Змрок згусціўся нечакана. Над Рыгаю павісла напружаная цішыня. Яшчэ не гарэлі ліхтары, і ў цьмяным святле, што прабівалася з-за хмар, дамы здаваліся прывіднымі, нерэальнымі.
Але вось дзесьці ўдалечыні пачуўся глухі грукат. Гул набліжаўся. Прайшло некалькі хвілін — і на прыціхлы горад са скавытаннем наляцеў ураган. Нахіліліся шпілі цэркваў, заскрыгаталі флюгеры, загрукаталі бляшаныя дахі. Пайшоў праліўны дождж.
...Гросмайстар Опелс, адарваўшыся на імгненне ад турнірнай табліцы, паглядзеў на свой гадзіннік — швайцарскі, прыз за поспех у міжнародным турніры. Палова пятай, пара збірацца ўдзельнікам. Але ў клубе ціха, толькі наводдаль сноўдаюцца з кутка ў куток аматары.
Трах! Расчынілася акно... рэзкі парыў ветру... што ж гэта такое. Госпадзі?! Са сцяны зляцела табліца... зазвінела шкло. Опелс кінуўся да акна. Вецер хлыснуў яго па твары, друзлыя шчокі зачырванеліся, вочы заблішчалі... Ён веславаў рукамі, прабіваючыся ўперад. Нарэшце — зачыніў!
Падумаць толькі, якая цемра! Опелс намацаў выключальнік. Пад самаю столлю загарэлася цьмяная лямпачка. Зрабілася крыху святлей.
Мерны шум за акном узмацніўся. Та-ак, нехта пэўна спозніцца да пачатку. У такі дождж не так проста злавіць таксі. Затое прадбачлівыя заўсёды прыходзяць першыя. Ён падняў з падлогі ліст ватману і павесіў яго на цвік.
Заклаўшы рукі за спіну, утаропіўся ў табліцу, то набліжаючы да яе выцвілыя стальныя вочы, то адкідаючы галаву назад. Вывучаў склад удзельнікаў. Жараб'ёўка мінула, усё вядома. Хоць не, дазвольце, адна графа пустуе. Самая першая, верхняя графа. Азызлы твар яго скрывіўся. Ох, ужо гэтыя штучкі! Відаць, нехта захварэў, і замяніць няма кім.
Няпэўнасць азадачвала. Не таму, што ў ёй хаваецца пагроза, не. Проста ён не любіў падводных рыфаў. Заўсёды і ва ўсім аддаваў перавагу дакладнасці.
Па жэрабю яму дастаўся апошні, шаснаццаты нумар. Гэта значыць — сёння ён вольны ці... ці давядзецца гуляць з невядомым. Як вам гэта падабаецца — гуляць з невядомым! Хутчэй за ўсё трапіцца які-небудзь майстрык. Каэфіцыент турніру і так ужо дастаткова высокі — на замену можна запрашаць любога. Пэўна, хто-небудзь з маладых, неаступененых... Што яны разумеюць у шахматах! Ужо ў дэбюце распачынаюць галаваломныя ўскладненні, а пасля ахвяруюць па сем фігур запар. Рамантыкі!
Аднак кампанія падабралася выдатная. Ёсць над чым падумаць. Для першага месца, пэўна, спатрэбіцца «плюс сем», гэта значыць на сем перамог болей, чым паражэнняў. Ну-с, а для пятага месца? Яно таксама дае права на выхад у фінал. Ён сцяў вусны. Хопіць і плюс чатырох.
А гэта — чатыры перамогі і адзінаццаць нічыіх. Аптымальны варыянт. І цалкам здзяйсняльны.
Ці вядома вам турнірная мудрасць? Тут ёсць жалезнае правіла: «Бі слабых — і рабі нічые з моцнымі». У сустрэчы роўных па сіле нічыйны канец прадыктаваны самой пазіцыяй. Калі пазіцыя аднолькавая, не будзеце ж вы шукаць шэсцьдзесят пятую клетку на дошцы! Федэрацыя вам гэтага не даруе... Ён усміхнуўся: што з таго, калі палавінак супроць яго прозвішча заўсёды болей, чым адзінак? Дзве палавінкі — тая самая адзінка. Затое іх уладальнік надзейны, як скала, заўжды ў форме. Пасылайце Опелса хоць на які турнір — федэрацыю не падвядзе! Вось як. Нічыя — гэта перадых перад наступнай партыяй, нічыя чорнымі — гэта выйгрыш колеру, нічыя — гэта рух да запаветнай пяцёркі.
