1

1963, 1969 гады

Мікалай Заяц бачыў такі твар ужо другі раз у жыцці: нібыта яго пакруцілі ў пральнай машыне, а затым, перасушаны, папрасавалі. Ніводнага мімічнага руху! Нават вочы — як пацягнутыя пакостам, як масліны ў воцатным расоле…

І размова пачыналася аднымі й тымі ж словамі. Напачатку гэта было ў загадчыка кафедры, праз некалькі дзён пасля абароны кандыдацкай.

— Даручэнне, Мікалай Сымонавіч, маецца… па тэме Вашай навуковай працы. — І зрэнкі-масліны ўздрыгануліся. — Лекцыйную нагрузку перакінем на зіму, а тут трэба пастарацца, бо — самі разумееце — запыт зверху. Інструкцыі — на месцы…

І вось ён — упершыню «за сцяной», у самым што ні ёсць «сэрцы Радзімы». Паўз Палац з’ездаў уся іх група — сем чалавек — пад пажаўцелымі прысадамі цопае моўчкі і неяк насцярожана. Праваруч — Успенскі сабор, усыпальня мітрапалітаў і патрыярхаў, злева — званніца Івана Вялікага з дзвюмя зіхоткімі цыбулінамі-купаламі. Самая высокая пабудова Крамля. Кажуць, там звон — у шэсцьдзясят пяць тон…

Нарэшце і іхняя мэта: Архангельскі сабор. Сустракае сваёй некалі белай сіметрыяй — як разгорнутая напалам кніга. А паветра саленавата-церпкае… Можа, ад недалёкай рэчкі за сцяной? І ў галаве — усё, што можна было нашкрэбці ў гістарычных крыніцах…

Яшчэ пры браце Аляксандра Неўскага Міхаіле Яраслававічы тут збудавалі драўляную царкву ў гонар архангела Міхаіла. Пры Іване Каліце вырас каменны храм, як сведчаць летапісы — у знак удзячнасці за ратаванне Масковіі ад голаду. Каліту першым і пахавалі пад зводамі яшчэ незавершанай святыні, якая стала ўсыпальняй маскоўскіх князёў. А ў пачатку XVI стагоддзя храм зноў перабудавалі. Пачаліся рэстаўрацыі, апошняя з якіх планавалася на іхніх вачах…

Будаўнічыя рыштаванні абхоплівалі сабор, і калі ён нагадаў Зайцу разгорнутую кнігу, дык усё разам цяпер выглядала як закратаваны манускрыпт. І расчытаць яго — няпростая работа, даручаная міністэрствамі культуры і адукацыі іхняму «зводнаму археалагічнаму калектыву» пад кіраўніцтвам прафесара Фёдарава.

…Вузкія шчыліны вокнаў, цяжкі, выцягнуты з усходу на захад простакутнік сценаў… Нейкі незвычайны ўрачыста-жалобны настрой (лічылася, што апякун сабора архангел Міхаіл быў правадніком душаў у царства вечнасці). Ну а храм, падумалася Зайцу, — «кантрольна-прапускны пункт» на той свет, праз што і даставалася яго сценам за ўсю гісторыю. Як адзначана ў летапісах, у 1450 годзе падчас навальніцы ў храм патрапіла маланка, а роўна праз чвэрць стагоддзя «внутри града» адбыўся пажар. У 1505-м князь Іван Васільевіч загадаў наогул разабраць старую царкву і закласці новую. Ды памёр. І сцены сабора, якія дастаялі да гэтых дзён, узводзілі ўжо пры ягоным сыне Васіліі Трэцім. «Курыраваў» будоўлю міланскі архітэктар Алевіз Фразін, які сачыў за ўзвядзеннем усяго каменнага Крамля. У вайну з Напалеонам французы выкарыстоўвалі храм як кухню ды казарму. Пакралі залатыя аклады, а з іканастасаў рабілі лаўкі ды ложкі… Таму зноў даводзілася аднаўляць унутранае ўбранства. У 1917-м сабор пашкодзілі пры абстрэле Крамля і праз год зачынілі. Цяпер жа, пасля адкрыцця тут музея, распачалася чарговая рэстаўрацыя — ужо знешняга выгляду помніка. Іхнім жа «надзелам» быў ніжні ярус з пахавальнымі крыптамі…

