Адам Ягоравіч пісаў успаміны пра сына праз шэсць год пасля ягонай смерці. Прасілі аб тым з Мінска. Падобна на тое, што Адам Ягоравіч быў здзіўлены. Значыцца, там, у Мінску, надаюць надзвычайнае значэнне сынавай працы, магчыма, нават лічаць яго класікам. Хто-хто, а ён, Адам Ягоравіч, у бібліятэцы якога «было ўсё, што было лепшага ў свеце, і нічога пошлага» (так ён пісаў сам і, магчыма, трохі перабіраў меру, як зазначаў з гэтага выпадку акадэмік і. Замоцін), хто-хто, а ён добра ведае, што такое класік.
Лёгкая, але ўсё-ткі адчувальная крыўда прабіваецца ва ўспамінах Адама Ягоравіча. Крыўда на сына? Не, хутчэй зайздрасць. I крыўда на свой лёс. Але ці не здаецца нам гэта, ці былі падставы да такой крыўды?
У Адама Ягоравіча даўно ўжо былі парваны амаль усялякія зносіны з Беларуссю. Ён памятаў, вядома, што на гродзенскіх могілках спачывала яго першая жонка, Максімава маці. Памерла яна ў 1896 годзе. У тым жа годзе Адам Ягоравіч разам з сям’ёй пераехаў у Ніжні Ноўгарад. «Над магілай было даручана апекаваць маім сябрам, але нікога з іх у Гродна ўжо няма». Сам Адам Ягоравіч у Гродна ніколі больш не быў.
Але ён памятаў не толькі гэта. Ён не мог не ўспомніць, што некалі сам напісаў брашуру пад навукова бясстраснай і адначасова грунтоўнай назвай «Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў». Гэта была добрая кніжка, самастойная і змястоўная, напісаная з пазіцый, якія тады, як і цяпер, не маглі не лічыцца прагрэсіўнымі. На кнігу звярнулі ўвагу буйныя польскія і рускія фалькларысты, прадракаючы аўтару зайздросную навуковую будучыню… А гэта ж быў, па сутнасці, толькі дэбют.
Што ж сталася потым, як сталася так, што А. Я. Багдановіча-вучонага мы адкрываем для сябе толькі цяпер, і то як бы ўскосна: зразумела кожнаму, што адной з не апошніх прычын нашай цікавасці да яго ёсць тая, што ён бацька паэта Максіма Багдановіча.
Адказаць на гэта пытанне не так проста. Не проста было разабрацца ў сваім лёсе і самому Адаму Ягоравічу, прынамсі, у той дзень, калі ён атрымаў з Мінска ліст, дзе была выкладзена просьба напісаць успаміны аб сыне.
Мы пішам не навуковую працу пра А. Я. Багдановіча. Агаворымся адразу, што і яго навуковыя памкненні, і яго жыццё цікавяць нас толькі ў сувязі з жыццём і творчасцю яго сына. Гэта — не жорсткасць. Гэта толькі спецыфіка ўзятай намі на сябе задачы. Вось чаму нас будуць цікавіць найбольш тыя моманты, якія наўрад ці знайшлі б месца ў акадэмічна вытрыманым даследаванні. Моманты гэтыя — псіхалагічныя. Інакш, больш агульна і шырока, гэта трэба было б назваць праекцыяй лёсу чалавека, асабістага і грамадскага, на тое, што завецца гісторыяй.
Была іронія гісторыі, іронія ўласнага лёсу ў тым, што, магчыма, не здолеў да канца зразумець Адам Ягоравіч. Іронію, праўда, ён адчуў і выказаў гэта так: «Якая неадпаведнасць у тым, што не ён пра мяне, а я пра яго павінен пісаць успаміны». Толькі справа тут не толькі ў тым, што бацька перажыў сына, хоць Адам Ягоравіч піша як быццам пра гэта.
Не, сапраўды: якая трагічная неадпаведнасць! Проста вучоны, непрызнаны вучоны А. Я. Багдановіч павінен пісаць успаміны пра свайго сына, найвыдатнейшага беларускага паэта, якому, калі ён памёр, не было нават 27 год. Проста вучоны, непрызнаны вучоны А. Я. Багдановіч пазней піша ўспаміны пра вялікага рускага пісьменніка Горкага, успаміны, якія праз многа год упершыню будуць выдадзены ў Беларусі, на яго і на сынавай радзіме.
