Барыс Сачанка. Тыя


Чаму раптам захацелася мне расказаць пра гэта? І сама не ведаю. Толькі... Рупіць і рупіць. Адчуванне такое, быццам падганяе хто, пад локаць штурхае, на вуха шэпча: «Ну, не марудзь, пішы...»

І я, не ў змозе супраціўляцца, пішу...

...Тады, у той вечар, я сядзела ў парку пад старымі таполямі ля вадаспада, слухала шум вады, глядзела на зоры, што высыпалі густа, як ніколі, і думала пра тое, што займала ў апошнія дні мяне больш і больш, — пра неапазнаныя лятучыя аб'екты, што з'яўляюцца то тут, то там у небе, пра сляды, што пакінулі ў самых нечаканых месцах на Зямлі іншапланецяне... І не заўважыла, як падышоў да мяне незнаёмы чалавек — прыкладна маіх год, у меру рослы, у меру плячысты, з спакойнымі разумнымі вачыма, мужным хударлявым тварам і сцятымі, вельмі ж валявымі губамі — якраз такі, якія мне падабаюцца, якога быццам стварыла маё ўяўленне, калі я марыла, каго б магла пакахаць і за каго выйсці замуж, — і спытаў, ці можна яму прысесці, таксама паслухаць шум вадаспада. Я, ні слова не кажучы, моўчкі пасунулася на край, дала яму месца.

— Аднак вы смелая, — сказаў незнаёмец. — У такі позні час адна ў парку...

— А які цяпер час? — спытала, як бы апамятаўшыся, я.

— Другая гадзіна ночы...

— Ой, і праўда ж, — спахапілася я, што заседзелася. — Заўтра ж на працу...

Я паднялася, каб пайсці. І трэба ж — акурат на набярэжную, куды мне трэба было кіравацца, вывалілася аднекуль вялікая шумная кампанія падлеткаў. Я ўявіла на хвіліну, што яны могуць са мною зрабіць, калі траплю ім на вочы, — адна, у бязлюдным, амаль неасветленым парку, — і ад страху міжвольна сцепанулася.

— Можна я правяду вас, — паслужліва прапанаваў, быццам прачытаўшы мае думкі, незнаёмец.

Я паглядзела на яго больш уважліва — здаецца, нічога такога не было ў ім, каб баяцца, — і кіўнула галавою, згадзілася. І мы — я і незнаёмец, — не падымаючы адно на аднаго вачэй, паволі пайшлі насустрач шумнай кампаніі. Як толькі мы наблізіліся да падлеткаў, адзін з іх, расхрыстаны, кудлаты, убачыўшы мяне, закрычаў:

— Хлопцы, і шукаць нікога не трэба! Адной на ўсіх хопіць!

Мой праважаты імгненна змяніўся з твару. І не паспела я згледзець, як ён апынуўся ля крыкуна. Схапіў яго загрудкі, калатнуў, ды так, што аж нешта ў кішэнях у таго зазвінела — няйнакш манеты.

— Ану, смаркач, — прашыпеў ён, — прабачэння прасі!

І той, даволі рослы і, па ўсім відаць, дужы, спартыўнага складу падлетак, нейк ураз зніякавеў.

— Я пажартаваў, — залапатаў, вінавата заўсміхаўся ён. — Даруйце, перапіў...

Незнаёмец адпусціў крыкуна, вярнуўся да мяне. Я, каб не выглядаць выпадковай сустрэчнай, узяла яго пад руку, і мы пайшлі, не азіраючыся на кампанію. Кампанія таксама — а было падлеткаў чалавек з дзесяць, — прысаромленая, пайшла сваёй дарогай.

— Які вы смелы! — выказала незнаёмцу ўголас я сваё захапленне. (Прызнаюся, я марыла менавіта пра такога чалавека, калі думала, хто будзе ў мяне муж.)

— Ніякай смеласці тут няма, — сказаў незнаёмец. — Проста не люблю дрэні, не люблю, калі язык лішне распускаюць, п'яныя ці цвярозыя. Дарэчы, мяне завуць Анатоль Іванавіч, Толя...

— А мяне... Каця, — чамусьці засаромелася я.

— Ну вось, мы і пазнаёміліся, — як бы з палёгкай уздыхнуў Анатоль Іванавіч. — А то, на выпадак чаго, нават як зваць адно аднаго, не ведалі... Вы дзе жывяце? — спытаў ён, калі мы выйшлі з парку.

