Сахіба Абдулаева. Панаванне жанчын Пераклаў Павел Марціновіч


Выехаўшы за межы горада, машына прыбавіла хуткасць. Сакавітая зелень паліўных палёў, чаргуючыся з жаўцізной палос выпаленай сонцам травы, імкліва праносілася міма і, быццам знікаючы з жыцця, заставалася дзесьці далёка ззаду.

Горы з вяршынямі, ахутанымі смугой, з рэзкімі белымі кляксамі ледавікоў, прысунуліся. І ў набліжэнні гэтым было абяцанне доўгачаканай прахалоды.

— Паветра якое! Што за паветра!

— Праўда, — пацвердзіў Сарвар, заклапочана зірнуўшы на нашага сына, які стомлена заснуў на маіх руках.

— Дзядзька, напэўна, зачакаўся, — сказаў Фатых. — Хутка прыедзем, вось тады зразумееце, што такое сапраўднае горнае паветра!

Сарвар зноў паглядзеў на нас з сынам, збавіў хуткасць, сказаў нягучна:

— Давайце перадыхнём, бо ўжо дзве гадзіны ў дарозе.

Я ўдзячна ўсміхнулася яму. Малы сапраўды стаміўся. Але калі Сарвар спыніў машыну на абочыне дарогі, ён расплюшчыў вочы, працягнуў да мяне рукі. Я выйшла з машыны, агледзелася і пагладзіла сына па худых шчоках:

— Глядзі, Джамшыд, як прыгожа?

Ля карэння старой алычы весела цурчала крыніца, падаючы на каменне з вузкай расколіны ў сцяне. Сонца, прабіваючыся праз вадзяны пыл, павесіла над ёй няяркую вясёлку. У вачах малога з'явіўся бляск, губы заўсміхаліся.

Калі мужчыны напіліся, я ўзяла ў іх піялу, напоўніла яе і, адпіўшы глыток ледзяной вады, прапанавала сыну. Ён прагна прыпаў да гаючай вільгаці.

— Хопіць, Шахноза, вада вельмі халодная, каб не прастыў малы, — клапатліва вымавіў Сарвар. — Пахадзі трошкі, разамніся, зараз паедзем далей.

У дарогу мы рушылі хвілін праз дзесяць.

Седзячы на заднім сядзенні і прыціскаючы да сябе схуднелае цельца Джамшыда, я гледзела ў акно, аднак нічога вакол не заўважала — мне не верылася, што яшчэ ўчора мы з сынам знаходзіліся ў душнай, распаленай ад гарачыні бальнічнай палаце. І замест перадгор'яў, што беглі міма, перад вачыма паўставалі карціны тых цяжкіх дзён...


Джамшыду толькі-толькі мінуў годзік. Радуючы нас з мужам, ён пачаў рабіць першыя крокі: прыпаўзе ў кухню на карачках, а там, абапіраючыся на сцяну, устане на ножкі і харобра ступіць да мяне. І праз секунду ўжо ўчэпіста трымаецца за матчыну спадніцу, смяецца разам з намі. Участковы доктар, якая цярпліва лячыла нашы бясконцыя прастуды і бранхіты, сказала, што цяпер малы павінен хварэць меней — мінуў самы пяшчотны ўзрост, але атрымалася ўсё інакш.

Лета стаяла гарачае. І як я ні берагла Джамшыда, ён захварэў. Захварэў цяжка. Тэмпература падскочыла да сарака градусаў. Не дапамаглі ні абціранні, ні кампрэсы. Іртуць у тэрмометры апускалася ненадоўга і тут жа імкнулася да гэткай страшнай адзнакі — сорак. Дыхаў Джамшыд з цяжкасцю, амаль не расплюшчваў вачэй. Выклікалі «хуткую дапамогу».

У прыёмным пакоі сына доўга аглядалі, і я пачала плакаць, баючыся, што доктар скажа што-небудзь страшнае, безвыходнае.

— Пнеўманія, — канстатавала яна, гледзячы на нас з мужам. — Дзіця вельмі слабое. Неабходная шпіталізацыя.

Мы з Сарварам маўчалі, не ведаючы, што рабіць, што сказаць.

