрымаць яе. Яна прасіла іх, але ўмольваць ня стала. Было б так цудоўна хоць аднойчы сказаць людзям — гэта мая сястра, гэта мая маці. Але не.

— Вы выглядаеце файна, Нора. Я хачу сказаць, менавіта вы сама, ня проста ўсё вакол.

Ніколі раней ён ня зваў яе Норай. Яна не пасьпела абмеркаваць гэта, пачалі зьбірацца людзі. У дзьвярах працягвала квіток сяброўка Канстанцы, надзвычай эфэктная жанчына па імі Вера.

У гардэробнай, былой каморцы, юная Кацярына зь італьянскага клясу з сваёй сяброўкай, яркай дзяўчынкай, Хэррыет, выдавалі людзям нумаркі і раілі не губляць іх. Незнаёмыя людзі ўваходзілі, захапляліся ўбачаным. Дырэктару, Тоні А’Брайну, бясконца мелася пераадрасоўваць ухваленьня. — Баюся, я да таго дачыненьня ня маю, усё заслуга спадара Данна, аўтара тага праекту, і Сыньёры.

Яны стаялі тут, прымаючы віншаваньні, быццам жаніх і нявеста.

Фіёна зазначыла як Гранія і Брыджэт уваходзяць разам з маці. У яе перахапіла дыханьне. Яна шмат разоў сустракала спадарыню Данн раней, але сёньня ледзь пазнала яе. Гэтая жанчына выглядала поўнай развалінай. Падаецца, яна нават памыцца загультаілася.

Выдатна, маркотна падумала Фіёна. Жудаснае адчуваньне ў грудзях не давала ёй спакою, быццам яна праглынула нейкі кавалак, што захраснуў на паў шляху. Накшталт вельмі цьвёрдай бульбачкі ці сырых кіяхоў. Яна ведала, гэта спуд. Фіёна, мышанё у акулярах, зьбіралася ўмяшацца ў нечыя жыцьці. Зьбіралася наплесьці людзям плойму хлусьні і напалохаць іх да сьмерці. Ці здолее яна, альбо спатыкнецца і ўсё сапсуе?

Вядома, здолее. Навошта тады той вечар, калі Гранія частавала іх кітайскімі стравамі? Пасьля яго Фіёна стала паводзіць сябе цалкам інакш і, падумаць толькі, як шмат добрага з тага выйшла. Менавіта ёй атрымалася ўгаварыць Нэсу Хэлі падхарашыцца і прыйсьці на гэтую вечарынку. Мышанё у акулярах на тое няздольнае. Раз ужо яна зайшла так далёка, яна абавязаная пераадолець апошнюю перашкоду. Трэба пакласьці канец любоўнай сувязі, катуючай гэтулькі сэрцаў. Зрабіўшы гэта, яна здолее наладзіць уласны лёс, свой уласны раман.

Фіёна азірнулася вакол, імкнучыся замацаваць на твары ўпэўненую ўсьмешку. Трэба зараз трохі пачакаць, пакуль народ разварушыцца.

На гэта спатрэбілася зусім няшмат часу. Вакол загаманілі, зазьвінелі келіхі, прыбыў гурт. Танцы пачаліся з музыкі шасьцідзесятых, што ўладкоўвала ўсіх.

Фіёна падышла да Нэл Данн, якая сядзела ў ганарлівай самоце з пагардлівым выглядам. — Вы мяне памятаеце, спадарыня Данн?

— А, Фіёна? — яна ўзгадала імя зь відавочнай напругай і без адмысловай цікавасьці.

— Вы заўсёды былі такая любасная да мяне, спадарыня Данн, калі я была маленькай, я гэта памятаю.

— Я?

— Так, калі я прыходзіла на гарбату. Мне бы не карцела, каб вам манілі.

— Хто ж мне маніць?

— Вось той чалавек, Дэн.

— ШТО? — Нэл паглядзела туды, куды паказвала Фіёна.

— Разумееце, ён усім вакол распавядае, што яго жонка за сабою ня даглядае, апранаецца пачварна, увесь час спрабуе жыцьцё самагубствам скончыць, як яму ад яе сысьці карціць. Але ў яго цэлая чарга жанчын, і ўсім ён распавядае адну і тую гісторыю.

— Не разумею, аб чым ты кажаш.

— Вы, верагодна … пачакайце… дама серады і яшчэ нейкага дню. Так у яго заведзена.

Нэл Данн паглядзела на элегантную жанчыну, якая радасна сьмяялася разам з Дэнам Хэлі. Гэта ня можа быць ягоная жонка, аб якой ён распавядаў. — З чаго ты ўзяла, што ведаеш аб ім нешта? — спытала яна Фіёну.

— Вельмі проста. Ён і маёй маці галаву закружыў. Прыяжджаў на вэне, сустракаў з працы, вёз. Яна ім трызніла. Жудасны ўспамін.

— Зь якой нагоды ты мне гэта распавядаеш? — Яна перайшла на шэпт і зацкавана паглядзела вакол.

Спадарыня Данн дакладна перапалохалася, зразумела Фіёна. — Ці бачыце, ён прывозіць гародніну і кветкі туды, дзе я працую, і заўжды распавядае аб гэтых жанчынах, нават аб вас, як вы ад яго бяз одуму. Вас ён заве «шыкоўная дама з Квеньціна». Я як зразумела, што ён пра маці Брыджэт і Граніі кажа, рыхтык як з маёй маці было … нават супакой страціла.

