Калі Лу было пятнаццаць, трое мужчын з завострываньнямі ўварваліся ў крамачку яго бацькоў, забралі ўсе цыгарэты, падчысьцілі касу. Пакуль уся сям'я дрыжала за прылаўкам, прычуўся шум патрульнай машыны.
З быстрынёй маланкі Лу зьвярнуўся да большага з мужчын, — У заднія дзьверы, праз плот.
— Што жадаеш за гэта? — шапнуў хлопец.
— Бярыце цыгарэты, пакіньце грошы. Валіце.
Менавіта так яны і зрабілі.
Патрульныя лютавалі. — Як яны пазналі, што тут ёсьць заднія дзьверы?
— Мабыць, вывучылі раён, — сьцепануў плячыма Лу.
Бацька не на жарт злаваў. — Ты дазволіў ім сысьці са ўсім гэтым, ты, вісус, дазволіў ім сысьці, патрульныя маглі схаваць іх у астрог, калі б ты не перашкодзіў.
— Прыкінь, тат. — Лу падабалася тлумачыцца на гангстэрскі манер. — Тутака што сьцяміць трэба. Вязьніцы перапоўненыя, патрапяць яны пад амністыю, вернуцца, і цю-цю, каменя на камяні тут не пакінуць. Яны так заўжды робяць. Лічы, ты за дах забашляў.
— Жывеш, як у крывавых джунглях, — прагугняў бацька. Але Лу быў перакананы, што ўсё зрабіў слушна, і яго маці таямніцай зь ім згаджалася.
— Не чапай ліха, пакуль сьпіць ціха, — была яе прыказка. Выдай яны патрульным тых агрэсіўных злодзеяў з завострываньнямі, адзіны Бог ведае, чым бы ўсё скончылася.
Праз шэсьць тыдняў да іх завітаў набыць цыгарэты мужчына. Гадоў трыццаці, буйны, лысагаловы. Лу, вярнуўшыся са школы, якраз абслугоўваў пакупнікоў.
— Цябе як клічуць? — пацікавіўся лысы.
— Лу, — хлапчук адразу пазнаў голас рабаўніка, які запытваўся, «што ён за гэта жадае».
— Прызнаў мяне, Лу?
Лу зірнуў яму проста ў вочы — Упершыню бачу.
— Добры ты хлопец, Лу. Яшчэ пачуеш аб нас. — І чалавек, які шэсьць тыдняў таму умыкнуў у іх, размахваючы завострываньнем, пяцьдзесят блёкаў цыгарэт, любасна і ветліва адплаціўся за ўзяты зараз пачак. Прайшло ня так ужо шмат часу, і буйны чалавек увайшоў, трымаючы ў руцэ плястыкавы пакунак. — Сьцягна ягня для тваёй маці, — шапнуў ён і зьнік.
— Лепей бацьку аб тым не казаць, — вырашыла маці. Яна прыгатавала ягняціну да нядзельнага абеду.
Бацька Лу далдоніў, што яны не павінны дазваляць усялякаму няўлюдзьдзю паганаму развалакаць па навакольлях зьмесьціва іх крамы. Тое самае, верагодна, адчуваў і ўладальнік абрабаванай яткі.
Лу з маці меркавалі, што ня варта так гарачыцца. Буйны чалавек падаваўся Лу сучасным Робін Гудам, і, убачыўшы яго нездалёк ад хаты, ён папросту хітнуў яму. — Вітаньне.
Вялікі чалавек разрагатаўся: — Як маесься, Лу?
У глыбіні душы Лу спадзяваўся, што Робін зноў зьвяжацца зь ім. Ён разумеў, падараваўшы ягняціну, зь ім разьлічыліся. Але яго прыемна бударажыла думка аб блізкасьці да таемнага сьвету. Яму карцела атрымаць ад Робіна нейкае даручэньне. Не, удзельнічаць у нападзе і рабаваньні ён не жадаў. І машыну, ў якой пакідаюць месца злачынства, весьці б ня здолеў. Але вельмі вабіла магчымасьць патрапіць у штосьці захапляльнае.
Падчас вучобы ў школе ніхто да яго так і не зьвярнуўся. Лу ня быў старанным вучнем. У шаснаццаць ён ужо выправіўся замест клясу ў Цэнтар Занятасьці, без адмысловай, зрэшты, надзеі штосьці знайсьці. Адным зь першых, каго ён там пабачыў, апынуўся Робін, які вывучаў дошку аб'яў.
— Дабрыдзень, Робін, — у Лу вылецела з галавы, што імя гэта прыдуманае.
— Робін? Рабаўнік? Ты што гэта маеш на ўвазе? — перапытаў мужчына.
— Трэба ж было мне вас неяк зваць. Імя вашага я ня ведаю, вось і назваў так.
— Гэта што ў цябе, жарты такія бязглуздыя? — мужчына, падаецца, сур'ёзна раззлаваўся.
— Не, гэта як Робін Гуд, ведаеце, той хлопец … — голас яго абарваўся. Сказаць пра Вясёлых Малайцоў Лу пабаяўся. Раптам Робін вырашыць, што ён узгадвае блакітных. Бандыт альбо гангстэр гаварыць таксама язык не варушыўся. І хто яго, дурня, наогул прымушаў нейкае імя ўжываць?
— Калі ты ня вёў размову аб тых, хто рабуе людзей …
— Божухна, не, НЕ, — выгукнуў Лу, быццам сама думка аб тым была яму агідная.
— Тады добра, — Робін, падаецца, зьмякчэў.
— А як вас насамрэч клічуць?
— Робін цалкам падыдзе, бо мы зараз ведаем, што тут няма ніякага непаразуменьня.
— Ні ў якім выпадку.
— Цудоўненька. Ну, як маесься, Лу?
— Ня надта. Уладкаваўся на гандлёвы склад, ды ў іх там парадкі даўбеныя наконт паленьня.
— Ведаю, у іх скрозь тое самае. — Робін быў поўны спагады. Ён мог бы цэльную лекцыю прачытаць аб першай працы хлопчыка, што завяршылася роўна праз тыдзень. Можа і ў яго так было.
— Я табе вось што скажу. Уладкоўвайся сюды. — Ён ткнуў у аб'яву, запрашаўшую на працу прыбіральніка ў кінатэатар.
— Гэта ж для дзяўчынак. Хіба не?
— Тут ня вызначана. У нашы дні ніколі ня ведаеш.
— Ну і ваніты. — Лу ахапіла расчараваньне. Няўжо Робіну настолькі напляваць на яго? Мог бы штосьці лепей параіць.
— Мабыць, кампэнсаваньне атрымаеш, — Робін абыякава азірнуўся.
— Ты ня гоніш? Завошта?
— Ну, напрыклад, будзеш пакідаць дзьверы адчыненыя.
— Кожную ноч? А не засякуць?
— Не, калі ніт зьлёгку адхіліць.
— А далей?
— Далей, калі іншыя людзі, маўляў, захочуць увайсьці і выйсьці, у іх будзе для тага цэлы тыдзень.
— А потым?
— Ну, прыбіральнік з кінатэатра неўзабаве зможа зьліняць. Залішне сьпяшацца ня варта, але доўгі час заставацца ня прыйдзецца. Удзячныя прыхільнікі яго адшукаюць.
У Лу ад хваляваньня перахапіла дыханьне. Гэта здарылася. Робін уключыў яго ў сваю хеўру. Бязь лішніх слоў ён выправіўся да стойкі і аформіўся на пасаду прыбіральніка.
— Зь якой такой радасьці ты на падобную працу ўладкаваўся? — пацікавіўся бацька.
— Хтосьці ж павінен тое рабіць, — сьцепануў плячыма Лу.
Ён мыў сядзеньні і прыбіраў сьмецьце. Шараваў прыбіральні і выводзіў са сьценаў графіці адмысловымі чысьцячымі сродкамі. Кожны вечар ён адкручваў ніт на вялікіх задніх дзьвярах. Робін нават не сказаў яму, аб якіх дзьвярах ідзе прамова. Але, вядомая рэч, тыя людзі маглі скарыстацца толькі адзіным выйсьцем.
Мэнэджэр, мітусьлівы нэрвовы чалавечак, паведаміў Лу, што сьвет зараз ператварыўся ў сапраўдны чысьцец, ў адрозьненьне ад часоў яго маладосьці.
— Ёсьць трохі, — пагадзіўся Лу. Ён імкнуўся размаўляць паменш. Няма чаго, каб пасьля падзеі аб ім узгадвалі.
Падзея адбылася праз чатыры дні. Злодзеі пракраліся ў будынак, узламалі зачынены сэйф з грашыма і зьніклі зь вячэрняй выручкай. Ніт яны нібы перапілавалі. Паліцыянты высьвятлялі, ці не магло так здарыцца, што дзьверы заставаліся не зачыненыя. Але нэрвовы мітусьлівы мэнэджэр, які дайшоў літаральна да гістэрыкі і ўмацаваўся ў сваёй перакананасьці ў заганнасьці гэтага сьвету, абвясьціў іх меркаваньне недарэчнай прыдумкай. Ён кожную ноч правярае замкі. І потым, калі дзьверы былі адчыненыя, навошта ім было пілаваць? Тут Лу сьцяміў: яны ўладкавалі гэта, каб яго не ўзялі пад падазроны. Ніхто ня мог ткнуць пальцам у новага прыбіральніка, як у хаўрусьніка.
Каб даказаць сваю недатычнасьць, ён адпрацаваў у кінатэатры яшчэ два тыдня, старанна замыкаючы новы ніт. Потым сказаў мэнэджэру, што знайшоў месца лепей.
— Ты быў ня з горшых, — адказаў мэнэджэр, і Лу стала сорамна. Бо ён ведаў, ніхто зь яго папярэднікаў не адчыняў дзьверы рабаўнікам. Ну ды што зараз за карысьць ад пачуцьця віны. Што зроблена, тое зроблена. Паглядзім, што здарыцца далей.
А далей Робін зайшоў набыць пачак цыгарэт і саўгануў яму канвэрт. Бацька шпацыраваў па краме, таму Лу моўчкі, без камэнтараў схаваў яго. Толькі застаўшыся ў адзіноце ён зазірнуў у канвэрт. Там апынулася дзесяць банкнотаў па дзесяць фунтаў. Сто фунтаў за чатыры адкручваньня ніта. Як Робін і абяцаў, удзячныя прыхільнікі ў пазыцы не засталіся.
Лу ніколі не прасіў у Робіна працы. Ён ішоў сваім шляхам. Трошкі падзарабляў тут, дробязь там. Ён не сумняваўся, у выпадку неабходнасьці яго паклічуць. Але яму жудасна карцела зноў сустрэцца зь вялікім чалавекам. У Цэнтры Занятасьці Робін яму больш не трапляўся.
Ён пячонкай чуў, Робін мае дачыненьне да справы ў супэрмаркеце. Яны пад матузок загрузілі вэн і зьніклі на працяг гадзіны пасьля зачыненьня. Служба бясьпекі нават не магла ў тое паверыць. На хаўрусьнікаў паміж працаўнікоў і намёку не было.
Лу разьбірала цікаўнасьць. Як Робін усё ўладкаваў? Дзе прыхаваў крадзенае? Дзесьці ў яго павінна быць памяшканьне. Ён грае на тых падмостках найменшае з таго часу, як яны абрабавалі іх краму. Лу тады было амаль пятнаццаць. Зараз ужо дзевятнаццаць. І за ўсе гады вялікі Робін толькі аднойчы нешта яму даручыў.
Ён нечакана сутыкнуўся зь ім на дыскатэцы. Месца было шумнае. Лу ніяк ня мог адшукаць сабе дзяўчынку па гусьце. Але шчыра кажучы, ён ня мог адшукаць дзяўчынку, якой прыйшоўся бы па гусьце ён. Ён ня цяміў, чаму яны аддавалі перавагу не яму, такому сымпатычнаму, усьмешліваму, шчодра купляўшаму ім трунак, а хмурным занудам сумнеўнай зьнешнасьці. І тут ён зазначыў Робіна, які танчыў з самай прывабнай дзяўчынкай. Чым стараньней яна рабіла яму вочкі і ўсьміхалася, тым больш засяроджаным і змрочным ён станавіўся. Вось, бачна, у чым таямніца. Лу вырашыў папрактыкавацца. Зьвярнуўся да люстранай сьценкі бара і пачаў хмурыць бровы. Робін падышоў да яго.
