Фаіс была проста дзівосная планета. Яе аранжавыя даліны, змрочныя цясніны і беласнежныя вяршыні гор то цямнелі, то святлелі, таму што планета была зусім невялічкая і час на ёй імчаў вельмі хутка. Нязвыклыя зямлянам суткі на Фаіс здаваліся вельмі кароткімі.
На Фаіс не было ні палёў, ні садоў, і калі на ёй высадзіліся людзі з Зямлі, яны прывезлі з сабою ўсё патрэбнае для жыцця. На аранжавых раўнінах пабудавалі касмадромы, на высокіх гарах паставілі антэны, а цяністыя цясніны пакрылі люстэркавым рэчывам, каб выкарыстаць адлюстраваную энергію белага сонца Фаіс.
Чым больш людзі абжывалі Фаіс, тым часцей іх караблі выкарыстоўвалі яе як прамежкавую станцыю ў космасе, тым больш планета беззваротна траціла сваю яркую прыгажосць.
Аранжавыя даліны зніклі пад пластыкам, з цяснін павылазілі і распаўзліся ў розныя бакі тоўстыя і тонкія кабелі, а горныя вяршыні больш нельга было ўбачыць за густымі кратамі лакацыйных антэн.
Шасцёра астранаўтаў, якія жылі на Фаіс, пакрысе асвойталіся на планеце, ранкам з асалодай любаваліся ўзыходам сонца, а ў тыя ночы, калі не ўдавалася заснуць, садзіліся ў свой старэнькі ўсюдыход і кіраваліся на другое паўшар'е — пазагараць у адной з яшчэ не цывілізаваных далін.
Акрамя людзей, на Фаіс жыў робат. Называлі яго Роберцік. Ён не толькі забаўляў людзей — ён правяраў яшчэ лініі напружання, што цягнуліся ад назапашвальнікаў энергіі. Роберцік рабіў гэта дзіўным чынам: ішоў уздоўж лініі, не выпускаючы правадоў з жалезных пальцаў, і пасвістваў; і чым вышэйшае было напружанне на лініі, тым весялей гучала яго песенька.
Ва ўсім астатнім Роберцік быў проста маленькі дураслівец, які пацяшаў астранаўтаў сваёй балбатнёй, часам нечым памагаў, але часцей замінаў. Начамі, калі людзі засыналі, Роберцік, якому не патрэбны быў адпачынак, блукаў па маленькай планеце, забаўляючыся тым, што прымушаў правады іскрыцца, перасоўваў з месца на месца ракеты, ездзіў на старым усюдыходзе, а з набліжэннем раніцы старанна гатаваў сняданак.
Будзіць людзей і гатаваць ім раніцаю каву прыносіла Роберціку велізарнае задавальненне. Ён, усміхаючыся, сядзеў у канцы стала і ўважліва сачыў за людзьмі.
Роберт адрозніваўся ад тых серыйных робатаў, якія калісьці выкарыстоўваліся экспедыцыямі пры асваенні планет. Ён насіў кароткія штонікі. Праўда, спачатку ён патрабаваў надзець яму такі самы касцюм, які насілі ўсе астранаўты. Аднак такі касцюм закрыў бы мноства індыкатараў і кнопак кіравання ў розных месцах яго корпуса, якія павінны былі заўсёды быць на вачах. Так што давялося яму згадзіцца на спецыяльна яму пашытыя кароткія штонікі.
З усіх астранаўтаў, якія працавалі на Фаіс, Роберцік больш за ўсё пасябраваў з Увальдам, якога тады называлі проста Увіс. Ён быў самы малады ў экіпажы, і маленькая планета стала першым месцам работы ў яго жыцці.
Увіс добраахвотна ўзяў на сябе ўвесь клопат пра Роберціка. Чысціў, змазваў, правяраў рэжымы і ніколі не пакідаў па-за ўвагай ніводнай Роберцікавай скаргі на кантакты, што пачыналі іскрыцца, на суставы, якія парыпвалі, ці на зменлівае напружанне. Псаваўся Роберцік рэдка, у яго былі трывалая канструкцыя, мозг сярэдняга аб'ёму і павялічаны блок запісу інфармацыі. Увісу часам здавалася, што Роберцік запамінае мноства ўсялякай лухты замест таго, каб запаўняць блокі памяці якімі-небудзь карыснымі звесткамі.
