Сёння — лапта, заўтра — кёрлінг. Там, у алімпійскім камітэце, палічылі, што трэніровачныя базы і спартоўцы па ўсіх відах — немэтазгодна. Кракет, пола, даміно, гарадкі. Так, шчырая праўда: для начальнікаў краіны месца на п’едэстале — не раўнуючы пераможны бліцкрыг супраць Малдовы, аднак як мудра пастанавіў камітэт, для ўсіх гэтых нязначных відаў адной каманды — у самы раз.
Мы — зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту. Адна каманда, адзін трэнер, адна халера: кракет ці чукбол. Выязная спортбрыгада. 20–25 плячыстых на жывот і касцістых на язык барбудас, з фіналам еўрабачання замест эякуляцыі, гаражным сэксам з «аўдзюшкай» замест выходных. Звычайная васьмігадзінная піздзячка з працоўнай кніжкай і паўторкавымі запоямі. Спартовыя рознарабочыя, мы ніколі не ведаем, што будзе сёння.
— Тэк, зборнічкі, разабралі па клюшцы і аквалангу — і марш у аўтобус: сёння на Цнянцы чэмпіянат свету па падводным хакеі.
— А канькі?
— На чорта?
— Ну, дык хакей усё ж...
— Так, канькі... Дай гляну... Неа, у правілах канькоў няма: даеш нырца з чыгуннай клюшкай і закідаеш алюмініевую шайбу (Госпадзе, хто гэткія гульні прыдумляе?!) у плавучую браму...
— Лёнчык плаваць не ўмее.
— Заўтра ён будзе збіты і пазбыты заробку невядомым мужчынам перадпенсійных гадоў у чорнай масцы і трэніках нацыянальных колераў.
— Лёнчык па паскораным курсе ўжо навучыўся... А па гэтым, падводным, мы якое месца ў сусветным рэйтынгу?
— Якая вам розніца? 154-ае. Галоўнае, хлопцы, я тут глянуў, выйсці з падгрупы: разбамбіць абсалютных хакейных аматараў — сахарцаў. Зацяць дыхалку — але адужаць нічыйку з крэпкім сярэднячком Ватыканам. А гранды — кубінцы — лічы, у нашай торбе: тыдзень таму іх першы склад «негалоўкі» разам з клюшкамі, шайбамі і плавучымі брамамі — для баласту — па дне акіяна ў Фларыду рвануў. З імі можна змагацца: памятаеце, мы аж чатыры галы ім забілі, калі гулялі ў баскетбол. Усё, до трындоліць — марш у аўтобус!
Гэта Францавіч. Два гады да пенсіі. Галоўны трэнер зборнай Беларусі па негалоўных відах спорту. Колісь масажор у моладзевай зборнай па сапраўдным хакеі. Што ў яго ад мінулага — дык гэта памасажаваць цябе па рэбрах і хрыбціне, а потым спрытна накласці шыну з клюшак і ўмела патэлефанаваць у «хуткую». Што ад будучыні — дык нашае ўсё.
— Сёння, хлопцы, не дамо пудла: усё ж спаборніцтва па нашым нацыянальным відзе спорту...
— Скокі з шэстам праз балота? Спартовае жабраванне?
— Акадэмічны перагон іншамарак. Першынство Еўропы. Суперфінал: мы і літоўцы.
Кожнаму выдаецца па сто еўра і стратэгічная мапа Нямеччыны.
— Па сто?
— Убазарылі, па пяцьдзясят.
— Лёнчык кіраваць не ўмее.
— Хай прыгоніць матацыкл для майго ўнука. Толькі не «мінскач». «Мінскач» з Нямеччыны — не па-спартоваму. А па дарозе ўдарыце па прыўкрасных польскіх гарадках.
— Па польскіх гарадках? І «шэнгенку» дадуць? Супер, Лёнчык кажа, што ўжо ўзяў экстранныя курсы па кіраванні.
