У анкеце, пасланай Адаму Ягоравічу Камісіяй Інбелкульта па спадчыне Багдановіча, быў і такі пункт: «Адносіны да дзяўчат». Бацька напісаў: «Я ніколі яго не бачыў у жаночай кампаніі, за выключэннем яго стрыечных сясцёр. Думаю, што ён ніколі яе і не шукаў. Ён занадта быў сур’ёзны і чысты для фрывольных сувязей і надта чэсны, каб уводзіць каго-небудзь у зман наконт сур’ёзнасці сваіх намераў, а пра жаніцьбу ён, мусіць, не думаў з выпадку сваёй хваробы».
Што ж, фрывольныя сувязі — гэта сапраўды было не для Багдановіча. I ў жаночых кампаніях ён таксама, мусіць, не надта часта бываў. I надзеі на ўласнае сямейнае шчасце з прычыны ўсё той жа хваробы ён таксама, мусіць, не меў ці, дакладней, мець не хацеў. I ўсё ж як натуру ўражлівую, надзеленую выключнай эмацыянальнай памяццю і несумненна артыстычную яго не мог не вабіць да сябе і пастаянна не хваляваць вобраз жанчыны. Ды, зрэшты, і пра «кружэнні» ягонага сэрца мы сёння можам меркаваць і грунтоўней і глыбей, чым гэта здавалася Адаму Ягоравічу. Бацька, напрыклад, згадвае, што падчас першай паездкі ў Крым, жывучы на малочнай ферме «Шалаш», Максім пазнаёміўся з маладой дзяўчынай Кіціцынай, містычныя настроі якой, мусіць, зрабілі на паэта даволі моцнае ўражанне. Іхняя перапіска (прынамсі, яна існавала тады, калі Адам Ягоравіч пісаў свае ўспаміны пра сына, — цяпер яна загінула), на думку бацькі, не дае ўсё ж падстаў гаварыць пра нейкае сур’ёзнае і моцнае захапленне. Праўда, Адам Ягоравіч агаворваецца, што перапіску ён чытаў няўважліва, і не настойвае, такім чынам, на сваёй думцы. Як там было на самай справе, устанавіць мы цяпер, бадай-што, не здолеем. Шукаць сляды гэтага юнацкага захаплення паэта, мусіць, трэба ў ягонай творчасці. Бацька выказвае меркаванне, што Кіціцынай прысвечаны верш «Я, бальны, бяскрыдлаты паэт…». З ім можна згадзіцца: гаворыць за тое як дата напісання верша — 1909 год — якраз год паездкі ў Крым, так і спамінак пра прывет, які «чуда зрабіў», і вось «бальны, бяскрыдлаты паэт на гадзіну забыў сваё гора». Верш, трэба думаць, напісаны пасля вяртання ў Ніжні Ноўгарад, ён напісаны на фотакартцы, толькі чамусьці тую фотакартку паэт адрасатцы не адаслаў. Не будзем гадаць, з якой прычыны. Можна сказаць адно: калі і было ў Багдановіча якое пачуццё да Кіціцынай, дык было яно гнятлівым, трудным і сапраўднай радасці кахання яму не прынесла. Агульны тон верша, яго змест сведчаць пра гэта. Ды і не толькі гэты верш. Безнадзейнасць, змрочная і трохі нават экзальтаваная акцэнтоўка на блізкасці скону («Мо жыцця майго верш ужо спет…») у другім вершы — «Цемень», прысвячэнне якога — «Ахвярую М. А. Кіц-най» — выразна паказвае на адрасата, пераходзяць ледзь не ў роспач:
Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок.
Над зямлёю — імгла, у душы маёй змрок.
Дзе выратаванне, дзе?
Але вось цераз цемень маланка блішчыць,
Асвячае мне вобраз Хрыста… яго крыж…
Ажываеш, здаецца, душою гарыш.
Як асуджана-мерна, гнятлівай ступою калывае радок, і здаецца ўжо, што надзея на Хрыста-выратавальніка забіта ў самым зародку: гэта як бы парыў без хацення, надзея без надзеі на радасць. I, сапраўды, далей паэт гаворыць:
Але толькі чаму ж так малы гэты час?!
Зноў навокала цемень. Свет зірнуў і пагас.
Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста.
Над зямлёю імгла, у душы пустата.