Як бы ні аддаляўся Адам Ягоравіч ад радзімы, здзеклівы лёс прыводзіў яго толькі сюды.
Не мы судзім за нешта Адама Ягоравіча, судзіць гісторыя, судзіць і шмат што даруе радзіма, бо яна бачыць: тут трагедыя, і трагедыя не аднаго толькі Адама Ягоравіча. Гэта трагедыя часу. Максім Багдановіч апярэджваў час, і ён перамог. Адам Ягоравіч можа перамагчы, і то толькі часткова, дзякуючы сыну.
Лёс кідаў Адама Ягоравіча з аднаго расійскага горада ў другі, ён стараўся і нідзе не здолеў пусціць глыбока карэнні. Чаму не вярнуўся ён на Беларусь? Магчыма, ён думаў, што як вучоны ён зможа працаваць усюды. Ён пачынаў як этнограф, пачынаў у той час, калі гэта навука менавіта на беларускім матэрыяле дасягнула, бадай, самых бліскучых сваіх вышынь. Беларускі матэрыял натхняў Шпілеўскага, Пыпіна, Карскага, Раманава, Нікіфароўскага, Насовіча, Доўнар-Запольскага. Найбольшая этнаграфічная цікавасць да «беларушчыны» прыпадае на 70—90-я гады. Пазней яна паступова глухне. Гэта натуральна. Былі на тое розныя прычыны, сярод якіх не апошняя самая звычайная: беларуская праблема амаль вычарпала сябе сродкамі этнаграфічнымі. Тэзіс Дабралюбава — «паглядзім, што скажуць самі беларусы», — пачаў уладна рэалізавацца жыццём. Гэта быў ужо другі, уласна беларускі этап праблемы. Адам Ягоравіч не здолеў звязаць сябе з ім. Магчыма, ён проста недаацаніў яго. Справа тут тычыцца ўжо светапогляду.
А. Я. Багдановіч як вучоны, хоць і вучоны-самавук, належыць усё ж да дарэвалюцыйнай навуковай этнаграфічнай школы, якая, прызнаючы несумненную таленавітасць беларускага народа, яго самабытнасць, самабытнасць форм яго жыцця ў мінулым, часта разам з тым сумнявалася ў яго здатнасці да будучага самастойнага нацыянальнага жыцця. Як вучоныя, як аб’ектыўныя, добрасумленныя вучоныя, мы пасведчылі тое, што было і што ёсць, — што будзе далей, нас не датычыць. Што ж, «чыстая, аб’ектыўная» навука заўсёды гаворыць так. «Чыстая» навука заўсёды ў дастатковай ступені касмапалітычная (гэта ў лепшым выпадку), у горшым выпадку яна можа абаперціся і на шавінізм. Навука сапраўды дэмакратычная выключае тое і другое. Дабралюбаў зазначаў: паглядзім, што скажуць самі беларусы. Ад сябе зазначым, што гэта было сказана трошкі раней, чым у дзевяностыя гады. Чарнышэўскі рашуча абвяргаў навуковы касмапалітызм. Пры гэтым ён кіраваўся не абстрактнай ідэяй (з пункту гледжання абстрактнай ідэі мы павінны прызнаць касмапалітызм навукі і заканамерным і неабходным), а зыходзіў з канкрэтных гістарычных умоў, з ідэі служэння навукі грамадству. Ход думкі Чарнышэўскага надзвычай цікавы, і мы не можам адмовіць сабе ў задавальненні прасачыць яго. Тым больш, што гэта мае да нашай гаворкі самае непасрэднае дачыненне.
