Васіль Беражны. Матчын голас Пераклаў Павел Марціновіч


Прыляцеўшы на Месяц, яна ўсё разглядвала, захоплена ўскліквала:

— Ніколі не думала, што тут гэтак добра!

Ён вадзіў яе несканчонымі тунелямі Селенаполіса, паказваў гмахі, якія падпіралі чорнае, усеянае зоркамі неба.

— А хадзіць тут як лёгка, сыночак!..

Голас у маці быў звонкі, яшчэ зусім малады — можа, таму, што яна пявучая? Колькі памятае яе — любіла спяваць. На святы, сустракаючы гасцей, спявала весела, з імпэтам, а ў будні, за хатняй работай, — прыглушана і трохі сумна. Нават размаўляючы, як быццам вымаўляла словы — спявала іх. І зараз у ейным голасе было нешта гэткае... можа, незвычайнае або, можа... Можа, гэта яе так узрушыў палёт на Месяц? Ён услухоўваецца ў гэты да болю родны голас і ніяк не можа зразумець, што ж гэта так звініць у ім?

— А ў нас цвітуць сады. Калі толькі прымаразкі не прыціснулі... Ураджай будзе! Прыедзеш у водпуск гэтым летам?

Хацеў сказаць ёй пра экспедыцыю, словы ледзь не зляцелі з вуснаў, але... Навошта трывожыць маці? Трывожыць... Ага, вось яно што — у ейным голасе чуецца трывога! Словы вясёлыя, а голас трывожны. Няўжо здагадалася, што гэта развітанне?

— Хоць тут і лёгка хадзіць, — сказаў ён маці, — але адлегласці немалыя. Селенаполіс займае больш за сто квадратных кіламетраў. Давай, мама, трохі пад'едзем.

Дарожка, размаляваная палосамі зялёнага пластыку, панесла іх гулкімі тунелямі, высокімі пячорамі, сцены якіх іскрыліся ў святле кварцавых лямпаў. На паверхню іх вынес эскалатар. Маці моўчкі глядзела на валатоўскі шацёр, які кветкай ландыша накрываў кратэр дыяметрам не менш за кіламетр.

— Пляц Супольнасці Нацый, — тлумачыў ён маці. — Пасля работы сюды сыходзяцца людзі розных народаў Зямлі. Усе, хто працуе ў Селенаполісе. А вось да возера пайшла група турыстаў. Паплаваць на Месяцы — экзотыка!

— Э, у Дняпры, напэўна, лепей. Вось як будзе ў цябе водпуск...

Калі аглядалі панараму астрадрома, дзе ў чорную глыбіню космасу нацэліліся два караблі вышынёй з Астанкінскую тэлевізійную вежу, маці зноў уздыхнула.

— Што гэта?

— Караблі далёкага дзеяння, мама. Рыхтуецца экспедыцыя да суседняй планетнай сістэмы.

Прыжмуранымі вачыма глядзела яна на ракеты, а там поркаліся, мітусіліся мантажнікі, зусім маленькія на такой далёкай адлегласці. Ціха сказала:

— І чаго ляцець Бог ведае куды? Навошта лезці ў пекла?

— Гэта надзейныя караблі, мама!

— А хіба не лепш было б спачатку поўнасцю абжыць Месяц, потым усе планеты Сонечнай сістэмы, а тады ўжо...

Цяпер уздыхнуў ён.

— Магчыма, але...

— Але што?

— А хіба я ведаю?..

Ох, як яму хацелася расказаць пра гэты вынашаны ў марах палёт, пра тое, як ён хваляваўся, праходзячы адборачную камісію! Але стрымаўся. Гэта ж апошняя сустрэча перад стартам, апошняя — навошта ж яе азмрочваць? Маці — гэта ж маці, зараз пачне ўсе свае шкадобы...

А яму так прыемна, радасна слухаць яе. Хай гаворыць што заўгодна, абы толькі чуць, успрымаць, уліваць у душу гэты родны, адзіны сярод мільярдаў голас.

— Ты думаеш, чаму чалавек прыжываецца на Месяцы? — філасофствавала маці. — Бо ён у сферы прыцягнення роднай Зямлі, роднага Сонца. Гэта ж прастора, адведзеная нам прыродаю! І пакінуць сваё Сонца... Хто ведае, што можа здарыцца...

Ён слухае і слухае, быццам п'е крынічную ваду дзесьці на Зямлі, у засені дрэў. А маці паказвае вачыма на вялізную блакітную кулю і, панізіўшы голас, вядзе гаворку:

— Зірні, сынку, гэта ж цуд... Плыве ў прасторы Зямля, сама сабою, вось бачыш, снежная шапка на полюсе, а як адблісквае акіян. Калыска жыцця! І як жа гэта так — узяць і пакінуць гэтую казачную красу?..

У яго быццам расплюшчыліся вочы, ён зірнуў на родную планету і ўбачыў, якая яна дзівосная — сапраўдны цуд прыроды!

Невядомае дагэтуль пачуццё ахапіла яго — зашчымела сэрца.

— Дык калі ж у цябе водпуск?

— Невядома, мама... Таму і запрасіў, што сам не ведаю... Невядома, калі ўбачымся...

А сам добра разумеў, што водпуску ўжо не будзе. І маці бачыць у апошні раз. Халадок далёкага — ой якога далёкага! — падарожжа поўніў ужо ягоныя грудзі.

— Пастарайся хоць на восень, — кажа яна, як просіць. — Якраз яблыкі, ігрушы... Ды і кавуны...

— Думаеш, мне не хочацца пахадзіць басанож па расе?

— Вось і паходзіш. Пагасцюеш у сваякоў, таварышаў.

Не, маці і думаць не можа, што сын скіруецца ў космас і навекі страціць усіх сваіх блізкіх.

— А нашу сажалку паглыбілі, колькі там рыбы! Ты ж любіш рыбал...

— Дзяжурнага аператара на вахту! — прагрымела з дынаміка.

Крануліся кнопкі, экранчык пагас, матчын голас змоўк.

— Іду.

Ён часцяком пракручвае гэты запіс і як быццам зноў ходзіць з маці па Месяцы, бачыць родную планету. Бо яны ўсё ж пакінулі сваё Сонца, нават у тэлескопе яно бачнае адгэтуль зорачкай 12-й велічыні. А Зямлі ўжо даўно не відаць.

Чаму яны паляцелі? Бо маладыя. І чалавецтва маладое.


Загрузка...