Андрэй Дзмітрук. Ноч маладзіка Пераклаў Міхась Шупенка


Толькі цяпер, пасля раскопак, магу я сказаць сёе-тое пра знікненне Сяргея Іўчанкі.

Сёе-тое, але нічога такога, што магло б, скажам, спатрэбіцца работнікам міліцыі. (Я ўжо даўно ведаў, што Серж знік: я вытрымаў шматдзённую буру тэлефонных званкоў яго маці, быў вымушаны ўдзельнічаць у няўцямнай Ірынінай мітусні па горадзе, але цалкам адчуў прапажу толькі перад РАУС, дзе красаваліся на стэндзе вышуку лістоўка «Знайсці чалавека» з фотакарткаю Іўчанкі.) Магчыма, я адзіны, хто здагадваецца, дзе цяпер Серж. Калі я нават маю рацыю, дык вярнуць яго да нас не лягчэй, чым з таго свету альбо з іншай Галактыкі. (Гэта быў добра вядомы мне здымак, прафесійны, хоць і зроблены ў хатніх умовах. Здымаў наш прыяцель — аператар кінакронікі; фонам служыла белая прасціна, павешаная на сцяну. Святы Божа, каб мы ведалі, дзеля чаго паслужыць гэтая зробленая пад мухай фатаграфія! Паважны Серж са сваімі крыху лупатымі вачыма і роўна падстрыжанымі светлымі вусікамі глядзеў з міліцэйскага стэнда, захоўваючы выраз камічнага пафасу: разварот у тры чвэрці, ніжняя губа выпнутая, галава задраная...)

Так, ён лічыўся маім найбліжэйшым сябрам. Адзінаццаць гадоў мы з ім прагульваліся, ездзілі на пляж і ў грыбы, хадзілі ў кіно ці ў тэатр, філасофствавалі за шклянкай віна — адным словам, вадзіліся, як заведзена ў людзей, што любяць адзін аднаго і не звязаны ніякімі дзелавымі зносінамі. Разоў колькі Серж зрабіў мне пратэкцыю ў якіхсьці службовых асобаў, колькі разоў і я «закінуў слоўца» за яго; трохі больш было выпадкаў грашовай узаемавыручкі. На падставе гэтага мне цяжка сказаць, ці пайшоў бы я з Сержам «у разведку» і як бы ён паставіўся да мяне ў гэтай «разведцы». Пэўна, не горш, чым я — да яго. Магчыма, мы сапраўды былі сябрамі.

Серж вызначаўся высокім ростам, меў роўную мужную паходку і выдатную выпраўку, але ж вялікім поспехам ні ў грамадзе, ні ў жанчын ён не карыстаўся. Нямала людзей намнога саступаюць яму і вонкава і духоўна, але пры гэтым нейкая беспамылковая інтуіцыя падказвае ім, як сябе паводзіць, што дзе сказаць... Такі чалавек у любы момант адчувае сябе нібы рука ў зручнай пальчатцы. Нахабнасць, хамства, непрыкрыты эгаізм — усё яму даруецца. Затое прыгожаму, вытанчанаму, чуламу Сержу з яго прыемным мяккім нізкім голасам і дагледжанымі рукамі — менавіта яму не даравалі ніякай памылкі. І было гэта з прычыны яго вечнай няўпэўненасці ў сабе. Дастаткова было каму-небудзь адпусціць у яго бок іранічную рэпліку альбо жанчыне зашаптаць сяброўцы на вуха, паглядаючы пры гэтым на Сержа, каб ён разгубіўся, зрабіўся нудны, пануры і ў рэшце рэшт змоўк зусім падчас ледзьве не са слязьмі ў вачах. (Мабыць, поўнае раўнадушша да людзей і да іх поглядаў — гэта і ёсць сакрэт поспеху памянутых мною геніяў адаптацыі?..)

Серж даволі часта ўлюбляўся, і многія ахвотна прызначалі яму сустрэчу, але хутка расчароўваліся, бо мой рамантычны сябра ўжо лічыў выбранніцу незвычайным стварэннем, сваім другім «я» і абрушваў на яе ўсе свае перажыванні і выпакутаваныя думкі. Убачыўшы, аднак, што цудоўная дама становіцца ўсё больш халодная, мой сябар пачынаў дапякаць ёй настолькі палкімі і патрабавальнымі прызнаннямі, што ўмомант адпужваў яе канчаткова. (Ён быў адзіны сын, яго бацькі выязджалі ў доўгія камандзіроўкі, і Серж з малалецтва заставаўся пад наглядам старэнькай бязвольнай бабулі, сам-насам з велізарнай бібліятэкай.)

Увогуле, я ад душы радаваўся за Сержа калі мне ўдалося звесці яго з Ірынай. (Даўняй студэнцкай парою мой раман з ёю быў не вельмі ўдалы: яна ўладалюб і я таксама...) Іра разумная, эрудзіраваная, энергічная. Была замужам і разышлася не з нейкай трывіяльнай прычыны накшталт мужавага п'янства, а «з-за неаднолькавасці перакананняў». Чакае свайго прынца, аднак настолькі цвярозая ў штодзённым жыцці, што разумее: хутчэй за ўсё прынца давядзецца ляпіць самой з каго-небудзь, патэнцыяльна здольнага на гэтую ролю.

Серж ёй падышоў. Яны не толькі вытрымалі амаль штодзённыя сустрэчы паўгода, але нават памянялі свае аднапакаёвыя кватэры на двухпакаёвую. Іра канчаткова дабіла майго сябра тым, што адзелася для рэгістрацыі шлюбу ў чорнае велюравае плацце.

Ён металафізік, я археолаг. Нас аб'ядноўвае прыхільнасць да ўсяго ўзвышанага і адцягненага. Зрэшты, калі высокавугляродзістыя сталі і гексанітавы абразіў мне ўвогуле недаступныя, дык Сержа мне ўдалося заразіць археалогіяй, ці бо не столькі самой навукай, колькі тым духам амаль казачных культур, які робіць свяшчэннадзействам нашу кратовую работу.