— Цудоўна, але Лёнчык зараз са здзіўленнем высветліць, што польскія гарадкі — гэта такі спорт. На чэмпіянаце свету вы там сярод галоўных прэтэндэнтаў. Бо адзіныя ўдзельнікі. Палякі ўвогуле адмовіліся гуляць у гэта, хоць самі тыя гарадкі і вынайшлі. Польскія гарадкі — вельмі займальны від спорту: ў ім нешта ад чараў гарызантальнага скалалазання і троху — ад прывабаў унітазакідання. Вам дастаткова толькі прыбыць у Гродна, які адзіны ва ўсім свеце не адмовіўся праводзіць гэтае спартовае мерапрыемства, і проста атрымаць там кубак. І, дарэчы, трафей застаецца ў вас навечна, бо стваральнікі гульні парываліся пераплавіць той кубак на алюмініевыя чушкі і закапаць у зямлю. Іх урад ужо вылучыў два мільёны злотых на сціранне гэтага віду спорту з калектыўнай памяці і гістарычных крыніцаў. Сённяшнім капітанам зборнай прызначаю Лёнчыка — у яго апошні працоўны дзень.
Увечары мы, чэмпіёны свету па польскіх гарадках, ачумелыя ад двайной змены, у рыгалаўцы на ўскрайку Горадні святкуем праводзіны Лёнчыка:
— Лёнчык, дык што за новая праца?
— Хлопцы, я цяпер легіянер.
— Клас: зайздросцім, але шчыра. Куды, у прафесіянальны?
— Не, двайніком да Бэн Ладэна. Усё як мае быць: поўны сацыяльны пакет, дваццаць восем дзён адпачынку на год, медстрахоўка і бясплатныя масты і каронкі.
— Лёня, якія масты, якія каронкі?! Там пасля аднаго працадня будзеш рэбры жалезнымі скобамі змацоўваць!
— Не трэба Лёнчыка мець за ідыёта — у кантракце ўсё прапісана: ніякай ваеншчыны. Бэна я замяняю толькі на парадах-нарадах, ну, максімум — на негалоўных тэлезваротах з пагрозамі чалавецтву.
Дарэчы, пра чалавецтва: яго ашчасцілі дзвюма зборнымі Беларусі па негалоўных відах спорту. Першая зборная — для гульняў на выездзе. Гатэлі, еўрасутачныя і агні вялікіх гарадоў. Мы не яна. Мы зборная Беларусі па негалоўных відах спорту для хатніх гульняў. Стылая дзвюхпакаёўка разам з ці то жонкай, ці то цешчай, з якой суткі за двое, і агні канфоркі.
— Патрабуецца дзевяць цягавітых беларусаў для фіналу еўралігі па класічных баданнях з танкам.
— Францавіч, не губі!
— Спакуха, хлопцы. Як там у паэзіі: «Беларусу — чалавеку і трактару»? Запыт перанакіравалі на МТЗ — хай чухаюць патыліцу яны. Але цяпер смехі набок: у Гішпаніі — чэмпіянат свету па баі быкоў, ад нашай краіны трэба два тарэадоры.
— Я не магу — у мяне месячныя.
— Хлопцы, не выдурняйцеся, тут жа галоўнае не перамога, а ўдзел. Чыста для птушачкі: пастаялі трохі на арэне, папрыручалі быка. А я за гэта зверху падчас паездкі дазволю не трымацца спартовага рэжыму: гішпанскае чарніла за мой кошт. Толькі перад карыдай просьба на грудзі не браць, а то будзе, як у мінулы раз, калі зборная Украіны праходзіла ўсю карыду на рагах. Дык што, хто едзе?
— Я не магу: у мяне, гэта, прабабуля пры смерці, на Чыжоўскіх могілках ляжыць.
— Паўтараю: Гішпанія — два чалавекі, давозка чалавека туды і транспарціроўка цела назад за кошт дзяржавы. Валік, ты як?
— Мяне няма.
— Паўтараю, падлы: Гішпанія — два труп... чалавекі — усё ўключана!
— Францавіч, у нас жа ёсць «замежка»...