З кожнай хвіляй незвычайны трунак узнёсласці й жалобы запаўняў Зайцава цела, трунак, які апошні раз даводзілася піць ці не ў дзяцінстве, калі ў цэркаўку яго вадзіла бабця… Як усё даўно — і адносна блізка… Толькі змрочна, пуста ды хрыплае рэха пад нагамі і за парэпанымі калонамі… Толькі аніводнага ўсполыха васковай свечкі і пахне застарэлай цвіллю, як у закінутым склепе… І вось ён, ужо кандыдат гістарычных навук Заяц, зноў адрываўся ад рэальнасці і пераставаў бачыць сваіх калегаў…

Галоўная святыня сабора — ікона Міхаіла Архангела. Злева ад Царскіх Варотаў — ікона Божай Маці «Дабрадатнае неба», ва ўвесь рост у яркіх вогненных промнях, як ілюстрацыя да Янавага Адкрыцця: «И явилось на небе великое знамение: жена, облеченная в солнце; под ногами Её луна… И родила она младенца мужеского пола, которому надлежит пасти все народы жезлом железным…».

Жэзлам жалезным — паўтарылася ў ім, калі цугам — адзін за адным — дайшлі да ранніх фрэсак з сюжэтамі прыпавесці пра багатага і Лазара на сценах у дзяканніку ніжняга яруса, яруса, дзе ўладкаваная ўсыпальня Івана IV Васільевіча, празванага Грозным1… Усыпальня першага маскоўскага цара, які пашырыў дзяржаўную тэрыторыю. Яго пахавалі тут, пад сцёртымі плітамі падлогі, і парэшткі яго — сярод сарака шасці белакаменных плітаў у бронзавых футаралах з раслінным арнаментам і надпісамі вяззю.

Эксгумацыя труны Івана Жахлівага — і ёсць мэта іх незвычайнай «экспедыцыі».

— Значыць так. Паўтараю яшчэ раз: асаблівая ўвага — на дадатковыя прадметы. Адзначаем усё, што падобнае на кнігу ці не з’яўляецца часткамі трупа… — нагадвае «навуковец у штацкім», намеснік начальніка N-га ўпраўлення КДБ…

Бронзавае наверша ўскрылі лёгка, а вось пліта паддавацца не хацела. Зламаўся адзін з дамкратаў, і на падлогу пачала выцякаць жаўтавата-іржавая жыжка. Давялося падымаць пачаргова з бакоў — і падстаўляць драўляныя кліны. Большыя, яшчэ большыя…

Шэрхлы скрып, нібыта хтось ідзе па падсохлым імху ці пяску. Адчуванне не з лепшых у гэтай напампаванай электрычным святлом мёртва-каменнай прасторы. Як чыесьці крокі… Распавядалі, што да крыпты Івана Жахлівага прыходзіў Сталін: пастаіць з незапаленай люлькай, моўчкі паківае галавой — і марудна назад. Адна рука за спіной, другая, з люлькай, спераду…

Нарэшце і сама труна — як царкоўная рáка, пакрытая срэбнымі пласцінамі.

— Асцярожна. Не выпусціце джына… — жартоўна шэпча «навуковец у штацкім», калі спрактыкаваныя археолагі мякка ўзнімаюць вечка.

Шаравата-шэрхлыя косці аддзеленыя ад хрыбта… Узнімаюцца-мацуюцца толькі шэсць верхніх рабрын, якія амаль пяць стагоддзяў таму прыкрывалі ўладарныя грудзі… Правая рука, правільней, тое, што ад яе засталося, нібыта надломленая і падсунутая пад «спіну». На ёй, а таксама па вертыкалі шкілета — фрагменты пашарэлай тканіны. Косткі ступняў павернутыя ў адзін бок і ўпіраюцца ў сценку труны.

Прафесар Фёдараў манатонна дыктуе пратакол-стэнаграму эксгумацыйнага агляду. На акулярах мітусяцца электрычныя ўсполахі.

«Навуковец у штацкім» далікатна пастуквае пазногцем па чэрапе (асістэнт-археолаг тупа глядзіць на свой пэндзаль) і рэзюмуе:

— А яшчэ моцны…

Затым яго лоб моршчыцца:

— Што гэта?! — паказвае пальцам на іржавы ланцуг з вялікім крыжам.

