Краіна-браначка

Адам Ягоравіч пакінуў Беларусь у год смерці жонкі. Максіму Багдановічу было тады пяць год. З гэтага часу ён выхоўваецца, вучыцца, сталее па-за Беларуссю. Пяцігадовы ўзрост — магчыма, самы ўражлівы ўзрост, аднак у сэнсе ўласна беларускіх уражанняў наўрад ці даў ён што-небудзь істотнае Багдановічу. Асяроддзе інтэлігенцыі, няхай нават і дэмакратычнай, народнай, у якой ён выхоўваўся ў Мінску і Гродна, трэба думаць, не надта шанавала нацыянальны элемент у выхаванні і побыце. Інтэлігенцыя і дома і на людзях гаварыла па-руску. Сям’я Адама Ягоравіча тут таксама не выключэнне. Бо нездарма ж сам ён піша, што «на няўдзячнай ніве пісання вершаў па-беларуску» ў Мінску спрабаваў свае сілы хіба адзін толькі Янка Лучына (Неслухоўскі). Кропля ў моры! На гэта амаль ніхто не звяртаў сур’ёзнай увагі. У тым ліку і сам Адам Ягоравіч. Ён быў заняты іншым. «Беларусіка» (ягоны тэрмін) магла цікавіць хіба што з этнаграфічнага боку. Нават куды пазней, у год першай паездкі сына на радзіму (1911), куды той прыехаў ужо вядомым беларускім паэтам, Адам Ягоравіч схільны лічыць «карціну беларускага адраджэння даволі бязрадаснай», але, праўда, тут жа дадае, што «не рабіў спробы расхалоджваць яго (г. зн. сынавага. — М. С.) парыву». Што ж, і на гэтым дзякуй.

Самым моцным «беларускім» уражаннем Максіма Багдановіча была смерць маці. Калі ўсёй меры трагедыі ён не мог разумець, дык перажываць яе ён мог несумненна. Нездарма ж у яго была матчына, а гэта значыць, надта ўражлівая натура. Так сведчыць сам бацька. Гэта засталося на ўсё жыццё. Рана пазбаўлены матчынай ласкі, ён усё жыццё сумаваў па ёй. Здагадацца пра тое мы можам і па ягонай творчасці: найвышэйшы ідэал жанчыны для яго — мадонна, маці. Трапяткая і пяшчотная, ласкава-трывожлівая ў сваёй мацярынскай любві.

Смерць маці пазбавіла яго радзімы, любоў да памяці маці, любоў да радзімы, якую так часта і справядліва звязваюць з іменем маці, вярнула яго на зямлю продкаў.

Калі і як навучыўся ён беларускай мове, калі ў ягонай свядомасці, сэрцы паўстаў, разрастаючыся і падпарадкоўваючы сабе ўсё, вобраз «краіны-браначкі», вобраз Беларусі? Бацька сведчыць: пісаць вершы па-беларуску пачаў ён рана, у дзесяцігадовым-адзінаццацігадовым узросце. Што падтрымлівала, што жывіла яго ў гэтых памкненнях, хто быў той чалавек, што стаўся добрым геніем такога ранняга парыву таленавітага хлапчука? Бацька? Што бацька нейкім чынам уплываў на абуджэнне ў сына цікавасці да радзімы і роднага слова — гэта справядліва і гэтага нельга адмаўляць. Уплываў хаця б праз тое, што сын мог карыстацца ягонымі этнаграфічнымі працамі і тымі фальклорнымі запісамі, што былі ў ягоным архіве. Але, з другога боку, ці не перабольшваем мы часта ўплыву бацькі? Мы звыкліся з гэтым уплывам, канстатацыя яго стала агульным месцам. Але давайце спакойна паспрабуем паразважаць. Пра першыя вершаваныя спробы Багдановіча мы ведаем са слоў таго ж бацькі: ён памятае, што сын паказваў іх сваёй хроснай Вользе Сёмавай у яе прыезд у Ніжні Ноўгарад. Нам трэба запомніць яе імя. Нам не пашкодзіла б звярнуць увагу і на тое, што вершы сын упершыню паказвае не бацьку, што было б натуральна, а хроснай, якая нават не жыве ў адным з ім горадзе і пра магчымую рэакцыю якой на вершы (беларускія вершы!) ён мог толькі здагадвацца. Скажуць: ён мог паказваць вершы бацьку раней. Дапусцім. Але тады якая патрэба была б бацьку пісаць, што ён запомніў пра першыя спробы сына ў сувязі з тым, што той паказваў іх некаму — у дадзеным выпадку сваёй хроснай. Навошта Адам Ягоравіч стаў бы скажаць ісціну з яўнай невыгодаю для сябе? I наогул: ці не паслухаць нам лепш самога яго? Бацька піша: «Яго (г. зн., сынавы. — М. С.) заняткі беларусікай ішлі абсалютна непрыкметна для мяне і акружаючых; прынамсі, не я падштурхнуў яго на гэту дарогу, але, вядома, і не перашкаджаў». Дакладней дакладнага напісана — пра які ж нейкі асаблівы ўплыў можам мы пасля гэтага гаварыць? «Не перашкаджаць» — было прынцыпам Адама Ягоравіча ў выхаванні дзяцей. «Я не перашкаджаў сваім дзецям быць. кім яны хочуць, але па сутнасці ніколі не быў задаволены тым, чым яны ёсць». Адам Ягоравіч кажа. што бацька дрэнны суддзя сваім дзецям. Не надта хочацца і нам быць суддзёю яго самога, толькі нешта вельмі ўжо супярэчлівай, пры ўсёй сваёй закругленасці, выдае ягоная формула. «Не перашкаджаць і не быць задаволеным». Не перашкаджаць — што гэта значыць? Не браць удзелу, не быць зацікаўленым, дазволіць чалавеку выхоўваць самому сябе. Але навошта тады быць незадаволеным? Якое можна мець на гэта права?