— Добра выглядаеш, Лу.
— Рады зноўку бачыць цябе, Робін.
— Падабаесься ты мне, Лу. Ніколі не навязваесься.
— А які сэнс? Ціхім крокам далей зойдзеш.
— Я чуў, у тваіх продкаў з крамай надоечы сякія-такія нягоды здарыліся?
Як Робін аб тым пазнаў? — Была справа, недагрызкі нейкія наведаліся.
— Ну так зь імі трошкі пагутарылі, клёк ўправілі. Больш яны да вас ня сунуцца. Маленькі сыгнал нашым сябрам паліцыянтам і яны даведаюцца, дзе шукаць выкрадзенае. Заўтра ўжо ўсё павінна быць нармалёва.
— Вельмі ласкава, Робін. Шчыры дзякуй.
— Ды няма за што. Мне гэта толькі ў задавальненьне, — засьведчыў той. Лу чакаў. — Працуеш зараз?
— Нічога такога, што нельга было бы зьмяніць, калі трэба.
— Жвавае мястэчка, як лічыш? — Робін хітнуў на бар поруч якога яны стаялі. Паперкі па дзесяць і дваццаць фунтаў так і мільгацелі. — Начная выручка, падаецца, неблагая.
— Так, але ў іх, напэўна, парачка дужых хлопцаў ды аўчарка, каб дастаўляць грошы ўначы ў сэйф.
— Не, як ні дзіўна, — ухмыльнуўся Робін. Лу зноў вычакаў. — У іх ёсьць вэн, што развозіць службоўцаў па хатах гадзіне а трэцяй раніцы. Апошнім выходзіць мэнэджэр. Пры ім спартовая кайстра. Выглядае ўсё так, быццам там яго адзеньне, насамрэч там выручка.
— І ён сам кладзе грошы ў сэйф?
— Не, ён забірае іх дахаты. А ледзь пазьней хтосьці пад'яжджае да яго, бярэ грошы і адвозіць іх у сэйф.
— Нешта залішне мудрагеліста.
— Не без таго, але ж вельмі навакольле тут бандыцкае. — Робін неўхваляльна пакруціў галавой. — Ніхто сюды інкасатараў адпраўляць ня хоча, занадта небясьпечна. — Робін так змрочна нахмурыўся, быццам гэта іх жыцьцю пагражаў нейкі жах.
— І большасьць ведаць ня ведае аб гэтых парадках, аб мэнэджэру зь яго спартовай кайстрай?
— Сумняваюся, каб аб тым наогул хтосьці ведаў.
— Нават вадзіла вэна?
— Нават ён.
— А што, на твой погляд, можа камусьці спатрэбіцца?
— Напрыклад, каб хтосьці выпадкова даў задні ход перад іх вэнам і хвіль на пяць зачыніў бы яму праезд. — Лу хітнуў. — Хтосьці, у каго ёсьць машына, не засьвечаныя правы кіроўцы і звычка рэгулярна сюды наведвацца.
— Файная ідэя.
— У цябе ёсьць машына?
— Не, Робін, на жаль, няма. Правы ёсьць, звычка хадзіць сюды — таксама. А вось тачкі няма.
— Што, ніколі ня марыў набыць?
— Марыць марыў … нават вельмі, ды магчымасьці не ставала.
— Дагэтуль. — Робін падняў шклянку.
— Дагэтуль, — адгукнуўся Лу. Ён ведаў, пакуль Робін не дасьсі яму ведаць, нічога ня трэба прадпрымаць. Пасьля ўхвалы Робіна яго апаноўвала весялосьць. Ён, зьлёгку нахмурыўшыся, зірнуў на дзяўчынку непадалёк і яна адразу запрасіла яго патанчыць. Даўно ён сябе так выдатна не адчуваў.
— Вы не паверыце, але паліцыя знайшла ўсе да адзінай рэчы з узятага гэтымі блазьнюкамі, — паведаміў на іншы дзень бацька. — Цуд, ды і толькі.
Праз тры дні яны атрымалі з аўтасалёна ліст, квіток аб аплаце і па ўсіх правілах запоўненую дамову куплі-продажы. Спадар Лу Лінч аплаціў дэпазыт у памеры двух тысяч фунтаў і абавязаўся выплачваць штомесячныя ўнёскі. Падпісаць дамову і забраць машыну можна на працяг трох дзён.
— Я машыну зьбіраюся ўзяць, — сказаў Лу бацькам.
— Выдатна, — узрадавалася маці.
— Неспасьціжна, што могуць сабе дазволіць людзі на дапаможнік па беспрацоўі, — прагугнявіў бацька.
— Ніякага дапаможніка я не атрымоўваю, — абражана чмыхнуў Лу.
Ён працаваў у вялікай краме электратавараў. Падвозіў лядоўні і мікрахвалёўкі да багажнікаў пакупнікоў. Ён разьлічваў, што ў такое месца калісьці зойдзе Робін і там яго адшукае. Яму і ў галаву не прыходзіла, што гэта здарыцца на дыскатэцы.
Ён з гонарам аб'ехаў навакольлі за рулём уласнай машыны. У нядзелю раніцай яны з маці пракаціліся ў Глендалах.
— У маладосьці я марыла сустрэць хлопца з машынай, але гэтага так і ня здарылася.
— Гэта ж здарылася зараз, маці, — мякка мовіў Лу.
— Твой тата лічыць, ты пайшоў па благой дарожцы. Ён кажа, на твой заробак такую машыну купіць немагчыма.
— А ты як думаеш, ма?
— Я наогул ня думаю, сыначка.
— І я таксама, ма.
Гэта было за шэсьць тыдняў да таго, як Лу зноў сустрэўся з Робінам. Той зазірнуў у вялізную краму і набыў тэлевізар. Лу дапамог яму паставіць скрыню ў машыну.
— Рэгулярна бываеш на дыскатэцы?
— Два-тры разы на тыдзень. Яны мяне ўжо па імі ведаюць.
— Трошкі маркотная мясьціна.
— Што рабіць. Дзесьці ж трэба патанчыць, выпіць.
— Залатыя словы. Мне вось цікава, ты там і сёньня будзеш?
— Зразумела.
— Можа, піць ня варта? Раптам падыхаць у прабірку прыйдзецца.
— Бадай, ноч на мінэралцы час ад часу кожнаму на карысьць.
— Я табе, мабыць, добрае мястэчка для паркоўкі адвячоркам параю.
— Было б файна. — Больш ён ні аб чым не пытаў. Робіна, падаецца, вабіла яго звычка ня соўгаць нос у залішнія рэчы.
Увечары, а дзесятай, ён прыпаркаваўся ў азначаным Робінам месцы. Варта падаць назад, і выезд з алеі на галоўны шлях апынецца заблякаваным. У пасажыраў вэна ён, відавочная рэч, будзе як на далоні. Машына заглухне. І адмовіцца кратацца нягледзячы на ўсе яго высілкі. Але да тага моманту ў яго яшчэ пяць гадзін.
Ён увайшоў у залю і на працягу пятнаццаці хвілін сустрэў тую самую дзеўчыну, якую, як ён заўжды мроіў, здолее пакахаць і пражыць зь ёй да канца свайго жыцьця. Клікалі гэтую высокую прыгажуню з файнымі рудымі валасамі Сьюзі. Яна сказала, што прыйшла на дыскатэку ўпершыню. Дома ёй стала моташна і яна вырашыла выветрыцца і паглядзець, што падаруе ёй ноч.
Ноч падаравала ёй Лу. Яны танчылі і размаўлялі. Ёй спадабалася, што ён п'е мінэралку. Ад большасьці хлопцаў проста патыхае півам. Ён прызнаўся, што часам п'е піва, але ў слушных колькасьцях.
Яна працавала ў кавярні ў Тэмпл Бары. Ім падабаліся адны і тыя фільмы, адна і тая музыка. Абодва любілі карры і не разумелі, як магчыма ўлетку плаваць у халодным моры. Абодва марылі калісьці наведацца у Амэрыку. Маючы галаву на плячах за чатыры з паловай гадзіны аб чалавеку можна безьліч усяго пазнаць. І усё, што Лу пазнаў аб Сьюзі, яму спадабалася. Пры нармалёвых акалічнасьцях ён мог бы падвезьці яе дахаты.
Але акалічнасьці не былі нармалёвымі. І машыну ён атрымаў толькі дзякуючы гэтым далёкім ад нормы акалічнасьцям.
— Я бы падкінуў цябе дахаты, але ў мяне тут трошкі пазьней сустрэча з адным хлопцам. — Можа, ня варта было так казаць. Раптам потым, калі яго будуць распытваць, гэта выкліча падазроны? Бо распытваць яго будуць. А калі праводзіць яе пешкі, а пасьля вярнуцца назад? Увогуле магчыма, але Робін настойваў, каб ён нікуды не адлучаўся.
— Я сапраўды жадаю сустрэцца з табой зноўку, Сьюзі, — сказаў ён.
— Ну, я б таксама не адмовілася.
— Скажам, заўтра ўвечары? Тут альбо ў цішэйшым мястэчку?
— Так сёньняшні вечар скончаны? — пацікавілася Сьюзі.
— Для мяне так, але слухай, заўтра мы здолеем быць разам гэтулькі, колькі захочам.
— Ты жанаты?
— Не, зусім не. Гэй, мне ўсяго дваццаць. Зь якой нагоды я павінен быць жанаты?
— Некаторыя жэняцца і раней.
— Толькі ня я. Так я цябе заўтра пабачу?
— А куды ты зьбіраесься зараз?
— У прыбіральню.
— Ты займаесься наркотыкамі, Лу?
— Далібог, не, вядома. Гэта што, допыт?
— Гэта толькі тое, што ты зьбіраесься правесьці ноч за картачным сталом. — Менавіта гэтым ён і зьбіраўся заняцца. Самае тое, каб цябе зазначылі, убачылі, запомнілі.
— Ты памыляесься. Слухай, сонейка, мы з табой заўтра файна правядзем час, у сэнсе, пойдзем, куды ты толькі пажадаеш.
— Угу.
— Не, не угу … калі ласка, я вельмі спадзяюся.
— Дабранач, Лу. — У яе голасе прадзімалі крыўда і раздражненьне. Яна апранула жакет і сышла.
Ён прагнуў кінуцца за ёй. Ды што гэта за нешанцаваньне такое. Хоць плач.
Хвіліны цягнуліся невыносна марудна, пакуль не надышоў час дзейнічаць. Ён апошні выйшаў з клюбу і адправіўся да сваёй машыны. Вычакаў, пакуль вэн запоўніцца і запаліць фары. І у той самы момант зачыніў яму шлях. Потым прыняўся заводзіць рухавік зноўку і зноўку, заліваючы сьвечкі і робячы выгляд, што ня можа кратацца.
Апэрацыя спрацавала як гадзіньнік. Лу, не зьвяртаючы ні на каго ўвагі, гуляў ролю чалавека, які ў адчаі спрабуе завесьці машыну. Зазначыўшы, што цёмныя постаці пераскочылі праз плот і схаваліся, ён зьдзіўлена паглядзеў на счырванеўшы твар мэнэджэра, які ўпаў у паніку. Гарапашнік кідаўся, заклікаючы аб дапамозе і патрабуючы паліцыю.
Лу бездапаможна сядзеў у машыне. — Я не магу прыбраць яе адгэтуль. Я імкнуся.
— Гэта адзін зь іх, — закрычаў хтосьці. Моцныя рукі круп'е і бармэнаў схапілі яго.