Гэта — безвыходнасць. Не безвыходнасць наогул, а знемажэнне душы пад цяжарам экзальтавана-змрочнай, хваравітай і да таго ж чужой думкі. Гэта як бы часовая хвароба душы. Бо вось што яшчэ спыняе нашу ўвагу. Верш, прысвечаны дзяўчыне, можа нават каханай дзяўчыне, і ў ім тым часам ніводнага слова пра каханне, пра зямную, пачуццёвую блізкасць дзвюх душ. Няхай нават не так. Няхай нават каханне перанесена ў іншую, «боскую» сферу, няхай гаворка ідзе пра любоў «во Христе», але дзе ж тут тады «сорадованне», урачыстае і святочнае зліццё дзвюх роднасных душ у «вобразе Хрыста»? Няма гэтага, не адчуваецца яно! Паэт, наадварот, як бы аддзяляе сябе ад каханай, як бы скардзіцца ёй, што «боскае» насланнё і празарэнне не даюцца яму, што «боскія» радасці недаступныя яму гэтак жа, як зямныя.
Наконт апошніх, зямных радасцяў, паэт, мусіць, салгаў сам сабе. Прызнаючыся, што рэлігійны аскетызм не пад сілу яму, ён аб’ектыўна сцвярджаў тым самым здатнасць сваёй душы да ўспрыняцця па-зямному паўнакроўных і здаровых уражанняў. Калі няма радасцяў «боскіх», гэта яшчэ не значыць, што няма радасцяў зямных. Шчыра Багдановіч не мог так сказаць. Гэта было не інакш, як тактоўнае апраўданне перад каханай, апраўданне ў духоўнай, рэлігійнай здрадзе ёй («Свет зірнуў і пагас». «Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста»), I спроба прыглушыць для яе гэту здраду як бы ўсведамленнем пакарання за тое («Над зямлёю імгла, у душы пустата»).
Артыстычнай, уражлівай душы Багдановіча з яе пастаяннымі парываннямі да гармоніі і красы («Красу, і светласць, і прастор шукаў…») былі, вядома, чужыя экзальтавана-містычныя настроі ягонай сяброўкі, хоць нельга і адмаўляць таго, што на нейкі час ён не мог не падпасці пад іх і не паверыць у іх як спараджэнне сваёй жа душы. Але скора, скора спаў туман з ягоных вачэй! Багдановіч, які не спакусіўся, як многія яго сучаснікі-дэкадэнты, змрочна-самабытнай паэзіяй паганства дзеля яе самой, Багдановіч, які адрынуў спакусліва-салодкае падполле ірацыяналізму дзеля светлай хароміны прасветленага жывой думкай і пачуццём жыцця, той Багдановіч не мог не адрынуць сябе і ад хваравіта-згублівай ахвярнасці дзеля «яснага вобраза Хрыста».
Песня каханню не ўдалася ў Багдановіча з той, каму прысвечаны быў верш «Цемень». Затое праз год-другі напіша ён верш «Першая любоў», і будзе ён прысвечаны ўжо некаму іншаму.
Ўжо позна. Мрок вясенняй ночы
На вузкіх вуліцах ляжыць.
А мне — вясёла. Блішчаць вочы,
І кроў ад шчасця аж кіпіць.
Іду я радасны, харошы,
Знікае з сэрца пустата…
А пад разінавай калошай
Ціхутка хлюпае слата.
I ці не тыя гэта «імгла» і «мрок», што былі ў вершы «Цемень», не палохаюць цяпер паэта, ці не тая гэта «пустата» «знікае з сэрца»?