...Далібог, мне самому ніколі не ўяўляўся галоўнай задачай нудны, абстрактны аналіз: як, скажам, змянілася дзяржальна баявой сякеры за пяцьсот гадоў. Не — кожная культура выклікала да жыцця яскравы пачуццёвы вобраз. Менавіта ажыўленне вобразнай сутнасці мінулага было мне даражэйшае за ўсё. Хіба археалогія толькі ўпарадкоўвае, хіба не ўваскрашае?!

...Страшная, дамавінная цесната празмерных каменных мас. Скучаныя зверагаловыя монстры і сярод іх — смуглы хлопчык з тонкай шыяй і вялікімі вачыма, наіўны і паважаны, у золаце, з накладной барадой — забаўка хітрых старых. Золата, спякота, духмянасць, ад якой чмурэеш, манатонны гук струны — гэта Эгіпет. Сцены з размаляваных чарапоў, пыл на падстрыжанай траве свяшчэннага стадыёна, сонца і рэзкі цень піраміды, званочкі на шыях брудных ламаў. Быць сёння крыві. Жорсткія і скрытныя дзеці — ацтэкі... Адпачнём на ўзбочыне дарогі пад мелавым схілам, над бірузовым шчытом мора. Разломім наздраваты праснак, пакладзём на яго жоўты сыр... Вып'ем аскомістага віна, спачатку ўзліўшы Хмараганіцелю. Элада...

Усё ж такі я — ускосны віноўнік прапажы сябра. Чытаючы на стэндзе вышуку спіс Сержавых прыкмет, я дайшоў да вопраткі. Джынсы старыя, гімнасцёрка вайсковая, акуляры цёмныя сонцаахоўныя, сумка сіняя на рэмені цераз плячо, з надпісам «Аэрафлот». Я адчуў на імгненне непрытомнасць. Значыць, Серж адправіўся ў поле, і можна ўпэўнена сказаць куды.

Вядома ж, гэты маршрут упершыню паказаў ім я ў леташнім чэрвені. Не так ужо і далёка ад Горада: гадзіну з нечым на рэйсавым аўтобусе да апошняга прыпынку — маленечкага сельмага пасярод запыленай плошчы. Потым прасёлкам направа, па плаціне цераз возера, дзе ў цесным чароце стракатыя дзікія качкі дружаць з белымі свойскімі. Ад плаціны — звілістай лясной дарогай...

...Калі выйшлі з лесу, у Ірыны і Сержа, хоць і падрыхтаваных маім расказам, на хвіліну перахапіла дыханне, а потым яны навыперадкі сталі захапляцца. Уздымаючы хрыбет на вышыню двухпавярховага дома, бурым тлустым драконам ляжаў сярод поля старажытны абаронны вал. Справа ён хаваўся ў сасновым бары, затое налева адыходзіў, як ахапіць вокам, па мірным лёгкім жыце. Каляіна, па якой мы прайшлі лес, цяснінай прарэзвала вал.

Так, калісьці ў гэтым ціхім, зялёным, хлебным краі, дзе патрыярхальна стракочуць трактары і ляжаць у цяні вала пярэстыя сонныя каровы, — калісьці ў гэтым краі кіпела вялікая работа. Нашыя з вамі прашчуры, суровыя, гаспадарлівыя, забабонныя славяне, ставілі бар'ер перад драпежным, вераломным стэпам. Увесну рылі і цягалі зямлю; пабудаваўшы насып, часалі вострыя калы на агароджу па хрыбце, ставілі вартаўнічыя вежы. Потым колькі хочаш маглі налятаць стэпавікі на каратканогіх кудлатых коніках, раўці нялюдска, круціць над галавой арканамі. За глыбокім ровам, за крутым бокам дракона, на які вершнік не ўзбярэцца, а пешага сустрэнуць гартаванай стралой, гэтаксама, як сёння, ціха-мірна каласілася і выходзіла ў трубку жыта. Дымамі зямлянак курыліся гарадзішчы. Жанчыны даілі ўсё тых жа гнядых ды плямістых, ганчары выраблялі ляпныя паяскі на вазах (так, у іх былі і вазы!), а кавалі па золаце набівалі руку на фібулах для плашчоў. Як доўга і добра жыла краіна за вялікім валам, сведчыць чорная, жоўтая, чырвоная кераміка. Мірыяды асколкаў, якія штолета выгортваюцца плугамі і вымываюцца дажджамі на раллю. Нават капаць не трэба.

Прайшоўшы кіламетры тры спякотным пыльным гасцінцам уздоўж насыпу, Іра раптам абвясціла прывал і рынулася на схіл, штурмуючы пахучую блытаніну жаўтазелю, піжмы, бярозкі і пругкага белага дзяцельніку. Уверсе, дзе калісьці за брустверам чакаў стэпавікаў вастравокі лучнік, расла моцная разгалістая груша-дзічка. Схаваныя мноствам дробнага лісця і цвёрдых, быццам костка, пладоў, мы разгарнулі пакункі з ежай. Перад намі аж да самага далягляду грувасціліся хвалі рудой збажыны, а пасярод іх — шыза-зялёныя плямы капусных градак і лесаахоўныя палосы. Толькі падкрэсліваючы ўсеабдымную цішыню, дзелавіта лескаталі конікі, зароў у палёце грузны чмель ды недзе пад нерухомым небам вуркатала сенакасілка. Я націраў радыску мокрай камякаватай соллю, жаваў булку з вяндлінай і думаў, запіваючы ўсё гэта цёплым ліманадам з рыльца бутэлькі: гэтыя, не закаламучаныя мітуснёю хвіліны — ці не лепшыя ў маім жыцці?

Перакусіўшы, Іра з Сержам яшчэ доўга качаліся б на траве і палілі. Але я, нібы фанабэрысты ўладальнік калекцыі, прыспешваў іх з жаданнем як мага болей паказаць да цемнаты.

Гэта ў мяне атрымалася. Іра і Серж былі выдатныя хадакі...

Тады быў чэрвень. А на зыходзе жніўня, у панядзелак, Серж выклікаў мяне з інстытута і прывёў на самую зацішную лаўку ў бліжэйшым парку. Серж не ўмеў ні прыкідвацца, ні гаварыць на нейтральныя тэмы, перш чым падысці да галоўнай. Таму ён проста глядзеў на наскі туфляў, маўчаў і ламаў у пальцах пруток. Я пачакаў і невінавата запытаўся, ці не пакахаў Серж, скажам, маю жонку і ці не хоча ён у гэтым прызнацца. Потым я запэўніў яго, што трымаюся самых перадавых поглядаў і, калі ў яго са Светаю ўсё дагаворана, я перашкаджаць не буду.

