У слаўнай плеядзе нашых класікаў Багдановіч — фігура самая складаная. I ў той жа час самая простая па закончанасці, пэўнасці сваёй «пісьменніцкай канструкцыі» — хочацца дадаць.
Супярэчнасці тут няма: прастата — адваротны бок складанасці. Няма такой складанасці, якая б не правяралася ці не імкнулася праверыць сябе прастатой.
Справа ў тым, што па складу свайго мыслення, па творчым тэмпераменце, па спосабу трансфармацыі думак і ўражанняў Багдановіч — класік, як ніхто з нашых класікаў. Прыблізна і груба кажучы, разуменне класічнага звязана ў першую чаргу не столькі з прызнаннем нарматыўнасці тых ці іншых эстэтычных з’яў (класічнымі ў гэтым сэнсе могуць быць любыя «ізмы»), а з характарам адносін мастака да рэчаіснасці, з вызначэннем ім ролі мастацтва ў жыцці чалавека і грамадства, са здатнасцю разумець мастацтва як сацыяльную, культурную і нацыянальную з’яву адначасова. Зразумела пасля гэтага, што класічнае ў поўным сэнсе гэтага слова — з’ява рэдкая і патрабуе для свайго ажыццяўлення пэўных як гістарычных, сацыяльных, так і чыста літаратурных умоў.
Мы пісалі ўжо аднойчы, што беларуская літаратура, з выпадку запозненасці свайго развіцця, даволі своеасабліва дэфармавала многія працэсы, уласцівыя станаўленню мастацкай думкі наогул. Не могучы цалкам абмінуць пэўныя раннія градацыі гэтай думкі, яна сінтэзавала іх з пазнейшымі, сінтэзавала адначасова, у кароткі гістарычны прамежак і нават у творчасці аднаго мастака. Мы дагэтуль спрачаемся, спрабуючы вызначыць, скажам, месца Дуніна-Марцінкевіча ў нашай літаратуры, стараючыся аддзяліць у яго творчасці сентыменталізм ад рамантызму, этнаграфізм ад рэалізму — столькі школ, напрамкаў, уплываў сышлося ў адным ім, Потым: суадносіны рамантычнага і рэалістычнага ў Купалавым творчым метадзе. Можна сказаць, што мы не мелі нейкага літаратурнага напрамку, школы ў «чыстым» выглядзе.
Станаўленне рэалістычнага метаду ў рускай літаратуры цалкам і непасрэдна звязваецца з іменем вялікага Пушкіна, які, паводле вядомага азначэння, для рускіх — «пачатак усіх пачаткаў». У нас, у найлепшы момант нашага літаратурнага развіцця, адначасова тварылі тры выдатныя паэты, ажыццявіўшы такім чынам паміж сабой як бы «падзел працы». «У сэнсе ўласна літаратурным гэта быў найвялікшы выйгрыш» — неяк ужо даводзілася пісаць нам пра гэта. (Няхай чытач прабачыць нам самацытату: самаплагіят без указання на яго — рэч таксама не вельмі добрая.) Багдановіч узяў на сябе тое, што не маглі ўзяць Купала і Колас. Яго задачай было ўзвесці дах над пабудованым імі домам літаратуры. I ажыццявіць прывязку гэтага дома на вуліцы літаратуры сусветнай.
Багдановіч здзейсніў гэта.
Багдановіч нёс у сабе і Коласа, і Купалу, гарманічна, класічна спалучаючы іх, і ў той жа час ён быў сам па сабе, ён быў Багдановіч.
А. Лойка ў сваёй кнізе пра паэта справядліва піша пра найгалоўнейшую асаблівасць Багдановіча як лірыка. Ён піша, што паэт як асоба ў лірыцы Багдановіча пачаў праяўляцца значна раней, чым у творчасці Купалы ці Коласа. У Багдановіча выказаны па-іншаму «ўзаемаадносіны народа і асобы паэта». Мы можам зразумець гэта, улічваючы хаця б ранейшае наша сцвярджэнне, што Багдановіч да нацыянальнага, свайго ішоў ад агульначалавечага. Тут выказаўся яго асабісты лёс як беларускага паэта і высокі інтэлектуальны ўзровень яго таленту наогул.