Такім чынам, пяцёрка гросаў. І ўсе розныя. Але толькі адзін з іх страшэнна небяспечны. Не каб агледзецца, пасталець, спусціць пару — гэта ж у яго ўзросце! У кожнай партыі імкнецца паставіць помнік шахматнаму майстэрству... не згуляў яшчэ, бачыце, сваёй вечназялёнай. Можа, таму і не спрацоўвае супроць яго сакрэтная зброя — картатэка. Доўгія гады яна збіралася: па драбіначках ды пыліначках, а што ў ёй — не павінен ведаць ніводзін чалавек на свеце.
А вось гэты — хітры ліс. Перамогу па міліграмах збірае. І дыпламат, ох дыпламат! Скажа так, а згуляе гэтак! Паглядзіць туды, а паходзіць сюды. І Рыкшыс тут, сябрук! Выдатна, калі на цяжкім турніры ў цябе ёсць сапраўдны сябра. На гэты раз мір на дваццатым ходзе — як дамовіліся! — і адзін радок у газеце: «Гросмайстарская нічыя». Дурню — дакор, а разумнаму — пахвала.
Што ў нас, скажыце, калі ласка, з плюсамі. Так... Вось той майстар, напрыклад. Гарачая кроў, шукальнік прыгод. Неяк сказаў з надзвычай разумным выглядам:
«Сутнасць шахмат, кажа, гэта барацьба, творчасць, рызыка. Імем багіні Каісы некалі назавуць ураган». Ну і ну! Я лічу хады далей за вас, паважаны філосаф! І што вы мне са сваёй Каісай?
Пагоня за ачкамі, бясконцая чарада партый. Колькі іх было ў яго жыцці. Асобныя турніры неяк змяшаліся ў памяці. І цяпер вось яшчэ адзін — новы... ці ўсё той самы стары, бясконцы? Заклала вушы... Гросмайстар разявіў рот і зрабіў некалькі глытальных рухаў, як пры прызямленні самалёта. Цішыня вакол, быццам адпампавалі паветра. Што ж, дагэтуль нікога няма? Сабачае надвор'е... Вунь як свішча вецер.
За спіною шчоўкнула пстрычка, быццам удар зубца. Опелс здрыгануўся. Грукнулі дзверы? Азірнуўся — каля ўвахода стаяў чалавек. Аднолькавага з ім росту, толькі шмат маладзейшы і хударлявейшы. Нейкае імгненне яны глядзелі адзін аднаму ў вочы.
«Твар быццам бы знаёмы, — падумаў Опелс. — Дзе я мог яго бачыць?.. Але як дзіўна адзеты...»
У чорнай камізэльцы з белым жабо і карункавымі манжэтамі, у цёмна-вішнёвых вельветавых штанах, чорных туфлях, перацягнутых спражкамі, незнаёмы здаваўся персанажам з якой-небудзь старой камедыі. Чырвоныя шчокі, нос з гарбінкаю, вусы, бародка кліночкам. На галаве незразумелы блін — берэт, ці што...
«Я яго не ведаю... Ці ўсё ж такі бачыў дзесьці?..»
Гросмайстар ускінуў галаву, выцягнуў з нагруднай кішэні рагавыя акуляры і прыладзіў іх на сваім крывым носе.
— Чым магу дапамагчы, мой юны сябра? — спытаўся Опелс. У хрыплаватым голасе гучаў сарказм.
Незнаёмы глядзеў паўз яго, туды, дзе на сцяне шарэнгаю віселі дванаццаць вялікафарматных партрэтаў; ён павольна слізгануў позіркам па фотаздымках.
Якога колеру яго вочы?
— Гэта чэмпіёны свету па шахматах, малады чалавек, — усміхнуўся Опелс. — Вы, здаецца, памыліліся дзвярамі.
Незнаёмы маўчаў. Чуваць было, як за акном бушуе вецер.
Ну і надвор'е! Ён паглядзеў на дзіўны абутак у госця... Нешта тут не тое. Але што?..
Ён зняў акуляры і назваўся:
— Гросмайстар Опелс. З кім, дазвольце, маю гонар?
— Лопес.
Скрыпучы голас. Здавалася, адчынілі старыя дзверы. Бач ты! Лопес?
— Ці не паўторыце вы сваё імя? — папрасіў госць.