Але Серж узняў на мяне бездапаможныя дакорлівыя вочы, і я, убачыўшы цёмныя паўмесяцы пад імі, зразумеў, што жарты не да месца.

— У мяне да цябе дзве просьбы.

— Адразу дзве? Ого! — не здолеў усё-такі ўстрымацца я.

— Ага, адразу дзве. Урэшце, калі ты не хочаш, я магу...

— Хачу, хачу! Лічы, што я іх ужо выканаў. Толькі кажы хутчэй, у чым праблема.

— Тады, першае, нічога не расказвай Ірцы. Другое, не перапыняй мяне і не старайся растлумачыць, не даслухаўшы да канца. І ўвогуле, не спяшайся з высновамі. Добра?

Я абяцаў, заінтрыгаваны такім пачаткам. Серж адшпурнуў паламаны пруток — гэты жэст здаўся мне істэрычным — і раптам спытаўся з такой дрыготкай у голасе, быццам ад майго адказу залежала ўсё яго жыццё:

— Як ты думаеш, толькі папраўдзе — ці здольны я на рашучыя ўчынкі? Альбо пан, альбо прапаў...

Кажучы па праўдзе, я думаў, што Серж не здольны.

Ён заўсёды лічыў у глыбіні душы, што ўвесь свет, як мама, усё даруе, варта толькі сказаць: «Больш не буду».

Ва ўсякім разе, адзінаццаць гадоў нашага знаёмства не давалі падставы лічыць Сержа чалавекам дзеяння, тым больш на ўзроўні «альбо пан, альбо прапаў». Акрамя таго, ён хваравіта высока цаніў сваё жыццё...

— Не ведаю. Думаю, што здольны, — сказаў я. — Магчыма, проста не трапляўся выпадак.

Мусіць, нават мая бойкая хлусня яго не падбадзёрыла. Серж цяжка ўздыхнуў і пачаў спавядацца.

Аказваецца, учора яны з Ірай самі паўтарылі той шлях, якім я правёў іх у чэрвені. Там, дзе крутым зрэзам быў зведзены ў даліну старажытны вал, яны збіралі каля каранёў па пасадках моцныя круглякі-порхаўкі. Праз тыдзень у грыбах быў бы ўжо ржавы пыл, а тады яны былі яшчэ сама раз — «на смак — быццам трасковая пячонка», як аўтарытэтна заявіла Іра.

Сама ж даліна, глыбокая, серпападобная, выклікала ў іх проста-такі дзіцячае захапленне багаццем палявых шампіньёнаў. У нас, тутэйшых, яны называюцца «пячэрыцы». Шампіньёнаў не трэба было шукаць. Белымі агеньчыкамі ззялі яны ў нізкай траве, прыметныя нават з процілеглага схілу.

На жаль, у сумцы быў толькі адзін нож на дваіх, а рваць з коранем вопытная Іра не дазваляла, каб не загубіць грыбніцу. Таму збор вельмі запаволіўся. Вымушаныя рухацца разам, яны амаль дзве гадзіны хадзілі па схілах, адразаючы гладкія, як гумавыя цацкі, грыбы. Зверху да даліны збягалі карчакаватыя яблыні, жоўтыя плады ўжо гарэлі на іх, і здавалася дзіўным, што няма аховы. Не маючы сілы перамагчы спякоту, павіслі асавелыя яблыкі. Даліна, быццам запоўненая нябачнай стаячай вадой, замерла ў сонным змярцвенні.

Менавіта тут Ірына ўпершыню выказалася пра фізічныя ўласцівасці часу: пра тое, што час, паводле сваіх таямнічых законаў, можа паводзіць сябе, як адчувальная субстанцыя. Хто ведае, ці не ўтварае ён на самай справе нерухомыя ставы ў адных месцах, ці не імчыцца шалёным патокам у іншых. Прасторавая структура часу. Турбуленцыя, віхуры, узаемапранікаючыя слаі — верагодна, недзе ёсць і адваротныя плыні, адбітыя ад якіх-небудзь запруд... Чаму мы лічым час нейкім сумным бесструктурным маналітам?

— Можа быць, узімку ляжыць снег, а тут усё так жа горача і растуць шампіньёны, — пажартаваў Серж, між іншым, з адчуваннем таго, што жарт няпросты, з падвойным дном.

— Так, так, і на мяжы зімы ходзіць анёл з вогненным мячом, — падхапіла Ірына, не адчуўшы другога дна.

...Грыбная ліхаманка досыць затрымала іх у дарозе. Захопленыя, яны проста забыліся, што канец жніўня — не чэрвень: сонца заходзіць значна раней.

Ззаду засталося бураковае поле. Яны заблудзіліся ў доўгіх, пераблытаных вуліцах сяла, сярод дыхтоўных хат пад шыферам і хлявоў, крытых замшэлым толем. Ім прыязна паказалі дарогу. За сялом Серж выцягнуў з калодзежа вядро вады, такой ядрана свежай, што нібы ў мароз ламала зубы. Напіўшыся, ён папрасіў жонку абліць яго і зняў дзеля гэтага кашулю...

Так, спяшаючыся, але не адмаўляючы сабе ні ў якім уражанні, яны наблізіліся да мэты — грады крутабокіх узгоркаў. Маленькія сельскія могілкі прытуліліся на самай нізкай з гэтых страшэнных спін, а самую высокую ўвенчвала арлінае гняздо — дзяцінец гарадзішча, падобны на Манамахаву шапку. Гэты «куліч», акружаны кальцавым валам, я ўпершыню паказаў Іры і Сержу здалёк, ад грэбеня даліны шампіньёнаў. Ён відзён на дзесяткі вёрст. Цяпер, аплыўшы пад цяжарам шматлікіх стагоддзяў, дзяцінец насоўваўся ў адвячоркавай смузе, ахоплены чарамі і вядзьмарствам, — падножжа воблачнага горада, рэрыхаўская цвярдыня, здольная прымусіць трымцець любую рацыянальную душу.