— Я ня веру ніводнаму твайму слову. Ты небясьпечная, звар'яцелая дзяўчынка, — спадарыня Данн бліснула сплюшчыўшыміся быццам шчыліны вачыма.


Луіджы захоплена танчыў з Кацярынай з італьянскага клясу. Кацярына і яе сяброўка Хэррыет вызваліліся ад варты ў гардэробе і зараз наганялі выпушчанае.

— Выбачай. — Фіёна выцягнула Луіджы з круга танцуючых.

— Ты чаго? Сьюзі ня супраць, ёй падабаецца, калі я танчу, — абурыўся ён.

— Зрабі мне вялізную ласку, — узмалілася Фіёна. — Толькі не пытай ні аб чым.

— Лёгка, — хітнуў Луіджы.

— Можаш ты падысьці вось да таго цёмнавалосага чалавеку, там, поруч дзьвярэй, і сказаць яму, што калі ён не жадае непрыемнасьцяў, яму трэба пакінуць у супакою даму, зь якой ён сустракаецца па серадах.

— Але … ?

— Ты абяцаў не пытаць, навошта!

— Я і не пытаю, навошта, я толькі пытаю, ці адкалашмацяць мяне ?

— Не, не адкалашмацяць. І яшчэ, Луіджы …

— Так?

— Дзьве рэчы. Можаш ты нічога не казаць аб тым Сьюзі і Барталамеа?

— Не пытаньне.

— І можаш ты паспрабаваць выглядаць трохі разьюшана, калі будзеш размаўляць зь ім?

— Пастараюся, — ганарліва паабяцаў Луіджы. Хто-хто, а ён здолее.


Нэл Данн амаль наблізілася да Дэна. Ён размаўляў з каржакаватай пысай вельмі лютага выгляду. Яна зьбіралася прайсьці побач і не растульвая вуснаў запрасіць яго на пару слоў, хітнуўшы ў бок калідора.

У любым выпадку, чаму ён не сказаў ёй, што ідзе сюды? Такая сакрэтнасьць. Такая ўтоенасьць. Цалкам магчыма, ёсьць шмат што яшчэ, невядомае ёй. Але дакладна перад тым, як яна дабралася да яго, ён падняў вочы і зазначыў яе. Ягоны твар сказіў спуд. Ён рушыў ад яе прочкі. Яна ўбачыла, як ён схапіў за руку жонку і запрасіў яе на танец.

Гурт граў Ciao Ciao Bambino. Ім гэты сьпеў быў брыдкі, але праца ёсьць праца. Заўтра яны зьявяцца ў вечаровай газэце.


Фіёна ўзабралася на крэсла, каб бачыць, што адбываецца. І назаўжды захаваць у памяці. Бары толькі што спытаў яе, ці згодна яна паехаць зь ім у viaggio і яна сказала так. І вось яе будучыя сьвёкар і сьвякруха танчаць адно з адным.

Маці Брыджэт і Граніі штосілы імкнулася адшукаць свой палітон і зьбегчы. Яна прымусіла Кацярыну і Хэррыет адчыніць для яе гардэроб. Толькі Фіёна зазначыла, як яна сыходзіць. Бары наогул не зьвярнуў на яе ўвагі. Дасьць Бог, ён ніколі аб ёй не пазнае, і што яшчэ важней, ніхто ніколі не пазнае аб фрэзіях.

— Патанчыш са мной? — спытаў ён. Гучалі Тры Грошыка ў Фантане. Салодка і сэнтымэнтальна.

Бары дужа прыціснуў яе. — Ti amo, Fiona, carissima Fiona.

— Anch’io, — усьміхнулася яна.

— ШТО? — не паверыў ён сваім вушам.

— Anch’io. Гэта значыць я таксама. Я таксама цябе кахаю. Ti amo da morire.

— Пане, адкуль ты ведаеш? — спытаў ён, зьдзіўлены, як ніколі ў жыцьці.

— Я запытала Сыньёру. І трэніравалася. На ўсялякі выпадак.

— На ўсялякі выпадак?

— На выпадак, калі ты гэта скажаш. Каб здолець адказаць.

Людзі вакол іх танчылі і напявалі словы тага няскладанага сьпеву. У бацькі Брыджэт і Граніі і ў галаве не было адшукваць жонку. Ён размаўляў з Сыньёрай. Яны выглядалі, як людзі, якія могуць пачаць танчыць у любы момант, калі гэта прыйдзе аднаму зь іх у галаву. Бацька Бары не аглядаўся зьбянтэжана, ён размаўляў з сваёй жонкай, быццам яна зноў стала рэальнай асобай. Брыджэт вырашала не зацягвацца ў шчыгульную спадніцу, яна апранула вольную пунсовую сукенку. Яе рукі ўвіналі шыю мужчыны, якому гэта відавочна дастаўляла задавальненьне. Гранія прыхінулася да Тоні. Яны ня танчылі, але яны зьбіраліся ажаніцца. Фіёну запрасілі на вясельле.

Як выдатна нарэшце пасталець, падумала Фіёна. Ня ўсё гэта здарылася дзякуючы ёй, але да вельмі значнай часткі здарэньняў яна дачыненьне мае.

Загрузка...