— Гэй, гэта ж Лу Лінч, — нездарма ён мазоліў ім вочы.
— Ды ў чым справы? Спачатку мая тачка не жадае кратацца, потым вы ўсе накідваецеся на мяне. Што здарылася?
— Выгандляваныя грошы выкрадзеныя, вось што здарылася. — Мэнэджэр ведаў, яго кар'ера скончана. Ён ведаў, наперадзе доўгія гадзіны ў кампаніі з паліцыяй. Так яно і адбылося. Для ўсіх.
Адзін з паліцыянтаў пазнаў адрэсу Лу. — Я ж там быў надоечы. Шпана ўзламала краму і абчысьціла.
— Я ведаю, афіцэр. Мае бацькі вам жудасна ўдзячныя. Вы так хутка ўсё знайшлі.
Паліцыянту прыемна было пачуць словы падзякі пры такой навале народу, ды да таго ж за тое, што само зь неба звалілася. Лу панаракаў на нешчасьлівы зьбег акалічнасьцяў. Супрацоўнікі запэўнілі дэтэктываў, што выдатна ведаюць яго. Такі цудоўны хлопец ня можа быць зьвязаны з рабаўнікамі. У буйнай краме электратавараў яму далі добрую характарыстыку. Грошы за яго машыну ўносіліся своечасова. У крыві ў яго не выявілі аніводнай унцыі алкаголю. Лу Лінч быў чысты як шкельца.
Увесь наступны дзень, замест таго, каб разважаць аб Робіне і варажыць, калі зьявіцца наступны канвэрт і наколькі вялікім будзе яго зьмесьціва, ён думаў толькі аб прыгажуні Сьюзі Селіван. Яму прыйдзецца схлусіць ёй, распавесьці афіцыйную вэрсію здарэньня. Застаецца спадзявацца, яна ня вельмі на яго раззлавала.
У свой абедзенны перапынак ён выправіўся да яе кавярні з чырвонай ружай. — Дзякуй за мінулую ноч.
— Яна была не занадта доўгай, — зазначыла Сьюзі. — Бо ты вырашыў пагуляць у малютку Папялушку, таму нам прыйшлося рана разысьціся па хатах.
— Сёньня такога ня здарыцца, — засьведчыў ён. — Калі, вядома, ты не захочаш сысьці.
— Паглядзім, — незадаволена хмыкнула Сьюзі.
Зараз яны сустракаліся амаль кожны вечар.
Лу прапанаваў зноў схадзіць на дыскатэку, якой яны былі абавязаныя сваім знаёмствам. З сэнтымэнтальных меркаваньняў. На самой справе ён не жадаў даваць працаўнікам дыскатэкі падставу лічыць, што пасьля Інцыдэнту ён спыніў тут зьяўляцца.
Яму распавялі падрабязнасьці Інцыдэнту. Чатыры чалавека з рэвальвэрамі ўварваліся ў вэн і загадалі ўсім легчы. У лічаныя хвілі яны забралі ўсе торбы і зьніклі. Рэвальвэры. Пачуўшы гэта, Лу адчуў лёгкую млоснасьць. Ён думаў, Робін і яго сябры па-ранейшаму ўзброеныя завострываньнямі. Хоць, вядома, прайшло ўжо пяць гадоў, а жыцьцё не стаіць на месцы. Мэнэджэра звольнілі, сыстэму дастаўкі выручкі ў банк зьмянілі. Грошы забірае вялізная машына з брэшучымі сабакамі. Зараз каб выкрасьці іх запатрабуецца цэлае войска.
Праз тры тыдні, сыходзячы з працы, ён сустрэў Робіна на аўтастаянцы. Зноў атрымаў канвэрт. І зноўку ня гледзячы саўгануў яго ў кішэню.
— Шчыры тлусты дзякуй, — падзякаваў ён.
— Ты не зьбіраесься паглядзець, што там? — Робін выглядаў расчараваным.
— Навошта? Ты мяне ў мінулым добра ўзнагароджваў.
— Тут штука, — гонару Робіна не было мяжы.
Тут сапраўды было ад чаго расхвалявацца. Лу адкрыў канвэрт і паглядзеў на купюры. — Файна, — толькі і здолеў ён вымавіць.
— Добры ты хлопец, Лу. Люблю я цябе, — і Робін зьехаў.
Тысяча фунтаў у яго кішэні і самая прыгожая ў сьвеце рудая галоўка чакае яго. Лу Лінч ведаў, шчасьлівей за яго нікога няма.
Яго раман са Сьюзі разьвіваўся выдатна. На грошы Робіна ён мог купляць ёй любасныя штучкі, вадзіць яе ў прыемныя месцы. Але яе, быццам, бянтэжыла, калі ён адну за адной вымаў банкноты па дваццаць фунтаў.
— Гэй, Лу, адкуль ты бярэш такія грошы, каб шпурляць іх направа і налева?
— Я працую, хіба не?
— Угу. І я ведаю, колькі ты там атрымліваеш. Траціну дваццатак, што ты спусьціў на гэтым тыдні.
— Ты сочыш за мной?
— Ты мне падабаесься, вядома я сачу за табой.
— Што ты прагнеш высьветліць?
— Я спадзяюся ня высьветліць, што ты нейкай выявай зьвязаны з цёмнымі справункамі, — яна выказалася досыць шчыра.
— Я што, падобны да злачынца?
— Немагчыма адказаць дакладна.
— Існуюць пытаньні, дакладна адказаць на якія немагчыма.
— Добра, магу я пазнаць, у дадзены момант ты замешаны ў штосьці?
— Не, — ён гаварыў шчыра.
— А у будучыні зьбіраесься? — Лу маўчаў. — Паслухай, нам гэта ня трэба, Лу. Ты працуеш, я працую. Давай ня лезьці ні ў што сумнеўнае. — У яе была цудоўная мяккая скура і вялізныя цёмна-зялёныя вочы.
— Добра, я больш ня буду мець зь імі ніякіх спраў.
Сьюзі адчула, што больш ня варта закранаць тую тэму. Яна ня стала задаваць яму пытаньняў аб мінулым. Тыдні ішлі і яны, Сьюзі і Лу, бавілі разам усё больш і больш часу. У адзін зь нядзельных дзён яна прывяла яго на абед да сваіх бацькоў.
Яго зьдзівіла, што яны жывуць у такім раёне.
— Мне падавалася, ты зь нейкага больш шыкоўнага месца, — прызнаўся ён па дарозе да аўтобуса.
— Прыйшлося навучыцца выглядаць шыкоўна, каб атрымаць працу ў гэтай кавярні.
Яе бацька быў зусім не такі дрэнны, як яна казала. Ён хварэў за слушную футбольную каманду, у лядоўні ў яго стаялі пляшкі з адпаведным півам.
Яе маці працавала ў тым самім супэрмаркеце, што кагадзе апрацаваў Робін з сваімі сябрукамі. Яна распавяла ім гэтую гісторыю, распавяла што спадарыня Кларк, старэйшы мэнэджэр, упэўненая, хтосьці пакінуў ім адчыненыя дзьверы. Але ніхто ня ведае, хто менавіта.
Лу слухаў, ківаючы галавой. У Робіна, бачна, па ўсім горадзе ёсьць людзі, гатовыя адхіліць ніты ці пакінуць машыны ў стратэгічных пунктах. Ён, усьміхаючыся, паглядзеў на Сьюзі. Упершыню ён жадаў, каб Робін больш не шукаў яго.
— Ты ім спадабаўся, — са зьдзіўленьнем паведаміла яму Сьюзі праз нейкі час.
— А чаму не? Я выдатны хлопец.
— Мой братка заявіў, што ты жудасна хмурыўся, але я сказала, што гэта нэрвовы цік, і яму прыйшлося заткнуцца.
— Гэта не нэрвовы цік, я проста імкнуўся выглядаць больш самавіта, — прабурчэў Лу.
— Ды ўсё роўна. Галоўнае, гэта адзінае, да чаго яны змаглі прычапіцца, а гэта ўжо сёе-тое. Калі я сустрэнуся з тваімі?
— На тым тыдні.
Яго бацькі зьбянтэжыліся, пазнаўшы, што ён зьбіраецца прывесьці дзеўчыну да абеду. — Яна пэўна цяжарная, — заявіў бацька.
— Нічога падобнага. І будзь добры, не пачынай такіх гутарак, калі яна прыйдзе ў гэтую хату.
— Што для яе прыгатаваць? — турбавалася маці.
Ён паспрабаваў узгадаць, чым яго частавалі ў Селіванаў. — Куранятка. Яна з задавальненьнем зьесьць кавалачак куранятка. — Куранятка наўрад ці здолее сапсаваць нават яго маці.
— Ты ім спадабалася, — сказаў ён ёй пасьля гэтай сустрэчы, зьдзіўлены ня менш за яе.
— Гэта радуе. — Яна прыкідвалася абыякавай, але ён ведаў, ёй прыемна.
— Ты першая, разумееш, — растлумачыў ён.
— Н-так?
— Не, у сэнсе, першая, каго я прывёў дахаты.
Яна папляскала яго па руцэ. Яму вельмі, вельмі пашанцавала спаткаць такую дзяўчыну, як Сьюзі Селіван.
У пачатку верасьня ён нечакана ўбачыў Робіна. Але вядома, гэта не было выпадковасьцю. Робін прыпаркаваўся непадалёк ад крамы яго бацькоў і выйшаў з аўто яму насустрач.
— Палову пінты па выпадку канчатка працоўнага дня? — Робін хітнуў у бок найбліжэйшага пабу.
— Не пытаньне, — з фальшывым запалам адгукнуўся Лу. Часам яму падавалася, што Робін здольны чытаць думкі. Ён спадзяваўся, што той не зазначыў няшчырасьці ў яго тоне.
— Як справы?
— Надзвычай добра. Я сустрэў файную дзеўчыну.
— Пэўна, сапраўдная прыгажуня?
— Так. У нас усё вельмі сур'ёзна.
Робін пляснуў яго па плячу. Удар разумеў сяброўскія пачуцьці, але вельмі ўжо ён быў хваравітым. Лу з напругай утрымаўся, каб не пацерці выцятае месца. — Так вам неўзабаве прыйдзецца ўносіць дэпазыт за хату? — нядбайна пацікавіўся Робін.
— Мы з тым не занадта сьпяшаемся. У яе выдатнае жыльлё.
— Але зь цягам часу, вядома? — Робіна не цікавілі яго пярэчаньні.
— Ну так, калісьці, пэўна, прыйдзецца. — Яны памаўчалі. Ці зразумеў Робін, што Лу спрабуе сарвацца з крука?
Робін загаварыў. — Лу, ты ж ведаеш, я заўсёды казаў, ты мне падабаесься.
— Так, і ты мне заўсёды таксама падабаўся. Гэта было ўзаемна. Ды і ёсьць узаемна, — пасьпешліва дадаў ён.
— Улічваючы, як мы пазнаёміліся.
— Ты ж ведаеш, час ідзе, пазабываецца, як з кім пазнаёміўся.
— Вядома, вядома, — хітнуў Робін. — Што мне зараз трэ, Лу, дык гэта месца.
— Месца? Каб жыць?
— Не, не. Месца, каб жыць, у мяне ёсьць. Месца, якое нашы сябры паліцыянты перагортваюць да гары нагамі з зайздроснай рэгулярнасьцю. Яны, падаецца, лічаць сваім штотыднёвым абавязкам прыходзіць да мяне зь ператрусам.
— Нічога сабе нэрваваньне.
— І я ведаю, і яны ведаюць, ім ніколі нічога не знайсьці. Яны выдатна разумеюць, што гэта марныя фатыгі.
— Але калі яны нічога не знаходзяць … ? — Лу ня вельмі разумеў да чаго хіліць Робін.
— Мусібыць, рэчы дзесьці ў іншым месцы, прычым у такім, адшукаць якое надзвычай складана. — У мінулым Лу заўсёды чакаў. У прыдатны момант Робін сам казаў усё, што лічыў патрэбным. — Мяне цікавіць месца, у якім пару разоў на тыдзень быў бы натоўп, і людзі маглі бы ўвайсьці і выйсьці незаўважана.