— Ды зусім блізка. Вунь там, у тым доме, — паказала я на дзевяціпавярховы дом, што бялеў па другі бок вуліцы.

— Адна?

— Так, адна... А што?

Анатоль Іванавіч збянтэжыўся, але на хвіліну, толькі на адну хвіліну.

— Гэта я... На ўсякі выпадак... І што — адгадаў? — усміхнуўся ён.

— Адгадалі, — усміхнулася і я.

Не, мне падабаўся гэты незнаёмец, што падсеў да мяне так нечакана на лаўку ў парку і назваўся Анатолем Іванавічам. І ад п'янай кампаніі падлеткаў абараніў, і... Прыемна было разам з ім дадому ісці. Асабліва калі пад руку я яго трымала — быццам з самым дарагім, блізкім чалавекам ішла. І расставацца... Не, не хацелася мне, ані не хацелася расставацца.

— Выбачайце, я затрымала вас... І паслухаць шум вадаспада... не дала... — прашаптала, павінавацілася я.

— Нічога, другі раз паслухаю... А што да затрымкі, дык я... Нікуды не спяшаюся.

— Вам што — хіба заўтра на працу не трэба?

— Я ў адпачынку.

— І нікуды не едзеце, у горадзе будзеце?

— Пагляджу, падумаю. Адпачынак мой толькі пачынаецца... Заўтра першы дзень.

— А вы... Пуцёвак ніякіх нікуды не бралі?

— Можа, яшчэ вазьму, паеду куды-небудзь. Гэта не ад аднаго мяне залежыць.

— А ад каго? Вы што — жанаты, сям'ю маеце? Ці, можа, маці, бацька старыя, нямоглыя?

— Не, я гэтакі ж адзінокі, як і вы. Зноў я здзівілася, аж плячыма павяла.

— Адкуль вы ведаеце, што я адзінокая?

— Не ведаю, а здагадваюся, — усміхнуўся Анатоль Іванавіч. — Калі б вы былі не адзінокая, не сядзелі б так позна на лаўцы ў парку. А каб і сядзелі, дык не адна...

Была, была логіка ў разважаннях Анатоля Іванавіча. Разумны, здагадлівы ён. І лішняга нічога сабе не дазваляў. Паводзіў, словам, не так, як іншыя мужчыны і хлопцы — не лез абдымацца, цалавацца, хоць быццам я першая ўзяла яго пад руку, вяла побач з сабою, і мне гэта падабалася. І не толькі гэта — сам Анатоль Іванавіч падабаўся. Інтэлігентны, далікатны, выхаваны. І разам з тым... Рашучы, смелы. «Такі ў крыўду нікога не дасць, — падумала я. — Вось бы бліжэй з ім пазнаёміцца... А потым... І замуж за такога выйсці». Анатоль Іванавіч быццам здагадаўся, пра што я думаю, пачуў мяне.

— Дык што, заўтра зноў сустрэнемся? — сказаў ён, правёўшы мяне ў пад'езд дома, дзе я жыла, і выклікаўшы ліфт.

— Дзе? — прашаптала я, ласкава акінуўшы вачыма Анатоля Іванавіча.

— Там жа, ля вадаспада, на лаўцы... Прыйшоў ліфт, і я ўскочыла ў яго, забыўшыся пажадаць Анатолю Іванавічу добрай ночы і падзякаваць... За ўсё, усё падзякаваць...


Назаўтра, ледзь змерклася, я заспяшалася ў парк. На маё шчасце, тая, як я яе называла, «мая» лаўка, што стаяла пад старымі таполямі і на якой я заўсёды сядзела, калі прыходзіла да вадаспада, была незанятая. І я, апусціўшыся на тое самае месца, што і ўчора, калі да мяне падышоў Анатоль Іванавіч, зноў, слухаючы, як мерна і быццам з сумам падае з вышыні плаціны вада, думала пра розныя касмічныя цуды, пра іншапланецян... Цікава, няўжо гэта праўда, што пішуць некаторыя вучоныя? Загадкавыя малюнкі і надпісы на вечках саркафагаў, што знойдзены ў самых розных месцах? Сляды гіганцкага касмічнага аэрадрома Наска? Намаляваныя — ну рыхтык касманаўты — у шлемах, з антэнамі — у пячорах, цэрквах, на скалах — людзі і разам з тым быццам не людзі? Дый гэтыя лятучыя неапазнаныя аб'екты — «талерачкі», — што час ад часу з'яўляюцца ў небе — іх бачаць лётчыкі і пастухі, жыхары вёсак і гарадоў? Больш таго — «талерачкі» гэтыя садзяцца на Зямлю, з іх выходзяць жывыя істоты, абмацваюць глебу, збіраюць каменні, ірвуць траву і ламаюць голле — няйнакш вывучаюць. І людзей, што здараюцца паблізу, з сабой забіраюць. Адных вяртаюць назад на Зямлю, а іншых... Цікава, няўжо самі тыя людзі на Зямлю вяртацца не хочуць? Ці іх... Не выпускаюць?..