— Зборная Беларусі па негалоўных відах для выязных гульняў не зможа паехаць у Гішпанію: яны ў Штатах у французскім рэстаране атруціліся кальмарным соусам на кубку свету па спартыўным шопінгу.
— Курвы!
— Хто сказаў «курвы»? Сашуня і Генік? Выдатна — нецэнзуршчына прыраўноўваецца да паднятай рукі. Значыць, вы абодва – марш у гішпанскае консульства па візы, астатнія – збіраемся ў Раўбічы: заўтра — адкрыццё чэмпіянату Еўразіі па скачках з трампліна на вярблюдзе. Паказальны выступ.
— Слухай, Францаявіч, як жа гэта магчыма – скочыць з трампліна на вярблюдзе?
— Ну, а як жа гэта можа быць немагчымым? Спярша вярблюда крыху прыструніў, ага, так, спусціўся да самага трампліна, раўнавагу трымаеш, нервы — у кулаку, і так сабе няспешна, далікатна, раўнамерна, па-нашаму бачком так трохі, крок-скок — і паляцеў...
— Францавіч, ты монстр!
***
Як нараджаецца галоўны герой? І ўвогуле — ці магчымы такі зорка-суперстар, новы-незацяганы, непракручаны праз мясарубку стагоддзя хх і вір яго напалмавых вечарынак? Наўрад. Тут жа патрэбны чалавечышча, чыя прага выжыць была б маштабнейшая за чэмпіянат Галактыкі па лыжных гонках на асфальце. Тут трэба звяруга, якога падчас выпрабаванняў торкае не менш за фіналіста спаборніцтваў па сумо на сланах. Які здолеў узяць усё гэта і, нахрэн перакуліўшы, здзейсніць першую беларускую рэвалюцыю. Тут і цяпер.
І вось, бачце: у шатні для тарэадораў два члены «негалоўкі», гэтыя нашыя эрбэшныя прэтэндэнты ў героі — Генік і Сашуня, за дзесяць хвілінаў да свайго гладыятарскага выхаду. А праўдападобней ужо адзін Генік, бо сапраўдны герой нараджаецца адно на самоце, так што Сашуня неяк выкруціўся і застаўся ўдома.
Дык вось — Генік цяпер у шатні, дзе шафкі-слупкі як гарызантальны груз-200 з трупамі ўсіх гэтых няўдах, якія былі да апошняга свайго бою перакананыя, што нарадзіліся з богавай барадой у правіцы, і па-дзіцячы верылі, што адораныя найвышэйшым блатам, які ёсць на небе, хай свяціцца імя яго. І перабывае наш прэтэндэнт у паўпрытомным стане пасярод паху змытай хлоркай крыві, няясна: людской ці бычынай — гэтак, на самоце, пакінуты паразважаць, што за гульня такая — гэтая карыда, і як з яе выкараскацца. Бо што б вам ні казалі настаўнікі ў школе камікадзэ, ацалеласць — адзіная неабходная ўмова для існавання ўсіх сапраўдных герояў. І яшчэ ў дадатак наш прэтэндэнт прыгадвае, што ўсе тарэадоры, нават мёртвыя, былі прыроджанымі гішпанцамі і нюхалі бычыную мачу з дзетсаду. А ён жа, Генік Качуня — дзіця балотаў і прапіскі: што ўвогуле ён можа цяміць у баі быкоў?
Або не, ведаеце, не. Ён не ў шатні. Ступакі Геніка, прэтэндэнта ў супермены, ужо парушылі роўнядзь пяску тарэадорскай арэны, а наўкола, злепленае ў адзін няўежны камяк, — палатно з пустых глядацкіх твараў. Перад Генікам — бык. За чырванаватай таніроўкай бычыных вачэй — капітанская рубка з нелюдзем, пазбаўленым літасці і мазгоў. Вось тут, сярод персанальнага халакосту і поўнага капца, як сцвярджаецца, і павінен нарадзіцца сапраўдны герой...
Ці ні хера не павінны, бо той Генік — гэта я! О, Божа, які кашмар! Ааааа!