Доктар аклікнула сястру:

— Хлопчыка ў рэанімацыю. Увядзіце жарапаніжальнае зараз жа... А вы не трывожцеся, як толькі стан палепшыцца, адразу перавядзём вашага малога ў агульную палату.

Сястра спрытна напоўніла шпрыц, увяла іглу ў ягадзіцу Джамшыда. Ён нават не заплакаў — так выматала яго хвароба.

— Скажыце, доктар, а... — павярнулася я да доктара, але тут жа ўчула выгук медсястры: — Зухра Рустамаўна! Яму блага!

Убачыўшы, што сынавы губы пасінелі, а вочы сталі закачвацца, я кінулася да яго, але медсястра ўжо схапіла яго, пабегла па калідоры.

У рэанімацыйнае аддзяленне нас з мужам не пусцілі. Стоячы пад глухімі дзвярыма, я нічога не бачыла і не чула. Толькі адчувала, як слёзы бягуць па твары.

Ачулася ад таго, што Сарвар моцна ўзяў мяне за плечы і трасянуў:

— Шахноза! Джамшыду лепей! Шахноза, ён плача, чуеш?!

Толькі тады я зноў стала ўспрымаць свет вакол. І нават паспрабавала ўсміхнуцца медсястры, якая з'явілася з-за дзвярэй:

— Мне ўжо можна да яго?

Медсястра ўхілілася ад адказу:

— Доктар вам усё растлумачыць...

Доўга Зухра Рустамаўна распытвала мяне пра хваробы Джамшыда, пра тое, як ён рос, якія лекі яму давалі. Пасля роздумнай паўзы асцярожна прагаварыла:

— Выпадак моцна ўскладнены павышанай адчувальнасцю да ін'екцый і алергічнай рэакцыяй на некаторыя лекавыя прэпараты. Гэта і тое, што арганізм аслабеў, а значыцца, амаль не супраціўляецца інфекцыям...

Я падалася да яе, глытаючы слёзы, спыталася:

— Жыць... Ён будзе жыць?!

— Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы хлопчыку. Думаю, абыдзецца... Але многае залежыць і ад вас — матчына любоў творыць цуды. Раніцай вас пусцяць да сына.

Калі ўранні, з марлевай павязкай на твары, я ўвайшла да Джамшыда, ён ляжаў вялы і бяссільны. Я павярнула да сябе яго тварык, пагладзіла лоб, з якога сышоў жар, прашаптала: «Жарэбчык мой...»

У турботах прайшоў дзень. За ім і ноч. Потым зноў дзень. Зноў ноч... Яны былі падобныя адзін на аднаго, гэтыя бясконцыя дні. Абыход. Працэдуры. Мыццё падлог. Гаршкі. Працэдуры. Кампрэсы. Плач дзяцей. Сварка раздражнёных санітарак. Лекі. Працэдуры... І ўвесь час, кожную хвіліну, кожную секунду — Джамшыд. Як ён?! Колькі разоў схілялася я над ягоным цельцам, спрабуючы здагадацца, ці не спыніўся жар. Колькі разоў...

Стаяла самая спякотная пара лета. Увечары ў палаце было вельмі душна. Тады я выносіла на балкон крэсла, брала малога на рукі і сядзела на паветры, закалыхвала яго, напяваючы калыханкі, чутныя яшчэ ад бабулі. Надыходзіла цемра. Потым яна давала месца зорнаму купалу. А яшчэ пазней і зоркі раствараліся ў перадранішнім і перадсвітанкавым часе.

Часам мне раптам пачынала здавацца, што Джамшыд не дыхае. І сэрца маё падала ў бяздонную прорву. Менавіта ў такія хвіліны стала я заўважаць за сабой дзіўныя рэчы. Яны не палохалі мяне, але бянтэжылі. Мроілася, быццам не адны мы з Джамшыдам на балконе, што разам са мной схіляецца над ім нейкая нябачная істота, схіляецца і таксама ловіць яго дыханне... Аднойчы... Аднойчы мне здалося, што хтосьці ўтрымаў малога на імгненне раней, як зрабіла гэта я, калі ён ледзь не ўпаў з ложачка.

Але ўсе мае думкі былі паглынутыя сынавай хваробай. Тое, што, магчыма, я вар'яцею, я адкінула, як дробязь, — што заўгодна, толькі б Джамшыд быў здаровы!