Я падняла вочы, паглядзела на неба, на зоры, што іскрыліся, гарэлі ў небе. Іх, як мне здалося, было больш, чым нават учора, — тысячы, мільёны, мільярды...

«А што, — падумала я, — чаму гэта на адной нашай Зямлі жыццё магчыма, а на іншых планетах немагчыма? Тыя выключныя ўмовы, што стварыліся для нараджэння і існавання жыцця, маглі ўзнікнуць і ў іншых месцах. А калі так, то жыццё існуе і яшчэ дзесьці. І, можа, яно там на больш высокім узроўні развіцця. І калі мы толькі пачынаем асвойваць космас, то тыя, больш развітыя істоты, даўно яго асвоілі. І лятаюць да нас на Зямлю... Ды і ляталі... Вось чаму і сляды ранейшых прылётаў іншапланецян цяпер вучоныя ў самых розных месцах знаходзяць. А тое, што ў кантакты яны вельмі ж асцярожна з чалавекам уступаюць, дык гэта і не дзіўна... І мовы, відаць, не ведаюць, бо і не адна ж мова ў нас, а сотні... Дый хвароб нашых зямных, мікробаў баяцца... А можа, ім і не трэба асабліва ў кантакты ўступаць, тэхніка, навука развіты так, што і без кантактаў усё бачаць і ведаюць...»

Словам, задумалася я над рознымі касмічнымі праблемамі і зноў не заўважыла, калі да лаўкі падышоў Анатоль Іванавіч — у новым, яшчэ больш элегантным, як учора, касцюме, белай накрухмаленай кашулі, з «матылём» замест гальштука на шыі.

— Я вам не перашкодзіў? — спытаў ціха, амаль шэптам Анатоль Іванавіч.

— Ой, што вы, — узрадавалася я. — Сядайце, разам паслухаем шум вадаспада. Ды і пагаворым...

— Пра што? — неяк загадкава спытаў Анатоль Іванавіч. — Пра космас, іншапланецян?

І ўсміхнуўся, мабыць, убачыўшы, як мяне ўсю перасмыкнула — адкуль ён ведае, што мяне цікавіць, займае мае думкі?

— Зноў вы спытаеце, чаму я ведаю, пра што вы думаеце, пра што пагаварыць хочаце? Не здзіўляйцеся, космас хвалюе, займае цяпер не адных вас. Чаму? І пішуць пра гэта шмат, ды і... Быццам разняволіўся чалавек, крылы ў яго выраслі, увесь у палёце... Раней ён бачыў толькі тое, што ў яго пад нагамі было. Зямлю сваю бачыў. А цяпер, калі спадарожнікі розныя лётаюць, касманаўты, Месяц, планеты Марс і Венеру асвойваем... Думкі многіх скіраваны ў космас. Чалавеку, бачыце, няўтульна стала на Зямлі, цесна, адзінока, ён захацеў «общения» з іншымі жывымі істотамі, шматвяковы сум па іншых разумных жывых істотах раптам адчуўся з небывалай сілай... Яно і не дзіва. Раней чалавек верыў у бога, у нячыстую сілу, баяўся іх... А цяпер ведае: няма бога, няма нячыстай сілы... Усё матэрыяльна, ясна, ніякіх загадкавых з'яў... А калі нешта нейкае загадкавае з'яўляецца час ад часу, ён імкнецца пазнаць, вытлумачыць, навукова абгрунтаваць... Зямля асвоена, вось і імкнецца чалавек у космас, каб асвоіць і яго. І не без поспеху — за якіх некалькі дзесяткаў год зроблена многае. Інстытуты цэлыя, лабараторыі менавіта на гэта працуюць. І як, як, скажу вам, працуюць! Ніхто нічога не шкадуе — ні грошай, ні іншых сродкаў... На што-небудзь больш надзённае не хапае, а на космас... Усяго, усяго хапае... І вынікі... Вынікі, як вам вядома, ёсць... І яны будуць куды большыя, калі толькі сілы і розум усяго чалавецтва накіраваць на гэта — на асваенне космасу.