Касмапалітызму ў навуцы і ў мастацтве Чарнышэўскі супрацьпастаўляе паняцце патрыятызму, заўважаючы тым часам, што, як усе высокія словы, слова гэтае іншы раз ужываецца нядобрасумленнымі людзьмі для азначэння рэчаў, якія нічога не маюць агульнага з сапраўдным патрыятызмам — гэтым страсным, бязмежным хаценнем дабра радзіме, гэтым пачуццём, якое здольна надаць сэнс і накіраваць усю дзейнасць чалавека. У «нарысах гогалеўскага перыяду рускай літаратуры» Чарнышэўскі піша: «Разумеючы патрыятызм у гэтым адзіна правільным сэнсе, мы заўважаем, што лёс Расіі ў адносінах да задушэўных пачуццяў, што кіруюць дзейнасцю людзей, якімі наша радзіма можа ганарыцца, дагэтуль адрозніваўся ад таго, што ўяўляе гісторыя многіх іншых краін. Многія з вялікіх людзей Германіі, Францыі, Англіі здабываюць сабе славу, імкнучыся да мэт, якія не маюць прамой сувязі з дабротамі радзімы… Бэкан, Дэкарт, Галілей, Лейбніц, Ньютан, цяпер Гумбальд і Лібіх, Кюўе і Фарадэ працавалі і працуюць, думаючы пра карысць навукі наогул, а не пра тое, што ў гэты момант трэба на карысць пэўнай краіны, якая з’яўляецца іх радзімай… Яны, як дзеячы разумовага свету, касмапаліты. Тое ж трэба сказаць пра шмат якіх вялікіх паэтаў Заходняй Еўропы». «У нас не тое», — піша Чарнышэўскі і, называючы імёны Ламаносава, Дзяржавіна, Карамзіна, Пушкіна, гаворыць, што гэтыя людзі лічацца вялікімі па прычыне сваіх заслуг перад радзімай, бо «зрабілі вялікія паслугі асвеце і эстэтычнаму выхаванню свайго народа». Вядома, Чарнышэўскі далёкі ад думкі, каб такім чынам сцвердзіць «перавагу» рускай навукі ці мастацтва над навукай і мастацтвам заходнееўрапейскім. Гэта было б падобна на «квасны патрыятызм», а ў такіх грахах мы, пры ўсім жаданні, ніяк не змаглі б абвінаваціць Чарнышэўскага. Патрыятызм — жывое патрабаванне, жывы змест пэўнага гістарычнага моманту, а вялікі рэвалюцыйны дэмакрат, як ніхто пасля Бялінскага, разумеў, што служыць вечнасці і абсалюту можна толькі праз служэнне свайму часу. I для Расіі ён лічыць жаданай тую пару, калі з’явяцца ў ёй, як у іншых народаў, «мысліцелі і мастакі, якія дзейнічаюць чыста толькі ў інтарэсах навукі або мастацтва». А пакуль… пакуль гэта прывілея найбольш развітых у грамадскім, мастацкім і палітычным сэнсе краін, дзе існуе, як кажа Чарнышэўскі, «падзел працы паміж рознымі галінамі разумовай дзейнасці, з якіх у нас вядомая толькі адна — літаратура».
Няцяжка здагадацца, што ў паняцце «разумовай дзейнасці» Чарнышэўскі ўключаў больш, чым азначалі гэтыя словы: ён гаварыў пра адсутнасць свабоды выказвання думкі, пра адсутнасць дэмакратычных форм грамадскага жыцця: вось чаму літаратура павінна была браць на сябе тыя функцыі, якія не маглі ўзяць на сябе ні грамадскія інстытуты (іх проста не было), ні нават навука.
«Чыстая» навука, якая гаварыла пра Беларусь (дзякуй ёй за тое, што гаварыла, бо ў саміх нас не было тады каму гаварыць), вычарпала сябе якраз у той момант, калі загаварылі самі беларусы, калі жывой, дзейснай сілай стаў менавіта патрыятызм, «мясцовы», нацыянальны патрыятызм.
Этап Адама Багдановіча скончыўся, пачынаўся этап Максіма Багдановіча. Гэта мы разумеем сёння. Але ці разумеў гэта Адам Ягоравіч? Ці разумеў ён, што тут заканамерны працяг таго, да чаго ён воляю лёсу як вучоны быў далучаны на нейкі кароткі, можа самы шчаслівы ў сваім жыцці момант?
Не, навука не скасоўвалася, проста цяпер мелася патрэба ў грамадска і нацыянальна зацікаўленай навуцы. Яшчэ большая патрэба была ў паэтах — непасрэдных выказніках народных дум. Максім Багдановіч мусіў быць і вучоным, і публіцыстам, і крытыкам — і ўсё толькі таму, што ён быў паэтам. Як тут зноў не ўспомніць Чарнышэўскага!
Ранняга, даўняга Адама Багдановіча вяртаем мы сёння Беларусі дзеля яго самога. Адаму Багдановічу, лёс якога як вучонага ў больш позні час склаўся няўдала (не будзем гаварыць па чыёй — яго ці каго іншага — віне), мы можам толькі спачуваць.