Што наша здзіўленне небеспадстаўнае, пераконваюць успаміны Ганны Валасовіч-Гразновай, на якія мы раней спасылаліся ўжо. І яе не задавальняе калі не сам дзядзькаў прынцып выхавання, дык вынік яго. Прынамсі, у дачыненні да Максіма Багдановіча. Яна піша: «Мне думаецца, што ў той час і Адам Ягоравіч належным чынам не цаніў таленту і значэння Максіма. Інакш, не зважаючы ні на што, ён павінен быў памагчы Максіму паехаць вучыцца ў Пецярбург, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Шахматава ён прысвяціў бы сябе любай справе, вывучэнню мовы, этнаграфіі і гісторыі Беларусі. Максім да гэтага імкнуўся ўсёю душою, а яму прыйшлося пяць год траціць на вывучэнне юрыдычных навук, да якіх не гарнулася яго душа. Так яму прыйшлося ахвяраваць сваім прызваннем дзеля брата, бо Адам Ягоравіч лічыў, што Лёву неабходна вучыцца ў Маскоўскім універсітэце — ён жа мае такія матэматычныя здольнасці (у 1911 годзе Лёву было толькі 17 год)… Так Адам Ягоравіч не выканаў свайго дэвізу: „Я не перашкаджаў сваім дзецям быць, кім яны хочуць“».

Не будзем перабольшваць, але мусім сказаць, што з тых, хто акружаў Максіма ў ніжненаўгародскі, а пасля і яраслаўскі перыяд жыцця, мала хто разумеў яго памкненні, у лепшым выпадку глядзелі на іх як на дзівацтва, На берагах Волгі, за тысячу, калі не болей, кіламетраў ад Паўночна-Заходняга краю марыць пра нейкую там «самастойную» Беларусь? Сапраўды, хіба не дзівацтва? Горай за ўсё было тое, што не разумелі ў родным, сямейным асяроддзі. Бацька не разумеў і «не перашкаджаў». Праўда, хросная Вольга Епіфанаўна, тая, якой Максім паказваў свае першыя вершы па-беларуску, хоць і не разумела, не спачувала ў галоўным, але, добрая душа, не адмовіла хросніку ў просьбе выпісаць для яго спачатку «Нашу долю», а потым і «Нашу ніву».

Як мала яшчэ мы ведаем людзей, побач з якімі жыў Максім Багдановіч! Хто такая гэта Вольга Сёмава? Якім чынам звязана была яна з сям’ёй Багдановічаў? Які яе далейшы лёс? Багдановіч пісаў да яе. Дзе іх перапіска? А ведаць пра гэта нам трэба было б хаця б таму, што Сёмава, можа і не разумеючы ўсёй аграмаднасці сваёй паслугі, зрабіла сапраўды паслугу таму Багдановічу, якім цяпер ганарыцца цэлы народ, — і праз гэта так невыказна дарагі нам па-чалавечы высакародны жэст жанчыны, якая так хораша спраўджвала сваё званне «хроснай».

