Амаль

пераймаючы Этгара К.


Дапусцім, сусветнавядомы хімік Барыс Кіт не вынайшаў свайго цуд-паліва для касмічных ракетаў. Не нарадзіўся на гэты свет увогуле ці пайшоў іншым прафесійным шляхам: напрыклад, улёгся ў гандаль кактусавай расады ці прыступіўся да распрацоўкі бензапілак для пазногцяў — не важна. Адно адгэтуль вынікае пытанне: ці паднялася б касмічная ракета ў паветра пры такіх умовах? Бо, бачыце, у чалавецтва нават без хіміка Кіта нешта-нейкае было: бензін, газа, салярка. Сякія-такія распрацоўкі, кшталту вугалю або торфу. Таму варта дапусціць, што касмічны карабель — хай сабе нехлямяжа, з дрыгаценнямі, — але ўсё ж уздымаецца, і — можа быць, не так шпарка, як хацелася, — аднак ляціць. Так, вядома: на кожныя сто кіламетраў у яго выдаткоўваецца на якія дзве тоны літраў паліва больш і на другую ступень ён пераходзіць не адразу, а толькі мінуўшы якую-небудзь стратасферу. Аднак, далібог, зоркі пакрысе бліжэюць.

Пойдзем далей: дапусцім, людзі не вынайшлі тытанавых сплаваў — дык навалам алюмінію, чыгуну ўрэшце. Так, няма гэтых бліскучых тумблераў з проціўдарным шклом, нікеляваных пускачоў і яркіх чырвоных кнопак. Аднак з лёгкасцю перабудзем без пластыку ды іншых зіхоткіх збыткоўнасцяў. Згода: касмічны карабель спакваля пачынае нагадваць шараговы аўтамабіль — хіба нестандартны памерамі, — што імчыцца па вертыкалі, у якім тваю хуткасць і ўсё астатняе паказваюць не камп’ютарныя датчыкі, а звычайныя спідометры і механічныя паказчыкі ўзроўню алівы.

Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з адмысловых цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну, вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку тэфтэлек — не будзе такога. Маем адмысловую кансерву ў зубы, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансаровы нож, на чыім дзяржальне па-майстэрску выгравіраваныя дробныя зоркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны зоркалёцік і прыўдалае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.


Дапусцім, я сустрэў не цябе, а іншую жанчыну. Бо, бачыш, нават без цябе ў мяне яўна маглі быць сякія-такія варыянты. Яна амаль як ты, досыць нішто сабе такая. Нешта-нейкае ёсць жа. Яна, можа, не надта эфектная, але вельмі эфектыўная. І ўсе сябры, якія бачаць нас разам, пагаджаюцца: я зрабіў слушны выбар. Больш за тое: калі мы з ёй няспешна ідзем па вуліцы, дык на нас заўжды азіраюцца — мы, можа, не самая прыгожая пара, але дужа гарманічная. Ці, хутчэй, азіраюцца на нашых дзетак. Так, я забыўся: у мяне нарадзіліся ад яе дзеці-анёлы, якія ўвогуле па-за паскудствамі дарослых разбораў.

Ды што тут дадаць: усё, усё ў норме — я ж увогуле не ведаю, што ты існуеш. І ў нас не адбылося гэтага пякучага расставання, бо не было наагул уцешнай сустрэчы. Усё нармальна: я бадай ніколі не плбчу ад любасці, калі гляджу на спячую жонку.


Дапусцім, што касмічны карабель — усё гэтае прадпрыемства з кансаровымі бляшанкамі і роварнымі насосамі для напампоўкі свежага паветра — з грахом напапалам адарвалася ад зямнога прыцягнення і цяпер мае на мэце скарыць Месяц.

Усё шэрае, грувасткае. Тушаніна з кансароўкі вытрыбушылася і дурным метэарытам лунае ў бязважкасці, а тлушч бязлітасна пэцкае абабітыя вагонкай сценкі карабля, а таксама касманаўцкае трыко. Рухавік карабля люта дрыгаціць — ажно ў зямляніна крыху спыняецца сэрца. Мёртвым ухопам учапіўшыся ў чорную абаранку руля, касманаўт умываецца потам і агаляе торс, бо карабель, пазбаўлены нявынайдзеных кандыцыянераў, напаліўся да беласці. Праз недасканаласць замкоў — яны навясныя — прабіліся сякія-такія шлюзы, і ў задніх адсеках плёхаецца адкрыты космас... Аднак, па вялікім рахунку, жыць, а дакладней ляцець, можна.