— Перад смерцю ў сакавіку 1584 года цар Іван Жахлівы прыняў схіманашскі пострыг з імем Іона… — нібы чытаючы, выгаварыў на запытанне Заяц і нечакана адчуў, як ногі пачалі мякчэць. Спіне стала холадна, па ёй прабег вогкі сівер… Закрыў вочы — а перад ім зноў лямпачкі. Адна, дзве, тры… — налічыў пятнаццаць. Праз хвілю яны памутнелі і перасталі рэзаць зрэнкі. Пад тонкім шклом колбаў — чамусьці не спіралькі, а… косткі. Столь захісталася, і лямпачкі пачалі падаць-біцца. Толькі чамусьці не ў шкляныя аскепкі, а ў белы пыл… Як мука. Мука ад змолатых костак…

— Ясна! — выводзіць яго з памараку «навуковец у штацкім». — Акрамя ланцуга, іншых прадметаў у труне няма. Працуйце далей! — і ўпэўнена падаўся да выхаду.

Падчас тых раскопак у Архангельскім саборы пад салеяй і заходняй часткай былі выяўленыя фрагменты муроўкі яшчэ XIII стагоддзя. Новыя ж сцены храма ўзводзіліся з белакаменных блокаў, падлога высцілалася з цэглы і керамічных плітаў з жоўтай і зялёнай палівай.

У эксгумаваных царскіх касцях хімічным аналізам было выяўлена анамальнае перавышэнне іртуці — у 24 разы.

— У тыя часы яна была лекамі. Іртуццю ад сіфіліса лячыліся… — пагаварылі ў лабараторыі і зрабілі адпаведнае заключэнне, якое, як і ўсе матэрыялы працы эксгумацыйнай камісіі, засталося засакрэчаным…


Тое было ў 1963-м. І вось праз шэсць гадоў перад ім, ужо доктарам навук, зноў той жа выраз твара: як перакручаны ў пральнай машыне, перасушаны і папрасаваны. Без аніводнага мімічнага руху… Толькі твар ужо не загадчыка кафедры, а прарэктара па навуцы. І зрэнкі-масліны ўжо як выцвілі…

— Маем, Мікалай Сымонавіч, запрашэнне на міжнародную навуковую канферэнцыю. Тэма — блізкая Вашым штудыям. Вырашылі вось камандзіраваць за мяжу. Толькі ёсць адна акалічнасць… — прарэктар павярнуў галаву да мужчыны, які дагэтуль моўчкі сядзеў скрай стала і якога напачатку Заяц нават не заўважыў. — Пазнаёмцеся. Субачаў Віктар Аляксандравіч. Зрэшты, Вы з ім ужо знаёмыя… Ён дапаможа з некаторымі ўстаноўкамі. Ну а я, прабачце, мушу ісці. Залікі… прымаю. Жадаю поспехаў.

У тую ж хвілю Заяц пазнаў чалавека за сталом — «навукоўца ў штацкім»…

— Мікалай Сымонавіч, Вы даўно былі на моры? — інтрыгуюча пачаў Субачаў.

— Даўно. Яшчэ студэнтам у будатрадзе. На Чорным…

— А вось цяпер Адрыятыку пабачыце! — абрадавана працягнуў нечаканы суразмоўца. Паляціце ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславія. У горад Падгорыца. Ёсць такі ў Чарнагорыі… — Субачаў паклаў рукі на стол і агледзеў пальцы. — Акрамя даклада і знаёмства з сусветнай гуманітарнай навукай просім Вас… Як бы гэта прасцей сказаць? — ён адхіліўся да спінкі крэсла і ўважліва паглядзеў на Зайца. — Словам, справа такая. Па інфармацыі нашых архівістаў, некалі ў Маскву з Канстанцінопаля ад візантыйскага імператара была прывезена і падорана частка старадаўняй бібліятэкі. Сярод іншага — інкунабула… рукапісная кніга Евангелля ад Яна. Унікальная гістарычная каштоўнасць. Маю на ўвазе не духоўная там… царкоўная… Сімвалічная каштоўнасць. Казалі, яна нейкую цудадзейную сілу мела… Дайшла інфармацыя, што яе Івану Жахліваму ў труну паклалі. Аднак — самі бачылі… Аказваецца, тую кнігу яшчэ пры жывым цары выкралі і хацелі пераправіць з Масквы на востраў Патмас, дзе нібыта апостал Ян і пісаў тое евангелле. Але не давезлі. Караван захапілі туркі, а кніга… — Субачаў мякка пастукаў пазногцямі па лакіраванай сталешніцы. — Кнігу тую выратавалі манахі і схавалі ў адным з чарнагорскіх манастыроў. Адшукаць яе след — Вашая асноўная задача.