У кароткія і бясконца цудоўныя на Фаіс світальныя часіны Увіс з Роберцікам нярэдка любаваліся ўзыходам сонца з-за найбліжэйшага пагорка. Аднак Роберцік і тады больш глядзеў не на сонца, а на Увіса, таму што відовішча ўсходу, аднойчы зафіксаванае ў памяці робата, больш не цікавіла яго. А Увіс кожны раз адметна выказваў сваю радасць і захапленне.
Калі яны вярталіся ў лагер, Увіс звычайна задаваў Роберціку пытанні; яму было цікава, як робат уяўляе сабе розныя жыццёвыя з'явы.
— Роберцік, што такое кветкі?
— Рэдкі ў Сусвеце працэс, калі неарганічныя злучэнні ператвараюцца ў арганічныя.
— А дождж?
— Кругазварот вадароду і кіслароду, — адразу ж адказваў Роберцік.
Тут Увіс пачынаў расказваць пра Зямлю. Роберцік слухаў яго ўважліва: у такія хвіліны ён уяўляў сябе амаль чалавекам і адчуваў, што ў яго жалезным целе адбываюцца нейкія незапраграмаваныя працэсы і змены; яму хацелася кудысьці ляцець, чамусьці спяшацца, яго хваляваў ветрык, што дзьмуў на Фаіс і звычайна адзначаўся толькі барометра-індыкатарам. Роберціку здавалася, што ён улоўлівае водар кветак, які далятае з сенажацяў Зямлі, што высока ў небе павольна лунаюць птушкі (а птушак на Фаіс ніколі не было) і што голыя схілы гор акрываюцца зялёным дываном.
Дзень мінаў за днём, і вось надышоў час чарговага палёту на Зямлю, каб папоўніць запасы харчавання, вады і тэхнічных матэрыялаў. Палёт лічыўся нескладаным, і звычайна яго выконваў адзін чалавек. Зразумела, кожнаму астранаўту карцела пабываць дома, таму ляталі ўсе па чарзе.
На гэты раз павінен быў ляцець Увіс. Ён папрасіў дазволу ўзяць з сабою Роберціка. Яму дазволілі, бо пэўны час можна было абысціся і без робата.
Так Роберцік убачыў Зямлю, сапраўдную жывую планету. Дагэтуль ён ведаў толькі Фаіс. Але што такое Фаіс у параўнанні з Зямлёй! Яркая паверхня Фаіс нагадвала ўбранне, пашытае з мноства лапікаў аднаго колеру, Зямля ж была шматфарбная, гарманічная і, галоўнае, жывая.
Вярнуліся яны ў дакладны час. Увіс, поўны новых уражанняў, з падвойнай сілай узяўся за работу, не перастаючы паўтараць, як добра і спакойна дома.
Гледзячы на яго, астранаўты прыгадвалі свае першыя палёты і першыя вяртанні і толькі ўсміхаліся. Аднак даволі хутка іх увага пераключылася з Увіса на Роберціка. Бо з робатам відавочна рабілася нешта незразумелае.
Пачалося гэта адразу пасля палёту.
Калі карабель толькі сеў на Фаіс, Роберцік адмовіўся пакінуць яго. Дарэчы, пра гэта ведаў тады толькі Увіс. Замест таго каб выйсці, Роберцік спыніўся каля адчыненага люка, і Увісу нават здалося, што ў звычайна абыякавым робатавым позірку на гэты раз прамільгнуў страх.
— Што здарылася, Роберцік? — папытаўся Увіс.
— Нічога, — адказаў Робат. — Проста я не хачу на Фаіс.
Увіс устрывожыўся. Робат не павінен гаварыць «не хачу». Роберцік мог бы сказаць: «не магу», «не ўмею», «не маю права» альбо «не ведаю».
— Чаму? — запытаўся Увіс, зусім як у чалавека.
Роберцік не адказаў. У тое імгненне ён быў падобны на маленькага капрызнага хлапчука ў кароткіх штоніках. Так што Увіс проста ўзяў яго за руку і вывеў з карабля.
Але з таго выпадку ўсё і пачалося.