Дапусцім, ты на нейкім этапе таксама знаёмішся з іншым хлопцам: паўгоду вы сустракаецеся, яшчэ год жывяце разам і ўрэшце вы з ім жэніцеся. Увогуле ён станоўчы чалавек, у меру прыгожы, можа, і не да канца табе падабаецца, але — ат, сыдзе, і не робіць табе ніякіх праблемаў. Табе з ім някепска, спакойна. Калі б я сустрэў яго на вуліцы, дык абавязкова забіў бы, ці, прынамсі, зламаў нос. Але я і думаць не думаю пра яго — як, дарэчы, і пра цябе, — бо, бачыш, мы ж адно аднаму чужыя людзі.


І вось на сваім недасканалым караблі касманаўт усё ж да Месяца дапяў. І ён ужо гатовы расчыніць нагою шлюз, каб выйсці на паверхню, як раптам яму прыходзіць да галавы, што здзейсніць гэта няма ў чым. Памятаеце, мы ж сказалі, што ў нашым караблі ўсё будзе трошачкі горш, на ўзровень ніжэй? Дык вось, у гэтай выдуманай рэальнасці, трохі горшай рэальнасці, адпраўшчыкі касмічнага карабля забыліся вынайсці скафандр. Ну, ясная рэч, у іх было столькі праблемаў: з тарфяным палівам ды з іншымі нягеглымі прыстасаваннямі. Тыя адпраўшчыкі, можа быць, нават паспрабавалі вынайсці які бартавы кампутар, але ў іх ні халеры не атрымалася. І за гэтымі ўвіханнямі і змарнаваным імпэтам яны дазвання забыліся на вынаходніцтва такога, па сутнасці, простага аксэсуара, як герметычны скафандр. Рукі не дашлі да рэчы, без якой, пагадзіцеся, скараць Месяц досыць нязручна і недарэчна.


У давяршэнне няшчасцяў у ббках скончылася тое звычайнае паліва, якога выдаткоўвалася ўдвая больш, чым калі б у іх залівалася тое, якое мог бы вынайсці Барыс Кіт. Далёт назад яўна адмяняецца.

Дапусцім, неяк пасярод усяго гэтага майго жыцця я сустракаю цябе. На вуліцы, у чарзе, у Наваградку, у Мюнхене, у Нью-Ёрку, на любой нічыёй тэрыторыі, поўнай ідэальна чужых людзей. Яны ідуць насустрач няспыннай масай, а абапал ходніка кішыць машынамі драпежная Сцыла дарогі і навісаюць Харыбдай шэрыя хмарачосы.Так, ведаеш, найхутчэй у Нью-Ёрку.


Я ўбачыў цябе — і мяне прашывае нейкая такая бліскавіца, аднак я не парупіўся нічога зрабіць: я спісваю сваё захапленне табою на алкаголь, які я толькі што ўжыў у слановых дозах, ці на сваю творчую экзальтаваную натуру, пра якую пры любым няўдалым павароце майго жыцця заўсёды любяць нагадваць мае сябры. «Асобам творчага характару патрабуецца пэўнае кіраванне». Ты таксама пазіраеш на мяне і хочаш пазнаёміцца, але і сама не дужа ведаеш, што трэба сказаць мне, за што зачапіцца.

Ратунку няма. Сумота касманаўта ў захраслым на Месяцы міжпланетным тарантасе не падобная ні да чаго. І нават не будзем параўноўваць яе з усімі гэтымі фільмамі пра сапсаваныя падлодкі, дзе экіпаж цэлы фільм чакае ўратавання і на экране паказваюць, як праяўляюцца іх найлепшыя пачуцці: спагада, лагода, чуллівасць. У процівагу падводнікам касманаўт адзін душою, ды ніхто ж не збіраецца здымаць яго на кінастужку. Ён беспрытульна гойсае па адсеках, між чатырох сценаў, усё роўна як шукаючы іншых чальцоў экіпажа, у якіх ён змог бы паплакаць на плячы ці прынамсі паказаць фотку сям’і. Усё астатняе таксама яўна не кажа на карысць параўнання захраслага на Месяцы карабля з загрузлай на дне акіяна падлодкай: ні табе рыбаў, якіх можна праз ілюмінатар убачыць, ні табе тарпеды, якую можна пусціць дзеля спагнання сляпой злосці. Раз-пораз касманаўт няўзнак блямкаецца лабацінай аб чыгунныя сценкі ракеты і раз’ятрана пляжыць нагамі катамаранныя педалі ў кабіне пілота.

