Калі Канстанцыі А’Коўнэр споўнілася пятнаццаць, яе маці забараніла салодкае і тлустае. Зьніклі цестачкі да гарбаты, масла зьмяніў абястлушчаны маргарын, з цукеркамі і шакалядам таксама давялося разьвітацца.
— Ты трохі не ў гуморы, даражэнькая, — адзначыла маці, калі Канстанцыя паспрабавала спрачацца.
— Ніякай карысьці ня будзе ад урокаў тэніса, ад усіх шыкоўных месцаў, куды мы ходзім, калі ў цябе будзе тоўсты азадак.
— І дзеля чаго ўсё гэта?
— Каб прывабіць прыдатнага мужа, — засьмяялася маці. І перш як Коні здолела запярэчыць, працягнула: — Дай веры, я ведаю, што кажу. Я не пераконваю, што гэта справядліва, але такое жыцьцё. Так чаму б не гуляць па правілах, калі яны нам вядомыя?
— Можа, гадах у саракавых, калі ты была маладой, і былі такія правілы, але з тага часу ўсё зьмянілася.
— Дай веры, — зноўку пачала маці. Гэта быў яе каронны выраз, яна штодня заклікала людзей даць ёй веры. — Нічога не зьмянілася. Што саракавыя, што шасьцідзесятыя, ім па-ранейшаму патрэбны зграбныя, вытанчаныя жонкі. Тым мужчынам, якія патрэбныя нам, патрэбныя менавіта такія жанчыны. Радуйся, што табе гэта вядома, а большасьці тваіх аднаклясьніц — не.
Коні вырашыла высьветліць у бацькі. — Ты ажаніўся на маці, таму што яна была зграбнай?
— Не, я ажаніўся на ёй, бо яна была любаснай, цудоўнай і добрай, і даглядала за сабою. Я ведаў, што жанчына, якая даглядае за сабою, будзе рупіцца аба мне, аб табе, калі ты зьявісься, і аб нашай хаце. Такія вось справы.
Коні вучылася ў дарагой школе для дзяўчынак.
Маці заўжды патрабавала, каб яна запрашала да вячэры і на выходныя сябровак. — Тады яны пачнуць запрашаць цябе, ты здолееш пазнаёміцца зь іх братамі, сябрамі.
— Ой, маці, якая лухта. Мне тыя сьвецкія знаёмствы цалкам ні да чаго. Неяк абыдуся.
— Не абыдзесься, — настойвала маці.
І гадоў у сямнаццаць-васямнаццаць Коні выявіла сябе акружанай менавіта тымі людзьмі, якіх вылучыла для яе маці: сыны лекараў, сыны юрыстаў, юнакі, бацькі якіх мелі посьпех у бізнэсе. Некаторыя фацэтныя, іншыя — ёлупы ёлупнямі. Але Коні ведала, калі яна паступіць ва ўнівэрсытэт, усё пойдзе іншым чынам. Яна здолее вырвацца з тага заварожанага кола. Здолее завесьці сваіх уласных сяброў, а не здавольвацца знаёмствамі, прыдатнымі з пункту гледжаньня маці.
Яе залічылі ў Дублінскі Ўнівэрсытэт дакладна напярэдадні дзевятнаццатага дня народзінаў. Яна прайшлася па ўнівэрсытэцкім мястэчку, пакруцілася поруч інтэрнатаў, пасядзела на некалькіх публічных лекцыях, каб менш хвалявацца, калі ў кастрычніку пачнуцца заняткі.
Але ў верасьні здарылася неверагоднае. Пайшоў з жыцьця яе бацька. Дантыст, які ільвіную дзель свайго часу марнаваў на гольф, чыя пасьпяховая практыка квітнела пад крылцам фірмы яго стрыя, павінен быў жыць вечна. Так ўсе казалі. Не паліў, выпіць мог, толькі каб падтрымаць кампанію, ніколі не забываў зрабіць зарадку. Ніякіх стрэсаў у яго жыцьці.
Але ж аб яго прыхільнасьці да рызыкоўных гульняў ніхто не падазраваў. Да апошняга моманту ня ведаў ніхто, безумоўна, і аб яго пазыках. Таму хату прыйдзецца прадаць. Таму грошай на ўнівэрсытэт ня будзе ні ў Коні, ні ў яе братоў.
Маці Коні сустрэла гэтую навіну зь ледзяным спакоем. Яна цудоўна трымалася на пахаваньнях. Запрашаючы ўсіх у хату на салаты і віно, паўтарала: — Рычарду было б прыемна.
Чуткі ўжо пачалі распаўзацца, але яна трымала галаву высока ўзнятай. І толькі калі яны з Коні засталіся адны, толькі тады дазволіла яна сваім пачуцьцям вырвацца вонкі. — Калі б ён не памёр, я б забіла яго, — паўтарала яна ізноў і ізноў. — За тое, што ён з намі зрабіў, я бы вытрасла зь яго жыцьцё ўласнымі рукамі.
— Бедны татачка. — У Коні было мяккае сэрцайка. — Ён, пэўна, пачуваўся вельмі няшчасным з-за таго, што спусьціў грошы на сабак і канёў. Думаю, ён на нешта спадзяваўся.
— Апыніся ён тут, твар да твару са мной, ён бы хутка сьцяміў, на што ён павінен быў спадзявацца.
— Але калі бы ён быў жывы, ён мог бы растлумачыць, паспрабаваць адыграцца, распавесьці нам. — Коні жадала захаваць добрую памяць аб сваім бацьку, такім добрым, рахманым. Ён, у адрозьненьне ад маці, не мітусіўся і не тыраніў хатніх бясконцымі законамі і пастановамі.
— Годзе чаўпці, Коні. Зараз ня час. Наша адзіная надзея на тваё ўдалае замужжа.
— Маці! Спыні вярзьці лухту, маці. У найблізкія гады замуж я выходзіць ня маю намеру. Я зьбіраюся скончыць ўнівэрсытэт, потым жадаю павандраваць. Ну а гадоў у трыццаць можна будзе і сям'ёй абзавесьціся.
Твар у маці стаў каменным. — Давай раз і назаўжды ўсё высьветлім. Унівэрсытэту ня будзе. Хто будзе аплачваць рахункі? Хто будзе цябе ўтрымліваць?
— Што ты мне прапаноўваеш замест тага?
— Выбіраць табе асабліва не прыходзіцца. Будзеш жыць з роднымі па мячы. Ягоным дзядзькам і братам за яго вельмі сорамна. Некаторыя зь іх у курсе, некаторыя не. Але яны маюць намер даць табе магчымасьць пражыць у Дубліне год, пакуль ты ня скончыш курсы сакратароў, і адначасна, магчыма, яшчэ штосьці. Пасьля ты як мага хутчэй уладкуесься на працу і выйдзеш замуж за кагосьці прыдатнага.
— Але маці … я зьбіраюся вучыцца, усё ж вырашана, мяне прынялі.
— На тое рашэньне прыйдзецца забыцца.
— Гэта няшчыра. Гэта увогуле немагчыма.
— Скажы аб тым свайму нябожчыку бацьку. Гэта яго рук справы, не маіх.
— Але магу я працаваць і вучыцца адначасова?
— Не атрымаецца. Яго сваякі адмовяцца цярпець цябе ў сваёй хаце, калі ты пачнеш працаваць прыбіральніцай альбо прадаўшчыцай. А іншай працы табе зараз не знайсьці.
Магчыма, яна павінна была дужацца ўпарцей, казала сабе Коні. Але гэта было складана, калі ўлічыць, які быў час. І якімі няшчаснымі і разгубленымі былі ўсе яны.
А як палохала яе пэрспэктыва жыцьця зь незнаёмымі роднымі, тым часам як маці з двайнятамі мелася зьехаць у правінцыю, да крэўных маці. Вярнуцца ў гарадок, пакінуты з такім трыюмфам шмат гадоў таму … маці лічыла гэта найцяжкім выпрабаваньнем.
— Яны ж будуць спачуваць табе, значыць будуць да цябе ўважлівыя, — Коні спрабавала суцешыць маці.
— Мне не патрэбныя ні іх патоля, ні іх увага. Мне патрэбен мой гонар. А гэтага ён мяне пазбавіў. Вось чаго я яму ніколі не дарую, да апошняга ўздыху.
На курсах сакратароў Коні сустрэла Веру, сваю аднаклясьніцу.
— Мне жудасна шкада, што твой бацька згубіў усе свае грошы, — неадкладна выпаліла Вера і вочы Коні напоўніліся сьлязьмі.
— Гэта быў жах, — адказала яна. — Страціць бацьку цяжка ў любым выпадку, але ж выяўляецца, мы яго і ня ведалі ніколі, ён апынуўся зусім іншым чалавекам.
— Вой, ды ведала ты яго, ты толькі ня ведала, як яму на скачках гуляць падабаецца. Але ён бы ніколі тага не рабіў, калі б разумеў, як вам кепска будзе.
У Коні стала лягчэй на душы ад сустрэчы з такім добрым і спагадлівым чалавекам. І хоць у школе яна і Вера ніколі не былі блізкія, у гэты момант дзяўчынкі сталі лепшымі сяброўкамі.
— Думаю, ты не ўяўляеш, да чаго прыемна быць побач з чалавекам, які табе спачувае, — пісала яна маці. — Роўна як цёплая ванна. Ручаюся, людзі навакол цябе ў бабулінай хаце таксама ставіліся бы да цябе, калі бы ты ім дазволіла і распавяла, як жудасна ты хвалюесься.
Маці адказала рэзкім і ляканічным лістом. — Зрабі ласку, не кідайся з рыданьнямі за спагадай да ўсіх і кожнага. Жаль і цёплыя словы не суцешаць цябе. Пачуцьцё ўласнай годнасьці і гонар — вось у чым тваё ратаваньне. Ты зразумееш, калі пасталееш. Малю Бога, каб цябе не пазбавілі іх так, як пазбавілі мяне.
Ніколі ні словы аб тым, як ёй бракуе таты. Якім добрым мужам і добрым бацькам ён быў. Выняла здымкі з рамак, рамкі прадала на аўкцыёне. Коні нават не хапала мужнасьці спытаць, што стала з фатаграфіямі яе дзяцінства.
Коні зь Верай працягвалі займацца на курсах сакратароў. Яны асвойвалі стэнаграфію і машынапіс, бухгалтэрыю і справаводства. Лекцыі чаргаваліся з практычнымі заняткамі.
Сваякам, зь якімі яна жыла, замінала яе прысутнасьць. Яны давалі ёй куды больш волі, як ухваліла бы яе маці. Коні атрымлівала асалоду ад усяго, што Дублін мог прапанаваць маладой дзяўчынцы. На танцах яны зь Верай сустрэлі выдатных хлопцаў. Хлопец па імі Жак захапіўся Коні, яго прыяцель Кевін заляцаўся за Верай, дык яны часьцяком выпраўляліся кудысьці учатырох. Ні яна, ні Вера ня ставіліся да тых адносін сур'ёзна, у адрозьненьне ад хлопчыкаў. Іх абедзьвюх настойліва ўгаворвалі заняцца сэксам. Коні адмовілася, а Вера пагадзілася.
— Навошта ты робіш гэта, калі табе прыкра і ты баісься зацяжарыць? — дзівілася Коні.
— Я не казала, што мне прыкра, — пярэчыла Вера. — Я гаварыла, што людзі так ужо расьпісваюць усё тое і гэтулькі смугі напускаюць. І зацяжарыць я не баюся, буду прымаць супрацьзачаткавыя пігулкі.
Хоць на пачатку сямідзесятых кантроль над нараджальнасьцю ў Ірляндыі афіцыйна быў забаронены, кантрацэпцыйныя прэпараты маглі прызначыць пры парушэньні мэнструальнага цыклу. Нядзіўна, што ў пераважнай большасьці жаночага насельніцтва краіны выявілася тое захворваньне. Коні разважала, ці не пайсьці ёй тым самым шляхам. Ніколі ня ведаеш, у які момант вырашыш з кімсьці пераспаць. Крыўдна, калі прыйдзецца хадзіць вакол ды каля, чакаць, пакуль пігулкі пачнуць дзейнічаць.
Жак і не падазраваў, што Коні прымае супрацьзачаткавыя пігулкі. Яго не пакідала мроя, што ў нейкі выдатны момант яна зразумее: яны створаныя адно для аднаго, гэтак жа як Кевін зь Верай. Ён будаваў усё новыя і новыя пляны ў надзеі задаволіць яе. Яны разам паедуць у Італію. Перш як ехаць, вывучаць італьянскі ў нейкай вечаровай школе альбо па запісах. І там ва ўсялякіх Scusi ды Grazie ім роўных ня будзе. Сымпатычны, гарачы, ён зусім сгубіў галаву… Але Коні была непахісная. Ні аб якім рамане, сапраўдным захапленьні і прамовы ня мае быць. А тое што яна прымае пілюлі наогул нікога не датычыцца.
Веры не пайшлі прызначаныя пігулкі, і пакуль іх зьмянялі на новыя, яна прымудрылася зацяжарыць.
Кевін быў шчасьлівы. — Мы ўсё роўна зьбіраліся ажаніцца, — паўтараў ён.
— Мне карцела спачатку трохі пажыць, — залівалася сьлязьмі Вера.
— Мы і будзем жыць нармалёвым, рэальным жыцьцём, ты, малы і я, — радаваўся Кевін. Ім больш ня трэба жыць з бацькамі. Яны могуць абзавесьціся ўласным жыльлём.
На добрую хату разьлічваць не прыходзілася. Верына сям'я, не занадта заможная, шчыра абуралася. Зь іх пункту гледжаньня, дачка, не прапрацаваўшы ні дня, выкінула на вецер грошы, выдаткаваныя на дарагую школу і камэрцыйныя курсы.
Ды і сям'я, у якую зьбіралася ўвайсьці Вера, не занадта іх задавольвала. Не, бацькі Кевіна, вядома, людзі годныя, але для сваёй дачкі яны, безумоўна, марылі не аб такім шлюбе.
Веры не прыйшлося тлумачыць усё гэта Коні. Яе ўласная маці закаціла бы гістэрыку. Лягчэй лёгкага было ўявіць сабе яе лямант: — Яго бацька тынкоўшчык. І ён зьбіраецца ўвайсьці ў бацькаўскі бізнэс! Гэта яны завуць бізнэсам! — Тое, што ў бацькі Кевіна мелася невялікая фірма, што займалася пастаўкамі будматэрыялаў і рамонтамі, у якой, дарэчы, працаваў архітэктар-дэкаратар, і пэрспэктывы ў гэтай фірмы вымалёўваліся вельмі някепскія, нічога бы для яе ня значыла.
Кевін зарабляў сабе на жыцьцё зь сямнаццаці гадоў. Сёньня яму споўніўся дваццаць адзін і ён з гонарам рыхтаваўся стаць бацькам. Дзяцёўню ў іх маленечкай хацінцы ён пакрыў трыма пластамі фарбы. Ён прагнуў да зьяўленьня немаўляткі давесьці пакойчык да дасканаласьці.
У Веры на вясельлі, дзе Жак быў шафэрам, а Коні — дружкай, Коні прыняла рашэньне. — З гэтага дня мы спынім спатканьні, — сказала яна.
— Ты пажартавала? Што я такога зрабіў?
— Ты нічога не зрабіў, Жак, акрамя таго, што быў цудоўным і файным, але я не хачу замуж, я прагну працаваць, вандраваць.
На яго шчырым, сумленным твары адбілася зьдзіўленьне. — Я дазволю табе працаваць, кожны год у адпачынак буду вазіць цябе ў Італію.
— Не, Жак. Не, дарагі.
— А я спадзяваўся, мы зможам заручыцца сёньня, — зморшчыны расчараваньня ляглі ў яго рота.
— Мы ледзь ведаем адно аднаго, ты і я.
— Мы ведаем адно аднаго ня горш за сёньняшніх маладых, а бачыш, як далёка яны зашлі, — у голасе Жака гучала зайздрасьць.
Коні ня стала казаць, што Вера, на яе погляд, зрабіла не занадта разважлівы крок, зьвязаўшы сваё жыцьцё з Кевінам. Яна, падаецца, ад такога жыцьця хутка стоміцца. Яе сяброўка, з тымі ж усьмешлівымі цёмнымі вачыма, што былі ў яе ў школе, неўзабаве стане маці. Вера прымусіла ўсіх весяліцца на сваім вясельлі, нягледзячы на застылыя твары бацькоў. Толькі зірніце на яе. З сваім добра прыкметным пузікам, яна пад акампанэмэнт піяніна завяла “Гэй, Джудзі”. І неўзабаве суцэльны пакой сьпяваў “ла-ла-ла-ла-ла-ла, гэй Джудзі”.
Яна клялася Коні, што менавіта тага і хацела.
Дзіўна, але гэта сапраўды апынулася тым, чаго яна прагнула. Яна скончыла курсы і пачала працаваць у офісе бацькі Кевіна. У імгненьне вока яна ўладкавала іх, мякка кажучы, рудымэнтарную бухгалтэрыю. Зьніклі завалы на стале і прымацаваныя скрозь паперкі, зьявілася сапраўдная картатэка, завялі і акуратна запаўнялі рахунковую кнігу і кнігу папярэдняга запісу. Зьяўленьне падатковага інспэктара больш ня зрыньвала ўсіх у жах. Паволі Вера перавяла фірму ў іншую лігу.
Немаўлятка была сапраўдны анёлачак, маленечкая, з карымі вочкамі, з капой тых жа чорных валасоў, што ў Кевіна зь Верай. На хрэсьбінах Коні ўпершыню адчула лёгкі штуршок зайздрасьці. Яе і Жака запрасілі стаць хроснымі бацькамі. Жак прыйшоў з новай дзяўчынай. Спадніца ў гэтай жвавай асобы была залішне кароткай, ды і ўсё экіпіраваньне не занадта адказвала выпадку.
— Спадзяюся, ты шчасьлівы, — шапнула яму Коні ў хрысьцільні.
— Я гатовы заўтра ж да цябе вярнуцца. Сей жа момант, Коні.
— Ну ўжо не, і наогул ня вельмі хораша з твайго боку так разважаць.
— Яна патрэбна мне, толькі каб дапамагчы забыць аб табе.
— Магчыма, ёй атрымаецца.
— Ёй альбо наступным дваццаці сямі. Але сумняваюся.