— Гросмайстар Аляксандр Опелс, — зласліва паморшчыўся гаспадар. Ён не любіў паўтарацца.
— Я не памыліўся? — недаверліва сказаў незнаёмы. — Вы сапраўды рыцар?
Опелс паглядзеў на яго са здзіўленнем.
— Хм-м. Я рыцар шахматнай гульні. Чулі пра такую? Капабланка, Бацвіннік, Фішэр... І я не з апошніх. Гросмайстар — гэта значыць «вялікі майстар».
— Вялікі маэстра, — паправіў госць.
— Не пярэчу, — згадзіўся Опелс. — А вы... вы гуляеце ў шахматы? — Гросмайстар зняважліва зірнуў на гадзіннік. «Загаварыўся я з ім».
Вусны ў прышэльца выцягнуліся ў злосную струнку, вочы бліснулі.
— Гуляю?! — крыкнуў ён фальцэтам. — Я маэстра Аляхандра Лопес! — і ціха дадаў: — Які сёння год?
«Божа мой, ды ён вар'ят! Разнясе яшчэ ўвесь клуб...»
— Выдатна, — прамармытаў Лопес. — Я прыбыў на турнір, які пачынаецца праз адзінаццаць хвілін пасля захаду сонца.
«Што? Дык ты і ёсць мой першы праціўнік? Ну што ж. Няблага было б раскалашмаціць слабачка з разбегу. Майстры цяпер плодзяцца, як грыбы пасля дажджу. І ўсё чарвівыя... Здаецца, у першым турніры ў нас плюс адзін».
— Прыемна чуць, — Опелс зноў перайшоў на ветліва-з'едлівы тон. — Гатовы пазмагацца з вамі ў кожным дэбюце. Да хуткай сустрэчы, шаноўны.
І, паважна кіўнуўшы, пайшоў у далёкія пакоі. Турнір не выклікаў асаблівай цікавасці, гледачоў сабралася няшмат. Адгароджаныя вяроўкаю, стаялі столікі ўдзельнікаў. Суддзя хадзіў паміж столікамі, папраўляў фігуры, прыціскаў да вуха шахматныя гадзіннікі.
Опелс заняў сваё месца, спіною да астатніх. На сцяне вісела эмблема з дэвізам Міжнароднай шахматнай феэрацыі — «Мы адна сям'я». «Усе з аднаго поля ягады», — па-свойму пераклаў ён і цяжка ўздыхнуў. Справа да століка была прымацавана таблічка з яго прозвішчам. Другой таблічкі — з прозвішчам праціўніка — не было.
«Не паспелі напісаць, — падумаў ён. — Дзе ж гэты блазнюк?»
Ён пасунуў да сябе блакнот для запісаў партый. Белыя — Лопес, чорныя — Опелс. Зірнуў на суддзю — пара! — і сам пусціў гадзіннік праціўніка.
Ён адчуваў сябе выдатна. Іначай і быць не магло. Маладыя майстры не вытрымлівалі яго жалезабетоннага стылю, мудрай пазіцыйнай гульні. Ніякіх феерверкаў! Ніякіх памылак! Памылкі, як авечкі, ходзяць статкам, адна цягне за сабою другую. Варта адной фігуры стаць не на месца — і партыя хістаецца на гліняных нагах. Вось і ўся навука! Што вы сказалі? Ах, вы творчы шахматыст? Выдатна, выдатна. А я вось вазьму дый складу на палічку слабасці вашай пазіцыі — у творчых шахматыстаў яны, ведаеце, непазбежныя — і буду мець абед з вашага, пардон, натхнення.
Опелс падняў галаву і ўбачыў праціўніка. Задумаўся, не пачуў, як той падышоў. Лопес, сеўшы за дошку, не зняў з галавы берэта. Урэшце. гэта пытанне выхавання, а не шахмат. Падабаецца прайграваць у берэце — калі ласка!
Паглядзіце, што ён робіць! Памацаў адну за адною ўсе фігуры, з лёгкаю ўсмешкаю дакрануўся да караля і ферзя, дапытліва паглядзеў на гадзіннік і толькі тады сунуў на два полі каралеўскую пешку. А хто, прабачце, націсне на кнопку гадзінніка?
— Пара, пара!.. — нагадаў Опелс.
Лопес на імгненне задумаўся, потым яго тонкія пальцы дакрануліся да гадзінніка і плаўна паціснулі металічную кнопку.
