Мой франтавы таварыш Курт Вонегут


У дзяцінстве кожны вечар перад сном я марыў, як забіваю свайго найлепшага сябра. Во як. З цягам часу мае начныя ўявы запоўнілі аголеныя жанчыны, але ж ад васьмі да трынаццаці гадоў я, вечар пры вечары, метадычна і мэтаскіравана забіваў свайго найлепшага сябра Андрэя Кузьменку. Я забіваў яго стрэламі з пісталета, няспешна ды канчаткова, з кіслым смакам шкадобы ў роце, які напоўніцу кампенсаваўся слодыччу выкананага абавязку, што расцякалася недзе ў сярэдзіне жывата...

Трэцяя сусветная падгрэбла да свайго лагічнага завяршэння: мы іх сцёрлі ў кіслы яблык. У маіх думках усё збольшага выглядала, як тое прапаноўваў фільм «Тэрмінатар»: лазеры, бластэры, пакарабачаныя кібаргі і непераможаныя мы. Я ўжо паспеў добра паваяваць, і калі ўсе пераканаліся ў маёй адвазе, пасярэдзіне вайны мяне прызначылі быць контрвыведнікам. Мой жа найлепшы сябра пацёгся крывой дарожкай запраданца.

Чаму дзеля гэтай нехлямяжай ролі я абраў менавіта яго? Па-першае, я быў пэўны, што толькі мой найлепшы сябра, які ўсё разумее і амаль усё ўмее, дасць рады гэткай складанай ды пакручастай ролі.

Па-другое, мая падсвядомасць неяк так зветрыла, што гераічныя мары, здзяйснення якіх прагнула ўсё маё нутро, вымагалі годнай ахвяры, а чалавек, уганараваны меншым паводле значнасці тытулам, чым «Найлепшы сябра», іх мог задаволіць наўрад.

Фінальная сцэна разгортвалася на лётнішчы еўрапейскага аэрапорта. У маёй галаве старэнькая сядзібка «Менска-1» загрыміравалася пад штосьці васальна-малюпацкае, зласліва-варожае: пад галандскае або заходненямецкае прадмесце. Мой найлепшы сябра скраў стратэгічную мапу Гомельскай вобласці і цяпер мерыўся пераможна адымчаць яе ў Нью-Ёрк. Перад вылетам ён да такой ступені разняволіўся, што яшчэ ў салоне мерседэса апрануў скураны плашч цэрэушнага афіцэра. Здраднік горшы за ворага, таму са словамі:

«Ты мне быў сябрам!» — я смаляў Андрэю ў жывот, і той ляцеў носам у хмызы (адкуль яны там, на лётнішчы?). Мроячы гэта, я цалкам разумеў, што лепшага сябра ў мяне не будзе давеку, аднак я без ваганняў паўтараў забойства кожную наступную ноч.

Мае мроі забіць найлепшага сябра былі крышталёва чыстымі, як гаўняшкі немаўляці. Я забіваў сябра гэтак часта, што адшліфаваў уяву да звінячай дасканаласці: дастаткова было легчы і заплюшчыць вочы, як стужка майго фільма закручвалася самохаць і ва ўсіх ранейшых дэтальках пачынала наноў разыгрывацца ідэальна дапасаваная трагедыя. Я засынаў з усмешкай на твары.


***


Аднак забойства не было апафеозам маіх фільмамараў. Да таго ж гэта быў цэлы серыял. Вось ён я, на амерыканскай зямлі са сваёй баявой сяброўкай (відаць, прамацеркай усіх тых аголеных дяўчат, якія потым у падлеткаўстве напакуюцца ў мае мроі): нам па дваццаць аднаму, і мы, яшчэ нават не паспеўшы пераапрануцца ў цывільнае, у шараговай нью-ёркскай школе на бездакорнай ангельскай вучым амерыканскую дзятву расійскай мове. Дарэчы, у сваім школьніцтве я не сумняваўся, што самі мы вучым ангельскую якраз для ваенных і да іх падобных мэтаў — інакш начорта ўсе гэтыя выдыганні з: «Pass me your money please! Саn I have your watch?» — нашто нам словы, якія ніколі не давядзецца прамаўляць, калі яны не будуць гучаць у загадным рытме, якому, не раўнуючы як настаўніцкая ўказка, дапамагае калашнікавая руля?

Я лічыў, што выкладаць амерыканятам расійскую мову ў першыя пасля перамогі дні — звышважна. Дзеці ж ні ў чым не вінаватыя і прагнуць сапраўдных ведаў: праўдзівай матэматыкі, праўдзівай біялогіі і такой сама хіміі. Праўда возьме сваё, нягледзячы на тое, што раней ім дзяўблі, што добрае — гэта дрэннае і наадварот. Я думаў, што амерыканскім дзецям трэба адно як след усё патлумачыць, зрабіўшы гэта на самай правільнай мове свету — расійскай. Пасля гэтай уявы мне таксама спалася соладка.