Машыну трасянула, але Джамшыд нават не адчуў гэтага. Ён моцна спаў у мяне на руках. Па звычцы я адразу прыслухалася да яго дыхання.

— Што? — з трывогай спытаўся Сарвар.

— Спіць... Слабенькі... — адгукнулася я.

Фатых, падбадзёрваючы, крануўся пляча Сарвара:

— Ад горнага паветра твой спадчыннік паздаравее мігам. Лепшае за любыя лекі гэтае паветра гор.

— Спачатку я не паверыў дактарам, — больш для сябе, як для нас з Фатыхам, вымавіў Сарвар, не адрываючы позірку ад дарогі. — Малы цяжка перахварэў, а яны раяць везці яго ў горы, дзе сцюдзёна па начах, ды і наогул халаднавата...

Фатых пачаў быў тлумачыць, у чым менавіта карыснасць для здароўя горнага паветра, але раптам радасна перарваў свой расказ, усклікнуў:

— Пад'язджаем!

— Не абцяжарым мы твайго дзядзьку? — спыталася я, адчуваючы няёмкасць.

— Не турбуйся, Шахноза, ён жа сам запрасіў вас, як толькі я расказаў яму пра хваробу Джамшыда.

Неўзабаве мы пад'ехалі да кішлака. Дарога як бы ўлілася ў яго, ператвараючыся ў галоўную вуліцу, уздоўж якой цягнуліся глінабітныя дувалы, былі бачны стрэхі дамоў і ўвітыя вінаградам двары. Кішлак размясціўся на самым беразе горнай ракі Угам, ад якой струменіла прахалода, я яе адчула, ледзь выйшла з машыны каля дома, дзе жыў дзядзька Максуд. А шум ракі, вясёлы, срабрысты, даў мне адчуванне ўпэўненасці, што ўсё будзе добра.

Насустрач нам ішоў высокі плячысты мужчына. Ішоў лёгкім спружыністым крокам, і калі б Фатых не казаў мне, я ніколі б не паверыла, што яго дзядзьку ўжо за шэсцьдзесят, нагэтулькі молада ён выглядаў. Прыціснуўшы далоні да грудзей, дзядзька Максуд ветліва прывітаў нас:

— Салам алейкум! Ласкава запрашаем, госці дарагія. Не стаміліся ў дарозе?

Мы адказалі, што не надта. Тады гаспадар спыніў позірк на Джамшыдзе, усміхнуўся:

— Гэта і ёсць той малы, пра якога мне казаў Фатых?

— Але, — сказала я, адчуваючы, як кроў адлівае ад твару.

Дзядзька Максуд заўважыў мой стан, вымавіў нягучна:

— Не перажывай, дачка. Вочкі ў малога жывыя, наша паветра яму на карысць пойдзе. Паздаравее твой волат... Праходзьце ў дом, чаго ж мы тут стаім.

Мужчыны адразу замітусіліся, сталі выгружаць з машыны рэчы, заносіць у двор. Я ішла ўслед за імі і раптам, у які ўжо раз за час сынавай хваробы, адчула на сабе нечы погляд. Павярнулася хутка, але нікога не ўбачыла. Мне сталася не па сабе, і я прыбавіла кроку.

Жыць нам з Джамшыдам належала ў невялікім, але ўтульным і чыстым пакоі, дзе я адразу і пачала размяшчацца. Расклаўшы рэчы, уладкавала сына на ложку, а калі ён заснуў, выйшла ў двор, каб праводзіць мужа, які ад'язджаў.

Калі машына схавалася за выгінам дарогі, да горла майго падступілі рыданні, на вочы навярнуліся слёзы. Я не хацела, каб хто-небудзь убачыў мяне такую, і я села каля дувала і задумалася. Аднак мой стан заўважыў гаспадар дома.

— Пагуляла б, дачка, — сказаў ён. — Тут санаторый надалёка, вунь, бачыш, на тым беразе вялікая брама... Схадзі з малым, прагуляйся — краса там незвычайная.

Прапанова прыйшлася мне па душы. Заставацца ў двары не хацелася, часу да абеду было шмат, і, усадзіўшы Джамшыда ў каляску, я пайшла да санаторыя... І тут зноў адбылося тое, праз што мне стала не па сабе.