I ўсё ж чамусьці не хочацца думаць, што тая невядомая дзяўчына Кіціцына з тым пакутна-супярэчлівым вершам «Цемень» назаўсёды сышла з душы паэта і з ягоных думак. Мне чамусьці хочацца думаць так. Вось ёсць у Багдановіча цудоўны верш пра зорку Венеру, якая светла ўзышла над зямлёю, пра апошні вечар расстання, пра згадку аб тым вечары «ў далёкім краю» — і ёсць у вершы найцудоўнейшыя радкі, у якіх паэт просіць каханую глянуць іншы раз на тую зорку — «у расстанні там з ёй зліём мы пагляды свае…». Найцудоўнейшыя радкі, роўныя па сіле ўздзеяння, па сваёй высокай паэтычнай прастаце можа нават славутаму лермантаўскаму — «и звезда с звездою говорит». I вось я думаю: каму аддаць гэтыя радкі? Проста нейкай дзяўчыне, у якой нават няма ні прозвішча, ні імя, як у Кіціцынай, пра якую мы нават не ведаем, дзе яна жыла: у Яраслаўлі, у Вільні, у Мінску — ці, можа, палічыць іх проста выдумкай паэтавай галавы, як Вераніку з аднайменнага паэтавага вершаванага апавядання? Шкада, нават неяк вельмі шкада пакідаць гэты верш без адрасата. Хацелася, каб, як у выпадку з пушкінскім «Я помню чудное мгновенье…», згадвалася імя жанчыны — і не абавязкова думаць, што яна, тая жанчына, абавязкова павінна быць вартая такога верша. Папраўдзе, ці так ужо і Керн была вартая геніяльнага верша, ці так ужо і Наталля Мікалаеўна была вартая не менш выдатнай пушкінскай «Мадонны»? Ёсць паэзія, ёсць высокая мара паэта пра каханне, — ці так ужо гэта мала?!
Я аддаў бы Багдановічаў «Раманс» так мала знаёмай нам дзяўчыне Кіціцынай. Няхай! Яна спыніла на сабе ўвагу Багдановіча: яму тады было васемнаццаць год. Ён не меў, мусіць, з ёй па-сапраўднаму шчаслівага кахання, але хто сказаў, што каханне абавязкова павінна быць шчаслівым? Я ўяўляю: гаворкі з ёю захаплялі яго. Яе непадобнасць да другіх, яе містычны парыў у надземнае.
I хвалявалі яе пакуты. Абое яны былі хворыя. Але ён быў мацнейшы за яе — ён быў мастак. I вось мне думаецца. З гадамі па-інакшаму паўстаў перад ім яе вобраз. Зняты быў з яго хваравіты арэол, бо перажыў даўно ўжо сам Багдановіч тое хваравіта-містычнае насланнё: застаўся сум, засталося шкадаванне, прыпомніліся колішнія гаворкі пра якое-небудзь перасяленне душ ці пра адгадванне думак на адлегласці — і вось ужо — хто ведае, якою каляінаю ідзе паэтава думка, — нараджаецца гэты верш. Ён увесь ірвецца пад неба, як бы пад урачысты харальны спеў; выразна, востра малюецца мяккім небе вежа касцёла, а збоч і вышэй ззяе, трымціць, пераліваецца ў небе ранняя зорка. I як хораша, як светла, як прасветлена сумна там, у небе, і не ў нейкім містычным царстве паднебным зліваюцца душы яго і яе, — не, думкі і пачуцці іх свецяць яснай вечаровай зоркай над цёплай вечаровай зямлёй.
Багдановічу не асабліва шанцавала ў каханні. Сказаўшы так, мы маем права задумацца — чаму? Тое, што Багдановіч быў варты кахання і сам быў несумненна здольны на моцнае пачуццё, — даказваць гэта сёння не трэба, і колькі палкіх сённяшніх прыхільніц ягонага таленту з радасцю захацелі б узнагародзіць яго за колішнюю несправядлівасць лёсу! Толькі Багдановічу сёння гэта не трэба, ды і не ўпэўнены мы, што, каб з’явіўся Багдановіч сёння, усё не паўтарылася б спачатку.
Ёсць на тое свае прычыны, і, гаворачы так, мы менш за ўсё схільныя вінаваціць у сардэчных драмах Багдановіча каго-небудзь, акрамя яго самога. Гучыць такое трохі дзіўна, але ўсё ж, мусіць, гэта так.
Тут трэба тлумачэнне.