Калі яны, выбраўшы самы пакаты пад'ём, дасягнулі седлавіны ўзгорка, цяжкая шапка ўжо страціла аб'ём і сілуэтам прыклеілася да ультрамарынавага фону. Тут Серж мімаходам зірнуў на гадзіннік і ўбачыў, што ўжо пачатак дзевятай гадзіны.

— Ну і што? — сказала Іра. — Апошні аўтобус, здаецца, у дваццаць адну дваццаць.

— Давай вернемся, — скурай на лапатках адчуўшы небяспеку, папрасіў Серж. — У цемнаце тут вельмі проста ногі зломіш. Акрамя таго, вадзіцель аўтобуса наўрад ці дакладна трымаецца раскладу. Можа і раней паехаць.

— А можа і пазней.

— Гэта наўрад, ехаць няма каму — нядзеля... «Нядзеля» — раптам сказаў выразны голас над вухам у Сержа. Ён палез у нагрудную кішэню гімнасцёркі, дастаў блакнот і прачытаў запісаны сваёю рукою графік руху аўтобуса: «Адпраўленне з сяла X... — 18.00, 19.30, 21.20. Нядз. і святы — апошні 19.30». У яго неяк адразу аслаблі навярэджаныя ногі. Сеў у траву.

Вядома, яны маглі спусціцца і зусім спакойна заначаваць у X... Ледзь не кожны селянін з задавальненнем пусціў бы іх у хату, а гаспадыня дала б павячэраць: густое пахучае малако пад рудою пенкаю, лусты мяккага і сытнага хлеба... І ў выніку спакойнай ночы на тоўстых утульных сенніках, мы з Сержам яшчэ незлічоную колькасць гадоў сустракаліся б і гутарылі аб узвышаным і адцягненым. Але Іры суджана было прадэманставаць, што яна ўжо дык здольная на хуткія і цвёрдыя рашэнні.

— Не дрэйфі, стары. Няма ліха без дабра. Здаецца, з часоў будатрада не спала на траве, пад адкрытым небам. Давай тут заначуем!

— Проста тут?

— Ага! Я стамілася страшэнна. А месца якое! Бачыш гваздзікі?

— Вось іменна, я не ведаю, якое гэта месца...

Ірына з размаху села ў траву і пастукала далонню па зямлі:

— Даставай падсцілку. Ну? Да раніцы зямля будзе халодная і мокрая...

Тут Серж перапыніў свой расказ, каб патэтычна ўсклікнуць, хапаючы мяне за руку.

— І я ж усім нутром адчуваў, што нельга тут заставацца, а ўсё ж такі застаўся! Ну, ці не баба я? Апошняя баба!

Ірына заснула першая, моцна абняўшы мужа і прыціснуўшыся да яго ўсім целам. Яе цёплае дыханне, рытмічна дакранаючыся да Сержавай шчакі, паступова заваражыла яго...

Ён прачнуўся ад рэзкага холаду. Ірына варочалася ў сне, адкацілася і ляжала цяпер, скруціўшыся абаранкам, калені да падбародка, напалову па-за падсцілкаю. Серж паспрабаваў асцярожна, каб не разбудзіць, перацягнуць яе назад. І раптам пачуў ціхае металічнае пабразгванне. «Быццам нехта падтрэсваў вязкаю ключоў».

Трывога, якую не развеяў і сон, прымусіла яго замерці на месцы. Маладзіковая ноч разгарнулася над вышынямі ўзлахмачаных узгоркаў, дражнячы халодным ветрыкам. Толькі па адсутнасці зораў можна было пазнаць шапку гарадзішча. Серж падняўся на калені, потым устаў.

Унізе, на раўніне без агнёў, пазнаваліся толькі светлыя плямы сажалак, дарога і многа далей, за масівамі чорных лясоў, сам гарызонт, абведзены электрычным зарывам Горада. Горад быў недасягальны, як задыякава святло. Ад нябачнай бахчы, дзе перад захадам сонца весялілася Іра, нагой качаючы слановыя чарапы гарбузоў, нехта ўзбіраўся па схіле, цмокаючы і брынкаючы металам. Жах праняў Сержа да кончыкаў пальцаў, ён ледзь быў не закрычаў на ўвесь голас, але стрымаўся, прыкусіўшы костачкі рукі.

Цяпер ён выразна бачыў, як падымаецца на ўзгорак высокі белы конь, напружыўшы мышцы лапатак і дужай шыі. Конская галава ківалася пры кожным кроку, падкрэсліваючы, якіх намаганняў каштуе яму пад'ём.

Як і ўсе гараджане, Серж ведаў, як гукаюць сабаку ці кошку, але звяртацца да каня, натуральна, не ўмеў. Таму ён не знайшоў нічога лепшага, як памахаць рукою, свіснуць і прахрыпець тэатральным шэптам:

— Гэй, ты! Хадзі сюды!..

На здзіўленне, конь спыніўся і натапырыў вушы. Потым павольна павярнуў галаву да Сержа, быццам нечага чакаў.

— Зараз, галубок, зараз, мілы, — замармытаў ён, вызваляючы сваю сумку з-пад Ірынай нагі, стаў ліхаманкава рыцца ў ёй. Сёння ўдзень яны з Ірынай наеліся булкі з сочывам і таму праігнаравалі мяшочак цукровага печыва. Ах, як гэта печыва цяпер дарэчы.

Серж абышоў Іру, якая спала, і з мяшочкам у выцягнутай руцэ, з нейкім супакойлівым лепятаннем, пайшоў насустрач госцю.