— Дык і трэба гэта зрабіць, — не ўтрымалася, падказала я.

— Хэ, — засмяяўся Анатоль Іванавіч. — Так не адна вы, а многія кажуць. І не толькі кажуць, а і хочуць. Але ж... Вы, пэўна, ведаеце, што ёсць сіла і антысіла, прыцягненне і адштурхоўванне, дабро і зло, любоў і нянавісць, жыццё і смерць... Вы калі-небудзь думалі пра гэта — чаму так?

— Не, — прызналася я.

— А вы падумайце. Можа, усё гэта знарок зроблена, з пэўным, так сказаць, сэнсам. Можа, каб чалавек у штосьці верыў і разам з тым баяўся? Вялікая сіла — вера. Але не меншая сіла і страх. І заўважце — заўсёды нехта прыдумваў на чалавека новую бяду, як толькі ён пазбаўляўся ранейшай, што яго мучыла. Ды і... Ураганы, землятрусы, вывяржэнне вулканаў, войны... Асабліва войны. Калі ў даўнія часы ваявалі чалавек з чалавекам, то потым пачалі ваяваць сям'я з сям'ёю, род з родам, паселішча з паселішчам, горад з горадам, княства з княствам, народ з народам, дзяржава з дзяржавай... А цяпер... Сусветныя войны. Пагражаюць ужо ўсім нам атам і вадарод, знішчэнне цывілізацыі, наогул усяго жывога на Зямлі і нават самой Зямлі... Што, усё гэта, думаеце, выпадкова? А можа, ёсць сіла, якая кіруе ўсімі дзеяннямі чалавека, не дае яму разняволіцца цалкам, аб'яднацца з усімі? Чалавек прыдумвае адно, а сіла тая зусім адваротнае... Раней усё добрае, казалі, тварыў бог, а нялюдскае, злое — чорт... Цяпер па-іншаму гэта называюць, але сутнасць адна — як толькі нешта прыдумае добрае чалавек, адразу ж быццам супрацьяддзе знаходзіцца. Прыклады? Вам прывесці прыклады?

— Не трэба, — адмоўна хітнула я галавою. — І так даволі. Дый сама я магу прывесці вам прыклады. Скажам, з тымі ж хваробамі. Як толькі адну людзі пачынаюць лячыць, новая, яшчэ больш страшная, узнікае. Але не пра гэта я хачу зараз гаварыць. Скажыце — няўжо і далей усё так будзе, як было?

— Што вы маеце на ўвазе?

— Ну, што ўсё тое самае будзе, што і было раней, толькі быццам у новых формах?

— Вядома. Інакш... Як толькі знікне сіла, знікне і антысіла, а значыцца, знікне і чалавек, жыццё. А так у змаганні, у барацьбе, яно і развіваецца, ад ніжэйшага да больш дасканалага, якаснага... Вы, відаць, чыталі ці чулі пра Вавілонскую вежу, як будавалі яе... Калі падняліся надта высока, адбылося між людзьмі неразуменне адзін аднаго. Запомніце — так будзе і далей. Паверце мне, не захочуць дапусціць, каб была поўная згода, узаемаразуменне між людзьмі, краінамі.

— Хто не захоча? — міжволі вырвалася ў мяне.

— Ну, тая сіла ці, правільней, сілы, бо яны выступаюцьу розных абліччах. Сутнасць жа іх адна — ім трэба трымаць чалавецтва ў пакоры, не даць людзям аб'яднацца, не даць, каб яны мірна жылі, думалі пра тое, пра што ім нельга думаць.

— Вы пачалі гаварыць трохі загадкава, я не ўсё разумею. Можна — ясней? — папрасіла я.

— Ясней? Што ж, — усміхнуўся неяк аж надта дабрадушна Анатоль Іванавіч, — давайце вернемся да таго, з чаго мы пачалі — з космасу, з іншапланецян... Калі вы верыце ў тое, што Зямлю наведвалі і наведваюць цяпер час ад часу іншапланецяне, дык вы думаеце, — з якой мэтай яны гэта робяць? Паглядзець на Зямлю, на людзей, і ўсё? О не! У іх ёсць мэты куды больш важныя. Ды і чалавек сам ці зямное стварэнне? А можа, ён прывезены з іншых планет? Ці бывалі вы калі-небудзь у лабараторыях вучоных — скажам, біёлагаў, батанікаў, хімікаў? Дарэчы, вы хто па прафесіі?

