Адчуванне значнасці сваёй місіі — гэта тое, што пастаянна жыло ў ім. Не, ён не строіў з сябе ні прарока, не мысліў сябе ні цэнтральнай фігурай, ні настаўнікам, што паказвае, як дзецям малым, дарогу ў светлае царства тым, хто па кволасці сваёй духоўнай даверыўся яму. Проста ён добра ўсведамляў, што ягоныя веды і ягоныя здольнасці найбольш прыдадуцца тут, на Беларусі, на радзіме, думку пра якую ён, юнак, выпеставаў у сваім сэрцы ўдалечы ад яе. Надта дарагой цаной заплаціў ён за сваю мару, такімі пакручастымі, далёкімі шляхамі ішоў ён да радзімы, прыглядаючыся дарогаю да чужых набыткаў і скарбаў, што было б недаравальным цяпер, заваяваўшы права быць беларусам, супакоіцца на гэтым прыемным і, што казаць, нават гордым адчуванні. Я дасягнуў свайго, няхай цяпер зробяць больш за мяне! Не, так якраз ён не думаў. Толькі, толькі сцвердзіўшыся як паэт («дэкадэнт» — той-сёй гаварыў пра яго), гаспадарскім вокам аглядае ён нешырокі яшчэ загон літаратурнай нівы. Што загон нешырокі — гэта яму з ягонай ваколіцы лепш, чым каму іншаму, відаць. Дык што ж рабіць яму? Пастарацца не заўважаць гэтага, каб не расхалоджваць сябе і другіх, тых, у каго веры, можа, менш, чым у яго, а сумненняў, адпаведна, больш? Потым — яму ж могуць сказаць: а хто ты такі, каб крытыкаваць парадкі ў нашай хаце? У нас хоць беднае ўсё, ды сваё. Мы людзі простыя, да дэкадэнцкіх штучак мы не прывыклі. Ну і што ж, няхай кажуць. Ён, Багдановіч, нягледзячы ні на што, беларускі паэт — і гэтым усё сказана. Ён не будзе ні знявервацца, ні спакушацца лёгкімі перамогамі. I ён не хоча, каб імі спакушаліся іншыя. Столькі працы наперадзе! Столькі нявырашаных задач! Цвярозая ацэнка і вера. Толькі гэта трэба цяпер. Менш «мясцовай» пыхі, смялей позірк наперад і часцей позірк назад.
У 1911 годзе Багдановіч піша артыкул «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1910 г.».
Перш за ўсё для яго важна вызначыць, што літаратура сапраўды мае на сваім рахунку на сённяшні для яе дзень. Ці намнога пасунулася яна наперад у параўнанні з мінулымі гадамі? Год, пра які піша, Багдановіч лічыць у пэўнай ступені пераломным. Ён лічыць, што колькаснае накапленне літаратурных твораў і літаратурных імёнаў пачынае нарэшце пераходзіць у якасць. «Аднакалёрная» маса пісьменнікаў, найчасцей паслядоўнікаў Багушэвіча, тых, што знікалі амаль бясследна пасля аднаго-двух твораў, пачынае адслойвацца ў «глыбы» — прыходзяць пісьменнікі яркіх, акрэсленых індывідуальнасцей, а «ўсякі выясніўшыся, абасобніўшыся пісьменнік хоць бы праз адно гэта стаіць на крок уперадзе пісьменнікаў-аднаднёвак, вабіць іх сваёй яркасцю, як аганёк матылькоў, і, прывабіўшы, гуртуе вакол сябе, творыць літаратурны кірунак». Багдановіч, не ўжываючы тэрмін «прафесіянальная літаратура», гаворыць, па сутнасці, менавіта пра яе, пра змену літаратурнага аматарства літаратурай з пэўным мастацкім і ідэйным кірункам. Выпрацоўка самастойных мастацкіх каштоўнасцей — вось у чым ён бачыць мэту літаратуры, не адзіную, вядома, мэту, а, бадай, адну з найважнейшых, бо ў ажыццяўленні яе літаратура толькі і можа выявіць як магчымасці самой мовы (тады гэта важна было), так і здатнасць самога народа да самабытнага духоўнага жыцця. Час, калі беларуская літаратура «не толькі свайму народу, але і ўсясветнай культуры» панясе свой дар, — для яго самы жаданы час. Пра гэта, праўда, ён напіша праз тры гады, у чарговым сваім аглядзе «краснага пісьменства».
