Вось яшчэ адна з ягоных загадак.
Мы ведаем ужо, што ў артыкуле «Забыты шлях», напісаным у 1915 годзе, ён нечакана заявіць: «Беларускіх вершаў у нас яшчэ не было, — былі толькі вершы, пісаныя беларускай мовай». Сцвярджэнне занадта катэгарычнае, калі не сказаць больш. Нейкую долю перабольшвання Багдановіч, вядома, мог дапусціць з разлікам на палемічнасць, але ж сэнс выказаны настолькі акрэслена, настолькі думка гэтая прасякае ўвесь артыкул, што не лічыцца з ёю нельга: яе варта прыняць такой, як яна сфармулявана Багдановічам.
Думка палохае сваёй вастрынёй нават сёння. Цікава, якая рэакцыя была б на яе тады, у год напісання артыкула, каб Багдановіч правёў гэтую думку праз друк. Ён яе чамусьці не правёў — і, мабыць, не па сваёй віне. Цяжкія абставіны першай сусветнай вайны перашкодзілі, адсутнасць друкаваных органаў ці яшчэ што, але артыкул убачыў свет толькі ў 1918 годзе, пасля смерці паэта, і быў надрукаваны як ілюстрацыя да некаторых вершаў так званага «беларускага складу». I тое, што публікацыя непазбежна насіла мемарыяльны характар, і тое, што Беларусь уступала ў новую гістарычную паласу свайго развіцця, што многае іначылася, забывалася пад напорам новага, — хутчэй за ўсё, трэба думаць, прыглушыла высокую страснасць Багдановічавага артыкула, які, дарэчы, да самага апошняга часу і прыгадваўся не часта і амаль не цытаваўся. Багдановічавы вершы «беларускага складу» ўваходзілі ва ўсе выданні паэта, жылі самі па сабе, артыкул жыў, бадай, толькі ў свядомасці даследчыкаў творчасці паэта, чакаючы сваёй інтэрпрэтацыі ў цеснай сувязі ўсё з тымі ж вершамі.
Катэгарычнасць пастаўленага Багдановічам пытання патрабавала пэўнасці ў адказе на яго. Былі ў нас беларускія вершы ці не былі? Перабольшваў Багдановіч у сваім сцвярджэнні ці меў на ўвазе зусім не тое, што, паводле вонкавай логікі, вынікае з ягонага артыкула?
Адну з першых спроб вытлумачыць пазіцыю Багдановіча зрабіў А. Лойка. Мы часта звярталіся да яго кнігі, часта палемізавалі з ёй — і не таму, што аўтар скажаў якія-небудзь ісціны, што сталі бясспрэчныя ў дачыненні да паэта, ці занадта суб’ектыўна асвятляў ягоную творчасць. Кніга А. Лойкі — сур’ёзная і грунтоўная кніга. Менавіта таму, што даследчыку шмат якія аспекты творчасці вялікага нацыянальнага паэта даводзілася разглядаць ледзь не ўпершыню і як бы нанава ствараць «макет» ягонай творчасці, ён, натуральна, не мог засцерагчыся і ад некаторых памылак, што непазбежна вынікалі якраз з таго, што даследчык часта надта паслядоўна праводзіў у дачыненні да Багдановіча тую ці іншую думку, ахвяруючы некаторымі важнымі нюансамі на карысць стройнасці канцэпцыі. Памыляўся ці не памыляўся Багдановіч у сваіх пошуках «беларускага складу»? А. Лойка адказвае пэўна: так, памыляўся. Дадае: памыляўся «шчыра». Як аргументуе А. Лойка сваё сцвярджэнне? Ён кажа, што вядомае Багдановічава захапленне пачалося з пошукаў «арыгінальнага ўкладу ў сусветную паэзію», што нібыта Багдановічу прыйшло на думку шукаць гэтае «арыгінальнае» па-за ўсім тым, што пісаў сам паэт дагэтуль, што пісалі да 1915 года «Купала, Колас, Цётка, іх папярэднік Багушэвіч і інш». «Пошукі „чыста“ беларускага, — піша А. Лойка, — паэт пачаў, не ўлічваючы таго, што не можа быць нацыянальнай паэзіі па-за вопытам агульначалавечым».
