4

Тры дывізіі паветрана-дэсантных войскаў напрыканцы лета былі спешна перадыслацыраваныя да мяжы Горна-Касоўскай аўтаномнай вобласці. На ўзмацненне ім перакідваліся адна танкавая і дзве мотапяхотныя брыгады. Час «Ч» быў прызначаны на 4 гадзіны раніцы 1 верасня, а агульнае кіраўніцтва зводнай групоўкай узяў на сябе прэзідэнт, па Канстытуцыі — галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі краіны. Словам — правіцель, а нейкія недавяркі не хочуць прыняць гэтага… Нічога, ён прымусіць іх слухаць, і — не толькі за сталом!..

Гэта была ўжо трэцяя вайсковая аперацыя. Папярэднія не дасягнулі належнага выніку: сепаратысты і бандфарміраванні абміналі блок-пасты і, па-партызанску нападаючы на вайсковыя часткі і злучэнні, раствараліся ў горнай «зялёнцы» па вядомых толькі ім сцежках — і аніякія «Грады» не маглі іх адтуль выбіць. Вось і давялося правіцелю адкінуць усе іншыя дзяржаўныя клопаты, абкласці на нарадзе гора-генералаў мацюкамі — і брацца самому тушыць горны пажар.

Хоць, ёлкі-палкі, яшчэ два гады таму і ў жахлівым сне не мог уявіць падобнага: аўтаномная вобласць, 80 % жыхароў якой на выбарах прагаласавалі за яго, а кіраўніцтва кожную сустрэчу запэўнівала ў вернасці, узяла ды паўстала супраць цэнтра! Вырашыла адасобіцца, пагуляць у незалежнасць!

Першы трывожны званок прагучаў не ад спецслужбаў. Патэлефанаваў сам кіраўнік Горна-Касоўскай вобласці Гардынаў і, між іншага, пачаў плакацца пра ўнутраныя цяжкасці, сепаратныя і пратэстныя настроі, малаколькаснасць сілавых і праваахоўных структураў ды беднасць іх тэхнічнага забеспячэння.

Што ж, трэба — дык трэба. Вылучылі яму і дадатковыя бюджэтныя сродкі, і навейшай спецапаратуры ды зброі падкінулі, і падатковымі паслабкамі надзялілі… Супакоілася ўсё ці не на год, а затым — як гром з неба: дэпутаты-абласнікі не без падачы Гардынава абвяшчаюць аб суверэнітэце і незалежнасці свайго краю! Ад’еліся, бачыш, і галаву паднялі! І як не падняць, калі ў іх пад носам на сродкі цэнтра былі адкрытыя і распрацаваныя багатыя нафтавыя радовішчы! Далей розуму не патрабавалася: бяры ды прадавай гатовае!

У той жа дзень ён выклікаў Гардынава да сябе на размову. Круціўся той як вуж, але ўсё ж выехаў. Аднак мала таго, што спазніўся на аўдыенцыю на дзве гадзіны, дык яшчэ заявіўся ў шортах ды бейсболцы! Нібыта не толькі нутром сваім, але і знешнім выглядам цвердзіў сваю незалежнасць, а то і грэблівасць да вышэйшай асобы. Ды і да ўсёй дзяржавы, якая яго некалі выцягнула з каменнай глухамані, вывучыла ды апранула ў генеральскую форму… Ён, бачыце, пра нацыянальную ідэнтычнасць ды гонар продкаў успомніў! Яшчэ адзін месія аб’явіўся…

Правіцель, не хаваючы раздражнёнасці, заместа прывітання грэбліва абурыўся:

— Ты б яшчэ да мяне ў трусах прыпёрся! Ці горны вецер з галавы ўсе былыя веды аб субардынацыі выдзьмуў? Я табе прэзідэнт ці як?!!

Гардынаў спакойна агледзеў суразмоўцу — здалося, нават усмешлівыя агеньчыкі прабеглі па чарнявых зрэнках — і загаварыў аднатонна, як па пісанаму:

— З дня прыняцця Народным сходам Горна-Касоўскай аўтаномнай вобласці Дэкларацыі аб незалежнасці вы, Іван Уладзіміравіч, не з’яўляецеся для ягоных грамадзянаў кіраўніком. Страціла для нас правамоцнасць і колішняя канстытуцыя, навязаная цэнтрам…

Ён яшчэ хацеў штось дагаварыць, але жахлівы крык перарваў яго:

— Во-он, сукін сын!!! Я з цябе не толькі твае трусы, але і скуру спушчу!..