Што ж адказаць гэтаму нахабніку, які, здаецца, дамагаецца адкрытай камбінацыйнай гульні? Былі часы, калі і мы рухалі каралеўскую. Хто сказаў, што Опелс баіцца рызыкаваць? Пры першай магчымасці мы гатовыя аддаць свайго каня, каб праз ход-другі забраць вашага і яшчэ якую-небудзь пешачку. І дастаткова. Камбінацыя ў характары вялікага Капабланкі! Ён прадказаў шахматам нічыйную смерць, але яны яшчэ жывыя, таму што свет поўны рамантыкаў — ёсць каго абгульваць.
Не-не, мы не лунаем у нябёсах. Інтуітыўныя ахвяры не для нас. Наш сябар навязвае гульню адкрытую?
Ну-ну, не выйдзе! Апусцім забрала. Ау, Лопес, вы мяне бачыце?
І, зрабіўшы ход, гросмайстар ляпнуў далонню па кнопцы.
Белыя адказалі хутка, і толькі тут ён заўважыў, што праціўнік не вядзе запісу партый. Парушэнне правілаў! Але гэты хлопец сам па сабе — суцэльнае парушэнне. «Зараз паклічу суддзю, — падумаў Опелс, — няхай мазгі яму ўставіць. Адчувае, пэўна, што трапіць у цэйтнот, час хоча зберагчы». Ён выразна паглядзеў саперніку ў вочы. Той нават не зварухнуўся. Клікаць суддзю не хацелася, заварожвала блізкасць лёгкай перамогі... «А вось вазьму і рызыкну, і згуляю гамбіт, — капрызна падумаў ён. — Ведае, відаць, што я не гуляю гамбітаў. Вывучыў, пэўна, усе мае партыі па часопісах, усе да адзінай. А я вазьму і згуляю. І што ты мне зробіш?»
— Гамбіт, — раптам праскрыпеў Лопес.
Гросмайстар адчуў, як дранцвеюць скулы. Перахапіла дыханне...
— Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе...
Опелс паспрабаваў усміхнуцца. Вусны не слухаліся. Лопес цадзіў словы:
— Рукапіс знайшоў я. У гарах, у руінах замка. Трактат пра шахматную гульню. Не, вы не чулі пра гамбіт Уэска! Што ж, сёння апошні раз... Гэта пачатак шахматнай гульні, яе патаемны сэнс, Песня песняў... На турніры ў Ла-Карунье, на апошнім турніры, я сустракаўся з Вальядалідам. Касцільскі ідальга, адважны і горды. фанабэрысты і недаступны. За дошкай яму не было роўных. Там, дзе звычайны чалавек бачыў на пяць хадоў наперад, ён бачыў на дзесяць. Ён ніколі не памыляўся, і, як пры каралеўскім двары, кожная фігура ведала ў яго сваё месца. Ніхто не мог адолець Вальядаліда. Яго ўлюбёным афарызмам быў: «Шахматы — гэта я!» І вось... — голас у Лопеса задрыжаў. — У рукапісе, чорным па белым, было напісана: «Гамбіт Уэска дае перамогу не пазней трыццатага ходу. Маэстра, чыя гульня не ведае смерці, як рука мастака, пад страхам жахлівага пакарання, якое чакае ўвесь род яго да сёмага калена, не павінен ужываць гэты гамбіт двойчы». І далей: «Нейкі вандроўны манах, які ўжыў гэты гамбіт два разы, акамянеў за дошкаю з выразам бязмежнай тугі на твары, а жанчына, якая мела неасцярожнасць падзяліцца сваімі ведамі з двума сынамі, хоць і не была цяжарная, нарадзіла двухгаловае ягня». — Ён памаўчаў. — Я ўжыў гэты гамбіт у партыі супроць Вальядаліда — першы і адзіны раз. І ён прайграў мне, хоць толькі на трыццаць трэцім ходзе. Вось які моцны быў гэты шахматыст! У прамежку паміж трыццатым і трыццаць трэцім ходам дзень ператварыўся ў ноч, а лета — у зіму, дзесяціметровыя хвалі абрынуліся на Ла-Карунье... Не перажыўшы паражэння, маэстра Вальядалід пасля гэтай партыі пакінуў шахматы, а можа, шахматы пакінулі яго — і скончыў сваё жыццё пустэльнікам Панферадскага манастыра.