Як толькі ён наблізіўся ўсутыч, да яго вярнулася цёмнае, непрыемнае пачуццё — небяспека. Конь быў неверагодна прыгожы. Сельскія працоўныя канякі гэтак не глядзеліся... Узняўшы шыракалобую галаву з раздзьмутымі ноздрамі, фанабэрыста глядзеў з-пад аксамітных вейкаў даўганогі месячна-белы конь, варты Георгія Перамоганосца. Капыты яго зграбна прытанцоўвалі, сталёвая пругкасць адчувалася ў круглых бабках. З-за крыжа, акрэсленага, як амфара, выбіваўся пышны, аж да зямлі, снежны хвост. Шыя над магутнымі грудзьмі, з ямачкай пад горлам, нагадвала пра лебедзя і казачнага змея. Конь капрызна страсянуў галавой, і велічэзная шаўкавістая грыва, узвіхрыўшыся, застыла на імгненне, як пры запаволенай кінапраекцыі. У непраглядных вачах адбіліся два маладзікі, надаўшы яго погляду выраз дзікай неўтаймоўнай волі.

Адступаць было позна. Серж паклаў на руку печыва і падаў яго. Далікатныя, сухія, халаднаватыя губы слізганулі па далоні. Дзіўнай аброццю ўтаймоўвалі гэтага жарабца: пад падбародкам матляліся, выклікаючы знаёмы звон, мудрагелістыя нашараваныя цуглі, на шчоках бліскалі фігурныя бляхі... Прафесійнае Сержава вока нават пры скупым месячным святле ўмомант вызначыла бронзу.

Зрэшты, у паводзінах каня не было нічога казачнага;

Злізнуўшы адно печыва, ён стаў абмацваць губамі мяшочак, а калі Серж адняў руку, каб дастаць новую порцыю, нецярпліва застукаў нагой...

Далей Сержаў расказ стаў дзіўны і не вельмі складны. Сябра блытаўся, па некалькі разоў вяртаўся да аднаго і таго ж, змаўкаў, упарта гледзячы сабе пад ногі, і штохвілінна то задаваў мне пытанне: «Няўжо так з'язджаюць з глузду?», то маліў не лічыць яго вар'ятам, таму што «ўсё было так рэальна».

Здаецца, быў нейкі недаступны свядомасці імгненны пераход і ноч, поўная ўрачыстай цішыні канца лета, стала вільготным няяркім сакавіцкім днём. Шлёпалі капыты, распырскваючы калатушу бруднага снегу, хвацкія воклічы вершнікаў перакрывалі ржанне. Коўзаючыся і прысядаючы крыжамі, коні з апаскаю спускаліся па схіле. Кучаравыя даўгавухія воі, апранутыя ў скуру з грубымі жалезнымі пласцінамі, у простыя круглыя шлемы, з усяе сілы нацягвалі павады, і віселі каля сядла пунсовыя шчыты.

Белы жарабец гарцаваў перад Сержам. Конніца абыходзіла яго з двух бакоў. Але цяпер д'ябальскі конь быў асядланы, і на ім, боцікамі ўпіраючыся ў страмёны, сядзела маленькая жанчына-коннік з вялікімі вачыма.

Мяркуючы па ўсім, уражанне, зробленае ёю на майго сябра, было неверагоднае. Ён называў тую жанчыну «царыцаю», хоць яна была кімсьці накшталт камандзіра коннага атрада. Юны твар, круглы і шыракаскулы; лёгкі шрам, якому нос быў абавязаны сваім задраным кончыкам; неадкрытыя смаляныя валасы да лапатак — забаўка золкага ветру. У яркіх цёмна-карых вачах вясёлае шаленства, напышлівасць, гарэзлівасць. Гледзячы на ма ленькія і абветраныя рукі, якія ўладна трымалі павады, Серж падумаў, што вершніцы будзе радасна адным дакладным ударам разваліць плячук ворага. Яна выклікала страх і вабіла, як маланка. Зверху кальчугі — расхінутая безрукаўка з сівае воўчае шкуры, да бронзавага пояса прывешаны меч, які звужаўся па ўсёй даўжыні.

Жанчына кінула Сержу адну толькі фразу, кароткую і звонкую, нібы каманда. Ці то тыя словы былі ўсё-такі падобныя да расейскай мовы, ці то па іншай, толькі пазней угаданай прычыне, але ён зразумеў, што «царыца» паўжартам пагражае яму сваім гневам, калі падвядуць падковы... Потым яе ўвагу адцягнулі крыкі і рогат воінаў. Маладзенькі коннік з тонкай шыяй і недарэчна шырокімі пад бычынай скурай плячыма, амаль хлопчык, памыліўся і даў шэнкеля на слізкім схіле, замест таго каб асадзіць... Ірвануўшыся, конь паваліўся на калені, і юнак кулём вылецеў з сядла. Пакаціўся шлем, «царыца» фыркнула, нібы дзеўчанё. Воіны дражнілі юнака, клічучы па імені: «Усясвет, Усясвет!»

Потым жанчына, ужо не цікавячыся Сержам, абцасамі выцяла каня і стала спускацца разам з усімі, пагойдваючыся станам. Белабрысы Ўсясвет нязграбна паднімаўся, абціраў рукавом гразь з твару. Хтосьці, праязджаючы, торкнуў яго тупым канцом дзіды, і маладзён выцягнуўся дагары ізноў...

Апамятаўшыся пасля сустрэчы з «царыцаю», Серж выявіў, што і сам апрануты ў цесны сырамятны каптан з нагруднымі пласцінамі зверху шэрай палатнянай кашулі навыпуск, што за поясам у яго сякерка з доўгім вузкім лязом, на пальцы — бронзавы пярсцёнак, скураныя штаны ўвабраны ў мяккія боты накшталт каўказскіх.

Ужо не ўпершыню адчуваючы нядобрае ў гэтым расказе, я запытаўся ў яго: як выглядалі рукавы ў кашулі?

Ён задумаўся на імгненне і адказаў:

— Доўгія, з чырвонай вышыўкай — такі двайны радок каля запясця.

— А канцы, канцы рукавоў? Зашпільваліся?

— Не, суцэльныя, вельмі цесныя. Калі адзяеш альбо здымаеш, ледзь-ледзь кісць прасунеш.

Прызнацца, гэтая дэталь уразіла мяне больш, чым усе чары ў Сержавым расказе. Узнаўляючы вопратку жыхароў гарадзішча, якое належала да вялікай правабярэжнай культуры, мы біліся над шматлікімі пытаннямі, у тым ліку — пра зашпільку рукава. Мастакі, ілюстраваўшы нядаўна вялікі акадэмічны зборнік, стараліся «хаваць» запясці воінаў, найчасцей за шчытом... Толькі нядаўна выказалі найбольш абгрунтаванае меркаванне, што кашулю шылі з шырокім рукавом, які ўшываўся па руцэ воіна. Серж пра гэта ведаць не мог...