— Не забывайся, маёр, што — як-ніяк — з генералам гаворыш, — зноў спакойна, але з грознай упэўненасцю адказаў Гардынаў. У любы час гатоў сустрэцца з табой на дуэлі за сукіныя словы. Калі, канечне, знойдзеш мужнасці…

— Во-о-он!!!

— Я так і думаў, што не знойдзеш…

Гардынава арыштавалі яшчэ ў будынку Адміністрацыі, але, пэўна, такі сюжэт быў пралічаны, і ягоныя прыхільнікі, якія кантралявалі ўзброеныя і праваахоўныя сілы аўтаноміі, у той жа дзень захапілі каля сотні жыхароў суседняга раёна і запатрабавалі абмена. Дзеля навядзення парадку былі кінутыя часткі ўнутраных войскаў, але патрапілі пад шквальны агонь ужо падрыхтаванай абароны — і мусілі адысці.

Спешна быў скліканы Савет бяспекі, члены якога разышліся позняй ноччу — з каменнымі тварамі. А раніцай сталіца скаланулася ад страшэннага выбуху. Інфармагенцтвы абуджана транслявалі жахлівую навіну: тэрарыст-смяротнік на аўтамабілі з рэгістрацыйнымі нумарамі Горна-Касоўскай вобласці і выбуховым прыстасаваннем у салоне пратараніў браму міністэрства ўнутраных спраў і падарваў першы пад’езд будынка. Сярод службоўцаў ёсць ахвяры… Дзяржаўнаму ўладкаванню кінулі выклік карумпаваныя тэрарыстычныя кланы, якія рвуцца да ўлады…

Неўзабаве на паўстанцкую сталіцу быў арганізаваны новы наступ, але і ён стаў безвыніковым: танкавая армада як масла разрэзала лініі абароны бандфарміраванняў, але на гарадскіх вуліцах аказалася непаваротлівай і таксама мусіла адступіць. Шакіравалі страты «цэнтралаў» — страты ад сучаснай зброі, яшчэ нядаўна вагонамі перавезенай у аўтаномію з таго ж цэнтра — дзеля «стабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне».

— Дастабілізаваліся, што й казаць… — правіцеля разрывала злосць. Ён штодня рабіў разганяі вайсковаму камандаванню, аднак Гардынава мусіў адпусціць-абмяняць на закладнікаў — і сам ачоліў трэці паход па аднаўленні канстытуцыйнага ладу ў Горна-Касоўскай вобласці.

— Бог любіць тройцу, — нібыта сам сабе сказаў ён і загадаў пачынаць перадыслакацыю…


Як толькі сонца першага восеньскага дня вызірнула за шапкамі гор, два гвардзейскія палкі мотапяхоты перайшлі мяжу аўтаноміі. Не сустрэўшы супраціву, па галоўнай магістралі яны рушылі да абласной сталіцы, але прызначаны начальнікам аператыўнага штаба часовай групоўкі Керзан безапеляцыйна ўпрасіў галоўнакамандуючага іх спыніць.

— Не падабаецца мне гэты спакой… Як у пастку зацягваюць! — Ён выглядаў наструненым і засяроджаным. Здавалася, блізасць пораха маладзіла ды бадзёрыла яго. — Як бы не наскочыць на засады. Падобнае ў Афгане перажыў — дасюль не забуду…

Галоўнакамандуючы гмыкнуў і падтрымаў Керзана. А тут і сонца нібыта перадумала ўзнімацца: з поўначы насунуліся хмары ды паліў дождж.

У авангард выправілася дэсантная разведрота і за паўдня пераадолела сорак пяць кіламетраў да Кічаранскай цясніны, дзе мусіла ўступіць у няроўны бой з праціўнікам і была знішчана.