— Накшталт той крамы, у якой я працую? — нэрвова паведаміўся Лу.
— Не, у іх занадта добра працуе служба бясьпекі.
— Якое яно павінна быць, вялікае?
— Ня вельмі, каб хапіла на … Уяві сабе пяць-шэсьць скрынь віна — вось такога памеру груз.
— Так гэта ж бадай не складана.
— Я тут нібы шуляк адпаведнае месца выглядаю. Некалькі тыдняў распытваў усіх вакол, усё марна. А сёе-тое ўжо на падыходзе, месца да зарэзу патрэбна.
Лу праз адчыненыя дзьверы пабу з турботай паглядзеў на бацькоўскую краму.
— Ня думаю, што можна скарыстацца памяшканьнем продкаў.
— Не, гэта зусім ня тое, што мне патрэбна. Занадта людна, дзьверы ніколі не зачыняюцца, сталая сумятня.
— Я памяркую, — паабяцаў Лу.
— Добра, Лу. У цябе ёсьць тыдзень. Потым я дам табе інструкцыі. Усё вельмі лёгка, ад цябе практычна нічога не запатрабуецца.
— Добра, Робін, мабыць, я нешта здолею адшукаць, але я бы жадаў … мм … больш ня мець спраў ні з чым такім.
Яму стала млосна, калі ён убачыў, як Робін спахмурнеў. — Калі ўжо ты аднойчы зьвязаўся, дык зьвязаны назаўжды. — Лу маўчаў. — Па-іншаму ніяк, — дадаў Робін.
— Зразумела, — адказаў Лу, і таксама нахмурыўся, каб давесьці, наколькі добра ён усё зразумеў.
Сьюзі сказала, што сёньня ўвечар будзе занятая. Яна паабяцала даць помач звар'яцелай пажылой італьянцы, якая здымае ў бацькоў пакой, прыбраць прыбудову ў школе Выгляд-На-Гару для нейкіх вечаровых клясаў.
— Чаму ты павінна тое рабіць? — бурчэў Лу. Ён разьлічваў схадзіць у кіно, дзесьці пасьнедаць, а потым адправіцца зь Сьюзі у ложак ў яе маленькай кватэрцы. Яму зусім не ўсьміхалася ў адзіноце абмяркоўваць той факт, што раз ужо ты аднойчы зьвязаўся з тым чалавекам, шляху зварот няма.
— Пайшлі разам, — прапанавала Сьюзі, — хутчэй зробім.
Лу пагадзіўся, і яны выправіліся ўдзьвюх. У школьную прыбудову вёў асобны ўваход. Там меўся вэстыбюль, вялікі кляс, дзьве прыбіральні і кухенька. Пры вэстыбюлі каморка, заваленая скрынкамі. Пустымі скрынкамі.
— І што тут трэба рабіць? — пацікавіўся ён.
— Пастараемся давесьці гэтае месца да парадку, каб калі пачнуцца заняткі, яно выглядала трошкі лепей, ня так падобна да сьметніка, — растлумачыла дзівосная жанчына, якую яны звалі Сыньёрай. Бяскрыўдная, але вельмі дзіўная, і валасы выфарбаваныя ў нейкі няўяўны колер, што нагадвае стракатую кабылу.
— Скрынкі выкідаем? — спытала Сьюзі.
Памарудзіўшы, Лу прапанаваў: — Я бы здолеў пачысьціць іх і скласьці тутака ладненька. Ніколі ня ведаеш, навошта можа спатрэбіцца колькі скрынак.
— Для італьянскіх клясаў? — зь недаверам перапытала Сьюзі.
Але тут яе перапыніла Сыньёра. — Не, ён мае рацыю. Мы іх здолеем выкарыстаць у якасьці сталоў, калі будзем вучыцца рабіць замовы ў італьянскай рэстарацыі. Яны могуць паслужыць крамнымі прылаўкамі альбо машынамі ў гаражы. — Яе твар проста зьзяў.
Лу паглядзеў на яе са зьдзіўленьнем. Яна сапраўды не ў сваім розуме, але ў гэтую хвілю ён яе амаль што любіў. — Выдатная жанчына Сыньёра, — сказаў ён, і прыняўся старанна складаць скрынкі роўнымі шэрагамі.
Ён ня мог патэлефанаваць Робіну, але ўвогуле не зьдзівіўся, калі на працы яго паклікалі да тэлефона.
— Ня варта сёньня з табой сустракацца. Цацачныя салдацікі зусім з глузду зрушылі. Апошнія дні кроку не магу зрабіць, каб за мной штук пяць не ўвязалася.
— Я сёе-тое адшукаў.
— Ня меў сумневу ў тваіх здольнасьцях.
Лу распавёў яму, дзе гэта разьмешчанае і аб тым, што па аўторкам і чацьвяргам там будзе зьбірацца чалавек па трыццаці.
— Фантастыка, — захапіўся Робін. — Ты запісаўся?
— Куды?
— У гэты кляс, зразумела.
— Ісусе, Робін, я па-ангельскі ледзь размаўляю, куды мне італьянскі вучыць?
— Я на цябе разьлічваю, — адрэзаў Робін і кінуў слухаўку.
Увечары дома яго чакаў канвэрт зь пяцьцю сотнямі і цыдулкай. — На непрадбачаныя выдаткі ў сувязі з вывучэньнем італьянскага. — Так, патрапіў ён у вокладку.
— Што ты зьбіраесься рабіць?
— Але ты ж сама казала, мне трэба зьмяняць сваё жыцьцё. Хіба ж не?
— Я мела на ўвазе, табе трэба падумаць аб кар'еры, аб больш аплачваемай працы. Я ня думала, што ты звар'яцееш і пачнеш вывучаць замежную мову. Лу, у цябе дах паехаў. Гэта каштуе цэльны скарб. Бедная Сыньёра няўпынна хвалюецца, што людзі ня змогуць гэтулькі плаціць. І раптам ты, невядома дзеля чаго, вырашаў запісацца. Не разумею.
Лу нахмурыўся больш звычайнага. — Калі бы ўсе ўсё заўжды разумелі, жыцьцё было б занадта сумнае.
Ён ішоў на першы ўрок італьянскага, нібы прысуджаны да шыбеніцы. Гады за школьнай партай пакінулі яму ня лепшыя ўспаміны. Зараз яго чакалі новыя зьневажаньні. Але першыя ўражаньні апынуліся на зьдзіўленьне прыемнымі. Спачатку гэтая звар'яцелая Сыньёра запытала як іх клічуць і раздала фацэтныя каляровыя кавалкі кардона, каб яны запісалі свае імёны, але пісаць трэ было італьянскі варыянт імя.
Лу ператварыўся ў Луіджы. Яму гэта нават спадабалася. Дадавала значнасьці.
— Mi chiamo Luigi, — сказаў ён, і, нахмурыўшыся, паглядзеў на астатніх. Падаецца, гэта іх уразіла.
А наогул дзіўная падабралася кампанія. Напрыклад, жанчына, абчэпленая такімі каштоўнасьцямі, якія ніводны чалавек у цьвярозым розуме не начапляў бы, выпраўляючыся ў Выгляд-На-Гару. Ды яшчэ прыехала на БМВ. Лу спадзяваўся, што прыяцелі Робіна ня выкрадуць гэтае БМВ. Жанчына сымпатычная, і вочы ў яе сумныя.
Яшчэ тут быў вельмі рахманы пажылы парцье па імі Лапік, хоць на значку ў яго значылася Луіджы. Былі маці з дачкой, ашаламляльная бляндынка Элізабэт з сур'ёзным прыяцелем пры гальштуку і яшчэ тузін асоб, якія незразумела як тут апынуліся. Самі яны, цалкам магчыма, сваю прысутнасьць у гэтым клясе дзіўнай не знаходзілі. У іх, мабыць, не ўзьнікала пытаньняў нават аб тым, што ён тут робіць.
Затое сам ён цягам двух тыдняў мучыўся гэтым пытаньнем, пакуль, нарэшце, Робін ня даў аб сабе ведаць. Некалькі пакаваньняў прывязуць у аўторак, рыхтык каля сямі трыццаці, калі кляс пачне запаўняцца. Яму трэба прасачыць, каб пакаваньні без праблем трапілі ў каморку пры вэстыбюлі.
З гэтым мужыком у анараку Лу ня быў знаёмы. Ён проста выглядзеў вэн. Такая безьліч народу прыехала. Хто на роварах, хто на матацыклах. Тая самая кабета на БМВ. Дзьве жанчыны на Таёце… На вэн ніхто і ўвагі не зьвярнуў.
Пакаваньняў апынулася чатыры штукі. Іх хуценька занесьлі. Вэн і мужык у анараку выправіліся сваім шляхам.
У чацьвер ён загадзя падрыхтаваў гэтыя чатыры пакаваньня, каб аддаць хутчэй. Усё зрабілі за пару сэкунд. Ён патрапіў у любімчыкі, стала дапамагаючы настаўніцы са скрынкамі. Час ад часу яны накрывалі іх чырвонай гафрыраванай паперай і штосьці на іх клалі.
— Quanto costa il piatto del giorno? — пытала Сыньёра і ўсе яны паўтаралі гэтае пытаньне зноў і зноў, пакуль не маглі самі спытаць аб любой рэчы і падняўшы, напрыклад, нож, сказаць: — Ecco il coltello!
Магчыма, трохі па-дзіцячаму, але Лу падабалася. Ён ужо нават уяўляў, як аднойчы яны са Сьюзі паедуць у Італію і ён, не міргнуўшы вокам, замовіць ёй bicchiere di vino rosso.
Неяк Сыньёра падняла цяжкую скрынку. Пакунак з таварам.
У Лу сэрца сышло ў пяткі. Ён хутка загаварыў: — Паслухайце, Сыньёра, давайце я вазьму вось гэтыя, яны пустыя.
— Але што ў гэтай скрынцы? Чаму яна такая цяжкая?
— Хто ж іх, школьных, разьбярэ? Нешта паклалі. Нам скрынкі навошта сёньня патрэбныя?
— Яны будуць паказваць гатэлі, alberghi. Albergo di prima categoria, di seconda categoria.
Лу ўсё зразумеў і яму гэта было прыемна. — Можа, я і ня быў у школе такім даўбешкай, — сказаў ён Сьюзі. — Мо мяне проста дрэнна вучылі.
— Мабыць, — безуважліва адгукнулася Сьюзі. Яе турбавала іншае. Нейкія нягоды паўсталі з Джэры; маці з татам выклікалі да дырэктара. Па іх словам, там нешта сур'ёзнае. І як раз пасьля таго, як у яго ўсё так добра наладзілася і ён стаў займацца лепш са зьяўленьнем у хаце Сыньёры. І хатнія заданьні робіць і ўсё такое. Ня можа быць, каб ён выкраў нешта альбо … Нават розуму неспасьціжна.
Цяжка, калі працуеш у кавярні, адмовіць сабе ў задавальненьні паслухаць, што распавядаюць наведвальнікі. Сьюзі ужо магла бы напісаць кнігу аб Дубліне, якая складаецца толькі з падслуханых зрыўкаў гутарак.
Людзі абмяркоўвалі праведзеныя таемна ад усіх выходныя. Плянавалі новыя флірты і махлярствы з падаткамі. Смакавалі няўяўныя скандалы, датычныя палітыкаў, журналістаў, тэлезорак … можа ў гэтым не было ні словы праўды, але ўсё роўна валасы ўздымаліся. Адылі часьцей за ўсё самымі хвалюючымі аказваліся самыя звычайныя гутаркі. Шаснаццацігадовая дзяўчынка выявіла што цяжарная, ёй прыйдзецца сысьці з хаты і шукаць муніцыпальную кватэру. Пара, якая займаецца падробкай пасьведчаньняў асобы, абмяркоўвае рэнтабэльнасьць куплі новага абсталяваньня. Лу вельмі спадзяваўся, што Робін ніколі ня стане абмяркоўваць зь сябрукамі свае пляны ў гэтай кавярні.
