Бетэльгейзіянскія хронікі


1. Робат-міліцэйскі


У вітрыне крамы «Тавары для дома» стаяў міліцыянер. Вядома ж, то быў робат, бо жывыя хатнія міліцыянеры ў нашу кібер-эпоху ўжо даўно зрабіліся анахранізмам.

— Возьмем крэдыт і купім, га? — умольна прапанавала Таня, гледзячы на новую ўніформу робата. — Ці, можа, разаб’ем на плацяжы?

Толік адказаў насупленым маўчаннем.

— Толік! — працягвала наступаць Таня. — Мы ж з табою гэта ўжо абмяркоўвалі!

І каторы раз паўтарыла правераную гадамі жыццёвую мудрасць:

— Прыватная машына — новая ступень свабоды, а хатні міліцыянер — новая ступень парадку.

Прадавачка, хмурная не раўнуючы як Толік, разгавелася толькі дзякуючы гэтаму кранальнаму відовішчу — з’яўленню маладой пары, што робіць у сямейнай гаспадарцы свае першыя нерашучыя крокі:

— Ну, на свайго першага міліцыянта мы з мужам назбіралі, калі нам было па дваццаць пяць, — разгаварылася яна, і яе твар нечакана аквеціла ўсмешка. — У нас тады нават кватэры не было: жылі ў дзвюх прыгнаных з Бетэльгейзэ іншамарках — ставілі ўпрытык адна да адной. А міліцыянер нам харошы трапіўся — уяўляеце, сам насіў у ДАІ квітанцыі нашых штрафаў.

На яе вочы мройнай пялёнкай нагарнуліся ўспаміны.

— Праўда, мы без кватэры і цяпер, — дадала прадавачка. — Хаця іншамарак ужо шэсць: мы іх паставілі ў тры паверхі. Ламінат у салоне наслалі і мэбляй абставілі.

Расчуленая прадаваччынай споведдзю, Таня трохі так тэатральна выгукнула:

— Жывуць жа людзі!

І потым больш прадметна дадала:

— Толік, чорт з той заначкай — хачу жыць па-чалавечы!

З даражэзнай пакупкай давялося змірыцца. Перад сыходам з крамы Толік набыў яшчэ запасныя батарэйкі і летняе абмундзіраванне — для свайго новага свойскага жандара.

Дома, толькі яго ўключылі, робат-міліцэйскі адразу ж пачаў шчыраваць: разагнаў электрашокерам несанкцыянаваную алкаголь-вечарынку, якую ў адсутнасць дзяцей ладзіў са сваімі сабутэльнікамі цесць Толіка. Потым разблытаў справу-«глухара»: куды губляюцца ўсе шкарпэткі пасля машыннага прання (падрабязнасці справы — аператыўная таямніца). Паралельна пры ператрусе робат знайшоў згубленыя колісь Таняй акуляры, а ў цешчы — порначасопісы на продаж. Наступным крокам робат-міліцэйскі пералавіў усіх мышэй і пацукоў і, начапіўшы ім флікеры, адпусціў на волю. Сям’я не магла нарадавацца новаму парадку.

Потым, за лужыну ў вітальні, пасадзіў на суткі Джэка. Сядзеў Джэк у імправізаваным КПЗ на антрэсолях, і Кацечка насіла (а дакладней шпурляла) туды Джэку перадачы: кілбаскі і «Беламор». Кілбаскі Джэк з’еў, а да пачка «Беламору» не дакрануўся: яго падзялілі міжсобку сукамернікі Джэка — суседка цётка Лізавета, што была запхнутая сюды за тое, што пастаўляла Толікавай цешчы на рэалізацыю порначасопісы, а таксама Кацеччына сяброўка па дзетсадзе Леначка, якая падчас гасцявання скрала ў Кацечкі Барбі.