Арэна, бык, я. Адчуваю, што жыцця маю секунд сем–восем. Яшчэ трохі — і шал гідкай плеўкай залепіць вочы. Зацыклены ў суцяшальную паўтаралку: «Мама-што-я-тут-раблюмама?» Пацею як снегавік у фрытурніцы.
І вось на 3.54 секунды свайго васьмісекундавага існавання, за колькі імгненняў да смерцяноснага рыўка, ЯГО рыўка на МЯНЕ, даю крок уперад і ніцма валюся перад быком у глухой паганскай малітве. Залаты цялок, садом і гамора — што заўгодна, абы жыць! А па калашынах бяжыць хваля гарачыні.
І тут бляск бычынага вока робіцца бялейшы. Гэта ўжо не крывавы Марс — гэта нязыркая бліскаўка Альдэбаран, мяшанка срэбра і ртуці, бель праўдзівага золата, увадначассе лагодны і сляпучы гузік. І дыхавічны голас:
— Ну, што, Вадаліў, напусціў ужо ў порткі?..
Бачу — пашча быка ненатуральна, але старанна растульваецца і сашчапляецца, вымаўляючы людскія словы. Ён дадае:
— Нашто ж так пераймацца? Нашто, Вадаліве, твае турботы і неспакой, твая крыўда і слёзы? Ты што, не ведаеш, смаркач, што літаральна ўсе мы зроблены з зор?
Я скручваю голаў і бачу, што мая левая рука неяк так без болю адлучаецца ад пляча і імкліва ляціць у неба. Шматкроць расце і шпарка аддаляецца ўвадначассе. Разумею, што ніколі яе больш не пабачу, нават калі буду брысці па яе ў патрэбным кірунку ўсё жыццё. Правая рука таксама адлятаецца, але крыху пад іншым вуглом. І тудысама — у зорнае бязмежжа. Потым чарга ног — яны,узнятыя ўгору, бязгучна стартуюць наўздым не раўнуючы як «Васток-1» і «Васток-2». Тым жа часам тая самая прыгода налучыла і быка: вясёлы выбух неўсцеражонай шампані — і яго цела крышыцца, дзеліцца на вялікія шматкі, што разлятаюцца ўгору шчаслівым каляровым феерверкам
Хто я цяпер? Гэта цяжка сказаць. Ці чалавек я? Ой, пэўна не. Мае канцавіны гэтак шалёна няблізка адна ад адной, а паміж імі — зорная бездань на мільярды светлавых эпох. Так, мае ногі, рукі і цела — зоркі. Няўежнае згусце матэрыі, тоны галактычнага пылу, урану, крэмню, марганцу ды іншай касмічнай дрэні. Не, дакладна: чалавекам тут не пахне.
А бык тутсама, у небе. Але цяпер у нас з ім няма варожы, няма больш забойцы, няма ахвяры. І ў прынцыпе, мы адзін аднаму — ніхто. Маўклівыя згуртаванні зорак, якім у роўнай меры займае мову перад манархавым абліччам касмічнай моўчы. Сузор’е Быка і сузор’е Вадаліва.
Дык я, значыцца, ёсць сузор’ем? Сузор’ем?! Тым вымысленым задзіночаннем сонцаў, якое існуе толькі ў выяўленні чалавека і складаецца з нічым не звязаных у рэчаісным свеце нябесных цел?.. Чорт яго ведае...
Я ёсць, але мяне не існуе. І гэтак я — абсалютна вымысленая сутнасць — кручуся, лунаю, гушкаюся, ці як там называецца дзеянне, якое я раблю ў гэтай бясконцай прасторы, дзе імгненне за год. А пада мною, сярод выдмаў і барханаў Зямлі, загрузаючы па калена ў пяску, аблізваючы губы ад саракагадовага гарадзенскага перапою, брыдзе вядомая ваўкалакам Францавічам зборная Беларусі па негалоўных відах спорту.
Першынство на прызы Майсея па спартыўным арыентаванні у сінайскай пустэльні.