Той-сёй можа падумаць, што Багдановіч недаацэньваў пры гэтым сацыяльнай, грамадскай ролі літаратуры. Сапраўды, ён не рабіў у сваіх аглядах надта моцнага акцэнту на гэтым яе прызначэнні, але ж, трэба думаць, не таму, што не надаваў яму ўвагі, а таму, што ў такой акцэнтоўцы недахопу не было, што сацыяльныя, грамадскія матывы і без таго былі галоўнымі, ледзь не адзінымі ў ранняй творчасці і Купалы, і Коласа, і шмат яшчэ каго. Багдановіч гаварыў пра тое, пра што не гаварылі ці забываліся гаварыць іншыя. Выдзяляючы з новай плеяды паэтаў Купалу, аддаючы належнае яго грамадзянскім памкненням, захапленню «вобразам прападаючай Беларусі», Багдановіч чакае ад яго, аднак, большай мастацкай рознабаковасці, больш шырокага і арганічнага выяўлення ўсіх складанасцей жыцця. Вось чаму ён з задавальненнем зазначае, што «талент Купалы ўзрастае, пашырае круг сваіх тэм і ўжо не галосіць (ці — лепей — не толькі галосіць), а ўжо павявае смеласцю, жыццёвай сілай і пагардай». Праз тры гады ён не абмінае сказаць, гаворачы пра Купалу, прыкладна тое ж: «З радасцю бачым, што талент Купалы развіваецца, з’яўляюцца новыя мэты, новыя спосабы творчасці, новыя формы і вобразы. Не толькі нядоля нашай вёскі ды нацыянальныя справы Беларушчыны цікавяць яго. Ужо і краса прыроды, і краса кахання знайшлі сабе месца ў яго творах».
Думка гэтая, надта цвярозая і своечасовая думка, уяўлялася Багдановічу настолькі важнай, што ён вяртаецца да яе і ў вершы:
Кінь вечны плач свой аб старонцы!
Няўжо за цёмнай ночкай ты
Не бачыш, што глядзіцца сонца
Ў люстэрка — месяц залаты?
Не перабольшваем, але трэба была вялікая пераконанасць у высакародным прызначэнні мастацтва (у тым ліку і грамадскім), вялікая любоў да самога мастацтва, каб сказаць гэта, бо ва ўсе часы для чалавека па-сапраўднаму сумленнага, самастойнага ў поглядах існуе небяспека быць незразуметым і заўсёды ёсць небяспека, што яго назавуць адсталым, калі ён не падзеліць разам з усімі празмернага, а таму часта і няшчырага, моднага, захаплення той ці іншай добрай і карыснай думкай.
Смешна было б даказваць высакародства грамадскіх памкненняў Багдановіча, а вось тое, як па-сапраўднаму даражыў ён імі, як баяўся ўсякага, нават несвядомага апашлення іх, падкрэсліць трэба. I як жа меў рацыю Багдановіч! Тыя, хто раней спяваў і плакаў пад Багушэвіча, неўзабаве пачнуць «плакаць» і «заклікаць» пад Купалу і Коласа — і якраз у той час, калі і Купала і Колас будуць вырашаць новыя (і вырашаць па-новаму) грамадскія і мастацкія задачы. А ўспомніце, якім жыццёва важным стане неўзабаве пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пераадоленне традыцыйных «нашаніўскіх» канонаў і матываў, тых канонаў і матываў, тых стылёвых і жанравых нормаў, якія паспелі ўжо стаць пад той час безадносна літаратурнымі і нават эпігонскімі.