Па-рознаму, значыцца, можна «не перашкаджаць»!

Ну а тыя, хто ўсё ж перашкаджаў? Не па прыроднай схільнасці зласлівага розуму ці душы, а, так сказаць на прынцыповай, ідэйнай аснове. Трэба думаць, і такія былі, і не ў адзінкавай колькасці. «Забіць трывогу аб той мове, якой азваўся беларус» — ахвотнікаў заўсёды многа было. Глядзелі і выносілі прысуд з высокіх, «дзяржаўных» пазіцый. Навошта гэтыя мясцовыя тэндэнцыі, навошта заводзіць сваркі ў доме? У доме павінен быць адзін гаспадар, адзін бацька.

I дзеці павінны слухацца бацьку. Ну а славянская, святая славянская ідэя? Што ж, і яе вы хочаце падраць на пярэстыя шматкі, імі вы хочаце перавязваць свае «мясцовыя» раны? Не, у ідэі павінен быць адзін штандар.

Так, ці прыблізна так маглі думаць у асяроддзі, дзе жыў Багдановіч.

Адзін з «ідэйных» — брат Анюты Гапановіч, стрыечнай Максімавай сястры, той Анюты, у якую быў закаханы паэт, Пётр Гапановіч. Сваяк і як быццам друг. I прынцыповы, так сказаць, праціўнік. Яны спрачаліся. Па нацыянальным пытанні. Гапановіч — «разважлівы, халаднаваты», «непараўнальна валодаў сілагізмам». «I Максім — гарачы, страсны, амаль апантаны». Яны спрачаліся. «Волна и камень», «лёд и пламень» усё ж надта розняцца між сабой. Гапановіч лічыць нацыянальную, «мясцовую» ідэю фікцыяй, выдумкай гарачых галоў, якія прымаюць мару за рэальнасць. Дзе факты? Немалая колькасць бясплатных карэспандэнтаў «Нашай нівы»? Гульня! На адным энтузіязме далёка не паедзеш, Трэба хаця б такі-сякі, не кажучы пра іншае, фінансавы грунт. Бясплатныя карэспандэнты! Дык гэта ж ад беднасці. Філантропія, адна філантропія. Правінцыяльная філантропія.

Спрачаліся — можа, так, а можа, і не так. Несумненна адно: Максім для Гапановіча — ідэаліст. Ідэя ягоная нічога не вартая. Не прадмет спрэчкі захапляе Гапановіча, а магчымасць адточваць свае сілагізмы. Няхай цешыцца, няхай, урэшце, верыць. Справа яго. На іншае ён не здатны. Не задурыў бы толькі Анюце галаву. Яна, здаецца, разважлівая дзяўчына, але ж… Такога кавалера, як Максім, ён, «разважлівы, халаднаваты», сястры, вядома, не жадаў. Ён па-сапраўднаму ўстрывожаны, гэты «логік», калі дазнаецца пра намер Максіма прыехаць з Яраслаўля ў Ніжні. Перад Багдановічам тым часам востра паўстала праблема ўладкавання жыцця пасля сканчэння ліцэя. Куды падацца? Што рабіць? Ехаць у Мінск? Але ідзе наступленне немцаў, і яшчэ невядома, чым яно скончыцца. Ёсць пагроза акупацыі. А потым — Анюта. Трэба было б неяк праясніць адносіны.

Гэтых адносін Пётр Гапановіч баіцца больш за ўсё. Не, ён раскрые вочы на тое, хто гэты Багдановіч. I ён піша. Ён выдае Багдановічу характарыстыку, лепш ад якой наўрад ці мог бы, на наш сённяшні погляд, хто-небудзь даць. Ён упэўнены, што сястра, да якой ён піша (не Анюта, а другая сястра — Вера Іванаўна), зразумее ўсё як трэба і зробіць усё належнае, каб перашкодзіць адносінам паміж Багдановічам і Анютай. Гапановіч піша: «Заўзятыя адносіны да „самасційнай“ Беларусі да рэшты паглыналі ўсе яго турботы і ўсю ўвагу. Ён замыкаўся сваім пакоі, паглыбляўся ў гэтыя пытанні і такой шчыльнай двайной абалонцы, ізаляваны ад жыцця, правёў усе апошнія гады.