Вясёлы і жыццярадасны Роберцік зрабіўся маўклівы і сумны. Ён часта доўга сядзеў адзін на пагорку, нешта ціхенька спяваючы, і адзінае, што ён яшчэ рабіў з задавальненнем, быў кантроль электрычных ліній.
Штовечар Увіс дбайна правяраў тэхнічны стан Роберціка. Але ніякіх адхіленняў у ім не было, усе вузлы, блокі і ячэйкі працавалі нармальна.
Раніцамі Роберцік больш не гатаваў.
— На кухні занадта горача, — тлумачыў ён Увісу, седзячы на касмадроме ў цяньку вежы кіравання. Увіс тым жа вечарам праверыў тэрмастаты. Не, усё было спраўнае.
Усходы яны, як і раней, сустракалі ўдвух, але Увіс больш не задаваў пытанняў, баючыся пачуць у адказ што-небудзь зусім незвычайнае. Увіс разумеў, што пагражае робату, калі і іншыя заўважаць яго дзівацтвы. Пакуль яшчэ ўдавалася выкруціцца, спасылаючыся то на сапсаваны блок, то на разраджаныя акумулятары альбо разрэгуляваны рэжым, але калі так будзе прадаўжацца, бясконцыя няспраўнасці могуць здацца падазронымі.
Увіс пачаў усё часцей браць Роберціка з сабою ў далёкія выезды, часцей даручаў правяраць лінію, стараючыся не пакідаць робата без працы.
Але хутка перастала дапамагаць і гэта. Роберцікавы капрызы станавіліся ўсё больш відавочныя. То ён адмаўляўся прабыць ноч на свежым паветры, заяўляючы, што ночы на Фаіс занадта халодныя, то патрабаваў узмацніць яго ахоўныя схемы, каб паменшыць напругу, якая праходзіла праз яго пры праверцы ліній... Пад час прагулак Увіс пачаў сур'ёзна гаварыць з Роберцікам, тлумачачы яму, што ў людзей і робатаў — розныя правілы жыцця, што робатаў, калі яны не выконваюць загадаў, можна караць, аддаваць у рамонт, замяняць альбо наогул разбіраць на часткі.
— Ну і няхай, — адказваў Роберцік, нават не гледзячы на Увіса.
І настаў дзень, калі Роберцік зусім адмовіўся працаваць. Ток высокага напружання, па яго словах, быў яму небяспечны, а на лініі можна абысціся і без робата — можна ўключыць у ланцуг звычайныя індыкатары, а таксама аўтатрансфарматары, якія дарэмна пакрываюцца пылам дзесьці ў далёкім кутку склада.
Не дапамагалі ні ўгаворы, ні пагрозы. Спакойны і абыякавы, Роберцік стаяў перад шасцю астранаўтамі.
— Дык ты будзеш працаваць?
— Не.
— Цябе адправяць у разборку.
— Няхай.
— Можа, ты скажаш — чаму?
— Я не хачу заставацца на Фаіс.
— Ды чаму ж?
— Фаіс — нежывая планета.
Ён казаў праўду.
Сход вырашыў паведаміць пра няспраўнасць робата на базу. Па хуткім часе ім адказалі, што новы робат высланы, а Роберціка трэба разабраць на часткі.
Выканаць гэта, аднак, аказалася вельмі цяжка. Усе згаджаліся трываць Роберцікавы капрызы, рамантаваць яго, наладжваць і ўгаворваць, але разабраць?.. Гэта было амаль тое самае, што забіць.
Насуперак усім інструкцыям людзі вырашылі даць Роберціку поўную свабоду дзеянняў. Ён жа не рабіў нічога дрэннага. Трэба было хіба што пільней сачыць за ім, але меры прымаць толькі ў выпадку крайняй патрэбы.
Вестку пра тое, што хутка на Фаіс з'явіцца яшчэ адзін робат, Роберцік сустрэў зусім спакойна. Некалькі сутак ён нерухома сядзеў у цеснай аранжарэі, дзе клімат нагадваў зямны і дзе астранаўты ў вольны час саджалі, палівалі і палолі прывезеныя імі расліны.
— Не сядзі тут, — папярэдзіў Увіс. — Вельмі сыра, і шмат азоту ў паветры, табе гэта шкодзіць.
— Ведаю, — адказаў Роберцік. — Але я павінен быць тут.