***


У 1960–1980-я гады ў СССР была такая завядзёнка: на святы школьнікі дасылалі паштоўку з віншавальнымі словамі якому-небудзь былому франтавіку з іншай рэспублікі. Майму дзеду, які прайшоў Сталінград, такую паштоўку даслаў адзін школьнік з Уфы. Віншаванне пачыналася словамі: «Вітаю цябе, мой франтавы таварыш!». Дзеда гэты зварот моцна развесяліў, і гісторыю з лістом башкірскага хлопчыка ён распавядаў потым шмат каму. Мяркуючы па частаце яе паўтарэнняў і па ягоным заўсёдным смеху, гэтая гісторыя апынулася сярод тых нямногіх ударных жартаў, якія цешаць і мацуюць чалавека праз усё жыццё, ды якіх за ўсё тое жыццё будзе штук дзесяць–дваццаць, не больш. У мяне самога назапашана колькі такіх хвацкіх показак, напрыклад, пра аднакласніка Юру Лібмана, які на загад фізрука прыйсці ў школу з лыжамі — прывалок санкі, а стоячы з імі пры пастраенні, апраўдваўся, што папросту на лыжах не ўмее.


***


Тады, у дзяцінстве, я выдатна ведаў, што, калі б дых перацяла патрэба, дык я, не вагаючыся, аддаў бы жыццё за двух людзей: за свайго дзеда, а таксама за Леніна, калі б той быў жывы.


***


Дзед быў добрым дзедам і бацькам. А вось мужам ён быў горш не прыдумаеш: здрады з рознымі жанчынамі ды іншыя збытныя прыкрасці і непрыемнасці. Намучыўшыся, бабуля яшчэ ў маладосці развялася з ім, што ў тыя часы лічылася нечувалым скандальным учынкам. Дзед жа да глыбокай старасці — ужо пабраўшыся другім шлюбам — працягваў бурліва ліставацца са шматлікімі каханкамі, дасылаючы ім палкія прызнанні і сякіятакія грошы. Перад самай смерцю дзед сказаў маёй маці: «Алачка, ведаеш, старасць — такое паскудства! І калі хто пачне цвердзіць, што яна, у параўнанні з маладосцю, мае свае плюсы, — плюнь таму чалавеку ў твар!»


***


А вось ніжэйшае на адзін абзац выслоўе таксама прагучала незадоўга да смерці прамоўцы. Падчас Карыбскага ракетнага крызісу ўсё зямное людства, кажучы метафарычна, з уласнай ініцыятывы пашыхтавалася край Вялікага Каньёна і здранцвела слухала тлумачэнні сусветных лідэраў, якія, тыцкаючы пальцамі адзін у аднаго, навыперадкі палка выкрыквалі, з нядобрай ласкі каго з іх зараз усё людства разам павінна скочыць у бездань. Дык вось, тое выслоўе, якое прамовілася неўзабаве пасля той глабальнай мізансцэны:«Нашы праблемы створаны чалавекам, і, знакам тым, развязаць іх таксама зможа чалавек».

Аўтар — Джон Кенедзі. Ён прамовіў гэтыя словы студэнтам Вашынгтонскага ўніверсітэта за шэсць месяцаў да ўласнай смерці. Ну, я губляюся ў здагадках, на якога чалавека намякаў у гэтым выказванні ананімны Кенедзевы спічрайтэр: можа быць, на самага вядомага ў свеце менчука Лі Харві Освальда?


***


Дзяцінства прамінула ў Менску, ля дзіцячай чыгункі, названай у гонар партызана-падрыўніка, работніка чыгуначнага дэпо Канстанціна Заслонава.

Не хаваю, катацца па чыгунцы, якая носіць імя чалавека, чыім заняткам сталася рамантаванне цягнікоў, а потым іх падрыванне, было трывожна. На той чыгунцы пад наглядам дарослых працавалі дзеці: дзеці-машыністы, дзеці-кандуктары, дзеці-праваднікі, а станцыю атачаў парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў — такі сабе дзіцячы лес. Згэтуль я зрабіў выснову, што паміж хваінаў парку знойдуцца таксама дзеці-падрыўнікі, якім дарослыя прачыталі кароткі, але змястоўны курс бомбабудавання і рэйкаразбурэння.

Недалёк ад дзіцячай чыгункі разлеглася кінаімперыя «Беларусьфільм»: павільёны і шырэзныя пляцы былі проста набіткаваныя вайсковай тэхнікай ваенных часоў. Аднойчы падчас чарговай несанкцыянаванай экскурсіі мне, малому га(лава)рэзу, аднаму з усёй пачэснай хеўры, выпала трапіць у прыхапкі вартаўніка.