— Я... У бібліятэцы працую... Новыя кнігі, што паступаюць, апрацоўваю... Нумары стаўлю, картачкі запаўняю...

— А-а, цяпер я разумею, чаму вы чытаеце, не прапускаеце нічога, што пра космас пішуць. Дык паслухайце мяне, таварыш Каця. Вучоныя ў лабараторыях разводзяць у колбах розныя мікробы і мікраарганізмы, як, скажам, людзі на фермах кароў, свіней, курэй... А ці не здаецца вам, што і нас, людзей, нехта гэтак жа разводзіць па Зямлі? І над намі, людзьмі, таксама праводзіць розныя эксперыменты, вопыты?

— Пра гэта я не думала, — чамусьці спалохалася, ах сцепанулася я.

— А вы падумайце. Падумайце і яшчэ пра адно — ці не тыя ж іншапланецяне гэта робяць?

— Навошта ім гэта?

— А гэта ўжо іншая справа, мы не можам пра тое меркаваць, як не могуць меркаваць і мікробы, навошта іх разводзяць вучоныя. Мэта, вядома, ёсць, але мы яе не ведаем, не здольны пакуль што ведаць — вось у чым загвоздка. І робіцца ўсё, каб гэтага мы і не ведалі. Можа, дзеля вопыту, эксперыменту якога... А можа — тыя разводзяць нас і дзеля іншага, скажам, як мы разводзім кароў, свіней, птушак розных... І не цела ім наша трэба, а інфармацыя, вопыт, веды нашы? Бо ўсё ж у чалавеку так зроблена, каб працавала на набыццё вопыту, інфармацыі, ведаў. І калі чалавек памірае, не можа быць, каб набытае за жыццё проста так гінула. Прырода вельмі эканомная, і каб тое, дзеля чаго жыў, уласна, чалавек, знікала разам з яго смерцю?.. Не думаю. Раней казалі, калі чалавек памірае, астаецца жыць яго душа. У індусаў — душа пераходзіць жыць у іншыя жывыя істоты, у іншых народаў — яна раствараецца ці ляціць на неба. А можа, гэта... Вопыт, інфармацыя, веды ўлятучваюцца? Жывёла, птушкі ды і мы не ядзім усё, што расце на зямлі, як правіла, выбіраем зярняткі. А можа, і самае каштоўнае і ў нас — тыя ж зярняткі — інфармацыя, вопыт, веды паступаюць кудысьці, хто іх збірае ці харчуецца імі, га?

— А створанае чалавецтвам — адкрыцці розныя, кнігі, кіно, тэатр, радыё, тэлебачанне? — задумалася я.

— Гэта дробязі, яны даюцца чалавеку, каб ён бавіў час, трохі весялей жыў, не думаў пра сваю смерць. Бо калі і гэта ў чалавека забраць — надта ж сумна будзе яму жыць, смерці чакаць. Ды і часу будзе шмат, каб думаць. А робіцца ж усё, каб чалавек менш думаў якраз пра незямное і больш — пра зямное.

— Паслухаеш вас... — паглядзела я з недаверам на Анатоля Іванавіча. — Дык і жыць не захочацца.

— Зямным — так. Але ж ёсць жыццё — вы верыце ў тое — не зямное. Вось бы туды як-небудзь пранікнуць, паглядзець, што там? Ды і на Зямлю, на людзей паглядзець як бы збоку, га? Што, можа, скажаце, не хочацца таго? І не толькі вам гэта хочацца. А многім. Таму і касмічныя караблі будуюць, таму і палёты ў космас пачалі...

— І што, тое, што вы сказалі... Ну, на Зямлю, людзей як бы збоку паглядзець... Магчыма?

— Не ўсім. Адным магчыма, другім не. Некаторыя ж... І цяпер гэта могуць зрабіць.

— Як? — Я аж з лаўкі падхапілася. — Хто гэтыя некаторыя? І вы... Што вы пра іх ведаеце? Ды і... Хто вы?

— Вам заўтра на працу рана ісці, — напомніў Анатоль Іванавіч, таксама падымаючыся з лаўкі. — Таму... Спынім на гэтым сёння размову, адкладзём на другі раз.

— На калі? — спытала я.

— На калі хочаце.

— А вы не едзеце нікуды з горада?

— Пакуль не.

— Тады... Давайце заўтра сустрэнемся. Тут жа, — сказала, прапанавала я.

— Добра, заўтра дык заўтра...

Анатоль Іванавіч узяў мяне пад руку, зноў правёў да таго дома, дзе я жыла, упусціў у ліфт і... Мы рассталіся.


