У заваяваным царстве

Вершы, якія ўпершыню па-сапраўднаму звярнулі ўвагу на Багдановіча як паэта, былі вершы з міфалагічнага цыкла «У зачарованым царстве». Рэакцыя на гэтыя творы была даволі супярэчлівая — ад прынцыповага іх непрыняцця (тады ж было выказана ўпершыню ў дачыненні да Багдановіча абвінавачванне «дэкадэнт») да безагаворачнага, аплагетычнага нават прызнання, — вядома, у самой сваёй накіраванасці палемічнага, супроцьпастаўленага другім, таксама крайнім, ацэнкам. Як ні дзіўна, і сёння, калі мы хочам адвесці ад Багдановіча абвінавачванне ў дэкадэнцтве, ламаем свае крытычныя коп’і менавіта над гэтымі вершамі, як бы паўтараючы «памылку» тых першых крытыкаў Багдановіча, якім засцілі вочы менавіта гэтыя вершы паэта і якім не хапіла адвагі быць паслядоўнымі да канца. Бо той, хто хацеў бы ўпарта бачыць Багдановіча сімвалістам, дэкадэнтам, мог бы знайсці для сваіх, вядома, тэндэнцыйных, высноў дастаткова матэрыялу (і нават больш прыдатнага) і ў больш позніх, так званых «класічных» вершах. Але такая ўжо сіла інерцыі!

Мы ж ведаем (і сёння гэта можна лічыць даказаным), што Багдановіч ніколі не быў сімвалістам, калі бачым у сімвалізме не суму пэўных фармальных прыёмаў, тэм, а перш за ўсё светапогляд, сістэму погляду на мастацтва і свет, на чалавека ў яго грамадскай дзейнасці (апошняе сімвалістаў якраз прынцыпова не цікавіла). Сімвалізм з самага пачатку настойліва імкнуўся сцвердзІць сябе не больш не менш, як светапогляд. В. Брусаў, адзін з мэтраў сімвалізму, пісаў пасля рэвалюцыі, у той час, калі ад сімвалізму засталіся адны ўспаміны: «Сімвалісты адмаўляліся служыць у літаратуры практычным мэтам, хацелі знайсці больш шырокае абаснаванне ёй і звярнуліся да выказвання агульных ідэй, аднолькава каштоўных, як здавалася ім, не аднаму якому-небудзь класу грамадства, але ўсяму чалавецтву».

Што ж датычыць фармальных заваёў сімвалізму, дык было б проста неразумна іх адмаўляць, і было б нават недаравальна таму самаму Багдановічу не пераняць таго-сяго ад сімвалістаў і не пастарацца, арганічна засвоіўшы, перасадзіць гэта тое-сёе на толькі што ўзараную беларускую глебу. У свой час і нам даводзілася пісаць пра гэта, тлумачачы, чаму Багдановіч, пры частковым знешнім падабенстве з сімвалісцкай практыкай, ніколі не быў і нават не мог быць сімвалістам, бо ў нашага паэта, у адрозненне ад сімвалістаў, была пад нагамі менавіта трывалая глеба — сацыяльная і нацыянальная глеба, было ўсведамленне гістарычнай перспектывы, думка аб узвелічэнні роднай літаратуры і роднага народа.

Ну а цыкл «У зачарованым царстве»? Ці трэба зноў і зноў паўтараць, што ён не сімвалісцкі і не дэкадэнцкі? Не, нам пара ўжо ісці трошкі далей, пара паглядзець на яго больш канкрэтна.