Я не быў маруднейшым за сваіх сяброў: проста сярод гарматаў, каркасаў танкаў і самалётаў я заўважыў карэту з разьбянымі вокнамі і блазанскай жоўтай афарбоўкай, якая, пэўна, брала ўдзел у здымках якогасьці дзіцячага фільма. І вось замест таго, каб уцякаць ад пагоні, складзенай з пасінелага ад брэху тузіка і пары адтаптаных — халявы па зямлі — кірзавых ботаў, я сшэрх спасярод гэтага трыумфу бутафорскасці. Мяне схапілі ды некуды павялі: я валачыўся, сцяты ў запясці шурпатай клюшняй і ахутаны парамі амаль адчувальнай на дотык лаянкі. Але ж мне было на гэта напляваць. Хай забіраюць, хай міліцыя, хай дзіцячая калонія. Цяпер мне было ўсё роўна, бо ў маіх скронях пульсавала прыкрае адкрыццё: «На гэтай кінастудыі здымаюць не толькі пра вайну, але і ўсялякую лухту».


***


Нядаўна я наладзіў для сябе самога рэтрасеанс прагляду сваіх дзіцячых мараў. Гэта неяк спантанна атрымалася: маленькія трагедыі дарослага, вечар і крыклівая адсутнасць людзей, за якіх ты гатовы вокамгненна аддаць сваё жыццё. Паколькі ў дзяцінстве я выкшталтаваў свае ўявы да дасканаласці, то хутка адшукаў іх у памяці і паставіў на «плэй» улюбёныя сцэны з забойствам на лётнішчы ды выкладаннем рус’язу ў нью-ёркскай школе. Плёнка сям-там пасціралася, абрысы маёй сяброўкі адпаведна з цяперашнімі эталонамі прыгажосці змяніліся, але збольшага ўсё засталося на месцах. Трохі адстаронена гледзячы даўкае настальжы, я раптам звярнуў увагу на адну дэтальку. У апошнія моманты жыцця мой сябра, амерыканскі запраданец, быў апрануты ў храбусткі плашч афіцэра СС, які тады мне падаваўся цэрэушным.

Але гэта яшчэ трэць бяды, бо абгледзеўшы сцэну ў амерыканскай школе, я раптам заўважыў, што і сам я, як і маё тадышняе, на ўсё жыцьцё каханне, таксама апранутыя ў трохі зацяганыя, але вельмі скураныя і вельмі фашыстоўскія мундзіры афіцэраў СС! Вядома ж, у іх сярпастыя малаткі ў пятліцах, толькі што я, спадкаемны бээсэсэрчук, не адрозню эсэсаўскай вопраткі ад савецкага мундзіра?!

Зразумела, у падставе гэтай аблуды найперш быў эфектны фасон. Так атрымалася, што ў паваенных фільмах пра вайну, пакуль савецкая і амерыканская форма часоў Другой сусветнай заставалася такой, як была раней, фашыстоўская з фільма ў фільм рабілася ўсё больш моднай ды выкшталцонай. І што самае цікавае — той апгрэйд форме ўчынілі не немцы (пасля вайны яны наагул палічылі за лепшае не здымаць фільмаў пра вайну), тут збольшага ўвіхаліся кіношнікі краінаў-пераможцаў: галівудскія кінастудыі і беларусьфільмаўцы. Камедныя галіфэ пад нажніцамі спрактыкаваных менскіх і санта-барбарскіх касцюмераў спакваля ператвараліся ў штаныэлегант, а нацысцкіх арлоў, здавалася, сталі выштукоўваць з чыстай плаціны — гэтак яны зіхцелі ў кадры; да таго ж сцэнары парадкаваліся такім ладам, каб кожны другі нямецкі вайсковец апынаўся глянцавана-смаляным эсэсаўцам. Такім чынам, фашыстоўская лёгкая прамысловасць маіх мрояў проста не хацела адставаць ад сусветнай моды і з ног да галавы абшывала прывідных персанажаў паводле сучасных стандартаў.

А на парэшту хачу рашуча зазначыць, што асабіста я не вінаваты ў жахах вайны, якая адбылася — слухай, свет, уважліва — яшчэ да таго, як я нарадзіўся. Пане мой Божа! Я нічога благога не зрабіў і з гэтага не маю намеру занурвацца ў комплекс уласнай віны ці нешта падобнае. А калі да мяне залішне прычэпяцца, дык я, дарослы зямлянін, скажу настоеную на стагоддзях і правераную шматсотгадовым досведам рэпліку: «Fuck you all! /Ды ідзіце вы ўсе!...» Цікава, каго мараць забіваць дзеці цяпер?

Загрузка...