Варожасьць сям'і Веры ў дачыненьні сям'і Кевіна зьнікла. Як часта здараецца, нявінны драбок у распашонцы, перадаваны з рук на рукі, перамог ўсе перашкоды … бабулі зь дзядулямі разам вышуквалі сямейныя насы, вушы і вочы ў малюсенькім пакуначку. Веры не прыйшлося сьпяваць «Гэй, Джудзі», каб весяліць іх, усе і так былі шчасьлівыя.
Сяброўкі па-ранейшаму часта бачыліся. Неяк Вера спытала: — Жадаеш ведаць, як моцна Жак смуткуе безь цябе?
— Не, калі ласка. Ні словы.
— А што мне сказаць, калі ён спытае, ці сустракаесься ты з кімсьці?
— Адкажы яму шчыра. Сустракаюся час ад часу, але нікім сур'ёзна не захапілася і замуж не зьбіраюся.
— Добра, — паабяцала Вера. — Але мне ты можаш сказаць? Хтосьці пасьля яго табе падабаўся?
— Амаль. Аднойчы.
— У цябе зь імі штосьці было?
— Не магу я абмяркоўваць такія рэчы з шаноўнай замужняй жанчынай, маці сямейства.
— Значыцца не, — і яны зь Верай захіхікалі, як хіхікалі, калі вучыліся друкаваць.
Зьнешнасьць і манеры Коні давалі ёй немалыя перавагі на інтэрвію. Яна ніколі не дазваляла сабе выглядаць занадта нецярплівай, але і фанабэрыстасьці ў ёй не адчувалася. Яна адмовілася ад вельмі прывабнай працы ў банку, бо праца апынулася часовай.
Мужчына, які ладзіў інтэрвію, зьдзівіўся, нават уразіўся. — Навошта вы ішлі, калі не зьбіраліся згаджацца на гэтае месца?
— Прачытайце ўважліва сваю абвестку, там няма ні словы аб тым, што праца будзе насіць часовы характар.
— Але патрапіўшы ў банк, спадарычня А’Коўнэр, вы маглі бы далей разьлічваць на вызначаныя перавагі.
Коні трымалася непарушна. — Калі ужо патрапіць ў банк, дык у якасьці штатнага банкаўскага службоўца, часткі сыстэмы.
Ён запомніў яе і ўвечары распавёў аб ёй у гольф клюбе двум сябрам. — Памятаеце Рычарда А’Коўнэра, дантыста, які спусьціў апошнюю кашулю? Яго дачка прыходзіла сёньня да мяне на гутарку. Сапраўдная маленькая Грэйс Кэлі, неверагодна стыльная. Мне карцела даць ёй працу, хоць ў памяць аб старым Рычарду, але яна адмовілася. Бліскучая дзяўчынка.
Адзін з прыяцеляў, уладальнік гатэля, пацікавіўся: — Падыдзе яна для працы на рэцэпцыі?
— Менавіта тое, што ты шукаеш, магчыма, нават занадта добрая для цябе.
Так на наступны дзень Коні атрымала запрашэньне на іншае інтэрвію.
— Гэта вельмі простая праца, спадарычня А’Коўнэр.
— Але чаму тады я здолею там навучыцца? Мне бы карцела займацца справай, што дае магчымасьць прафэсійнага росту.
— Размова ідзе аб новым гатэлі найвысокага клясу. Ваша пасада стане тым, што вы здолееце зь яе зрабіць.
— Чаму вы лічыце мяне прыдатнай кандыдатурай?
— Тры чыньнікі: ваша прыгажосьць, ваша выдатная прамова і памяць аб вашым бацьку.
— Я не згадвала свайго нябожчыка бацьку ў гэтым інтэрвію.
— Не, але я ведаю, хто ён. Не чаўпі, дзяўчынка, згаджайся на гэтую працу. Твой бацька жадаў бы, каб аб табе падбалі.
— Ну, калі і жадаў, ён ня шмат для тага зрабіў за сваё жыцьцё.
— Не кажы так, ён вельмі любіў вас.
— Адкуль вы ведаеце?
— Ён заўсёды паказваў нам падчас гольфу фатаграфіі вас траіх. Лепшых дзяцей у сьвеце, па ягоным словам.
Сьлёзы абпалілі ёй вочы. — Я не жадаю працы з жалю, спадар Хайес.
— Спадзяюся, мая дачка адчувала бы тое самае, але таксама спадзяюся, яна ня стала бы надаваць гонару занадта вялікае значэньне. Ці ведаеш, ганарыстасьць — сьмяротны грэх, але больш важна, што горш кампаніі для зімовых вечароў не знайсьці.
Зь ёй дзяліўся сваімі поглядамі адзін з найбагацейшых дублінцаў. — Дзякую, спадар Хайес, шаную вашу дабрыню. Магу я абмеркаваць прапанову?
— Мне бы больш спадабалася неадкладная згода. На гэтае месца прэтэндуе яшчэ тузін маладых жанчын. Прымайся за працу і зрабі яе грандыёзнай.
Увечар Коні патэлефанавала маці.
— Я зьбіраюся працаваць у Хайес Гатэлі. У панядзелак, на адкрыцьці, мяне прадставяць як твар гатэля, першага рэгістратара, вылучанага з сотняў прэтэндэнтак. Так скажуць прадстаўнікі па сувязях з грамадзкасьцю. Уяві, мая фатаграфія будзе ў вячэрніх газэтах. — Коні ад хваляваньня была сама не свая.
Яе маці тое не занадта ўразіла. — Вядома, яны плянуюць выкарыстаць цябе ў якасьці гэтакай маленькай бязмоўнай бляндыначцы, якая бязглузда ўсьміхаецца фатографам.
Коні ахапіла туга. Яна дбайна прытрымлівалася ўказаньняў маці, скончыла курсы сакратароў, жыла ў крэўных, знайшла працу. Але ня мае намеру цярпець абразы і пагарду. — Калі ты, маці, памятаеш, я зьбіралася паступіць ва ўнівэрсытэт і стаць юрыстам. Раз ужо таму не наканавана спраўдзіцца, даводзіцца выбіраць лепшае з пакінутага. Шкада, што табе гэта не падабаецца, я думала, ты будзеш задаволена.
Маці зараз жа раскаялася ў сказаным. — Даруй, я ня маю рацыю. Калі б ты ведала, як тут гавэндаюць аба мне … Яны кажуць, я нагадваю нашу знакамітую цётку Каці, а ты памятаеш, якія легенды хадзілі аб ёй у сям'і.
— Усё нармалёва, маці.
— Не, зусім не, мне сорамна. Я вельмі ганаруся табой. Я сказала гэтыя жудасныя рэчы проста таму, што мне невыносная думка аб падзяцы да людзей накшталт тага Хайеса, зь якім твой бацька гуляў у гольф. Ён, верагодна, ведае, што ты дачка небаракі Рычарда, і даў табе працу з жалю.
— Ці наўрад. Адкуль яму ведаць, маці, — схлусіла Коні ўпэўненым тонам.
— Пэўна, так. Сапраўды, адкуль яму ведаць? Прайшло ўжо амаль два гады. — Голас маці гучаў сумна.
— Я патэлефаную і распавяду табе, як усё прайшло.
— Абавязкова, Коні, дарагая, і не забывай мяне. Бо ты ведаеш, усё што ў мяне засталося — мой гонар. Я ня маю намеру запабягаць ні перад кім тут, мая галава, як заўжды, высока паднятая.
— Мне прыемна, што ты за мяне радая. Мае вітаньні блізьняткам. Я іх люблю. — Коні разумела, яна становіцца чужой двум чатырнаццацігадовым хлапчукам, якім прыйшлося хадзіць у грамадскую школу маленькага мястэчка замест прыватнага езуіцкага каледжа.
Бацька памёр, ад маці дапамогі чакаць не прыходзіцца. Ёй застаецца спадзявацца толькі на сябе. Яна рушыць радзе спадара Хайеса. І зробіць сваю першую сур'ёзную працу грандыёзнай. У Хайес Гатэлі яе запомняць як першага і лепшага рэгістратара.
Гэта быў файны выбар. Спадар Хайес віншаваў сябе зноўку і зноўку. І так падобная да Грэйс Кэлі. Цікава, як хутка сустрэне яна свайго Прынца?
Яна сустрэла яго праз два гады. Вядома, увесь гэты час канца не было рознага кшталту прапановам. Бізнэсмэны, якія рэгулярна спыняліся ў гатэлі, наперабой спрабавалі запрасіць выкшталцоўную спадарычню А’Коўнэр з рэцэпцыі ў нейкую модную рэстарацыю альбо шыкоўны начны клюб, якіх па ўсім горадзе адкрылася шмат. Але яна заставалася непрыступнай. Дабразычліва, з усьмешкай тлумачыла ім, што ня зьмешвае працу і задавальненьне.
— Ня мае гэта ніякага дачыненьня да працы, — у роспачы крычаў Тэдзі А’Хара. — Паслухайце, я спынюся ў нейкім іншым гатэлі, калі вы пагодзіцеся прыняць маё запрашэньне.
— З майго боку гэта было б чорнай няўдзячнасьцю па дачыненьні да Хайес Гатэлю, — усьміхнулася яму Коні. — Справадзіць усіх кліентаў да канкурыруючых устаноў.
Яна распавядала аб іх Веры. Веру, Кевіна і Дэйдру, да якой неўзабаве павінен быў далучыцца яшчэ адзін малы, яна наведвала кожны тыдзень.
— Тэдзі А’Хара запрашаў цябе на спатканьне? — у Веры акругліліся вочы. — Вох, Коні, калі ласка, выходзь за яго, мы тады зможам атрымаць кантракт на аздабленьне ўсіх яго крам. Забясьпечым сябе на ўсё астатняе жыцьцё. Напрамілы бог, выходзь за яго замуж.
Коні разрагаталася, але падумала, што магла бы рабіць для бізнэсу сяброў і болей. На наступны дзень яна сказала спадару Хайесу, што ведае адну вельмі добрую маленькую фірму маляроў і дэкаратараў. Можа, яны захочуць уключыць іх у сьпіс сэрвісных службаў? Спадар Хайес адказаў, што гэта прэрагатыва адпаведнага мэнэджэра, але вось асабіста яму патрэбен хтосьці для прац у яго загараднай хаце, у Факсроке.
Кевін зь Верай бясконца распавядалі аб тым, якая вялізная і шыкоўная хата ў Хайеса, якая ў яго любасная сям'я і чароўная маленькая дачушка Мар'яна. Кевін з бацькам рабілі для дзяўчынкі спальню са ўсёй мажлівай раскошай. Уласную маленькую ружовую спальню, толькі ўявіць, для дзіцяці!
Пры тым ні ценю зайздрасьці ў Веры альбо Кевіна, толькі падзяка за дапамогу. Спадара Хайеса якасьць працы задаволіла і ён парэкамэндаваў маленькую фірму знаёмым. Неўзабаве Кевін ужо кіраваў сымпатычным вэнам. Яны сур'ёзна пагаворвалі аб хаце пабольш да зьяўленьня другога дзіцяці.
Жак, які заняўся электрыкай, па-ранейшаму сябраваў зь імі. — Магу я падкінуць яму трошкі працы? — пацікавілася Коні. Вера абяцала празандаваць глебу. Жак ня стаў саромецца ў выразах: — Хай гэтая ганарыстая сьцерва падушыцца сваімі ласкамі.
— Ён, падаецца, не занадта зацікавіўся, — пераклала Вера, як заўжды імкнучыся захаваць лад.
І дакладна калі ў Веры і Кевіна нарадзіўся Чарлі, Коні сустрэла Гары Кейна. Прыгажэй мужчыны яна ў жыцьці ня бачыла. Высокі, з каштанавымі валасамі, густымі кучарамі падаючымі на плечы, цалкам не падобны на маючых дачыненьне да бізнэсу людзей, зь якімі ёй прыходзілася сутыкацца. Лёгкая ўсьмешка для кожнага і манера паводзін, якой уласьціва чаканьне дабразычлівай ўвагі з усіх бакоў. Швэйцары сьпяшаліся расхінуць перад ім дзьверы, дзяўчынка ў крамачцы пакідала астатніх пакупнікоў, каб хутчэй аддаць яму сьвежую газэту, і нават Коні, прызнаная пані недатыка, ветліва ўсьміхалася яму і рабіла вочкі.
Яе радавала, што ён бачыць, як нязмушана яна ўладкоўвае складанасьці, якія часам ўзьнікаюць зь некаторымі лютымі пастаяльцамі. — Вы сапраўдны дыплямат, спадарычня А’Коўнэр, — захапляўся ён.
— Заўсёды радыя бачыць вас, спадар Кейн. У вашым пакоі для перамоў усё падрыхтавана.
Гары Кейн з двума старэйшымі паплечнікамі займаўся новым і вельмі пасьпяховым страхавым бізнэсам. Яны адбіралі кавалак хлеба ў больш вядомых кампаній. Шмат хто падазрона пазіраў у іх бок. Растуць як на дражджах, казалі пра іх, тут і да шкоды недалёка. Але справы ішлі без сучка, без задзірынкі. Кампаньёны працавалі ў Галуэйе і Корке. Сустракаліся яны кожную сераду ў Хайес Гатэлі. Сустрэчы працягваліся зь дзевяці да дванаццаці трыццаці ў прысутнасьці сакратара ў зяле канфэрэнцыяў, пасьля чаго ладзіўся падабед з запрошанымі. Гэта маглі быць чальцы ўраду, кіраўнікі прамысловых карпарацый або буйных прафсаюзаў.
Коні зьдзіўляла, чаму яны ня ладзяць паседжаньні ў сваім Дублінскім офісе. У Гары Кейна вялізны прэстыжны офіс у георгіеўскім квартале з добрым тузінам службоўцаў. Мусібыць, зь меркаваньняў сакрэтнасьці, вырашыла яна. І ў пазьбяганьне перашкод. У гатэлі меліся выразныя інструкцыі датычна тэлефанаваньняў: па серадах залю канфэрэнцыяў ні з кім ні ў якім выпадку не злучаць. Сакратар, безумоўна, уведзена ва ўсе іх таямніцы, ёй, напэўна, вядомыя ўсе шкілеты ў шафе. Коні зь цікавасьцю разглядала яе кожны тыдзень, калі яна ўваходзіла і выходзіла зь імі. Яна нязьменна мела пры сабе партфэль з дакумэнтамі і ніколі не далучалася да паплечнікаў за падабедам. Давераная асоба.
Коні бы таксама карцела выконваць падобную працу для кагосьці. Кагосьці накшталт Гары Кейна. Выкарыстаючы ўсю сваю чароўнасьць, яна спрабавала завязаць гутарку з гэтай жанчынай пры кожным зручным выпадку.
— Усё ў зяле канфэрэнцыяў ўладкоўвае вас, спадарычня Кэсі?
— Зразумела, спадарычня А’Коўнэр, у адваротным выпадку спадар Кейн паведаміў бы вам.
— Мы маглі бы ўсталяваць аўдыё-відэа абсталяваньне апошняга пакаленьня, калі яно можа спатрэбіцца для вашых сустрэч.
— Дзякуй, не.
Спадарычні Кэсі заўжды так карцела сысьці, быццам яе партфэль быў напханы «гарачымі грашыма». Магчыма, так і было. Коні і Вера абмяркоўвалі гэта гадзінамі.
— На мой погляд, яна фэтышыстка, — выказала здагадку Вера, адначасова гукаючы на каленах малога Чарлі і пераконваючы Дэйдру, што любяць яе ўсе значна больш за Чарлі і яна куды прыгажэй, як Чарлі калісьці будзе.
— Што? — Коні не магла ўцяміць, што Вера мела на ўвазе.
— Сада-маза, сячэ іх да страты прытомнасьці кожную сераду. Яны жыць без тага ня здольныя. Вось у чым сабака закапаны. Сячэ дубцом!
— Вох, Вера, хацела б я, каб ты яе ўбачыла. — Коні разрагаталася да сьлёз, ўявіўшы спадарычню Кэсі у гэтай ролі. І, як ні дзіўна, рэўнасьць ахапіла яе пры думцы аб блізкіх зносінах паміж стрыманай, элегантнай спадарычняй Кэсі і Гары Кейнам. Нічога падобнага яна дагэтуль не выпрабоўвала.
— А ты ім захапілася, — глыбакадумна зазначыла Вера.
— Толькі таму, што ён не зьвяртае да мяне ўвагі. Ты ж ведаеш, як гэта дзейнічае.
— Што табе ў ім падабаецца?
— Ён трохі нагадвае мне бацьку, — раптам прызналася Коні, яшчэ не пасьпеўшы зразумець, што менавіта гэта яна і адчувае.
— Тым больш падстаў трымаць зь ім вуха востра. — Ні адзін чалавек акрамя Веры ня мог згадаць маленькае хобі нябожчыка Рычарда А’Коўнэра, не паспытаўшы здольны спапяліць погляд яго дачкі.
Не афішуючы сваю цікавасьць, Коні пазнавала аб Гары Кейне ўсё больш і больш. Яму каля трыццаці, халасты, бацькі зь вёскі, дробныя фэрмэры. Адзіны з усёй сям'і зьвязаны з буйным бізнэсам. Жыве ў халасьцяцкай кватэры з выглядам на мора. Ходзіць на прэм'еры і адкрыцьці галерэй, але звычайна ў кампаніі. Яго імя часта згадваецца ў газэтах, гэта заўжды альбо паведамленьне аб удзеле ў чарговай тусоўцы, альбо аб прысутнасьці на скачках у ложы кагосьці зь Вялікіх Гаспадароў. Ажэніцца ён, і сумнявацца няма чаго, так, каб парадніцца з заможнай сям'ёй, накшталт спадара Хайеса. Дзякаваць Богу, яго дачка пакуль маленькая, школьніца, а то бы яна ідэальна яму падышла.
— Маці, чаму бы табе не прыехаць у Дублін неяк у сераду на цягніку? Запрасіла бы сябровак на падабед у Хайес Гатэлі. Там цябе, падаецца, зусім закатавалі.
— У мяне не засталося ў Дубліне ніякіх сябровак.
— Вядома, засталіся. — Яна пералічыла некаторых.
— Мне іх жаль не патрэбны.
— Аб якім жалю прамова, калі ты запросіш іх на цудоўны падабед? Давай, паспрабуй. Можа, у іншы раз яны цябе запросяць.
Маці неахвотна пагадзілася.
Яны разьмясьціліся непадалёк ад століка спадара Кейна, гасьцямі якога былі ўладальнік газэты і два міністра. Дамы атрымлівалі поўную асалоду ад свайго падабеду і таго факту што ім, відавочна, аказвалі нават больш увагі, як іх надзвычай важным суседзям.