Раман з Анютай Гапановіч — адна з чарговых ягоных няўдач. Мы мала ведаем пра Анюту Гапановіч, падказаць хоць нешта, можа, здолее яе партрэт. З партрэта глядзіць на нас маладая дзяўчына са светлымі, наіўна-легкадумнымі вачамі, з капрызлівым абрысам вуснаў, са слабаватым і нервова-мяккім падбародкам. Мякка падвітыя валасы адцяняюць гладкі невысокі лоб. Рысы твару хваравіта і зноў жа капрызліва драбнаватыя — уражанне падказвае вобраз адной з тых натур, у якіх жаноцкасць абуджаецца рана, у якіх наіўнасць заканамерна і дзіўна ўжываецца разам з душэўным эгаізмам, якія інстынктыўна адчуваюць сваю прыцягальнасць для паэтычных натур і на гэтай падставе выпешчваюць недзе ў глыбіні душы перабольшанае ўяўленне аб сабе. Непасільныя для іх прэтэнзіі, такія мілыя і, здаецца, прывабныя ў маладосці, з часам балюча раз’ядаюць ім душу: яны пачынаюць думаць, што свет не зразумеў іх, ім хочацца рэспектабельнага бляску, забяспечанага і поўнага, як чаша, жыцця, а жыццё зычыць ім у кавалеры не надта перспектыўных, як пасля выяўляецца, чыноўнікаў ці інжынераў. Паэты, вядома, бракуюцца з самага пачатку — якое ўжо там рэспектабельнае жыццё з паэтам! Замужам яны адчуваюць сябе няшчаснымі, год-два высільваюцца з сябе і — нарэшце… апускаюцца да самай банальнай сварлівасці кухаркі.
Праўда, гэта не адзіны варыянт лёсу так званых «рамантычных» натур. Пячорын у Лермантава з’едліва іранізуе з «рамантыка» Грушніцкага, якому, на яго думку, прыгатаваны лёс «мірнага памешчыка» з усімі непазбежнымі ў дадзеным выпадку атрыбутамі сентыментальна-пошлага жыцця. Гэтак жа і гераіню Багдановічавага рамана магла чакаць ціхая сямейная прыстань з тым самым не надта перспектыўным чыноўнікам ці інжынерам, толькі тады ён у яе вачах быў бы ўжо не самай звычайнай пасрэднасцю, накшталт «мірнага» Грушніцкага, а чалавекам-анёлам, незаслужана пакрыўджаным зайздрослівымі людзьмі. I тады наша гераіня ледзь не малілася б на яго і на сваіх незвычайна таленавітых фемістоклюсаў і алкідаў, уздыхала б і ахала, а муж у кампаніі сваіх сяброў пагардліва называў бы жанчын «нізшай расай», як чэхаўскі Гураў, і здраджваў бы мілай жоначцы пры першым зручным выпадку.
Ах, сумна, сумна ўсё гэта, і што можа вабіць да такіх натур паэта?
Дзіўная рэч: на думку разумных людзей, вялікі Талстой робіць недаравальнае глупства, пазбаўляючы рамантычнага і паэтычнага арэола Наташу Растову, прымусіўшы яе ў канцы рамана квактаць і трапятацца над цэлым вывадкам дзяцей, хвалявацца за іх і за мужа. Дзіўная рэч, Томас Ман у сваёй выдатнай навеле «Тоніо Крэгер» прымушае пісьменніка, якога надзяляе нават сваімі знешнімі рысамі, да неверагоднасці востра зайздросціць пошламу шчасцю яго і яе — былых аднакашнікаў, сяброў дзяцінства. Сяброў у дзяцінстве не спакусіў Шылераў «Дон Карлос», якога так настойліва падсоўваў яму Тоніо Крэгер, яе ж пасля не спакусіла нават пісьменніцкая слава Тоніо. Выпадкова сустрэўшы іх на курорціку ў маленькім гарадку, ён, славуты пісьменнік, хаваючыся, наглядае за імі ў час па-правінцыяльнаму пошлай і вясёлай вечарынкі і зайздросціць ім — няпрошаны госць на чужым свяце. Тоніо Крэгер піша пасля сваёй рускай знаёмай, мастачцы Лізавеце Іванаўне: «Не, нам, незвычайным людзям, жыццё ўяўляецца не незвычайнасцю, не прывідам крывавай велічы і дзікай прыгажосці, а адвечнай супрацьлегласцю мастацтву і духу; нармальнае, дабрачыннае, мілае — жыццё ва ўсёй яго спакуслівай банальнасці — вось царства, па якім мы сумуем. Паверце, дарагая, той не мастак, хто толькі і марыць, толькі і прагне рафінаванага, эксцэнтрычнага, дэманічнага, хто не ведае тугі па наіўнаму, прастадушнаму, жывому, па маленькай часцінцы дружбы, адданасці, даверлівасці, па чалавечаму шчасцю, — патаемнай і вострай тугі, Лізавета, па шчасцю абыдзённасці!»