Зразумець трэба і яшчэ адно. Характар выяўлення асобы ў лірыцы Багдановіча пераважна аналітычны. Пры гэтым сацыяльны аналіз спалучаны ў яго з аналізам маральна-эстэтычным. Багдановіч бярэ сучаснага яму чалавека цалкам, ва ўсіх даступных яму вымярэннях. Такім чынам Багдановіч дасягае гарманічнасці ў паказе з’яў жыцця. З гэтай прычыны і ў першую чаргу ў сваёй творчасці ён класік, бо выяўляе класічны тып адносін мастака да рэчаіснасці. Колас пераважна эпік, Купала — лірык. (Цікава, між іншым, што ў лірыцы Колас, як ні дзіўна гэта, быў больш «асабісты», чым Купала, — не ў сэнсе сілы непасрэдна лірычнага пачуцця, а ў значэнні сузіральнага адасаблення ад прадмета выяўлення.) У Багдановіча ніводная са шматлікіх вартасцей ягонага таленту не пераважае над другой, і, нягледзячы на гэта, мы маем па-мастацку закончаную, выразную творчую індывідуальнасць. Многаснае, стракатае Багдановіч сінтэзаваў менавіта класічна.
Лепш зразумець паэта паможа нам «тэхналогія» яго творчасці, само стаўленне яго да мастацтва, вызначэнне ім ролі мастацтва ў жыцці чалавека і грамадства. Багдановіч быў якраз з тых творцаў, што пастаянна думаюць не толькі над «дзіцячымі пытаннямі» быцця — чаму і навошта? — але і не могуць не думаць аб правамернасці, «законнасці» ці «незаконнасці» і самога мастацкага таленту, стараючыся спасцігнуць ягоную прыроду.
Творчасць Багдановіча дае багаты матэрыял для выяўлення ягоных поглядаў на мастацтва. Станаўленне новай беларускай літаратуры, у якім так зацікаўлены быў паэт, і непазбежна прымушала яго звяртацца да асноўных пытанняў эстэтыкі, лічыць распрацоўку іх самай неадкладнай справай. Трэба заўважыць пры гэтым, што тэзіс аб грамадскім прызначэнні мастацтва прымаўся Багдановічам адразу, ён быў як бы па-за спрэчкай: вось чаму Багдановіч найчасцей скіроўвае сваю ўвагу на іншыя бакі праблемы, звязаныя з вызначэннем мастацтва як спецыфічнага роду чалавечай дзейнасці, як асаблівай формы адлюстравання рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. I тут, прымаючы гэты аспект, Багдановіч выразна праводзіць тэзіс аб першаснасці жыцця ў адносінах да мастацтва. Толькі робіць гэта ён па-свойму.
Яго цікавіць у першую чаргу асоба мастака як інструмент творчасці, як засяродак паэтычнай свядомасці: мастацтва для яго — тая духоўная арэна, на якой вырашаюцца і асэнсоўваюцца трагедыі жыцця.
I ў самім працэсе творчасці Багдановіч перш за ўсё бачыць, выдзяляе трагічны пачатак. Мастацтва патрабуе ахвяр — вось што хоча сказаць Багдановіч. Паэт творыць красу, іменна творыць, а не бяздумна трансфармуе яе, узятую ад жыцця, у вершы. Прыгожае, вядома, — жыццё, але ж у жыцця і ў мастацтва свае формы, якія не заўсёды супадаюць. I вось чаму жыццё для паэта часта можа здавацца «грубым».
Калі ў ракавіну цёмнаю жамчужніцы
Упадзе пясчынка хоць адна, —
Жомчугам патрохі робіцца яна!
Калі ў дух мой западзе і заварушыцца
Там кавалак грубага жыцця, —
Ў жомчуг звернецца ён сілай пачуцця!
Багдановіч не аднойчы падкрэслівае гэтую думку. У жыцці нараджаюцца песні «ціхія» і «цёмныя, як вугаль чорны», але зноў жа толькі пачуццё, толькі думка здольныя ўзняць іх на вышыню мастацтва, надаць ім эстэтычную каштоўнасць, выкрасаць «іскры з халодных каменняў».
Але ўсё ж яны засвецяць, калі я ў агні мучэння
Іх разжару, распалю…
I тут пачынае ўжо гучаць матыў ахвярнасці мастацтва. У адным з вершаў выказаны ён і больш пэўна, больш катэгарычна. Гэта верш пра матылька, прывабленага з імглы агнём, — даволі празрысты сімвал «шукальніка красы»:
Ён рынуўся туды без волі
I смерць сваю спаткаў у ём.
Свяча гарыць. З яе ліецца
За кропляй кропля, як раса,
А матылёк ужо не б’ецца:
Табе ахвяра ён, краса!