Справядліва піша А. Лойка, кажучы пра нашу крытыку, што «вершы з міфалагічнымі вобразамі і параўнаннямі [яна] разглядала не ў кантэксце ўсяго цыкла, а вырваўшы з яго. У Багдановіча яны — паэтызацыя сутыкнення чалавека са светам прыроды, калі яна над ім панавала. З імі як працяг раскрыцця тэмы яднання чалавека з прыродай Багдановіч паставіў іншыя вершы, у якіх паказаў, як чалавек ужо ўзняўся над прыродай, адчуў яе хараство, супаставіў яго са сваім грамадскім становішчам і г. д.». Нарэшце, нарэшце мы зрушыліся з месца! А. Лойка, на нашу думку, у асноўным правільна зразумеў задуму Багдановіча ці, дакладней, адзінства яе. Удакладняем таму, што, разам з прызнаннем прынцыповай навізны поглядаў А. Лойкі, не падзяляем, аднак, шмат якіх яго акцэнтаў у вытлумачэнні задумы цыкла. Акцэнты гэтыя мы лёгка выявім з прыведзенай цытаты, на жаль, адзінай цытаты, якую нам давядзецца скарыстаць, бо А. Лойка, выказаўшы сапраўды цікавую думку, чамусьці не паклапаціўся яе развіць больш канкрэтна і шырока, а адразу перайшоў у сваёй гаворцы пра Багдановіча да іншага, хоць і цікавага, але не звязанага з цыклам. Прыгадаем яшчэ, што ў пачатку свайго даследавання, увогуле характарызуючы праблематыку вершаў паэта, звязаных з тэмай роднага краю, А. Лойка мімаходзь і зноў жа слушна зазначае, што цыкл «У зачарованым царстве» з’яўляецца «першымі спробамі падгледзець самабытнае і непаўторнае ў родным краі».

Здзіўляюча заканамерны ў сваім творчым узыходжанні Багдановіч. Лесуны, вадзянікі, змяіныя цары — колькі ўсім гэтым ужо займалася этнаграфія! Але ж Багдановіч не этнограф, ён паэт. I вось этнаграфію ён робіць паэзіяй, робіць разам з маладой літаратурай заканамерны якасны скачок. Здавалася б, што тут незвычайнае, што незразумелае, чаму гэта трэба прымаць як «дэкадэншчыну», як збочванне з прамой дарогі літаратуры? У Багдановіча часта будзе так: ён ідзе разам з усімі, але тым часам ці наперадзе, ці трохі збоч. Заявіць жа ён нечакана ў 1915 годзе, што «беларускіх вершаў у нас няма, ёсць толькі вершы на беларускай мове»! Заявіць адразу пасля свайго ж прызнання, што літаратура наша за нейкі дзесятак год прайшла шлях, які адбіў так ці інакш усе блуканні еўрапейскай мастацкай думкі на працягу цэлай сотні год. Парадокс? Магчыма. Але хіба парадокс не форма развіцця думкі, не адна, урэшце, з форм развіцця і самой літаратуры?

Архаіка і навізна перапляліся ў Багдановічавым цыкле. Але яна палемічная нейкая, загадкавая, гэтая архаіка, у ёй няйначай чуецца выклік — ну, канечне, тут дэкаданс! Як было падумаць іначай!

Багдановіч уключае цыкл у зборнік «Вянок», той «Вянок», якому ўласцівы найашчаднейшы адбор з усяго, што створана паэтам, той «Вянок», якому, як мала з каторых зборнікаў у гісторыі літаратуры наогул, уласцівыя строгая гарманічнасць, сімфанічнасць пабудовы, — ён адно цэлае, адно дыялектычна цэлае. Цыклы спрачаюцца паміж сабой — у часе, у жанры, у стылі, у тэмах, у метадах паказу адзінкавага і цэлага і — адначасова дапаўняюць адзін аднаго, не суіснуюць, а жывуць.

Цыкл «У зачарованым царстве» — адно з аконцаў гэтага цэлага. Аконца, праз якое паэт зазірнуў у свет. Для Багдановіча жыццё, свет ніколі не існавалі разарванымі, абмежаванымі нейкім суб’ектыўным момантам, для яго не існавала «кавалачкаў жыцця». Вось, дарэчы, яшчэ адно з істотных адрозненняў Багдановіча ад мадэрністаў.

Міфалогія — толькі першая цагліна ў яго пабудове, яе падмурак. Адсюль паэтава думка ўзнімаецца вышэй, ідучы тым часам і далей.

