V

30 жніўня 1553 года ён святкаваў імяніны — у невялікай, яшчэ бацькам збудаванай рэзідэнцыі ў Каломенскім.

Не любіў цар Маскву, не любіў ні сценаў белакаменных, ні баяраў цвёрдалобых. А тут было ўсё спакойна, нават па-дзіцячы пацешна. Так, тут ён супакойваўся целам, пачуваўся бесклапотна і ўзнёсла.

Запрошаных на абед адвялі напачатку ў царскі гардэроб і замянілі іх рознаколерныя каптаны на белыя мантыі з гарнастаевай апухай. Затым усе сабраліся ў прахалоднай трапезнай, перашэптваліся і ўсміхаліся.

Цар увайшоў марудна, касалапа заграбаючы нагамі квяцісты дыван, перахрысціўся, узяў кавалак мяса — і перадаў яго круглатвараму Адашаву, другі — цыбатаму Курбскаму, пераступіў ад задаволенасці з нагі на нагу і раздаў пахкія кавалкі яшчэ некаторым гасцям. Затым матнуў рукой краўчаму, каб той частаваў далей — і змірана назіраў, як памагатыя прамаўляюць:

— Цар табе даруе гэта.

У адказ госці ўставалі і кланяліся.

Затым у срэбныя кубкі налівалася раманея, алікантэ, мальвазія — найлюбімыя царскія віны, у драўляных каўшах ставілася свежая медавуха — і пачынаўся пір. Да мяса прыносілі шафран, кіслае малако, агуркі ў воцаце. Зноў і зноў уздымалі кубкі, а на стол выплывалі смажаныя лебедзі, журавы са спецыямі. Пілі — і з’яўляліся цецерукі, глушцы й рабчыкі ў смятане, зайцы з рысам, ласіныя мазгі, пірагі з мясам, падсалоджаныя арэхі.

І стукалі кубак аб кубак, і не змаўкалі прамовы — пакуль хмель не вязаў рукі ды не сушыў языкі…


А ў Маскве на Івана навалілася хвароба. Вечарам пасля багаслужэння ў Дабравешчанскім саборы — які стаяў бліжэй да палаца — цар ледзь узняўся па прыступках да спачывальні і ўпаў каля ложка. З паўгадзіны яго трэсла падучка, вочы набрынялі крывёю і выкаціліся над вострым носам. Спалоханы Мацей кінуўся па лекара, але першай на крыкі азвалася Анастасія. Яна паклала неспакойную Іванаву галаву на калені і, штось пранікнёна шэпчучы, пяшчотна гладзіла яго змакрэлыя ад поту валасы. І цар суцішыўся, абмяк, але на пярыне зноў устрывожыўся, задыхаў часта і хрыпла; памкнуўся ўстаць, але рукі сталі ватнымі. Гарачка-агнявіца ахінула яго забыццём-марывам — немарасцевым і доўгім.

Прытомнеючы, ён неўразумела ўтаропліваў слязлівыя вочы ў бліжні вугал з лампадамі, у каменную сцяну з каляровай выявай-ілюстрацыяй Саламонавага суда, а з глыбіні яе, як з-пад хмараў, выскоквалі здані крывава-чырвоных коней і гізавалі па траўнай зяленіве фарбаў да ягонага ложка, па ягоным целе… Цар уздрыгваў, хапаўся рукамі за галаву, зноў глядзеў на карціну — і шалёная віхура хавалася за вуглом аркі…

На некалькі хвіляў ён супакойваўся, не дрыжэў, і яму давалі папіць, а затым галаву зноў раздзірала трывога, чырвоны шалёны конь зноў выбліскваў з-пад дрогкіх лампадаў і нёсся на ложак. Іван віхнуўся ўбок, убачыў іскры пад аграмаднымі капытамі, іржавую спражку падсядзёлка, мускулісты круп, вогненны хвост — і неўсвядомлена схапіўся за яго, каб хоць так выбавіцца са свайго халоднага ложка-дамавіны. І пачуў крык над сабой. І ачуўся…

Крыкнула жонка, за касу якой у гарачцы схапіўся Іван. Зноў пачала гладзіць і шаптаць штось ласкавае, і пачула спакойнае, выразнае:

— Што там, знізу?