Адам Ягоравіч быў таленавіты чалавек. Варта прачытаць яго ўспаміны, асабліва тыя старонкі з іх, дзе расказана пра дзяцінства, пра цяжкі шлях у навуку, каб пераканацца, што наш субяседнік — асоба, да якой наўрад ці падыдзеш з сярэдняй чалавечай меркай. Гаворым не пра Адама Ягоравіча — вучонага і перакананага, заўсёднага энтузіяста грамадскай справы, гаворым пра яго магчымасці менавіта як асобы, пра тыя шчаслівыя рысы характару, пэўнасць і жывасць якіх дае нам у канчатковым выніку адчувальны вобраз таленту.
Адама Багдановіча — вучонага яшчэ няма, ёсць надзвычай цікаўлівы, па-вясковаму кемлівы хлапчук, душа якога з непатольнай прагавітасцю ўбірае ў сябе паэтычныя і сумныя з’явішчы жыцця, прасякаецца трапяткім токам народнай гаворкі, народнай песні і казкі. I пры ўсім гэтым — здаровая, учэпістая памяць на дэталі побыту, пры ўсім гэтым здаровы сялянскі практыцызм, не ў сэнсе яго жыццёвай, прыкладной функцыі, а ў сэнсе самой здольнасці вызначаць і пазнаваць з’яву ў яе жыццёва-лагічнай абумоўленасці.
Старонкі, прысвечаныя вясковаму дзяцінству вучонага, бадай, лепшыя ва ўспамінах і, бадай, найцікавейшыя для нас. Адам Ягоравіч пісаў свае ўспаміны па-руску, аднак там, дзе глыбока самабытныя з’явы і паняцці беларускага вясковага жыцця выходзілі за межы рускай моўнай стыхіі, карыстаўся мовай беларускай. Па-беларуску, між іншым, пададзена ўсюды гаворка бабкі Рузалі, жанчыны з характарам моцным і дзейсным, нястомнай працаўніцы, знахаркі, казачніцы і пяюхі. I якая гэта гаворка! Колькі ў ёй каларыту і колькі зграбнай выяўленчай сілы!
I няблага, тым часам, ведаў родную мову Адам Ягоравіч, калі здолеў усё гэта захаваць у сабе, а потым і нам, чытачам, перадаць, Што ж, дарэчы, датычыць яго рускай мовы, дык яна, шчыра кажучы, не вызначаецца якімі-небудзь асаблівымі вартасцямі, а наадварот, адчуваюцца ў ёй тыя залішнія правільнасць, закругленасць і грунтоўнасць, якія адразу выдаюць пераважна кніжнае веданне мовы. Між іншым, рускай мове нават самога Максіма Багдановіча ўласцівы амаль тыя ж недахопы — факт, які лішні раз пацвярджае тую простую ісціну, што мова, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і з’ява псіхалагічная.
У Адама Ягоравіча было цяжкае дзяцінства. Бацька ягоны не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць з няпэўных і непастаянных заробкаў, на ўсім купленым. Пастаянны, гнятлівы клопат — дзе, як дастаць капейку, каб купіць бульбы, мукі, алею і нават… лучыны. «Думаць, гэта думаць, — бедавала бабка Рузаля, — руб сем грывен аржаная мука стала!»
У сям’і Багдановічаў было даволі своеасаблівае становішча: сям’я залежала ад вёскі і ў той час як бы і не залежала, яе эканамічныя, маральныя сувязі з вёскай вызначаліся даволі высокай рухомасцю, што асабліва важна, калі мець на ўвазе далейшы лёс Адама Ягоравіча. Гаспадаром яму наўрад ці можна было стаць: усё паказвала на тое, каб шукаць нейкай іншай дарогі ў жыццё, нейкай спецыяльнасці, а гэта, у сваю чаргу, магло здзейсніцца праз тую ці іншую навуку.
З другога боку (адзначым і гэта), менавіта тут, у вёсцы, і менавіта з выпадку асаблівага становішча сям’і Адам Ягоравіч меў больш чым дастаткова ўражанняў і нагляданняў таго парадку, які пазней склаўся ў сістэму своеасабліва асэнсаваных адносін да народнага вясковага жыцця. Тут, у вёсцы, адбылося, па сутнасці, нараджэнне Багдановіча-этнографа.