Так абмалёўваецца яго цяперашняе становішча, і адсюль ідзе яго рашэнне кінуць дом свайго бацькі і Аляксандры Афанасьеўны і на баку пачаць новае жыццё».

Гэта напісана ў 1915 годзе. Багдановіч ужо аўтар «Вянка». Вянок славы, будучай вялікай славы ляжыць ужо на яго галаве, але «логік» Гапановіч не бачыць гэтага. Вецер часу шуміць у лаўровым лісці гэтага вянка, але «сілагістык» Гапановіч не чуе гэтага, ён мармыча нешта пра «двайную абалонку», пра ізаляцыю ад жыцця. О чалавечы практыцызм, о цвярозы рэалізм мяшчанства, колькі разоў ты браўся выносіць прысуд генію і колькі разоў выносіў прысуд сабе самому!

Жыццё… Ізаляцыя ад жыцця. Мешчанін разумее толькі «жыццё», але ніколі не спасцігае ягонай меры — часу. «Ізаляваны ад жыцця» Багдановіч насіў у сабе жыццё ў яго найвышэйшым і найшырэйшым вымярэнні. У маленькім пакойчыку таго, каго празвалі Максімам Кніжкіным, жыў сам час. Там, у цесным пакойчыку, месцілася ўся Беларусь. Далёкая і блізкая Беларусь, «краіна-браначка». Бацька кажа: выбарам жыццёвага шляху, выбарам мэты сын абавязаны «непераадольнай цязе, роднай стыхіі, інтуіцыі, што далася ад продкаў». Магчыма, і так. Але ці можна растлумачыць усё толькі гэтым? Сам жа Адам Ягоравіч стаяў яшчэ бліжэй да продкаў, чым сын. I бліжэй да скарбаў «бабкі Рузалі». «Астатняе зрабіла цвёрдая воля і ўпартасць у працы». Ну добра. Дададзім яшчэ і талент, пра які чамусьці забыўся Адам Ягоравіч. Мы растлумачым сабе Багдановіча — надзвычай патрабавальнага паэта-майстра, але як растлумачыць нараджэнне ў Багдановіча менавіта беларускага паэта? Адам Ягоравіч меў і талент, і інтуіцыю, што далася ад продкаў, і зайздросную настойлівасць у працы, і цвёрдую волю, аднак не стаў фігурай такога маштабу, як сын, хоць і намнога перажыў яго. Не, мусіць, і «кліч продкаў», і талент, і воля маюць значэнне тады, калі іх прыводзіць у рух якая-небудзь вялікая, па-грамадску значная ідэя. Для Багдановіча такой ідэяй была ідэя нацыянальнага і сацыяльнага разняволення роднага народа. А падказаў яе Багдановічу час.

Слухайце час! — гаворыць нам сваім прыкладам Багдановіч. Запомнім гэта.

* * *

Арыгінал і копія… як няпроста было Багдановічу стаць беларускім паэтам! Пачаць хаця б з таго, што сваёй мове ён павінен быў вучыцца, як чужой: напачатку ён проста не ведаў яе! I, што самае прыкрае для пісьменніка не ведаў яе жьівых гаворак. Не ведаў ён, вядома, не па сваёй віне. Проста так складвалася ягонае жыццё. Усё, бы знарок, было супраць таго, каб ён адчуў сябе беларусам. Упершыню на радзіму ён прыязджае ў дваццаць год. Дваццаць год — гэта многа толькі для Багдановіча, бо ён ужо вядомы беларускі паэт. Але вось якая парадаксальная і адначасова зварушлівая рыса: беларускі паэт амаль не ўмее гаварыць па-беларуску! Нібы іншаземец, ён просіць кожнага, з кім размаўляе, папраўляць яго гаворку.