Як Коні і спадзявалася, падабед атрымаўся добры. Адна зь сябровак абвясьціла, што наступным разам частуе яна. Таксама ў сераду, праз месяц. Так і павялося. Маці Коні адчула сябе больш ўпэўнена і радасна. Калі хто і згадваў аб яе нябожчыку мужы, дык толькі як аб «бедным Рычарду», як сказалі бы яны аб нябожчыку любой удаве.
Коні кожны раз наведвалася да іх століку, рабіла ім камплімэнты і прапаноўвала па келіху партвэйну. Вельмі дэманстратыўна падпісвала рахунак за партвэйн, таму ні ў каго не заставалася сумненьняў, гэта падарунак. Не забывала яна надарыць асьляпляльнай усьмешкай і столік Кейна.
На чацьвёрты раз ён на самай справе зазначыў яе. — Вы вельмі добрая да гэтых пажылых дам, спадарычня А’Коўнэр, — сказаў ён.
— Гэта мая маці і колькі яе сябровак. Ім падабаецца сустракацца тут. А мне прыемна бачыць яе, яна, ці бачыце, жыве ў вёсцы.
— Вось як, а дзе вы жывяце? — пацікавіўся ён з чакальным агеньчыкам у вачах.
Надышла яе чарга вымавіць: «жыву ў сваёй кватэры» альбо «жыву адна». Але Коні была напагатове. — Ну, я, вядома, жыву ў Дубліне, спадар Кейн, але мару калісьці павандраваць. Прагну паглядзець іншыя гарады. — Яна нічым ня выдала сябе. Яго цікавасьць узмацнілася.
— Так і будзе, спадарычня А’Коўнэр. Вы бывалі ў Парыжы?
— Пакуль не, на жаль.
— Я зьбіраюся туды ў наступныя выходныя. Жадаеце скласьці мне кампанію?
Яна весела засьмяялася. — Гэта было бы цудоўна! Але баюся, аб тым ня можа быць і прамовы. Спадзяюся, вы добра праведзяце час.
— Магу я па вяртаньні запрасіць вас на абед і распавесьці аб паездцы?
— Буду вельмі радая.
Так гэта пачалося, раман Коні А’Коўнэр і Гары Кейна. І з таго часу Коні ведала, Сабіна Кэсі, яго цудоўны сакратар, ненавідзіць яе. Яны як маглі хавалі свае адносіны, але гэта было досыць складана. Калі яго запрашалі, напрыклад, у опэру, яму карцела ўзяць яе з сабою. Ён не жадаў ісьці з натоўпам прыяцеляў. Іх імёны неўзабаве злучылі. Адзін з журналістаў апісаў яе як яго бялявую спадарожніцу.
Яна ўбачыла гэта ў нядзельнай газэце. — Мне не падабаецца, — сказала яна. — Гэта ператварае мяне ў нешта нязначнае, амаль у тандэт.
— Тое, што ты мая спадарожніца? — ён зьдзіўлена прыўзняў бровы.
— Ты выдатна разумееш, што я маю на ўвазе. Слова спадарожніца і ўсё што пад ім разумеецца.
— Паслухай, не мая віна, што яны памыляюцца. — Ён прыклаў шмат моц, каб схіліць яе да ложка, але яна ўпарта адмаўлялася.
— Я лічу, мы павінны спыніць сустрэчы, Гары.
— Ты так ня думаеш.
— Я не жадаю тага, але лічу, так будзе лепш. Паслухай, проста мяне палохае пэрспэктыва пазабаўляцца з табой, а потым атрымаць адстаўку. Сур'ёзна, Гары, ты мне занадта падабаесься. Больш чым падабаесься, я няўпынна думаю аб табе.
— І я аб табе. — Гэта прагучала вельмі шчыра.
— Так ці ня лепш спыніцца зараз?
— Як гэта кажуць …?
— Своечасова выйсьці з гульні, — яна ўсьміхнулася яму.
— Я не жадаю выходзіць з гульні.
— Я таксама, але потым будзе цяжэй.
— Ты выйдзеш за мяне замуж? — спытаў ён.
— Не, ня ў тым жа справы. Я не зьбіраюся прыстаўляць табе стрэльбу да скроні. Гэта ніякі не ўльтыматум, так нам абодвум будзе лепей.
— Я табе прыстаўляю стрэльбу. Выходзь за мяне.
— Чаму?
— Я цябе кахаю.
Вясельле адбылася ў Хайес Гатэлі. Усе настойвалі. Да спадара Кейна тут ставіліся як да чальца сям'і, спадарычня А’Коўнэр была сэрцам гэтага месца з моманту адкрыцьця.
Маці Коні не прыйшлося плаціць ні за што, акрамя свайго ўбору. Яна змагла запрасіць сваіх сябровак, зь якімі ізноў пачала бачыцца. Яна нават запрасіла некалькі сваіх старых ворагаў. Яе сыны-двайняты былі шафэрамі на найбольш вытанчаным вясельлі, што даводзілася бачыць Дубліну за апошнія гады, яе дачка была надзвычай гожая, жаніхом быў лепшы мужчына Ірляндыі. У гэты дзень маці Коні амаль даравала нябожчыка Рычарда. Апыніся ён зараз жывы, яна, магчыма, ня стала б яго забіваць. Яна зьмірылася з ударам, атрыманым ад лёсу.
У ноч перад вясельлем яны з Коні засталіся ў адным гатэльным нумары. — Не магу перадаць табе, якая для мяне асалода бачыць цябе такой шчасьлівай, — сказала яна дачцэ.
— Дзякуй, маці. Я ведаю, ты заўжды прагнула для мяне лепшага. — Коні была вельмі спакойная. З раніцы ў нумары цырульнік і візажыст навядуць прыгажосьць яе маці, Веры і ёй самой. Вера, шаноўная маці сямейства, трымцела ў поўным глыбокай пашаны жаху ад усёй гэтай пышнасьці.
— Ты сапраўды шчасьлівая? — нечакана спытала маці.
— Божухна, маці, — Коні прымусіла сябе стрымаць раздражненьне. Чаму маці заўжды трэба ўсё сапсаваць? Яна ўгледзелася ў яе добры, зьбянтэжаны твар. — Я вельмі, вельмі шчасьлівая. Але ведаеш, я баюся, што надакучу яму. Ён такі ўдачлівы, мае такі посьпех. Раптам я ня здолею ўтрымаць яго?
— Але ж ты ўтрымлівала яго дагэтуль, — цьвяроза зазначыла маці.
— Тое справа тактыкі. Я не спала зь ім, як усе астатнія, аб якіх я чула. Не апынулася лёгкай здабычай. Пасьля вясельля ўсё можа зьвярнуцца інакш.
Яе маці запаліла новую цыгарэту. — Проста запомні адну рэч, якую я табе зараз скажу. Больш я ніколі не паўтару, але ты запомні. Зрабі так, каб ён даваў табе грошы, што будуць прыналежаць толькі табе. Укладвай іх, беражы іх. Тады, чым бы ўсё ні скончылася, усё будзе ня так кепска.
— Вох, маці. — Яе вочы пацяплелі і напоўніліся жалем да маці. Маці, якую здрадзілі, якой прыйшлося перагледзець усё жыцьцё праз той факт, што яе муж спусьціў усю іх будучыню.
— Хіба грошы нешта зьменяць?
— Ты не ўяўляеш наколькі. Сёньня ўначы я буду маліцца аб тым, каб табе ніколі не прыйшлося тага пазнаць.
— Я абмяркую твае словы, — адказала Коні. Вельмі зручная фраза. Яна часьцяком карысталася ёй на працы, калі ня мела ні найменшага намеру абдумваць кімсьці сказанае.
Вясельле прайшло з трыюмфам. Кампаньёны Гары і іх жонкі абвясьцілі, што гэта лепшае вясельле з усіх, на якіх ім давялося пабыць. Гэтакі знак якасьці выдалі. Спадар Хайес меў цэльную прамову. На жаль, бацькі нявесты больш няма з намі, але ён, Хайес, возьме на сябе адказнасьць запэўніць прысутных, што Рычард выпрабоўваў бы шчасьце і гонар, калі б сёньня быў побач і бачыў, як зьзяе ад шчасьця яго прыгажуня дачка. Ён таксама павінен сказаць, што фартуна ўсьміхнулася Хайес Гатэлю. Коні Кейн, з гэтага часу яна будзе вядомая пад гэтым імем, пагадзілася працягнуць працаваць тут, пакуль ёй не перашкодзяць акалічнасьці.
Сярод прысутных пракаціўся гоман. Трэба ж, жонка такога заможнага чалавека будзе працаваць рэгістратарам у гатэлі пакуль не зацяжарыць. Бадай, на гэта не спатрэбіцца шмат часу.
Яны правялі мядовы месяц на Багамах. Коні спадзявалася, што тыя два тыдня стануць лепшымі ў яе жыцьці. Ёй падабалася размаўляць з Гары і сьмяяцца разам зь ім. Ёй падабалася шпацыраваць зь ім уздоўж пляжу, будаваць пясочныя замкі ў праменях ранішняга сонца ля самай вады, узяўшыся за рукі любавацца заходам, перад тым як адправіцца вячэраць і танчыць.
Але пасьцеля не давала ёй задавальненьня. Ніколькі. Яна ніяк не чакала тага. Яе шакавала яго хмулатасьць і нецярплівасьць. Яго жудасна раздражняла яе неспрактыкаванасьць. Нават калі яна зразумела, чаго ён жадае і памкнулася намаляваць узрушанасьць, якой не выпрабоўвала, ёй не атрымалася ўвесьці яго ў зман.
— Годзе, Коні. Спыні тыя ідыёцкія ўздыхі і стогны. Усіх котак распужаеш.
Ніколі яшчэ не адчувала яна сябе такой пакрыўджанай і самотнай. Трэба аддаць яму належнае, ён усё паспрабаваў. Ён выказваў далікатнасьць і ўважлівасьць. Ён абдымаў і лашчыў яе. Але пры кожнай спробе увайсьці ў яе яна напружвалася і быццам рабіла супраціў, хоць і паўтарала сабе безупынна, што менавіта таго яны абодва прагнуць.
Цёплымі цёмнымі начамі яна ляжала бяз сну, прыслухваючыся да незнаёмага сьпеву цыкад ды ракатаньня хваль. Яна імкнулася зразумець, ці ўсе жанчыны так пачуваюцца. Можа, гэта гіганцкая шматвяковая змова? Жанчыны нібы атрымліваюць асалоду ад тага, а сапраўды толькі прагнуць дзяцей і бясьпекі? Ці ня гэта мела на ўвазе яе маці, пераконваючы яе падбаць аб сваёй будучыні? У цяперашнім сьвеце, у 1970-е, жанчыны вымушаныя клапаціцца аб сабе. Зараз на мужчын, якія кінулі сям'ю, не глядзяць як на ліхадзеяў, а гульцоў, што зьнішчылі, як яе бацька, усе сямейныя зьберажэньні, успамінаюць як файных хлопцаў.
Гэтымі доўгімі, цёплымі, бяссоннымі начамі, калі яна нават не адважвалася зварухнуцца, бо баялася, што ён прачнецца і пакута пачнецца нанава, яна часта ўспамінала словы Веры. — Далібог, Коні, лепей перасьпі зь ім зараз. Паглядзі, ці спадабаецца табе. Раптам не — уяві, якое жыцьцё чакае цябе зь ім.
Яна сказала не. Ёй падавалася, сэкс трэба адкласьці на потым, уручыць яго як прыз у абмен на заручальны пярсьцёнак. Ён павінен паважаць яе жаданьне выйсьці замуж цнатлівай. Шмат разоў за апошнія месяцы яе цягнула да яго. Чаму яна не пайшла да канца? А што зараз? Проста бяда. Расчараваньне, якое пакіне непапраўны сьлед у іх жыцьці.
Пасьля васьмі дзён і васьмі начэй, што павінны былі стаць лепшымі момантамі ў жыцьці двух маладых здаровых людзей, а абвінуліся жахам расчараваньня і ўзаемнага неразуменьня, Коні вырашыла вярнуцца да свайго старога аблічча непахіснай жанчыны, якое так яго вабіла. Апрануўшы сваю лепшую цытрынавую зь белым сукенку, яна села на гаўбецы з кошыкам садавіны і кубачкам кітайскай кавы і паклікала яго: — Гары, уставай, прымі душ. Нам з табой трэба паразмаўляць.
— Гэта адзінае, на што ты заўжды здольная, — прабурчэў ён у падушку.
— Хутчэй, Гары, кава стыне.
Ён, як ні дзіўна, паслухаўся і выйшаў да сьняданку ўскудлачаны і чароўны ў сваім белым купальным халаце. Грэшна зь яе боку, падумала яна, ня здолець даставіць задавальненьне гэтаму мужчыне і ня даць яму магчымасьці даставіць задавальненьне ёй. Але ня гэта галоўнае, трэба вырашыць, што ж ім зараз рабіць.
Пасьля другога кубка кавы яна сказала: — Калі у цябе, ды і ў мяне на працы ўзьнікае праблема, мы зьбіраемся і абмяркоўваем яе, згодзен?
— Ты аб чым? — Ён не выяўляў жаданьня гуляць у тыя гульні.
— Памятаеш, ты распавядаў мне аб жонцы свайго паплечніка, якая моцна піла і магла распавесьці лішняе аб вашым бізнэсе. І як вы вырашылі, што яна не павінна ведаць нічога важнага. Выпрацавалі стратэгію … вы ўсе паведамлялі ёй як вялізную таямніцу ўсялякую лухту. І яна была цалкам шчасьлівая і цалкам шчасьлівая па гэты дзень. Вы распрацавалі гэтую стратэгію ўтрох. Вы селі разам і сказалі: — Мы не жадаем крыўдзіць яе, мы ня можам прысьвячаць яе ў нашыя справы, што ж нам рабіць? І вы адшукалі выйсьце.
— Ну дык? — ён не разумеў, куды яна хіліць.
— І у мяне на працы, калі паўсталі праблемы з пляменьнікам спадара Хайеса. Непраходны гальмар … яго трымалі там, каб трошкі абсклюдаваць для пасады кіраўніка. Нават сякера цясьляру ня здолела б яго абсклюдаваць. Як мы маглі распавесьці спадару Хайесу? Мы абмеркавалі гэта, тыя трое, каго гэта турбавала. Сустрэліся, селі і сталі думаць што нам рабіць. Мы высьветлілі, што хлапчук марыць быць музыкам, а ня мэнэджэрам гатэля і прапанавалі яму іграць на раялі ў адным з холаў. Гэта прыцягнула ў гатэль усіх яго заможных сяброў. Аб такім выніку можна было толькі мроіць.
— Куды ты хіліш, Коні?
— У нас з табой праблема. Я ня здольная гэтае зразумець. Ты файны, ты дасьведчаны палюбоўнік, я кахаю цябе. Думаю, вінаватая я. Магчыма, мне трэба зьвярнуцца да лекара ці да псыхатэрапэўта. Але я хачу разабрацца. Можам мы спакойна паразмаўляць, замест таго каб сварыцца, крыўдзіцца, упадаць у роспач? — Яна была такая любасная ў сваім парыве, тлумачачы рэчы, што так цяжка вымаўляюцца, што ў яго не знайшлося адказу.
— Скажы нешта, Гары. Скажы, што пасьля васьмі дзён і васьмі начэй мы не здаемся. Бо наперадзе нас чакае шчасьце. Скажы мне, што ты перакананы, усё будзе добра. — Ён па-ранейшаму маўчаў, цалкам зьбіты з толку. — Не маўчы, — узмалілася яна. — Проста скажы, чаго ты прагнеш.
— Я прагну мець дзіця, Коні. Мне трыццаць гадоў. Я прагну сына, які здолее забраць бізнэс у свае рукі, калі мне стукне пяцьдзесят пяць. Жадаю сям'ю пад бокам. Але ты ўсё гэта ведаеш. Бо мы так доўга абмяркоўвалі нашы мары і мэты, ноч за ноччу, да таго як я пазнаў … — ён запнуўся.
— Не, працягвай, — яе голас гучаў цалкам спакойна.
— Добра, да таго як я пазнаў, што ты фрыгідная. — Павісла маўчаньне. — Ты прымусіла мяне гэта сказаць. Ня бачу сэнсу абмяркоўваць тыя рэчы. — Ён выглядаў засмучаным.
Яна па-ранейшаму была непарушная. — Ты маеш рацыю, я прымусіла цябе. Так ты лічыш, я фрыгідная?
— Ну, ты сама сказала, магчыма, табе варта зьвярнуцца да псыхолягу, да лекара, да кагосьці. Можа, гэта неяк зьвязана з тваім мінулым. Божухна, я ня ведаю. І мне па-чартоўскі шкада, ты такая прыгажуня і нішто не магло бы знэрваваць мяне больш, як тое, што сэкс табе прыкры.
Ёй карцела екатаць, рыдаць, зьбегчы куды вочы глядзяць, але яна не магла сабе тага дазволіць. Яна павінна захоўваць спакой, трэба працягваць у тым жа духу.
— Прынамсі, у нас шмат агульных мэт. Я таксама прагну радзіць дзіця. Давай жа, не так ужо гэта складана. Шмат людзей тое робяць, ня будзем апускаць рукі. — Яна падаравала яму самую няшчырую ўсьмешку з усіх, якія хтосьці бачыў на яе твары, і рушыла зь ім зварот, у спальню.
Па вяртаньні ў Дублін яна ўпэўніла мужа, што хутка ва ўсім разьбярэцца і, адважна ўсьміхаючыся, паабяцала пракансультавацца з экспэртамі. Перш за ўсё яна запісалася на прыём да вядучага гінэколяга. Ён апынуўся надзвычай ветлівым і рахманым чалавекам. Паказаўшы схему жаночых рэпрадуктыўных органаў, растлумачыў ёй, дзе магчымы блякіраваньні і закаркоўваньні. Коні зь цікавасьцю вывучыла схему, што вельмі нагадвала плян новай вэнтыляцыйнай сыстэмы ў іх гатэлі. Яна ківала ў такт тлумачэньням, супакоеная яго лёгкай манерай і запэўненьнямі, што шмат хто ў сьвеце сутыкаецца з падобнымі складанасьцямі.
Але пры аглядзе пачаліся праблемы. Яна так моцна напружвалася, што абсьледаваць яе не ўяўлялася магчымым. Лекар стаяў поруч яе ў роспачы, рукі ў гумовых пальчатках апушчаныя, твар добры і адначасова адхілены. Яна не адчувала ніякай пагрозы да сябе зь яго боку. Было б такім палягчэньнем адшукаць нейкую мэмбрану, якую лёгка выдаліць. Але кожная цягліца у яе целе рабіла супраціў.