Адам Ягоравіч, бацька, піша «Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў». Для этнографа паганства — гэта сапраўды перажытак, рарытэт на фоне сучаснага яму жыцця. Этнограф суадносіць з сённяшнім днём, паэт з кавалкам таго, што некалі было цэлым, творыць гэтае цэлае ў прыналежным яму часе, творыць па законах, што некалі былі ўласцівыя гэтаму цэламу.

А. Лойка, нам думаецца, памыляецца, калі піша «пра паэтызацыю сутыкнення чалавека са светам прыроды, калі яна панавала над ім». Справа ў тым, што ў Багдановіча ў дадзеным выпадку прынцыпова няма больш-менш адасобленага чалавека, як гэтага непазбежна патрабуе «сутыкненне». Ён, наадварот, піша пра прыроду, якая ўключае сабе чалавека нароўні з лесуном, вадзяніком і г. д. і якая проста не дарасла яшчэ да чалавека.

Скажуць: але ж і вадзянік, і лясун — спараджэнне чалавечай фантазіі. Што ж, справядліва. Толькі ж, разам з тым, гэта спараджэнне хоць і паэтычнай, але бездапаможнай фантазіі, якая моцная нутраным адчуваннем, але не аналітычнай здольнасцю, якая толькі і робіць чалавека чалавекам. Мы, вядома, абвастраем праблему. Ніжэй мы ўбачым, што яе, здаецца, абвастрае і Багдановіч.

Звернем увагу вось на што. Той жа лясун — бажок, у нейкім сэнсе творца і хавальнік таямніцы, але ў Багдановіча ён не ў стане асэнсаваць тое, творцам і ўвасабленнем чаго лічыцца. Як, урэшце, і старажытны чалавек не ў стане асэнсаваць створанае ягонай фантазіяй.

Давайце паглядзім, як малююцца паэтам міфалагічныя персанажы. Думаеце, яны адчуваюць радасць ад таго, што ўвасабляюць сабой нешта цэлае — вядома, адносна цэлае, бо побач з лесуном ёсць яшчэ вадзянік і інш.?

Брыдзець, пахіліўшысь панура,

Лясун на раздоллі дарог.

Абшарпана старая скура,

Зламаўся аб дзерава рог.

Гэта лесавік з аднаго верша. А вось з другога.

Ўсё дзіка, пустынна імшыцца.

Агністая спёка стаіць.

На моху між спелай брушніцы

Лясун адзінокі ляжыць.

Каравая моршчыцца скура,

Аброс цёмным мохам, як пень,

Трасе галавою панура,

Бакі выгравае ўвесь дзень.

А вадзянік? У той жа танальнасці, тымі ж фарбамі абмаляваны і ён. Тут ужо нават сам ён гаворыць, і не проста гаворыць, а скардзіцца.

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай

I гадамі грэюся — сплю на дне ракі.

Твар травой аблутаны, быццам павуцінай,

Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.

«Панура», «дзіка», «пустынна», «адзінокі» — вось тыя словы, якімі характарызуе створанае ім царства паэт. Паныласцю і няўклюднасцю патыхае ад яго, і ўсе гэтыя вадзянікі, лесуны — не багі, не бажкі нават, а ахвяры, што знемагаюць пад цяжарам таго, што павінны несці ў сабе і ўвасабляць. Думкі, думкі, усведамлення сябе саміх і прыроды праз сябе — вось чаго не хапае ім! I гэтая іх туга, іх паныласць — усё ад таго ж. Гэта як бы пакутлівае прадчуванне думкі, няпэўнае жаданне яе і немагчымасць да яе падняцца. I таму іх лёс — нейкая страшная, жахлівая бяздзейнасць, жывёльнае ў самым сапраўдным значэнні гэтага слова існаванне. (Памятаеце вы ва Урубеля карціну «Пан»? Змрок, хмызы, а ў хмызах аброслы, сівы Пан. Чуйна і няўцямна прыслухоўваецца да нечага. Збоч таямніча, дзіка праразаецца месяц. I такая туга, пакута ў вачах, у якіх вось-вось, здаецца, адаб’ецца нешта асэнсаванае і разумнае.)