Дождж і нізкая хмарнасць не спрыялі спадарожнікавай разведцы, і наступальныя дзеянні спыніліся. «Цэнтралы» па ўсіх магчымых каналах распаўсюдзілі зварот правіцеля да мірных грамадзянаў Горна-Касоўскай вобласці з прапановай неадкладна да дзесяці гадзінаў раніцы пакінуць рэгіён баявых дзеянняў, дзеля чаго на мяжы з аўтаноміяй адкрытыя чатыры прапускныя пункты. Мясцовым выканаўчым уладам загадвалася спрыяць у тым дзецям, інвалідам, жанчынам і хворым. У адваротным выпадку Цэнтр не можа гарантаваць бяспеку насельніцтву і складае з сябе адказнасць за магчымыя страты падчас навядзення ў вобласці канстытуцыйнага парадку.

Суткі прайшлі ў трывожным чаканні. Зноў на горы выкацілася сонца — і ўжо не хавалася за хмары. Не зважаючы на невялікую колькасць бежанцаў і нешматлюднасць на прапускных пунктах, быў дадзены загад на новае наступленне. Неба ўспаролі дзясяткі баявых самалётаў — і за паўгадзіны сталіца аўтаноміі ператварылася ў руіны. Кропкавае бамбаванне перанеслася на ўзгор’е, цясніну, дзе па данясеннях спадарожнікавай разведкі знаходзіліся паўстанцкія базы. У той жа час прамым ракетным ударам быў знішчаны Гардынаў — разам з БТРам, у якім знаходзіўся. Зрабіць тое было няцяжка: яшчэ падчас арышту апальнаму кіраўніку ў ежу падкінулі маячковы чып — штучка з макавую драбінку, а затрымліваецца ў арганізме на пяць-сем дзён ды «сігналізуе» аб месцазнаходжанні ўладальніка на адлегласці да трохсот кіламетраў!

Паўстанцы засталіся без свайго камандзіра-натхняльніка і пасля працяглых атак дэсантных падраздзяленняў мусілі ці гінуць, ці адступаць.

Шосты ранак «цэнтралы» сустрэлі ў адваёванай сталіцы аўтаноміі. На пляцы рыхтавалася агульнае пастраенне. Разбіты Дом урада крок за крокам абшукалі сапёры, пасля чаго на ягоным балконе ў форме колеру хакі з неіснуючымі ў вайсковых статутах пагонамі з’явіўся сам правіцель і перад дзясяткам тэлекамераў абвесціў аб канчатковым усталяванні міру і парадку. У той момант за яго спіной узнікла маўклівая мажная постаць прэм’ер-міністра Сысанкова з акуратна складзеным дзяржаўным сцягам.

— Уладзіміравіч, — цяжка дыхаючы, прашаптаў ён ледзь чутна. — Як апошні штрых… Можа, ганарова ўзнімеш над домам?

Правіцель паспрабаваў усміхнуцца; перасмыкнуўшы моцнымі жаўлакамі, правёў пальцам па вуснах, нібы вызваліўшы іх ад жорсткіх вусоў (так рабіў, калі хваляваўся), — і задаволена матнуў галавой. Прэм’ер бадзёра паказаў яму на прыступкі да флагштока.

Неўзабаве на ўзвышэнні залунала блакітнае палотнішча з чырвонай зоркай пасярод — з год таму прынятая дзяржаўная сімволіка. Ранейшая — блакітная з сонечным кругам — пасля ўсенароднага рэферэндума была абвешчана нацыяналістычнай і забаронена.

«Вось яна, зорка нашай перамогі… — пафасам напаўнялася душа правіцеля. — Як і ў мінулых войнах, яна — зверху. І хай цяпер валодзькі ролікавы ды ягоныя падпявалы далдоняць пра нейкую там сімвалічную абсурднасць… Маўляў, на небным блакіце мусіць быць сонца, а зоркі відны толькі на фоне начной цемрадзі… Перамагалі і будзем перамагаць!..» — ён зінуў на панараму разбуранага горада і адчуў нейкую здрадлівую тугу. Трывожныя мурашы прабеглі па целе, даўкая хваля падкаціла да грудзей, і ён, з прачуласцю зірнуўшы на Сысанкова, дрыготка прамовіў:

— Тут збудуем музей! Музей нацыянальнай жалобы і прымірэння. І абеліск — у памяць аб загінулых…