Сьюзі магла бясконца шураваць нейкі столік, калі побач вялася цікавая гутарка. У кавярню ўвайшоў сярэдніх гадоў мужчына з дачкой, сымпатычнай бялявай дзяўчынай у гарнітуры банкаўскай служэлай. Бог яго ведае, хто ён па прафэсіі, гэты элегантны доўгавалосы чалавек. Можа, журналіст ці паэт. У іх, падаецца, цяжкасьці. Сьюзі пастаралася трымацца бліжэй.
— Я пагадзілася сустрэцца з табой толькі таму, што ў мяне на працы ўтварылася паўгадзінкі вольных, а мне больш падабаецца выпіць кубак добрай кавы замест тых памыяў, што падаюць у нашым буфэце.
— Калі бы ты ні вырашыла зайсьці, цябе чакае выдатная кававарка і чатыры розных гатунку кавы. — Гэта прагучала ня вельмі па-бацькоўскі. Больш пахадзіла на словы каханка. Але ён такі стары. Сьюзі працягвала церці стол і прыслухвацца да размовы.
— Жадаеш сказаць, што карыстаесься ёй?
— Практыкуюся патрохі ў чаканьні таго дня, калі ты вернесься і я здолею зрабіць табе Коста Рыку альбо Блю Мантан.
— Доўга ж табе прыйдзецца чакаць.
— Але мы ж можам паразмаўляць? Калі ласка, — узмаліўся ён. Сьюзі змушаная была прызнаць, што ён вельмі нават нічога, гэты немалады мужчына.
— Мы і размаўляем, Тоні.
— Думаю, я кахаю цябе.
— Нічога падобнага. Ты кахаеш успаміны аба мне і ня здольны вытрываць, што я ня вешаюся табе на шыю, як усе астатнія.
— Больш няма ніякіх астатніх. — Ён памаўчаў. — Ніколі яшчэ я не казаў ні воднай жанчыне, што кахаю яе.
— Ты і не сказаў, што кахаеш мяне. Ты толькі сказаў, што думаеш, што кахаеш мяне. Гэта розныя рэчы.
— Дазволь мне ўпэўніцца. Я амаль упэўнены, — усьміхнуўся ён дзеўчыне.
— Ты жадаеш сказаць, нам трэба выправіцца ў ложак, каб ты змог пераканацца? — з гаркатой спытала яна.
— Ані. Давай сходзім кудысьці, паабедаем, пабалбочам як раней.
— Пакуль ня прыйдзе час люленькі. Тутака мы, як раней, і выправімся ў ложак.
— Гэта было ўсяго толькі раз, Гранія. І справа зусім ня ў тым. — Сьюзі была заваяваная. Ён такі файны. Гэтая дзяўчына, Гранія, павінна даць яму шанец, проста паабедаць зь ім. Ёй да-сьмерці жадалася гэта сказаць, але яна выдатна разумела, што павінна маўчаць.
— Тады добра, проста паабедаем, — пагадзілася Гранія, і яны ўсьміхнуліся адно аднаму.
Гэта ня быў штораз той самы чалавек, той самы вэн альбо тая самая анарака. Але зносіны былі заўжды мінімальныя, а хуткасьць вялізнай.
Цямнела ўсё раней, усё часьцей ішлі дажджы, і Лу прымацаваў велізарную вешалку для мокрых паліто і куртак, каб іх ня звальвалі ў каморку пры вэстыбюлі. — Не жадаю каб усе скрынкі Сыньёры змоклі, — растлумачыў ён.
Тыдзень за тыднем пакаваньня ўносіліся па аўторках і выносіліся па чацьвяргах. Лу і думаць не жадаў аб іх зьмесьціве. Што там ня пляшкі — відавочна. Што яшчэ там можа быць? Хутчэй за ўсё наркотыкі. Чаго б інакш Робін так турбаваўся? Але, Божа ўсемагутны, наркотыкі ў школе ... Робін, відаць, зусім глуздам пашкодзіўся.
А тут яшчэ гэтая гісторыя, у якую патрапіў малодшы братка Сьюзі, рудавалосы хлапчук з нахабнай фізіяноміяй. Патрапіў з кампаніяй вучняў старэй за яго, якія зьбіраліся пад падстрэшкам для ровараў. Джэры кляўся і бажыўся, што проста быў у іх на пасылках. Яны яму загадалі нешта забраць ля школьнай брамы. Самі не маглі — за імі дырэктар сачыў. Але ўсё роўна спадар А’Брайн усю сям'ю Сьюзі з-за гэтай справы на вушы паставіў.
Толькі дзякуючы Сыньёры Джэры ня выключылі. Бо ён такі малады, уся сям'я ручаецца, што пасьля школы ён нідзе боўтацца ня будзе. Як урокі скончацца — адразу дахаты. Улічваючы яго посьпехі ў вучобе апошнім часам і асабістыя гарантыі Сыньёры, яму далі шанец.
А старшаклясьнікаў выперлі. Выключылі ў той самы дзень. Накшталт як Тоні А’Брайн заявіў, што ня мае намеру абмяркоўваць, як здарэньне паўплывае на іх будучыню. Нічога добрага іх у будучыні не чакае. Але каб і чакала, адбывацца гэта будзе не ў яго школе.
Жудасна ўявіць, якое пекла пачнецца, калі хтосьці выявіць, што школьную прыбудову кожны аўторак ператвараюць у спрат наркотыкаў і транспартуюць іх адтуль далей кожны чацьвер. Магчыма, частку менавіта тага тавару перадаваў юны Джэры Селіван, яго будучы сваяк.
Яны са Сьюзі вырашылі ажаніцца да налецьця.
— Больш як ты мне ўсё роўна ніхто ніколі не спадабаецца, — сказала Сьюзі.
— Гучыць абнадзейліва. Можна падумаць, ты з усіх ліхаў вылучаеш меншае.
— Нічога падобнага. — Ён стаў ёй нават больш падабацца, калі пачаў займацца італьянскім. Сыньёра стала хваліла яго за дапамогу ў клясе. — Дзіўна, — адказвала ёй Сьюзі. І ён яе сапраўды зьдзіўляў. Ёй падабалася слухаць, як ён паўтарае свае хатнія заданьні: часткі цела, дні тыдня … Так захоплена, быццам маленькі хлопчык. Добры маленькі хлопчык.
Толькі яму падалося, што Робін хутка патэлефануе, і той нагадаў аб сабе.
— Як наконт зграбнай аздобы для тваёй рудавалосай сяброўкі, Лу? — паведаміўся ён.
— Так, Робін, я ўжо падумваў. Зьбіраюся пайсьці зь ёй у краму, разам вылучыць, абмеркаваць… — Лу не зразумеў, ці ідзе прамова аб аплаце яго працы ў школе. З аднаго боку ўсё так проста, што цалкам досыць тых грошай, што ён ужо атрымаў. Зь іншага, калі разабрацца, такая небясьпечная справа павінна вельмі добра аплачвацца. Інакш навошта рызыкаваць.
— Я як раз маю да табе прапанову зазірнуць у той вялікі ювэлірны на вуліцы Грэфтан. Калі вылучыш ёй пярсьцёнак, занясі толькі заклад. Астатняе аплацяць.
— Яна здагадаецца, Робін. А я ёй нічога не казаў.
Робін усьміхнуўся. — Вядома не казаў. Ды ты не хвалюйся, яна не здагадаецца. Прадавец вам пакажа адпаведныя штучкі, але кошт абвяшчаць ня будзе. А у яе на пальчыку заўжды будзе нешта сапраўды каштоўнае. Прычым цалкам законна аплачанае. Таму поўны парадак.
— Ня думаю. Паслухай, я разумею, як гэта выдатна, але …
— Жыцьцё штука нялёгкая. Калі ў цябе зьявіцца парачка немаўлятаў, ты будзеш рады, што аднойчы сустрэў хлопца па імі Робін, атрымаў дэпазыт на хату. Што каменьчык на пальцы ў тваёй жонкі цягне на дзесяць штук.
Няўжо Робін сапраўды меў на ўвазе дзесяць тысяч фунтаў? У Лу галава пайшла колам. Ды яшчэ згадаў першы ўнёсак на хату. Трэба быць цалкам кранутым, каб адмовіцца ад такога.
Яны пайшлі ў ювэлірны. Там ён паклікаў Джорджа.
Джордж прынёс латок. — Тут усё, што падыходзіць вам па кошце, — растлумачыў ён Лу.
— Але яны велічэзныя, — жахнулася Сьюзі. — Лу, табе гэта не пацягнуць.
— Калі ласка, не лішай мяне задавальненьня падараваць табе прыгожы кляйнодзік, — Лу бадзёрыўся, але яго вялізныя вочы глядзелі сумна.
— Ды не, паслухай! Мы кожны тыдзень адкладаем дваццаць пяць фунтаў і тое з напругай. Такі пярсьцёнак каштуе ня менш за дзьвесьце пяцьдзесят фунтаў. Гэта дзесяць тыдняў эканоміі. Лепей вылучым нешта патаньнее, ну сапраўды. — Ён проста ня варты такой дзяўчыны. А яна і не падазрае, што перад ёй сур'ёзныя каштоўнасьці.
— Якое табе больш ад усяго падабацца?
— Гэта ж не сапраўдны смарагд, Лу?
— Імітацыя, — у яго голасе не гучала ні ценю сумненьня.
Сьюзі павяла рукой з боку ў бок, любуючыся гульнёй сьвятла на гранях, і засьмяялася ад задавальненьня. — Далібог, можна паклясьціся, што камень сапраўдны! — зьвярнулася яна да Джорджа.
Лу выйшаў з Джорджам у калідор, заплаціў 250 фунтаў гатоўкай і ўбачыў, што астатнія 9 500 фунтаў ужо занесеныя. «За пярсьцёнак, што сёньня купіць спадар Лу Лінч», — значылася ў паперах.
— Ўсяго найлепшага, спадар, — выраз твару Джорджа ў гэты момант ні на ёту не зьмяніўся.
Ці ведаў Джордж штосьці? Ці быў ён адным з тых хто, аднойчы ўступіўшы ў гульню, ня здольны зь яе выйсьці? Ці сапраўды Робін захадзіў у гэтую рэспэктабэльную краму і занёс грошы гатоўкай? У Лу падкасіліся ногі і пацямнела ў вачах.
Сыньёру захапіў кляйнодзік. — Які цуд, — яна заварожана павярнула руку Сьюзі.
— Гэта ж толькі шкельца, Сыньёра. Вы ж не прынялі яго за смарагд?
Сыньёра, якая заўжды любіла аздобы і ніколі ня мела ўласных, ведала, што гэта смарагд. У выдатнай аправе. Яна пачала турбавацца за Луіджы.
У кавярню ўвайшла тая самая бялявая сымпатычная дзяўчына, Гранія, падаецца. Сьюзі не цярпелася пазнаць, як прайшоў у іх абед з тым немаладым мужчынам. Жудасна карцела спытаць, але нельга.
— Столік на дваіх? — ветліва пацікавілася яна.
— Так, у мяне сустрэча.
Сьюзі выпрабавала расчараваньне, убачыўшы замест пажылога мужчыны дзяўчынку. Мініятурную дзяўчынку ў масіўных акулярах. Мусібыць блізкую сяброўку.
— Я павінна цябе папярэдзіць, Фіёна. Пакуль яшчэ незразумела, нічога ня вырашана, але магчыма, на гэтым тыдні я патэлефаную, скажу што начую ў цябе. Разумееш?
— Відавочна, разумею. Але ж вы абедзьве ўжо тысячу гадоў не зьвярталіся да мяне за алібі.
— Ну, проста гэты мужчына … гэта доўгая гісторыя. Ён мне на самой справе вельмі падабаецца, але ёсьць сякія-такія складанасьці.