Скажам адразу: нам здаецца трохі дзіўным такое сцвярджэнне даследчыка. «Шлях любой паэзіі — у арганічным творчым яднанні традыцый нацыянальных і агульначалавечых». Гэта бясспрэчна, з гэтым мы згодныя, як кажуць, на ўсе сто працэнтаў. Але ж ці можна думаць, што з гэтым не згадзіўся б сам Багдановіч, той Багдановіч, для якога вопыт сусветнай паэзіі заўсёды быў, практычна быў адной з найгалоўнейшых крыніц узбагачэння нацыянальнага мастацтва. Тут якраз была тая асноўная і першая думка, з якой ён прыйшоў у беларускую паэзію. Аддзяляць нацыянальнае ад агульначалавечага і наадварот Багдановіч ніяк не мог. Дапусціць, што Багдановіч у 1915 годзе адмовіўся не толькі ад сваёй галоўнай думкі, але і ад сваёй практыкі, мы таксама не можам. Добра, нават дапусцім: ён мог бязлітасна паставіцца да сябе, да сваёй творчасці і нават цалкам закасаваць яе, але ж творчасць усіх тых жа «Купалы, Коласа, Цёткі, іх папярэдніка Багушэвіча і інш.» так проста закасаваць ён не мог — гэта было б занадта наіўна для яго, занадта па-дзіцячы: няма мяне, няхай не будзе і вас! Не, тут нешта не так. У Ялце, хворы, на сконе сваіх дзён, Багдановіч знаходзіць суцяшэнне ў тым, што кніжку мае «з друкарні пана Марціна Кухты» — славуты «Вянок», у які густа ўплецены побач з васількамі кветкі з чужых палёў, дзе агульначалавечае і нацыянальнае паўстае ў непарыўным, гарманічным, арганічным адзінстве. Не, не адракаецца ад сваёй творчасці Багдановіч!
Разгадку павінны мы шукаць у іншым.
Дарэчы, А. Лойка, калі пераходзіць да канкрэтнага разгляду вершаў «беларускага складу», як бы забываецца на «памылку» Багдановіча і даволі пераканаўча звязвае гэтыя творы з Багдановічавымі пошукамі эпасу, праўда, агаворваючыся, што мы маем тут справу са стылізацыяй пад фальклор. Стылізацыя — гэта закід Багдановічу, бо даследчык хацеў бы бачыць яго эпікам іншага, канкрэтна-аб’ектыўнага плана, накшталт таго, у якім выявіў сябе Колас, ствараючы «Новую зямлю». На думку даследчыка, «напачатку XX ст. заставалася надзённай задача далейшага адкрыцця бытавой сферы жыцця, адкрыцця, якое спалучалася б з раскрыццём духоўнага складу народа і ўсебаковым паказам рэчаіснасці на ўзроўні дасягненняў самых развітых літаратур свету — самых лепшых іх традыцый». Багдановіч, паводле А. Лойкі, не робіць гэтага, бо памыляецца, і таму становіцца на ўсё той жа шлях стылізацыі.
Згаджаемся з А. Лойкам мы вось у чым. Вершы «беларускага складу» — сапраўды спробы эпічнага асэнсавання Багдановічам жыцця. Гэта эпас, але жанрава і метадалагічна адметны, свядома адметны ад таго эпасу, які здзяйсняўся ці здзейсніўся пасля Коласам. Гэта не подступы да такога эпасу, як схільны думаць А. Лойка, а нешта зусім самастойнае, цэльнае, пэўнае па сваёй канцэпцыі, задачах і жанру.