Думка Багдановіча прыгожая ў сваёй паслядоўнасці, але мы недаравальна збеднілі б яе, каб знайшлі ў Багдановіча толькі гэта: чытачу мы так ці інакш далі б магчымасць думаць, што паэт бачыць у мастаку нешта накшталт зацятага і змрочнага аскета, які ў парыве пагардлівай самаахвярнасці нішчыць «кавалкі грубага жыцця», таго жыцця, над якім ён узнесены мастацтвам. Лагічна разважаючы, такая думка Багдановіча ў канчатковым выглядзе будзе нясцерпна рацыяналістычнай думкай. I той, хто хоць збольшага ведае творчасць Багдановіча, хто хоць аднойчы адчуў яе дух, не пагодзіцца з такой думкай. I — справядліва!
Справа ў тым, што такая думка — не ўся Багдановічава думка. Сіла Багдановіча як паэта і мысліцеля ў тым, што ён заўсёды засцерагаецца адназначных рашэнняў, што прадмет, з’яву разглядае ён усебакова, у дыялектычнай узаемаабумоўленасці і супярэчнасці. Думаеце, сам Багдановіч не адчувае, што вось так, у сэнсе алімпійскай ролі мастацтва, можна вытлумачыць яго тэзіс аб «грубасці жыцця» і аб «жамчужных» россыпах паэзіі? Вельмі нават адчувае, бо тут жа, палемічна абвастраючы, знарок агрубляючы сваю думку, аддаючы яе сваім магчымым праціўнікам як зброю супраць сябе, у другім вершы піша:
Вы кажаце мне, што душа у паэта,
Калі спараджае ён дзіўныя вершы,
Нябесным агнём абагрэта,
I ў час той між люду ён — першы…
Ах дзякуй вам, дзякуй на гэтай прамове;
Душа мая, пэўна, шчаслівай была бы,
Калі б я не ведаў, панове,
Што пекна спяваюць і жабы.
Што хоча сказаць гэтым Багдановіч? А. Лойка зазначае: «I ў гэтым было прызнанне творчага працэсу такой жа звычайнай з’явай, як і крэкт жаб». Праўда, даследчык не абмяжоўвае змест паэтавага верша толькі гэтым і гаворыць, што формулу «пекна спяваюць і жабы» растлумачыць «у адрыве ад усёй сістэмы эстэтычных прынцыпаў Багдановіча наўрад ці можна». Сцвярджэнне слушнае, і калі А. Лойка пераходзіць да канкрэтнага аналізу ўяўлення паэта пра мастацтва, грунтуючыся пераважна на «Апокрыфе» і «Апавяданні аб іконніку і залатару…», мы іначай як без ухвалы не можам сустрэць гэта. Канкрэтны змест гэтых рэчаў інтэрпрэтаваны дасціпна і тонка, хоць, папраўдзе, трохі і адарвана ад першапачатковай пасылкі. Тым больш нас здзіўляе, што пасля даволі доўгіх разважанняў А. Лойка канчае тым жа, з чаго пачаў, як бы забыўшыся пра тыя дадатковыя нюансы паэтавай формулы, дзеля якіх і быў распачаты разгляд «усёй сістэмы эстэтычных прынцыпаў Багдановіча». Даследчык робіць выснову: «Жыццё для Багдановіча заўсёды было першаснай з’явай, мастацтва — другаснай. Прыгожае ў жыцці, прыгожае — жыццё. Пагэтаму і сказаў Багдановіч, што „пекна спяваюць і жабы“».
Вядома, мы згодны з А. Лойкам і наконт «першаснасці» жыцця, і наконт «другаснасці» мастацтва, і наконт таго, што прыгожае — гэта жыццё, але ж не гэта, зусім не гэта хацеў сказаць сваім вершам Багдановіч, і ўжо зусім не тое, што даследчык называе «прызнаннем творчага працэсу такой жа звычайнай з’явай, як і крэкт жаб». Зусім наадварот, нам думаецца: Багдановіч якраз хацеў сказаць, што «творчы працэс» — гэта не тое, што «крэкт жаб». Мы не іранізуем: запэўняем чытача, што ўсведамляе Багдановічаву алегорыю, толькі не хочам, каб яна разумелася надта шырока.
