Нават дыктатар не можа нічога парабіць з кратом. Гэтая сука (у сэнсе, крот) — проста чарнявая шэльма!
Насупраць пагорка, прыведзенага перад парадам у стан баявога кургана, на трыбуне туліцца гарант канстытуцыі, якога абляпілі: лампасы, народныя масы, паветраныя асы, фізкульт-папуасы. Усе як на шпільках — нават ветрык перад праходам танкаў баіцца падзьмуць неяк не так.
І раптам — ні стуль ні ссюль, пасярод акту нацыянальнага кучкавання — хто гэта так выкшталцона вынырвае з-пад зямлі, лянотна выпускаючы фантанчык нашага неўрадлівага суглінку? Увесь такі ў чорнай шапачцы і ў блішчастым ныральным строі з натуральных матэрыялаў? Ну, вось той, што паблажліва аглядае свет сонечнымі акулярамі гузікаўвачэй? Як клічуць гэтага андэграунднага персанажа, што пакідае сярод дасканалага смарагду пафарбаванай травы на пагорку раз, два, пяць, сто чорных воспін непарадку і непрыхаванага выкліку? Хто, халера яго не возьме, гэты кайфаломшчык?
А свята тым часам ужо незваротна сапсаванае: народныя масы замест каб сузіраць парадную веліч захапляюцца карцінным краціным нырцаваннем у дзёран. Паветраныя асы, пралятаючы па-над курганам, б’юцца аб заклад аб колькасці кучак на траве, і як вынік — б’юць на паваротах баявыя машыны. А здзеклівая жывёліна прыпускае далей — адпальвае па-мастацку: піруэты, па, нават патройныя сальты. Занураецца, вынырвае, таньчыць брэйк-дэнс, спалучаючы сінхроннае плаванне з фігурным коўзаннем. Сука-крот!
Лампасы ліхаманкава аналізуюць усе краціныя рухі, па-за шырмаю непрадказальнага паказальнага выступу шукаюць схаваны сэнс. Можа, гэтымі чорнымі партызанскімі вогнішчамі сука-крот пазначае іншаземным дэсантнікам пасоўнае месца для прызямлення? Ці, пры дапамозе зашыфраванага малюнка кучак, злівае касмічным акупантам каардынаты нашай Зямелькі?
Сука-крот — гэта табе не калабаранцкая мошка, памяркоўны каларадзец або бесхрыбетная тля. Яго не возьмеш голымі апыленнямі. Вынырвае там, дзе не чакалі, дае нырца туды, дзе не зловіш. Ведаеце што? Сука-крот нават горшы за суку-кляшча, бо вупыр шматгадовы.
І шырокапрофільны. Ссе ўсё запар: палеткі, працоўны час, нервы, спрадвечны гуманізм нашага народа.
Удых. І падземная цемра прыспаным космасам праносіцца абапал, пакідаючы галактыкі светлякоў далёка ззаду. У глыбіню: праз парваныя кабелі каранёў, цераз пакручастыя тунэлі і бясконцыя галерэі. Паўз спалоханыя позіркі іншых жыхароў падзем’я. І родзяцца мімохадзь дзёрзкія думкі, бліскавічныя пачуцці: нібыта гуляеш са смерцю на яе тэрыторыі і робішся навочным сведкам, як усё-ўсенькае па страваводзе матухны-Зямлі нясецца ўсё бліжэй да немінучай развязкі. А кіпцясцыя лапы не раўнуючы канцавіны птэрадактыля правяць гэты бліскучы і цмяны палёт. Нікога не асвятляць, не свяціцца самому, усё пры сабе, сам у сабе, воля.
Выдых. І чорная паласа заканцоўваецца, рассыпаецца ды ў непадрыхтаваныя зрэнкі джыгаюць тысячы сонцаў, што крышаць раёк і працінаюць мозг колючым болем. Аднак урэшце атрымліваеш тое, дзеля чаго ты і вяртаўся на паверхню, — не мог не вярнуцца: нагбом выпітая шклянка чыстага паветра.
Няма чалавека, які любіць суку-крата. Нават баба Маня, святая кабета, бабуля з адукацыі і па нараджэнні, якая во і пеўняў літасціва забівае ўдушаючым прыёмам абгорнутага вакол галавы вышытага ручніка, – нават яна, згледзеўшы на гародчыку чарнічную кірпу ў атачэнні земляных камякоў, хапае добра заіржэлы тамагаўк, жвава падскоквае да разрытай норкі, і абедзьвюма скурчанымі артрытам і шматвектарнасцю тутэйшай гісторыі рукамі пляжыць, пляжыць ўжо і так знявечаны дол. “Сука, сука, сука!..”