I ў той жа час ён заклапочаны беларускімі праблемамі, як мала хто з «цэнтрыстаў», людзей, якія займаліся грамадскай ці літаратурнай дзейнасцю непасрэдна «на месцах». Адзін з тых, хто сустракаўся з Багдановічам у яго першы прыезд на Беларусь, піша: «М. Багдановіч прыехаў у Вільню ўжо як актыўны і свядомы працаўнік беларускага адраджэння, глыбей сягаючы думкай у будучыню нашага народа, чым мы, працаўнікі, згрупаваныя ў цэнтры». Знамянальнае прызнанне! Менавіта прызнанне, а не паблажлівы камплімент: які сэнс «цэнтрысту», параўноўваючы заслугі цэлай групы людзей, да якой належыць ён і сам, з заслугамі аднаго чалавека, ды яшчэ ў пэўнай ступені «чужака», аддаваць перавагу апошняму? Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. I потым: сам факт з’яўлення Багдановіча — ці не быў ён яшчэ адным, можа, самым сур’ёзным пацверджаннем важнасці і жыццёвасці той справы, якой аддавалі ўсе свае сілы лепшыя з беларускіх інтэлігентаў?

Вялікае відно на адлегласці, і Багдановіч сваім прыкладам бліскуча пацвердзіў гэта. Усё яго жыццё — гэта подзвіг. Напорлівае і роўнае гарэнне адной страсці. I кароткатэрміновае. Вось чаму яго жыццё нагадвае нам успышку метэора. Вось чаму мы часта і гаворым пра яго менавіта так. Можа гэта нават лепш, чым гаварыць «подзвіг», «ахвяра», «самаадданасць». «У творчасці яго раптоўнага няма». Багдановіч як бы не ведае высільвання. Тое, што мы завём подзвігам, — для яго натуральная манера мысліць і жыць. I, вядома, тварыць. Паняцце подзвігу ўключае ў сабе нешта такое, што, аддаючы належнае чалавеку, тым часам і як бы прыніжае яго, як бы робіць звышнатуральнай для яго самога ягоную дзейнасць. Подзвіг?

Багдановіч не адчувае ўсяго гэтага.

Вывучаць сваю родную мову — што ж тут звышнатуральнага? Вывучаць толькі па слоўніках, па фальклорных запісах, з дапамогай параўнальных граматык славянскіх моў? Але хто ж вінаваты ў гэтым? Ён не нарадзіўся ў беларускай вёсцы, не жыў у ёй, не чуў, як гавораць сяляне — каго ж вінаваціць за гэта? Ён не ведае, дзе трэба паставіць націск у тым ці іншым слове. Ён наогул не ўпэўнены, ці па-беларуску ў яго гучыць вось гэтае слова. Яму сорамна, але які ж тут подзвіг? Яму кажуць, што ў ягонай беларускай мове многа русізмаў. Яму кажуць, што ў ягонай рускай мове многа беларусізмаў. Ён пагаджаецца і з тым, і з другім і ў змрочныя хвіліны, мабыць, кажа сабе, што ўзяўся не за сваю справу.

Не, не трэба гучных слоў. Зразумеем лепш, што Багдановічу было цяжка.

У ягонай беларускай мове сапраўды было, асабліва ў пачатковым перыядзе творчасці, багата русізмаў. Суб’ектыўныя прычыны тут зразумелыя, але не забудзьцеся разам з тым, што беларуская літаратурная мова тады толькі фарміравалася і яшчэ не мела трывала замацаваных ні лексічных, ні стылістычных, ні граматычных норм. Багдановічу ў сваёй творчасці даводзілася пераадольваць як бы падвойныя цяжкасці. Беларусізмы ў ягонай рускай мове? Для яго гэта павінна было гучаць як ухвала.

Ён, які амаль усё свядомае жыццё пражыў у рускім асяроддзі, і пісаў і думаў па-беларуску. Ён пісаў і па-руску, і па-ўкраінску, але мастаком ён быў толькі на роднай беларускай мове. Гэта — ісціна, якую няцяжка даказаць. Справа аблягчаецца тым, што мы маем пераклады вершаў Багдановіча на рускую мову, зробленыя ім самім.

У 1913 годзе ў Яраслаўль, дзе вучыўся ў юрыдычным ліцэі паэт, прыехала з Ніжняга Ноўгарада Анюта Гапановіч. Сустрэчы гэтай Багдановіч быў рады. Настолькі рады, што падарыў Анюце рукапісны зборнічак сваіх вершаў, пераклаўшы іх на рускую мову. Сшытачак гэты, перадрукаваны ў першым акадэмічным выданні твораў паэта, доўгі час лічыўся страчаным. і толькі нядаўна ён адшуканы намаганнямі старшага бібліёграфа Дзяржаўнай бібліятэкі імя У. I. Леніна Н. Б. Ватацы, энтузіязму і настойлівасці якой мы і дагэтуль былі ўжо абавязаны шмат якімі новымі матэрыяламі і дакументамі, што характарызуюць жыццё і творчасць паэта. У зборнічку, названым Багдановічам «Зеленя», змешчана дваццаць два вершы.