Гэту «патаемную і вострую тугу» ведае кожная па-сапраўднаму артыстычная натура, і справа тут не ў хваравіта-вытанчанай цязе да пошласці, як можа каму-небудзь здацца, а ў такім зразумелым існаванні мастака як бы на грані двух светаў — свету жывой рэчаіснасці і свету, створанага фантазіяй, арганізаванага па законах мастацтва. «Патаемная і вострая туга» — ад усведамлення таго «стану бязважкасці», у якім амаль пастаянна знаходзіцца мастак, — вось чаму яго так вабяць самыя простыя, часам прымітыўныя радасці жывога жыцця і вось чаму празарліўца Бальзак, пакідаючы начны свет сваіх паэтычных мрояў, у жыцці адчувае сябе бездапаможным, як дзіця; геніяльны сацыёлаг, палітык, палкаводзец у сваіх творах, у паўсядзённым жыцці ён іншы раз разважае, робіць учынкі на ўзроўні якога-небудзь клерка. Ён хоча самай звычайнай чалавечай ласкі, жаночай увагі, і ён не разумее, чаму тыя жанчыны, якія гатовы ледзь не на руках насіць яго за ягоныя творы, не могуць зразумець яго проста як звычайнага чалавека. I як жа пакутавалі ад такога трагічнага разладу ўсе гэтыя Бальзакі і Гогалі, тыя Гогалі, што ў наіўнай і смешнай сямейнай ідыліі Пульхерыі Іванаўны і Афанасія Іванавіча сумавалі, як справядліва зазначыў нехта, па магчымасці паўнацэннага чалавечага шчасця, гарманічных адносін паміж людзьмі.
I хто ведае, што прываблівала ў Анюце Гапановіч Багдановіча: ці тая, інтуітыўна спасцігнутая ёю жаноцкасць, спалучаная з маладым мілым какецтвам і, можа, яшчэ з чыста жаночым эгаізмам: як ні дзіўна, і гэта часта прываблівае ў жанчыне людзей, надзеленых высокай ступенню духоўнасці, той духоўнасці, якая так мала ведае пра пачуццёвы, інтуітыўны эгаізм, а таму часам прымае яго за адзнаку арыгінальнасці і даравітасці натуры.
А можа ў яе позірку, у рысах твару мільганулася яму аднойчы тое, што свеціць у позірках і абліччах мадон, створаных геніяльнымі мастакамі ў дабратворную пару італьянскага Адраджэння — загадка жаноцкасці, загадка, якая і вабіць да сябе, і абяцае, і… не паддаецца разгадцы.
Загадка гэтая, безумоўна, вабіла да сябе і Багдановіча. Не чалавек, а мастак Багдановіч вінаваты ў тым, што здольны быў бачыць у Анюце Гапановіч ці яшчэ ў кім нешта такое, чаго ў іх, магчыма, не было. Пушкін-мастак невінаваты, што ўяўляў Наталлю Мікалаеўну зноў жа ў вобразе мадонны. Анюта Гапановіч невінаватая, што не зразумела Багдановіча: проста зразумець яго ёй было не пад сілу.
Нас цікавіць не «віна» Анюты Гапановіч, нас цікавіць Багдановічава «віна». Вышэйшую, мастацкую сваю віну ён выкупіў душэўнымі пакутамі, зямную сваю віну перад ім мы можам выкупіць няйначай, як любоўю да яго, да высакароднага яго мастацтва, якое славіла жыццё ва ўсіх праяўленнях і праспявала, дарэчы, адзін з самых магутных гімнаў, якія калі-небудзь складаліся на нашай мове, чалавечаму каханню і жанчыне-маці.