Мабыць, у гэты час твар Зайца выявіў найрэдкае і неапісальнае здзіўленне, бо высокапастаўлены прадстаўнік КДБ ніякавата крактануў і ўсміхнуўся:

— Разумею, што нечакана… Але прычына ўсяго нашага мерапрыемства на паверхні: Візантыя канула ў Лету, а Масква стала другім Канстанцінопалем. — У ягоным голасе пачалі з’яўляцца металёвыя ноткі: — Гэта на іншым узроўні высвечвае нашую місію ў справе яднання некалі хрысціянскіх народаў. Дае, так сказаць, паўнамоцтвы на першынства ў славянскім свеце. Ідэалагічны, так сказаць, імператыў. А старадаўняя кніга, калі хочаце — своеасаблівая грамата на тое.

У кабінеце пафасна забомкаў гадзіннік. Субачаў наструніўся і падагульніў:

— Вось, у асноўным, і ўсё. — Падняў з падлогі на стол чамаданік-дыпламат, з узнятым настроем шчоўкнуў замочкамі і выклаў тонкую каленкоравую папку. — Тут тое-сёе з сабранай інфармацыі. Аднак, — ён далікатна ўсміхнуўся, — перакананы, што Вы і так аб многім ведаеце. Як аб тым схіманашскім пострыгу Жахлівага… — і пасля невялікай паўзы закончыў ужо наспех і казённа: — Праявіце, калі ласка, усю адказнасць. Пра тое, што аб гэтым аніводная іншая душа не павінна ведаць, нагадваць, думаю, не варта. І яшчэ… Калі спатрэбяцца нейкія кансультацыі з боку багаслоўскага, тэалагічнага — вось тэлефон памочніка патрыярха. Дапамогуць у любы час…


…Тэатральныя рухі сцюардэсы… З тыгрыным рыкам турбіны пажыраюць «газу». Нярвовыя стыкі пліт на бетоннай «узлётцы». Зацяжны надрыўны разбег. Добра, што не пашкадаваў у аэрапорце каньяка…

Незразумелая далёкая сіла адрывае ад зямлі — як некалі зробленыя дзедам арэлі, і ўсе роздумныя трывогі: што там? як там? — застаюцца ззаду, не паспяваюць за самалётам. І вось — традыцыйная смактулька «Узлётная», нечаканая марознасць у салоне, узбітыя плантацыі бавоўны ў ілюмінатары… І непланаваны сон. Ажно да самай пасадкі, калі пад табой — мутная аправа іржава-бірузовых гор, як праз малы акуляр бінокля ўбачаныя змейка-дарога, чырвонагаловікі дамкоў, рознакаляровыя лáткі палеткаў, укроп дрэў… Усё раптам мітусліва пачало большаць, разбягацца і ўцякаць… Надзьмутая гума гохкае на разагрэты бетон — і можна адшчоўкнуць папружку…

Аэрапорт «Београд». Пашпартны кантроль, дарога да чыгуначнага вакзала… Усё ж добра, што ў Маскве яго ўладкавалі на самалёт, а не кінулі прарываць дзяржаўныя межы ў вагон цягніка — з перасадкай у Празе.

Аднак на вузкім пероніку ў Падгорыцы яго ніхто не сустракаў. Хоць і было дамоўлена… Сноўдаюць людзі — хто з валізамі, хто з кветкамі… Вярнуўся назад да вагона, перашкаджаючы дабірацца да выхаду іншым пасажырам, трывожна стаў збоку і зноў пачаў разглядваць мінакоў. «Господар Зец — СССР», — прачытаў на белым аркушы… Стоп, Зец… Па-сербску «Заяц»…

— Добар дан! Канферэнцыя ў Падгорыцы?

— Так, добро дошлі! Прафесар Богдан Янкавіч, — знаёміцца даўжэзны маладзён у джынсавых шортах ды памаранчавай майцы і пераходзіць на расійскую, зрэдку блытаючы націскі. — Рады вас бачыць. Калі ласка, пойдзем да машыны…

Белая айчынная «Застава», у багажнік якой ледзь змясцілася сумка, ганарліва фыркае сінім воблакам, але бяжыць бадзёра. Праз апушчаныя вокны ўрываецца салёна-падсушаны вецер і мякка гладзіць твар.