— Накшталт той, што яму гадоў сто, так? — паспрабавала дапамагчы ёй Фіёна.
— Вох, Фіёна, калі б ты толькі ведала … гэта найлягчэйшая з усіх нягод. Тое, што ён стары, наогул не праблема.
— Вы, Данны, жывяце вельмі загадкавым жыцьцём. Ты сустракаесься з пэнсіянэрам і не зьвяртаеш увагі на ягоны век. Брыджэт забіваецца з-за памеру сваіх сьцёгнаў, цалкам, на мой погляд, нармалёвых.
— Часам апошняга адпачынку яна была ў нейкім месцы, дзе ёсьць пляж нудыстаў, — прынялася тлумачыць Гранія. — Там адзін казёл абвясьціў, што калі ты можаш пакласьці пад грудзі аловак і ён ня зваліцца, тады грудзі ў цябе занадта адвіслыя і хадзіць бязь верху купальніку ня варта.
— І … ?
— Брыджэт адказала, што можа саўгануць пад свае грудзі нават тэлефонны даведнік бяз рызыкі выпусьціць яго.
Яны дружна хіхікнулі.
— Дык што тут такога, калі яна гэта сама сказала?
Увесь жах у тым, што ніхто ня стаў яе пераконваць. Зараз яна абзавялася комплексам памерам з гмах. — Сьюзі пастаралася не разрагатацца ўслых. Яна прапанавала ім яшчэ кавы. — Які цудоўны кляйнодзік, — зазначыла Гранія.
— Па выпадку змовін, — Сьюзі перапаўняў гонар.
Яны павіншавалі яе і памералі кляйнодзік.
— Сапраўдны смарагд? — спытала Фіёна.
— Не, гэта было б занадта дорага. Небарака Лу працуе пакавальнікам у вялікай краме электратавараў. Але шкельца файнае, так?
— Цудоўнае. Дзе вы яго набылі?
Сьюзі назвала краму.
Калі яна адышла досыць далёка, Гранія шапнула Фіёне: — Фацэтна, бо яны гандлююць толькі сапраўднымі камянямі. У іх рахунак у нашым банку, дык я ведаю. Спрачаемся, гэтае ня шкло.
У італьянскім клясе шчадравалі. Наступны раз яны сустрэнуцца толькі праз два тыдня. Сыньёра прапанавала ўсім захапіць на апошні ўрок штосьці смачненькае. Пакой упрыгожвалі яркія плякаты зь вялізнымі літарамі BUON NATALE і З НОВЫМ ГОДАМ. Усе прышлі ў маскарадных строях. Нават Біл, сур'ёзны хлопец, супрацоўнік банка — Гугліема, як усе яго тут клікалі, прасяк духам сьвята і прынёс для ўсіх папяровыя капелюшы.
Коні, жанчына з аўто і аздобамі, прывезла шэсьць пляшак Фраскаці. Яна сказала, што знайшла іх у багажніку машыны свайго мужа. Падаецца, ён падрыхтаваў іх, каб расьпіць з сваёй сакратаркай. Лепш выпіць іх тут. Ніхто так і не зразумеў, ці трэба ўспрымаць яе словы сур'ёзна. Да таго ж у школе трунак забаронены. Але Сыньёра паведаміла, што ўсё ўзгоднена з Дырэктарам, спадарам А’Брайнам, таму турбавацца аб гэтым аспэкты ня варта.
Сыньёра не зьлічыла патрэбным дадаць, што Тоні А’Брайн знаходзіць досыць бяскрыўднымі колькі келіхаў віна, выпітых па выпадку шчадрэца сталымі людзьмі, ў параўнаньні з трапіўшымі ў школу цяжкімі наркотыкамі і лёгкасьцю, зь якой дзеці рушаць на гэты жахлівы шлях.
— Як вы правялі мінулыя Каляды? — спытаў Луіджы ў Сыньёры без усялякага чыньніку, проста таму, што сядзеў побач зь ёй, тым часам як усе salute, molto grazie ды va bene вакол іх ішлі сваёй чаргой.
— На мінулыя Каляды я слухала начную імшу і глядзела на майго мужа Марыё і яго дзяцей у іншым канцы царквы.
— А чаму вы ня селі зь імі?
— Гэта было б няслушна, — усьміхнулася яму Сыньёра.
— А потым ён памёр, — хітнуў Лу. Сьюзі упэўнівала яго, што Сыньёра ўдава, хоць маці Сьюзі і лічыць яе пераапранутай манашкай.
— Усё дакладна, Лу. Потым ён памёр, — мякка пацьвердзіла Сыньёра.
— Mi dispiace. Troppo triste, Сыньёра.
— Так, мой хлопчык, але жыцьцё нікога не шкадуе.
Ён зьбіраўся пагадзіцца зь ёй, але раптам яго быццам нешта штурханула.
Сёньня чацьвер, а мужчына ў анараку не зьявіўся. Вэн не прыехаў на школьны двор. Школу замкнуць на два тыдня з ўсім зьмесьцівам каморкі, чым бы там яно ні было. Што ж, дзеля ўсяго сьвятога, яму зараз рабіць?
Сыньёра пажадала ўсім шчасьлівых Каляд, вечар завяршаўся. Лу разгубіўся. Машыны ў яго пры сабе няма. Нават калі ўзяць таксоўку, як зараз, калі ўсе ўжо расходзяцца, растлумачыць, зь якой нагоды ён вязе з каморкі чатыры цяжкія скрыні. А патрапіць сюды ў наступны раз ён зможа не раней за восьмае студзеня. Робін яго заб'е.
Робін сам вінаваты. Ні кантактнага тэлефону не пакінуў, ні інструкцый на выпадак нестасоўкі. Мусібыць, нешта здарылася з тым, хто павінен быў забраць груз. Вось дзе апынулася слабае зьвяно. Але хіба ж тое загана Лу? Яго ганіць ніхто ня здолее. Зь іншага боку, ён павінен хутка цяміць і не губляць кантролю над сытуацыяй. За гэта яму плацяць, і плацяць няблага. Што ж рабіць?
Народ пачаў расхадзіцца. З ўсіх бакоў чуліся разьвітальныя воклічы.
Лу прапанаваў вынесьці сьмецьце. — Я не магу вам дазволіць важдацца са ўсім гэтым, вы і так занадта добры да мяне, — запярэчыла Сыньёра.
Гугліема і Барталамеа падахвоціліся дапамагчы яму. Ні ў якім іншым месцы ня мог бы ён па-сяброўскі вадзіцца з гэтымі хлопцамі, сур'ёзным банкаўскім клеркам і кіроўцам грузавіка. Разам яны выцягнулі мехі са сьмецьцем на школьны двор і ў апраметнай цемры адшукалі сьмецьцевыя бакі.
— Сыньёра надзвычай файная, хіба ж не? — зазначыў Барталамеа.
— Лізі лічыць, у яе раман са спадарам Даннам, ну ведаеце, які курыруе наш кляс, — адгукнуўся Гугліема.
— Годзе, — натапырыўся Лу. І прагне ім пляткарыць.
— Калі гэта так — гэта ж выдатна, — выказаў сваё меркаваньне Барталамеа.
— Але ў іх узросьце … — пакруціў галавой Гугліема.
— Можа, калі нам будзе гэтулькі, мы будзем лічыць гэта самай звычайнай рэччу ў сьвеце, — уступіўся за Сыньёру Лу. Незразумела, што лепш: адпрэчыць гэтую недарэчную здагадку ці настойваць, што нічога натуральней ня мае быць.
Скрынкі па-ранейшаму не давалі яму супакою. Сэрца латашылася, нібы шалёнае. Ён разумеў, што змушаны зрабіць штосьці жудаснае; яму прыйдзецца падмануць гэтую цудоўную добрую жанчыну зь дзіўнымі валасамі. — Як вы даберацеся дахаты? Вас спадар Данн праводзіць? — нядбайна паведаміўся ён.
— Так, ён абяцаў зайсьці за мной. — Яна выглядала трохі паружавелай і ўсхваляванай. Ад віна, посьпеху вечарыны і прамалінейнасьці зададзенага Лу пытаньня.
Сыньёра разумела, калі Луіджы, ня самы цямлівы зь яе вучняў, зазначыў нешта, дык ў клясе гэта даўно не сакрэт. Яе гадзіла думка, што іх зносіны з Эйданам Даннам могуць быць вытлумачаныя скажона. Урэшце, паміж імі няма нічога акрамя чыстага сяброўства. Але калі тыя чуткі дойдуць да яго жонкі, яго дачок … ці аб іх пазнае спадарыня Селіван. Гэта цалкам магчыма, яе дачка заручаная з Луіджы.
Прыкра сапсаваць рэпутацыю пасьля гэтулькіх гадоў разважлівага і абачлівага жыцьця. І потым, гэта так няшчыра. Эйдан Данн ставіцца да яе выключна як да добрага сябра. Больш нічога. Але для іншых людзей, людзей накшталт Луіджы, больш практычных, усё можа малявацца зусім у іншых фарбах.
Ён жартаўліва ўсьміхнуўся ёй. — Выдатна. Хаціце, я замкну? Ідзіце наперад, я вас даганю. Мы сёньня трохі спазьніліся.
— Grazie, Luigi. Troppo gentile. Толькі ўпэўніцеся, што добра замкнулі дзьверы. Ці бачыце, праз гадзіну пасьля нашага адыходу замкі правярае вартаўнік. Спадар А’Брайн на гэты конт вельмі строгі. Мы яшчэ ні разу не пакідалі дзьверы адчыненыя. Было б вельмі непрыемна пад канец праштрафіцца.
Вох, пакінуць дзьверы адчыненыя, як ён плянаваў, не атрымаецца. Прыйдзецца тыя дзьверы, ліхаманка іх бяры, замкнуць. Лу ўзяў ключ. Ён вісеў на вялікім цяжкім кольцы ў абліччы савы. Недарэчная дзіцячая прымочка, затое вялікая. Ніхто такую ня зблытае, і не падумае, што яна ў торбе, калі яе там няма.
З быстрынёй маланкі ён апрануў на блазенскую саву свой ключ, а ключ Сыньёры зьняў. Потым замкнуў дзьверы, хуткім крокам дагнаў Сыньёру і кінуў ключ ёй у торбу. Да наступнага сэмэстру ён ёй не спатрэбіцца. А нават калі спатрэбіцца раней. Ён усё ўладкуе, неяк верне ў яе торбу сапраўдны ключ. Зараз галоўнае, каб яна сышла дахаты, упэўненая, што ключ у яе.
Ён ня бачыў, каб спадар Данн выйшаў зь ценю і ўзяў яе за руку, але не зьдзівіўся бы, апыніся гэта праўдай. Трэба распавесьці Сьюзі. Сёньня, дарэчы, лепш застацца ў Сьюзі на ноч. Бацькоўскі ключ ён толькі што аддаў.
— Сёньня я начую ў Фіёны, — паведаміла Гранія.
— Брыджэт падняла на яе вочы ад сваёй талерцы з памідорамі.
Нэл Данн працягвала чытаць. — Цудоўна, — кінула яна, не адрываючыся ад кнігі.
— Дык убачымся заўтра ўвечары, — працягвала Гранія.
— Выдатна, — яе маці па-ранейшаму захаплялася кнігай.
— Сапраўды выдатна, — чмыхнула Брыджэт.
— І ты бы цалкам магла кудысьці схадзіць, Брыджэт, калі б жадала. Зусім не абавязкова сядзець тут, уздыхаючы над памідорамі. Магла бы таксама ў Фіёны застацца.
— Так, бо у яе цэлы палац, мы там усе зьмесьцімся.
— Годзе, Брыджэт. Заўтра пярэдадне Каляд. Разьвесяліся.
— Мне, каб весяліцца, не абавязкова маніць.
Гранія спалохана азірнулася, але маці нічога не зазначыла. — Так, на тое мы ўсе здольныя, — панізіла яна голас. — Але ж мы не катуем усіх вакол сваімі празьмернымі сьцёгнамі. Якія, дарэчы, гэта табе хто заўгодна пацьвердзіць, цалкам нармалёвыя.