— Бадай, мы мусім правесьці абсьледаваньне пад наркозам. Вельмі зручна. Калі выявіцца неабходнасьць апэратыўнага ўмяшаньня, усё адразу і зробім, тады вы будзеце ў поўным парадку.
Працэдуру прызначылі на наступны тыдзень. Гары выказаў шмат каханьня і падтрымкі. Ён адправіўся ў лякарню дапамагчы ёй уладкавацца. — Ты гэтулькі значыш для мяне, ніколі я не сустракаў нікога падобнага да цябе.
— Ды ўжо, іду ў заклад, — яна спрабавала жартаваць. — Выставіць іх са свайго ложку, вось адзіная цяжкасьць, зь якой ты сутыкаўся да сустрэчы са мной.
— Коні, усё будзе выдатна, — ён быў такі далікатны, гожы, спагадлівы. Калі яна ня ў стане заняцца каханьнем з такім мужчынам, яна безнадзейная. Магчыма, паддайся яна ў свой час на ўгаворваньні людзей накшталт Жака, усё абвінулася бы інакш. Але лепш ці горш? Тага ёй ніколі не пазнаць.
Абсьледаваньне выявіла адсутнасьць фізычных адхіленьняў у спадарыні Канстанцыі Кейн. Працуючы ў гатэлі, Коні зразумела, калі ты ідзеш адным шляхам і трапляеш у тупік, трэба вярнуцца зварот і прайсьці іншым шляхам. Яна запісалася на прыём да псыхіятра, прыемнай жанчыны са шчырай усьмешкай і цьвярозым поглядам на жыцьцё. Размаўляць зь ёй было лёгка. Яна задавала кароткія пытаньні і чакала доўгіх адказаў. На працы Коні больш абвыкла да ролі слухача, але пакваля паддалася на цікавыя, не дакучлівыя пытаньні псыхіятра.
Спадарыня Кейн засьведчыла пажылую жанчыну ў адсутнасьці ў яе мінулым прыкрага сэксуальнага досьведу за поўнай адсутнасьцю ўсялякага. Не, яна не пачувалася ні недасканалай, ні дзіўнай, ні абдзеленай адсутнасьцю сэксу. Не, яе ніколі ня вабілі прадстаўніцы яе полу і моцнай эмацыйнай залежнасьці ні ад каго зь іх яна не выпрабоўвала. Яна распавяла гэтай жанчыне аб сваім цудоўным сяброўстве зь Верай, але растлумачыла, што ў іх адносінах няма ні намёку на сэксуальнасьць або залежнасьць, проста яны шчырыя адна з адной і любяць разам пасьмяяцца. А пачалося ўсё з таго, што Вера апынулася адзіным чалавекам, зь якім яна магла шчыра паразмаўляць аб сваім бацьку.
Псыхіятар выявіла плойму разуменьня і сымпатыі і задала безьліч пытаньняў аб бацьку Коні і аб расчараваньні, выпрабаваным ёй пасьля яго сьмерці. — Мне падаецца, вы надаяце зашмат увагі гісторыі з маім татам, — у нейкі момант сказала Коні.
— Цалкам магчыма. Распавядзіце мне, чым вы звычайна займаліся пасьля школы. Ён, да прыкладу, дапамагаў вам рабіць урокі?
— Я разумею, вы спрабуеце сказаць, што ён, магчыма, умешваўся ў маё жыцьцё альбо нешта ў гэтым духу, але нічога такога і блізка не было.
— Не, я тага не казала. Чаму вы так вырашылі?
Яны хадзілі вакол ды каля, пакуль Коні не расплакалася. — Я пачуваюся здрадніцай, калі так кажу аб сваім бацьку.
— Але вы не сказалі аб ім нічога благога, толькі то, якім добрым, пяшчотным і любячым ён быў, і як паказваў ваш фатаздымак знаёмым у гольф клюбе.
— Але ў мяне такое пачуцьцё, што гаворачы ўсё гэта, я вінавачу яго ў чымсьці накшталт сваіх няўдач у пасьцелі.
— Вы не вінавацілі яго ў тым.
— Я ведаю, але адчуваю, гэта ўзьнікае апроч маіх слоў.
— Чаму, як вы лічыце?
— Ня ведаю. Мабыць, я паставілася да яго ўчынку як да здрады. Мне прыйшлося перапісаць зноўку гісторыю ўсяго майго жыцьця. Ён ніколькі не любіў нас, раз нейкія коні і сабакі значылі для яго больш за нас.
— Так гэта выглядае для вас зараз?
— Ён ніколі не караў мяне, ніколі нічога мне не забараняў.
— Але ён здрадзіў, расчараваў вас.
— Вы ж не жадаеце сказаць, што паколькі адзін мужчына здрадзіў нас як сям'ю, я баюся ўсіх мужчын? Гэта неймаверна! — разрагаталася Коні.
— Ці так гэта непраўдападобна?
— Я стала маю справы з мужчынамі, я працую з мужчынамі. І ніколі не выпрабоўвала да іх страху.
— Але вы ніколі не дазвалялі нікому зь іх зблізіцца з вамі.
— Я падумаю аб тым, што вы сказалі, — паабяцала Коні.
— Падумайце аб тым, што сказалі вы, — адказала псыхіятар.
— Знайшла яна штосьці? — з надзеяй кінуўся ён насустрач.
— Розную лухту. З-за таго, што мой бацька апынуўся ненадзейным я, ці бачыце, лічу ненадзейнымі ўсіх астатніх мужчын, — Коні пагардліва засьмяялася.
— Магчыма, так і ёсьць. — Яго словы ўразілі яе.
— Але Гары, як тое магчыма? Мы такія шчырыя адно да аднаго, ты ніколі ня здрадзіш мяне.
— Спадзяюся, не, — адказаў ён так сур'ёзна, што яе ахапіла дрыготка.
Прайшоў тыдзень. Не адчуваючы ніякіх зьмен да лепшага, Коні з маленьнем прытулілася да мужа: — Давай ня будзем губляць надзеі, калі ласка, Гары. Я кахаю цябе, я так жадаю дзіця. Магчыма, калі ў нас будзе малы, я здолею паслабіцца і кахаць цябе як мае быць.
— Тш-ш, тш-ш, — ён разгладзіў трывожныя маршчынкі на яе твары і ўсё стала не пакутлівым і агідным, а проста вельмі цяжкім. Зараз яны займаліся сэксам досыць часта, каб яна магла зацяжарыць. Падумаць толькі, як часта цяжараць жанчыны, якія жыльлё выцягваюць, каб тага пазьбегнуць. Бяссоннымі начамі Коні пытала сябе, няўжо ў давяршэньне да ўсяго лёс вырашыў зрабіць яе бясплоднай? Але не. Яна мінула цыкл і, ледзь адважваючыся верыць, чакала, пакуль яе надзеі пацьвердзяцца. Тады яна паведаміла яму навіну.
Яго твар празьзяў. — Ты зрабіла мяне найшчасным чалавекам у сьвеце, — выгукнуў ён. — Я ніколі ня здраджу цябе.
— Я упэўненая, — адказала яна. Але такой упэўненасьці ёй цалкам не ставала. Бо яна ня ў стане падзяліць зь ім значную частку яго жыцьця і раней ці пазьней, прынамсі гэты бок ён падзеліць зь іншай. Тады яна павінна падзяліць зь ім хоць тую частку яго жыцьця, якую здольная.
Яны часта бывалі разам на сьвецкіх вечарынах. Коні настойвала, каб у Хайес Гатэлі да яе ставіліся як да спадарыні Канстанцыі Кейн, або проста як да жонкі Гары. З жонкамі іншых пасьпяховых бізнэсмэнаў яна зьбірала грошы на дзьве дабрачынныя суполкі. Яна ладзіла прыёмы ў сваёй новай шыкоўнай хаце, усё аздабленьне якой выканаў Кевін з сваёй сям'ёй.
Яна нічога не сказала маці аб складанасьцях паміж імі. Веры яна распавяла ўсё. — Калі малы народзіцца, — параіла Вера, — знайдзі сабе кагосьці і перасьпі зь ім. Раптам табе спадабаецца, тады ў цябе і з Гары справы пойдуць лепш.
— Я падумаю аб тым, — сказала Коні.
Дзяцёўня была гатовая. Коні пакінула працу. — Хоць найменшы шанец у нас ёсьць займець цябе назад, хай на няпоўны дзень, калі немаўлятка падрасьце і зможа заставацца зь нянькай? — умольваў спадар Хайес.
— Паглядзім. — Яна стала яшчэ спакайней і стрыманей за ранейшае, адзначыў спадар Хайес. Шлюб з такім непахісным чалавекам, як Гары Кейн, ані не паменшыў сілу яе духу.
Коні ўсталявала сабе мэтай падтрымліваць добрыя зносіны зь сям'ёй Гары. За адзін год яна нанесла ім больш візытаў, як іх сын у папярэднія дзесяць гадоў. Яна трымала іх у курсе ўсіх падрабязнасьцяў сваёй цяжарнасьці. Першы ўнук — значная вяха ў жыцьці любога чалавека, сказала яна ім. Гэтыя ціхія людзі трымцелі перад грандыёзнымі посьпехамі Гары. Увага нявесткі і цікавасьць да іх меркаваньняў аб імі будучага дзіцяці прыводзілі старых у захапленьне і нават бянтэжылі.
Коні ахапіла ўвагай і кампаньёнаў з жонкамі. Яна ўзяла за звычай кожную сераду ўладкоўваць для іх вячэры ў сваёй хаце. Днём, пасьля штотыднёвых сустрэч, кампаньёны аддавалі належнае вінам і стравам гатэлю, таму ўвечар яшчэ не адчувалі гумору да уежнай вячэры. Але кожны тыдзень яны з задавальненьнем спрабавалі тут прыгатаваны адмыслова для іх новы дэлікатэс. Нічога занадта тлустага, бо адзін зь іх заўжды на дыеце, і трункаў на стале не зашмат, паколькі другі ня супраць прыкласьціся да пляшкі.
Коні задавала пытаньні і выслухвала адказы. Яна запэўнівала жонак кампаньёнаў, што Гары так пахвальна адклікаецца аб іх мужах, што яна амаль раўнуе яго да іх. Яна памятала кожную маркотную падрабязнасьць аб іспытах іх дзяцей, удасканаленьні іх хат, іх апошняга адпачынку і вопраткі, што яны набылі. Яны былі амаль на дваццаць гадоў старэй за яе. Спачатку яна сапхнулася зь іх крыўдамі і падазрэньнямі. Праз шэсьць месяцаў яны ператварыліся ў яе адданых прыхільніц. Яны паўтаралі мужам, што Гары Кейн ня мог адшукаць лепшай жонкі, і хіба не выдатна, што ён не ажаніўся на гэтай ганарыстай Сабіне Кэсі, якая ўскладала на яго такія надзеі.
Кампаньёны не занадта дабразычліва ставіліся да крытыкі ў адрэсу цудоўнай Сабіны. Зь меркаваньняў разважлівасьці і мужчынскай салідарнасьці яны не лічылі патрэбным тлумачыць, што хоць шлюбныя пляны спадарычні Кэсі і не ўвянчаліся посьпехам, рамантычныя адносіны, што калісьці існавалі паміж ёй і Гары, мусібыць аднавіліся. Яны не маглі тага зразумець. Які сэнс ісьці на бок, калі ў цябе такая прыгажуня жонка, як Коні?
Калі Коні скеміла, што яе муж сьпіць з Сабінай Кэсі, яна выпрабавала жахлівы шок. Яна не чакала тага так хутка. Яму не прырупела шмат часу, каб здрадзіць яе. Шанец, адпушчаны ім іх сумеснаму жыцьцю, апынуўся дробязны. Сем месяцаў як яна выйшла замуж, тры месяца як зацяжарала, і яна бездакорна выконвала свае абавязкі. Ні адзін мужчына ня мог бы марыць аб лепшай спадарожніцы і больш камфортным жыцьці. Для ўладкаваньня хаты Коні спажыла ўсе свае немалыя пазнаньні ў гатэльным бізнэсе. Варта было яму захацець, і хата поўнілася людзьмі, кветкамі і весялосьцю. Па яго ж жаданьню хата рабілася ціхай і спакойнай. Але ён прагнуў большага.
Магчыма, ёй было бы лягчэй зьмірыцца, будзь гэта выпадковыя прыгоды на нарадах у іншым горадзе ці ў замежных камандзіроўках. Але з гэтай жанчынай, якая заўсёды так відавочна жадала яго! Як зьневажальна, што яна займела яго зноўку. І займела так хутка.
Ён нават не турбаваўся надаць сваім тлумачэньням нейкае падабенства да праўды. — У панядзелак мне трэба ў Корк. Бадай, прыйдзецца пераначаваць, — сказаў ён. Адылі ў панядзелак увечар тэлефанаваў, шукаючы яго, паплечнік з Корку. Мусібыць, ён там і не паказваўся.
Коні вырашыла спусьціць справу на тармазах і нібы прыняць сумнеўныя прыдумы Гары. — Гэты хлопец забыў бы ўласнае імя, ня будзь яно напісана на яго партфэлі. Мне прыйшлося тры разы яму паўтарыць, што я начую ў гатэлі. Што гады зь людзьмі робяць.
А неўзабаве, калі ён памкнуўся ў Чэлтнем, бюро падарожжаў даслала квіткі да хаты. Квіток для Сабіны Кэсі ў тым ліку.
— Я і ня ведала, што вы едзеце разам. — Яе голас прагучаў нязмушана.
Гары сьцепануў плячыма. — У нас заплянаваныя дзелавыя перамовы, сустрэчы зь людзьмі. Хтосьці павінен займацца паперамі.
З тага часу ён адсутнічаў ня менш за адну ноч на тыдзень. І яшчэ пару разоў на тыдзень зьяўляўся так позна, што сумненьняў не заставалася, ён быў зь іншай. Ён прапанаваў асобныя спальні, каб не турбаваць яе і даць ёй магчымасьць спаць гэтулькі, колькі трэба ў яе становішчы. Коні пачувалася невыносна самотна.
Тыдні ішлі і іх зносіны зводзілася да мінімуму. Ён быў ласкавы зь ёй, часта хваліў. Асабліва яе вячэры па серадах. Яны сапраўды дапамагаюць умацоўваць адносіны з кампаньёнамі, казаў ён. Яны таксама гарантавалі, што ў сераду ён правядзе вечар у хаце, але яна не імкнулася распавесьці яму, што ў тым і складалася яе сапраўдная мэта. Яна заказвала таксоўку, каб адвезьці кампаньёнаў і іх жонак у Хайес Гатэль, дзе яны спыняліся з адмысловымі зьніжкамі.
Калі госьці зьяжджалі, яна магла нарэшце сесьці побач з Гары і паразмаўляць аб яго справах. Але часта думкі яе высьлізгвалі ад гэтай гутаркі. Цікава, у кватэры Сабіны Кэсі ён таксама сядзіць і абмяркоўвае свае посьпехі і паразы? Альбо запал настолькі іх захлынае, што яны зрываюць адно з аднаго вопраткі, ледзь заступіўшы парог, і займаюцца каханьнем на дыване ля каміну ня мая моцы дабрацца да спальні?
У адзін з такіх вечароў ён пагладзіў яе круглявы жывоцік і сьлёзы выступілі ў яго на вачах. — Мне так шкада, — вырвалася ў яго.
— Шкада? — Яе твар выказаў зьдзіўленьне. Ён спыніўся, разважаючы, ці варта тлумачыць сказанае. Яна хутка загаварыла, не жадаючы нічога пазнаваць, ні ў чым пераконвацца. — Аб чым ты шкадуеш? У нас ёсьць усё, амаль усё, а то, чаго няма, мы здолеем атрымаць зь цягам часу.
— Так, так, вядома, — ён узяў сябе ў рукі.
— А хутка нарадзіцца наш маленькі, — заспакаяльна шапнула яна.
— Усё ў нас будзе выдатна, — яго словы прагучалі непераканаўча.
Іх сын зьявіўся на сьвет пасьля васямнаццаці гадзін зьнясільваючай працы. Выключна здаровае дзіця. Ахрысьцілі яго Рычардам. Цалкам зразумелы выбар, тлумачыла яна, калі ужо і бацьку Гары клічуць так, і яе бацьку клікалі таксама. Той факт, што спадара Кейна старэйшага ўсё жыцьцё звалі Роні Кейн, не згадваўся. Па выпадку хрэсьбін у хаце зладзілі прыём, элегантны, але без прэтэнзій. Коні, стоячы ў холе, вітала госьцяў. Яе постаць праз тыдзень пасьля родаў зграбная як раней, яе маці тут, прыбраная і шчасьлівая, дзеці яе сяброўкі, Дэйдра і Чарлі, ганаровыя госьці.
Парафіяльны сьвятар выпрабоўваў да Коні самыя сяброўскія пачуцьці. Ён з гонарам прысутнічаў тут. Калі б усе яго вернікі былі гэтулькі шчодрымі і цудоўнымі як гэтая маладая жанчына. Сярэдніх гадоў юрыст, сябар бацькі Коні, таксама быў тут. Нязьменны чалец калегіі адвакатаў, бездакорная рэпутацыя, ніводнай паразы ў справах.
Гледзячы, як Коні ў сваёй элегантнай ядвабнай сукенцы колеру марской хвалі з прыбраным белым шлякам каўнярам стаіць побач зь сьвятаром і юрыстам, трымаючы на руках яго малютку сына, Гары адчуў цьмяную фатыгу. Незразумела, чым выклікана гэтае пачуцьцё. Мусібыць, грып пачынаецца. Вось недарэчы, наступным тыднем маецца шмат працы. Але ён ня мог адвесьці вачэй ад гэтай маляўнічай групы. Быццам яны нешта ўвасаблялі. Нешта пагрозьлівае да яго.
Амаль супраць волі ён наблізіўся да іх. — Якая любасная карціна, — кінуў ён у сваёй звычайнай нязмушанай манеры. — Мой сын у асяродзьдзі рэлігіі і закону ў дзень свайго хрышчэньня. Чаго больш можна яму пажадаць пры ўступе ў жыцьцё ў Сьвятой Ірляндыі?
Яны ўсьміхнуліся і Коні загаварыла: — Я як раз распавядала айцу А’Хара і спадару Мэрфі, які шчасьлівы ты павінен быць сёньня. Я паведаміла ім аб тваіх словах на восьмы дзень пасьля нашага вясельля.