Проста нам трэба ўважліва прачытаць Багдановічаў верш і па магчымасці паставіць яго ў сувязь з іншымі вершамі, прысвечанымі мастацтву. I тады мы заўважым вось што. Мы заўважым інтанацыю, з якой Багдановіч гаворыць пра гэты «крэкт жаб». Багдановіч гаворыць, што душа яго «пэўна, шчаслівай была бы», каб ён не ведаў пра ўсё тое ж «пекнае спяванне жаб». Не прыроўнівае паэт «творчы працэс» да гэтага спявання, а, наадварот, абражаецца магчымасцю такога параўнання, абражаецца як мастак, што глядзіць на творчасць як на свядомы працэс, на працэс, які патрабуе агромністага выдаткавання пачуццяў і думкі. Бо «кавалак грубага жыцця» ператвараецца ў «жомчуг» усё той жа сілай усвядомленага пачуцця, бо песні засвецяць, калі распаляцца ў «агні мучэння». Вось чаму паэта бянтэжыць, не дае яму спакою гэты неўсвядомлены, інстынктыўны, але прыгожы «крэкт жаб». I справа, такім чынам, не ў абстрактна-сузіральным сцвярджэнні «прыгажосці», «мастацкасці» жыцця, а ў драматычна ўсвядомленым творчым акце. Далёкі, неадчэпны цень Сальеры бачыцца паэту і тут, і тут прысутнічае даўняя думка паэта пра свядомае і падсвядомае ў творчым працэсе, зноў і зноў абражаецца Багдановіч «гуляками праздными» і «птичками божьими» ў мастацтве, зноў яго здаровы, «рацыяналістычны» дух паўстае супроць боскага наслання і ўсялякай містыкі ў творчым акце.
Каштоўнасць Багдановічавых вершаў аб мастацтве не ў дэкларацыях, а ў драматычным, глыбока чалавечным і як бы асабістым спасціжэнні прыроды красы. Драматызм — як у ахвярнасці мастацтва, так і ў непазбежнасці яго саперніцтва з жыццём, з прыродай, з «пекным спяваннем жаб». Драматызм яшчэ і ў тым, што не заўсёды гэта саперніцтва заканчваецца перамогай мастацтва. Багдановіч, як сумленны мысліцель і мастак, не можа не паказаць на магчымасць такога зыходу, ён, напрыклад, так піша пра «срэбныя цвяты», якія ўзрасціў на шкле мароз:
Ім, бледным, мёртвым, не збудзіць
Былога пачуцця,
Як не змагу яго збудзіць
Халодным вершам я.
Толькі не трэба, вядома, шчырае і горкае паэтава прызнанне прымаць за расчараванне ў магчымасцях мастацтва наогул.
Неўсвядомленай, інтуітыўнай творчасці прыроды чалавек-творца павінен супрацьпаставіць свядомы пачатак. Так добра вядомыя тэзісы аб «нераптоўнасці» ў творчасці, аб «спакойнай думе», аб метэоры, які крэсліць у небе бліскучую дугу, а ў «глыбіні халодным застаецца», так добра вядомы Багдановічаў культ майстэрства — гэта не толькі яго індывідуальна-творчае крэда, гэта вынік філасофскага спасціжэння ім карэнных праблем мастацкай эстэтыкі.
Багдановіч-тэарэтык і Багдановіч-паэт ідуць усюды поруч. Яму, патрабавальнаму майстру, здаецца, што ступень майстэрства таго ці іншага твора можа быць вызначана з дапамогай адпаведным чынам распрацаванай матэматычнай шкалы. Мы не ведаем дакладна, які канкрэтны прынцып хацеў пакласці Багдановіч у аснову сваёй шкалы: думка паэта перадаецца ягонымі сучаснікамі даволі спрошчана — можа хаця б таму, што ў той «ідэалістычны» перыяд нашай літаратуры, на тым узроўні літаратурнай тэорыі гэты матэматычны прынцып Багдановіча ў дачыненні да мастацтва выглядаў проста дзівацтвам. Успомнім, што прыкладна ў гэты час у Расіі Брусаў з палемічным запалам прапагандаваў ідэі так званай «навуковай паэзіі», заснавальнікам якой лічыўся Рэнэ Гіль, прапагандаваў не сказаць каб паспяхова, бо гэтая школа нават на радзіме яе творцы, у Францыі, таксама не шмат мела прыхільнікаў. Нагадваючы пра «навуковую паэзію», мы ніякім чынам не хочам паставіць пошукі Багдановіча ў залежнасць ад яе. Рэчы гэта зусім розныя. Там былі пошукі паэтаў у галіне матэрыялу самой паэзіі, у Багдановіча — пошукі паэта ў галіне навукі аб вершы. Кажучы мовай сучаснага літаратуразнаўства і лінгвістыкі, Багдановіч падступаўся да структуральнага аналізу мастацкай сістэмы верша, таго аналізу, які немагчымы без прымянення матэматычных метадаў апісання і аналізу. Тое, што магло здавацца дзівацтвам некалі, стала сёння нормай у пэўнай галіне літаратуразнаўчай тэорыі.