— Хто табе казаў аб маіх сьцёгнах? — насьцярожылася Брыджэт.
— Цэльны натоўп людзей прыходзіў сёньня ў банк з дэманстрацыяй пратэсту. Вой, Брыджэт, годзе, у цябе файная постаць. Кінь усе тыя дыеты.
— Дыеты? — Брыджэт выдала штосьці накшталт сьмяшку. — Ты раптам стала чароўнай і тактоўнай. Няйначай, твой каханы ізноў матэрыялізаваўся.
— Які каханы? Ну, які? Ты нічога ня ведаеш! — малодшая сястра нарэшце здолела давесьці Гранію да шаленства.
— Лічыш, я не прымячаю, як ты няўпынна стогнеш і абціраеш сьлёзкі? І табе хапае нахабства казаць аб маім ўздыханьні над памідорамі? Ад тваіх уздыхаў ужо вецер па пакоі шпацыруе. Не я падскокваю на тры мэтра ад кожнага тэлефоннага бразгату. Хто бы ён ні быў, ён жанаты. І ты пачуваесься да чорту вінаватай.
— Ты заўжды і ва ўсім памылялася. З самога твайго нараджэньня. Але тут ты перасягнула саму сябе. Ён не жанаты. І не ажэніцца, засячы сабе на носу, калі я яму адмоўлю.
— А-я-ё, так усе кажуць, каму да сьмерці заручальны пярсьцёнак надзець карціць, — прашыпела Брыджэт, без найменшага запалу тыкаючы відэльцам у памідоры.
— Я сышла, — Гранія вырашыла спыніць бойку. — Скажы таце, што начаваць ня буду. Хай замыкае дзьверы.
Іх бацька зараз рэдка зьяўляўся на кухні падчас вячэры. Ён ці плянаваў у сваім пакоі колер сьценаў і падбіраў малюнкі, ці вёў ў школе бясконцыя гутаркі аб вечаровым клясе.
Эйдан Данн зазірнуў у школу на выпадак, калі Сыньёра яшчэ апынецца на месцы, але ўсё было зачынена. У паб яна ніколі адна ня ходзіць. У кавярні перад закрыцьцём занадта людна. У хату Селіванаў ён ёй ніколі не тэлефанаваў і ня можа зараз пачаць.
Але ён сапраўды прагнуў убачыцца зь ёй да Каляд, уручыць невялікі падаруначак. Яму патрапіў мэдальён зь невялікай галоўкай Леанарда ды Вінчы ўсярэдзіне. Танны, але, падаецца, вельмі прыдатны. Эйдан спадзяваўся, яна апране яго на Каляды. Загорнуты ў залатую паперу з надпісам Buon Natale. Потым гэта будзе ўжо ня тое.
Зрэшты, магчыма і тое, але яму так карцела трошкі паразмаўляць зь ёй. Аднойчы яна сказала, што ў канцы вуліцы, на якой стаіць хата Селіванаў, ёсьць мур. Там яна часам сядзіць, глядзіць на горы і разважае аб тым, як зьмянілася яе жыцьцё. Аб тым, што Vista del Monte зараз азначае для яе школу. Магчыма, яна і зараз там.
Эйдан Данн ішоў праз ажыўлены раён. Ва ўсіх вокнах зьзялі калядныя агеньчыкі. У хатах спусташаліся пляшкі піва. Нічога падобнага на тое, што бачыла Сыньёра летась. Тады яна сустракала Каляды са ўсімі гэтымі італьянцамі ў сыцылійскай вёсачцы.
Яна сапраўды сядзела там, вельмі ціхая і спакойная. І падаецца, увогуле не зьдзівілася. Ён сеў побач.
— Я прынёс ваш Калядны падарунак.
— А я прынесла ваш, — яна трымала вялікі пакунак.
— Адкрыем зараз? — не цярпелася яму.
— Чаму не?
Яна разгарнула мэдальён, ён — вялікую, яркую, італьянскую, жоўтую з залатым талерку з украпваньнямі пурпуру. Ідэальна для яго пакоя. Словы падзякі і захапленьня былі сказаныя ад шчырага сэрца. Яны сядзелі на старым муру нібы юнакі, якім няма куды падацца.
Стала зусім зімна і абодва ўзьняліся неяк адначасова.
— Buon natale, Сыньёра. — Ён пацалаваў яе ў шчаку.
— Buon natale, Эйдан, caro mio, — сказала яна.
У краме электратавараў у пярэдадне Каляд напружаныя працоўныя гадзіны цягнуліся дапазна. Чаму, цікава, людзі чакаюць да апошняга, каб вырашыцца на куплю электрычнага кансэрвавага нажа, відэамагнітафона, электраімбрыка? Лу адрабіў увесь дзень не разгінаючы сьпіны. Час ішоў да зачыненьня, і тут на склад увайшоў Робін з квітанцыяй аб аплаце. Лу чакаў яго зьяўленьня.
— Шчасьлівых Каляд, Лу.
— Buon natale, Робін.
— Што-што?
— Ты ж сам прымусіў мяне вывучаць італьянскі. Зараз у мяне з ангельскім прутка.
— Ды вось я, уласна, прыйшоў табе сказаць, што курсы можна кінуць, як толькі захочаш.
— Жартуеш?
— Сапраўды. Падгарнулася іншае памяшканьне. Але табе прасілі перадаць удзячнасьць за бездакорнае уладкаваньне справы.
— Як жа апошні груз? — твар Лу стаў бялейшым за мел.
— А што зь ім?
— Ён усё яшчэ там.
— Жартуеш.
— Лічыш, я здольны жартаваць такімі рэчамі? Ніхто не зьявіўся ў чацьвер. Нічога не забралі.
— Варушыся трохі, выдай чалавеку яго купляньне. — Старэйшаму пакавальніку карцела хутчэй замкнуць склад.
— Давай квіток, — шапнуў Лу.
— Гэта тэлевізар для цябе і для Сьюзі.
— Не магу я ўзяць яго. Яна зразумее, што тут справа нячыста.
— Чаму нячыста? Хіба я не заплаціў за яго? — абразіўся Робін.
— Ты выдатна разумееш, аб чым я кажу. Я пастаўлю яго ў тваю машыну.
— Я і зьбіраўся падкінуць цябе да яе кватэры з гэтай каляднай неспадзеўкай.
Гэта апынуўся самы дарагі тэлевізар ва ўсёй краме. Апошняга пакаленьня. Сьюзі Селіван ніколі ня прыме ніякіх тлумачэньняў наконт таго, як падобная рэч апынулася ў яе кватэрцы.
— Паслухай, у нас ёсьць нягоды больш сур’ёзныя, чым гэты тэлік. Пачакай тут. Я атрымаю заробак і мы сьцямім, што можна зрабіць са школай.
— Ты, пэўна, сякія-такія крокі ўжо распачаў.
— Не без таго. Але раптам хібныя.
Лу вярнуўся ў краму і далучыўся да сваіх хлопцаў. Яны атрымалі грошы, выпіўку і прэміяльныя, пасьля чаго ён на вачах ва ўсіх адправіўся да прыпаркаванага на іх стаянцы пікапу, у якім сядзеў буйны мужчына, а за сядзеньнем прытуліўся вялізны тэлевізар.
— У мяне ёсьць ключ ад школы, але аднаму Богу вядома, што за шаленца яны нанялі, каб хадзіць вакол школы і правяраць дзьверы ў самы непрыдатны час. Тамтэйшы Дырэктар нават маньяк нейкі.
Ён выняў ключ, што не пакідаў з тага моманту, як зьняў яго ў Сыньёры з кольца.
— Ты кемлівы хлопчык, Лу.
— Ды ўжо больш кемлівы за тых, хто не сказаў мне, што рабіць, калі гэты доўбень у анараку ня зьявіцца. — Ён быў злы, засмучаны і напалоханы. Сядзець у машыне, прыпаркаванай поруч уласнай працы, са злачынцам і з гіганцкім тэлевізарам, прыняць які ён ня можа. Выкрасьці ключ, пакінуць у школе партыю наркотыкаў. Ён адчуваў, што больш паходзіць не на разумнага чалавека, а на скончанага ёлупня.
— Ну вядома, вечна зь людзьмі складанасьці, — уздыхнуў Робін. — Так і прагнуць цябе падставіць. Хтосьці нас падвёў. Больш ён працаваць ня будзе.
— А што яго чакае? — з жахам спытаў Лу. Уяўленьне малявала яму вінаватага ўладальніка анаракі мёртвым, прыціснутым да дна Ліффі цэмэнтавымі блёкамі.
— Я ж сказаў, яму ўжо ніколі з намі не працаваць.
— Можа, у яго машына зламалася альбо дзіця ў лякарню патрапіла. — Лу і сам ня мог зразумець, чаму яго абараняе. Гэты чалавек усё ім сапсаваў.
Калі бы ня гэты тып, ён бы ўжо пазбавіўся ад той фатыгі. Людзі Робіна знайшлі новае памяшканьне. Дзіўна, але ён прагнуў працягваць заняткі. Ён атрымоўваў ад іх задавальненьне. Ён нават мог бы паехаць у заплянаванае Сыньёрай падарожжа. Улетку, у Італію. Добра, што курсы зараз ня трэба выкарыстоўваць у якасьці затуленьня. Ніхто яго ня ганіў, бо ніхто нічога ня выявіў. Месца апынулася ўдалым і спакойным. Усё бы сышло добра, калі б ня чорт лазаты, які праляскаў апошні чацьвер.
— Яго пакараюць тым, што ніколі больш на гарматны стрэл да працы не падпусьцяць, — Робін са шкадаваньнем пакруціў галавой.
Нарэшце замігцела сьвятло ў канцы тунэлю. Вось што трэба зрабіць, каб атрымаць волю. Дастаткова парушыць абавязацельствы. Ня зладзіцца адзін раз з працай, і да цябе ніколі больш ня зьвернуцца. Элемэнтарна. Калі б раней ведаць. Але гэтую справу заваліў ня ён. Гэтым разам пацярпеў мужык у анараку, а ён здабыў ключ і, верагодна, выратаваў сытуацыю. Прыйдзецца чакаць іншай магчымасьці.
— Робін, гэта твая машына?
— Не, вядома не. Сам ведаеш. Пазычыў у прыяцеля адвезьці вам з малой тэлевізар. А ты тут … — Ён па-дзіцячаму надзьмуўся.
— Паліцыя за табой на гэтай машыне сачыць ня будзе, — услых разважаў Лу. — Ёсьць думка. Можа, яна і не спрацуе, але больш мне нічога ў галаву не трапляе.
— Распавядзі-ка.
І Лу распавёў.
Час набліжаўся да паўночы, калі Лу пад'ехаў да школы. Заднім ходам падагнаў пікап да дзьвярэй прыбудовы, азірнуўся па баках, і, упэўніўшыся, што яго ніхто ня бачыць, увайшоў унутр.
Амаль ня дыхаючы, ён прабраўся ў камору. Чатыры скрыні стаялі на сваім месцы. Такія ж як заўжды, па выглядзе не адрозьніш ад пакаваньня тузіна пляшак віна, толькі апазнавальных знакаў ніякіх і папярэджаньне «Увага, шкло!» адсутнічае. Адну за адной ён з асьцярогай падняў іх і вынес за дзьверы. Пасьля, напнуўшыся, перацягнуў у кляс вялізны тэлевізар пад акампанэмэнт уласнага пыханьня. Занатоўку ён напісаў загадзя адмыслова набытымі ў начной краме каляровымі алоўкамі.
— Buon natale a Lei, Signora, e a tutti, — казалася ў ёй.
Школа атрымала тэлевізар. Скрыні вызваленыя. Ён адвязе іх да месца, дзе іншы чалавек, на іншай машыне сустрэне яго і моўчкі іх забярэ.