Я выкаціла калясачку на дарогу амаль зусім побач збрамай санаторыя і, не паспеўшы нічога ўцяміць, убачыла, што проста на нас імчыцца вялізны аўтамабіль. Я рванула каляску з сынам убок, спатыкнулася аб камень і стала падаць, спрабуючы ўтрымацца сама і ўтрымаць каляску — побач быў абрыў, а ўнізе шумела рака, і шум яе ўжо не здаваўся мне срабрысты і вясёлы. Не ведаю, што было б, не падтрымай мяне хтосьці... Павярнуўшыся да свайго збаўцы, каб падзякаваць яму, я спалохана ўскрыкнула — побач нікога не было. І не магло быць. Ніводны чалавек не мог бы застацца незаўважаным... Што са мной адбываецца, я зразумець не магла, бо выразна адчувала нават дыханне, што кранулася маёй шыі. Толькі поўнасцю ачуўшыся, я змагла зрабіць крок, потым другі. З вялікай цяжкасцю дабралася да дома, пакарміла сына, спрабуючы саўладаць з думкамі, што шалёна скакалі, занялася нейкімі справамі...

Увечары, седзячы каля ложка, на якім раскінуўся ў сне мой маленькі, я старалася пераканаць сябе, што нічога страшнага не адбылося, што ўсё гэта мне прымроілася... З задумлівасці мяне вывеў скрып крэсла. Я ўзняла галаву.

У крэсле сядзела незнаёмая жанчына. Сядзела зусім спакойна. Сядзела і глядзела на мяне. А я ні варухнуцца не магла, ні ўскрыкнуць... З цяжкасцю, але стала прыходзіць яснасць — гэта сон, звычайны сон, заснула і бачу яго, сон занадта падобны на рэальнасць. Вочы сталі заўважаць дэталі: незнаёмку можна было б назваць красуняй, калі б не халодны і ганарысты выраз твару, быццам вытачанага з мармуру. Прамыя светлыя валасы сцягнутыя на патыліцы ў просты вузел, бровы прамыя, губы ледзь выгнутыя... У позірку яе чыталася цікаўнасць. З такім выразам мы часам глядзім, як мурашкі будуюць свой дом, як матылёк пырхае ад краскі да краскі, як...

— Вітаю цябе, Шахноза, — павольна вымавіла жанчына, і голас ейны быў роўны, халодны, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі.

Я маўчала. Проста не ведала, што сказаць, бо гэта ж сон... Мой сон.

— Не, — сказала жанчына, — гэта не сон. Я такі ж чалавек, як і ты, але нарадзілася на іншай планеце. Тут я па заданні ўрада. Праводжу доследы. У мае планы не ўваходзіў кантакт з паддоследным экземплярам, аднак давялося паказацца — інакш праз тваю празмерную ўражлівасць мог сарвацца эксперымент.

— Экземпляр... гэта я? — разгублена спыталася я, чамусьці адразу паверыўшы госці.

— Цябе выбралі з некалькіх тысяч, — паведаміла іншапланецянка.

Мне ад гэтага паведамлення лягчэй не стала. Спрабуючы стрымаць нервовыя дрыжыкі, я ўстала, зірнула на Джамшыда, які соладка спаў, падумала вяла, што і мой сын стаў паддоследным звярком. Услед за гэтай думкай прыйшла рашучасць — ні ў якім выпадку не дазволіць гэтага, уратаваць дзіця ад невядомай бяды. У вокамгненне я была каля яго, засланіла сабой і, зрабі іншапланецянка хоць бы крок да яго, я ўчапілася б ёй у горла, як дзікая кошка.

— Супакойся, — стрымана ўсміхнулася яна. — Шкоды ні табе, ні твайму сыну я не зраблю... Давай знаёміцца — я Ліелаш.

Маё імя яна ведала, таму я моўчкі чакала працягу. Дзіўна, але ніякіх сумненняў адносна праўдзівасці слоў гэтай жанчыны ў мяне не ўзнікла — паверыла адразу ў ейнае паходжанне, у гэты невядомы эксперымент.

— Ты ў стане выслухаць мяне або адкладзём размову? — спыталася госця.

Пацікавіцца, адкуль прыляцела Ліелаш, якім чынам вывучыла ўзбекскую мову, як знайшла мяне, мне нават не прыйшло ў галаву — усё гэта неяк можна было растлумачыць. Думкі былі заняты адным — што прынясе нам з сынам гэтая сустрэча з чужым розумам?