Ягоны цыкл «Мадонны» — унікальнейшы ў нашай паэзіі. Не толькі тым, што тут паэт паспрабаваў перанесці ў новую гістарычную і геаграфічную рэчаіснасць замацаваны пэўнай традыцыяй вобраз, а тым, што ён, як ніхто з сучаснікаў, адчуў і па-мастацку ўзаконіў рэнесансныя тэндэнцыі беларускай рэчаіснасці — не ў сэнсе толькі нацыянальнай іх спецыфічнасці, а ў сэнсе іх усялюдскасці. Пры гэтым ён засцярогся як дыдактычнага асветніцтва ў галіне думкі, так і наіўнага стылізатарства ў галіне формы. I вось што хораша: яго мадонны — беларускія мадонны. «Мадонны» — гэта не «Маленькія трагедыі» Пушкіна, у якіх пазнанне драматычнай формы і ўвасабленне побыту, духу, характараў чужой нацыі было адной з важнейшых задач. Багдановіч сабе ставіць адваротную задачу. Пушкін цалкам абстрагаваўся ад сваёй нацыянальнай рэчаіснасці, Багдановіч думку, выпрацаваную чужой культурай, цалкам рабіў сваёй, беларускай. Ці трэба казаць пры гэтым: такое магчыма было таму, што Багдановіч надзвычай чуйна схопліваў, аддзяляў агульналюдскае ў любой думцы. Яго адметнасць якраз і была заўсёды ў тым, што ён як бы ішоў да нацыянальнага ад агульналюдскага, а не наадварот. Гэтым ён, дарэчы, розніцца ад Купалы, які і псіхалагічна і спосабам свайго мастацкага мыслення цалкам залежны ад канкрэтна-нацыянальнага матэрыялу. Не лішне будзе параўнаць у сувязі з гэтым выдатную Купалаву паэму «Яна і я» і Багдановічаў цыкл «У зачарованым царстве». Родніць іх пэўным чынам матэрыял — цікавасць да элементаў паганства ў светаадчуванні беларусаў. Толькі гэты матэрыял цікавіць кожнага паэта па-рознаму. Багдановіч творыць свой цыкл менавіта на матэрыяле паганства, робячы яго толькі грунтам для сцвярджэння гуманістычнай думкі аб найвышэйшым шчасці жыць, мысліць і адчуваць чалавечна, у адпаведнасці з магчымасцямі чалавечай свядомасці і розуму. Хоць Багдановіч у сваіх высновах лагічна і як бы ідзе ад канкрэтнага матэрыялу, несумненна, што гэты матэрыял не мае для яго псіхалагічна таго значэння, якое ён мае для Купалы. Менавіта непрыманне ірацыяналізму прывяло Багдановіча ў свет паганства і, вядома, не дзеля таго, каб паэтызаваць яго. Матэрыял у Багдановіча асвоены і арганізаваны ў першую чаргу думкай — і толькі ёй. Купала ў паэме таксама ўслаўляе высокую радасць быцця, але робіць гэта ён шляхам псіхалагічнага зліцця чалавека, яго пачуццяў, яго побыту і прыроды, што акаляе яго, у адзіным комплексе прасветлена-паганскага светаадчування, якое выступае ў яго і глыбінна-нацыянальным і ў той жа час агульнаславянскім. У Купалы адчуванне комплекснае, у Багдановіча — індывідуалізаванае, бо апошняга цікавіць праблема цэлага (паганскага) і асобы. Праблема вырастання адзінкавага з цэлага. Вось чаму Купала ў паэме і эпічны і манументальны, Багдановіч у сваім цыкле — аналітычны ў развіцці думкі і сімфанічны ў мастацкім афармленні яе.
Вернемся да цыкла «Мадонны». Калі ў цыкле «У зачарованым царстве» свет паганскі кантрастуе са светам сучаснай паэту рэчаіснасці, то ў «Мадоннах» такога кантрасту няма: тут усюды гарманічна, мякка ўзяты адзін свет — свет, умоўна кажучы, «хрысціянскі», бо не станем жа мы адмаўляць, што ідэя «мадонны», як увасаблення зямной, а ў гэтым сэнсе і боскай прыгажосці, ёсць ідэя адраджэнчая і «хрысціянская». Іншая справа, што мадонна ў Багдановіча, як было ўжо сказана, усюды беларуская, паколькі і «хрысціянская» ідэя даўно ўжо стала і «беларускай» — у свеце маральных вызначэнняў, а цяпер, пасля цыкла Багдановіча, набыла і мастацкае вызначэнне.