I тое, што зборнічак мае назву, і тое, што яму надасланы хоць і трошкі гарэзлівы, але выразна выбачальны эпіграф («Переводы стихотворений — словно женщины: если красивы, то неверны; если верны, то некрасивы»), сведчыць, што паэт надаваў сваім перакладам даволі істотнае значэнне. Ды і як інакш: Анюце Гапановіч, да якой быў не абыякавы Багдановіч, належала, можа, упершыню пазнаёміцца па гэтай кніжачцы са стрыечным братам-паэтам. Няхай нават Багдановіч і не надта пакладаўся на густ сваёй сястры, але ж аўтарскае самалюбства ў яго было, і, пэўна, немалое! (Якое гэта хвалюючае, амаль невытлумачальнае адчуванне — быць як бы запозненым сведкам таго, што не прызначалася ні табе, ні каму другому, што не цярпела чужога, старонняга вока. Так вось глядзіш на гэты сшытачак, зроблены з гладкай, лінованай (сіняя лінейка!) паперы, на роўны, акуратны, прыгожы паэтаў почырк. I як бы на тое, каб азначылася ўсё да канца, каб сышлося ўсё разам, — пад рукамі вось першы том збору паэтавых твораў, і на тытульным лісце яго Адамам Ягоравічам напісана: «Нюте на память о брате-поэте. А. Богданович. 11/4 — 28 г.». Старэчы, дрыготкі почырк. Напісана алоўкам).

Першы ў зборнічку ідзе верш «Сонет», той, да якога эпіграфам пушкінскае: «Суровый Дант не презирал сонета». Паралельнага беларускага варыянта да яго няма, калі не лічыць апошнія шэсць радкоў, дзе параўноўваецца працэс і сутнасць творчасці з метэорам, што крэсліць начное неба вогненнаю дугой, «а ў глыбіні халодным астаецца». Маем мы тут справу з перакладам самастойнага верша, які не дайшоў да нас, ці рускую адвольную варыяцыю на тэму беларускага верша? Нам думаецца, усё ж з перакладам, — і вось чаму. У беларускім тэксце «Санета» цалкам выпалі першая частка верша, яго прадвыснова, тэза, у якой сцвярджаецца свядомы пачатак у творчасці:

Поэт всегда обдуманно творит.

В тот миг, когда вал чувства грудь вздымает,

С мерилом ум холодный выступает:

Он взвесит все, проверит, расчленит.

У беларускім тэксце «Санета» — гаворка пра іншае:

Прынадна ззяюць вочы да мяне;

Чароўна усміхаючыся, губы

Адкрылі буйныя бялеючыя зубы…

Ласкавы шэпт… Гарачай хваляй мкне

Кроў к сэрцу маяму. Мана ўсё або не?

Ці верыць мілым абяцанкам любы?

Мо гэта жар, пылаючы для згубы,

Хавае сцюжу пад сабой на дне?