Я змоўчаў. Але, праўду кажучы, пачаў куды больш уважліва слухаць блытаную аповесць, часцей задаваць пытанні. Сам таго не ведаючы, Серж ператвараў кучу разрозненых археалагічных ведаў у гарманічную, стройную сістэму, адною без асаблівай увагі кінутаю дэталлю ён запаўняў прагалы, якія дзесяцігоддзямі мучылі навуковы свет. Мімаходам разбіў ён многія гіпотэзы, зноў-такі яму невядомыя, бо адкрытых публікацый не было. А паасобныя, у тым ліку — о радасць! — і мае, пацвердзіў. Марозам апякала мне спіну, як у Сержа ноччу ад звону аброці, калі ён пачынаў апісваць які-небудзь прадмет збруі, зброі, побыту, нават не ведаючы яго назвы, і пры гэтым выяўляў надзвычайную дакладнасць!

Карацей кажучы, пакуль Серж гаварыў, мае пытанні былі сур'ёзныя, а адказам я верыў і паміж волі прыкідваў, якую буру могуць выклікаць некаторыя адкрыцці...

З'ехаўшы з узгорка, воіны пускалі коней у галоп. З гучным гоманам і посвістам імчаліся па мокрай, раз'езджанай капытамі раўніне. Лебядзінымі крыламі ўскідваючы грыву, наводшыбе ад гнядых і буланых слаўся белы гіпагрыф, у думках празваны Сержам «Машынай часу». Можна было разабраць, як кучаравяцца чорныя валасы маленькай амазонкі і сонца ўспыхвае на яе поясе...

Правёўшы яе вачыма да голага, чорнага, як на гравюры, лесу, дзе ў далёкай будучыні ўзнікне сяло Х..., Серж адвярнуўся і ўпэўнена пайшоў да брамы. Яшчэ колькі крокаў, і ён убачыў скучаны, як чараду куранятаў пад крылом у квахтухі, дымны горад. Дыміла зборышча двухсхільных дахаў, якія раслі проста з зямлі. У велізарнай калюжыне пэцкаліся дзеці, ухутаная баба цягнула вядро з калодзежа. На тым канцы сяла палілі салому ў яме — мабыць, дзеля ганчарскіх патрэб. Серж знайшоў вачамі сваю хату і ўспомніў, што абяцаў малодшым братам засекчы сёння пеўня. Што ж, ён быў кавалём і ювелірам, і яго прызначылі ў конніцу рэзерву на той выпадак, калі атрад будзе разбіты і давядзецца абараняць падыходы да гарадзішча.

Мне здалося, што я нечага не ўлавіў. Серж растлумачыў, што, пачынаючы з моманту, калі ён абмацаў на сабе скураны даспех, ён несупынна адчуваў нейкае раздваенне свядомасці. Прычым асоба Сяргея Іўчанкі, металафізіка XX стагоддзя, саступіла ў цень, толькі кантралюючы душу архаічнага славяніна — маладога каваля і карміцеля шматдзетнай сям'і, да самазабыцця закаханага ў «царыцу». Бадай, менавіта бяздзейнасць асабістых пачуццяў зберагла ў першыя часы майго сябра ад жаху перад адлегласцю ў шмат стагоддзяў паміж жыццём цяперашнім і мінулым...

Такім чынам, чалавек з двайною свядомасцю, расплюхваючы ботамі дарожную гразь, увайшоў у агароджу з масіўных завостраных калодаў. На круглым цэнтральным насыпе тырчалі нязграбна вычасаныя, рознай вышыні куміры, быццам сям'я апенькаў на пні: зубы ўстаўлены сапраўдныя, мядзведжыя, вочы абведзены кругамі вохры.

Брама ахоўвалася. Серж (ён бо каваль) перакінуўся салёным жартам з вартавымі. Розум кантраляваў майго сябра, але ўлоўліваў, аднак, не столькі мову, колькі агульны сэнс і настрой.

Здаецца, што шустры воін рэзерву ледзь не да захаду сонца жлукціў са збана хмельнае піва пад павеццю, заядаў хлебам з часнаком, гуляў з таварышамі ў косці ды бегаў да агароджы па малой патрэбе, бо піва было выпіта вельмі многа. (Як я і меркаваў, гулялі на іншаземныя срэбныя манеты.) Маладзейшыя воіны гарачыліся, хапалі адзін аднаго загрудкі; старэйшыя, час ад часу выціскаючы хмель з доўгіх вусоў, трымаліся спакойна і разважліва, нават калі прайгравалі. З іх пахвальбы ў застоллі Серж зразумеў, што каваль ужо не раз панюхаў крыві дзёрзкіх качэўнікаў: сякерай выбіваў іх з сядла, калоў кінжалам, стрэламі тапіў плыўцоў. Дачакаліся вясны, зноў набеглі — дык што ж, павесялімся як мае быць...

Урэшце, бойку пачалі менавіта старэйшыя.

Руды рымар абвінаваціў паважнага хлебапёка ў махлярстве і запусціў у яго ігральныя косці. Хлебапёк няспешна адціснуў піва з доўгіх вусоў — і раптам каршуном кінуўся на крыўдзіцеля. Абодва пакаціліся па земляной падлозе. У гэты момант з дзікім крыкам на ўпараным кані падляцеў вястун...

Прыйшла Сержава чарга спускацца на рослым гнядым жарабцы па слізкім схіле, левай рукой з наматанымі павадамі трымаючы дзяржальна чырвонага шчыта, праваю сутаргава сціскаючы тапарышча.

Вір конскіх і людскіх цел, уздымаючы пырскі снежнай калатушы, кіпеў на раўніне, але няўхільна перасоўваўся да ўзгоркаў. Гняды Сержаў конь сам прыбавіў хады. Плясканне соцень капытоў, істэрычнае ржанне сталі аглушальнымі. Мільгацелі чырвоныя плямы шчытоў. Абаронцы гарадзішча маўчалі і толькі рэзка хакалі, выкідваючы паветра пры ўдары, — затое стэпавікі, якія адцяснялі невялікі атрад, стараліся запалохаць яго, шалёна равучы.