Лу задумаўся аб жыцьці людзей, якія раптам маглі камусьці спатрэбіцца ў калядную ноч. Ён спадзяваўся, што ніколі ня будзе адным зь іх.
Цікава, што скажа Сыньёра, калі ўбачыць тэлевізар. Яна яго першая выявіць? Альбо псіх Тоні А’Брайн? Ён там, падаецца, дзень і ноч гойсае. Вось яны зьдзівяцца. Будуць думаць ды варажыць. Перабіраць вэрсіі.
Паходжаньне падарунку застанецца таямніцай. Усё правераць і ўпэўняцца, што нічога ня выкрадзена. Гэтую галаваломку ім ня вырашыць. Таямнічае пранікненьне зь цягам часу забудзецца. Урэшце, нічога ня зьнікла, нічога не разбурана.
Нават раздражняльнаму спадару А’Брайну прыйдзецца з гэтым зьмірыцца.
Затое ў школе змогуць карыстацца выдатным тэлевізарам, ды яшчэ зь відэа. І хутчэй за ўсё ў вечаровым клясе. Бо зьявілася ўсё там.
А наступнае даручэньне Робіна Лу ня здолее выканаць. Пасьля чаго, які жаль, Лу паведамяць, каб надалей ён на працу не разьлічваў. І ён зможа, нарэшце, распараджацца ўласным жыцьцём.
Гэтай каляднай раніцай ён пачуваўся, як выціснутая цытрына. Яны зазірнулі да бацькоў Сьюзі на гарбату з калядным пірагом. Сыньёра, як заўжды ціхмяная, гуляла з Джэры ў шахі.
— Шахі! — са зьдзіўленьнем прашаптала Сьюзі. — Мой братка разабраўся ў шахах. Падаецца, цудам ня будзе спыненьня.
— Сыньёра! — выгукнуў Лу.
— Луіджы. — Яна быццам радая была яго бачыць.
— Ведаеце, мне бірульку для ключоў падаравалі, роўна як ваша, — пахваліўся ён. Сустракаліся такія, шчыра кажучы, на кожным кроку, дык нічога дзіўнага.
— Як мая сава? — Сыньёра заўсёды з задавальненьнем падтрымлівала гутарку на любы тэмат.
— Аге ж! Цікава, яны чымсьці адрозьніваюцца? Дазволіце зірнуць?
Яна выняла саву з торбы. Лу, зрабіўшы выгляд, што параўноўвае кольцы, падмяніў ключы. Зараз ён быў у бясьпецы. І яна таксама. Ніхто ніколі не ўзгадае гэтую бяскрыўдную кароткую гутарку. Трэба начаўпці пабольш аб іншых падарунках і ўсё зьмяшаецца.
— Божухна, я ўжо думала, гэты Лу сёньня не замоўкне, вось слота, — паскардзілася Пэгі Селіван, пакуль яны з Сыньёрай мылі посуд. — Падаецца, раней у такіх выпадках гаварылі «кружэлку заела». Зараз, пэўна, трэба казаць «заела CD».
— Памятаю гэты выраз. Аднойчы я спрабавала растлумачыць яго Марыё, але ў перакладзе шмат губляецца. Ён так і не зразумеў, што я мела на ўвазе.
Пэгі ніколі не адважвалася распытваць гэту дзіўную жанчыну аб яе жыцьці, але ў той момант перашкоды нібы зьніклі. — Сыньёра, а вам не карцела на Каляды з роднымі пабыць? — спытала яна.
Сыньёра ані не выглядала зьбянтэжанай. Яна адказала ўдумліва і павольна, як адказвала на пытаньні Джэры. — Не, разумееце, мне б гэта задавальненьня не прынесла. Ненатуральна ўсё было бы. Ды і потым, я гэтулькі раз бачылася з маці і зь сёстрамі, ніхто зь іх не прапанаваў тага. У іх сваё жыцьцё, у мяне сваё. Ці наўрад мы здолеем калісьці зьблізіцца. Не дасі тое нам шчасьця. А сёньня, тут, з вашай сям'ёй, я была шчасьлівая. — Яна стаяла спакойная і ціхамірная. На шыі ў яе красаваўся новы мэдальён. Яна не распавяла, адкуль ён у яе, а спытаць ніхто ня вырашыўся. Не адчуваў ніхто за сабою такога права.
— А мы, Сыньёра, вельмі, вельмі радыя, што вы з намі, — упэўніла яе Пэгі Селіван, якая нават уявіць сабе не магла, як яны жылі раней, бяз гэтай дзіўнай жанчыны.
Заняткі аднавіліся ў першы чацьвер студзеня. Вечар выдаўся студзёны, але ўсе прышлі. Ні адзін чалавек з трыццаці, якія запісаліся ў верасьні, не прапусьціў урок. Для вечаровага кляса сапраўдны рэкорд.
І кіраўніцтва школы было тут. Дырэктар Тоні А’Брайн і спадар Данн. Іх твары сьвяціліся. Здарылася цалкам неверагодная рэч. Кляс атрымаў падарунак. Сыньёра, як дзіця, ледзь не пляскала ў ладкі ад задавальненьня.
Хто мог тое зрабіць? Хтосьці тутэйшы? З кляса? Ня мог бы ён паведаміць? Файна было б падзякаваць яго альбо яе. Усе былі зьбянтэжаныя, але падумалі, вядома, на Коні.
— Не, мне бы хацелася, сапраўды хацелася, каб да гэтага дадумалася я. Але на жаль... — Коні мусібыць пачувалася не ў сваёй талерцы. Яна ня спраўдзіла іх надзей.
Дырэктар выказаў сваё захапленьне, але разам з тым і непакой. Калі ніхто не датычны да тага выдатнага падарунку, прыйдзецца зь меркаваньняў бясьпекі зьмяніць замок. Бо ў кагосьці, выходзіць, ёсьць ключ. Сьляды ўзлому адсутнічаюць.
— У банку на гэта паглядзелі бы інакш, — не ўтрымаўся ад камэнтару Гугліема. — Яны бы прапанавалі пакінуць усё як ёсьць. Раптам гэты невядомы на будучым тыдні падаруе нам стэрэасыстэму?
Лярэнца, а ў рэчаіснасьці гасьцінічны парцье Лапік, дадаў, што ўсе бы зьдзівіліся, пазнаўшы, колькі ў Дубліне ключоў, якімі можна адчыніць адзін і той замок.
Нечакана Сыньёра падняла галаву і пільна паглядзела на Луіджы. Луіджы адвёў погляд.
— Калі ласка, няхай яна прамаўчыць, — паўтараў ён. — Калі ласка, яна павінна зразумець, ад тага нікому лепш ня будзе, толькі горш. — Ён ня ведаў, ці маліўся ён Богу, альбо проста мармытаў тыя словы самому сабе, але ён тага прагнуў. Ён прагнуў тага больш за ўсё ў сьвеце.
І гэта, падаецца, спрацавала. Яна таксама адвяла погляд.
Пачаўся ўрок. Пасьля караценькага апытаньня высьветлілася, што яны ўсё пазабывалі. — Наперадзе вялізная праца, калі яны сапраўды зьбіраюцца ў падарожжа, — паведаміла Сыньёра. Прысаромленыя, кінуліся яны на змаганьне са сказамі, што так лёгка даваліся ім да двухтыднёвага перапынку.
Пасьля ўроку Лу памкнуўся высьлізнуць неўпрыцям.
— Не дапаможаце мне сёньня са скрынкамі, Луіджы?
— Scuzi, Signora, дзе яны? Зусім з галавы вылецела.
Яны аднесьлі скрынкі ў каморку, што адгэтуль ніколі ўжо ня будзе прыстанкам ні для чаго небясьпечнага.
— Мм … спадар Данн прыйдзе праводзіць вас дахаты, Сыньёра?
— Не, Луіджы. А вось вы часьцяком праводзіце Сьюзі, дачку маіх гаспадароў.
— Але ж вы ведаеце, Сыньёра. Мы заручаныя.
— Так, менавіта гэта мне і хочацца з вамі абмеркаваць. Змовіны і кольца. Un anello di fidanzamento, як мы гэта завем у Італіі.
— Так, так, кольца для нявесты, — Лу не хапала цярплівасьці.
— Звычайна гэта не смарагды, Луіджы. Не сапраўдныя смарагды. Вось што дзіўна.
— Опсь! Годзе, Сыньёра, якія сапраўдныя смарагды? Вы жартуеце. Звычайныя шкельцы.
— Гэта смарагды, uno smeraldo. Я у тым разьбіраюся. Падабаецца мне да іх дакранацца.
— Яны, Сыньёра, робяць іх усё лепей і лепей. Нават немагчыма адрозьніць сапраўдны камень ад падробкі.
— Луіджы, гэты кляйнодзік каштуе тысячы.
— Сыньёра, паслухайце …
— Ды і кошт тэлевізару складае сотні і сотні, магчыма, больш за тысячу фунтаў.
— Аб чым размова?
— Ня ведаю. Мабыць вы мне скажаце?
Ні адзін настаўнік у школьныя гады не прымушаў Лу пачувацца такім прысаромленым і зьбянтэжаным. Бацьку з маці ніколі не атрымоўвалася прымусіць яго падпарадкавацца, ўжо ня кажучы аб сьвятару. І раптам ён прыйшоў у жах ад пэрспэктываў страціць павагу гэтай незвычайнай жанчыны.
— Я скажу … — пачаў ён. Яна чакала, захоўваючы дзіўную нерухомасьць. — Скажу, што ўсё скончана. Тое не паўторыцца.
— Гэтыя рэчы, дзівосны смарагд і выдатны тэлевізар, яны крадзеныя?
— Не, на самай справе не. За іх заплацілі. Не я, той чалавек, на якога я працаваў.
— Але больш вы на яго не працуеце?
— Не, клянуся. — Ён прагнуў, каб яна паверыла яму. Вочы яго былі красамоўней за словы.
— Такім чынам, з парнаграфіяй скончана.
— Скончана з чым, Сыньёра?
— Ну вядома, Луіджы, я адчыняла тыя скрынкі. Мяне так палохала, што ў школе апынуцца наркотыкі, і малы Джэры, брат Сьюзі … я баялася, што менавіта гэта вы захоўваеце ў каморцы.
— Тое былі не яны? — голас адмаўляў яму.
— Вы ж ведаеце, што не. Гэта былі непрыстойныя дурасьці, судзячы па малюнках на вокладках. Верагодна, узьдзеяньне такіх рэчаў вельмі згубна для маладых уразьлівых душ.
— Вы глядзелі іх, Сыньёра?
— Зразумела, не. У мяне няма відэамагнітафона, а нават калі б і быў …
— І вы нічога не сказалі?
— Я доўгія гады пражыла нікому нічога не распавядаючы. Гэта ўвайшло ў звычку.
— І пра ключ вы ведалі?
— Толькі сёньня ўвечары зразумела. І адразу ўзгадала лухту, што вы вярзьлі наконт бірулек. Навошта вам гэта спатрэбілася?
— Колькі скрынак выпадкова засталося тут пасьля Каляд.
— Няўжо вы не маглі пакінуць іх тут, замест таго каб красьці ключы, потым класьці на месца?
— Гэта бы ўсё ўскладніла.
— А тэлевізар?
— Тут доўгая гісторыя.
— З задавальненьнем паслухаю.
— Ну, мне яго падарылі за … э, захоўваньне … э-э, скрынь з касэтамі. А я не жадаў несьці яго да Сьюзі, паколькі … ну, разумееце, я ня мог. Яна бы здагадалася. Пазнала бы аб усім.
— Але зараз ужо няма нічога, аб чым ёй магло бы стаць вядома.
— Так, Сыньёра. — Ён стаяў, павесіўшы галаву, пачуваючыся чатырохгадовым малым.
— In bocca al lupo, Луіджы, — сказала Сыньёра і зачыніла за ім дзьверы на некалькі абарачэньняў. А потым патузала клямку і ўпэўнілася, што зачынена надзейна.