Значыцца, так: Адам Ягоравіч ідзе ў навуку. Праз многа год, аглядаючыся ў думках на той дзень, калі ён упершыню пераступіў школьны парог, Адам Ягоравіч напіша: «Гэта быў год маёй асуджанасці на цяжкую працу, працу нястомную і бясконцую, з недасяжнай мэтай — абняць неабдымнае, і прытым з непрыдатнымі сродкамі». Адчуваеце вы ў гэтых словах і шкадаванне, і крыўду, і горкае пасміханне з самога сябе? Адчуваеце? Тады слухайце далей: «…I каб я ведаў, чым гэта пахне і да якіх павядзе мяне вынікаў, то, бадай, не бег бы, падскакваючы, калі мяне вёў бацька ў школу, і не трапятаў бы ад радасці і страху, звычайных перад рызыкоўнай барацьбой, у якой можна і перамагчы, але і пацярпець жорсткае паражэнне». Якая сумная, трагічная выснова! I гэта гаворыць чалавек, для якога навука праз усё жыццё была ўсім, якой ён быў абавязаны не толькі кавалкам хлеба, не толькі месцам у грамадстве, але, самае галоўнае, магчымасцю і здольнасцю адчуваць сябе чалавекам, здольнасцю пазнання і магчымасцю задавальнення ад яго. Якой жа дарагой цаной куплена было Адамам Ягоравічам гэтае пазнанне, колькі, трэба думаць, расчараванняў прынесла яно яму, калі з-пад ягонага пяра выходзяць такія балючыя, амаль знішчальныя словы!
Ёсць нейкая трагічная заканамернасць у лёсе Адама Ягоравіча. Як назваць, як растлумачыць яе? Чэхаву належаць словы пра тое, што дваране бралі дармова ад прыроды тое, што разначынцы купляюць цаной маладосці. Дзед Чэхава быў прыгонны, Адам Ягоравіч нарадзіўся праз нейкі год пасля таго, як яго бацька перастаў быць прыгонным. Чэхаў пісаў пра чалавека, які цаной неймаверных намаганняў змушаны быў «выціскаць з сябе па кроплі раба». Адчуць сябе чалавекам можна толькі праз навуку, веды. З незвычайнай прагаю цягнецца Адам Ягоравіч да ведаў. Душа і розум яго кіпяць і рвуцца насустрач жыццю. Ён нават як бы ашаломлены тою безліччу магчымасцей, якія адкрывае перад ім навука і наогул любое ўмельства ў жыцці. Ён падобны на чалавека, які нечакана апынуўся перад грудаю золата, срэбра, каштоўнага камення і які не ведае, што ў першую чаргу ўзяць і колькі ўзяць. Вось ён вучыцца ў школе, вось ён уладкоўваецца вучнем у чыгуначныя майстэрні — не, не тое, вось ён навучаецца кандытарскай справе — зноў расчараванне, вось ён паступае да слесара, а праз колькі часу ён ужо стаіць за буфетам, потым — зноў вяртаецца да слясарнай справы. I разам з усім гэтым, над усім гэтым — кніга. Нарэшце рашэнне выспела: ноччу, крадком, ён пакідае гаспадара — наперадзе Нясвіжская семінарыя. Адам Ягоравіч прыстае да жаданага берага. Навука! Магчымасць чытаць, спрачацца, быць прылучаным да сапраўднага жыцця. Не будзем пералічваць, што чытаў, чым цікавіўся ў семінарыі Адам Ягоравіч, але несумненна, што тая шырыня інтарэсаў — навуковых і грамадскіх, — якая будзе спадарожнічаць яму праз усё жыццё, бярэ пачатак адсюль, са шчаслівай пары навучання ў семінарыі. Тут, дарэчы, Адам Ягоравіч пазнаёміўся з перадавымі тэорыямі часу, з гісторыяй рэвалюцыйнай думкі. У год сканчэння семінарыі ён наладжвае сувязь з прадстаўнікамі народніцтва: з гэтага часу Адам Ягоравіч пачынае дзяліць сваё жыццё паміж службай, навуковымі заняткамі і грамадскай ці рэвалюцыйнай работай. I так будзе заўсёды. Адам Ягоравіч не ашчаджаў, ды і не ўмеў ашчаджаць свае сілы. Ён, здаецца, не жыў, а высільваўся. Пазней Адам Ягоравіч пашкадуе пра гэта, прынамсі, як вучоны. Але інакш, мусіць, ён не мог. Магчыма, ён жыў бы інакш, каб мог трохі больш узяць «дармова ад прыроды». А ён жа быў, як ні кажыце, усё ж самавук: афіцыйная навука, ды яшчэ семінарская, як бы добра ні была пастаўлена яна, не магла яму даць і дзесятай долі таго, што ён уведаў, што узяў ад кнігі, адно дзякуючы сваёй незвычайнай цікаўлівасці і, магчыма, яшчэ самалюбству. Што самалюбства ў Адама Ягоравіча было вялікае, няцяжка здагадацца. Пра гэта, праўда мімаходзь, піша ён і сам, расказваючы пра гады навучання яшчэ ў пачатковай школе. Піша пра крыўду, пра пакуты самалюбства, якія цярпеў праз тое, што нейкі час быў не першым вучнем. Крыўда не толькі для яго, але і для бацькі — «асабліва пры самалюбстве майго бацькі і маім, праўда, меншым, але ўсё ж дастатковым».