Мадонна для Багдановіча — гэта не проста ўвасабленне жаночай прыгажосці. Жаночая прыгажосць набывае для паэта сэнс і знаходзіць сабе апраўданне тады, калі яна ўвысакароджана святым прызначэннем жанчыны-маці. Менавіта вось так чытаюцца вершаваныя апавяданні «У вёсцы» і «Вераніка» з Багдановічавага цыкла, на якіх усюды светла ляжыць ціхамірны водбліск далёкага італьянскага Адраджэння, у якіх праз рысы вясковай дзяўчынкі і паненкі Веранікі праступае несмяротны вобраз Рафаэлевай мадонны, той мадонны, што натхняла Пушкіна і Дастаеўскага (ды і ці адных толькі іх!), пра якую старэйшы сучаснік Пушкіна і яго настаўнік Жукоўскі пісаў так: «Расказваюць, што Рафаэль, нацягнуўшы палатно сваё для гэтай карціны, доўга не ведаў, што на ім будзе: натхненне не прыходзіла. Аднойчы ён заснуў з думкай пра Мадонну, і, мусіць, нейкі анёл разбудзіў яго. Ён прахапіўся: яна тут, закрычаў ён, паказаўшы на палатно, і накрэсліў першы малюнак… На яе твары нічога не выказана, гэта значыць, на ім няма выразу зразумелага, які б меў пэўнае імя; але ў ім знаходзіш, у нейкім таямнічым спалучэнні, усё: спакой, чысціню, веліч і нават пачуццё, але пачуццё, якое перайшло ўжо за мяжу зямнога, значыцца, мірнае, пастаяннае — яно не ў стане ўжо замуціць яснасці душэўнай… Яна не падтрымлівае Дзіцёнка, але рукі яе пакорліва і свабодна служаць яму прастолам… I ён, як цар зямлі і неба, сядзіць на гэтым прастоле».
На «крывой і вузкай» вясковай вулачцы, сярод «вясковай нуды» паэт робіцца сведкам таго хвалюючага, высокага пачуцця, той прыгажосці душэўнай, ад якой і сам харашэе душой. I не так важна, што яго Мадонна — «так год васьмі дзяўчынка», а яе дзіцёнак — замурзаны вясковы хлопчык, можа брацік той дзяўчынкі, якой маці, ідучы ў поле, строга наказала быць нянькай. Важна не гэта, а вось што:
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
Сціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць,
I саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны
Дзіцячым, цененькім…
Ад ідылічнай і ў той жа час нейкай трывожна трапяткой карцінкі, падгледжанай паэтам, павеяла «якойсь шырокаю, радзімаю красою». Але далей паэт піша:
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз маці божай лікі.
У «дзяўчынкі ўпэцканай, і хілай, і худой» па-зямному няма нічога прыгожага (ды гэта і не краса — так і кажа ці, дакладней, сумняваецца ў такой красе паэт), проста зямной красы няма, зямная краса будзе красою тады, калі яна стане «радзімаю» — г. зн. аплодненай нечым «вышэйшым», красою.
Вядома, Багдановіч думае над тым, што так добра сфармуляваў сучасны рускі паэт Мікалай Забалоцкі:
…что есть красота
И почему ее обожествляют люди?
Сосуд она, в котором пустота,
Или огонь, мерцающий в сосуде?
Дарэчы, верш, з якога ўзяты гэтыя радкі, у Забалоцкага называецца «Непрыгожая дзяўчынка». I ў яе, у гэтай дзяўчынкі, і блізка няма таго, што ў жыццёвай звычайнасці завуць прыгажосцю: «…рот длинен, зубки кривы, черты лица остры и некрасивы». Розніца ў тым, што сучасны паэт усведамляе гэта як трагедыю — і ў дачыненні да яе, «бедной дурнушки» (яна яшчэ не здагадваецца пра гэтую трагедыю, але нам, чытачам, робіцца яшчэ вусцішней і самотней ад таго), і ў дачыненні да самой прыгажосці, бо магчымасць трагедыі «непрыгожай дзяўчынкі» — гэта балючае паражэнне ў чалавечым свеце ўсё той жа красы, вышэйшай, трэба сказаць, красы.
Для Багдановіча ніякай трагедыі тут няма. Не таму, што ён не здагадваецца пра магчымасць яе, а хаця б проста таму, што не гэта трагедыя цікавіць яго. Ён ведае іншыя трагедыі і драмы, іншую меру і іншую трагедыю прыгажосці. Вераніка з аднайменнага вершаванага апавядання і прывабная і маладая, але ж не гэта істотнае для аўтара. Праўда, нейкім чынам (і то на самым пачатку) гэта мае нейкае значэнне для апавядальніка, які закахаўся ў Вераніку і вершам прызнаўся ёй у каханні. З хваляваннем чакае ён і не можа дачакацца адказу. Калі ж надараецца спаткацца з Веранікай і загаварыць, —
Яна зірнула на мяне,
I раптам з вусн яе сарваўся
Такі бязвінны, чысты смех,
Што на яго злавацца — грэх.
