Усё гэта добра, скажуць нам, але нешта надта падазроным здаецца ваша імкненне зрабіць Багдановіча чалавекам, які ніколі не ведаў творчых паражэнняў і, тым больш, ніколі не памыляўся. Багдановіч — выдатны паэт, магчыма, нават геній, але ці азначае гэта, што ён быў застрахаваны ад памылак і няўдач?
Не, не азначае, адкажам мы.
Багдановіч, несумненна, як і ўсе, ведаў і горыч творчых паражэнняў, і пакутлівыя хваробы росту, а славутая музыкальнасць і гарманічнасць верша далася яму дарагой цаной: ён тварыў, вучачыся мове, і вывучаў мову, творачы. Ён жа быў і стваральнікам мовы — у такой ступені, як Купала і Колас. і разам з тым ён, як і яго паплечнікі, шмат у чым сёння траціць з выпадку ўсё той жа нераспрацаванасці тагачаснай літаратурнай мовы. Пра гэта аднойчы справядліва пісаў Янка Брыль. і «рацыяналізм» Багдановіча, яго ўстаноўка на «спакойную думу» там-сям згубна адбіліся на некаторых вершах, але што значаць усе гэтыя плямінкі ў параўнанні з жывой, рухомай, бясконца разнастайнай матэрыяй ягонага верша, з тым вышэйшым, прасветленым пачуццём і думкай-суладдзем, што пануе ў свеце ягонай паэзіі! Памылкі? У Багдановіча іх, дальбог, менш, чым нават прыпісвалася яму. Мы ведаем, які ён быў «дэкадэнт», ведаем, які ён быў «паэта чыстай красы». Багдановіча неяк заўсёды хацелі паставіць як бы збоч літаратуры і яе цэнтральнай плыні, а вось гэта і было памылкай, толькі не Багдановічавай, вядома. Больш цэнтральнай фігуры, чым Багдановіч, у нас не было. Па шырыні непасрэдна-творчага асваення нацыянальнай рэчаіснасці ён можа і ўступае, напрыклад, Купалу, але чым замяніць нам тое, што зрабіў Багдановіч як крытык і тэарэтык літаратуры, як эксперыментатар і перакладчык, наогул як асветнік у самым высакародным значэнні гэтага слова? Ды нават і зробленае Купалам і Коласам, як паэтамі, не вызначалася б так сёння ў сваіх контурах і межах, каб побач з імі не было Багдановіча з яго здольнасцю адною рысаю пазначыць і назваць тое, што ў іншых разрасталася ў цыклы і паэмы. Багдановіч, як ніхто, умеў «закрываць» адны тэмы і адкрываць другія. Ягоны заўсёдны лаканізм, ягоная здольнасць бачыць з’яву цалкам, у мастацкай і сацыяльнай перспектыве — вялікая заваёва нашай літаратуры і Багдановічаў запавет ёй.
Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, — тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету.
I такая ранняя смерць! Каб пражыў ён больш, хто ведае, чым маглі б мы быць сёння, працу колькіх людзей мог бы зрабіць ён адзін — спакойна, аберуч, з яснай галавой і шчырым сэрцам. Дзе сёння былі б яго ўзмыленыя, ускінутыя над роднай старонкай коні?
Яго няма — ляціць яго «Пагоня».
Няма чытача ў яго «Маладзіка», «Красавіка», «Шыпшыны», «Пярсцёнка» — ва ўсіх тых зборнікаў, якія паэт планаваў наперад, якія меўся напісаць. Іх ён не напісаў. Застаўся адзін «Вянок». Не старайцеся ўплятаць туды новыя кветкі: тыя, што там, ніколі не завянуць. Сплятайце свае вянкі. Не старайцеся адшчыкнуць хоць адзін лісток ад тых лаўраў: тыя лаўры, перш чым стаць імі, былі цернямі. Паглядзіце лепш наўкол сябе: красуе жыта, і красуюць у ім васількі. Віруе жыццё, і нараджаецца ў ім прыгажосць. Жыве паэзія. I вечна свеціць нам і вабіць сваёй загадкай.
…У далёкай Ялце на магіле Багдановіча цвітуць касачы.