Уначы з крыкам: «Устаць! З рэчмі на выхад!» робат выцягнуў Толіка з нагрэтага ложка. Таня збянтэжана праводзіла мужа прыспанымі вачыма. Робат-міліцэйскі завёў Толіка на кухню і пад святлом зыркай лямпы загарлаў зноўку:

— Адкуль марыхуана, гаспадару?

— Я не разумею, пра што ты.

— Так, гаспадару, я з табой дудукацца не буду, — узяў быка за рогі робат. — Кацечка і цесць ужо былі на допыце — гэта не іх рук справа. Так што мне засталося сказаць Тані, і тады табе гамон — жонка цябе поедам з’есць!.. Але паколькі ты мой гаспадар, — галасавы мадулятар робата дадаў у словы панібрацкіх інтанацыяў, — дык прапаную гешэфт: я адкалупваю рубільнік у сябе на панэлі, і стуль ніколі не буду больш выключацца, а наўзамен следства па справе «Пакупка і ўжыванне наркотыкаў» спыняецца.

Па вяртанні ў спальню Толік паклаўся і з палёгкай прытуліўся да цёплай жонкі, што праз сон замармытала штосьці няўцямнае. Раптам ступакамі Толік адчуў нешта не тое.

— Таня, а чаму ты спіш у ботах? — спытаў ён.

— Дык пасля твайго арышту я таксама стала рыхтавацца да выкліку на кухню, — адказала Таня. — Па справе паходжання непрацоўнай заначкі.

— Дурненькая! — Толік яшчэ мацней абняў жонку і ўсміхнуўся ў цемры. — Робат жа не звер: два допыты за адну ноч не агорае. — Ну, нічога, — ён слодычна пазяхнуў, — як разбагацеем, дык купім у дом мадэль з турбанадзіманнем, каб хадзіць на начныя допыты разам.


2. Нашто беларусам столькі іншамарак?


Пытанне вымагала годнага адказу. Усе трыццаць восем вачэй бетэльгейзіянца красамоўна глядзелі на Толіка. Ну не тое, што магла сарвацца ўгода — бетэльгейзіянцу ж прапанавалі панадную цану: тут была іншая справа, справа гонару. Не, далібог, людзі, нашто столькі іншамарак?

Толік, шчыра сказаць, пытання чакаў. І злёту зарадзіў пра тое, як ягоная родная планета колісь насіла назву Зямля, аж пакуль не з’явілася гэтая надрэлігійная, наднацыянальная звыш-ідэя «Чарка, Скварка, Іншамарка», якая прыйшла з маленькай усходнееўрапейскай краіны. Новая добрая вестка несла адказы на ўсе патаемныя пытанні ды, дасканала дапасаваная да руху людскіх душаў, нарэшце адпавядала ўсім глыбінным жаданням чалавецтва. Звыш-ідэя не супярэчыла ніводнаму чалавекалюбнаму вучэнню — адно дарыла яшчэ большае суцяшэнне і ўпырсквала ў галовы сваіх прыхільнікаў слановую дозу душэўнага спакою, ахінаючы кожнага чалавечка ўсеабдымнай літасцю і спагадаю.

Толік працягнуў і патлумачыў, як ЧСІ-ідэя пакрысе захапіла зямную кулю. Рэч у тым, што адэпты новай веры, дарогаю па іншамаркі, абсалютна натуральным чынам разносілі насенне новага вучэння па ўсёй Еўропе — прапаведуючы яго на справе. Цяпер нават немцы імкнуліся пакінуць межы сваёй краіны адно каб далучыцца да гэтай сакральнай працэсіі. Пасля поўнага злыбедаў і адкрыццяў падарожжа яны вярталіся дадому адноўленымі, адухоўленымі, з новай вераю ў галаве і сэрцы. А таксама з новай машынай, перакупленай у сябе саміх. Тое было цалкам новае нязнанае пачуццё: незямная весялосць, змяшаная з глыбінным веданнем сакрэтаў таемных спружын існавання.