Справядліва думаць, што цэнтр усялякіх эстэтычных пошукаў ляжыць у вырашэнні кардынальнага пытання эстэтыкі — адносін мастацтва да жыцця. Толькі недаравальна абмяжоўваць думку Багдановіча адным прызнаннем эстэтычнай прыдатнасці гэтага жыцця (маўляў, прыгожае — у жыцці, прыгожае — жыццё). Для Багдановіча гэта было само па сабе зразумелае. Таму, дарэчы, ён не асабліва і акцэнтаваў сваю думку на такім, даволі агульным вырашэнні пытання, на вырашэнні, якое б задаволіла «чыстага» філосафа, але толькі не філосафа-мастака, якім быў Багдановіч. Прыгожае ў яго жыццёвай функцыі — вось што пастаянна турбуе Багдановіча. Чым павінна быць мастацтва — сродкам ці мэтай? Калі сродкам, то ці павінен паэт цалкам залежыць ад спажыўца? Калі мэтай, то хто павінен быць суддзёй паэту? Багдановіч рашуча стаіць за самавызначэнне мастацтва — не ў сэнсе ягонай адарванасці ад жыцця і самамэтнасці, а ў сэнсе прызнання своеасаблівасці ягонай ролі ў жыцці чалавека. Каб быць карысным, мастацтва павінна адпавядаць пэўным эстэтычным нормам, але вось бяда: гэтыя нормы не заўсёды, як мы ведаем, супадаюць з нормамі жывога, непасрэднага жыцця. Вось чаму паэт не застрахаваны ад несправядлівага суда, вось чаму ён можа сумнявацца ў сваім прызначэнні як мастака наогул. Ці патрэбна каму яго мастацтва? Дастаеўскі неяк пісаў: «Нават у Пушкіна была гэтая рыса: вялікі паэт не аднойчы саромеўся таго, што ён толькі паэт. Магчыма, гэтая рыса сустракаецца і ў другіх народнасцях, але, аднак, наўрад. Наўрад, прынамсі, у такой ступені, як у нас. Там ад даўняй звычкі да справы ўсіх і кожнага паспелі рассартавацца заняткі і значэнні людзей, і амаль кожны там ведае, разумее і паважае сябе — і ў сваім занятку, і ў сваім значэнні. У нас жа… трошкі іначай. Затоеная глыбокая ўнутраная непавага да сябе не мінае нават такіх людзей, як Пушкін і Граноўскі». Прыгадваеце, гэта нешта падобнае на думку Чарнышэўскага аб «падзеле працы» ў грамадстве, аб тым, што ў маладым грамадстве літаратура не можа быць толькі літаратурай, Пушкіну сорамна, што ён «толькі паэт», хоць, вядома, толькі паэтам ён не быў. Хоць і заяўляў, што паэт народжаны «не для житейского волненья, не для корысти, не для битв». Але ж гэта было зразумелай рэакцыяй на тыя пачварныя формы залежнасці паэта ад грамадства, якія часта выпрацоўвае жыццё. I Багдановічу было сорамна, што ён паэт. У «Апокрыфе» музыка кажа Хрысту: «…сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца каля яе; адзін я нікчэмны чалавек». I Багдановіч, як і Пушкін, у іншыя хвіліны горача і страсна абараняе сваё права на званне мастака. Хрыстос адказвае музыку: «Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: вось надойдзе да яго (селяніна. — М. С.) гадзіна горычы — і чым ён разважыць смутак свой, апроч песні тваёй? Таксама і ў дзень радасці ён прызавець цябе». I яшчэ вось такія словы ёсць у «Апокрыфе»: «Я ж гавару вам: добра быць коласам; але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»
Васілёк і каласы, прыгожае і карыснае, узрошчаны на адной ніве. Такая выпакутаваная, а таму простая Багдановічава выснова.
«Радзімай васілька» назаве Багдановіч сваю старонку — Беларусь. Ён хацеў сказаць, што гэта тая зямля, якая нараджае паэтаў.