Назаўтра, як толькі змерклася, я зноў заспяшалася ў парк. Анатоль Іванавіч гэты раз апярэдзіў мяне — ён ужо сядзеў, над нечым глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад старымі таполямі, калі я прыйшла на набярэжную. Зноў было цудоўнае цёплае надвор'е, выплыў месяц, ды і зоры надта ж густа высыпалі — быў жнівень месяц, а ў жніўні, як вядома, заўсёды ярка свецяць зоры. І многа іх — быццам усё неба імі вышыта, праколата, расквечана.

— Пра што вы задумаліся? — спытала я, набліжаючыся да лаўкі, дзе сядзеў Анатоль Іванавіч.

— Ды ўсё пра тое ж, — усміхнуўся, як мне здалося, трохі стомлена Анатоль Іванавіч. — Вы задалі мне ўчора некалькі пытанняў, на якія я вам не адказаў, бо пазнавата было. Ды і... Не ведаю, ці варта вас спакушаць далей гэтымі... іншапланецянамі... Можа, лепш з вамі павесці размову пра больш зямное, патрэбнае вам. Вы ж... — паглядзеў ён на мяне, — такая маладая, прыгожая... Вам радавацца, жыць зямным трэба...

— Але я не знаходжу радасці ў зямным, — прызналася я. — Начальніца ў мяне... Вы б ведалі, якая мегера. Ад мужчын, з якімі я сустракалася, на кіламетр нясе цыгарэтамі, гарэлкаю... І кожны глядзіць на цябе, каб хутчэй... Словам, узяць, што яму трэба. Ды і ў крамах, на вуліцы, у кіно... Не тое... Раздражняюся толькі, злую... Ніхто мяне не разумее...

— А тыя, іншапланецяне, думаеце, зразумеюць?

— Не ведаю. Але... Хацелася б, каб зразумелі. Бо тут, на Зямлі... Мяне некаторыя дзівачкай называюць. Увесь час я адна, з кнігамі, картачкамі... Уся і радасць, што на лаўцы вось тут, ля вадаспада, пасяджу. Ды цяпер вось з вамі душу адводжу...

— Ну, калі так... Але ж, — задумаўся на хвіліну Анатоль Іванавіч, — я мушу вас папярэдзіць... Ва ўсякім выпадку з майго боку было б злачынствам, каб я гэта не зрабіў... Словам, тыя, хто ўступае ў зносіны з іншапланецянамі, космасам, парываюць сувязь з Зямлёй, ім на Зямлі няма чаго ўжо рабіць, нецікава... Гэта лішнія людзі тут, усё зямное іх не хвалюе...

— Я, здаецца, вам казала ўжо, што мяне і цяпер мала што цікавіць і хвалюе. Пра космас жа, іншапланецян я магу чытаць і думаць, правільней, мроіць гадзінамі, суткамі, — прызналася я.

— Што ж, тады... Давядзецца мне скарыстаць свае сувязі, да сяго-таго пад'ехаць, з сім-тым пагаварыць. — Анатоль Іванавіч памаўчаў, падняў вочы, паглядзеў неяк загадкава і сумна-сумна на мяне. — У вас круціцца на языку, зноў вы хочаце запытаць, хто я? — сказаў ён з усмешкаю.

— Так, вы адгадалі мае думкі, — кіўнула я галавою.

— Я ўчора абяцаў вам адказаць на ваша пытанне. І адкажу. Выбачайце, што адкажу не адным словам. Справа ў тым, што я хачу, каб вы мяне зразумелі. Дык вось, паслухайце... Я вам гаварыў, што тыя, хто над намі, у чыёй поўнай уладзе мы, — помніце, як мікробы ў колбе! — зацікаўлены трымаць нас у поўнай пакоры, каб мы рабілі толькі тое, што ім трэба. А мы, людзі, імкнёмся да самастойнасці, бунтуем, выходзім з падпарадкавання. І каб такое не здаралася, а калі і здаралася, дык не часта, яны, тыя, умешваюцца ў наша жыццё, некаторых мецяць... І гэтыя, мечаныя, быццам іхнія людзі — пранікаюць у лабараторыі вучоных. Ды і ў іншыя арганізацыі, установы... Словам, усюды, дзе ёсць нейкія чалавечыя згуртаванні. Іх задача — не даваць, каб сярод людзей быў лад, мір, была згода, сварыць, натраўляць адзін на аднаго, зрываць тое, што задумана, падбухторваць дурняў супраць разумных... Раней казалі: чорт, нячысцік у яго ўсяліўся ці — чорт, нячысцік паблытаў... І недалёка ад ісціны былі, бо гэты самы чорт ці нячысцік усяляецца то ў аднаго, то ў другога, ён то сварыць, то мірыць, пакуль не дамагаецца таго, што тым трэба... Ды гэта — папраўкі па ходзе, карэктывы, што ўносяць тыя, што над намі... А ёсць жа сярод людзей мечаныя, у задачу якіх уваходзіць увесь час зрываць усё, што мяркуецца ці плануецца іншымі, шкодзіць, сварыць. Няшчасныя гэта людзі! І галоўнае — яны самі не разумеюць, хто яны, чаму такія. Адны называюць іх зайздроснікамі, другія — няўжыўчывымі характарамі ці проста паганымі людзьмі... А гэта — мечаныя, праз каго тыя, што над намі, праводзяць свае ідэі, свае планы...