Хрысціянскія святары, мусульманскія мулы, юдэйскія рабіны і будысцкія манахі ўдзень яшчэ мусолілі свае літургіі, але ўжо адвячоркам шчыравалі напоўніцу — перабудоўвалі бажніцы пад гаражы.

Да новай звышверы, што змяніла абрысы планеты і перайначыла контуры людскіх душаў, далучаліся ўсё новыя і новыя народы — аж пакуль урэшце планету не перайменавалі ў Беларусь.

Толік ужо не стаў пашырацца пра глабальныя зрушэнні на планеце: адно апісаў, як людзі завінуліся і зруйнавалі хмарачосы на Уол-стрыце адно дзеля таго, каб адляскаць мега-аграгарадок Новыя Гарлемавічы з двума гаражамі ў кожным дамку, а таксама пра тое, як па Міжземным моры прайшлася масіўная меліярацыя на палескі манер. Дарэчы, сам Толік быў індусам з горада Нью-Мінск (былы Бангалор), а ягоны бацька Раджэш Кутрапалі, сцяміўшы адкуль дзьме вецер, пасля нараджэння спадкаемца абдорыў яго чыста крывіцкім імем.

— Анатоль Раджэшавіч, усё гэта вельмі цікава, але, далібог не лахмаць бабулю — адкажы ўжо на простае пытанне: нашто так шмат іншамарак? — перабіў яго бетэльгейзіянец, знецярпліўлена кусаючы хвост. — Ясцё вы іх, ці што?

Выцягнуты з паўтрансу Толік усміхнуўся:

— Я адкажу табе, чужынец, усю праўду адкрыю, але гэта будзе каштаваць яшчэ адну іншамарку.

Разлік быў дакладны. За, можа быць, самую нашумелую таямніцу гэтага сектара Галактыкі цікаўныя бетэльгейзіянцы, не вагаючыся, гатовыя запрадаць нават родную матулю (хоць тых матуль у кожнага з іх усяго сем).

І таму ўжо праз якія дваццаць пяць хвілінаў пры выхадзе са знакамітых бетэльгейзіянскіх гаражоў Толік трымаў пад аброць адным духам на яго аформленага белага «мерына».

Хто вінен аддаць павінен. Асланяючы вусны рукой і зіркаючы некуды ў бок усюдыіснага неба (там у вышынях раскудлаціла сваю грыву Туманнасць Конская Галава) Толік нахіліўся і як на споведзі прашаптаў у трохкутную вушную адтуліну бетэльгейзіянца ўсю праўду пра лёс іншамарак на Беларусі.

Аёй жа! Учуўшы Толікавы прызнанні, ашаломлены, бетэльгейзіянец умольна стаў шукаць на твары беларуса абвяржэнняў. Не знайшоў — і з капылля далоў: раптам збялеў, захістаўся, прамармытаў што найбольш нагадвала ці то праклён, ці то малітву, неяк нетрывала пахіліўся, заплюшчыў усе свае трыццаць восем вачэй, затуліў хвост паміж ног ды ўрэшце ляпнуўся на зямлю не раўнуючы як пераспелы персікавун.


***


Назіраючы, як праз чарнільныя прасторы адкрытага космасу за ім паслухмяна імчыць табун з сарака патрыманых «Аўдзі», Толік пасміхнуўся сам сабе ў мерседэсаўскае люстра задняга агляду. Як вядома, моцнае, даведзенае да клінічных памераў, здзіўленне ўганяе прадстаўнікоў бетэльгейзіянскай расы ў стан незваротнага анабіёзу. Праз якія два– тры месяцы, не прыходзячы да памяці і вычарпаўшы ўсе ўнутраныя рэзервы арганізма, той іншапланетны аўтадылер — а ў Толіка на гэты конт не было ані найменшых сумневаў — склеіць дошчачкі, гэтак забраўшы пачутую таямніцу з сабой у магілу. Касмічны ветрык біў у ілюмінатар, а ў радыё прарваўся голас паплечніка, алжырца Мішаньчыка:

— А ці не зрабіць нам прывал на Месяцы?