Вельмі важна помніць пра час, у які быў напісаны артыкул, бо менавіта з ім звязваў і палемічна завастраў свае высновы Багдановіч. Ён якраз і пачынае свой артыкул з абмалёўкі гістарычнай сітуацыі. Багдановіч піша: «Цяжкі ўдар прыняла на сябе наша краіна: на яе абшарах зышліся мільённыя арміі, точуцца бітвы, усё нішчыцца, гаспадарка гібеець, не тысячы, а сотні тысяч людзей павінны кідаць сваё ды ісці па нязмераным дарогам далей, а куды — няведама; ісці, не знаходзячы прытулку, не маючы скарынкі хлеба, паміраючы і ад голаду, і ад пошасцей, не ведаючы, якую даць сабе раду». Багдановіч піша пра жахі першай імперыялістычнай вайны; напал вялікай народнай трагедыі, трывога за лёс свайго краю, праз які так часта пралягалі крыжавыя дарогі гісторыі, чуецца ў гэтых словах Багдановіча.
I як бы прадчуванне будучых вялікіх катастроф захавана ў іх. «I мы, беларуская інтэлігенцыя, будзем ратаваць іх (землякоў. — М. С.), як ратавалі і дасюль, будзьма ратаваць і ў сваім краі і на чужыне, памінаючы ў гэтыя грозныя часы абяцанне, каторае ў сэрцы сваім даваў кожны з нас: сілы свае ахвяраваць роднаму краю». Вось у якія часы, вось з якімі думкамі прыступае Багдановіч да гаворкі «аб адным дужа вялікім недахваце ў беларускай паэзіі». I вось чаму гэты «недахват» здаецца яму менавіта «вялікім» — паэт хвалюецца за лёс усяго «беларускага». Можна зразумець Багдановіча: у мірныя часы магла і павінна была развівацца літаратура, маглі і павінны былі весціся прафесіянальныя спрэчкі на карысць гэтай літаратуры, якая пераважна была справай і клопатам інтэлігентаў і якая, у мірных умовах, павінна была, паступова вызначаючы сябе як мастацтва, і прасякацца народным духам і несці тым часам свой дар у народ. Вайна, народная трагедыя, магчымасць «неслыханных перемен» і «невиданных мятежей», усё зрушыла і ўсё перайначыла. Багдановіч баіцца, што літаратура ў тым выглядзе, як яна існавала тады, не здолее прынесці істотную карысць народу, што між ёй і народам развінецца бездань, — і вось чаму ён бачыць выратаванне ў вершах «беларускага складу», вось чаму ён, па сутнасці, ставіць пытанне аб народнай культуры, ступенню да якой ён хоча бачыць узведзены сродкамі літаратуры народны эпас. Гераічны эпас, дададзім яшчэ мы.
Багдановіч чуйна, як ніхто, успрыняў і адгукнуўся на новы сацыяльны заказ, ён адчуў, што гісторыя неўзабаве напіша самыя трагічныя і тым часам гераічныя старонкі ў лёсе роднага краю, што наперадзе новы ўздым нацыянальнай самасвядомасці.
Калі ў пачатку XIX стагоддзя ў Чэхіі, разам з узнікненнем нацыянальнай буржуазіі, пачаўся імклівы працэс выпрацоўкі самабытных форм мясцовага жыцця, насуперак тым, хто ў культуры і грамадскім жыцці быў прыхільнікам і правадніком германізацыі, тады ўзнікла патрэба ў народным гераічным эпасе — гэтым заўсёдным пашпарце нацыі, і тады студэнт Пражскага універсітэта Іосіф Лінда знайшоў на лубках старадаўняй кнігі вершаваны ўрывак у 32 радкі. Гэтага было дастаткова, каб пачалася «ланцуговая рэакцыя», якая прывяла да стварэння ў кароткі тэрмін нацыянальнага гераічнага эпасу, — неўзабаве ён налічваў тысячу вершаваных радкоў. I не так тады важна было тое, што нават першапачатковыя 32 радкі, як пасля выявілася, зусім не былі старадаўнімі, што Вячаслаў Ганка, які следам за Ліндам апублікаваў некалькі гераічных паэм, проста падрабіў іх тэксты — справа была зроблена, «эпас» саслужыў сваю службу.