— А я ўжо думаў сам дабірацца, бо не адразу даўмеўся, што Зец — гэта я, Заяц…

— Ох… — ледзь не прытармазіў чарнявы даўгун Янкавіч, рукам якога і нагам яўна не зашкодзілі б лішнія дэцыметры салона. — Прашу прабачыць… Так, прозвішчы не перакладаюцца! Гэтую паперку мне далі ў сакратарыяце дэканата. Не крыўдуйце…

— Ну што вы?! Наадварот — пачуваюся сваім!.. — Заяц усміхнуўся і раптам загледзеўся на казачны краявід справа: гара (ці скала?), прывязаная-прыфастрыгаваная да зямлі (ці да неба?) дрэвамі, зрывалася да фіялетава-бірузовага возера, гарэзна кружляла разам з дарогай… А ў вадзе юрліва купалася сонца (ці вада — у сонцы?)…

— Прыгожа… — прашаптаў госць, на што шафёр радасна хітнуў маладжавай галавой (на выгляд яму каля сарака) — і паддаў «газу»…


Ягоны даклад быў на пленарным пасяджэнні. Заяц і падрыхтаваўся, і стараўся — як ніколі: і нечаканка ў звароце, каб захапіць увагу залы, «антытэза — тэза» і гэтак далей. Ён гаварыў пра ролю кнігі ў развіцці чалавецтва, пра славянскіх друкароў Скарыну і Фёдарава.

— Вось першыя асноўныя цуды свету… — Заяц упэўнена падняў да аўдыторыі далонь і пачаў загінаць пальцы, — монатэізм, кола, палёт чалавека ў космас і… кніга! — Калі ён задумваўся, на адкрытым ілбе з раннімі залысінамі выяўлялася глыбокая вертыкальная баразна-маршчына, а доўгія бровы ўзнімаліся рымскай пяцёркай — як у савы. Заяц усклаў рукі на канты трыбуны і пасля невялікай паўзы закончыў: — А кніга можа стаць і міжнародным сімвалам. Сімвалам яднання, братэрства, грамадскай візітоўкай. Такой, як скіпетр, сцяг… Вось, напрыклад, інкунабулы Візантыйскай бібліятэкі. Некаторыя з іх пасля падзення Канстанцінопаля былі перададзеныя Палеалогамі ў Маскву. Прыкладам — Евангелле ад Яна. Як сведчылі прадстаўнікі княжскай дынастыі Негашаў, яна затым перахоўвалася ў чарнагорскіх манастырах. Дык вось уявіце сабе… — Заяц адышоў ад трыбуны і наблізіўся да першых шэрагаў залы. — Калі б гісторыкі, архівісты адшукалі яе — яна б стала сімвалам-сцягам усяго славянства ад гэтых югаслаўскіх гор да гор Урала!..

Пытанне яму было зададзена толькі адно: «Чаму сярод цудаў духоўна-інтэлектуальнага развіцця чалавецтва Вы не назвалі адкрыццё сонечнай сістэмы?».

— Гелеацэнтрызм, на маю думку, не зрабіў каардынальнага ўплыву на культуру. Ну круціцца зямля вакол сонца ці не… Чалавек бачыў, як штовечар яно, сонца, хаваецца-«памірае», а пасля начы зноў нараджаецца. Гэта і адкладвала ў ягонай псіхалогіі адбітак… Адлюстравалася ў міфалогіі і фальклоры…

У перапынку многія падыходзілі да яго, хвалілі за даклад, але — аніводнага, нават ускоснага намёку пра кнігу Евангелля! Ну хай там замежнікі, немцы ці французы, якія й чуць аб ёй не чулі… Але ж тутэйшыя, сербы, чарнагорцы?..

Вечарам было застолле. Мора традыцыйнай ракіі, каньяка, лікёра «Горкі ліст»… Любіў Заяц гэтую справу, але стрымліваўся: хто яго ведае, як там абернецца? Усё ж — замежжа…

Назаўтра працавалі асобныя секцыі, і ён пайшоў на «Культуру і гісторыю Балканаў». Паслухаў даклад прафесара Янкавіча аб ролі нацыянальнай паэзіі ў станаўленні сербскай дзяржаўнасці, яшчэ з дзясятак карацейшых выступаў — і пасля кава-паўзы пайшоў у гатэль адпачыць. Зранку былі запланаваныя экскурсіі: цеплаходам у Бока-Каторскі заліў, на Скадарскае возера і ў Цэціньскі манастыр. На выбар. Зразумела, ён выбраў апошняе: там захоўвалася старадаўняя бібліятэка.

