8

— …Не знаю, як і сказаць… — па закрытай лініі гучаў нацята-спалоханы голас старшыні Службы дзяржбяспекі Бадакіна. — Заяц… захапіў цягнік у метро. Састаў — амаль пад Адміністрацыяй, а ў яго — бомба…

— Ты што — укалоўся?! — правіцель неўразумела правёў пальцам па вуснах.

— Ніякае на хер не ўкалоўся! Што рабіць?!.

Раней падобным тонам гаварыць з гаспадаром старшыня Савета бяспекі нават і ў думках не высмельваўся, што — як нашатыр — ацверазіла Мароза.

— Дык ён жа ногі лячыў… І як… захапіў цягнік?.. Навошта?! — у роце стала суха і горка.

— Захапіў, кажу. Ён не адзін. Па электронцы ліст прыйшоў… І ў дыспетчарскую па рацыі паведамілі. У Зайца бомба ў кейсе! Праверылі — не бляфуе. У яго на хаце знайшлі ўсе прычындалы! Траціл і ўсё такое… І яшчэ некалькі «эргэдэшак»… Мае прабілі па «серыйцы» — начынне з Горна-Касоўскай аўтаноміі. Верагодна, і памочнікі ў яго адтуль…

— А што ён хоча? — Мароз пераставаў разумець рэчаіснасць.

— З вамі пагаварыць… Абмяняю ўсіх заложнікаў, трындзіць, на правіцеля…

— Ён што, б…… е…..ся?!

— А х… яго знае…

Расцягнулася доўга-трывожная паўза.

— Звяжыце мяне з ім, — нарэшце ачомаўся правіцель, перачакаў горкія нацяжныя гудкі ў слухаўцы і пачуў Зайцава:

— Слухаю.

— Мікола Сымонавіч, добры дзень! Гэта, я разумею, жарт? — ён нават праз сілу паспрабаваў усміхнуцца.

— А… Іван… Здароў будзь, — ціха прашаптала слухаўка. — Ведаеш, я шкадую, што не навучыў цябе некалі: жыццё — не жарты. Яно — рэч сур’ёзная. Ну і рады я, канечне, што нарэшце з табой пагаварыць магу. Вялікім ты стаў, занятым… Што табе са мной час марнаваць?.. Дарагавата, праўда, за такую сувязь плаціць: усе запасы аддаў, кватэру і дом над рэчкай заклаў, каб бомбачку прыкупіць…

— І…

— Да гэтага «і» былі ў нас з табой, Ваня, яшчэ і «а», і «бэ», і «вэ»… Памятаеш, як я неаднакроць распавядаў пра цёзку твайго — цара Івана Жахлівага, пра Евангелле ад Яна і царства слова?

— Ну… — неспадзеў залыпаў правіцель. — Як там?.. Напачатку было слова… Так?

— Не! Не так. Не было слова, а — ёсць. Напачатку было, ёсць і будзе слова! І будзе — нават калі і нас забудуць. Вось чаго ты так і не зразумеў…

Мароз незадаволена цмокнуў і скрывіўся:

— Ну і што ты хочаш?

— Хм… Табе ж, пэўна, даклалі ўжо. Давай!.. — Заяц прыхінуў да сотавіка далонь і, ледзь не скінуўшы пальцам акуляры, зашаптаў яшчэ цішэй, каб у вагоне не было чуваць: — Дав-а-ай… Гэта ж прасцей, чым у той тваёй плацэнце: раз — і чакаць не трэба! Бах — і ты адразу ў вечнасці, як выратавальнік людзей, — голас стаў распеўным, з заўважным хваляваннем: — Ра-зу-ме-еш, гэта як у «Тарасе Бульбе»: я цябе парадзіў — я і… А мне ж усё роўна губляць няма чаго: два-тры месяцы дактары адмералі… Некалі ж ляпнуў, памятаеш: «І хай адсохнуць мае ногі, калі ты не станеш прэзідэнтам…». Вось і спраўдзілася сказанае… Ногі — дыябет з’еў, а ты — так і не стаў сапраўдным прэзідэнтам…

Мароз узарваўся:

— Дык ты што — усю гэтую байду ўсчаў, каб мне лекцыю прачытаць?!

— Не, Ваня, не… — голас Зайца паспакайнеў. — Каб сказаць тое, што сказаў. І засведчыць перад народам, што ты, ягоны правіцель, пабаішся спусціцца, каб суграмадзянаў ад старога маньяка вызваліць…

Настала даўкае маўчанне, якое ўрэшце абарвалася продумным:

— Ну ўсё… Не магу больш гаварыць. Пачынаюць людзі азірацца…

— Што б гэта было, каб кіраўнік краіны слухаў кожнага маразматыка? Узрывай! Давай!!! Тарас Бульба мне знайшоўся…

— І я цябе, Ваня, люблю. Бывай! — у слухаўцы застралялі кароткія гудкі.