Дарэмна спрабаваў Увіс забавіць Роберціка якой-небудзь работай. Роберцік нікуды не выходзіў. А ў тую раніцу, калі Увіс першы раз сустрэў усход сонца адзін, астатнія астранаўты рыхтаваліся прыняць карабель з новым робатам.
— Роберцік, цяпер у цябе будзе сябра, — сказаў Увіс, зазірнуўшы ўвечары ў аранжарэю.
— Мне ўсё роўна.
Увіс хацеў, як заўсёды, праверыць і змазаць робата, але той адмовіўся:
— Не трэба. Табе цяпер хопіць работы з новым. Раскажы лепш яшчэ пра Зямлю. Я паспеў там убачыць так мала... Там шмат такіх вялікіх дрэў, як тыя, што растуць каля касмадрома? Помніш, як я ішоў па сцежцы і ўвесь час спатыкаўся аб карані? Памятаеш? А чаму ты не спатыкаўся і не падаў? Я ўвесь час думаў пра гэта і вось нарэшце зразумеў. Гэта таму, што ты нарадзіўся на Зямлі і ўсё ведаеш загадзя...
Увіс разгубіўся. Каб такое сказаў чалавек — яшчэ зразумела, але робат...
— Праўда, — сказаў ён. — На Зямлі шмат лясоў.
— Чаму ты не жывеш там?
— На Фаіс у мяне работа.
— Хіба на Зямлі яе няма?
— Знайшлася б...
— Тады чаму ты тут?
— Я люблю лётаць, падарожнічаць, бачыць новыя планеты...
— Нават непрыгожыя? Нежывыя?
— Усялякія.
— Не разумею, — сказаў Роберцік і адвярнуўся. Увіс пайшоў. Калі назаўтра раніцай ён убачыў робата, той сядзеў нерухома. Агеньчыкі, што асвятлялі яго твар, патухлі, стрэлкі прыбораў стаялі на нулі, хоць акумулятары, як аказалася, былі зараджаныя. Правая Роберцікава рука была выцягнута да абагравальніка. Увіс нагнуўся і ў жалезнай далоні ўбачыў маленечкі зялёны парастак, малюпасенькую елачку з светлымі, аксамітнымі іголкамі. У жмені быў пясок, і парастак трымаўся ў ім, чапляючыся ледзь бачнымі карэньчыкамі.
Самым дарагім талісманам, што прывёз на Зямлю доктар трох касмічных навук Увальд, быў невялічкі крышталёвы блок.
Усе дваццаць гадоў, якія прабыў вучоны на розных планетах, станцыях, касмадромах, а потым і ў навуковай групе Цэнтра, Увальд бярог і ўсюды вазіў з сабою гэтую цацку.
Вярнуўшыся на Зямлю, ён пасяліўся ў сваёй лясной хатцы і часта цэлымі днямі блукаў сярод маладых елачак, а вечары бавіў каля каміна. Зрэдку, у нейкія яму аднаму вядомыя дні, Увальд уключаў тэлевізійны запіс.
Крыніцай запісу быў маленькі крышталёвы блок.
Мала хто бачыў гэты запіс.
Сярод астранаўтаў хадзілі чуткі, што ён паказвае нейкую аранжавую планету, вельмі прыгожую і маленькую.
Яе акрывалі зялёныя лясы і квітучыя сады.
Птушкі, звяры і насякомыя на гэтай планеце вельмі нагадвалі зямных.
Рэкі і азёры былі таксама як зямныя.
І ўсяго гэтага там было шмат.
Але больш за ўсё на планеце расло елак.
Увальд нічога не расказваў пра паходжанне гэтага запісу. Аднак яго былыя калегі запэўнівалі, што крышталь — гэта ўсё, што засталося ад блока памяці нейкага разабранага калісьці робата.
Праўда, спецыялісты лічаць, што такой планеты няма і быць не можа. Але іншыя пярэчаць, што ў блоку памяці не можа фіксавацца тое, чаго не існуе ў рэчаіснасці, бо робаты не здольныя ні фантазіраваць, ні марыць.
Нядаўна Увальд завяршыў даследаванне пра здольнасць электроннага мозгу да творчай дзейнасці. Аднак яго высновы пакуль прыняты толькі як гіпотэзы, бо кожны ведае, што ў робатаў няма ўяўлення.