І вось — напаўпусты (большасць удзельнікаў канферэнцыі падалася да мора) «Ікарус» хутка адлічыў паўсотню кіламетраў ад Падгорыцы і завіляў па вузкіх вуліцах Цэціні.

Гарадок быў заліты сонцам і пахам пераспелай смоквы. Старанна злепленыя з камянёў дрымотныя сцены манастыра. Да глянцу нацёртыя падэшвамі прыступкі. Прахалода і мядовы бляск абразовых акладаў дзеючай царквы…

— Не хочаце, гасподар прафесар, пабыць каля машчэй святога Пятра? — вывеў з задуменнасці ціхі голас Янкавіча.

— Так, дзякуй.

У невялікім пакоі пад белымі зводамі сценаў перад авальным акном стаяла рáка. Над ёй — тры сціплыя абразы. Манах у чорнай рызе і дзве бабулькі ў чорных хустах укленчылі перад мармуровым узвышэннем. Янкавіч перахрысціўся, за ім аўтаматычна і Заяц.

«Ну вось, — падумаў, — савецкі навуковец, камуніст… Бачыў бы хто з нашых…»

Затым яны сядзелі на каменнай лаве пад ценем невядомага дрэва з тоўстымі і прадаўгаватымі — як рыбы — лістамі і чакалі астатніх.

— А багатая бібліятэка ў манастыры? — як скрозь дрымоту спытаў Заяц.

— Так. — Калега загадкава апёк яго зіхоткімі зрэнкамі. — Але візантыйскага Евангелля ад Яна там няма…


У апошні дзень канферэнцыі Янкавіч запрасіў Зайца да сябе на вячэру — у прыгожы белы дом пад чырвона-рудаватым дахам. Разам з ім тут жыў і стары бацька — прафесар гісторыі. Невялікага росту, сухі, сівыя бровы і вейкі, але пад імі — жвавыя каштанавыя вочы. Абрадаваўся госцю, пахваліў, што пакланіліся Пятру Цэціньскаму. Гаварыў па-расійску амаль без акцэнта, толькі зрэдку ўстаўляючы сербскія словы:

— З ім, святым Пятром, і вашай краінай — цэлая гісторыя. Калі падмацуецеся і захочаце паслухаць старога, магу распавесці… — і з чвэрць гадзіны ў цяністай прахалодзе гучаў ягоны лаўровы голас: — Святы Пётар Цэціньскі, наш цудатворац і дзяржаватворац, вучыўся ў Пецербурзе, а потым ужо як архімандрыд адправіўся быў да царыцы Екацярыны прасіць дапамогі свайму праваслаўнаму народу. А царыца яго не прыняла… Затым яго рукапалажылі ў Карлаўцах у сан архіярэя Чарнагорскага, на што быў атрыманы дазвол аўстрыйскага імператара. І зноў падаўся Пётар да сваіх мацнейшых братоў, братоў па духу і веры — з просьбай аб падтрымцы, але князь Пацёмкін загадаў яго выгнаць з Пецербурга. Гарэтніка ўкінулі ў паліцэйскую павозку і гналі дзень і ноч без спачынку да самай мяжы — як ліхвяра, а не архіярэя. Маўляў, які архіярэй без дазволу русійскага Сінода? Вось як! Нібыта не ўсё агульнае пад Божым небам і не аднолькавую сілу мае… — стары зморшчыў лоб і часта заміргаў вачыма, кашлянуў, глынуў астылай гарбаты і працягнуў: — А калі вяртаўся Пётар, на Чарнагору напалі туркі, скадарскі візір Махмут-паша Буш1. Шмат людзей панішчылі. Разрабавалі Цэціньскі манастыр. І былі голад і холад, і елі кару дрэў ды малолі на муку карэнне і траву жучэніцу… І не было падтрымкі ад русійскага праваслаўнага брата.

— Прабачце, а ў якім гэта было годзе? — перапыніў Заяц.