А затым Заяц паправіў акуляры, прыгладзіў савіную брывіну, нібыта незнарок прыхінуўся вазком да сценкі — і знізу пастукаў па дзвярах. У кабіне тое пачуў «Вусач» і пацягнуўся да мікрафона.

— Таварышы пасажыры! — захрыпелі ягоным голасам вагонныя дынамікі. — Збой у электразабеспячэнні лініі наладжаны. Асноўнае асвятленне ўключыцца на бліжэйшай станцыі… Мы зараз прадоўжым рух. Асцярожна, наступная станцыя «Лістападная».

— Ну вось, нарэшце! А то я ледзь на сустрэчу не спазнілася… — нечакана прагаварыла брунетка ў кароткай чорнай сукенцы са стразамі. Тая, з ямінкамі на шчоках…

— Напэўна, на спатканне? — усміхнуўся ёй у адказ Заяц. — Паспееце, абавязкова! А падобныя затрымкі, — ён сказаў гэта знарок голасна, — і ў Лонданскім метро здараюцца…

— …Давай зялёную, мы едзем! — хрыпла паведаміў у дыспетчарскую «Вусач» (звольнены пасля прызабытай ужо забастоўкі метрапалітэнаўцаў чыгуначнік-чырвонадыпломнік, а цяпер — начны грузчык), адарваў прыклееныя вусы, зняў зацемненыя акуляры, семафорны цёмна-сіні пінжак — і выкінуў усё ў фортку. Шчоўкнуў рубільнікам — і ў саставе стала цёмна. Падсунуў соннаму машыністу нашатыр і незаўважна выбраўся з кабіны ў вагон, дзе схаваў у кішэні пальчаткі…

— Гэта дыспетчарская! Якую зялёную? Хто гаворыць?!! — закрычала ў кабіне рацыя.

Машыніст абудзіўся, неўразумела залыпаў наўкруг, схапіў мікрафон:

— Алё! — у роце сушыла, і ён пракаўтнуў даўкі камяк. — Алё! Дыспетчарская, што здарылася? Гэта Марчанка з «Васьмёркі». Я тут, здаецца, адключыўся. Нехта з праверкай прыйшоў… І далей нічога не памятаю…


Жыццё — не мёд, і людзі — не пчолы. Аднак шматпавярховыя ўнівермагі ды ніжэйшыя крамкі і кавярні каля зачыненых станцый метро нагадвалі растрывожаныя вуллі. Растрывожаныя і сабранымі над горадам дажджавымі хмарамі, і дызельным дымам перапоўненых аўтобусаў, і — сполашнай невядомасцю.

— Чаго гэта метро не працуе? Зноў забастоўка? — цікавіліся гараджане.

— Не… Кажуць, там тэрарыст з бомбай. Бачыце, колькі міліцыі ды салдатаў нагналі…

А ў той час да пустога перона метро павольна пад’ехаў прыпознены цягнік. Расчыніліся дзверы, пачалі выходзіць здзіўленыя пасажыры: каля турнікетаў кожнага чамусьці пачыналі абшукваць узброеныя людзі ў бронежылетах і чорных масках…


— …У Зайца кейс пустым аказаўся! — надрыўна паведамляў па рацыі правіцелю старшыня Службы дзяржбяспекі. — А мае ж у яго на кухні траціл знайшлі… і тры «эргэдэшкі», з колішняга Касоўскага гарнізона… А тут — толькі ноўтбук і кніга ў кейсе! Прафесар…

— Якая кніга?! — правіцель сам не пазнаў свайго голаса.

— Ды старая нейкая, тоўстая… Зараз… Біблія, бля! Пастар хрэнаў…

Пад языком у правіцеля моцна запяршыла. Штось хацеў сказаць — але расцяжна ўздыхнуў і прамаўчаў.

Як у нейкім памараку паехаў у Вараніху. У адзіноце да вечара прасядзеў у лазні. Па калівах, як кропельніцу, выліў у сябе з літр каньяка — і не змог забыцца да раніцы.

«Начорта яму здалася тая Біблія?.. Чаго яны ў нас ужо паўтысячы гадоў з ёй носяцца?..» — ліхаманіла запалены мозг.

А калі ўрэшце правіцель адключыўся — убачыў аграмадную аўдыторыю.

Перад ім — шэрагі аднолькава апранутых манекенаў. Слухаюць, а ён не можа знайсці слоў… Злосна-няўцямна кусае вусны, пераступае з нагі на нагу… Маўчыць…

І бачыць сярод пластмасавага натоўпу Кацярыну…

Яе стоена-пагардлівы твар.

І яе недасяжную прыгажосць…


2009–2010

Менск — Бар (Чарнагорыя) — Стамбул (Канстанцінопаль) — Менск

Загрузка...