Лопес змоўк.
Гросмайстар зрабіў наступны ход і дрыжачаю рукою ўціснуў у корпус гадзінніка пякуча халодную кнопку. Па спіне беглі мурашкі. «Ну і нагаварыў... і ўсё за кошт майго часу... Што са мною? Чаго я спужаўся? Самая звычайная псіхалагічная апрацоўка, не болей. Адзін абкурвае праціўніка смярдзючаю люлькаю, другі гіпнатызуе магнетычным позіркам, а Фішэр наогул... Эх, Лопес, Лопес... Сысунок ты ўсё ж, калі думаеш узяць мяне на абардаж сваімі байкамі».
Ён падняўся з-за дошкі і падышоў да акна. Скуголіў вецер; на тратуары, быццам абломак самалёта пасля катастрофы, ляжаў кавалак даху, сарваны з нейкага дома. Ён не мог разглядзець у шкле свайго твару. Дзіўна, але там быў відаць худы Лопесаў твар. Анфас, а не ў профіль!
Пачулася пстрычка, і гросмайстар паспяшаўся да стала. Нічога асаблівага не здарылася. Нармальны, нічым не адметны ход.
Здавалася б, гульня ўжо ўвайшла ў звычайнае рэчышча. Лопес, не ўнікаючы ў пазіцыю, развіваў фігуры, кароль яго застаўся ў цэнтры дошкі. Ракіраваўшы ў кароткі бок, Опелс планаваў наступленне на белага ўладара, рыхтуючыся ўвесці ў бойку ладдзі на лініі «с». Руціна, вядома. Хай гэты казачнік вызначыць месца свайму каралю. У такіх пазіцыях звычайна ракіруюць у доўгі бок.
І вось яно: белы манарх апынуўся на ферзевым флангу. Не задумваючыся (усё даўно ўжо абдумана, шахматы — гульня старажытная), Опелс прасунуў на два полі пешку «с». Далейшае зразумела. Выгадна размясціўшы ферзя, чорныя рухаюць пешку на поле, двойчы абароненае белымі. Лопес возьме пешку канём. Чорныя здвояць ладдзі і пасля вымушанага адказу белых ахвяруюць (чуеце? — ахвяруюць!) якасць. І кароль белых аголены. З гэтай лазні яму ўжо не выбрацца.
Праз два ходы белыя схадзілі не так, як меркаваў Опелс. Што за вычварны план! Ох, маладосць, маладосць... Ані не прызнае свайго паражэння адразу... Ну, добра, пасупраціўляўся б некалькі хадоў для прыліку... дык не — бяжыць каралём праз цэнтр з ферзевага фланга на каралеўскі. Фантамас!.. Зрэшты, мы можам гуляць і тут, пешкі ўжо напагатове. Так. Лічым... Ён — туды, я — сюды. Шах пешкай. Лопес вымушаны браць каралём, а пасля шаху ладдзёй яму пара ўжо складваць бабкі. Лічым яшчэ раз... Возьме маю пешку сваёю? Нельга — чорны ферзь схопіць абедзве ладдзі, і песенька будзе спета. Песня песняў...
А?! Лопес узяў пешкаю і аддаў ладдзі? Слабавата, слабавата мы гуляем. Колькі хадоў зроблена? Дваццаць пяць...Яшчэ пяток, і вы мусіце распісацца на маім бланку. Шкада крыху — па сутнасці, даволі сімпатычны хлопец...
Хто асвятляе турнір у друку? Падрабязныя справаздачы будуць у «Спорце». Што-небудзь накшталт такога: «Пасля першых ходаў майстар Лопес трапіў у жалезныя абцугі стратэгічных разлікаў гросмайстра Аляксандра Опелса. Белыя павольна пякліся на пазіцыйным агні. Кампазіцыя блакады няўмольна замыкалася. Праз дваццаць пяць ходаў пазіцыя белага караля затрашчала па ўсіх швах. Некалькі эфектных удараў — і А. Опелс адкрыў свой бягучы лік на турніры пераканаўчаю перамогаю...»
У паветры мільганулі карункі. Тонкія пальцы падкапілі белага слана. «Рука мастака». Лопес пабіў неабароненаю фігураю двойчы абароненую пешку чорных.