— І вы з гэтых, мечаных? — не вытрымала, перапыніла я Анатоля Іванавіча, скарыстаўшы невялікую паўзу.

— Не, — адмоўна пакруціў галавою Анатоль Іванавіч. — Правільней, я таксама мечаны, але мечаны не так, як тыя, а па-асабліваму. Задача ў мяне іншая. Дый... Усведамляю, ведаю я на багата больш, чым некаторыя. Я... Народжаны ці, правільней будзе сказаць, створаны дзеля таго, каб трымаць сувязь з тымі, хто над намі.

— І як вы гэта робіце? — зацікавілася, аж з лаўкі паднялася, на якую была села, я. — Раскажыце...

— Прыкладна гэтак, як па рацыі, па радыё... Толькі мікрафона ніякага не трэба... Я выходжу на сувязь, і тыя выходзяць...

— І што вам гавораць, на мове якой?

— Усё, што хочаш. І на той мове, якую я ведаю...

— Цікава! — аж успляснула я рукамі. — Івы іх бачылі, ну тых, што над намі?..

— Некалькі разоў.

— Якія яны з сябе?

— Розныя. Яны могуць прымаць любое аблічча, якое ім захочацца. Звычайнае, чалавечае, ці ў выглядзе не існуючых на зямлі стварэнняў альбо яшчэ каго. Найчасцей жа — іх ніхто не бачыць, хоць яны і побач. Справа ў тым, што тыя добра ведаюць магчымасці нашага зроку і напоўніцу выкарыстоўваюць гэта. А зрок наш не такі і дасканалы. Мы не ўсё бачым, што ёсць на зямлі і ў небе, а толькі невялікую частачку... Ды і слых наш не ўсё чуе... Таму, калі трэба, тыя з намі, каля нас, але мы іх не чуем і не бачым... Дарэчы, абмежаванні ў нас не толькі ў зроку і слыху, але ва ўсім, і ў розуме таксама. І далей гэтых абмежавальнікаў... Словам, як кажуць, вышэй сябе не падскочыш... Але людзі ёсць людзі, яны не могуць да чагосьці не імкнуцца, ім усё новае ды новае падавай... І абмежавальнікі даводзіцца адсоўваць. Праўда, прырода чалавека быццам не мяняецца, усё робіцца цераз прыборы. Каб пашырыць зрокавае ўяўленне, прыдумалі тэлескоп і мікраскоп, для перадачы інфармацыі — пісьмо, радыё, тэлебачанне... Каб хуткасць руху павялічыць — машыны, цягнікі, самалёты... Але ўсё гэта — дазволена тымі... Яно, паколькі не біялагічнае, а механічнае, вельмі лёгка, калі трэба, знішчаецца. Дый магчымасці ў механікі невялікія. Справа іншая — біялогія. Але туды... Тыя не пускаюць і, трэба думаць, — не пусцяць. Там яны гаспадары... Што ж да ўсяго астатняга... То жыць жа чалавеку трэба, трэба карміцца, размнажацца. І дзеля гэтага... Розныя адкрыцці робяцца, правільней, бачнасць адкрыццяў... Што есці, чым абагравацца, што надзець на сябе, як хутчэй куды дабрацца, чым цікавей і весялей прабавіць час... Словам, гэта сфера самаабслугоўвання, і яна ўдасканальваецца. Што ж да ўсяго астатняга... Там табу накладзена. І за гэтым пільна сочыцца, каб яно не парушалася. Інакш людзі выйдуць з падпарадкавання, іх давядзецца ці знішчаць усіх да аднаго, ці... Невядома, што з імі тады рабіць. Вось цяпер у нас два лагеры — сацыялістычны і капіталістычны, у кожнага атамная і вадародная зброя... У бога і чорта не верыце, не баіцеся іх, паверце ў рэальную сілу — атамную і вадародную...