Адукаваў і выхаваў сябе Адам Ягоравіч сам — і толькі сам. Тут, папраўдзе, было чым ганарыцца, і Адам Ягоравіч, мусіць, ганарыўся, прынамсі, не прапускаў выпадку, каб не падкрэсліць гэта. Ганна Валасовіч-Гразнова, стрыечная сястра Максіма Багдановіча, успамінае: «Адам Ягоравіч ведаў сабе цану. Часта казаў: „Спытайся ў свайго дзядзькі (г. зн. яго), ён скажа табе ўсё“; „у бібліятэку табе не варта хадзіць, усё, што табе трэба, ты знойдзеш у свайго дзядзькі“». Памятаеце словы Адама Ягоравіча пра ягоную бібліятэку, дзе «было ўсё, што было лепшага ў свеце, і нічога пошлага», словы, якія здаліся акадэміку Замоціну трохі залішнімі?
Толькі справядліва і другое: навуковым памкненням Адама Ягоравіча нельга адмовіць у пэўнай ступені энцыклапедычнасці. Паводле характару сваёй навуковай і жыццёвай зацікаўленасці ён быў, несумненна, тым, каго завуць ёмістым і высакародным словам «асветнік». Наколькі быў арыгінальны Адам Ягоравіч пры асэнсаванні таго, што ён так шчодра браў з кніг і з жыцця, — гэта ўжо іншая справа, пра гэта няхай скажуць спецыялісты, толькі відочна, пры ўсім тым, што цэнтры яго навуковай увагі не былі пастаянныя і што гэтай яго дзейнасці не хапала самай звычайнай мэтанакіраванасці — не ў сэнсе разумення і жадання карысці, якая магла б ажыццявіцца праз гэта, а ў сэнсе амаль непазбежнай для сур’ёзнага вучонага лакалізацыі пошуку. Адама Ягоравіча цікавілі сацыяльна-грамадскія тэорыі, педагагічныя сістэмы, літаратура і тэатр, банкаўская і горная справы, надзённая публіцыстыка і магчымасць практычнай рэвалюцыйнай работы, але толькі ў этнаграфіі і ў галінах, сумежных з ёй, ён пакінуў нешта па-навуковаму сапраўды вартае. Сапраўдным ягоным укладам у навуку была і астаецца яго праца «Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў» — «юнацкая», як кажа Адам Ягоравіч, праца.
Дарэчы, ёсць сэнс паслухаць нам і самога Адама Ягоравіча.
Тое, што ён як бы крыўдаваў на навуку, якая не апраўдала яго спадзяванняў, мы ўжо ведаем. «Абняць неабдымнае, і прытым з непрыдатнымі сродкамі» — памятаеце гэта? Пад канец жыцця Адам Ягоравіч падводзіў вынікі. Пісаў успаміны. Магчыма, як ніколі рашуча, думка яго павярнулася да роднага народа. Гэта не здагадка: можна адпаведна Адама Ягоравіча працытаваць, і калі мы не робім гэтага, дык таму толькі, каб не перагружаць наш расказ цытатамі. Былі трыццатыя гады. Беларусь упэўнена заняла той «пачэсны пасад» між народамі, пра які марылі лепшыя яе сыны, у тым ліку і Максім Багдановіч. Бурна развівалася нацыянальная культура — на роднай мове і на роднай глебе. Здавалася недарэчным, што яшчэ зусім нядаўна, у пачатку дваццатых гадоў, нават такі вучоны, як Карскі, чалавек, які паклаў столькі працы на тое, каб даказаць гістарычную і культурную адметнасць беларусаў сярод іншых славянскіх народаў, мог лічыць яшчэ праблематычным паспяховае развіццё беларускай культуры ў бліжэйшым часе і на нацыянальнай глебе.