І далей — вядомае параўнанне з метэорам. Здавалася б, нягледзячы на супадзенне канцовак, два розныя вершы. Па сутнасці, такімі яны і з’яўляюцца цяпер. Але, разам з тым, больш чым верагодна, што ў той час, калі Багдановіч рабіў пераклад, існаваў аўтэнтычны тэкст беларускага верша. Звернем увагу на наступнае. У той час, калі напісаны два варыянты «Санета» (рускі і беларускі), у 1913 годзе, Багдановіч піша вершаваны «Ліст…», адрасаваны аднаму з супрацоўнікаў «Нашай нівы», у якім выкладае свае погляды на мастацтва. Гэта той славуты верш, дзе паэт рашуча становіцца на абарону Сальеры, спрачаючыся з Пушкіным, у якога, на думку Багдановіча, «Сальеры атрымаў несправядлівы суд». Паэт горача, палемічна, сцвярджае правы творцы на «спакойную думу», яму здаецца несумненным, што ў працэсе творчасці раўнапраўна ўдзельнічаюць не толькі сэрца, пачуццё, але і розум. Адным словам, гаворка пра тое ж, што і ў рускім варыянце «Санета». Памятаеце? «Поэт всегда обдуманно творит». Што ж магло здарыцца? Проста трэба дапусціць, што вершаваны «Ліст…» напісаны пасля беларускага і рускага варыянтаў «Санета». Думка, выказаная ў рускім «Санеце», уяўляецца Багдановічу настолькі важнай, што ён спакушаецца выказаць яе яшчэ раз, абраўшы для яе доказу форму ліста (вельмі добра прыдумана) і стараючыся разгарнуць яе і наглядна (тэма Моцарта і Сальеры, трактоўка яе Пушкіным), і дастаткова шырока. Багдановіч дасягнуў гэтага. Трэба думаць, ён і сам быў задаволены зробленым. Натуральна дапусціць таму, што ён, не жадаючы цалкам ахвяраваць першапачатковым накідам гэтай думкі (беларускі тэкст «Санета»), выкасаваў у ім тое, што ўвайшло ў «Ліст…», а да астатняга датасаваў новую прадвыснову. А рускі тэкст «Санета», гэты пераклад першапачатковага верша, захаваў ход і ўзбагачэнне паэтавай думкі, даў магчымасць зазірнуць у ягоную майстэрню. Зазначым, што пастаянная ўвага да якой-небудзь адной думкі, варыяцыі яе, імкненне да гранічнай выразнасці і нагляднасці пры вырашэнні задумы, паўторнае скарыстанне якога-небудзь аднаго вобраза — характэрныя наогул для Багдановіча. Тут, дарэчы, ёсць нешта такое, што родніць яго з Лермантавым, паэтам, які, як і Багдановіч, надзелены выключнай інтэнсіўнасцю духоўнага жыцця, нават раннія праяўленні якога здзіўляюць сваёй глыбінёй. Не кажам ужо аб падабенстве жыццёвых лёсаў, якія рана абарвала смерць.

Але мы трохі адхіліліся ад галоўнай думкі. Наша задача — параўнаць арыгіналы паэтавых вершаў з іх перакладамі, і параўнаць на карысць першых. Перакладчык, як вядома, сам Багдановіч.! не проста звычайны перакладчык, але і аўтар, гаспадар і, значыцца, больш, чым звычайны перакладчык, творца. Акцэнтаваць гэта важна, бо мы хочам выявіць здольнасці Багдановіча-мастака ў рускай мове.

Возьмем для Пачатку верш «Трыялёт». У арыгінале ён гучыць так:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.

Няхай усе з мяне рагочуць,

Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

Той жа верш па-руску:

На солнце загляделся я.

И солнце очи ослепило.

Затем, что сердце свет любило,

На солнце загляделся я,

На ощупь я пошел, но была

Не в стыд мне слепота моя:

На солнце загляделся я,

И солнце очи ослепило.

Гаворачы, што мы імкнёмся вызначыць здольнасці Багдановіча-мастака, выяўленыя ў рускай мове, мы гэтым як бы ўмовіліся, што нас у першую чаргу будзе цікавіць не тое, у якой ступені перакладчык захаваў асаблівасці арыгінала, а тое, што вышэй у мастацкіх адносінах — арыгінал ці пераклад (пры гэтым дапускаецца, што пераклад можа мець самастойнае значэнне і нават вылучацца мастацкімі якасцямі, вышэйшымі, чым у арыгінала). Паспрабуем жа зрабіць выбар у карысць аднаго з тэкстаў. Наогул наш выбар, скажам адразу, прадвырашаны, таму пастараемся пераканаць у ім чытача.