— Бач. А што былі за словы?
— Ты сказаў, што прагнеш сына, які здолеў бы зьмяніць цябе ў бізнэсе, калі табе споўніцца пяцьдзесят пяць, і сям'ю побач. — Іншым яе голас падаваўся радасным і захопленым, але ён учуў ў ім ляск сталі. Яны ніколі не вярталіся да той гутаркі. Ён ўявіць сабе ня мог, што яна ўзгадае яму тыя словы, сказаныя ў парыве раздражненьня. Што яна паўторыць іх яму публічна. Што гэта, пагроза?
— Упэўнены, я сказаў гэта значна больш любасна, Коні, — усьміхнуўся ён. — Справы былі на Багамах, падчас мядовага месяца.
— Ты гэта сказаў. Ня варта спакушаць лёс, але ж я выказала айцу А’Хара і спадару Мэрфі сваю надзею, што ўсё і далей будзе рушыць пераважна у тым рэчышчы.
— Будзем спадзявацца, Рычарда зацікавіць страхавы бізнэс.
Адылі гэта пагроза; ён усьведамляў тое, але не разумеў, адкуль яна зыходзіць.
Праз колькі месяцаў нейкі праўнік прапанаваў яму зазірнуць да яго ў офіс на нараду. — Вы распрацоўваеце плян страхаваньня кампаніі? — пацікавіўся Гары.
— Не, справа асабістая, выключна асабістая, старэйшы юрысконсульт таксама будзе, — адказаў праўнік.
Старэйшым юрысконсультам апынуўся Т.П. Мэрфі, сябар бацькі Коні. Прыемна ўсьміхаючыся, ён маўчаў, пакуль праўнік тлумачыў, што прадстаўляе інтарэсы спадарыні Кейн. Яго мэта — зьдзейсьніць падзел сумеснай маёмасьці паводле Закона Аб Маёмасьці Замужніх Жанчын.
— Але яна ведае, палова таго, што я маю, прыналежыць ёй. — Ніколі ў жыцьці Гары ня быў так шакаваны. Па родзе дзейнасьці ён часьцяком сутыкаўся зь людзьмі, якія уражвалі яго, але каб да такой ступені?!
— Безумоўна, але варта прыняць да разгляду і іншыя фактары, — настойваў праўнік. Нязьменны чалец калегіі адвакатаў ня вымавіў ні словы, толькі пераводзіў погляд з аднаго твару на іншы.
— Напрыклад?
— Напрыклад, наяўнасьць у вашым бізнэсе элемэнту рызыкі, спадар Кейн.
— Элемэнт рызыкі прысутнічае ў любым чортавым бізнэсе, уключаючы ваш уласны, — адгыркнуўся той.
— Вам варта прызнаць, што кампанія ваша паўстала надзвычай хутка і надзвычай хутка разьвівалася, некаторыя актывы могуць некалькі адрозьнівацца ад тых, што фігуруюць на паперы.
Трасца яе бяры, распавяла суцягам аб тых сумнеўных угодах, адзіным накірунку, што турбуе яго з паплечнікамі. Інакш бы ім не даведацца.
— Калі яна спадзяецца прыбраць штосьці, узводзячы паклёп на нашу кампанію, ёй прыйдзецца за гэта адказаць, — самавалоданьне цалкам зьмяніла яму.
У гэты момант чалец калегіі адвакатаў нахіліўся наперад і загаварыў сваім лісьлівым голасам. — Паважаны спадар Кейн, вы шакуеце нас праявай такога неразуменьня. Ваша жонка турбуецца за вас. Вы, магчыма, трохі знаёмы зь яе мінулым. Укладаньні яе бацькі ня здолелі забясьпечыць яго сям'ю, калі …
— Знайшлі з чым параўноўваць. Гэты шалёны дантыст усадзіў усё, што зарабіў плямбоўкай зубоў, у канёў і сабак. — Двое праўнікаў моўчкі пераглянуліся. Гары Кейн сьцяміў, што выявіў сябе ня лепшым чынам. — Аднак ён, па агульных водгуках, быў файны хлопец, — неахвотна дадаў ён.
— Так, вельмі файны хлопец, як вы слушна прыкмецілі. Адзін з маіх найблізкіх сяброў, — холадна зазначыў Т.П. Мэрфі.
— Так. Так, вядома.
— Калі мы дакладна зразумелі спадарыню Кейн, хутка вы зь ёй чакаеце другое дзіця? — праўнік казаў, не падымаючы вачэй ад папер.
— Сапраўды так. Мы абодва вельмі радыя.
— І спадарыня Кейн, зразумела, змушаная пакінуць сваю пасьпяховую кар'еру ў Хайес Гатэлі, каб выхоўваць гэтых дзяцей і тых, якія, магчыма, народзяцца ў вас зь ёй у будучыні.
— Паслухайце, гаворка ідзе аб бязглуздай працы на рэцэпцыі. Выдаваць людзям іх ключы, жадаць прыемнага знаходжаньня ў гатэлі. Гэта не кар'ера. Яна выйшла за мяне замуж, яна можа мець усё, што ёй заманецца. Я у чымсьці ёй адмаўляю? Яна ўключыла гэта ў сьпіс сваіх прэтэнзій?
— Мяне вельмі суцяшае, што спадарыня Кейн адсутнічае тут і ня чуе вашых слоў, — дакорліва пакруціў галавой Т.П. Мэрфі. — Вы нават не ўяўляеце, як хібна вы тлумачыце сытуацыю. Ні аб якім сьпісе прэтэнзій ня можа быць прамовы. Гаворка ідзе аб імкненьні засьцерагчы вас, вашу кампанію і сям'ю, якую вы так імкнуліся стварыць. Яна пячэцца выключна аб вашых інтарэсах. Здарся штосьці з вашай кампаніяй, вы пазбавіцеся ўсяго, дзеля чаго так цяжка працавалі і працягваеце працаваць і прадпрымаць вялізную колькасьць вандровак, што адрываюць вас ад вашай сям'і.
— І што ж яна прапануе?
Зараз яны зьвярнуліся да сутнасьці. Адвакаты Коні жадалі перавесьці на яе імя практычна ўсё, і хату, і вызначаны высокі адсотак гадавога прыбытку за вылікам падаткаў. Яна створыць кампанію з уласнай радай дырэктараў. Паперы падрыхтаваныя, нават імёны ўжо ўпісаныя.
— Такі крок для мяне немагчымы.
— Чаму, спадар Кейн?
— Што падумаюць два маіх паплечніка, разам зь якімі мы стваралі кампанію? Усё роўна што сказаць ім: «Паслухайце, хлопцы, мяне трошкі бянтэжыць уся гэтая трасца, дык я перавяду сваю дзель на імя жонкі, каб вы ня здолелі дастаць мяне, калі смажаны певень дзюбане». Як гэта будзе выглядаць зь іх пункту гледжаньня? Як праява даверу да таго, чым мы займаемся?
Ніколі Гары не прыходзілася чуць голасу гэтулькі мяккага і адначасова гэтулькі пераканаўчага, як у Т.П. Мэрфі. Ён размаўляў вельмі ціха, адылі кожнае слова гучала крышталёва ясна. — Перакананы, вас цалкам задавальняе тое, як распараджаюцца сваімі прыбыткамі абодва вашы паплечніка, спадар Кейн. Хтосьці можа укласьці ўсё ў конны завод на заходнім узьбярэжжы, хтосьці, да прыкладу, аддае перавагу набыцьцю твораў мастацтва і прадзюсаваньне кінастужак і шоў-зорак. У вас гэта не выклікае пытаньняў. Чаму ў іх павінны выклікаць пытаньні вашы інвэстыцыі ў кампанію вашай жонкі?
Яна ўсё ім распавяла. Але як яна пазнала? Жонкі на вечарах па серадах … Добра ж, ён пакладзе гэтаму канец.
— А калі я адмоўлюся?
— Упэўнены, вы так ня зробіце. Магчыма, наш закон не дапушчае разводаў, але Шлюбны Кодэкс у нас маецца. Магу шчыра засьведчыць, любы, хто будзе прадстаўляць спадарыню Кейн у судзе, даможацца вялізных выплат. Да няшчасьця ўсё, зразумела, атрымае шырокую агалоску, а страхавы бізнэс такі залежны ад добрай рэпутацыі і даверу публікі …
Гары Кейн падпісаў паперы.
Ён адразу накіраваў машыну да сваёй вялікай камфартабэльнай хаты. Уздоўж паўднёвай сьцяны красаваліся высаджаныя садоўнікам расьліны. Ён прымусіў сябе ўвайсьці ў пярэдні пакой і зірнуў на сьвежыя кветкі ў вітальні, на чыстыя яркія колеры карцін. Карцін, што яны разам абіралі і разьвешвалі па сьценах. Між іншым кінуў погляд на вялізную гасьцёўню, у якой лёгка маглі разьмясьціцца сорак чалавек госьцяў. Толькі ў сталоўне сухія кветкі, там яны ніколі не ядуць, выключна падчас званых абедаў. Далей, далей, у залітую сонцам кухню, дзе Коні з лыжачкі корміць малога Рычарда цёртым яблыкам і захоплена сьмяецца, гледзячы, як ён гамае. На ёй любасная вольная сукенка ў кветачку зь белым каўнерыкам. Зьверху чуецца шум пыласоса. Хутка пад'едзе вэн дастаўшчыка з супэрмаркету.
Хата, па любых стандартах, вядзецца шыкоўна. Бытавыя дробязі ніколі не дакучаюць яму і не ўрываюцца ў яго жыцьцё. Вопратка яго заўсёды папраная, вычышчаная і папрасаваная. Яму ніколі не прыходзіцца купляць новыя шкарпэткі ці бялізну, але гарнітуры, кашулі і гальштукі ён выбірае сабе сам.
Ён стаяў і глядзеў на сваю прыгажуню жонку і цудоўнага сынка. Хутка ў іх будзе другое дзіця. Яна выканала ўсе свае абавязкі. У нейкім сэнсе яна мае права абараняць свае ўкладаньні.
Яна ня бачыла, што ён стаіць поруч, і калі ён варухнуўся, зьлёгку здрыганулася. Але ён зазначыў, першай яе рэакцыяй была радасьць. — Як выдатна, ты здолеў зазірнуць дахаты. Паставіць каву?
— Я бачыўся зь імі.
— З кім?
— З тваёй адвакацкай камандай, — ён быў наладжаны рашуча.
Яна засталася нязмушанай. — Значна прасьцей падаць ім усю гэтую папяровую цяганіну. Ты сам заўжды кажаш: «Не марнуй час, плаці экспэртам».
— Падаецца, нам шмат прыйдзецца заплаціць Т.П. Мэрфі за экспэртызу, судзячы па крою яго гарнітура і па яго гадзіньніку.
— Я ведаю яго ўсё жыцьцё.
— Так, ён так і сказаў.
Яна паказытала Рычарда пад падбародзьдзем. — Скажы татачцы дабрыдзень, Рычард. Ня часта ён днём выбіраецца дахаты пабачыць цябе.
— Так будзе заўжды? Зьедлівыя заўвагі, празрыстыя намёкі на тое, што мяне не бывае дома. Так ён вырасьце, і наступны таксама, татачка кепскі, татачка няўважлівы … так гэта будзе?
Яе твар азмрочыўся. Наколькі ён наогул разумеў яе, ён вырашыў, што яна сапраўды знэрвавалася.
— Гары, як жа табе растлумачыць, у мяне і ў думках не было ніякіх зьедлівых намёкаў. Клянуся табе. Я узрадавалася твайму прыходу і хацела, каб някемлік сказаў, што таксама рады цябе бачыць. У нашым жыцьці ніколі ня будзе ніякіх атрутных намёкаў. Я ненавіджу гэта ў іншых людзях і ніколі сабе тага не дазволю.
На працягу некалькіх месяцаў яна не датыкалася да яго, не спрабавала выказаць яму сваё каханьне. Але ён стаяў такі самотны і няшчасны, што яе сэрца ірванулася да яго. Яна падышла. — Гары, прашу, ня будзь такім, калі ласка. Ты такі добры да мяне, у нас цудоўнае жыцьцё. Давай атрымліваць асалоду ад яго, браць ад яго ўсё лепшае, а не атручваць яго колькі хапае сілы.
Ён нават не абняў яе, хоць яна абвіла яго шыю рукамі. — Ты не пытаеш, ці падпісаў я, — сказаў ён.
Яна адскочыла. — Я ведаю, падпісаў.
— Адкуль ты ведаеш? Яны патэлефанавалі табе, як толькі я сышоў?
— Не, зразумела яны не тэлефанавалі. — Яе пакарабаціла падобная здагадка.
— Чаму ж? Зрабіць справаздачу аб добра зробленай працы.
— Ты падпісаў, таму што гэта справядліва, і ты зразумеў, што ў канчатковым рахунку гэта на тваю жа карысьць.
Ён прыцягнуў яе да сабе і адчуў прытуліўшыся да яго жывоцік. Яшчэ адно дзіця, яшчэ адзін Кейн для дынастыі, якую ён прагнуў стварыць у гэтай выдатнай хаце. — Я бы так жадаў, каб ты кахала мяне.
— Я цябе кахаю.
— Ты ведаеш, аб чым я кажу. — Яго голас гучаў сумна.
— Я імкнуся. Я імкнуся, ты ж ведаеш. Кожную ноч я тут, калі ты захочаш мяне. Я бы жадала спаць з табой у адным ложку, у адным пакоі. Табе спатрэбілася асобная спальня.
— Я шыбаваў дахаты жудасна злы, Коні. Мне карцела сказаць табе, што ты паступіла як сьцерва, зрабіўшы гэта ззаду мяне, адабраўшы ў мяне ўсё да апошняга пэні. Мне карцела сказаць, што імя Махлярка падышло бы табе больш. Я шмат чаго прагнуў табе сказаць. — Яна чакала. — Але шчыра кажучы, я думаю, ты проста зьдзейсьніла такую ж вялікую памылку, як і я. Ты проста нешчасьлівая.
— Я хутчэй самотная, чым няшчасная.
— Заві гэта, як хочаш, — сьцепануў ён плячыма. Зараз, атрымаўшы грошы, ты станеш менш самотнай?
— Бадай, я буду менш спалоханай.
— Што табе палохае? Што я страчу ўсё, як твой стары? Што ты зноўку зьбяднееш?
— Не, усё зусім інакш. — Коні гаварыла бязь ценю сумненьня. Ён ведаў, яна кажа шчыра. — Нэндза мне не пагарджае. У адрозьненьне ад маці, я ў стане зарабіць сабе на жыцьцё. Але я баюся расчараваньня, што напаткала яе. Я баюся зьненавідзець цябе, калі мне прыйдзецца вярнуцца на працу, якую я здолела пакінуць дзякуючы табе, прыйдзецца зноў спусьціцца на прыступку ніжэй. Я ня вытрываю, калі дзецям, якія расьлі у чаканьні аднаго жыцьця, прыйдзецца ў выніку зьмірыцца з зусім іншым лёсам. Я занадта добра знаёмая з такімі рэчамі па ўласным досьведзе, вось чаму мяне гэтае пужала. Мы маем амаль усё, да чаго імкнуліся, мы так добра ладзім ва ўсім, акрамя ложку. Я бы жадала, каб так працягвалася да самой сьмерці.
— Зразумела.
— Мог бы ты быць мне сябрам, Гары? Я кахаю цябе і жадаю для цябе самога лепшага, нават калі я не заўсёды здольная гэта выказаць.
— Ня ведаю, — ён падняў ключы ад машыны, зьбіраючыся зноў зьехаць. — Я ня ведаю. Я жадаў бы быць табе сябрам, але ня думаю, што магу давяраць табе і што табе варта давяраць сябрам. — Ён зьвярнуўся да Рычарда, які весела цёхкаў у сваім высокім крэсьліце. — Не хвалюй матулю, маленькі. Можа, яна і робіць выгляд, што ўсё ідзе цудоўна і даецца ёй лёгка, але жыцьцё ў яе ня цукар. — Ледзь дзьверы зачынілася за ім, Коні расплакалася. Яна плакала так, што сэрца яе, падавалася, гатова было разарвацца.
Нарадзілася дзяўчынка. Назвалі яе Веранікай. А праз год на сьвет зьявіліся двайняты. Калі сканаваньне паказала два зародка, Коні была на сёмым небе ад шчасьця. У яе сям'і зьявяцца двайняты, як выдатна. Яна думала, Гары таксама ўзрадуецца. — Бачу, ты задаволеная, — холадна адзначыў ён. — Разам чацьвёра. Поўны камплект. Можна апусьціць заслону над усёй гэтай бруднай і брыдкай справай. Якое палягчэньне.
— Ты, аказваецца, здольны на вялізную сібернасьць, — прашаптала яна.
Для зьнешняга сьвету яны заставаліся цудоўнай парай. Спадар Хайес, чыя дачка Мар'яна вырасла ў маладую прыгажуню, да якой мазалі халяўкі ўсе дублінскія паляўнічыя за грашыма, па ранейшым заставаўся Коні добрым сябрам і часьцяком раіўся зь ёй па пытаньнях гатэльнага бізнэсу. Калі яе вочы часам і падаваліся яму занадта сумнымі, ён не прамовіў ні словы.
Да яго траплялі чуткі, што Гары Кейн ня вельмі добры муж. То там, то тут яго бачылі зь іншымі жанчынамі. Адданая сакратарка па-ранейшаму была ў яго на буксіры. Але гады ішлі і наглядальны спадар Хайес вырашыў, што пара, мабыць, прыйшла да нейкага кампрамісу.
Старэйшы, Рычард, добра пасьпяваў у школе і нават увайшоў у дзесятку лепшых на кубку па рэгбі сярод школьнікаў. Вераніка канчаткова вырашыла прысьвяціць сваё жыцьцё мэдыцыне. З таго часу, як ёй споўнілася дванаццаць, іншыя інтарэсы спынілі для яе існаваньне. Двайняты расьлі чароўнымі няўрымсьлівымі хлапчукамі.
Кейны дагэтуль ўладкоўвалі цудоўныя прыёмы і часьцяком паказвалася разам на людзях. Коні падышла да сваіх сарака куды больш элегантнай і выкшталцоўнай, як хтосьці іншы з шыкоўна апранутых жанчын яе пакаленьня. Яна ніколі не марнавала час на вывучэньне модных павеваў, не захаплялася купляй рэчаў ад куцюр, што цалкам магла сабе дазволіць, але заўжды выглядала файна.