— У 1785-м. Напрыканцы, словам, XVIII стагоддзя. — Стары зірнуў на наструненага сына і памякчыў свой тон: — Ну Вы ж, я думаю, не будзеце крыўдаваць на маю крытыку палітыкі русійскага царызму? Яна ж цяпер ва ўсёй савецкай гісторыі выкрываецца… — зірнуў уважліва, хоць і далікатна, зноў глынуў гарбаты. — Дык вось, туркі яшчэ двойчы напрацягу некалькіх гадоў нападалі. І абраны мітрапалітам святы Пётар у Бога заступніцтва прасіў. І перамаглі Буша і ягонае войска. — Старэйшы Янкавіч памаўчаў і дадаў як штось выбаленае: — Не разумею я і еўрапейскую, і русійскую палітыку… Што ёсць нашыя Балканы? Гэта апошні рубеж-бастыён праваслаўя, славянства, калі заўгодна. Зямля, прыціснутая з поўдня нястомным ісламам, а з поўначы — змораным каталіцызмам. Аслабеем мы — заўтра ваяўнічы іслам увойдзе ў надувену… пыхлівую Еўропу! Скорымся мы — і хто са славянскіх народаў падзякуе і паверыць багатай і моцнай Русіі?

— Прабачце, наколькі ведаю, Расія і раней не забывала пра югаслаўскія народы… Цар Павел Першы падараваў згаданаму мітрапаліту Пятру ордэн Святога Аляксандра Неўскага, і ў часы вайны з французамі дапамога была… — нібыта апраўдваючыся, згадаў Заяц.

— Так, хто ж аспрэчвае. «І раней не забывала…». Не буду пра недалёкае — пра спрэчкі Сталіна і Ціта. А тады, пры святым Пятры, русійскую імперыю напалеонаўскі петао… певень дзюбнуў! Вось і закруціліся. А ў той час святы Сінод Русійскай царквы прызнаў мітрапаліта Пятра гультаём, які ўчыніў «цяжкія грахі»: пры ім, маўляў, манастыры апусцелі і паства паменела. Нібыта не вайна тое зрабіла… А яшчэ — прысланыя з Русіі кнігі ён, маўляў, не чытаў і, ратуючы свой народ ад голаду, заклаў нейкія манастырскія багацці купцу з Бокі…

— Добар дан! Я бачу — у нас госці? — перад сталом з’явілася — прыйшла з працы — стройная загарэлая маладзіца. — Богдан! Тата!.. Ну што гэта за пачастунак? Пачакайце, я зараз прыгатую…

Пакуль штось апетытна смажылася і сквірчэла, малодшы гаспадар змяніў тэму гаворкі:

— Прафесар Заяц цікавіцца штампаваннем кніг… то бок друкам. Наогул, гісторыяй інкунабул. У прыватнасці, візантыйскім Евангеллем ад Яна.

— А, Еван’елле по Йовану?! — абудзіўся стары Янкавіч і, звёўшы выцвілыя бровы, спытаў: — А вы штось чулі пра брацтва янітаў?

— Не давялося…

— Яго стварылі пад патранажам візантыйскага патрыярха афонскія манахі. Іх мэтай было захаванне і распаўсюд Божага кніжнага слова. У наш час падобную місію выконваюць Гедэонавыя браты. Якраз яніты доўгі час і перахоўвалі згаданае Евангелле…

— А потым з пляменніцай Палеалога прывезлі ў Маскву, адкуль яно патрапіла на тэрыторыю Югаславіі? — не стрымаўся Заяц.

Вочы старэйшага Янкавіча звузіліся. Ён задуменна змуліў, нават прыкусіў тонкія вусны:

— Так, калі быць больш дакладным — сюды, у Чарнагору. — І стары, нібыта штось успомніўшы, перакінуўся на іншае: — Дык вось, архіярэі русійскага Сінода і абвінавачвалі мітрапаліта Пятра, што ён тое цудадзейнае Евангелле прадаў купцу з Бокі Каторскай. А калі атрыманыя сродкі пайшлі на ежу галодным дзецям?! Што можа быць важней здароўя душы хрысціянскай? Урэшце, мітрапаліт жа не прадаў сваю веру ці слова Божае…

— Ну так… — падтрымаў яго Заяц і нечакана перапытаў: — Дык усё ж ён прадаў тое Евангелле?

— Ды хто ж яго цяпер ведае? — праз насцярожную паўзу паціснуў плячыма старэйшы Янкавіч і працягнуў: — Не разумею я мітусні вакол той кнігі. Евангелле і Евангелле. Вунь іх цяпер колькі сучасным друкам размножана! І ўсе яны аднолькавую сілу маюць, бо праз аднаго Хрыста дадзеныя.