— І вы думаеце, зброю гэтую прыменяць? — спытала я.

— На жаль, я таксама не ўсё ведаю. Усё залежыць, якія вопыты над намі тыя праводзяць. Калі яны запланавалі гэта зрабіць, дык зробяць. Калі ж не, толькі для страху, каб у пакоры, боязі чалавецтва трымаць, то... Ды, як кажуць, пажывём, пабачым... Мусіць, інакш кіраваць намі, людзьмі, нельга. Калі ўсе ў згодзе, ладком, мірненька, спакойненька... Не ведаю, да чаго б гэта прывяло. А так — усюды барацьба, змаганне. Бедныя — супраць багатых, дурныя — супраць разумных, падначаленыя — супраць начальства, невукі — супраць вучоных... Тут тое самае, што і ў прыродзе: на тое ж і шчупак, каб карась не драмаў. Сіла — антысіла, прыцягненне і адштурхоўванне, дабро і зло, любоў і нянавісць, жыццё і смерць... І няма нідзе спакою, міру. Ідзе ўсюды барацьба... Яна забірае час і энергію, не дае думаць ні пра што іншае, як толькі пра існаванне — выжыць бы, не даць, каб цябе стапталі, забілі! А гэта якраз тое, што і трэба тым...

— Вы так адкрыта пра ўсё гаворыце, — сцепанулася як ад холаду я. — А што, калі тыя вас пачуюць?

— Яны ведаюць, што я пра іх думаю, ведаюць, што я не задаволены той роляй, якая мне вызначана. І некалькі разоў папярэджвалі...

— І вы?

— Што я? Не сам жа я сябе ствараў, а яны мяне стварылі. Якога хацелі, няхай такога і маюць, церпяць. Дый... Што мне пагражае? Смерць. Дык я і так ведаю, без іх, што памерці мне давядзецца. А калі... Гэта не мае значэння. Ва ўсякім разе для мяне.

— І для мяне таксама, — прызналася я. — Вось толькі б з імі, тымі, як вы іх называеце, звязацца.

— Добра, я звяжу вас, — паабяцаў Анатоль Іванавіч.

— Калі?

— Сам не ведаю. У мяне цяпер, я казаў вам, адпачынак.

— І ад іх, — паказала я няпэўна ў неба, — таксама?

— На жаль, не, — пакруціў галавою Анатоль Іванавіч. — Ад іх адпачынку няма. І не будзе. Ніколі і нідзе. Хіба, можа, на тым свеце.

— А ён, той свет, ёсць?

— Гэтак жа, як у зерня, якое мы мелем на хлеб, ці ў той жывёліны, якую мы забіваем на свой харч...

І Анатоль Іванавіч падняўся раптам з лаўкі, узяў мяне пад руку, сказаў:

— Пойдземце дадому, вам заўтра трэба на працу. Ды і ў мяне... Справы. А што да таго, каб вас звязаць з тымі... То я... Звяжу. Як толькі яны пераканаюцца, што вы гатовы іх пачуць, яны пададуць сігнал...

— Як я яго пазнаю?

— Пазнаеце, — яшчэ больш сумна, але ўпэўнена адказаў Анатоль Іванавіч і больш не прамовіў ні слова — моўчкі давёў мяне да дому, дзе я жыла, і гэтак жа моўчкі, нічога не сказаўшы, расстаўся, знік з пад'езда, як толькі схавалася, зайшла я ў выкліканы ім ліфт...

І вось я жыву які ўжо год, чакаю таго абяцанага сігналу. А яго няма і няма. І Анатоль Іванавіч дзе падзеўся — не прыходзіць, хоць я па-ранейшаму штовечар спяшаюся ў парк, сяджу на лаўцы пад старымі таполямі ля вадаспада. Няўжо ён забыўся на мяне? А мо... Слова не стрымаў, не сказаў нікому пра мяне, не звязаў па нейкай прычыне з тымі?.. Ці... і самога яго жывога няма, адпомсцілі яму тыя за яго вальнадумства і размовы пра незямное, відаць, не толькі са мной адной?.. А мо ўсё гэта няпраўда, лухта, няма нідзе ніякіх тых?..


1984


Загрузка...