Багдановіч быў мастак, хавацца яму не было чаго. Ён верыў у магчымасць справы, распачатай ім, і не сумняваўся ў ажыццяўленні яе. Народнае — гэта аснова, гэта «дух» і «асаблівы склад». Не паўтараць народ, а ўзяць лепшае ад яго і аздобіць у формы, адпаведныя народнаму духу і складу. Даць энцыклапедыю народных, самабытна-нацыянальных уяўленняў аб свеце. I такім чынам далучыць народ да культуры. Узятае ад яго вярнуць яму.
Багдановіч бліскуча справіўся са сваёй задачай. Яго «Максім і Магдалена», «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык», «Страцім-лебедзь», «Як Базыль у паходзе канаў», «Скірпуся», не перастаючы быць арыгінальнымі тварэннямі Багдановічавага генія, нясуць у сабе ўсе прыкметы фальклорнага мыслення, у ачышчаным, скандэнсаваным выглядзе выяўляюць найвялікшую эстэтычную і этычную каштоўнасць народных поглядаў, выпрацаваных на працягу аж цэлых стагоддзяў.
Не трэба думаць, што шлях, на які скіроўваў Багдановіч паэзію, прызначаўся ёй толькі ў адным гэтым, народным рэчышчы, і тым больш на ўсе часы. Сам жа ён папярэджваў: «Намагаючыся зрабіць паэзію не толькі мовай, але і духам, складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала светавая (найчасцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісці поўным ходам».
«Памылка» Багдановіча была ў тым, што ён хацеў выправіць памылку самой гісторыі, якая не дала магчымасці нашаму народу стварыць сваю «Песню пра Раланда» ці «Песню Нібелунгаў», «Калевалу» ці «Эду». «Памылка» Багдановіча ў тым, што ён нейкім чынам паўтарыў «памылку» Пушкіна, які пасля «Яўгенія Анегіна» і «Барыса Гадунова» даў цыкл выдатных сваіх казак, пераклаў на рускую мову «Песні заходніх славян». Песні гэтыя, дарэчы, з’яўляюцца таленавітай падробкай Мерыме, які, трэба думаць, ведаў, хто і дзе мае патрэбу ў эпасе.
У «памылкі» Багдановіча, такім чынам, даволі даўняя гісторыя.
Незадоўга да смерці М. Забалоцкі працаваў над артыкулам, у якім выказваў неабходнасць па-літаратурнаму сістэматызаваць усё багацце рускіх былін, надаўшы ім сюжэтную цэласнасць, адкінуўшы ўсё другараднае, выпадковае, неістотнае. «…Аднак патрэба ў кампазіцыі, — піша ён, — непазбежна прымусіць адкінуць некаторыя трэцеступенныя сюжэты ці прыпісаць некаторыя дзеянні другім героям. Бянтэжыцца гэтага не трэба».
М. Забалоцкі зрабіў цудоўны вершаваны пераказ «Слова аб палку Ігаравым». Такую ж працу прарабіў на беларускай мове Янка Купала. Між іншым, і цікавасць Багдановіча да народнага эпасу і яго форм была творча зразумета Купалам, які напісаў сваю «Бандароўну», якраз кіруючыся прынцыпамі, якія спавядаў Багдановіч. Да новых форм рэвалюцыйна-канкрэтнага эпасу Купала ішоў дарогай Багдановіча. Абмінуць яе было цяжка.
I гэта яшчэ раз даказвае справядлівасць памкненняў нашага крытыка і паэта.