Яна не была шчасьлівая. Вядома, яна не была шчасьлівая. Але Коні разумела, шмат хто жыве выключна надзеяй, што справы пойдуць лепш, наперадзе замігціць сьвятло, чорна-белая кінастужка іх жыцьця ператворыцца ў каляровую.
Магчыма, так жыве большасьць людзей, і ўсе гэтыя гутаркі аб шчасьці толькі дзіцячы лопат. За сваю доўгую працу ў гатэлі яна нагледзелася на самотных і непрыкаяных людзей. Назіраючы за пастаяльцамі, немагчыма не зазначыць гэты бок жыцьця. Ды і большасьць чальцоў розных дабрачынных камітэтаў ладзяць бясконцыя сустрэчы за ранішняй кавай проста імкнучыся неяк прыхаваць пустэчу свайго жыцьця.
Яна прачытала плойму кніг, бачыла ўсе п'есы, што жадала, некалькі разоў езьдзіла ў Лёндан.
Гары ніколі не знаходзіў часу правесьці адпачынак зь сям'ёй. Так ён казаў. Яе бянтэжыла, ці прымячаюць дзеці, што паплечнікі бацькі езьдзяць у адпачынак з жонкамі і дзецьмі. Але дзеці часьцяком вельмі неназіральны. Іншыя жанчыны езьдзілі замежжа з мужамі, Коні ніколі. У Гары адна вандроўка зьмяняла іншую. Па яго словам, гэта заўжды мела дачыненьне да працы. Безумоўна цікава, якія, ўласна, справы можа мець яго страхавая кампанія на поўдні Іспаніі ці на напярэдадні адчыненым курорце на грэцкіх выспах. Але яна не задавала пытаньняў.
Гары шукаў сэксу. Гэтага яна яму даць не магла. Няшчыра зь яе боку было адмаўляць яму ў магчымасьці дзесьці знайсьці тое. Яна не раўнавала яго ні да Сабіны Кэсі, ні да іншых яго каханак. Неяк адна зь сябровак са сьлязамі паскардзілася Коні на здраду мужа. Яе даводзіла да ўтрапёнасьці думка аб тым, што ён робіць зь іншай жанчынай тое ж, што рабіў зь ёй. Коні гэта цалкам не хвалявала.
Яна б лічыла за лепшае, каб ён меў тага кшталту рэчы па-за хатай, і быў любячым сябрам у колу сваёй сям'і. Яна была бы шчасьлівая падзяліць зь ім яго спальню, пляны, надзеі і мроі. Няўжо яна прагне зашмат? Ці не занадта сурова адмовіць ёй ва ўсім толькі таму, што яна апынулася няздольнай любіцца зь ім так, каб гэта давала яму задавальненьне? Урэшце яна нарадзіла яму чацьвярых дзяцей.
Коні ведала, сёй-той мяркуе, што ёй бы лепей сысьці ад Гары. Вера, напрыклад. У вочы яна тага не казала, але намякала. І спадар Хайес таксама. Абодва лічылі, што яна застаецца зь ім выключна дзеля бясьпекі. Адкуль ім было ведаць, як добра арганізаваны яе фінансы, цалкам дазваляючы ёй самастойна ўтрымоўваць гэтую хату.
Што ж яе спыняла?
Інтарэсы сям'і. Дзецям патрэбныя абодва бацькі. Да таго ж, каб усё зьмяніць, запатрабуецца бездань моц. А дзе ўпэўненасьць, што пасьля яна стане хоць трошкі шчасьлівей? Ды і не магла яна назваць сваё жыцьцё кепскім. Гары, калі бываў у хаце, трымаўся любасна і ветліва. Безьліч хатніх спраў запаўнялі гадзіны, што ператвараліся ў тыдні, месяцы і гады.
Яна наведвала сваю маці і бацькоў Гары. Па-ранейшаму прымала ў сябе кампаньёнаў і іх жонак. Дзьверы хаты заўжды былі адчыненыя для сяброў яе дзяцей. Гукі тэнісных мячоў з корту і музыкі зь іх пакояў не змаўкалі цэльнымі днямі. Моладзь цалкам уладкоўваў уклад жыцьця Кейнаў. Спадарыня Кейн ня тузала іх без дай прычыны, спадар Кейн ў хаце амаль не зьяўляўся. Дакладна тыя дзьве рысы, што больш за ўсё шануюць юнакі ў бацьках сваіх сяброў.
Калі Рычарду Кейну споўнілася дзевятнаццаць, столькі, колькі было Коні, калі яе бацька памёр і пакінуў іх бяз сродкаў да існаваньня, Гары Кейн прыйшоў дахаты і паведаміў, што казка скончылася. Фірма зачыняецца ў найблізкія дні з максымальным скандалам і мінімальнымі рэсурсамі. У іх пазыкі па ўсёй краіне, укладаньні і зьберажэньні кліентаў зьніклі. Аднаго з кампаньёнаў ледзь ўтрымалі ад самазабойства, іншы спрабаваў зьбегчы з краіны.
Яны сядзелі ў сталоўне, Коні, Рычард і Вераніка. Двайняты зьехалі з клясам у вандроўку. Яны сядзелі моўчкі, пакуль Гары Кейн выкладаў, якая іх чакае нявыкрутка. Артыкулы ў газэтах. Рэпарцёры ля дзьвярэй. Фатографы, якія змагаюцца за магчымасьць увасобіць тэнісны корт і іншыя атрыбуты шыкоўнага жыцьця чалавека, які ашукаў цэльную краіну. Усплывуць імёны палітыкаў, якія добразычліва ставіліся да іх, падрабязнасьці іх замежных падарожжаў. Вялікія шышкі з гэтага часу не пажадаюць зь імі знацца.
У чым чыньнік? Зрэзалі куты, рызыкавалі, супрацоўнічалі зь людзьмі, якіх іншыя лічылі не занадта надзейнымі. Не задавалі пытаньняў, калі павінны былі іх задаць. Зачынялі вочы на рэчы, якія б не пакінула без увагі больш грунтоўная кампанія.
— Нам прыйдзецца прадаць хату? — спытаў Рычард. Ўсьлед рушыла маўчаньне.
— На ўнівэрсытэт грошы будуць? — прагнула ведаць Вераніка. Зноў маўчаньне.
Потым Гары загаварыў. — Павінен сказаць вам абодвум, ваша маці заўжды папярэджвала мяне, што гэта можа здарыцца. Яна перасьцерагала мяне, а я не слухаў. Памятайце аб тым, аглядаючыся на гэты дзень.
— Ой, тата, гэта ня мае ніякага значэньня, — інтанацыі Веранікі ў дакладнасьці падтаквалі тым, што гучалі ў голасе самой Коні, калі выявіўся фінансавы крах яе бацькі. Яна ўбачыла, што вочы Гары поўныя сьлёз.
— Гэта магло здарыцца з кожным, — адважна пацьвердзіў Рычард. — Гэта бізнэс.
У Коні пацяплела на сэрцы. Яны выгадавалі велікадушных дзяцей, а не маленькіх пацукоў, якія пазіраюць на сьвет, як на вялізную кармушку. Надышла яе чарга загаварыць, зразумела Коні. — Калі ваш бацька пачаў распавядаць мне кепскія навіны, я прапанавала яму пачакаць, пакуль мы здолеем сабрацца ўсе. Мне карцела, каб мы выслухалі гэта разам і сустрэлі навалу твар да твару, як сям'я. Нашы двайняты ў ад'езду, ім я распавяду пазьней. Сёньня ж увечары нам варта зьехаць з хаты. У невялікія валізы спакуем рэчы, якіх досыць на тыдзень. Я папрашу Веру і Кевіна даслаць за намі вэны, каб ніхто з журналістаў, калі яны ўжо тут, ня ўбачыў, як мы зьяжджаем на сваіх машынах. На аўтоадказьніку пакінем паведамленьне з просьбай пераадрасоўваць усе званкі Сабіне Кэсі. Мяркую, так будзе слушна, Гары?
Ён хітнуў, зьдзіўлены. — Вядома.
— Вы пажывяце ў маёй маці, у вёсцы. Ні адна душа не пазнае, дзе яна жыве і не патурбуе яе. Скарыстаецеся яе тэлефонам, каб патэлефанаваць сябрам і паведаміць ім, што ўсё ўладкуецца, але, пакуль ня ўляжацца шум, вы пабудзеце ў цені. Скажаце, што вернецеся дзён праз дзесяць. Больш гэты вэрхал часу ня зойме. — Яны глядзелі на яе, адкрыўшы роты.
— І вядома, вы абодва паступіце ва ўнівэрсытэт, і двайняты таксама. Гэтую хату мы, магчыма, прадамо, але ня зараз, не па патрабаваньні нейкага банку.
— Хіба нам ня прыйдзецца адплачвацца маёмасьцю? — спытаў Рычард.
— Гэтая хата не прыналежыць твайму бацьку, — проста адказала Коні.
— Нават калі яна твая, ты павінна будзеш … ?
— Не, яна не мая. Яе даўно набыла іншая кампанія, у якой я дырэктар.
— Тат, які ты разумны! — выгукнуў Рычард.
— Так, ваш бацька выключна разумны бізнэсмэн. І калі ён складае дамову, ён яе выконвае. Ён не захоча пакідаць людзей у страце, таму, не сумняваюся, па канчатку гэтай гісторыі мы ня будзем выглядаць ліхадзеямі і нягоднікамі. Але некалькі цяжкіх момантаў маецца быць, дык запатрабуецца сабраць усю нашу мужнасьць і веру.
А пасьля вечар ператварыўся ў суцэльныя зборы і тэлефанаваньні. Яны пакінулі хату незаўважанымі, у вэнах дэкаратараў.
Спалатнелыя Вера і Кевін віталі іх абодвух у сваёй хаце. Не было ні выразаў спагады, ні спроб завязаць гутарку. Яны адразу прайшлі ў прыгатаваную для іх лепшую гасьцёўню зь вялізным двухспальным ложкам. Там іх чакала халодная вячэра і тэрмас з гарачым булёнам.
— Убачымся заўтра, — кіўнула Вера.
— Адкуль людзі ведаюць, што менавіта трэба сказаць? — уразіўся Гары.
— Мяркую, яны робяць тое, што запатрабавалася бы ім самім. — Коні наліла яму трохі булёну. Гары пакруціў галавой. — Паясі, Гары. Заўтра табе спатрэбяцца сілы.
— Кевін трымаў усе свае зьберажэньні ў нас?
— Не, ніякіх, — спакойна адказала Коні.
— Як так?
— Я прасіла іх не рабіць тага. На ўсялякі выпадак.
— Што мне рабіць, Коні?
— Паглядзець фактам у твар. Сказаць сабе, што гэта памылка, ты не жадаў, каб гэта здарылася, ты застанесься ў краіне і распачнеш усё магчымае для выпраўленьня сытуацыі.
— Яны разарвуць мяне ў жмуты.
— Гэта будзе нядоўга. Потым пачнецца іншая гісторыя.
— А ты?
— Вярнуся на працу.
— А што з грашыма, якія прыхавалі для цябе тыя юрысты?
— Пакіну столькі, колькі патрабуецца, каб паставіць дзяцей на ногі, астатняе вярну для выплат людзям, якія страцілі свае зьберажэньні.
— Божухна, у давяршэньне да ўсяго ты яшчэ зьбіраесься строіць зь сябе сьвятую вялікапакутніцу?
— Што ты прапаноўваеш мне рабіць з маімі грашыма пасьля ўсяго гэтага, Гары? — яе погляд не абяцаў нічога добрага.
— Трымай іх двума рукамі. Падзякуй сваёй шчасьлівай зорцы за іх захаванасьць і не кідай на вецер.
— Ты так ня лічыш. Паразмаўляем аб тым заўтра.
— Менавіта так я і лічу. Гэта бізнэс, а не джэнтэльмэнскі матч у крыкет. У тым сутнасьць суполкі з абмежаванай адказнасьцю, яны могуць атрымаць толькі тое, што абумоўлена. Ты свой кавалак займела, якога д'ябла трэба яго вяртаць?
— Заўтра, — паўтарыла яна.
— Спыні рабіць зь сябе сьвятошу. Хоць раз за сваё праклятае жыцьцё паводзь сябе як нармалёвы чалавек. Паварушы мазгамі хоць пяць хвілін і зразумееш, вяртаць бедным укладчыкам іх грошы — ханжаская лухта. Яны выдатна ведалі, на што ідуць, як усе ведаюць. Як ведаў, на што ідзе, твой бацька, калі ставіў твае ўнівэрсытэцкія чэкі на бегавога каня.
У яе зьбялеў твар. Яна ўстала і рушыла да дзьвярэй. — Файна. Давай, сыходзь, замест таго каб усё абмеркаваць. Каціся да сваёй даражэнькай Веры. Паабмывайце языкамі, якія мужчыны набрыдзі. Вера для цябе заўжды на першым месцы. Можа табе наогул патрэбна была баба, каб нарэшце разварушыць цябе ў ложку?
Яна не зьбіралася тое рабіць, але ляснула яго па твары. З-за таго, што ён крычаў аб Веры ў яе ўласнай хаце, дзе Вера і Кевін прытулілі іх без адзінага пытаньня. У абліччы Гары не засталося нічога чалавечага, ён нагадваў зьдзічэлага зьвера.
Ад кляйнодзіка ў яго на шчацэ застаўся крывавы сьлед, доўгая чырвоная паласа. Да яе зьдзіўленьня, яна не выпрабавала ні шоку пры выглядзе крыві, ні сораму ад зробленага.
Яна зачыніла дзьверы і спусьцілася па лесьвіцы. На кухні напэўна быў чутны іх лямант. Магчыма, нават кінутыя ім словы. Коні, якой цягам папярэдніх гадзін ні разу не зьмянілі спакой і рашучасьць, абвяла поглядам маленькую групу за сталом. Сярод іх былі Дэйдра, прыгожая цёмнавокая дачка Веры, якая працуе ў модным буціку, і Чарлі, які далучыўся да сямейнага малярна-дэкаратарскага бізнэсу.
А паміж Кевінам і Верай перад пляшкай віскі сядзеў Жак. Жак з расшпіленым каўнярам і чырвонымі шалёнымі вачыма. Жак, які плакаў, піў, і не зьбіраўся спыняць ні адно, ні другое. Хутчэй за ўсё страціў апошняе пэні ў інвэстыцыйнай кампаніі яе мужа. Яе першы бойфрэнд, які кахаў яе проста, без усялякіх розбрыкаў, які стаяў у царкве ў дзень яе шлюбу з Гары, у надзеі, што яна раздумаецца. Ён, банкрут, сядзеў зараз за сталом на кухні сваіх сяброў. Як жа ўсё гэта здарылася, спрабавала зразумець Коні, стоячы тут з прыціснутай да шыі рукой. Час быццам спыніўся для яе.
Нельга заставацца ў гэтым пакоі. Вярнуцца наверх, да новых абраз, да агіднага, падобнага да разьлютаванага льва, Гары, таксама немагчыма. Сысьці адгэтуль у рэальны сьвет яна ня можа і ніколі, пэўна, ня зможа зрабіць гэта і зноў паглядзець людзям у вочы. Няўжо чалавек здольны прыцягваць няшчасьці і падбухторваць іншых на брыдкія ўчынкі? Па статыстыцы бадай неймаверна, каб і бацька, і муж адной і той жа жанчыны страцілі ўсё, што маюць. Бачна, справа ў ёй самой, раз яна ў другі раз трапляе ў дакладна такое становішча. Раптам ёй успомніўся шчыры, прыязны твар псыхіятру, яе пытаньні. Магчыма, нешта ў гэтым ёсьць.
Ёй падавалася, яна стаіць тут шмат часу, але ніхто нават не зварухнуўся, мабыць, прайшло ўсяго пару сэкунд.
Тут Жак загаварыў. — Спадзяюся, зараз ты задаволеная, — яго язык заплятаўся.
Астатнія маўчалі.
Голас Коні прагучаў як заўжды чыста і роўна. — Не, Жак. Гучыць гэта, вядома, дзіўна, але ні разу за ўсё маё жыцьцё я ня мела задавальненьня. — Вочы яе глядзелі кудысьці ўдалячынь. — Вось ужо дваццаць гадоў у мяне ёсьць грошы, якія, падавалася бы, павінны зрабіць мяне шчасьлівай. Шчыра кажучы, тага не адбылося. Вялікую частку свайго сталага жыцьця я пачувалася самотнай і прыкідвалася. Хоць для цябе гэта зараз слабае суцяшэньне.
— Што так, то так. — Яго твар, па-ранейшаму прыгожы і імпэтны адлюстроўваў цэлую буру пачуцьцяў.
Яна ведала ад Веры, што шлюб яго апынуўся няўдалым. Жонка сышла і забрала сына, якога ён любіў. Усё яго жыцьцё засяродзілася на бізнэсе. А зараз усё павалілася. — Ты ўсё атрымаеш зварот, — сказала яна.
— Няўжо, — ягоны сьмех больш пахадзіў на брэх.
— Так, там ёсьць грошы.
— Бьюся аб заклад, у панчосе альбо на Кайманавых выспах, а можа, перакладзеныя на імя жонкі, — чмыхнуў Жак.
— Нейкая частка, так ужо здарылася, сапраўды перакладзеная на імя жонкі.
Вера і Кевін глядзелі на яе, шырока адкрыўшы роты. Жак працягваў уядаць. — Жадаеш сказаць, мне пашэнціла, бо я стары бойфрэнд жонкі? — Ён ня ведаў, ці хапаць яму працягнуты выратавальны круг або шпурнуць яго ёй у твар.
— Я жадаю сказаць, што шмат каму пашчасьціць дзякуючы жонцы. Калі да раніцы ён увойдзе ў розум, мы зь ім выправімся ў банк да яго прэс-канфэрэнцыі.
— Калі гэта твае грошы, чаму ты не пакінеш іх сабе? — зьдзівіўся Жак.
— Таму што я, нягледзячы на тваю ўпэўненасьць, ня скончаная сьцерва. Вера, магу я паспаць дзесьці ў іншым месцы, напрыклад, на канапе ў пакоі з тэлевізарам?
Вера пайшла зь ёй і ахінула яе пледам. — Ты наймацнейшая жанчына, якую я калісьці сустракала, — шапнула яна.
— Ты найлепшая сяброўка, аб якой толькі можна марыць, — адказала Коні.