— Што вам патрэбна ад мяне? — з цяжкасцю разляпіўшы перасохлыя губы, вымавіла я.

Ліелаш задаволена кіўнула, адкінулася ў крэсле і стала апавядаць.


Вечны мір на Астры быў абвешчаны каля трохсот гадоў назад. Велізарныя сродкі, якія вызваліліся, грамадства стала выдаткоўваць на самыя высакародныя мэты: медыцыну, навуковыя даследаванні, вынаходніцтва машын, што аблягчаюць людзям жыццё. Прыкметна паскорыўся навукова-тэхнічны прагрэс. Асабліва актыўна заняліся навукай жанчыны, пераклаўшы хатнія клопаты на дужыя плечы нястомных і акуратных машын. Прадстаўніцы слабога полу стараліся з усіх сіл паказаць, што могуць прынесці карысць ніколькі не меншую, як мужчыны. І, трэба сказаць, дабіліся вялікіх поспехаў. Сучасны Ліелаш высокі ўзровень развіцця цывілізацыі Астры быў дасягнуты дзякуючы самаадданай працы жанчын. Пераможаны хваробы! Жанчыны не пераставалі шукаць і рабілі адно ашаламляльнае адкрыццё за адным. Сінтэтычная ежа! Гіпнанавучанне! Штучнае выношванне дзяцей!.. Дзевяць месяцаў, што вызваліліся, яны аддавалі навуцы і працы. Усё цяпер проста: схадзіў у інкубаторый, а далейшае — гадаванне і выхаванне — бярэ на сябе грамадства. У вальерах інтэрнатаў бавіліся дужыя шчаслівыя дзеці, пазбаўленыя сузірання агідных сямейных сцэн, павучанняў старэйшых. Пасталеўшы, яны ішлі ў вялікае жыццё, маючы пры сабе стандартнае пасведчанне асобы і псіхалагічную ўстаноўку — грамадскае жыццё вышэй за асабістае.

Пры такой актыўнасці жанчын мужчыны сталі ставіцца да дзейнасці на карысць грамадства з дзіўнай раўнадушнасцю. Відаць, гэта ўласціва моцнаму полу: адхілілі яго ад ключавых пазіцый, тут жа кіснуць... Замест таго каб, вызваліўшыся ад сямейных вузаў, з натхненнем заняцца стваральнай працай, мужчыны без пярэчанняў перадалі пазіцыі актыўным і мэтанакіраваным жанчынам і ператварыліся ў вялых, апатычных істот, якія не цікавіліся нічым, апроч прагляду відэафільмаў і алкаголю. Праўда, часам узнікалі забурэнні, даходзіла нават да пагромаў, але ўрад, у якім да таго часу былі адны жанчыны, уціхамірыў бунтаўнікоў.


Прачнуўся Джамшыд і захныкаў. Я ўзяла яго на рукі, павярнулася да Ліелаш, аднак яе ўжо не было.

Дзень прайшоў хутка, а ўвечары, калі, уклаўшы сына спаць, я сядзела побач з ім і думала пра іншапланецянку, за спінай пачуўся голас:

— Не перашкоджу?

— Не, — прашаптала я, хоць па целе ў мяне пабеглі мурашкі.

— Супакойцеся... Я не закончыла свой расказ...

Грамадства Астры перажыло сур'ёзны крызіс. Рэзка павялічылася колькасць самагубстваў сярод мужчын, узрасла злачыннасць. Групы экстрэмістаў, сярод іх былі і жанчыны, захоплівалі інкубаторыі і знішчалі жаночыя зародышы, выгукваючы пры гэтым: «Смерць жанчынам!»