Гэты страшны вір разбіўся на асобныя паядынкі. Напэўна, нервы ў Сержа як у гараджаніна атамнай эпохі не вытрымалі б віхравага наскоку двух віскучых малайцоў са старэчымі тварамі тытунёвага колеру, абвешаных лісінымі хвастамі. Але Серж-каваль, п'яны ад крыважэрнага азарту, падняў гнядога на дыбкі, і той сваёй масай паваліў прысадзістага стэпавага коніка... Штосьці захрабусцела і правалілася пад капытамі... Правым повадам ён завярнуў каня на месцы і паспеў шчытом адбіць шаблю другога праціўніка.

Потым інтэлігентны двайнік з дваццатага стагоддзя, відаць, упершыню перайшоў ад кантролю даўмяшання ў душэўны лад каваля. Да тае пары сумленны прашчур і не здагадваўся, каго ён цягае ў сваім хударлявым мускулістым целе. Не лязом, а чамусьці бокам упала, дрыгануўшы, сякера на малахай стэпавіка. Аглушаны, быццам заснуўшы на хаду, той торкнуўся носам у грудзі.

Баюся, што прычынай усёй пазнейшай трагедыі, а значыць, і знікнення Сержа праз месяц, было абвостранае пачуццё самазахавання майго сябра. Узяўшы на нейкі час лейцы свядомасці, каваль волатаўскім наскокам прабіўся на гарачую лінію, дзе нашым удалося згуртавацца і стрымліваць націск асноўных сілаў качэўнікаў. Там, з тварам, аблепленым мокрымі валасамі, адчайна секлася маладзенькая «царыца». Серж бачыў, як ададзьмула яна з губ непакорную мокрую пасму і зноў, прыкрываючыся знявечаным шчытом, наводмаш выкідала тонкі меч. Пунсовыя кроплі, пунсовыя ручаі змешваліся з патокамі гразі на малочнай скуры яе каня.

Раптам некалькі стэпавых канякаў разам спатыкнуліся, спалохана заржалі і пайшлі бокам, штурхаючы адна адну. Гэта наваліўся натоўп стэпавікоў, якія да гэтага часу не ўдзельнічалі ў баі: такая была скучанасць праціўнікаў вакол адчайнай дзяўчыны...

Яе акружылі з дружным віскам, засланілі лесам дзідаў, калматымі прысадзістымі спінамі, шапкамі. Спатыкнуўся і ледзь не па-чалавечы крыкнуў белы конь...

О час, капрызны час! Навошта ўкараніў ты ў простую і смелую душу закаханага воіна чужыя, распешчаныя, эгаістычныя пачуцці далёкага нашчадка? Ужо магутны гняды скакун, як угневаны бог — заступнік гарадзішча, уварваўся ў гурт стэпавікоў. Ужо павярнуліся дзікія потныя твары пад малахаямі і кавалёва сякера жудасна трэснула па чыімсьці пераноссі. Ужо ляцелі насустрач, скрозь блытаніну чорных валасоў, раскрытыя ў захапленні карыя вочы. Якая падзяка была ў іх, якое абяцаннеі Яна ўсміхалася яму, яна тоненька крычала — ужо без шчыта з крывавай ранай пад левым вухам.

...О, які моташны гэты пах — нямытай плоці, гнілых зубоў! Гэтая адрыжка зброджанага кумысу. Распораты кафтан, шчыміць садраная скура на баку. Руды дзяцюк з галавой, бы кацёл, без шыі, са сляпымі шчылінамі вачэй на ўспухлым твары — ажыўлены каменны ідал стэпу — спрытным ударам сарваў верх шчыта. Гняды яшчэ круціўся на месцы, паслухмяны вопытнай руцэ каваля — але, мабыць, сама прырода, маючы ў адным мозгу дзве свядомасці, вывела «наверх» тую з іх, якая імкнулася захаваць цела...

Далей, далей ад бязлітаснай смяротнай сталі! Ён адчуваў сябе голым, безабаронным, як смоўж, выдраны з ракавіны. Скура, мышцы, косці — усё здавалася такім крохкім.

Ён першы раз заўважыў, як страшэнна здранцвелі рукі, асабліва правая, з сякерай, і які гарачы боль у параненым баку і ў крыжы, адбітым пры скачцы. Зблыталіся дакладныя баявыя рухі, некуды ў сумятню футраў, ботаў, шабляў паляцеў кінуты чырвоны шчыт. Не помнячы ні пра што, акрамя свайго выратавання, утрапёна малоцячы гнядога абцасамі і тапарышчам, ірваўся Сяргей Іўчанка — уласнай персонаю, без усялякіх там двайнікоў! — прэч з мітусні бою, дахаты, дахаты!..

...Светлая вада світання насычала сінюю губку неба. Кажаны мітусіліся, ледзь не зрываючы начыненыя пухам галоўкі спелага чартапалоху. А Серж усё сядзеў, трымаючы руку Ірыны, якая яшчэ спала, і спрабаваў уцяміць, што гэта за белы будынак з купалам узвышаецца над лесам у тым баку, дзе Горад. Абсерваторыя, мабыць?

Прастора рабілася па-ранішняму неабсяжная, выразней вызначаліся дарогі і абрысы палёў. Маладзіковы сярпок ужо не асвятляў неба, а неяк дэкаратыўна прыткнуўся над зіхатліваю рысаю ўсходу. Холад працінаў да нутра. Дрыжучы і ляскаючы зубамі, Серж прымусіў сябе ўстаць і выправіўся шукаць сушняк.

На пад'ёме седлавіны Серж падабраў папяровы мяшочак і адразу з прыкрасцю кінуў, бо папера аказалася мокрая ад расы.

Вярнуўшыся з ахапкам сухіх сцяблоў і вырашыўшы скарыстаць для распальвання пакеты з-пад ежы, ён раптам успомніў. Мяшочак быў Ірын, у ім прынеслі з дому цукровае печыва. Мяшочак ляжаў далёка ад начлегу. Мяшочак быў пусты — значыць, печыва...