Пстрыкнула кнопка. Над дошкаю бліснула маланка. Перад вачыма паплыў бялявы туман, які акрываў клеткі праціўніка. Опелс бачыў толькі белыя і чорныя клеткі.Ён яшчэ не зразумеў, але дзесьці ў глыбінях розуму ўжо мацнела думка: здарылася непапраўнае. Ён беспамылкова адчуў — вопыт! — сітуацыя рэзка змянілася.
Нюх, інтуіцыя... Няўжо гэта існуе? І ўсе гэтыя інтуітыўныя ахвяры... гэта гульня не па разліку...
«Спакойна! — загадаў сабе Опелс і паспрабаваў сабрацца з думкамі. — Значыцца, так... Калі белыя цяпер зробяць ход пешкаю, пара здавацца. Адразу ці потым — не мае значэння. Асёл! Не заўважыць такой тонкай штучкі... А што, калі Лопесаў ход — звычайная выпадковасць? Трапіла сляпой курыцы ячменнае зярнятка? Тады — не даць яму адчуць, што чорныя ў паніцы».
Гросмайстар фыркнуў, нядбайна зняў з дошкі белага слана, адкінуўшы яго ўбок, і з палёгкаю ўздыхнуў, быццам скончыў цяжкую працу.
Туман разышоўся. Цяпер ён дакладна бачыў праціўніка — у ідыёцкай камізэльцы, берэце, жабо, манжэтах. Лопес не спяшаўся. Ён пакручваў бародку.
Вось якога колеру яго вочы — сталёвыя, як навальнічная хмара. Але ён не спяшаецца! Ах ты, госпадзі, толькі б незнарок не падказаць яму гэты пракляты ход... Пайсці, пайсці адразу ж!
Але ледзьве ён прыўзняўся з крэсла, як над дошкаю зноў навісла рука ў карункавым манжэце. Лопес дакрануўся да пешкі, што вырашала лёс партыі.
Гросмайстар злавіў сябе на тым, што пухлымі пальцамі пакручвае бародку, якой не было. Быццам спёкшыся, ён адвёў руку.
Канец! Напружанне саступіла месца поўнай апатыі. Спяшацца больш няма куды. Цэйтнот? Звычайна ён не апынаўся ў цэйтноце, а тымі, хто пакутаваў ад недахопу часу, пагарджаў. У цэйтнот траплялі тыя, каго можна застаць знянацку.
Та-ак, белы конь і ферзь падступаюць да чорнага караля. А чорны ферзь адрэзаны ад свайго манарха — аб'еўшыся ладдзямі, мірна адпачывае на другім канцы поля. І ніводнага шаха!
Ход белых. Ход чорных.
Усё правільна. Фарсіраваны пройгрыш.
Няўжо Лопес усё разлічыў, яшчэ калі перакідваў караля з фланга на фланг? Ды не! Гэтага ён не мог, хадоў пятнаццаць было, тут і электронная машына лопне.
Ход белых. Ход чорных.
Правільна. Шахматы — гульня жорсткая. Опелс засвоіў гэта з юнацкіх гадоў, калі яшчэ працаваў у глухой правінцыі, у заштатным гарадку. Быў там такі дзядзька Альфонс. Што ні дзень. нягледзячы на наавор'е, ён гуляў з адвакатам Пумпішам. Кожны ход даваў дзядзьку Альфонсу нявыказаную асалоду. Вылупліваючы свае ясныя дзіцячыя вочы, ён прыгаворваў: «Вось гэта хітра! Вось гэта нумар! Ох і жук жа ты галандскі, Пумпіш, ох і жук!» Пумпіш клаў выйгрыш у скураны кашалёк. «Сяброўства сяброўствам, а грошыкам лік, — тлумачыў ён. — Табе гэта, можа, мастацтва, а мне — жорсткі шах-мат».
Ход белых. Ход чорных.
У ім нарастала злосць. Ён разумеў, што прайграе першы, раней за яго ў гэтым турніры ніхто не паспее прайграць. Стрэмка ў самае сэрца! «Адкрыў свой лік... з нуля».
Ход белых...
Стой. Крыху пачакай. Бач, наляцеў. Быццам ураган. Табе яшчэ давядзецца выслухаць, Лопес, што я скажу пасля гэтай партыі. «Калі б вы, малады чалавек, — скажу я табе, — гулялі па ўсіх правілах і паводзілі сябе як мае быць, вы б ніколі не выйгралі...»
— Усё, пара яму злазіць з даху... Конь цэ-чатыры дэ-шэсць шах!
— Конь... як-як?