Хіба не выдатна было б кахаць Веру? Доўгія гады жыць разам, даглядаць квітнеючы садок, мабыць, весьці невялічкі бізнэс. — Яна змучана ўсьміхнулася сваім думкам.
— Над чым ты можаш сьмяяцца ў такі момант? — уразілася Вера.
— Нагадай потым, я табе распавяду, але ты ніколі не паверыш, — Коні скінула туфлі і прылегла на канапу.
Як ні дзіўна, яна заснула, і прачнулася толькі ад бразгату кубку аб сподку. Гэта быў Гары, бледны, з доўгай, цёмна-чырвонай паласой, што працягнулася праз усю шчаку. Яна і забыла аб гэтай падрабязнасьці мінулай ночы.
— Я прынёс табе кавы.
— Дзякуй, — яна не варухнулася, каб узяць яе.
— Я жудасна вінаваты.
— Так.
— Мне так шкада. Далібог, Коні, я быў проста не ў сабе ўначы. Я заўжды імкнуўся кімсьці стаць у гэтым жыцьці. І зараз, калі ў мяне амаль атрымалася, усё пайшло прахам. — Ён дбайна апрануўся і пагаліўся, прыгатаваўся сустрэць дзень, што абяцаў стаць самым доўгім зь дзён, пражытых ім за ўсё яго жыцьцё. Яна глядзела на яго так, нібы бачыла ўпершыню ў жыцьці. Як будуць глядзець на яго па тэлевізары іншыя: незнаёмцы, якія страцілі свае зьберажэньні, людзі, якія сутыкаліся зь ім на дзелавых сустрэчах і сьвецкіх раўтах. Прыгажун з галодным бляскам у вачах, які прагнуў у жыцьці толькі аднаго — кімсьці стаць, і не разьбіраў сродкаў у дасягненьні мэты.
Тут яна зазначыла, што ён плача.
— Ты так патрэбна мне, Коні! Усё жыцьцё ты была побач. Ты зможаш прабыць са мной яшчэ нават трохі і хоць прыкінуцца, што даравала мяне? Калі ласка, Коні, я зьнікну безь цябе. Ты адзіная здольная мне дапамагчы. — Ён уткнуў твар са сьвежым рубцом у яе калены і зарыдаў, як дзіця.
Яна не магла добра узгадаць той дзень. Гэта нагадвала спробы скласьці разам кавалачкі стужкі жахаў, што прымушае зачыняць вочы, або дакучлівага начнога кашмару. Спачатку яны выправіліся да праўнікаў, дзе яму растлумачылі ўмовы, на якіх укладзены капітал, прызначаны для навучаньня яе дзяцей. Астатнія сродкі, на яе імя, таксама разьмешчаныя вельмі надзейна, Канстанцыя Кейн багатая жанчына. Яна адчувала ў голасе адваката пагарду да яе мужа. Ды той і ня вельмі імкнуўся яе хаваць. Стары сябар яе бацькі, Т.П. Мэрфі, маўклівы і яшчэ больш сівавалосы за ранейшае, сядзеў побач. Прысутнічалі тут і бухгальтар, і кіраўнік укладаньнямі. Яны зьвярталіся да вялікага Гары Кейна так, быццам перад імі сядзеў пасрэдны махляр. У іх вачах ён такім і зьяўляўся. Яшчэ ўчора раніцай, у гэты ж час, яны ставіліся да яго з павагай, падумалася Коні. Як хутка ўсё зьмяняецца ў бізнэсе.
Потым яны рушылі ў банк. Ніколі яшчэ банкіры не былі гэтулькі зьдзіўленыя зьяўленьнем фондаў невядома адкуль. Коні і Гары сядзелі моўчкі, пакуль іх юрысконсульты тлумачылі супрацоўнікам банка, што тыя грошы ўносяцца толькі пры ўмове, што ўсю суму да адзінага пэні банк накіруе на выплаты фундатарам.
Апоўдні яны зладзілі нараду, выклікалі кампаньёнаў Гары і загадалі ім захоўваць маўчаньне цягам усёй прэс-канфэрэнцыі ў Хайес Гатэлі. Дамовіліся, што ніхто з жонак на прэс-канфэрэнцыі прысутнічаць ня будзе. Жонкі глядзелі яе разам па тэлевізары ў адным з гатэльных нумароў. Імя Коні там не згадалі. Абвясьцілі, што на выпадак непрадбачаных акалічнасьцяў кампанія дыхтавала рэзэрвовыя фонды.
Пасьля дзённых навін загалоўкі ранішніх газэт страцілі актуальнасьць. Адзін з журналістаў спытаў Гары Кейна аб драпіне на яго твары. — Справа рук крэдытора?
— Гэта быў чалавек, які не разумеў, што адбываецца. Ня ведаў, што мы зробім усё магчымае дзеля інтарэсаў людзей, даручыўшых нам свае справы, — заявіў Гары ў камэру. І Коні адчула лёгкую млосьць і хвалю агіды. Калі ён здольны так схлусіць, на што яшчэ ён здольны? Падчас трансьляцыі Коні зазначыла ў вялізнай зале, прадстаўленай гатэлем для прэс-канфэрэнцыі, Сабіну Кэсі. Цікава, як шмат той вядома? Ці не апынуцца грошы з фонду Коні у кішэні Сабіны? Зрэшты, яна гэтага ўсё роўна не пазнае. Банк засьведчыў яе, што паколькі кіраўніцтва працэсам выплат ён бярэ на сябе, патрэба ў кантролі зь яе боку адпадае. Яна ведала, грошы разьмяркуюць справядліва і мудра. Яна не магла сказаць ім, што Сабіна Кэсі не павінна атрымаць належную ёй дзель, бо сьпіць з сваім босам.
Яны здолелі вярнуцца ў сваю хату. Праз тыдзень уздыхнулі вальней. Праз тры месяца жыцьцё амаль пайшло нармалёвым ходам.
Вераніка час ад часу прымалася бедаваць аб шнару на твары бацькі. — Ён заўжды будзе нагадваць мне аб маёй дурасьці, — адказваў той, і Коні прымячала пяшчоту ў поглядах, якімі яны пры тым абменьваліся.
Рычард, падаецца, выпрабоўваў да бацькі шчырае захапленьне.
— Тата зараз бавіць у хаце значна больш часу, так, маці? — гаварыла Вераніка, быццам шукаючы ў Коні падтрымкі і ўхвалы.
— Так, сапраўды, — адказвала Коні. Гары кожны тыдзень праводзіў адну ноч па-за хатай і два-тры разы на тыдзень вяртаўся дахаты, у сваю спальню, глыбока за поўнач. Так ён, хутчэй за ўсё, зьбіраўся паводзіць сябе і далей.
У глыбіні душы Коні адчувала жаданьне зьмяніць гэта, але яна стамілася. Яе змарылі гады прытворнасьці, іншага жыцьця яна ня ведала.
Аднойчы яна патэлефанавала Жаку на працу.
— Мяркую, я павінен зваліцца на калены, Вашамосьць, ў знак падзякі за зварот маіх уласных грошай?
— Не, Жак. Проста я падумала, раптам ты не адмовісься сустрэцца са мной.
— Зь якою мэтай?
— Ня ведаю. Паразмаўляць, схадзіць у кіно. Ты вывучаў італьянскі?
— Не, я быў занадта заняты, зарабляў сабе на жыцьцё. А ты?
— Не, я была занадта занятая, не зарабляла сабе на жыцьцё.
Ён засьмяяўся. — Божухна, Коні, наша сустрэча ня мае сэнсу. Я толькі зноўку закахаюся ў цябе, нанава пачну прыставаць да цябе з ложкам. Мы ўсё гэта ўжо праходзілі шмат гадоў таму.
— Жак, няўжо цябе гэтыя рэчы па-ранейшаму цікавяць?
— Божа, вядома. Чаму не? Я ж ў самым росквіце гадоў, хіба не?
— Так, так.
— Коні?
— Так?
— Проста, ведаеш... Дзякуй табе. Ты ведаеш.
— Я ведаю, Жак.
Мінула колькі месяцаў. На першы погляд нічога не зьмянілася, але ў больш уважлівага назіральніка не выклікала сумненьняў, Коні пазбавілася значнай часткі сваёй энэргіі.
Кевін і Вера абмяркоўвалі гэта амаль штодня. Яны прыналежалі да вузкага колу тых, хто ведаў, як яна выратавала свайго мужа. Да іх засмучэньня, ён ня выявіў ёй практычна ніякай падзякі. Яго стала бачылі на людзях зь нязьменнай асабістай памочніцай, загадкавай Сабінай Кэсі, зараз заняўшай пасаду дырэктара кампаніі.
Для маці Коні не застаўся незаўважаным прыгнечаны стан дачкі. Яна імкнулася падбадзёрыць яе. — Нягоды, у якія ён цябе ўцягнуў, ня будуць доўжыцца вечна, ня тое, што ў маім выпадку. І потым, ён падрыхтаваў гэты рэзэрвовы фонд. У твайго бацькі ніколі такога не было. — Адкуль ёй было ведаць. Коні ніколі не распавядала маці. Адным з чыньнікаў была свайго кшталту ляяльнасьць па дачыненьні да Гары, але ў асноўным агідна было згаджацца, што тады, шмат гадоў таму, маці мела рацыю, угаворваючы яе забясьпечыць сваю фінансавую бясьпеку і незалежнасьць.
Дзеці нічога не прымячалі. Маці як маці, цудоўная, заўсёды, пры першай неабходнасьці, тут, побач. Па іх меркаваньню, жыцьцё яе цалкам задавальняла.
Рычард атрымаў спэцыяльнасьць бухгальтара, і спадар Хайес уладкаваў яму шыкоўную пасаду ў фірме свайго зяця. Яго любая адзіная дачка Мар'яна выйшла замуж за прыгожага чароўнага мужчыну па імі Паўль Мэлан. Грошы Хайеса і ўласная чароўнасьць дапамаглі маладому чалавеку зрабіць галавакружную кар'еру. Рычард быў там шчасьлівы.
Вераніка з посьпехам атрымоўвала мэдыцынскую адукацыю. Яна абмяркоўвала спэцыялізацыю па псыхіятрыі і не стамлялася паўтараць, што асноўныя праблемы людзей ў іх галовах і ў іх мінулым.
Двайняты нарэшце спынілі ўспрымаць сябе як адзінае цэлае. Адзін пайшоў у мастацкі каледж, іншы ўпадабаў Дзяржаўную Грамадзянскую Службу.
Іх вялікая хата па-ранейшаму заставалася запісана на Коні. Прадаваць яе ня мела сэнсу, адсоткі з ацалелага ўкладаньня прыносілі цалкам досыць грошай. Праўнікі працягвалі пераконваць Коні ў неабходнасьці скласьці новы афіцыйны дакумэнт з аналягічнымі засьцярогамі, каб забясьпечыць ёй гарантыі ў атрыманьні яе дзелі прыбытку, але яе тая ідэя не натхняла. — Дамову падпісвалі шмат часу таму, тады мяне турбавала будучыня дзяцей.
— Шчыра кажучы, гэта варта зрабіць зноўку. У выпадку праблем суд напэўна прыме рашэньне на вашу карысьць, у адпаведнасьці з духам закона, але…
— Якія праблемы могуць паўстаць зараз? — зьдзівілася Коні.
Адвакат часьцяком бачыў, як спадар Кейн абедае ў Квеньціне з дамай, якая нават крыху не нагадвае спадарыню Кейн. Ён стуліў вусны: — Я бы ўпадабаў зрабіць гэта.
— Добра, толькі бяз драм і зьнявагі. Мінулае ёсьць мінулае.
— Ніякіх драм ня будзе, — засьведчыў праўнік.
І справа была зроблена. Паперы даслалі на подпіс да Гары ў офіс. Зь яго боку не атрымалі ніякіх пярэчаньняў. У дзень падпісаньня ён зьявіўся дома з каменным тварам. Яна занадта добра ведала яго і лёгка зразумела, у якім той гуморы. Ён нічога ня выкажа нацянькі, але пастараецца зрабіць ёй балюча.
— Мяне ня будзе некалькі дзён, — паведаміў ён увечар. Ні тлумачэньня, ні добрапрыстойных чыньнікаў. Яна гатавала вячэру, хоць і разумела, што ён ня мае намеру застацца сёньня ў хаце і падзяліць зь ёй ежу. Што ж, старыя звычкі паміраюць цяжка. Коні па-ранейшаму пры любых акалічнасьцях рабіла выгляд, што ўсё выдатна. Яна працягвала так старанна зьмешваць салату з памідораў з фэнхелем, быццам гэта патрабавала вялізнай увагі і канцэнтрацыі.
— Стомная маецца быць паездка? — яна дбайна падбірала словы. Нельга пытаць куды, навошта і, галоўнае, з кім.
— Не занадта, — яго голас зьвінеў. — Вырашыў сумясьціць карыснае з прыемным.
— Выдатна.
— Я буду на Багамах. — Паміж імі павісла маўчаньне.
— Вось як, — нарэшце здолела вымавіць яна.
— Не пярэчыш? Мяркую, ты не разглядаеш іх як наша адмысловае месца і ўсё такое? — Замест адказу яна зьвярнулася да духоўкі, дастаць яшчэ цёплую кулябяку з грудзінкай. — Ну так, вядома, у маю адсутнасьць цябе будуць суцяшаць твае інвэстыцыі, твае правы на сумеснае валоданьне, твае кайданы. — Ад злосьці ён ледзь мог гаварыць.
Усяго колькі гадоў таму ён, з падзякай рыдаючы на яе каленах, паўтараў, што ня годны яе, кляўся, што ніколі ў жыцьці ня будзе ў яе больш самотных гадзін. А сёньня ў яго ўжо бялеюць вусны ад лютасьці з-за яе жаданьня працягнуць абарону сваіх інтарэсаў. І гэта пасьля відавочнай даведзенасьці неабходнасьці такіх крокаў.
— Гэта фармальнасьць, ты ж ведаеш.
Яго вусны крывіла пагардлівая ўсьмешка. — Такая ж фармальнасьць дзелавая паездка, у якую я зьбіраюся. — Ён выправіўся наверх складаць рэчы.
Начаваць ён, зразумела, будзе ў кватэры Сабіны, паляцяць яны заўтра раніцай. Яна села і мэханічна прынялася за ежу. Яна абвыкла есьці у адзіноце. За гэтай позьняй летняй вячэрай да яе далятаў сьпеў птушак у саду, прыглушаныя гукі машын з дарогі за высокай агароджай іх участку. Там, за плотам, тузін месцаў, куды бы яна пры жаданьні магла сысьці сёньня ўвечар.
Чаго бы ёй карцела, так гэта спаткаць Жака і пайсьці зь ім у кіно. Бестурботна пастаяць на рагу вуліцы А’Конал, разглядаючы мінакоў і спрачаючыся зь ім, які вылучыць фільм. Недарэчнасьць якая. Жак меў рацыю, ім больш няма чаго сказаць адно аднаму. Добра яна будзе выглядаць, калі адправіцца ў працоўны раён, у якім ён жыве, на БМВ, і дасі сыгнал ля яго хаты. Дурное спадзявацца, што са спробы зьвярнуць час зварот можа нешта атрымацца. Магчыма, з Жакам яна была бы таксама нешчасьлівая. Ложак зь ім мог ёй быць таксама ненавісны. Але раптам яна была бы зь ім меней самотная?
Коні чытала газэту, калі Гары спусьціўся ўніз з двума валізамі. На Багамах, бадай, вызначаецца напружаная праграма. Ён падаваўся і супакоеным і зачэпленым адначасова, хутчэй за ўсё яго сыход абыдзецца без дадатковых сцэн.
Яна зірнула на яго па-над акулярамі і ўсьміхнулася. — Што мне казаць? Калі ты вернесься?
— Казаць? Каму табе спатрэбілася казаць аб тым?
— Ну, тваім дзецям, напрыклад. Хоць, я ўпэўненая, ты ім сам распавядзеш. Яшчэ сябрам ці камусьці з офіса, з банка.
— У офісе будуць ведаць.
— Цудоўна, значыць я магу адсылаць усіх з пытаньнямі да Сабіны? — яе твар сьвяціўся нявіннасьцю.
— Сабіна таксама едзе на Багамы, як табе выдатна вядома.
— А да каго тады?
— Я бы наогул нікуды ня ехаў, Коні, калі б ты паводзіла сябе слушна, не рабіла зь сябе падатковага інспэктара, кантралюючы кожны мой крок і абмяжоўваючы з усіх бакоў.
— Але ж ты едзеш у дзелавую паездку, хіба не? — сказала яна і ён выйшаў, пляснуўшы дзьвярамі. Яна прымусіла сябе вярнуцца да адкладзенай газэты. Занадта шмат за плячыма падобных сцэн, ён сыходзіць, яна рыдае. Далей так жыць нельга.
Яна чытала інтэрвію з выкладчыкамі, якія зладзілі курсы італьянскага пры школе Выгляд-На-Гару, вялікай муніцыпальнай школе, разьмешчанай у небясьпечным раёне. У тым самым раёне, у якім жыве Жак. Спадар Эйдан Данн меркаваў, што навакольныя жыхары выявяць цікавасьць як да жыцьця і культуры італьянцаў, так і да іх мовы. Бо нядаўні Чэмпіянат Сьвету абудзіў вялізную цікавасьць да Італіі сярод звычайных дублінцаў. У Выгляд-На-Гару ім прапануюць надзвычай разнастайную праграму. Коні перачытала апошні абзац. Цалкам магчыма, Жак запішацца туды. А калі і не, у яе будзе падстава бываць навакол двойчы на тыдзень. Дзесьці тут быў тэлефон. Яна запішацца зараз, пакуль не раздумалася.
Жака, ясная справа, не апынулася ў гэтым клясе. Такога роду рэчы здараюцца толькі ў казках. Але Коні там падабалася. Гэта цудоўная жанчына амаль адных зь ёй гадоў, Сыньёра, валодала прыроджаным талентам настаўніка. Яна ніколі не падвышала голас, але ўсеагульная ўвага стала была прыкавана да яе. Ніколі не крытыкуючы, яна чакала, што кожны будзе гатовы да ўроку.
— Constanza … баюся, вы ня вывучылі гадзіны. Вы ведаеце толькі sono le due, sono le tre … усё бы выдатна, але акрамя цэлых гадзін часам даводзіцца мець справы з паловай і чвэрцю гадзіны.
— Выбачайце калі ласка, Сыньёра, — прысаромлена адказвала спадарыня Канстанцыя Кейн, — Я была трохі занятая, не пасьпела вывучыць.