Не, паэтызацыі сутыкнення чалавека з прыродай, яднання з ёй якраз і няма ў Багдановіча. Калі і ёсць у яго паэтызацыя, дык паэтызацыя таго чалавека, якога хочуць і не могуць «празарэць» вадзянік ці лясун.

Значыцца, чалавек усё ж ёсць? Так, ёсць, але ён не «персанаж» у Багдановіча. Чалавека, па сутнасці, няма, ёсць думка аб ім.

I як ні дзіўна, ні парадаксальна — гэта «думка» саміх «бажкоў». Але затое наколькі па-мастацку ўражлівая гэтая думка!

I ні паэтызацыі, ні яднання з прыродай, такім чынам, няма, ёсць страх перад ірацыянальным, зусім не дэкадэнцкі страх «рацыяналіста» Багдановіча.

Як бы двайную задачу вырашае сваімі міфалагічнымі вершамі Багдановіч: дападае фантазіяй да змрочнага, хоць і па-свойму паэтычнага свету паганства, да першаасноў вобразнай творчасці і па-філасофску ставіць, вырашае пытанне аб «законнасці», «благодатности» розуму, таго розуму, з якога знушчаліся і здзекаваліся дэкадэнты, ды ці адны яны толькі!

Бо калі ўжо бараніць Багдановіча ад дэкадэнтаў, дык трэба бараніць сур’ёзна, на ўзроўні ягонай думкі. Інакш нам давядзецца «абяляць» яго, як гэта робіць, напрыклад, адзін з даследчыкаў Багдановіча, — тым, што, маўляў, лясун у паэта пададзены на рэалістычным фоне асенняга пейзажу, што «паэт дасягае поўнай злітнасці міфалагічнага вобраза з асноўным рэалістычным фонам». Дзіва што! Лясун жа сам — прырода!

Толькі — досыць. Паглядзім лепш, куды ідзе далей паэтава думка, адштурхоўваючыся ад уласна міфалагічных вершаў.

Багдановіч будуе цыкл на прынцыпе паступовага ўзыходжання ад ніжэйшага да вышэйшага, ад хаосу да гармоніі. Гармонія, яе мажлівасць падаецца праз чалавека — не праз таго паганскага чалавека, які, па сутнасці, не выдзяляе сябе з прыроды, а праз чалавека, надзеленага дарам сузірання і, такім чынам, выдзеленага гэтай сваёй здольнасцю з прыроды. Праблему розуму Багдановіч заканамерна звязвае з праблемай асобы. Вось тут, на новым этапе, і пачынаецца ўжо тое, што можам назваць і сутыкненнем чалавека з прыродай, і паэтызацыяй яе.

Пераходны, па-свойму цэнтральны верш у цыкле — «Бура». Гэта як бы масток ад паганскага хаосу да ўпарадкаванага, так сказаць, успрымання з’яў прыроды сучасным чалавекам, успрымання, упарадкаванага менавіта сузіраннем. Супрацьпастаўлены, збліжаны па кантрасту два погляды на адну і тую ж з’яву.

Панурая, вялізная жывёла

Па шыры неба ўдаль марудна праплывае.

Ўсё сціхла. Але вось паветра рассякае

Агністы меч і зіхаціць вясёла.

Ударыў ён — і грукат пракаціўся;

Мігае грозны меч, удары не сціхаюць,

I ўніз халодныя бічы крыві сцякаюць,

А людзі кажуць: гэта дождж праліўся.