Праз тры гадзіны верталёт даставіў правіцеля ў Вараніху, дзе ён, адыходзячы ад мінулай напругі, доўга — да знямогі — плаваў у басейне, а потым падчас лёгкай вячэры ўключыў тэлевізар. Галоўны замежны інфармацыйны канал BNC надрыўна асвятляў падзеі ў Горна-Касоўскай вобласці ягонай краіны. Мільгалі кадры з параненымі, панарама руінаў… Бранятэхніка, самалёты, узрывы… І голас дыктара па-ангельску з сінхронным перакладам у цітрах:

— …Дыктатарскі рэжым Мароза, для якога чужымі застаюцца прынцыпы свабоднага грамадскага ўладкавання, найяскрава выявіў свой дэспатычны твар. Прыкрываючыся дэмагагічнымі лозунгамі аб аднаўленні канстытуцыйнага парадку ў краі, ён распачаў новую вайну і дзеля захавання ды ўзмацнення сваёй жалезнай улады пайшоў на забойства тысяч людзей, сярод якіх большасць мірных суграмадзянаў… — і ў экране зноў замільгацелі кадры з акрываўленымі старымі і дзецьмі…

Правіцель скрыгатнуў зубамі і кінуў пульт на стол — кнопкамі ўніз. Раптам уключыўся сталічны тэлеканал, у экране загаварыў маладжавы жоўтавалосы журналіст з крывым — як перабітым — носам:

— …«Век жыві — век вучыся», сцвярджае народная прымаўка. Вучыся жыць і ваяваць. Раней тое давалася прасцей: пакрыўдзіў хтосьці кагосьці — кулакі ці мячы пастукалі, і разышліся. Цяпер жа страшней. За вайной звычайнай распачынаецца вайна інфармацыйная. Яна ператвараецца ў сусветную і дыктуе грамадству, дакладней — навязвае, і свае прынцыпы, і сваіх пераможцаў…

Правіцель зморшчыў лоб, прыкусіў — разам з вусамі — губу і прыхінуўся да фатэльнай спінкі, каб паслухаць айчыннага тэлекаментатара, які бліжэй нагнуўся да студыйнай тэлекамеры і, артыстычна гуляючы паўзамі і лагічнымі націскамі, упэўнена жэстыкуляваў тонкай даланёй з заціснутай у ёй ручкай, узвышаў голас і вяшчаў далей:

— Усе вы, паважаныя гледачы, учора-сёння самі сталі нявольнымі ўдзельнікамі той чарговай сусветнай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца без правілаў і чалавечай логікі. Нараспеў галосяць купленыя газеткі, радыёстанцыі і тэлеканалы (як, скажам, той жа BNC) пра спецаперацыю нашых войскаў у Горна-Касоўскай вобласці. І вайной супраць сваіх грамадзянаў, і генацыдам, і крывавай разнёй, і шаленствам дэспатычнага кіраўніцтва ўсё тое называюць. Паслухаеш — і застаецца толькі зацягнуць пятлю і павесіцца! І такія ўсе правільныя, гуманныя, усе такія цукровыя чалавекалюбцы! А да сутнасці, да праўды — анікому і клопату няма. Галоўнае — не сцяг справядлівасці ўсталяваць, а белае пасыпаць брудам ды чорнае назваць белым… — З дзясятак секундаў прамільгала нарэзка з замежных інфармпаведамленняў, пасля чаго зноў працягнуўся каментар: — Вось яны, сапраўдныя бомбавыя ўдары па нашай псіхіцы і нервах! І тыя, хто даваў каманду на тое бамбаванне, не бачаць бярвёнаў у вачах сваіх начальнікаў і працадаўцаў, не заўважаюць сапраўдных захопніцкіх войнаў, якія распалілі і распальваюць у свеце за сферы ўплыву іхнія ўрады! Так, нядаўна войскі еўраальянсу разбамбілі Югаславію. Знішчылі тысячы мірных жыхароў, тысячы дамоў… — Пайшлі кадры з хронікі: разбураныя гарады і вёскі, пакалечаныя дзеці, задаволеныя таўстамордыя замежныя вайскоўцы… — Так і карціць запытацца: што б учынілі кіраўнікі замежных «праўдарубаў» на месцы нашага ўрада?.. Гадамі датацыйная вобласць маналітнай краіны, якая толькі і рабіла, што смактала нашыя бюджэтныя сродкі — узяла і абвесціла сябе самастойнай! А яе князькі саманазваліся царамі! У якім замежным «свабодным» штаце такое магчыма?! Ды ім жа адразу б галовы паскручвалі! Спытайма, што б рабілі нашыя гора-настаўнікі?.. Запытацца можна, але вось ці пачуюць яны праўдзівы голас? Ці дазволяць ім адкрыць вочы ды вушы свае праўдзе? Праўдзе святой і пакутнай? Адказ, зразумела, адмоўны. Але галоўнае, каб тое пачулі ўсе мы — і аб’ядналіся пад справядлівымі штандарамі! Думайце і аналізуйце! Міра вам і дабрабыту!