— Ферзь е-пяць эф-шэсць шах!
— Капцы гросу!
Дзе суддзя? Няўжо нельга заклікаць да парадку гэтых аматараў!.. Куды мы коцімся, я ў вас пытаюся?
Ён не зрабіў апошняга ходу. Падпёршы шчаку рукою, гросмайстар сядзеў нерухома, збоку магло здацца, што ён складае задачу «мат у два ходы» для шахматнага гуртка нейкага часопіса.
На яго гадзінніку ўпаў сцяжок. Партыя скончылася на трыццаць трэцім ходзе. Дзе гэты Лопес? Божа, як няветліва! Нават рукі не падаў... Аднекуль данеслася незразумелая фраза: «І тады я з дапамогай тумбы і трох канёў пачаў даваць яму дыхту, і на трыццаць трэцім ходзе ён загнуўся».
Опелс падышоў да акна. Яго бляклы, друзлы твар умёрз у чорны квадрат. Не чуваць было ні скавытання ветру, ні шуму дажджу. Унізе, сярод анёльскай цішыні, прагрукатаў трамвай...
Назаўтра яму патэлефанаваў гросмайстар Рыкшыс.
— Фізкультпрывітанне, дарагі! Хварэлі? Ці рэжамся? Можа, з пераносам?..
— Рэжамся. Французскую, як дамаўляліся.
— Слухай, давай гішпанку!
— Што? Чаму?.. Чаму гішпанку?
— Тут у мяне атрымалася прыгожая штука. Вячняк двума канямі ў левым кутку.
— Трыма канямі... у кутку?!
— Што ты вярзеш?! Спіш ці блюзнерыш? Вечны шах, кажу, двума канямі... а перад гэтым ахвяра дзвюх ладдзей. Шэдэўр! Пацягне на прыз за прыгажосць!
— Ты што, Рыкі? Вырашыў з мяне паздзекавацца? Я гэтага не люблю, зразумей!
— Ало! Саша! Здурнеў, ці што?.. Пішы, я дыктую. Тут няшмат — усяго трыццаць тры хады.
Кінуўшы слухаўку на рычаг, Опелс выбег на вуліцу. Спыніў таксі. У клуб! Адным махам адолеў тры пралёты мураванай лесвіцы, з сілай ірвануў на сябе дзверы. Яны падаліся з нейкім бляшаным віскам. Так рыпяць завесы ў дзвярах, якія не адчыняліся не меней за трыста гадоў.
Тут усё было як учора. На сцяне віселі партрэты чэмпіёнаў, бялела ў прыцемку табліца. Ён зажмурыўся. Нейкі непарадак. Так! Учора бушавала навальніца, дождж ліў як з вядра, а вопратка ў прышэльца была абсалютна сухая...
Расплюшчыў вочы — самы верхні, першы радок быў пусты. Пусты белы радок. А пад ім — прозвішчы, выведзеныя чорнаю тушшу. У клетачках — вынікі першага тура — адзінкі, нулі, палавінкі. Клетачкі шаснаццатай графы цнатліва чыстыя. Ніводнай закавыкі.
Яго захліснула хваля радасці. Ён не прайграў учора! Ён не пачаў турніра з «мінус аднаго».
Учарашні госць... Усё ж такі ён дзесьці бачыў гэты твар... У сямейным альбоме?.. На старым пажоўклым фотаздымку?..
На крэсле газета... Сённяшні нумар.
Ён разгарнуў яе.
Справаздача пра турнір: «Хто стане шаснаццаты?» Крыху ніжэй невялічкі артыкульчык — «Ураган над Рыгаю».
Апусціўшы галаву, Аляксандр Опелс павольна ішоў па калідоры. Вось сцяна, увешаная партрэтамі шахматных каралёў. «Заканадаўцы... шчасліўчыкі... — думаў ён. — Няўжо вы з другога цеста зробленыя? Вы? Вы? І вы? Ласкер, шахматны філосаф, якога я, пэўна, ніколі не зразумею... І Алёхін, якога лічаць мастаком шах-мат... нешта электрычнае ў яго светлых пранізлівых вачах... А тут мае аднагодкі...»
Раптам яму здалося...
Там... На апошнім партрэце... Вусны Міхаіла Таля, які схіліўся над дошкаю, перасмыкнуліся ў пагардлівай усмешцы.
У Опелса перахапіла дыханне.
А што, калі гэта і быў гамбіт Уэска?