Яна зразумела, але не адказала.

Знізу пад спачывальняй была тронная зала, у якой ужо трэці дзень збіралі баяраў, каб тыя цалавалі крыж царэвічу Дзімітрыю. Адчуваючы смяротную знямогу, Іван прызначыў свайго пераемніка — сына-немаўля. І пазваў падданых да прысягі яму. Але нечакана абвесціў сваё права на маскоўскі сталец стрыечны брат Івана Уладзімір Андрэевіч, падтрыманы большасцю баяраў.

Маўчанне царыцы не надало спакою.

— Пакліч Віскаватага, — папрасіў Іван.

Кіраўнік пасольскага загаду і царскі летапісец адказваў блытана і ўстрывожана:

— Здрада, гасудар! Многія не цалуюць крыжа, многія паз’язджалі… Сільвестр і ўсе Адашавы адмовіліся, хітруюць-вычэкваюць… Брата твайго па маскоўскіх харомах возяць, шэпчуцца…

— А Курбскі?

— Ды не відно яго неяк…

У Івана гневам успыхнулі вочы. Ён, гартанна стогнучы, устаў з ложка і паказаў пальцам на скіпетр. Апіраючыся на яго, павольна падаўся са спачывальні. На сходах пасцельнік Мацей накінуў на ягоныя плечы каптан і хацеў падтрымаць за локаць, але цар адпіхнуў служку. Віскаваты сачыў за абодвума ў прачыненыя дзверы, але пайсці следам не рашыўся.

З дзясятак баяраў у троннай зале аціхлі. А Іван, бадзёрачыся, усміхнуўся, марудна агледзеў усіх і пачаў з пытання:

— Што замоўклі? Бачу, і сталец царскі яшчэ пусты… — упэўнена падышоў да яго, пагладзіў выяву залачонага візантыйскага арла над узгалоўем спінкі, пастукаў па шырокіх касцяных падлакотніках: — Аглохлі, ці што? Пытаю, чаго трон пустуе?! Дзе Уладзімір, брат мой? — і царскі голас насыціўся злосцю: — Што, рукі свае прагныя пагрэць вырашылі? Сын мой кроўны вам не даспадобы?! Як псы звыродныя рваць цела маё сабраліся?!! — ён задаволена-хітравата ўсміхнуўся ды, хоць і стомлены, з выглядам пераможцы сеў на сталец і працягваў ужо спакайней: — Самі запомніце і зграі сваёй перадайце: вялікі цар Іван Васільевіч паміраць перадумаў ды ўсіх вас яшчэ перажыве. І ў гонар свайго выздараўлення загадвае ў наступную нядзелю сабраць царскі абоз у багамольную службу да Белага возера, у Кірылаў манастыр. А цяпер… — Іван устаў і яшчэ раз строга агледзеў прысутных. — Вон з вачэй маіх! А ты, Мацей, — сказаў, ужо вяртаючыся ў апачывальню, — расшукай сябручкоў маіх Адашава з Курбскім і аб выправе паведай. І варту ў Крамлі ўзмоцні, з самых надзейных.