Урад не мог раўнадушна пазіраць на гэтыя беспарадкі, што пагражалі спакою быцця і падрывалі асновы. Частка самых актыўных мужчын была змешчана ў рэзервацыю, астатніх пакінулі на волі, але ўсталявалі сталы кантроль. Адначасна з гэтымі мерамі ўрад выдзеліў вялікія сродкі для сацыялагічных даследаванняў. Вучоныя павінны былі знайсці прычыну бядотнага становішча на планеце. І яны пастараліся апраўдаць давер — гіпотэз было высунута вялізная колькасць. Многія з іх выявіліся пад час праверкі суцэльнай лухтой, а некаторыя заслугоўвалі пільнай увагі. Сярод гэтых вельмі кемных гіпотэз была і тая, што высунула астрапсіхолаг Ліелаш. Дзейнасць Ліелаш вымагала ад яе шмат гадоў назіраць за планетай Зямля і яе жыхарамі. Вынікам назірання з'явілася кніга «Пра ўплыў эмацыянальна-псіхалагічнага атавізму (т.зв. кахання) на лад жыцця жыхароў Зямлі». Выкарыстоўваючы вынікі практычна, Ліелаш прапанавала накіраваць на Зямлю экспедыцыю для вывучэння зямных жанчын, каб выдзеліць з іхняй крыві «вакцыну жаноцкасці», у існаванні якой яна не сумнявалася. Ліелаш даказала, што менавіта страта жаноцкасці жыхаркамі Астры прывяла грамадства да яго цяперашняга стану. Планавалася, што вакцына будзе ўведзена добраахвотнікам, тым самым стане магчымым праверыць, як дзейнічае здатнасць кахаць і шкадаваць на жанчыну-астрыянку.

Ідэя Ліелаш атрымала нечаканую падтрымку. Ёю загарэліся і мужчыны і жанчыны. Урад ухваліў план. Спецыялісты па зямной культуры выбралі найбольш зручнае для кантакту месца — горны раён Узбекістана. Яны прыйшлі да высновы, што ўсходнія жанчыны найбольш жаноцкія. Іхняе каханне і пашана да мужа, пяшчотная прывязанасць да дзяцей былі вартыя павагі. Акрамя таго, чыстае горнае паветра было неабходна для нармальнага самаадчування сяброў экспедыцыі, бо агульная забруджанасць зямной атмасферы перавышала ўсе дапушчальныя нормы. Ліелаш даверылі кіраваць невялікай групай вучоных, якая накіроўвалася па сродак, які, цалкам магчыма, дапаможа цывілізацыі Астры.

— Цяпер разумееш, навошта я тут? — закончыла Ліелаш свой расказ, памаўчала, паглядзела пільна. — Я даўно за табой назірала. Запісы, зробленыя мною ў бальніцы, унікальныя. Ты вельмі востра адчуваеш, Шахноза... Я не хацела ўваходзіць з табой у кантакт, але прыйшлося адкрыцца...

Я адно кіўнула, бо не ведала, што ёй сказаць.

— Мне пара, — вымавіла Ліелаш і знікла.

Наступнага дня, вярнуўшыся з двара, я зайшла ў пакой і непрыемна здзівілася. У крэсле сядзела Ліелаш і назірала, як Джамшыд забаўляецца нейкай рознакаляровай скрыначкай. Убачыўшы мяне, Ліелаш забрала яе ў малога:

— Прыбор не зробіць яму шкоды. Я запісвала некаторыя параметры псіхаполя дзіцяці.

— Мне трэба пакарміць сына, — суха сказала я.

— Вядома, вядома... Я зайду пазней... Не пярэчыш?

Калі б я магла пярэчыць!

З той пары кожны вечар мы праводзілі разам. Спачатку я баялася, што Джамшыд заўважыць няпрошаную госцю, але пераканалася, што Ліелаш можа стаць нябачнай у любы момант. Неяк яна паспрабавала растлумачыць мне механізм нябачнасці, але я нічога не зразумела.

Джамшыд мяне радаваў. Ён прыкметна пасвяжэў, паправіўся, хоць і быў яшчэ вельмі слабы. Ліелаш назірала за нашым няхітрым існаваннем. Я не магла зразумець выраз яе вачэй, калі яна пазірала на дзіця. Часам здавалася, што яна грэбуе ім, як нейкім жабянём, стараецца не дакранацца да яго. Аднойчы я спыталася яе пра гэта. Ад адказу яна ўхілілася.

