Вечнасць ды іншыя часы

Вользе Такарчук


Бярнардзе Бярнардаўне Дзям’янчык сніцца кіраўнік савецкай Беларусі Пётр Машэраў і вельмі просіць прынесці яму на магілу кропу.

«Аднаго пука хопіць», — разважае кабета пасля надзвычайнага сну, лежачы ў пасцелі. Аднак ейны дзень мінае ў даўкіх клопатах, якія ніякім чынам не звязаныя з выкананнем просьбы саснёнага нябожчыка.

На наступную ноч такі самы чалавечны і беларускі, як пры жыцці, Машэраў зноў прыходзіць у сон кабеты і просіць тое самае: «Пук кропу — магіла — мне».

Кабета наважваецца схадзіць, але для смеласці цягне з сабою супрацоўніцу. Не тое што цягне, але так атрымліваецца, што пасля другой «машэраўскай» ночы, не ў змозе маўчаць, яна распавядае пра сон першай-лепшай паўзнаёмай жанчыне, якая таксама прыйшла на працу зарана — на выходных забылася перавесці гадзіннік. Дагэтуль яны разам, крыху прыспаныя, нудзіліся па розных кутах пустой аграмаднай канторы. Як выявілася, бабка той жанчыны была вядзьмарка, і таму яна змалку не баіцца «ўсяго такога».

Заўтрашнім світанкам — каб паспець да працы — дзве кабеты прыязджаюць на станцыю метро «Барысаўскі тракт» і скіроўваюцца ў бок Маскоўскага пагоста. Подбегам мінаюць могілкавую браму, у якую ўбудаваны пост міліцыі.

Малады міліцыянер уважліва праводзіць кабетаў вачыма. Штосьці падазронае. Але што? Можа, шостая гадзіна, а якой заявіліся кабеты на могілкі? Ці ссохлая лістота, што вясёла адгукаецца пад нагамі ў гэтай невялічкай дэлегацыі жывых людзей, якія так дзелавіта спяшаюцца адведаць абсалютна нежывых, моцна сціснуўшы пры гэтым у руцэ букет кропу? Прадаюць яны яго там мёртвым, ці што...

Над галавой у міліцыянера на манер німба ўзносіцца новая, з амаль вертыкальным пад’ёмам, фуражка.

Бярнардзе Бярнардаўне масіўны авал шапкі разам з залатымі кантамі і кукардай на чырвоным аколышку больш нагадвае штучны вянок з кутасікамі ды іншымі нядбаліцамі, што ўсякія афіцыйныя асобы гэтак любяць ускладаць да афіцыйных помнікаў. І з нейкай невядомай прычыны гэты міліцыянерык начапіў такі вянок на галаву. Мінуўшы браму, яна нават недалікатна рассмяялася.

Сцежкамі нябыту, пагоставымі алеямі, малады міліцыянер пакрысе пускаецца ў лёгкую пагоню. Але ж міліцыянеру — хай сабе маладому — даволі цяжка ўпаляваць дзвюх кабетаў. Асабліва калі ты маскіруешся: удаеш, што не даганяеш, а проста так сабе крочыш па справах, пакуль самі кабеты, падсцёбнутыя імаверным спазненнем на працу і наяўным міліцэйскім пераследам, лятуць з поўнае моцы, даюць шчырага дзерака. А пагатоў калі нечакана пахіснулася твая ідэалагічная ўстойлівасць: табе раптоўна, без дай прычыны, тут і цяпер зрабілася няўцям, чаму ты ўвесь час мусіш даганяць людзей, а яны — уцякаць. І калі ў даважак на скрыжаванні №23 дзве ўцякачкі разбягаюцца ад цябе па розных дарожках.

Урэшце малады міліцыянер, які хвіліну таму жыва ўяўляў, як усмешлівых спекулянтак на чужым горы хутка і лёгка насцігне правасуддзе, цяпер запавольвае хаду, бо, бязладна даганяючы супрацоўніцу Бярнарды Бярнардаўны, па сутнасці, страціў абедзвюх кабетаў.

Магілы. Позіркі людзей, якіх няма. Фуражка маладога міліцыянера зляцела на братнюю магілу экіпажа «Як-40», ахвяраў страшнай авіякатастрофы 1979 года. Прычына падзення фуражкі: міліцыянер імкліва адхапіўся назад, згледзеўшы, што ўсе пяць бюстаў на помніку — два лётчыкі і тры сцюардэсы — на адзін твар.

Падымаючы фуражку, што на якія секунды ўсё ж ператварылася ў вянок афіцыйнай асобы, міліцыянер узважвае: «Што, тыя два хлопцы разам паступілі ў лётніцкае, а потым пацягнулі ў прафесію траіх сясцёр-блізнючак?.. Ці, можа, бюсты ляпіў мастак з Сярэдняй Азіі, для якога ўсе еўрапейцы — аднакія з твару?.. І калі праўда — першы варыянт, дык ці магчымае ўвогуле нараджэнне пяці блізнятак?»

Не, папросту помнік загінуламу экіпажу шрайбалі на казённыя грошы. Не ведаючы гэтай акалічнасці, міліцыянер зусім спыніўся, збіты з панталыку і маладой пыхі. У одуме садзіцца наўпрост на халодную зямлю ля аэрафлотаўскай магілы: крыху пасталелы і рашуча не гатовы да далейшае пагоні.

Тым жа часам, адбягаючыся ўсё далей ад капцоў партыйных дзеячаў і вядомых музыкаў, мінаючы праваслаўных і габрэяў, у зацішнай каталіцкай секцыі на адным з помнікаў Бярнарда Бярнардаўна прыкмячае імя свайго палюбоўніка, з якім яна сто год як разышлася, адразу ж згубіўшы з вока. Палюбоўнік, што быў уцешны ў любошчах і бязладны ва ўсім астатнім, памёр, як высвятляецца, такой самай залатой восенню трынаццаць гадоў таму — на які тыдзень раней за сённяшнюю дату. Палюбоўнік хаваў, што мае дзяцей: Pamęć od żony, syna, cуrki. А яна ж здагадвалася, не — нават выразна ведала, і таму крыху крыўдавала, хоць і сама не казала яму пра мужа. У любым разе, менавіта гэтак яна і ўяўляла ягоную сям’ю: сын і дачка. І жонка. З непадораным Машэраву кропам стала перад надмагіллем палюбоўніка. А на агароджы магілы, ля магутнае таполі, пасеў на дзіва жоўты птах. З футровай грудкаю, гуллівы і рухавы. Прыўдала так тупае лапкай, апантана нешта спявае, і яго сакаўная, колеру манга, шыйка хапатліва торгаецца ў няспынным танцы: «Нарэшце ты дайшла».

Загрузка...