Злавацца, вядома, трэба было б, бо смех гэты для нашага героя — па сутнасці, слёзы. Вераніка не абяцае яму ўзаемнасці. Тут не іначай як драма незразуметага, адрынутага пачуцця, але заўважым, што Багдановіч здымае саму магчымасць такой драмы. Чаму?
Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумная імгла,
На плечы ручка мне лягла,
Спагадліва зірнулі вочы,
I даляцеў к маім вушам
Ласкавы шэпт: «Мо больна вам?»
Каханне разбурана, затое здабыта права іншых, не менш высакародных адносін. Драма знята чалавечнасцю, тою шчыраю, высакароднаю мераю спагады, якая не абражае, не крыўдзіць, а ўзвышае. I яе, і яго. Усведамленнем гэтай драмы тою, хто несвядома, не па сваёй волі вінаватая ў ёй. Драму адчуваюць абое — так сказаць, і суб’ект і аб’ект, — і вось чаму гэта драма ачышчэння.
I прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхнёнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалілася цяпло.
I зноў жа, мы не сцвярджаем, што Багдановіч не ведаў пра звычайную, будзённую драму кахання і драму прыгажосці. Ён яе якраз ведае, і можа таму, што ведае надзвычай добра, пастаянна паўстае перад яго ўнутраным зрокам вобраз «той, што з постаццю дзяўчыны злівала мацеры чарты». Мацярынскае пачуццё, комплекс, як мы можам сёння сказаць, Мадонны — для яго найдаражэйшае ў жанчыне, высокае прызначэнне якой прыміраць, уціхамірваць згублівыя страсці, надаваць ім варты чалавека накірунак і сэнс. «Яна — выдумка маёй галавы» — так перакладаецца італьянскі эпіграф да «Веранікі». Ну і што ж, няхай сабе выдумка, але гэта выдумка і паэтычная, і высокая.
Багдановіч паслядоўны ў сваёй «выдумцы». Цыкл «Мадонны» ён дапаўняе цыклам «Каханне і смерць», дзе зноў жа славіць жанчыну-маці, беручы ўжо яе не ў ідэальна-рамантычным вобразе мадонны, а ў празаічна-жыццёвым, рэалістычна падкрэсленым вобразе «пачуццю цёмнаму падлеглай жанчыны», а потым «вагітнай». Найвышэйшую маральную тактоўнасць выяўляе Багдановіч пры гэтым!
Яго прыклад лішні раз даказвае, што для сапраўднага мастака паэзія разліта ўсюды: ён яе знаходзіць і бачыць ва ўсіх праяўленнях чалавечага жыцця, у тым ліку і ў тых, якія непазбежна паўстануць пошлымі, натуралістычна і хваравіта эратычнымі пад пяром крывадушнага і бяздарнага пісакі. Бо «нравственное отношение к изображаемому предмету», на якім так настойваў вялікі Талстой, — найпершае, мусіць, патрабаванне да мастацкага таленту, і чым больш мастак прасякаецца ім, тым больш каштоўная ў чалавеказнаўчым сэнсе і ва ўсіх іншых сэнсах ягоная творчасць.
I «шлюбнае ложа», і першая трывога, і радасць маладой маці, якая адчула пад сваім сэрцам дзіця, і забабонны, амаль містычны страх перад невядомасцю, і нечалавечыя пакуты, у якіх нараджаецца новае жыццё, і… смерць — усё гэта ёсць у Багдановічавым цыкле, поўным пяшчоты, замілавання, болю, поўным сапраўднага драматызму. Драма, як бы хоча сказаць Багдановіч, гэта найперш драма мацярынства. У ёй усё: любоў і пакута, «грэх» і «выкупленне», ахвяра і подзвіг.
Слава тым, хто сілу мае
Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць,
Хто ў мучэннях памірае,
Каб жыццё дзіцёнку даць!
Драма мацярынства — драма ахвярнасці. «Мацярынскае» гэта пачуццё Багдановіч хоча бачыць і ў мастацтве. Толькі пра тое пагаворым асобна.