О гэтая «аб’ектыўная» навука! Як цяжка ёй быць аб’ектыўнай і як цяжка ўтрывацца ад таго, каб не прарочыць!
Адам Ягоравіч падводзіў вынікі. Як усякі больш-менш рэалістычна настроены чалавек, ён не мог не бачыць плёну ў той справе, да якой далучаны быў у юнацтве і ад якой так ці інакш адышоў у пазнейшыя гады. Што павінен быў адчуваць, што павінен быў думаць цяпер Адам Ягоравіч? Лічыць, што марна пражыў жыццё, што ашукаў сябе ў нечым галоўным, не заўважыўшы, як размінуўся з часам у самы адказны момант супрацьстаяння з ім? Але калі, калі быў гэты найгалоўнейшы, найшчаслівейшы момант? Можа тады, калі ён пісаў сваю першую, «юнацкую» працу?
Так ці інакш думаў Адам Ягоравіч, сказаць пэўна цяжка, але. тое, што ён балюча перажываў свае жыццёвыя падрахункі, не выклікае ніякіх сумненняў — інакш адкуль было б гэтае, трагічнае для вучонага расчараванне ў самім інструменце працы — «непрыдатныя сродкі»! А можа ўсё тую ж «аб’ектыўную» навуку меў на ўвазе пры гэтым Адам Ягоравіч?
Так, ён падводзіў вынікі: «Напісаў я, уласна, шмат, каля ста і нават больш друкаваных аркушаў, лічачы, што ў рукапісах. Гэта надта многа, калі мець на ўвазе, што я ніколі не займаўся адной справай, а дзвюма, трыма паралельнымі (падкрэслена мною. — М. С.), якія, як рэвалюцыйная работа, захаплялі мяне часамі амаль столькі ж, колькі служба, а тузалі нервы яшчэ больш. Напісаў я шмат, але карысці мала: усё гэта абрынулася ў лету правінцыяльных пачасовых выданняў, дзе іх і заўзяты бібліёграф не адшукае. Адны толькі „Перажыткі…“ ды тое, што надрукавана ў зборніках Акадэміі навук, могуць мець дзейснае значэнне».
Як бачыце, амаль тое ж, што гаворым мы цяпер пра навуковую дзейнасць Адама Ягоравіча.
Ён бачыць дзейсны сэнс сваёй працы ў захаванні для новых пакаленняў часцінкі тых народных скарбаў, якія, можа, не здагадваючыся пра іх сапраўдную каштоўнасць, перадала ўнуку вясковая беларуская кабета — бабка Рузаля. «Ужо яе праўнук Максім, які пераняў нешта ад яе духу, паспеў у свой кароткі век пакарыстацца тым-сім з гэтай скарбонкі, аздобіць яго ў вершаваныя формы. I з бабуліных казак ён упершыню пазнаёміўся з беларускай гаворкай.
Значыць [маё] сядзенне на грубцы не прайшло дарэмна, і баба Рузаля прайшла праз сваё доўгае і цяжкае жыццё з вялізнай ношкай даўніны за плячыма недарэмна…
Што і трэба было даказаць!..»
«Што і трэба было даказаць» — дададзім і мы ад сябе і пакінем пакуль Адама Ягоравіча на слове ўдзячнасці чалавеку, якому некалі, у дзяцінстве, пашчасціла грэцца ля свяшчэннага агню продкаў і які сэрцам адчуў, зразумеў, што трэба захаваць для нашчадкаў, пераказаць шчаслівыя тыя хвіліны, падораныя тады яму. Так ён, свядома ці несвядома верны памяці сэрца, і зрабіў у юнацтве. Цяпло таго агню перадалося ягонаму сыну. Гэта быў той агонь, пры ясных водблісках якога Максім Багдановіч разгледзеў сваю будучыню.