Ці забіла? Скулля!
У суботу-нядзелю, укленчыўшы, баба Маня засыпае просьбамі нябеснае адміралцейства, каб тое ўрэшце спісала на бераг суку-крата і суку-краціху з Ноевага авіяносца. У панядзелак яе малітвы пачутыя – на калгасныя нівы прыязджаюць пажарныя машыны і сорак дзён ды сорак начэй МНСнікі ліюць воду ў гэтыя бяздонныя шахты, у галавакрутныя лабірынты, што спраектаваў злы марыярці айчыннага падполля – на, на, на!
Вада сыходзіць, і на свет Божы выплываюць дзесяць трупікаў палёвак і пацукоў, парутройку — Сямёнычаў і Францавічаў, нават адна жаба лопнула ад такога напору. І хоць бы адна су... Стоп-стоп, а што гэта чарнее на траве побач? Гэта нажаль толькі ягоная чорная шапачка і сонечныя акуляры. Такі пазбегнуў праведнай адплаты: растаў як цукар, сука-крот, сплыў, уцёк, змыўся на іншы ўзровень.
Што сядзіць у мазгу гэтага пякельнага выпаўзня:
якая мудрагелістая машына,
якая макабрычная агрэгаціна?
Хто кіруе гэтымі неўтаймаванымі нічым паводзінамі?
Хто грае на генным аргане гэнага арганізма гэтакія пачварныя гімны?
Ад усіх тых шматлікіх пытанняў і вольнадумных тлумачэнняў у дыктатара торгаецца шчака ды з напругі страляюць коркі генералісімускіх эпалетаў. А баба Маня па-простаму, па-рабоча-сялянску, трапляе з інсультам у рэанімацыю.
Карэспандэнт: А зараз дамо слова кіраўніку службы аховы і па сумяшчальніцтве ўнуку бабы Мані. Таварыш службіст-унук, як вам удалося схапіць падземную пачвару?
Кіраўнік службы аховы: На тры-пятнаццаць І што характэрна на допыце ўсіх запрадаў, сука: яўкі, паролі, рыбныя месцы. Нават родны хвост.
Кар.: Што інкрымінуецца гэтаму запраданцу?
КСА: Вынаходства геены вогненнай, разбурэнне Пампеі, канструяванне калодзежа і ківача, усе забойствы на вуліцы Морг. І яшчэ
запішыце: баскервільскі сабака закончыў сваю спрынтарскую кар’еру ў грымпенскай дрыгве дзякуючы зламысна спланаванаму дзеянню (ці бяздзеянню) гэтай сукі.
Кар.: Запішам. Дык, дарэчы, дзе цяпер гэты чорны капач, хай тройчы будзе праклятае ягонае імя? У кампетэнтных сутарэннях?
КСА: Не зусім там. Як бы гэта вам сказаць, каб нічога не сказаць... Ну, вы самі ўсё цудоўна разумееце... Ён на іншым узроўні... У іншых вымярэннях Божыя дарогі нязведныя і вядуць углыб. Чакры і мантры, усё ахутана цемраю і акультнымі паходнямі. І ў дадатак ніхто з нашых пацаноў, ну хоць страляй, не разумее па-крацінаму, разумееце?.. Адным словам, допыт мы яму рабілі так бы мовіць... э-э, невербальна... э-э, дыстанцыйна... Наўслеп ідучы па лабірынтах крацінага мозга... Дэдуктыўную фантазію і крыміналісцкі вымысел ставілі ў галаву следства. Адным словам, мы патушылі ў канторы святло, запалілі свечку, ўсёй аператыўнай групай селі ў кола, узяліся за рукі, сказалі модлы, і дапыталі ягоны дух.
Вось жа: падагнаўшы бабе Мані ў больніцу апельсіны, а дыктатару ў рэзідэнцыю – невялічкае радовішча нафты, у жоўтай шапачцы лідара, у брыльянтавых sunglasses ад Армані, сука-крот няспешна сплаўляецца па Леце ў бок цэнтра зямлі. Без натугі той цэнтр мінае — і вуньдзе ён: злавесным антыподам набліжаецца да Аўстраліі. Трохі запыняецца на зямной паверхні і расце. Сука-крот ўвышкі з ранча, шматпавярховік, сіднэйскую тэлевежу. Дамарослым кінг-конгам паглядае на ўсё гэта і на ўсіх нас чыста рэальна зверху ўніз. І толькі тады стартуе ў неба: як тузік грэлку рве зямное прыцягненне, прастае лапакрылы і самавітымі ўзмахамі кіруе да зор, каб прасвідраваць у космасе дасканалую чорную дзірку, якая ўсіх нас і ўрое.