— Узмоцнена, гасудар, ужо трэці дзень як і без загаду пабольшана…


З розных прычынаў цар выпраўляўся з Масквы. Так, у сваіх літанных малітвах ён абяцаў у выпадку выздараўлення ахвяраваць манастырам землі і золата ды выправіцца ў багамолле. Але было і іншае, што не давала спакою ні падазроным дням, ні бяссонным начам: трывога, распаленая нявернымі баярамі, здрада бліжэйшых сяброў (а таму і ўзяў з сабой Адашава з Курбскім, да якіх ужо не было даверу і якіх хацеў трымаць перад вачыма). І змеямі джалілі невясёлыя весткі ганцоў: узбунтавалася Казань, загублена тысяча старажавога палка, а непакорныя нават пачалі ўзводзіць у соднях пераходу ад Казані новы горад… Заварушыўся Крым, Лівонія парушае межы…

У дарозе, зняможаны горкімі думамі, ён правальваўся ў нябыт, а за ім, хрыпучы ды пыхкаючы гарачай пенай, несліся наўскач чырвоныя коні. І ён ужо ва ўсю гарцаў на іх, і спрасонь шаптаў малітвы, але словы іх былі цяжкімі і не маглі — як мовіў пры сустрэчы сівы як лунь Максім Грэк — узняцца да Бога.

— Бачу, — казаў стары манах, — што злосць і гнеў цела тваё сушаць. Будзь марудным на слова і марудным на гнеў, бо чалавечы гнеў не творыць праўды Божай…

Аднак магутны чырвоны конь нёс яго наперад — туды, дзе неспакойны небакрай патанаў у дымах і неразгаданасці. А багамолле закончылася трагедыяй: загінуў-утапіўся малы Дзімітрый… І цар панурыўся ў новую прадчуласць — прадчуласць праклёну на ягоны род. За бацькавыя, магчыма, грахі, які кінуў сваю венчаную жонку, «бясплодную смакоўніцу» Саламаніду, у манастыр ды з новай нарадзіў яго, Івана.

І цар гнаў хмары тых здагадак, і яра сеяў семя сваё ў лоне Анастасііным — аднак узыходы былі рэдкімі і слабымі: рос нягеглы сын Іван, трэці — Фёдар — меў памутнёны розум, а тры дачкі памерлі немаўлятамі.

І на ратным полі спела бяда: казна спусцела, і нават лівонцы не спяшылі папаўняць яе сваім срэбрам. Новае пасольства ад дэрптскага япіскапа прыехала ў марозную Маскву прасіць аб адтэрміноўцы выплаты, але Іван не прыняў яго. Ён загадаў выгнаць пратэстанцкіх сабак з горада і даручыў Адашаву рыхтаваць паход.

Зноў палілася кроў. Гэтым разам лівонскіх хрысціянаў нішчылі татары пад ачолам казанскага ех-хана Шах-Алі, нанятыя ў царскае войска. І зноў застагналі нябёсы; і задымелі весі; і выразалі дзяцей з улонняў матчыных, і гвалцілі да смерці жанчын, а тых, хто яшчэ высільваўся ўцякаць, цкавалі сабакамі…

І здалася Нарва, і скарыўся Дэрпт, і было перамір’е, і ў вачах новага Аляксандра Неўскага заплёскалі Балтыйскія хвалі, да якіх вось-вось выйшла б ягонае царства — але абудзіліся суседнія Вялікае Княства і Польшча. Не мінуў і год, як рыжы ліс гросмайстар Кетлер змовіўся з каралём Жыгімонтам ды быў па-брацку прыняты ў Вільні. І ў жніўні 1560 года віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны з войскам увайшоў у Рыгу. Адашаўскія высочнікі-шпігі даносілі Івану, што Кетлер рыхтуецца з’яднаць Лівонію з Літвой і перадаць Радзівілу крыж і ордэнскую мантыю, аднак маскоўскім палацям было не да іх…

У спякотны жнівень таго ж 1560 года ад нараджэння Хрыстовага памірала ў цяжкіх муках маладая царская жонка. Яго адзіная чалавечая радасць і ратаванне. І на ягоных патухлых вачах адышла да Госпада.

— Вы ўсе адкажаце за гэта! За ўсё адкажаце… — здзічэла шаптаў цар над мёртвай Анастасіяй і гладзіў яшчэ цёплую чарнявую пасму ейных валасоў. Стагнаў і шаптаў: — Усе-ўсе…

Загрузка...