Першае, што адрознівае беларускі верш ад рускага — гэта інтанацыя. «На солнце загляделся я» і «Калісь глядзеў на сонца я» — тут ёсць розніца. На проста фармальнае несупадзенне ў часе, а істотная розніца. Чалавек канстатуе, гаворыць пра тое, што з ім адбываецца, і чалавек зноў, нанава перажывае тое, што з ім адбылося: лёгкая нота шкадавання гучыць у голасе («Калісь глядзеў» — г. зн. тады, калі меў зрок), нота шкадавання, не зважаючы на тое, што ёсць усё-ткі суцяшэнне — усё ж сонца, вялікае сонца, боскае сонца, крыніца жыцця «асляпіла вочы». Няхай смяюцца людзі: дурныя, яны не ведаюць, што ён быў далучаны да вялікага, хоць і пацярпеў ад яго. Адным словам, зірні на Неапаль, а пасля памірай. Чалавечнасць перажывання, складаная гама пачуцця — вось што адрознівае першы верш ад другога. Гэтая чалавечнасць і пэўнасць інтанацыі ствараюцца ўсім рытмічным і вобразным ладам твора, раздумным па інтанацыі і выразным, зграбным па малюнку. Звярніце ўвагу на апорныя рыфмы. У беларускім тэксце рыфмуюцца «вочы — ночы». Не кажучы пра тое, што рыфмоўка тут і выразней і энергічней, чым у выпадку з дзеяслоўнымі «ослепило — любило», яна яшчэ і кантрасная: «вочы — святло» і «ночы — змрок». Кантраст падтрымліваецца, развіваецца ўсёй вобразнай сістэмай.

Мне сонца асляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы…

А што ў рускім варыянце? «Затем, что сердце свет любило, на солнце загляделся я», Тут ёсць новы нюанс думкі, якога няма ў арыгінале, але як гэта нязграбна выказана па-руску! «Затем, что сердце свет любило»!

I далей:

На ощупь я пошел, но была

Не в стыд мне слепота моя.

Па-першае, «была» замест «былá» — да дзіўнага не па-руску, па-другое, слепата, якая «не в стыд» — не менш нязграбна і не менш не па-руску. У чарнавым накідзе да арыгінала таксама было гэтае: «Ня ў сорам слепата мая» — але ж адмовіўся ад яго паэт!

Здаецца, доказы больш непатрэбны. Але каб чытач не падумаў, што мы ўзялі выключны выпадак, спынімся яшчэ на вершы «Возера» і на яго рускім варыянце. Для зручнасці аналізу параўнаем толькі першыя строфы.

Стаяў калісь тут бор стары,

I жыў лясун у тым бары.

Зрубалі бор — лясун загінуў.

Во след яго ад той пары:

Сваё люстэрка ён пакінуў.

Цытуем па-руску:

Тут рос густой, суровый бор,

И леший жил; когда ж топор

В бору раздался — леший сгинул

И, уж невиданный с тех пор,

Нам зеркальце свое покинул.

I зноў жа, як і ў выпадку з першым вершам, — у беларускім варыянце — выразнасць інтанацыі і выразнасць малюнка. Зайздросны лаканізм формы. Пачатак, энергічны і адначасова сціплы, нагадвае зачын казкі ці народнага апавядання. У перакладзе ўдакладненне «густой, суровый бор» выдае і непатрэбным, і вялым, і трафарэтным. «Во след яго ад той пары». Тут выразна адчуваецца і сам апавядальнік і яго інтанацыйны жэст — зноў жа энергічны і выразны. Варта звярнуць увагу і яшчэ на адну акалічнасць: у кожным з трох першых радкоў беларускага верша — новая думка, якая паслядоўна вынікае з папярэдняй. Радок метрычна, інтанацыйна супадае з думкай. Два ж апошнія радкі — дзве грані адной думкі, ці, дакладней, гэта думка і яе адбітак. Гэтаксама, як люстэрка — возера — адбітак лесуновага следу.

Прыемна ўсё-ткі мець справу з Багдановічам-паэтам! Здаецца, просценькі вершык, а прыгледзішся — якое майстэрства! I думка не замінае пачуццю, а пачуццё думцы. Нават не хочацца пасля гэтага вяртацца да другога лесуна, да «лешего», які чамусьці «невиданный», замест таго, каб быць «неведомым», «незнаёмым» ці яшчэ якім.

Не, выдатна мысліў і адчуваў па-беларуску Багдановіч! Інтуіцыя мастака перамагала недастатковае веданне мовы, каб сцвердзіць сябе ў ёй, і толькі ў ёй. Во дзе загадка і во дзе дзіва! Дык што ж: пачнём разгадваць яе? Але ці зможам і ці трэба гэта? Бо, урэшце, разгадаць загадку ці тайну — гэта значыць, напалову пазбавіць яе прывабнасці.

Падзівімся лепш на гэтую загадку і на гэтую тайну Багдановіча.

Загрузка...