Некалькі разоў Ліелаш брала ў мяне кроў — гэта рабілася зусім бязбольна, яна запісвала мае адчуванні — адчуванні маладой маткі. Мы многа размаўлялі з ёю. Жанчыны Астры сталіся мне больш зразумелыя і бліжэйшыя, хоць шмат з чым у іх поглядах на жыццё я не магла згадзіцца. Ліелаш таксама прывыкла да нас — не адхоплівала руку, калі да яе дакранаўся Джамшыд. А ён, на маё здзіўленне, зусім не баяўся яе. Знік і мой страх перад ёю. Побач з Ліелаш я чулася больш бяспечна, упэўнена.

Паводле супольнай маўклівай згоды мы сталі разам гуляць. На яе гэтыя шпацыры ўплывалі жыватворна. Палагоднеў выраз вачэй, твар страціў халодную адчужанасць. Яна ўсё болей была падобная на звычайную зямную жанчыну. Аднойчы Ліелаш прыйшла да месца нашай сустрэчы абсалютна непазнавальная. Я нават спалохалася, ці не здарылася з ёю што-кольвек?! Такі змучаны быў яе твар, такія жалобныя былі вочы... Пытанне было гатовае сарвацца з майго языка, але Ліелаш загаварыла першая:

— Шахноза... Нам пара вяртацца дадому. Я не ўпэўненая, што мае даследаванні прынясуць карысць Астры, магчыма, я нават абавязана знішчыць запісы, зробленыя з цябе...

— Але чаму?! — шчыра здзівілася я.

— Даць жанчынам Астры пачуцці — значыцца ўцягнуць цывілізацыю ў дзікія часы! Ці варта дурманіць светлы розум цёмнымі інстынктамі? — пракрычала Ліелаш, і твар яе скрывіўся.

Джамшыд, пакінуты мною без нагляду, зрабіў колькі няўпэўненых крокаў, спатыкнуўся і ўпаў. Я кінулася да яго, аднак Ліелаш апярэдзіла мяне. Яна падхапіла малога і стала асыпаць пацалункамі яго твар, вочы, рукі.

Я застыла, назіраючы за ёю.

Яна ж, зусім не адчуваючы навакольнага, лашчыла дзіця.

Нарэшце яна апамяталася. Стараючыся не глядзець мне ў вочы, аддала Джамшыда, адышла ў засень густой чынары. Я хацела сказаць ёй, што гэта нармальнае пачуццё — любоў да дзіцяці, але яна знікла.

З'явілася яна ўвечары, у пакоі. Падышла да ложка, доўга пазірала на Джамшыда, які соладка спаў.

— Хварэць ён больш не будзе, — павярнуўшыся да мяне, сказала Ліелаш. — Я знішчыла ачаг хваробы. Не мела права ўмешвацца ў ваша жыццё, а ўмяшалася... Джамшыд будзе жыць доўга.

Я маўчала, баючыся паверыць у цуд. А Ліелаш спыталася з роспаччу на твары:

— Як вы можаце жыць, не ведаючы, што будзе з вашым дзіцём заўтра?! Ваша цывілізацыя ўбогая, усюды небяспека, няшчасці, хваробы! А вы працягваеце раджаць дзяцей, якім прызначана жыццё, поўнае бед і нягод, і сцвярджаеце, што любіце іх.

Гэтая ваша любоў... яна невыносна цяжкая... Навошта яна?

— Без любові не бывае шчасця, — ціха адгукнулася я. — Без любові да мужа, дзіцяці... Без гэтага я не ўяўляю сваё жыцця. Гэта і ёсць шчасце. Шчасце любіць і быць любімай.

Ліелаш авалодала сабой.

— Я не ведаю, што такое шчасце. Такога пачуцця ў нашай навуцы няма. Я яшчэ не вырашыла, што мне рабіць з вынікамі маіх даследаванняў.

— Абнародаваць іх, — не стрымалася я.

— Шахноза, — з дакорам глянула яна, — я не вырашыла лёс гэтых вынікаў, але табе, Шахноза, я ўдзячная... Бывай!

Насуперак свайму звычаю Ліелаш не знікла. Яна выйшла з пакоя, перасекла двор, пакрочыла па дарозе.

У акно я бачыла, што адыходзіць ёй не хочацца і таму крок яе павольны, а спіна напружаная. Але ні я, ні яна не мелі магчымасці змяніць што-небудзь у гэтай сітуацыі.

Яна марудна ўзнімалася па дарозе, а я глядзела ёй услед.

Трэба жыць... Нельга не любіць.


Загрузка...