Шпурнуўшы галлё, ён кінуўся назад да скамечанай паперкі, якая атрымала цяпер пагрозлівае значэнне. Трава і канюшына вакол яе былі ўтаптаныя ў зямлю конскімі капытамі...

Ён змоўк і стаў глядзець на мяне з такой просьбай, з такім чаканнем, што я зблытаўся і адразу ж прыдумаў нейкае даволі складанае тлумачэнне. Маўляў, і ў мяне бываюць раскошныя сюжэтныя сны, я нават некаторыя запісаў, а можа быць, гэта і не сон увогуле, а якая-небудзь «спадчынная інфармацыя», абуджаная адпаведнымі абставінамі, — ёсць такія гіпотэзы...

Белага каня, адпушчанага пасвіцца на начлег, Серж, вядома, карміў, а ўсе наступныя падзеі — «сам разумееш»...

Ён не чакаў іншага адказу: падзякаваў, паціснуў мне руку, мы пайшлі есці марожанае, прычым Серж па маёй просьбе ўспамінаў усё новыя падрабязнасці прадметаў, але рабіў гэта ўжо амаль спакойна. Здаецца, я пераканаў яго больш, чым сябе. Ува мне штосьці ныла, быццам я наўмысна схлусіў...

Што яшчэ я магу сказаць?

Да сну на гарадзішчы мы з Сержам вярталіся неаднаразова. Урэшце ён адкрыўся і Ірыне.

Выслухаўшы, яна сказала менавіта тое, што мы ад яе і чакалі: «Ах, Сяргей ты, Сяргей, чаго ж ты мяне не пабудзіў, калі карміў гэтага красуна? Можа быць, мы б з табою ўдваіх туды трапілі!» Наконт маладзенькай «царыцы», якая іграла такую ролю ў прывідах мужа, Іра заўважыла з наўмыснай няўважнасцю: «З дзяцінства на кані — значыць, ногі ў яе як колы!» Але пасля ўсіх гэтых какетлівых дробязей быў пушчаны ў ход адточаны Ірынін інтэлект. Яна сказала, што, маўляў, даўно задумваецца пра дынамічную і складаную структуру часу. Што анізатропнасць часу ў яе пад сумненнем і ў класічную ўэлсаўскую машыну часу яна не верыць і ва ўсе парадоксы, якія ўзнікаюць з яе, накшталт забойства свайго прапрадзеда, не верыць таксама.

Магчыма, існуе нейкі перанос інфармацыі, калі субстрат, які знаходзіцца ў мінулым, кадзіруецца звесткамі з будучыні.

Карацей кажучы, наш сучаснік можа трапіць у мінулае толькі часова, пасяліўшы сваю свядомасць у целе аднаго з продкаў, а затым «перазапісаўшы» яго назад з новым грузам памяці...

Пазней я скеміў, што ўсе Ірыніны разважанні — толькі даніна яе любові да парадку і завершанасці. Няхай яе з Сержам гняздо шырокае, няхай яно змяшчае і мінуўшчыну і будучыню, але гняздо павінна быць абаронена з усіх бакоў. Ніякіх трывожных нявырашаных пытанняў. Яснасць.

Мне ж Ірыніна гіпотэза здаецца вельмі няпоўнай, яна адлюстроўвае толькі адну грань ісціны... Мы ж самі, рэчыва, з якога мы складаемся, — гэта, урэшце, і ёсць упарадкаваная прастора — час.

...І таму нельга падарожнічаць у часе, як уэлсаўскі герой, а можна толькі існаваць альбо ў адных каардынатах, альбо ў іншых, душой і целам...

Напэўна, каб разабрацца ў гісторыі на гарадзішчы, мала нашай фармальнай логікі. Гэтая задачка — з падручніка XXIII стагоддзя.

А самога Сержа ўся гэтая прамудрасць мала хвалявала. Ён успамінаў радасць у вачах, якая бліснула насустрач збавіцелю. Ён пакутаваў ад сваёй нікчэмнасці і прагнуў...

Прагнуў выправіць промах.

Стварыць іншую сітуацыю, іншы ўзор тканіны часу.

І ён знік бясследна ў пагодлівы вераснёвы дзень, выехаўшы з дому. На ім была гімнасцёрка і палявая сумка цераз плячо. І, напэўна, цукар у сумцы. Іра падняла на ногі ўвесь горад, крымінальны вышук збіўся з ног — дарэмна.

А наш інстытут, не без маіх руплівых захадаў у вярхах, нарэшце правёў раскопкі ў злашчасным гарадзішчы амаль па ўсёй яго плошчы.

Мы знайшлі рэшткі драўляных ідалаў са слядамі аранжавай вохры. Мы знайшлі пахаванне каля самага горада: шкілет маладой невялікага росту жанчыны, чорнаглянцаваны збан і чарпак у галавах, доўгі вузкі меч, некалькі кручаных бранзалетаў і бронзавыя пацеркі з сердалікавай падвескай. У жанчыны — рассечанае цемя.

За некалькі крокаў на ўсход была выяўлена магіла рослага мужчыны з панцырнымі лускамі на рэбрах. Побач ляжала баявая сякера...

Я думаю, што гняды конь усё-такі прабіўся скрозь дзіды, што «царыца» недарма з такой надзеяй усміхалася. Што Серж урэшце знайшоў у сабе мужнасць выкупіць сваю страшную віну хоць бы тым, што сам загінуў на месцы гібелі кавалёвай каханай (хто ведае, ці не сваёй сапраўднай каханай...).

Іншы раз мне ўяўляецца дзіўная карціна.

Улетку, у маладзіковую ноч, калі чарадзейны сон скоўвае і сёлы на раўніне, і светлыя ставы, і кучаравы старадаўні вал, пакатым схілам, па калена ў разнатраўі, падымаюцца да магіл «царыцы» і каваля два кані — белы і гняды. Яны пачынаюць гульню на шырокай седлавіне ўзгорка, кусаюць адзін аднаго і звіняць цуглямі.

А калі пачынаюць блякнуць зоры і досвіткавы холад дакранаецца да іх чулых спінаў, коні скачуць побач па хрыбце грады і насустрач ім раскрывае свае абдымкі світанак.


Загрузка...