Кавалькада перагоншчыкаў збочыла ў бок неўрадлівай камлыгі беларускага спадарожніка. Мішаньчык, вядома, ужо меў планы:

— Давай гэты джып, — зноў пачулася ў радыё ягоная прапанова.

Перагоншчыкі развярнуліся і хапатліва прыпусцілі наўздагон адной з «Аўдзюшак».

Патрыманы джып стаў быў уцякаць, віхляючы і кружляючы. Яго намагаліся ўтаймаваць жэзлам даішніка і чырвонымі выблісковымі маячкамі, але на шматразовыя заўвагі джып не зважаў — адно шалёным дзіком працягваў свае ўпірыстыя, але безнадзейныя ўцёкі. «Ну, сучына вымя!» — чужым голасам зароў Толік, і, дастаўшы лазерны кольт, пачаў смаляць па колах. Джып перакуліўся, потым яшчэ раз, трохі загарэўся (выбухаюць іншамаркі толькі ў кіно) і, патухлы, спыніўся пасярод месяцовага плато. З капота паваліла пара.

Толік падляцеў першы — атамнай нажоўкай адрэзаў кавалак ад дымлівых яшчэ шынаў. Чорная гума крыху апякала рот, і, па шчырасці, смак быў паскудны: з пылам, пяском, але ж гэтак смакавала ягоная паляўнічая перамога. Працягваючы жаваць, Толік запусціў руку ў кішкі джыпа і выняў адтуль яшчэ трапяткі прывадны пас. Перапэцкаўшыся ў счарнелую аліву, накруціў пас на палец — на манер таго, як накручваюць спагеці на відэлец — і таксама выправіў услед за кавалкам шыны. Гэтым разам было цалкам уежна.

Мішаньчык падскочыў неўзабаве, падстаўляючы рот пад мяшанку антыфрызу і кіпеню, што хвастала з днішча капота. Крыху апаліўшы тонкія вусны і смуглявыя шчокі, ап’янелы, алжырабеларус заплюшчыў вочы. На закуску лазерным мачэтэ вырубіў лапік абшыўкі з пярэдніх дзвярэй. Яшчэ дымлівы па краях ліст са скрыгатам знік у Мішаньчыкавай глотцы, выклікаўшы на твары ўсмешку праставатай задаволенасці. Мішаньчык зазначыў:

— Не люблю новыя іншамаркі — сала нагуляць не паспяваюць.

— Але тут самы цымус не перабольшыць, — заўважыў Толік, у якога на зубах хіжа храбусцелі заднія фары. — Калі пачне ржавець корпус, дык трэба як хутчэй на зарэз. Бо паўгода марудзіш — іржа змятае ўвесь каркас, і тады адзінае месца, куды можна затуліць іншамарку — да ваўкавыскага мясакамбіната на аўтатушонку.

— Ага, пускаць у ежу заржавелыя іншамаркі — гэта ўсё адно, што з галадухі набіць лантух прычэпам «Зубраня», — сказаў Мішаньчык і нястрымана зарагатаў.

Па-над імі, займаючы ледзьве не палову зорнага неба гіганцкай запаскай, навісала родная Беларусь. Толік прымружыўся, гатовы зуб даць, што амаль бачыць, як на яе пабітых меліярацыяй міжземнаморскіх прэрыях пры святле фараў гуртуюцца купкі такіх самых, як і яны, абцёрханых перагонамі і качавой жыткай, мужчын. У падзёртых скуранках, уцепленых клятчастых кашулях і залапленых джынсах каўбоі-перагоншчыкі самавіта служаць усяночную ля прыдарожных вогнішчаў. Вогнішчы шугаюць і кідаюць свае дагістарычныя блікі на мужчынскія твары, а на ражне, сцякаючы машынным тлушчам, накручвае кіламетраж асвежаваная туша «Фольксваген Гольфа».

Загрузка...