Адно добра — радыё на Месяцы хоць і не вельмі, але працуе. Яго ж для чалавецтва вынаходзілі двойчы: расіец Папоў і італьянец Марконі, і таму прынамсі ў гэтым плане касманаўту пашэнціла. Касманаўт дасылае на Зямлю паведамленне: так і так, дастаўце, калі ласка, на Месяц паліва і скафандр...

Ці варта казаць, што адпраўшчыкі ракеты на Зямлі ў недалікатнай манеры, уласцівай гэтай недасканалай версіі быцця, адпраўляюць касманаўта яшчэ далей і прыпячатваюць, што другога касмічнага карабля няма і гадоў -наццаць не будзе, бо абсалютна ўсе сілы чалавецтва былі кінутыя на гэты першы. Больш за тое: ім абсалютна не ясна, як касманаўт увогуле дапяў да Месяца, бо праз недасканалыя дасягненні нашай цывілізацыі ад яго чакалі ну, максімум, пару віткоў вакол Зямлі і якога траўматычнага звароту напаследак. Што да скафандра — як высвятляецца, яны ўвогуле не ў курсе, што значыць гэтае слова.

І не ведаем, ці варта дабіваць касманаўта звесткамі пра адсутнасць флікераў. У крыху горшым свеце апошнія хвіліны касманаўта будуць азмрочаныя ў простым сэнсе гэтага слова: ён будзе пазбаўлены нават гэтай дробнай асалоды — у сваёй нікчэмнай бляшанцы-караблі любавацца адлюстраваным бляскам зорак.


І вось для мяне і цябе, якія ўчэпіста ўперыліся адно ў аднаго позіркамі на нью-ёркскай вуліцы, наспявае час размінуцца, як усякім міжсобку незнаёмым людзям. І ў самую гэтую хвілю старэчы голас з усходнееўрапейскім акцэнтам гучна прапануе нам купіць расаду для кактусаў. Я запавольваю крок: на хісткім століку вулічнага дзівака стракаціць усё-ўсялякае: тэлефонныя слухаўкі з уштукаванымі ў іх невялічкімі тэлевізійнымі экранамі, мініяцюрныя рускія печкі, што паляцца шчэпкамі і могуць змясціць усярэдзіне дробныя бутэрброды ці невялікую талерку катлетаў. Ты таксама падышла і пасміхаешся, гатовая рассмяяцца. Мы зноў побач. Я ліхаманкава шукаю вачыма, за што б зачапіцца на дзядоўскім стале, каб разгаварыцца, але нічога такога, пра што можна спытаць. «Божа, хоць што-небудзь!» — прашу я ў думках. Але адзінае, што мне ўдаецца прыдумаць, гэта ўдавана гучным, разлічаным на публіку тонам спытацца:

«А, можа, у вас яшчэ, дзеду, і бензапіла для пазногцяў ёсць?» «Ну так, якраз на днях вынайшаў!» — адказвае ўсходнееўрапейскі дзядок і да майго здзіўлення і радасці выграбае са свайго зборнага майна мініяцюрную скрыначку, якая чымсьці нагадвае гільяціну для пальцаў. Твае вочы шырока расплюшчваюцца, як у дзяўчынкі, якая толькі што ўбачыла фокус. Ты шчыра рагочаш і нават нечакана па-сяброўску ляпаеш мяне па плячы. Мы нарэшце пазіраем твар у твар, вочы ў вочы, а ты падаеш руку і сур’ёзна кажаш: «Воля».


Тым часам касманаўт пры поўным парадзе — без скафандра, але ў блакітнай лётчыцкай пілотцы і трыко, з голым торсам і кансаровым нажом у кішэні — робіць свой першы, яўна не самы дасканалы, крок па Месяцы.

Загрузка...