Энергічны голас за кадрам: Вам надакучыла падыходзіць ранкам да паліцы і бачыць на ёй ўсялякія-розныя шкарпэткі, з якіх у ніводнай няма пары?
Вам абрыдла, усё ж пайшоўшы на гешэфт з сумленнем ды нацягнуўшы чорную і чырвоную, мармытаць у гасцях нешта кшталту:
«У вас такая ўтульная вітальня, можна, я паем торцік тут?»
І Вам, амаль выпхнутаму ў гасцёўню, абрыдла гістэрычна крычаць гаспадарам:
«Паглядзіце ў акно, паглядзіце ў акно — там лятучы Памідораў!» — каб тым часам ліхаманкава скінуць боты і хуткастрэльна ўплішчыцца ў першыя-лепшыя тапкі дваццаць трэцяга памеру?..
Зазірнула сонца і ў Ваша аконца! Мы прапануем Вам рэвалюцыйны прадукт, які прынясе Вам душэўны спакой: гэта абсалютна фантастычны, унікальны набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!
У гэтым цалкам неверагодным наборы Вы знойдзеце ідэнтычныя, тоесныя, тыя самыя, — Божачкі, ды называйце як хочаце! — адным словам, дзве абсалютна аднолькавыя шкарпэткі. Толькі падумайце: два шкарпэткавыя асобнікі, якія адмыслова для Вас вынайшлі найвядомейшыя навукоўцы, выкарыстоўваючы найноўшыя фарбавальныя і вымяральныя тэхналогіі; шкарпэткі, якія ніхто не адрозніць ні па колеры, ні па памеры!
Спажывец: Незямная асалода! Вядома, я і раней падазраваў, што насіць шкарпэткі — кайф: яны так прыемна аблягаюць нагу, у іх гэтак утульна! Але з цягам часу я высветліў, што не ўсе шкарпэткі аднолькавыя. Рэч у тым, што я — піяніст, і ў мяне няма часу глядзець за нагамі. (Бягучы подпіс: Леапольд Швагер, піяніст). Не так даўно, выступаючы перад публікай, пачаў заўважаць, што жанчыны адварочваюць ад мяне позірк і нават пасміхаюцца. Я не мог зразумець, у чым праблема: прарэх жа зашпілены, парэзаў ад галення няма.
Я пазбыўся сну, пачаў зазіраць у бутэльку. Пакуль аднойчы сябар не параіў набыць набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©.
Цяпер маё жыццё цудоўна перамянілася:
жанчыны на канцэртах зноў пазіраюць у мой бок, а да мяне вярнулася ўпэўненасць. Не паверыце: цяпер я нават дазваляю сабе рэзацца пры галенні і не зашпільваць прарэха! Мала таго: часцяком апранаю пад фрак шорты.
Мужчына ў белым халаце з прабіркай у руцэ на тле хімічнай лабараторыі: Мы правялі сацыялагічнае апытанне пяці тысячаў чалавек і пяці тысячаў шымпанзэ ва ўсім свеце. (Бягучы подпіс: Вітольд Швагер, сацыёлаг). І ніхто з іх не адрозніў двух асобнікаў з набору «Аднолькавыя шкарпэткі»©. Ніводная жывая істота! Стопрацэнтны вынік. Гэта фантастыка! Я, як сацыёлаг і ўладальнік дзвюх дарослых ног, раю выкарыстоўваць у якасці шкарпэтак толькі набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!
Энергічны голас за кадрам: І гэта яшчэ не ўсё! Акрамя двух шкарпэткавых асобнікаў на любы памер і колер абсалютна задарма мы вышлем на Ваш адрас глянцаваную кардонку, якую прыемна разрываць, калі Вам захочацца ўпершыню атрымаць асалоду ад Вашага набора «Аднолькавыя шкарпэткі»©. Адваротны бок кардонкі можна выкарыстаць таксама ў якасці кардонкі-для-напісання-чаго-небудзь-на-ёй. І гэта яшчэ не ўсё: мы дашлем Вам стопрацэнтную капронавую нітку, якая трывалым чынам злучае два шкарпэткавыя асобнікі разам...
І нават гэта яшчэ не ўсё! Калі Вам захочацца чагосьці нязведанага, Вы можаце абсалютна лёгка і хутка памяняць шкарпэткі з нагі на нагу, бо нашыя шкарпэткавыя асобнікі выштукаваныя цалкам узаемазамяняльнымі і дасканала прымаюць форму любога ступака, на які насоўваюцца.
Мужчына ў гавайскай кашулі і аранжавых шкарпэтках: Здурнець можна!
Спажыўчыха: Раней мой муж з жахам чакаў канца прання, каб зноў не далічыцца некалькіх сваіх упадабанак. Але цяпер, калі я набыла пяцьдзясят выдатных набораў «Аднолькавыя шкарпэткі»©, муж больш не турбуецца: хай сабе колькі знікла ў чэраве машыны — усё адно маем яшчэ шмат абсалютна аднолькавых асобнікаў. Цяпер назіраць за машынным праннем зрабілася для мужа асалодай. У яго заўсёды добры настрой і на дваццацігоддзе нашага шлюбу ён нават падарыў мне карбюратар.
Энергічны голас за кадрам: Дасылайце на наш адрас усяго толькі 50 у.а. — і мы адымчым вам на дом фантастычны набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©, плюс шматмэтавую кардонку, плюс стопрацэнтную капронавую нітку. І ў дадатак: абсалютна дармовы каталог нашых тавараў, сярод якіх:
Электрычны чайнік, які ПРА-ЦУ-Е;
Набор сталовага посуду, які ЧЫ-СТЫ; і хіт сезона:
аўтамабіль, які ЁСЦЬ (абсалютна любой маркі!).