— Так, — зноў пагадзіўся Заяц і, узрушана варухнуўшы галавой, спытаў: — А чаму менавіта евангеліста Яна абралі сваім патронам афонскія кніжнікі?

— Бо якраз ён, — старэйшы Янкавіч нібыта чакаў гэтага пытання, і твар яго радасна змяніўся, — якраз ён, хоць і быў непісьменным, першым атрымаў дар духа Святога: абвясціў тое, чаму іншыя тры евангелісты спачатку не навучылі. Ён гаварыў пра ўцялесненне Слова: «І Слова стала плоццю».

— А чаму Яна называюць любімым вучнем Ісуса? — распытваў далей Заяц.

Старэйшы Янкавіч усміхнуўся:

— Цудныя дзеі твае, Госпадзе… Толькі не крыўдуйце, калі ласка… Я і прысніць не мог, што савецкі прафесар, хутчэй за ўсё камуніст, выявіць такую глыбокую цікавасць «опіумам народа», як называў рэлігію Маркс… У Госпада, дарагі дружа, усе дзеці з паствы ягонай любімыя. Сярод іх — і святы евангеліст Ян. Ён, калі хочаце ведаць, родзіч Хрысту… Яго пляменнік. Так! Іосіф меў ад першай жонкі сямёра дзяцей: чатырох хлопчыкаў і трох дзяўчынак: Марфу, Эсфір і Саламію. Саламія нарадзіла Яна. А затым Іосіф заручыўся з Марыяй, ад якой з Божай таямніцай і нарадзіўся Хрыстос. Да ўсяго, святы Ян, пра якога Вы спыталі, згадваецца ва ўсіх Евангеллях як адзін з самых набліжаных да Госпада апосталаў. На тайнай вячэры ён першы, прыхінуўшыся да грудзей Хрыста, спытаў: «Госпадзі, хто выдасць цябе?». А затым, пасля ўкрыжавання Ісуса, ён быў высланы царом Траянам за абвяшчэнне слова Гасподняга на выспу Патмас, дзе і прадыктаваў святое Дабравесце-Евангелле…

— Ну вось… — перад імі з’явілася чарнявая гаспадыня, а з ёй — пахкая цім’янам, лаўрам, біберам і ўсемагчымымі ўсходнімі зачынамі смажаніна. — Ой, забыла… — Прыгажуня мітнулася і выставіла на стол літровую бутлю каньяка мясцовай маркі «Рубін» — з выявай на ружова-фіялетавай этыкетцы ледзь не старадаўняй «Пагоні» — вершніка-віцязя на кані перад развалінамі ну рыхтык Наваградскага замка, толькі ў руцэ вершніка замест мяча — напоўнены кубак, ці чаша па-сербску…

— Прашу ў гонар нашага госця іспіты здравіцу! — закахана ўсміхнуўшыся жонцы, прапанаваў малодшы Янкавіч.

— Прабачце, гэта замнога… — паспрабаваў аднеквацца Заяц і адставіць напоўнены келіх, на што пачуў ад гаспадыні шчыра-гарэзнае:

— Ды што Вы, пасля гэтага нават за руль садзіцца можна!..

— Так-так! — далучыўся і старэйшы Янкавіч. — Садзіцца можна, толькі… не ехаць. Гэта я як кіроўца з вялікім стажам — і дарожным, і каньячным — сведчу.

Выпілі, смачна закусілі.

— Так-так… — старэйшы гаспадар зноў пасур’ёзнеў. — Вы не крыўдуйце, прафесар, калі што-кольвек з маіх расповедаў не да душы прыйшлося…

— Ды не… Чаго ж?

— Рознае, самі знаеце, і цяпер, і раней рабілася… — і праз напружаную паўзу: — Я Вам на развітанне адну прытчу-прыпавесць хачу нагадаць — пра вялікі стол, састаўлены з меншых. Удзельнікі застолля праз некалькі чарак перасталі чуць, а потым — і слухаць адзінага зазывалу. Дык вось: у кожнага стала павінен быць свой тамада. Чаго, відаць, урэшце прычакаюць і наша, і ваша дзяржавы… — Янкавіч колка-ўважліва зірнуў на госця — і зноў узняў келіх: — За тое і прапаную тост-здравіцу!..

Загрузка...