Так, Багдановіч меў рацыю. Яму нельга адмовіць у шырыні і глыбіні погляду на літаратуру. Часовае, надзённае не засланяла яму галоўнае. Літаратура для яго значыла надта многа, прынамсі, дастаткова для таго, каб бачыць яе карысць, яе грамадскую функцыю перш за ўсё ў яе мастацкім самавызначэнні, у самавызначэнні яе, як адметнага, найвышэйшага роду чалавечай дзейнасці. Літаратуры, якой за дзесяткі год належала прайсці шлях, які іншыя, больш развітыя літаратуры праходзілі у лепшым выпадку за стагоддзе, нішто не магло пашкодзіць так, як аднабаковасць мастацкіх ці грамадскіх захапленняў і сімпатый. «У нас кожны кірунак можа мець цэннасць», — вось што кажа Багдановіч. Менавіта так, у сувязі са своеасаблівымі задачамі беларускай літаратуры, якія вынікалі з яе маладосці, можам мы правільна зразумець Багдановіча. Пры гэтым нам не трэба баяцца, што Багдановіч для каго-небудзь будзе выглядаць ледзь не прыхільнікам «чыстага мастацтва», якім ён, вядома, ніколі не быў. Зразумець адметнасць пазіцыі Багдановіча — наш абавязак. Урэшце, гэта і мера нашай павагі да яго. Вось чаму нам не трэба «прыхарошваць» Багдановіча, нібыта абараняючы яго, баючыся, каб не зразумелі не так, як трэба, яго пазіцыю. А. Лойка, напрыклад, аналізуючы ў сваёй кнізе пра Багдановіча ацэнку паэтам зборніка Купалы «Гусляр», спыняючыся на тым месцы, дзе Багдановіч піша, што зборнік «не вызначаецца асаблівай глыбінёй і надзвычайнасцю», што ў ім часта перапяваюцца «старыя грамадзянскія», «горкаўскія матывы», чуюцца «водгукі так званага мадэрнізму», прыходзіць да высновы: «Строгі крытык, ён патрабаваў не перапеваў ужо сыграўшых сваю грамадскую (падкрэслена мною. — М. С.) ролю песень, а ўзлёту новых, нечуваных яшчэ, а таму яшчэ больш грамадскіх дзейсных, наступальных песень». «Абараняючы» Багдановіча, А. Лойка як бы не хоча зразумець Багдановіча, знарачытага акцэнту яго думкі. Ён хоча абараніць і Багдановіча, і Купалу адначасова, заўважаючы тым часам, што «справа са „старымі матывамі“ была куды складаней, чым гэта ў сваім аглядзе паказаў Багдановіч».
Добра, дапусцім, што так, але ж і справа з Багдановічам куды складаней, чым гэта паказаў А. Лойка. Багдановіч, сапраўды, не супраць «новых» грамадзянскіх матываў, але вось што важна і што, па сутнасці, падкрэслівае крытык: адных грамадзянскіх матываў яму, крытыку, мала. Калі ён піша пра «смеласць», якой павяваюць лепшыя вершы зборніка, дык мае на ўвазе не толькі грамадзянскую смеласць, а і смеласць мастацкую, арыгінальную распрацоўку новых тэм і матываў. «Ужо і краса прыроды і краса кахання знайшлі сабе месца ў ягоных творах» — вось за што, як вядома, хваліць Багдановіч Купалу ў другім сваім аглядзе, згадваючы наступны паэтаў зборнік «Шляхам жыцця». Багдановіч, як бачым, паслядоўны. Не заўважыць гэтага, не заўважыць акцэнту яго думкі нельга. А да чаго ж яна, гэтая думка, зводзіцца ў А. Лойкі? Калі ўважліва прачытаць яго, прасякнуцца ягонай логікай, дык выйдзе, нібыта Багдановіч патрабаваў нейкага простага паднаўлення старых «грамадзянскіх матываў». Састарэлі адны — падавай новыя, «нечуваныя яшчэ», «яшчэ больш грамадскі дзейсныя, наступальныя». А тыя, «сыграўшыя сваю грамадскую ролю», — у архіў. Можа, не так хацеў сказаць А. Лойка, але аб’ектыўна ў яго выйшла так. I Багдановіч у яго стаў падобны на вульгарна-сацыялагічнага крытыка.
Думка Багдановіча — важная думка, яна не страціла каштоўнасці і на сённяшні дзень.
I сёння мы яшчэ недастаткова клапоцімся пра тую сапраўдную дзейснасць мастацтва, якая ва ўсебаковым, арганічным выяўленні яго магчымасцей, у яго жыццёвай паўнаце, ва ўсведамленні таго, што для мастацтва няма забаронных тэм, што выхоўвае яно не простай ілюстрацыяй тых ці іншых думак і ідэй, а сваім чалавеказнаўчым пафасам і, урэшце, сваімі пошукамі прыгажосці, сцвярджаючы ці адмаўляючы пры гэтым — усё роўна.
Літаратура, несумненна, і выхоўвае і вучыць, але, здаецца нам, толькі тады, калі застаецца літаратурай у арганічным сэнсе гэтага слова. Прызначэнне літаратуры перш за ўсё — даследаваць жыццё, даследаваць адпаведна сваім, закладзеным у ёй законам.
Багдановіч на самым пачатку сваёй творчасці разумеў гэта. Ён хацеў, каб гэта зразумелі і іншыя. Надта блізка да сэрца браў ён усе праблемы маладой нашай літаратуры, надта хацеў ён, каб з найбольшай карысцю для нацыі, для «ўсясветнай культуры» ішла яна сваім паскораным, бяспрыкладным крокам.
Вось чаму Багдановіч пастаянна вучыцца сам і вучыць іншых. Творыць і аналізуе. Аналізуе і творыць. I пастаянна трымае руку на пульсе літаратурнага працэсу.