Паэтызацыі тут яшчэ няма, ёсць проста канстатацыя рознасці ўспрымання. Ці, можа, дэпаэтызацыя «нармальнага» ўспрыняцця? («А людзі кажуць: гэта дождж праліўся».) Але давайце не будзем спяшацца рабіць з гэтага высновы. Ход думкі Багдановіча не канчаецца на гэтым, Звернем тым часам увагу вось на што. Бура, навальніца персаніфікуецца Багдановічам у трагедыйнае па сваёй сутнасці дзеянне. Чалавек жа гэтай трагедыі не заўважае, яна па-за ім, яна не ў ягонай сферы ўспрымання. Чалавек пазбаўляе трагедыю трагедыйнасці і простым прызнаннем «дождж праліўся» ўпарадкоўвае хаос, які варожы яму сляпой бязмэтнасцю, адсутнасцю ўсялякай «маральнай» ацэнкі. Бо агністы меч, з-пад якога сцякаюць «бічы крыві», «зіхаціць вясёла»! Бо вецер з другога, безназоўнага верша, які ідзе адразу за «Бурай», разнёсшы хмары, што «зліцца жадалі», «над смерцю іх радасна вые»!

Але, можа, чалавек, адмаўляючы «трагедыйнасць» прыроды, тым самым страчвае магчымасць суперажывання з ёй? Не, Багдановіч, «рацыяналіст» Багдановіч так не думае. Чалавек, выдзеліўшыся з прыроды, не страчвае здольнасці разумець і слухаць яе, адчуваць сябе яе душой і думкай, пры гэтым зусім неабавязкова, каб настрой прыроды супадаў з настроем чалавека, каб чалавек, яго духоўны свет быў простым адбіткам жыцця прыроды.

Ў чарцы цёмнай і глыбокай

Плешча, пеніцца віно;

Хмелем светлым і халодным

Калыхаецца яно.

I хістаецца асока,

I шуміць высокі бор,

А ў душы не замаўкае

Струн вясёлых перабор.

«У чарцы цёмнай і глыбокай плешча, пеніцца віно» — гэта паэтычны вобраз возера, гэта сама прырода, эстэтычна асэнсаваная, гэта хаос, падпарадкаваны і пераўтвораны дадзенай яму формай. Вось чаму «светлы і халодны» хмель прыроды трансфармуецца ў душы чалавека ў «струн вясёлых перабор».

Свет прыроды мае свае вымярэнні, сваю перспектыву і аб’ём, свой верх і ніз. Ён рухомы, як думка, і адухоўлены, як пачуццё.

Блішчыць у небе зор пасеў;

У полі — рунь і ў небе — рунь.

Да рэчкі лецячы, узляцеў

Між імі марай белы лунь.

Чалавек імкнецца да зліцця з прыродай, але не да растварэння ў ёй. Ды апошняе і немагчыма, бо чалавек жа перш за ўсё асоба, надзеленая пэўнай духоўнай аўтаномнасцю.

Знічка коціцца агністаю слязой,

Прашумела мякка скрыдламі сава;

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расце трава.

«З прыродай зліўшыся душой», чалавек не перастае чуць і бачыць, не перастае аналізаваць свае адчуванні, але гэта не перашкаджае яму мець задавальненне і радасць ад «зліцця»: наадварот, менавіта элемент асэнсаванасці і аналізу надае ягонаму судачыненню з прыродай высокі эстэтычны і духоўны сэнс. Якая вялікая, невымерная розніца паміж тым, як зліваецца з прыродай лясун, не могучы ні асэнсаваць, ні адчуць гэтага зліцця, а значыць, не могучы мець ад яго ніякай радасці, і паміж тым, як далучаецца да прыроды чалавек, адчуваючы сябе яе душой і думкай!

Мы бачым цяпер, што нічога загадкавага, экзатычнага, тым больш дэкадэнцкага, няма ў міфалагічных вершах Багдановіча, якія зусім не былі для яго самамэтай. Не проста паэзіяй паганскага светаадчування захапіўся ён, а выказаў на яго аснове і з яго дапамогай надта сучасныя для яго, надзённыя і глыбокія думкі. Не паганства было ягоным ідэалам, а гарманічна развітая чалавечая асоба, надзеленая здольнасцю чуйна ўспрымаць прыгожае ў прыродзе і ў свеце.

Загрузка...