Правіцель задаволена хмыкнуў.

— Хто такі? — кіўнуўшы на экран, спытаў ён у Жакея.

— Іван Федарэнкін, сын міністра спорта.

— А нос крывы чаго? У бокс гуляў?

— Не ведаю… — Залыпаў памочнік. — Ён нядаўна на ТБ. Здаецца, някепска атрымліваецца… — памочнік наструніўся і не адводзіў ад правіцеля вачэй.

— Што значыць някепска?! — вялікія далоні гохнулі па скураных падлакотніках пульхнага фатэля. — Выдатна! — Правіцель устаў, выпіў келіх чырвонага віна, памаўчаў і выпаліў: — Пагаварыць і падтрымаць гэтага Федарэнкіна. Падтрымаць ад майго імя! Ну і грошай яму, сцэнарыстаў там лепшых, аператараў… Хай тэрмінова зробіць некалькі спецфільмаў. Ну сам ведаеш, пра што.

— Зразумеў! — усё цела памочніка ўраз налілося бадзёрасцю і рашучасцю. — Вы, як заўсёды, правільна адчулі: у тэлевізары заключана аграмадная сіла, мацнейшая за бомбы і танкі! І калі ўсё граматна абставіць…

— Ідзі працуй, стратэг… — перарваў яго ўладны голас. — Усе вы заднім месцам разумныя… Ды і да ўрачыстасцяў з прычыны перамогі над сепаратыстамі і тэрарыстамі рыхтуйцеся! А то зноў пазасынаеце на лаўрах…


У той час у кабінеце Мікалая Зайца, у якім таксама міргалі тэлекадры, зазваніў гарадскі тэлефон (сакратарка даўно пайшла дамоў).

— Алё… Алё! — трывожна пачулася ў слухаўцы. — Гасподар Заяц?

— Так… Слухаю вас.

— Янкавіч, Богдан Янкавіч. Памятаеце, некалі на канферэнцыі ў Падгорыцы сустракаліся?

— Так-так… — машынальна вымавіў Заяц, хаваючы здзіўленне і ўзнімаючы над акулярамі савіныя бровы.

— Ужо трэція суткі спрабую да вас дазваніцца… Дачуўся, што займаеце высокую пасаду…

У адказ — неўразумелае маўчанне.

— Дык вось, як ведаеце, месяц маю краіну бамбавалі новыя туркі еўраальянсу. І зноў, як і ў часы святога Пятра Цэціньскага, вашыя цары забылі на сваіх адзінаверных братоў. А замест падтрымкі — самі ўлезлі ў вайну з суграмадзянамі… Але я — не пра тое. Нас нішчаць сучасныя візіры, але мы з Божым словам і верай вытрымаем! Я… — штось у слухаўцы зашчоўкала, і некалькі фразаў было не разабраць. — …цікавіліся Евангеллем ад Яна. Яго збярог народу свайму святы Пётар… Не прадаў купцу з Бокі, як нагаворвалі… — Зноў шчаўчкі-памехі. —…вырашылі кнігу вам перадаць. Такое рашэнне прынялі браты-яніты… Бацька мой, царства яму нябеснае, быў іх сябрам. І прозвішча нашае — Янкавічы — ад іх… Верым, што тая кніга падтрымае вашую краіну і адвядзе ад бездані… Словам, а не бомбамі, пераможам!.. — Штось хруснула, і пачуліся кароткія мільгатлівыя гудкі — як агучаны медыцынскім апаратам трывожны пульс гаспадара кабінета…

Загрузка...