— На наступным тыдні вы ўсё падвучыце. — І вось Коні ловіць сябе на тым, што, заткнуўшы вушы пальцамі, паўтарае sono le sei e venti, інакш Сыньёра будзе засмучаная. Як здарылася, што яна езьдзіць праз увесь горад у гэтыя школьныя халупы і сядзіць там з трыццацьцю незнаёмцамі, скандуючы новыя словы, сьпяваючы песьні, знаёмячыся па фатаграфіях з карцінамі вялікіх мастакоў, статуямі і будынкамі, спрабуючы італьянскія стравы і слухаючы італьянскія опэры? І што найбольш цікава, робіць гэта з задавальненьнем.
Яна паспрабавала распавесьці аб тым Гары, калі ён, загарэлы і трохі астылы, вярнуўся з Вэст-Індыі. Але ён ня выявіў адмысловай цікавасьці. — Што ты там згубіла? Жадаеш, каб табе машыну на запчасткі разабралі? — На гэтым тэмат быў вычарпаны.
У Веры тая задума таксама захапленьня ня выклікала. — Небясьпечнае месца, ты спакушаеш лёс, прыежджая туды на добрым аўто. І напрамілы Бог, не апранай на заняткі свой залаты гадзіньнік.
— Я не зьбіраюся ставіцца да іх пагардліва. Можна ўявіць, прамова ідзе аб нейкім гета.
— Не разумею, што табе там рабіць? Калі ты так прагнеш вывучаць італьянскі, хіба нельга знайсьці курсы бліжэй да хаты?
— Мне падабаюцца гэтыя. Раптам на адным з урокаў я спаткаю Жака, — вусны Коні кранула гарэзная ўсьмешка.
— Пане міласэрны, — Вера ўзьняла вочы дагары. — Вырашыла пашукаць гуза на сваю галаву? Табе цяжкасьцей бракуе? — У Веры на руках акрамя офіса Кевіна зараз быў яшчэ і ўнук. Дэйдра нарадзіла вялізнага выдатнага бахура, але заявіла, што не жадае занявольвацца і вешаць сабе на шыю хамут састарэлай канцэпцыі шлюбу.
Коні падабаліся людзі ў клясе. Сур'ёзны Біл Бурк, Гугліема, і яго эксцэнтрычная сяброўка Элізабэт. Малады чалавек працаваў у тым самым банку, у якім ляжаў рэзэрвовы пакет Гары і яго кампаньёнаў, але быў занадта малады, каб ведаць аб тым. А калі бы і ведаў, як ён пазнаў бы яе ў Канстанцы? Старанныя Кацярына і Франчэска, ці то маці з дачкой, ці то сёстры. Прыемная пара.
Буйны, ветлівы Лярэнца, чые рукі памерам нагадвалі рыдлёўкі, на адным з урокаў гуляў ролю кліента рэстарацыі, а Коні — стольніцы. — Una tavola vicina alla finestra, — сказаў Лярэнца, і Коні прысунула кардонную скрынку да намаляванага акна, пасадзіла яго там і спытала, што жадае замовіць яе наведвальнік. Лярэнца вывучыў усе новыя назвы страў, нават вугра, гусіны паштэт і марскога вожыка. Сыньёра пратэставала і прасіла яго вучыць выключна адзначаны сьпіс.
— Вы не разумееце, Сыньёра. Людзі, зь якімі я павінен сустрэцца ў Італіі, сапраўдныя едакі, яны ня стануць есьці нейкую піццу.
Яшчэ тут быў жудасны Луіджы зь вечна нахмуранымі бровамі і жахлівым італьянскім вымаўленьнем. Вось ужо з кім яна ня мела бы ніякіх зносін у звычайным жыцьці. А тут ён часам рабіўся яе паплечнікам, як, напрыклад, у той раз, калі яны былі лекарамі з імправізаванымі стэтаскопамі і казалі адно аднаму дыхаць глыбей. — Respiri profondamente per favore, Signora, — выкрыкваў Луіджы, прыціснуўшы да вуха адзін канец гумовай трубачцы. — Non mi sento bene, — адказвала Коні.
Паступова іх, такіх розных, усё больш аб'ядноўвала мара аб вандраваньні ў Італію улетку. Коні, якую не абцяжарыла б заплаціць за рэйсавыя квіткі для ўсяго кляса, разам з усімі абмяркоўвала фундатарства, зьніжкі і своечасовае занясеньне дэпазыту на групавы чартэрны палёт. Калі будзе сумесная паездка, яна паедзе абавязкова.
Коні бачыла, як зьменьваецца тыдзень за тыднем школа. Зрабілі касмэтычны рамонт, усё пафарбавалі, пасадзілі дрэвы. Школьны двор папрыгажэў. Зламаны падстрэшак для ровараў замянілі.
— Вы зьдзейсьнілі тут сапраўдны пераварот, — сказала яна з ухвалай кудлатаму, сымпатычнаму спадару А’Брайну, Дырэктару, які часам наведваўся ў італьянскі кляс.
— Пякельная праца, спадарыня Кейн. Мы бы вам былі вельмі ўдзячныя, закінь вы за нас слоўца тым фінансістам, якіх вы з мужам сустракаеце ў сьвеце. — Ён ведаў, хто яна насамрэч, і ў адрозьненьне ад астатніх ня зваў яе Constanza, але выяўляў прыемную абыякавасьць да чыньнікаў яе знаходжаньня тут.
— Гэта людзі бяз сэрца, спадар А’Брайн. Яны не разумеюць, што школы — будучыня краіны.
— Каму вы распавядаеце, — разьвёў ён рукамі. — Хіба я не праводжу палову жыцьця ў чортавых банках, запаўняючы фармуляры? Хутка зусім развучуся выкладаць.
— А жонку, сям'ю вы маеце, спадар А’Брайн? — Коні і сама не магла зразумець, чаму задала такое асабістае пытаньне. Ёй не была ўласьціва дакучлівасьць. Больш слухаць, менш пытаць. Гэту мудрасьць яна засвоіла ў гатэльным бізнэсе.
— Не, так ужо здарылася, — адказаў ён.
— Бадай, тое нават лепш, калі вы ў нейкім сэнсе заручаны са школай. Мабыць, некаторым людзям шлюб наогул супрацьпаказаны. Мой уласны муж да такіх належыць.
Ён прыўзняў бровы. Коні зразумела, для выпадковай прыемнай гутаркі яна зайшла занадта далёка. — Выбачайце, — засьмяялася яна. — Гэта не ныцьцё самотнай жонкі, я толькі канстатую факт.
— Я бы з радасьцю ажаніўся, гэта таксама факт, — выявіў ён пашану, адказаўшы шчырасьцю на шчырасьць. — Праблема ў тым, што я не спаткаў нікога прыдатнага, пакуль ня стаў занадта стары.
— Вы сур'ёзна лічыце сябе старым?
— Так. Ці бачыце, яна дзіця ў параўнаньні са мной. Насамрэч яна дачка спадара Данна, — ён хітнуў у бок школы, дзе Эйдан Данн і Сыньёра разьвітваліся з клясам.
— А яна вас кахае?
— Спадзяюся, нават упэўнены. Але я ёй не падыходжу, занадта стары. Я зусім не падыходжу ёй. Ды і іншых заганаў хапае.
— Што аб тым думае спадар Данн?
— Ён ня ведае, спадарыня Кейн.
Яна цяжка ўздыхнула. — Ясна, што вы разумелі пад іншымі заганамі. Мне падаецца, вы здолееце іх перамагчы.
Ён усьміхнуўся ёй, удзячны за адсутнасьць новых пытаньняў. — Ваш муж вар'ят, як ён мог аддаць перавагу бізнэсу?
— Дзякуй вам, спадар А’Брайн.
Коні накіравала машыну да хаты. Плойму неверагодных рэчаў пазнала яна аб людзях з таго моманту, як запісалася ў гэты кляс.
Гэтая дзівосная дзяўчына з кудзеркамі, Элізабэт, распавяла ёй, што Гугліема зьбіраецца кіраваць банкам у Італіі ў наступным годзе, калі вывучыць мову. Пануры Луіджы спытаў у яе, ці зразумее звычайны чалавек, калі хтосьці носіць кляйнодзік коштам дванаццаць штук. Эйдан Данн высьвятляў, дзе можна набыць яркі, каляровы, ня моцна падношаны дыван. Барталамеа даведваўся, ці сутыкалася яна зь людзьмі, якія спрабавалі скончыць жыцьцё самагубствам, і ці праўда, што яны заўжды паўтараюць тыя спробы. Ён пытае для сябра, адзначыў ён некалькі раз. Кацярына, ці то сястра, ці то дачка Франчэскі, зразумець немагчыма, распавяла аб нядаўнім падабедзе у Квеньціне. Артышокі, па яе словах, былі файныя. Лярэнца ўпэўніваў яе, што сям'я, у якой ён зьбіраецца спыніцца ў Італіі, вельмі заможная. Ён спадзяецца ня ўпасьці перад імі ў бруд тварам. А зараз спадар А’Брайн сказаў, што закаханы ў дачку спадара Данна. Усяго колькі месяцаў таму яна паняцьця ня мела аб гэтых людзях і іх жыцьці.
У дождж яна падвозіла людзей дахаты, але не рабіла тага стала, каб не ператварыцца ў неафіцыйную таксоўку. Адылі дзеля Лярэнца, які мусіў вяртацца ў гатэль пляменьніка з двума перасадкамі, часьцяком рабілася выключэньне. Там, у гатэлі, ён жыў і працаваў начным парцье і майстрам на ўсе рукі. Усе астатнія выпраўляліся пасьля ўроку дахаты, у ложак, да тэлевізара, ці ў паб, альбо ў кавярню. А Лярэнца мелася усю ноч працаваць.
Сапраўды яго клічуць Лапік, высьветліла яна. Але ўсе яны звалі адно аднаго італьянскімі імёнамі, так было прасьцей. Нейкія італьянцы запрасілі яго наведаць іх у Рыме. Гэты буйны, прастадушны, радасны мужчына гадоў шасьцідзесяці не знаходзіў нічога дзіўнага ў тым, што яго, начнога парцье, падвозіць жанчына на шыкоўнам аўто.
Часам ён распавядаў аб сваім пляменьніку Гусу, сыну яго сястры. Хлапчук працаваў кожны пасланы Богам час, з раніцы да ночы, і вось зараз, падаецца, ён можа страціць свой гатэль.
Нейкі час таму іх зрынула ў паніку страхавая інвэстыцыйная кампанія, паслугамі якой яны карысталіся. У апошні момант усё абышлося і ўсе яны атрымалі ў выніку свае грошы зварот. Тады сястра Лярэнца ляжала ў хосьпісу, і гэта ледзь не разьбіла ёй сэрца. Але Гасподзь міласьцівы, яна пражыла досыць доўга, каб пазнаць, што яе любы адзіны сынок Гус не збанкрутаваў. Урэшце яна памерла шчасьлівай. Коні слухала гэтую гісторыю, кусаючы вусны. Вось людзі, якіх Гары хацеў пусьціць з торбамі.
Так у чым новыя складанасьці, карцела ёй ведаць. Ну, гэта працяг старой гісторыі. Кампанія, што трапіла ў бяду, але ўрэшце сапраўды выплаціла свае пазыкі, прапанавала ім зрабіць рэінвэстыцыю на даволі вялікую суму. У якасьці падзякі за адданасьць інтарэсам кліентаў. Лярэнца меў вельмі смутнае паданьне аб падзеях, што адбываюцца, але засмучэньню яго не было мяжы. Гус дайшоў да клямкі. Гатэлю тэрмінова патрабуюцца ўдасканаленьні. Інспэктар папярэдзіў іх аб парушэньні патрабаваньняў пажарнай бясьпекі, знос абсталяваньня занадта вялікі. А па багамскіх законах, кажуць, трэба выканаць безьліч папярэдніх умоў, перш як здолееш забраць грошы.
Коні, пачуўшы гэта, ледзь ня ўрэзалася ў машыну са стрэчнай паласы.
— Не маглі бы вы распавесьці мне ўсё нанава? Калі ласка, Лярэнца. — Твар у яе спалатнеў.
— Я ў фінансах ня вельмі кемлю, Канстанца.
— Можна паразмаўляць з вашым пляменьнікам? Вельмі прашу.
— Яму можа не спадабацца, што я балбачу аб ягоным бізнэсе … — Лярэнца амаль шкадаваў аб сваёй шчырасьці з гэтай добрай жанчынай.
Падчас гутаркі са зьбянтэжаным Гусам Коні прыйшлося папрасіць трохі брэндзі. Гісторыя вымалёўвалася брудная, нават брыдкая. За пяць гадоў, мінулых з таго часу, як іх укладаньні былі вернутыя, Гуса і, верагодна, шмат, шмат іншых, такіх як ён, схілілі ўкласьці грошы ў дзьве розныя кампаніі, зарэгістраваныя ў Нассау і Фрыпорце.
Са сьлязамі на вачах Коні прачытала імёны дырэктараў, Гаральд Кейн і Сабіна Кэсі. Гус і Лярэнца глядзелі на яе ў поўным зьдзіўленьні. Перш за ўсё яна выняла чэкавую кніжку і выпісала Гусу важнецкі чэк. Потым дала ім адрэсу фірмы маляроў і дэкаратараў, адрэкамэндаваўшы іх як сваіх добрых сяброў і выдатных працаўнікоў. Яна таксама запісала назву фірмы, што займаецца электрыкай, але папярэдзіла, што там яе імя згадваць ня варта.
— Але чаму вы ўсё гэта робіце, Канстанца? — Гус не разумеў, на якім ён сьвеце.
Коні паказала яму імёны ў паперах. — Гэты чалавек мой муж, гэтая жанчына яго палюбоўніца. Я шмат гадоў зачыняла вочы на іх стасункі. Мяне не хвалявала, што ён сьпіць зь ёй, але, далібог, мяне павінна было хваляваць, што з дапамогай маіх грошаў ён ашуквае годных людзей. — Яна разумела, у іх вачах яна павінна выглядаць звар'яцелай.
Гус мякка загаварыў. — Я не магу ўзяць грошы, спадарыня Кейн, не магу. Гэта занадта.
— Убачымся ў аўторак, Лярэнца. — Яна сышла.
Колькі раз па чацьвяргах яна сьпяшалася вярнуцца, у надзеі, што муж апынецца дома. І як рэдка яе надзеі спраўджваліся. Сёньняшні вечар ня быў выключэньнем. Нягледзячы на позьнюю гадзіну яна патэлефанавала старому сябру свайго бацькі, праўніку Т.П. Мэрфі. Потым адвакату. Яна прызначыла нараду на раніцу. Не было ні выбачэньняў, ні абвінавачаньняў. Іх размова скончылася а палове на дванаццатую.
— Што вы зараз будзеце рабіць? — спытала яна адваката.
— Тэлефанаваць на пляц Хакот. — Менавіта там разьмяшчаўся цэнтар па расьсьледаваньні фінансавых махлярстваў.
Ён так і не прыйшоў дахаты уначы. Ёй так і не атрымалася заснуць. Навошта яна даўно не прадала гэтую недарэчную хату. Усе дзеці жывуць ва ўласных кватэрах. Раніцай на ёй твару не было. Яна выправілася ў горад. Прыпаркавала машыну. Удыхнуўшы глыбей, паднялася па прыступках офіса свайго мужа, каб сустрэцца з тым, што пакладзе канец яго жыцьця, як ён яго сабе ўяўляе.
Яны папярэдзілі яе, справа атрымае шырокую агалоску, надзвычай нэгатыўную. Яе гэты бруд таксама кране. Ёй прапанавалі знайсьці часовае сховішча. Неяк даўно, на выпадак, калі яе маці захоча пажыць у Дубліне, яна набыла маленькую кватэрку, разьмешчаную на асобным участку непадалёк ад мора. Гэта падыдзе ідэальна. За пару гадзін туды цалкам можна будзе перавезьці яе рэчы.
— Вы маеце ўсяго некалькі гадзін, — сказалі яны ёй.
Па яе просьбе ёй падалі магчымасьць паразмаўляць зь ім без староньніх.
Ён сядзеў у сваім офісе, назіраючы, як забіраюць паперы і кампутары. — Я заўсёды імкнуўся кімсьці стаць у гэтым жыцьці, — уздыхнуў ён.
— Ты мне гэта ўжо казаў.
— Авохці! Я кажу зноўку. Калі ты вымавіў нешта двойчы, гэта неабавязкова хлусьня.
— Ты быў кімсьці. Ты заўжды быў кімсьці. Але прагнуў ты іншага. Табе карцела мець усё.
— Ведаеш, табе бы не прыйшлося рабіць гэта, калі б з табой ўсё было добра.
— Са мной заўсёды ўсё добра.
— Не, ня добра. Ты была упартай, фрыгіднай, раўнівай сьцервай. І такой засталася.
— Я ніколі не раўнавала да таго, што магла табе даць Сабіна Кэсі, ніколі.
— Навошта ж ты зрабіла гэта?
— Бо ты павёў сябе ня годна. Аднойчы табе жыцьцё папярэдзіла, ты выратаваўся. Хіба ня досыць?
— Ты нічога ня ведаеш аб мужчынах. Нічога. — Ён амаль выплюнуў тыя словы. — Ты ня толькі ня здольная даць мужчыне задавальненьне, ты сур'ёзна мяркуеш, што сапраўдны мужчына можа прымаць твае падачкі і пстрычкі па носе.
— Дзеля дзяцей ты мог бы жыць інакш.
— Сыходзь прэч, Коні.
— Яны заўсёды любілі цябе, сапраўды любілі. Яны жывуць самастойна, але ты па-ранейшаму іх бацька. Цябе твой бацька ніколі асабліва не цікавіў, але для большасьці людзей усё інакш.
— Ты мяне ненавідзіш, так? Вось ты пацешысься, калі я апынуся за кратамі.
— Не. Да таго ж ты, верагодна, доўга там не затрымаесься. Ты заўжды вылезеш сухім з вады. — Яна пакінула кабінэт.
На наступных дзьвярах красавалася медзяная таблічка зь імем Сабіны Кэсі. З гэтага офіса таксама выносілі паперы і тэхніку. У Сабіны, мабыць, не было сям'і альбо сяброў, здольных падтрымаць яе ў ліхую гадзіну. Яна сядзела ў асяродзьдзі банкіраў, праўнікаў і інспэктараў з атрада па барацьбе з махлярствам.
Коні цьвёрдай хадой выйшла за дзьверы, села ў машыну і выправілася ў сваю новую кватэру ля мора.